Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бамбешка И.И. Музеи мира.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
647.68 Кб
Скачать

Музеі іспаніі

Іспанія – краіна старажытнай гісторыі і культуры. Практычна яна ўяўляе сабой адзін велізарны гістарычны музей пад адкрытым небам. У Іспаніі можна сустрэць лепшыя ўзоры сусветнай архітэктуры і жывапісу: кельцкай і грэчаскай, рымскай і гоцкай, арабскай і хрысціянскай.

З’яўленне ў Іспаніі музейных устаноў спрыяла аб'яднанню каралеўскага, царкоўнага і дваранскага калекцыяніравання. Узніклі два тыпы музеяў: публічныя (дзяржаўныя) і прыватныя. Аснову збораў публічных музеяў склалі каралеўскія і царкоўныя калекцыі. Першымі публічнымі музеямі былі Нацыянальны музей прыродазнаўчых навук (заснаваны ў 1772 г. Карласам ІІІ як Каралеўскі кабінет прыродазнаўчай гісторыі), Музей Арміі (заснаваны ў 1803 г.), Музей Прада (створаны ў 1818 г. як дзяржаўны і адкрыты для наведвальнікаў у 1819 г.), Нацыянальны археалагічны музей (заснаваны ў 1867 г.) і Антрапалагічны музей (заснаваны як "Музей Веласка" ў 1875 г.).

3 1835 г. царкоўныя калекцыі былі ўключаны ў склад агульнаіспанскай музейнай спадчыны. Стварэнне ў 1844 г. правінцыяльных камісій па ахове помнікаў паслужыла пачаткам заснавання правінцыяльных музеяў, асабліва археалагічных, а таксама аказала дапамогу ўраду па пытаннях аховы гістарычнай, мастацкай спадчыны. У складзе аб'яднанай Арганізацыі архіварыўсаў і бібліятэкараў каралеўскім загадам 1867 г. была створана Секцыя антыквараў (у 1900 г. перайменавана ў Секцыю археолагаў). Музеі перайшлі ў рукі прафесійных экспертаў, што было вельмі важным крокам у справе развіцця іспанскага музеязнаўства.

3 мэтай умацавання арганізацыйных структур дзяржаўнай адміністрацыі па пытаннях культуры ў 1900 г. ствараецца Міністэрства народнай адукацыі і мастацтва, у складзе якога дзейнічала Галоўнае ўпраўленне мастацтва. На працягу першых гадоў мінулага стагоддзя распрацоўвалася фундаментальная заканадаўчая база, неабходная для развіцця музеяў, якая вызначыла функцыі музеяў і ўпершыню падкрэсліла іх адукацыйныя функцыі (1901 г.), рэгламентавала новыя віды дзейнасці музеяў, скіраваныя перш за ўсё на папаўненне калекцый археалагічных музеяў, стварэнне правінцыяльных і муніцыпальных музеяў (1913 г.), а таксама вызначыла абавязковыя ўмовы для адчужэння гістарычных і мастацкіх каштоўнасцей ад царкоўнай уласнасці (1923 г.). Сёмы артыкул каралеўскага загаду 1923 г. прысвечаны стварэнню епархіальных музеяў з мэтай захавання царкоўных каштоўнасцей і стварэння ўмоў іх перадачы ў дзяржаўныя музеі.

Самым важкім законам першай паловы XX ст. з'яўляецца закон “Аб мастацкай нацыянальнай спадчыне” ад 13 мая 1933 г., паводле якога структурам, якія адказваюць за развіццё музеязнаўства, былі прадастаўлены большыя магчымасці ў вырашэнні пытанняў па стварэнню публічных музеяў па ўсёй Іспаніі і супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі з мэтай падтрымкі існуючых музеяў.

У першай трэці XX ст. у Мадрыдзе прайшоў Міжнародны кангрэс музеяў (1933 г.), былі заснаваны, акрамя іншых, Нацыянальны музей паліхромнай скульптуры, Музей мастацтва Каталоніі і Археалагічны музей Каталоніі.

Новы ўздым музейнага будаўніцтва назіраўся пасля грамадзянскай і сусветнай войнаў. Былі створаны новыя музеі, сярод якіх Музей Амерыкі, Нацыянальны музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Археалагічны музеі ў Бургасе, Аўеда, Таледа, Тарагоне, музеі мастацтва ў Грэнадзе, Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе і Біскаі, Этналагічны музей у Сарагосе, Музей сучаснага мастацтва ў Мадрыдзе, ажыццяўляліся работы па пашырэнню калекцый існуючых музеяў. Выдаваліся інструкцыі па напісанні агульнага інвентара, каталогаў і запісаў у музеях, падпарадкаваных Аб'яднанай арганізацыі архіварыусаў, бібліятэкараў і археолагаў. 3 1940 па 1953 г. Галоўнае ўпраўленне мастацтва выпускала часопіс з інфармацыяй пра правінцыяльныя археалагічныя музеі, які прадэманстраваў інтарэс чытачоў да стану музейнай справы ў краіне.

У 1955 г. была выдадзена першая кніга пра гісторыю музеяў Іспаніі X. А. Гайа Нуньо, у якой узгадваюцца 211 музеяў (у другім выданні 1968 г. іх ужо 300). Праз год К. Санс Пастар выдае працу "Музеі і калекцыі Іспаніі", у якой аўтар налічвае 590 музеяў.

