
- •1.Навука як від пазнання і як феномен культуры
- •2.Структура навуковага пазнання
- •1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
- •8. Прыродазнаўства і тэхніка
- •11.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
- •1.4.2. Касмалогія
- •1.4.4. Біялогія
- •12. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
- •14. Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу
- •15.. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу
- •16.Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу
- •19. Класічная механіка і яе гістарычнае значэнне
- •23. Класічная электрадынаміка
- •25. Рэвалюцыйныя біялагічныя адкрыцці ў хіх стагоддзі
- •3.8.1. Эвалюцыйная тэорыя ч.Дарвіна
- •3.8.2. Клетачная тэорыя
- •3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля
- •26. Крызіс класічнага прыродазнаўства
- •28.. Усеагульная тэорыя адноснасці і станаўленне сучаснай касмалогіі
- •30. Праблема ўзаемадачыненняў квантавай і рэлятывісцкай фізікі
- •34.Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
- •38. Праблема грунтоўных сусветных канстант
- •46. Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы
- •53.Біяэтыка як міждысцыплінарны пазнавальны кірунак
- •57. Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты
3.8.2. Клетачная тэорыя
Сур’ёзныя навуковыя даследаванні такога біялагічнага аб’екта, як клетка, магчымыя толькі пры наяўнасці якасных мікраскопаў. Таму, хоць клетка была адкрытая Р.Гукам у 1665 г., з’яўленне клетачнай тэорыі прыпадае на другую траціну ХІХ ст. (што было, значыцца, вынікам і інтэнсіўнага разгортвання біялагічных даследаванняў, і прагрэсу ў галіне тэарэтычнай і ўжытковай оптыкі).
У 1838 г. М.Шляйдэн зрабіў выснову, што клетка з’яўляецца грунтоўнай адзінкай будовы ўсіх раслінных арганізмаў. У гэтым сама годзе Т.Шван пашырыў дадзеную тэзу на арганізмы жывёл і канстатаваў, такім чынам, структурнае адзінства ўсяго жывога. Разам з тым, аднак, новае гучанне набыло і наяўнае ўжо ў праблемным полі біялагічнага пазнання пытанне пра мікраструктурныя адрозненні раслінных і жывёльных арганізмаў. Яно фармулявалася цяпер у кантэксце клетачнай тэорыі, і навуковы пошук на зададзеным ім кірунку вёўся на гэтым новым грунце [46, т.12, с.1277]. Неабходна адзначыць, што ідэя грунтоўнай ролі клеткі ў свеце жывога, уяўленне пра яе як элементарнае ўтварэнне, з якога паўстала каласальная разнастайнасць жыццёвых формаў, распрацоўваліся ў гэты час не толькі ў межах навуковага дыскурсу, які абапіраўся на мікраскапічныя даследаванні, але і ў натурфіласофскім асяродку, дзе яны абгрунтоўваліся пры дапамозе філасофскіх аргументаў (Л.Окен (1779-1851)) [78, c.560].
Разам з тэарэтычнымі пошукамі ў дадзенай сферы працягваліся інтэнсіўныя мікраскапічныя назіранні. Дзякуючы ім быў зроблены крок наперад у выяўленні ўнутранай структуры клеткі. Да адкрытага ў XVIII ст. ядра, якое ў першай палове ХІХ ст. разглядалася ўжо біёлагамі як неад’емны яе кампанент, у гэты час далучылася вязкая вадкасць, права абазначаць якую заваяваў тэрмін “пратаплазма”. У сваю чаргу яна зрабілася аб’ектам мікраскапічнага і хімічнага вывучэння [26, c.445].
Вялікая ўвага надавалася ў працэсе распрацоўкі згаданай тэорыі праблеме ўтварэння клеткі. М.Шляйдэн меркаваў, напрыклад, што раслінныя клеткі ўзнікаюць ў вадкім зярністым асяроддзі. Спачатку ў ім паўстае “ядзерка”, яно вырастае ў ядро, над якім знаходзіцца празрыстая бурбалка. Праз яе павялічэнне і адбываецца ўтварэнне клеткі. Т.Шван таксама падкрэсліваў істотнае значэнне ў згаданым працэсе клетачнага ядра і яго ўзнікнення. Месцам, дзе ён адбываецца, навуковец лічыў міжклетачную прастору. Заключным яго этапам, на думку Т.Швана, з’яўляецца ўтварэнне мембраны, што акаляе ўнутранае змесціва клеткі [46, т.12, с.1278].
Досыць хутка, аднак, высветлілася, што гэтыя і іншыя – інспіраваныя імі – тэарэтычныя сцэнарыі з’яўляюцца бясплённымі. Як паказаў Р.Вірхаў, клетка можа ўзнікнуць толькі з іншай клеткі. Акрамя таго, навуковец лічыў, што ў яе абліччы навука адкрыла апошняе (хоць і надзеленае багатай унутранай структурай) звяно ў сістэме арганізма, нязводны да чагосьці іншага цэнтр яго жыццядзейнасці [78, c.561]. Ідэі Вірхава выступаюць як праграматычны падмурак для біялагічных даследаванняў, які ўвасабляе ў сабе “прынцып бесперапыннасці арганічнай матэрыі” [46, т.12,c.1278]. І на ім сапраўды разгарнуўся плённы навуковы пошук. Сярод яго найважнейшых кірункаў гісторыкі і тэарэтыкі біялогіі адзначаюць вывучэнне працэсаў дзялення ядра і клеткі, значэння клеткі і яе кампанентаў ў кантэксце спадчыннасці , выяўленне асаблівасцяў палавых клетак і аналіз працэсу апладнення [26, c.445, 46, т.12, c.1278]. У выніку адпаведных даследаванняў быў зроблены шэраг важных для далейшага развіцця біялогіі адкрыццяў (адзначым у дадзенай сувязі адкрыццё нямецкім біёлагам В.Флемінгам (1843-1905) у ядрах клетак храмасом ).