У 1961 г. быў створаны Цэнтральны інстытут рэстаўрацыйных і кансервацыйных работ аб'ектаў мастацтва, археалогіі і этналогіі.

Усталяванне дэмакратыі ў Іспаніі паўплывала на працэс мадэрнізацыі музеяў. Галоўныя перамены былі звязаны са стварэннем Міністэрства культуры ў 1977 г., прыняццем іспанскай канстытуцыі 1978 г., якая спрыяла дэцэнтралізацыі кіравання, стварэнню тэрытарыяльных аўтаномій, і прыняццем у 1985 г. закона "Аб гістарычнай іспанскай культурнай спадчыне". Музей дэманструе серыю новых функцый з яскрава выражанай грамадскай арыентацыяй. Культурная і палітычная сітуацыя садзейнічала таму, што ў апошнія дзесяцігоддзі ўзмацнілася ініцыятыва па стварэнні цікавых музейных праектаў. Гэта прывяло да павялічэння колькасці музеяў, сярод якіх відавочна пераважаюць музеі этналагічныя, сучаснага мастацтва і навуковыя.

Сёння арганізацыяй і каардынацыяй музейнай дзейнасці ў краіне займаюцца:

•Галоўнае ўпраўленне дзяржаўных музеяў – адміністрацыйная структура, якая каардынуе дзейнасць дзяржаўных музеяў і залежыць ад Галоўнага ўпраўлення мастацтва і культурных каштоўнасцей. Яго мэтай з'яўляецца падтрымка, каардынацыя і развіццё праектаў, якія дазваляюць дзяржаўным музеям аптымізаваць функцыі збірання, захавання, даследавання музейных прадметаў, а таксама аказваць дапамогу ў арганізацыі выставак і рэкламы музеяў; гарантаваць падтрымку ўсім відам дзейнасці, якія скіраваны на пашырэнне калекцый; распаўсюджваць у нацыянальным і міжнародным маштабах звесткі пра культурныя падзеі ў музеях. Каралеўскі загад ад 07.07.2000 г. назваў яго асноўным структурным падраздзяленнем Міністэрства адукацыі, культуры і спорту і надзяліў наступнымі функцыямі:

1) кіраванне музеямі з дзяржаўным статусам, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, культуры і спорту (непасрэдна кіруе 16 музеямі і прымае ўдзел у кіраванні 67 музеямі аўтаномій праз укладанне сродкаў у інфраструктуры, дазволы на рух фондаў і выдачу тэхнічных парад, як утрымліваць нерухомую маёмасць і калекцыі);

2) выступае як дарадчык для дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных іншым міністэрствам, акрамя тых, якія заключылі пагадненне аб перанясенні кіравання ў аўтаноміі.

• Галоўны савет музеяў – кансультацыйны орган галоўнай дзяржаўнай адміністрацыі ў галіне кіравання музеямі. Ён рэгламентуе дзейнасць дзяржаўных музеяў і з'яўляецца дарадчым органам пры Галоўным упраўленні мастацтва і культурных каштоўнасцей у галіне музеязнаўства. Мае наступныя мэты: быць цатрэбным і актыўным у вырашэнні спрэчных пытанняў музеязнаўчай палітыкі; адыгрываць значную ролю ў стварэнні заканадаўчай базы па захаванню, даследаванні і размеркаванні гістарычнай спадчыны, якая захоўваецца ў музеях; з'яўляцца пасрэднікам у перамовах паміж прафесіяналамі і тэхнічным персаналам музеяў і рознымі адміністрацыямі; аказваць тэхнічную дапамогу ўсім установам, якія гэтага патрабуюць, па пытаннях даследавання і рэстаўрацыі культурных помнікаў, а таксама дапамогу пры стварэнні адукацыйных праграм; спрыяць пашырэнню актыўнага супрацоўніцтва паміж установамі, якія маюць адносіны да музеязнаўства. У яго склад уваходзяць генеральны дырэктар Галоўнага ўпраўлення мастацтва і культурных каштоўнасцей (прэзідэнт), галоўны намеснік інстытута гістарычнай іспанскай спадчыны, прэзідэнт Схода кваліфікацыі, ацэнкі і экспарту каштоўнасцей гістарычнай іспанскай спадчыны, сем дырэктараў вядучых дзяржаўных музеяў, прадстаўнікі ад кожнай аўтаноміі; Асацыяцыя сяброў музеяў Іспаніі, заснаваная ў 1933 г.

• Нацыянальнае аб'яднанне музеяў, якое дзейнічае пры Міністэрстве культуры краіны.

• Нацыянальны камітэт ІСОМ.

• Камісія па ахове гістарычных і мастацкіх помнікаў правінцыі Барселона, заснаваная ў 1844 г.

• Каралеўскае таварыства сяброў краіны баскаў, якое было заснавана яшчэ ў 1764 г. і з'яўляецца аддзяленнем Вышэйшага савета па навуковых даследаваннях у правінцыі Гіпускоа (у 1902 г. таварыства арганізавала Музей Сан Тэльма, а ў 1908 г. – марскі музей у Сан Себасцьяна).

Для кіравання былой каралеўскай маёмасцю, у прыватнасці музеямі, што знаходзяцца ў каралеўскіх палацах, у 1940 г. была заснавана арганізацыя "Нацыянальны скарб".

Сталіца Іспаніі Мадрыд – адзін з прыгажэйшых гарадоў Еўропы і прызнаны цэнтр міжнароднага турызму. Горад славіцца багатай архітэктурай і музейнымі рэдкасцямі. Галоўныя рухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці Мадрыда падзелены паміж Каралеўскім палацам і палацам Эль Рэціра. Самымі цікавымі з'яўляюцца тры сусветнавядомыя музеі – Прада, адзін з самых багатых музеяў свету, Тысен-Борнеміса і Цэнтр мастацтваў каралевы Сафіі. У Мадрыдзе дзейнічаюць таксама Нацыянальны археалагічны музей. Нацыянальны прыродазнаўчы музей, Ваеннамарскі музей, Нацыянальны музей сучаснага мастацтва, Музей іспанскага народа і іншыя.

Музей Прада ў Мадрыдзе — лепшая спадчына караля Фердзінанда VII. Каралеўскі музей адкрыў свае дзверы ў 1819 г. Размясціўся ў прыгожым будынку, пабудаваным у 1785 г. па праекту X. Дэ Вільянуэвы ў вялікім парку Прада (адсюль і назва музея). Першапачаткова будынак прызначаўся для Музея прыродазнаўства.

Спачатку музей дэманстраваў толькі каралеўскія калекцыі. Першая экспазіцыя была вельмі сціплай і налічвала ўсяго 311 карцін, якія належалі пэндзлю іспанскіх мастакоў (некаторыя з іх, у тым ліку і Гоя, у той час былі яшчэ жывыя). 3 цягам часу ў экспазіцыі з'явіліся творы італьянскай і фламандскай школ, якія трапілі сюды таксама з каралеўскіх калекцый. У пачатку 1821 г. яна налічвала ўжо 521 палатно.

Каралеўская калекцыя складвалася на працягу трох стагоддзяў. У XVI ст. Карл V з захапленнем збіраў карціны замежных мастакоў, сярод якіх любімым жывапісцам быў Тыцыян (у 1548 г. ён напісаў партрэт караля на кані – у гонар перамогі пад Мюльбергам). Значна пашырылася каралеўская калекцыя пры Філіпе II і Філіпе IV. Пры Філіпе IV некаторыя залы Эскарыяла ўяўлялі сабой музейную экспазіцыю. Прыдворны мастак і саветнік караля Веласкес набываў карціны Веранезе, Цінтарэта, Басана, якія сёння ўпрыгожваюць Прада.

У музеі захоўваюцца карціны вялікага Рубенса, які працаваў у Мадрыдзе ў 1628 г. Ён выконваў там дыпламатычныя даручэнні Нідэрландаў, а таксама займаўся жывапісам. Напісаныя ім карціны адразу ж былі набыты іспанскім каралём. Некаторыя карціны мастака трапілі ў Прада пазней падчас распродажу калекцыі пасля яго смерці. Сярод шэдэўраў – "Сад кахання", "Тры грацыі" і іншыя.

Колькасць карцін у Музеі Прада павялічылася пасля ўключэння ў склад яго калекцыі карцін з Эскарыяла, з музея манастыра дэ ла Трынідад і іншых манастыроў. 3 цягам часу Прада становіцца незалежным ад каралеўскага двара. У 1868 г. ён з каралеўскага музея быў пераўтвораны ў музей горада Мадрыда.

У 1927 г. дон Сесаро Кабанес падарыў музею палатно Эль Грэка "Іаан Евангеліст". Сярод іншых карцін мастака прадстаўлены "Сашэсце Святога духа", "Святое сямейства", "Хрышчэнне", "Узнясенне", "Распяцце".

Падчас грамадзянскай вайны дзеля павышэння палітычнага прэстыжу дырэктарам музея быў прызначаны вядомы мастак Пабла Пікасо, але яму не давялося приступить да выканання сваіх абавязкаў. 3 30 жніўня 1936 г. музей быў закрыты для наведвальнікаў. Многія экспанаты былі вывезены спачатку ў Валенсію, а пазней ў Жэневу, дзе яны захоўваліся пад апекай Лігі Нацый.

Сёння ў Прада прадстаўлены старыя майстры, рамантыкі і імпрэсіяністы, кубісты і сюррэалісты: Гацье, К. Манэ, Э. Дэлакруа, Уістлер, П. Пікасо, С. Далі і іншыя.

На чале музея стаіць дырэкцыя, у склад якой уваходзяць выдатныя дзеячы культуры і інпіыя ўплывовыя асобы.

Музей Тысен-Борнеміса займае палац Вільяэрмосэ і захоўвае 700 карцін, сабраных бацькам і сынам Тысенамі – прамысловымі магнатамі нямецка-венгерскага паходжання. Калекцыю прывезла ў Іспанію жонка барона Тысена Ціта Сервера. Збор вельмі разнастайны: ад сярэдневяковага мастацтва да твораў XVII ст., неакласіцызму, экспрэсіянізму, сюррэалізму і авангарду. У дзвюх залах прадстаўлены збор амерыканскага жывапісу, лепшы за межамі ЗША.

Цэнтр мастацтваў каралевы Сафіі ў сваёй сталай экспазіцыі дэманструе «Герніку» П. Пікасо, творы іспанскіх авангардыстаў, С. Далі, X. Міро.

Музей Каралеўскай акадэміі выяўленчых мастацтваў у Мадрыдзе займае другое месца пасля знакамітага Прада па багаццю сваіх калекцый, якія налічваюць звыш 1300 карцін, каля 500 скульптур, значныя зборы малюнкаў і цудоўныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (посуд, мэбля, гадзіннікі).

У перыяд праўлення караля Фердзінанда VI у 1752 г. была заснавана Каралеўская акадэмія выяўленчых мастацтваў, якая з 1773 г. размясцілася ў палацы, створаным у XVII ст. па праекту архітэктара X. Дэ Чурыгеры. Пазней пад кіраўніцтвам X. Дэ Вільянуэвы палац перабудавалі, замяніўшы яго барочны фасад неакласічным. У Каралеўскай акадэміі паступова фарміравалася ка­лекцыя твораў выяўленчага мастацтва, якія траплялі сюды з каралеўскіх збораў, пасля канфіскацыі маёмасці збіральнікаў-арыстакратаў, у якасці падарункаў. Паступова збор Музея Каралеўскай акадэміі настолькі вырас, што яго экспазіцыйныя залы і сховішчы не маглі змясціць усе калекцыі, не хапала службовых памяшканняў, патрабаваліся дадатковыя плошчы для дапаможных службаў акадэміі. I доўгі час у 1970–1980 гг. пад наглядам Міністэрства культуры і муніцыпалітэта Мадрыда вяліся работы па абнаўленні памяшканняў. Музей зноў прыняў наведвальнікаў 12 чэрвеня 1986 г.

Экспазіцыя музея займае 35 залаў. Акрамя гэтага, маюцца пакоі для работы супрацоўнікаў, кабінет малюнкаў, канферэнц-зала, рэстаўрацыйныя і сталярныя майстэрні, сховішча карцін, скульптур, рам і інш. Па тэхнічнаму абсталяванню старадаўні будынак адпавядае сучасным запатрабаванням. Акрамя таго, дзейнічае добра прадуманая сістэма штучнага асвятлення.

Новая экспазіцыя дае ўяўленне аб складзе калекцый (ад найбольш ранніх да работ, створаных у нашы дні) і сведчыць аб іх пастаянным папаўненні. Творы мастацтва размешчаны як па храналагічнаму, так і па тэматычнаму прынцыпу. Кожная зала ўяўляе сабой самастойны раздзел. Музейныя прадметы дэманструюцца не толькі ў экспазіцыйных залах, але і ў службовых памяшканнях, у канферэнц-зале, у шырокіх калідорах. У сховішчы знаходзяцца толькі тыя творы, якія нельга выставіць па прычыне неадпаведнага стану іх захаванасці.

У калекцыі твораў жывапісу (з XVIII ст. да нашых дзён) знаходзяцца работы іспанскіх мастакоў: 13 карцін Гоі, 2 – Веласкеса, 5 – Рыберы, 6 – Сурбарана (партрэты манахаў), 2 – Эль Грэка, 4 – Мурыльо, 2 – Сарольі і іншых. Збор карцін фламандскіх і італьянскіх жывапісцаў XVI і XVII ст. уключае творы Рубенса, Ван Лоа, Менгса, Арчымбольда, Беліні, Даменікіна, Джардана і іншых.

Развіццё іспанскай скульптуры з XVII ст. да нашых дзён адлюстроўвае калекцыя, якая ўключае творы Перэйры, Адана, Кастра, Аліўеры, Бенліўрэ, Марыанаса, Блаі і іншых.

Калекцыя малюнкаў таксама багатая шэдэўрамі: тут пераважаюць работы іспанскіх і італьянскіх мастакоў – Веласкеса, Рыберы, Маелы, Расалеса, Мараты, Карэджа і многіх іншых.

Наведвальнікі могуць набыць у музеі каталогі ўсіх яго ка­лекцый, кароткі даведнік. Два разы ў год выходзіць бюлетэнь акадэміі.

Каралеўскі палац у Мадрыдзе лічыцца самым вялікім у Еўропе. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з 50 багата ўпрыгожанымі фламандскімі і іспанскімі габеленамі і каштоўнымі гадзіннікамі заламі. Асабліва папулярная шыкоўная Тронная зала, Каралеўская збраёўня – вялізная зала з калекцыяй разнастайнай зброі, сярод якой меч Сіда і даспехі Карла V, Каралеўская бібліятэка і аптэка.

У Музеі карэт можна пазнаёміцца з калекцыяй карэт ад XVI ст. да нашых дзён, у Музеі дэкаратыўнага мастацтва – з калекцыяй мэблі і керамікі, у Гарадскім музеі – макетамі і картамі старога Мадрыда. У будынку мадрыдскай бібліятэкі размясціўся Нацыянальны археалагічны музей, дзе сярод археалагічных знаходак можна ўбачыць копію пячорнага комплексу Альтаміры. У Музеі скульптуры выстаўлена калекцыя сучаснай скульптуры пад адкрытым небам. У мадрыдскім Цэнтры лаціна-амерыканскай культуры прадстаўлены ўнікальныя прадметы культу і быту краін Амерыканскага кантынента. Музейным лічыцца і раён Саламанса, дзе знаходзіцца некалькі музеяў і мастацкіх галерэй, помнік Хрыстафору Калумбу, Культурны цэнтр і музей васковых фігур.

У прыгарадзе Мадрыда знаходзяцца важныя гістарычныя і культурныя цэнтры Іспаніі, такія як Алкала дэ Энарэс, Эль Эскарыял. Недалёка ад горада размясцілася рэзідэнцыя іспанскіх каралёў Ла Пуэрта дэль Соль.

Эскарыял – архітэктурны ансамбль, рэзідэнцыя іспанскіх каралёў, бібліятэка, музей і буйнейшы нацыянальны архіў – знаходзіцца за 50 кіламетраў паўночна-ўсходняга напрамку ад Мадрыда. Узводзіць палац пачаў яшчэ Філіп II у гонар перамогі іспанцаў над французамі ў 1557 г. у дзень святога Лаўрэнція. Аўтарам праекта быў знакаміты дойлід X. Б. Дэ Таледа. У Эскарыяле Філіп II хацеў бачыць манастыр, які б адначасова служыў і каралеўскім палацам. Асобныя яго дэталі нагадвалі прылады катавання – падмурак палаца ўяўляў патэльню, на якой, па паданню, быў падсмажаны святы Лаўрэнцій, а сцены галоўнага палаца – грандыёзных памераў краты. Акружаны масіўнымі, як у крэпасці, сценамі з цяжкімі вежамі, халодны і непрыязны палац Эскарыял стварае ўражанне велізарнай глыбы шэрага граніту.

Кароль выбраў для архітэктурнага аблічча Эскарыяла стыль ясны і строгі, без дэкаратыўных празмернасцей. 3 экстэр'ерам палаца кантрастуе інтэр'ер яго залаў, упрыгожаных цудоўнымі творамі жывапісу. Таму Эскарыял не толькі архітэктурны помнік, але яшчэ і карцінная галерэя – адна з самых багатых у Еўропе: больш за пяць тысяч карцін налічваецца ў яе залах. Яна славіцца перш за ўсё зборам карцін Тыцыяна, але ёсць тут і палотны Эль Грэка, Веранезе, Цінтарэта, Босха і Веласкеса. У пала­цы экспануецца таксама каштоўная калекцыя насценных дываноў, некаторыя з іх вытканы па эскізах Гоі і Рубенса.

Унутраныя дворыкі Эскарыяла ўпрыгожваюць скульптуры грэчаскіх майстроў. Акрамя гэтага, шмат скарбаў захоўваецца ў "Рэлікарыо", дзе знаходзяцца вырабы з золата і серабра з каштоўнымі камянямі. Тут экспануецца Евангелле са старонкамі з чыстага золата.

Музей аэранаўтыкі размясціўся ў Мадрыдскім аэрапорце "Чатырох вятроў" і займае 60 тыс. кв. м, з якіх 38 тыс. знаходзяцца пад адкрытым небам і 7 тыс. — у ангарах. Тут сабраны самыя розныя самалёты, рухавікі, эмблемы, сцягі, сімволіка эскадронаў – усё, што звязана з авіяцыяй.

Ідэя стварэння ў Мадрыдзе музея, прысвечанага аэранаўтыцы, узнікла пасля другой сусветнай вайны. У 1948 г. меркавалася размясціць музей на ніжнім паверсе Міністэрства авіяцыі, але з цягам часу стала відавочным, што вялікія памеры лятальных апаратаў (DC-3, Junkers J-52, Henkel 111) для агляду патрабуюць значнай прасторы. I ўрэшце, у 1975 г. Департамент аэранаўтыкі прыняў рашэнне аб адкрыцці музея ў аэрапорце "Чатырох вятроў". Там быў створаны аддзел для абслугоўвання авіятэхнікі і школа авіяцыйных інжынераў у закрытай зоне экспазіцыі. Для гідрасамалётаў былі зроблены два залівы.

У склад калекцыі музея ўключаліся самалёты, якія прадстаўлялі гісторыю сусветнай авіяцыі. Некаторыя з іх – дакладныя копіі легендарных апаратаў першай сусветнай вайны (сярод іх Фокер ДР-1). Іншыя — гэта ўзноўленыя копіі, як, напрыклад, легендарны Дорньер Валь, ахрышчаны як Плюс Ультра, які ў 1926 г. за 59 гадзін і 39 хвілін праляцеў 10 270 км з Палас дэ ла Франтэра ў Буэнас-Айрэс. Сярод экспанатаў можна ўбачыць таксама самалёт, які ажыццявіў першы палёт з аэрапорта "Чатырох вятроў". Дэманструецца самалёт генерала Франка пачатку грамадзянскай вайны.

Горад Таледа за 70 км ад Мадрыда стаў другой радзімай Эль Грэка. Тут адкрыты для наведвальнікаў мемарыяльны музей – Дом Эль Грэка. У пакоях дома ўзноўлены інтэр'ер таго часу, а таксама дэмантструюцца карціны вялікага мастака. Яго працы прадстаўлены ў іншых музеях і палацах Таледа.

Нацыянальны музей рымскага мастацтва ў Мерыдзе з'яўляецца асноўнай славутасцю горада – старажытнай Аўгусты-Эмерыты рымлян. Гэты правінцыяльны музей — буйнейшы з музеяў, прысвечаных іспанскаму пасяленню рымскай эпохі. У 1967 г. урадам быў прыняты дэкрэт, якім прадугледжвалася стварэнне музея на базе калекцый, якія захоўваліся ў царкве Сайта Клара. У музейны комплекс былі ўключаны тэатр, амфітэатр "Каза дэль анфітэатра", руіны рымскіх збудаванняў і новы будынак. Пры яго ўзвядзенні кіраваліся тыповым рымскім спосабам будаўніцтва з выкарыстаннем бетону і цэглы. Перад пачаткам будаўніцтва былі праведзены раскопкі з мэтай папаўнення калекцыі музея.

Экспанаты размешчаны на пастаментах у галоўным нефе, у сцянных нішах, вітрынах, якія ўстаноўлены ўздоўж сцен. Вялікая калекцыя рымскіх статуй вельмі добра ўспрымаецца дзякуючы натуральнаму асвятленню.

Акрамя музея да славутасцей горада адносяцца палац Дзіяны і трыумфальная арка Траяна. Рымскі водаправод выкарыстоўваўся яшчэ да нядаўняга часу.

Горад Барселона — адміністрацыйны цэнтр Каталоніі, буй­нейшы прамысловы горад Іспаніі і порт на Міжземнамор'і (лічыцца сталіцай Міжземнага мора). Гораду каля чатырох тысяч гадоў. Шматлікіх турыстаў прывабліваюць незвычайныя будынкі, цэрквы, фантаны, паркі, пабудаваныя па праектах архітэктара А. Гаўдзі. На самай высокай плошчы горада стаіць будынак, дзе жыў майстар, а зараз знаходзіцца музей. Захавалася шмат эскізаў яго прац, а таксама ложак, памеры якога вельмі здзіўляюць, бо здаецца, што там спала дзіця.

У Барселоне захавалася шмат будынкаў і цэлыя раёны сярэдневяковай архітэктуры. У цэнтры горада знаходзіцца знакаміты Гатычны квартал з кафедральным саборам і старажытнай плошчай горада Сан Джаўма. Самы знакаміты твор архітэктуры — царква Саграда Фамілія (літар. "Святога сямейства") А. Гаўдзі, будаўніцтва якой вядзецца больш за сто гадоў на народныя грошы і яшчэ не завершана. Архітэктар сам кіраваў будаўніцтвам царквы з 1883 г. да сваёй смерці ў 1926 г. Вялізны фантастычны будынак падобны ці то на аплыўшыя свечкі, ці то на сталактыты, і не мае аналагаў у свеце.

Сярод шматлікіх музеяў горада найбольш цікавымі з'яўляюцца гістарычны, археалагічны, геалагічны, ваенны. У ваенным музеі можна ўбачыць мадэлі самых вядомых каталонскіх замкаў і цудоўную калекцыю зброі, калекцыі ваеннай формы і ордэнаў. Дзейнічае музей, прысвечаны жыццю і творчасці мастака А. Тапіесы, які нарадзіўся ў Барселоне ў 1923 г. Барселона ганарыцца сваім Нацыянальным музеем мастацтва Каталоніі, марскім музе­ем, палацам Вальяэрмас, палацам Ла Палома з залай, якая капіруе версальскую Люстэркавую залу.

На плошчы каля гавані ўзвышаецца вялізны помнік Хрыстафору Калумбу. Непадалёк знаходзіцца марскі музей, экспазіцы якога расказваюць аб сямі стагоддзях марской гісторыі Іспаніі. Унікальная барселонская вуліца Манткада цалкам складаецца 3 пабудоў позняга сярэдневякоўя. Там ёсць знакаміты будынак Палау Агілар, у якім знаходзіцца музей Пабла Пікасо. Праўда, сам Пікасо там ніколі не быў. Музей быў створаны дзякуючы яго сябру, у якога захавалася калекцыя карцін мастака, у асноўным, ранняга перыяду.

На ўзбярэжжы Барселоны знаходзіцца гара Манжуік (у перакладзе "яўрэйская гара"). Паданне сцвярджае, што там быў некропаль яўрэйскага пасялення. На вяршыні размясціўся шыкоўны палац, у якім зараз знаходзіцца музей каталонскага мас­тацтва.

У Музеі Фонда Хуана Міро дзейнічае Цэнтр вывучэння сучаснага мастацтва ў Барселоне. Будынак музея пабудаваны сябрам знакамітага каталонскага мастака Хуана Міро архітэктарам Сертам. У яго сталую экслазіцыю ўваходзяць карціны, малюнкі, габелены і скульптуры, падараваныя музею самім Міро і выкананыя ў перыяд з 1914 па 1978 г.

У Барселоне працуе Інстытут іспанскага жывапісу.

Грэнада – невялікі горад на поўдні Іспаніі з вельмі багатай гісторыяй. Горад быў заснаваны арабамі ў IX ст., у 1238 г. стаў сталіцай Грэнадскіх эміраў – апошняй арабскай дзяржавы на тэрыторыі Іспаніі. I сёння вельмі цікавы сярэдневяковы цэнтр горада, які поўнасцю захаваў іспанскі каларыт. Галоўнай славутасцю Грэнады з'яўляецца сабор XVI ст., дзе пахаваны Фердзінанд Арагонскі і Ізабела Касцільская, якія вызвалілі краіну ад арабаў і аб'ядналі Іспанію, і палацавы комплекс XIII ст. Альгамбра – рэзідэнцыя арабскіх эміраў.

Альгамбра – адно з найбольш папулярных турысцкіх месц у Іспаніі. Палац уяўляе сабой тыповы ўзор мусульманскай архітэктуры. I хоць увесь комплекс, на першы погляд, здаецца рэгулярным і гарманічным, яго будаўніцтва вялося некалькі стагоддзяў: дабудоўваліся будынкі, рэфармаваліся існуючыя канструкцыі. Самая ранняя частка Альгамбры – Алькасаба адносіцца да сярэдзіны IX ст. У XI ст. яна стала рэзідэнцыяй дынастыі Зірыдаў і была абнесена сценамі. Горад працягваў расці пры дынастыі Альморавідаў і Альмохадаў і, асабліва пры Назары, калі Махамед I пасля заваёвы Кардовы хрысціянамі ў 1236 г. вымушаны быў перанесці сталіцу ў Грэнаду. 3 яго прыездам сюды ўзнікла неабходнасць у будаўніцтве каралеўскага палаца, Алькасабу пашыралі, прыбудоўвалі дворыкі, мячэці, школы і г. д. Найбольш значныя перамены былі зроблены Ізмаілам I (1314-1325), Юсуфам I (1333-1354) і Махамедам V (1354-1391). Была ўзведзена адна з прыгажэйшых частак палаца. Альгамбра ў перакладзе з арабскага азначае "чырвоны". Існуе некалькі гіпотэз аб яе паходжанні. Па адной з іх, якая належыць арабскаму гісторыку Ібі аль-Хатыбу, палац так назвалі з-за таго, што перабудоўваўся ён у начны час пры святле факелаў і здалёку ён здаваўся чырвоным. Іншыя звязваюць назву з тым, што Альгамбра была пабудавана на зямлі чырвонага колеру з высокім утрыманнем жалеза. Выкарыстаная пры будаўніцтве, яна надала сценам чырванаватае адценне.

Свае змены ў архітэктурны комплекс унеслі і каталіцкія ка­ралі. Пры Карле V былі пабудаваны ўязная брама і палац у стылі Адраджэння, названы ў яго гонар.

Манументальны палац Карла V вельмі выдзяляецца на фоне сярэдневяковых пабудоў Альгамбры. Яго будаўніцтва было пачата ў 1527 г. пад кіраўніцтвам П. Мачука. У 1568 г. работы былі прыпынены ў сувязі з паўстаннем шаўраў і ўзноўлены толькі ў 1579 г. Поўнасцю палац завершаны толькі ў XIX ст. Будынак мае квадратную форму і лічыцца самым прыгожым у стылі Рэнесансу за межамі Італіі. Унутраны дворык абкружаны порцікамі з 32 калонамі дарычнага стылю на першым паверсе і іанічнага – на другім. Над афармленнем парталаў працавалі скульптары Н. дэ Кортэ, X. Дэ Арэа. Зараз у памяшканнях гэтага палаца размясціліся два музеі: музей Альгамбры і музей выяўленчых мастацтваў. У першым з іх прадстаўлены творы арабскага мастацтва, большая частка якіх была знойдзена падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Альгамбры. Музей захоўвае кераміку, манеты, капітэлі, надмагільныя пліты, кафлю, фрагменты дзвярэй, драўлянай столі, жалюзі, чашы фантанаў і г. д. Па складу фондаў гэта адзін з буйнейшых музеяў арабскага мастацтва.

Музей выяўленчых мастацтваў быў заснаваны ў 1839 г. Першапачаткова ён знаходзіўся ў адным з грэнадскіх манастыроў і яго калекцыю складалі творы жывапісу і скульптуры грэнадскай школы. У палац Карла V музей быў перанесены ў 1958 г. Зараз фонды музея ахопліваюць перыяд з XV па XX ст. і ўключаюць творы мастацтва, якія маюць сувязь з гісторыяй Грэнады.

У Грэнадзе знаходзіцца Дом-музей Федэрыка Гарсія Лоркі і Музей прыгожых мастацтваў.

У сярэдневяковай архітэктуры горада Сарагосы, які з'яўляецца цэнтрам вобласці Арагон, захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі старажытнарымскай калоніі. Тут знаходзіцца правінцыяльны Музей выяўленчых мастацтваў. У яго фондах захоўваюцца археалагічныя калекцыі, калекцыі рымскай мазаікі і твораў арагонскіх жывапісцаў, перш за ўсё карціны Гоі, Эль Грэка, Рыберы і іншыя. У этналагічным музеі экспануюцца калекцыі нацыянальнага адзення і керамікі. У іншых музеях Са­рагосы можна пазнаёміцца з творамі Гоі, Веласкеса, Франсіска і Рамона Боі, з артэфактамі рымскага, іберыйскага і маўрытанскага перыядаў.

У іншых гарадах Іспаніі важнымі гісторыка-мастацкімі цэнтрамі з'яўляюцца музеі прыгожых мастацтваў у Валенсіі і Севільі, Нацыянальны музей раманскага мастацтва і Музей выяўленчага мастацтва ў Мерыдзе, археалагічныя музеі ў Севільі і Аўеда, Музей прадметаў рэлігійнага культу ў Кавадонга. У правінцыі Кантабрыя — Музей пячор Альтаміры каля Сантыльяна і Марскі музей у Сантандэр. Пячоры Альтаміры, знойдзеныя ў 1868 г., датуюцца XII ст. да н. э. Сцены пячор пакрыты чорна-чырвонымі выразнымі выявамі бізонаў, мядзведзяў, быкоў і іншых жывёл. Цікавая дагістарычная пячора з насценнымі малюнкамі ёсць і ў г. Ронда.

Не менш значнымі культурнымі каштоўнасцямі Іспаніі з'яўляюцца Манастыр-помнік нацыянальнай значнасці Санта-Дамінга дэ Сілас, Музей епіскапства ў гатычным саборы горада Бургас, Музей сюррэалізму ў горадзе Кадаквес, Замак Аль­касар і Музей сефардаў (дае ўяўленне аб багацці культуры стара-жытнаяўрэйскай абшчыны), галерэя жывапісу з шэдэўрамі Эль Грэка, Ван Дэйка, Гоі ў Таледа.

Музей Навары знаходзіцца ў горадзе Памплона. Экспазіцыя знаёміць з гісторыяй каралеўства Навара і археалагічнымі экспанатамі, рымскай мазаікай, ювелірнымі вырабамі. Калекцыя жывапісу ўключае партрэт маркіза дэ Сан Адрыяна работы Гоі.

У адным з музеяў горада Саламанка можна пазнаёміцца з цудоўнай калекцыяй карцін Фернанда Галега, майстра XV ст., які працаваў у іспана-фламандскім стылі.

У горадзе Більбао — адным з буйнейшых прамысловых цэнтраў Іспаніі, сталіцы краіны баскаў, знаходзяцца Археалагічны і Этнаграфічны музеі краіны баскаў. Калекцыя Музея прыгожых мастацтваў лічыцца адной з лепшых у Іспаніі. Там экспануюцца творы Эль Грэка, Сурбарана, Гоі, партрэт Філіпа IV ра­боты Веласкеса, фламандскія і італьянскія шэдэўры. У 1997 г. быў адкрыты Музей Гугенхейма – адзін з мастацкіх філіялаў фонда Гугенхейма.

Калекцыя Музея ў Більбао змяшчае творы розных мастацкіх напрамкаў і з'яўляецца часткай калекцый Гугенхейма, новы будынак – архітэктурны шэдэўр, які падобны на музей у Нью-Йорку. Па колькасці наведвальнікаў у год музей знаходзіцца на другім месцы ў Іспаніі пасля Прада.

У горадзе Кардова захавалася самая вялікая і прыгожая мячэць у свеце. Недалёка ад яе стаіць музей "Бой быкоў", які ўключае гарадскую арэну для карыды. У мастацкім музеі выстаўлены палотны Рыберы і Сурбарана.

МУЗЕІ ІТАЛІІ

У Італіі ў 1970 г. налічвалася 972, а зараз – больш за 3300 музеяў, якія згодна з іх юрыдычным статусам падзяляюцца на нацыянальныя, мясцовыя, прыватныя і рэлігійныя. Каля 800 з іх належаць дзяржаве, у тым ліку ўсе нацыянальныя. Дзяржаўную музейную палітыку краіны выпрацоўвае Міністэрства культуры і прыроднай спадчыны, ажыццяўляе яе Цэнтральнае ўпраўленне культуры і прыроднай спадчыны.

Пэўная колькасць дзяржаўных музеяў падпарадкоўваецца Міністэрству культуры праз іншыя структуры. Так, рэгіянальныя музеі гісторыка-культурнага профілю (каля 80) падпарадкоўваюцца міністэрству праз рэгіянальныя Інспекцыі аховы помнікаў. Але нельга сказаць, што існуе прадуманая каардынацыя дзейнасці рэгіянальных музеяў у маштабе краіны. Вялікая колькасць музеяў Італіі належыць царкве.

Нягледзячы на тое, што музейная сетка Італіі мае дэцэнтралізаваную структуру, фінансаванне музеяў ажыццяўляецца праз Міністэрства культуры і мае цэнтралізаваны характар. Праводзіцца пастаяннае абнаўленне як буйнейшых музеяў краіны (Ватыкан), так і невялікіх калекцый (віла Строцы ў Фларэнцыі). Рэканструкцыя музеяў прэваліруе над будаўніцтвам новых будынкаў. У апошні час новыя музеі пабудаваны толькі ў Балонні, Турыне і Мілане.

Акрамя Нацыянальнай асацыяцыі музеяў Італіі, якая выдае часопіс "Musei e Gallerie d’Italia”. існуюць Нацыянальная асацыяцыя па ахове гістарычнай, мастацкай і прыроднай спадчыны ("Італія Ностра", выдае часопіс "Italia Nostra"), Нацыянальны савет па культуры і навакольныму асяроддзю, Асацыяцыя італьянскіх галерэй сучаснага мастацтва, Дырэкцыя муніцыпальных мастацкіх і гістарычных музеяў, Цэнтральны інстытут рэстаўрацыі твораў мастацтва, Дзейнічаюць Асацыяцыя сяброў музеяў Мілана, Асацыяцыя сяброў музеяў Фларэнцыі. Службе аховы культурнай спадчыны Італіі падпарадкоўваюцца 15 музеяў і галерэй Генуі. Міжнародны навукова-даследчы Цэнтр Валькамонікі па вывучэнню наскальных выяў, заснаваны ў 1964 г., спецыялізуецца на дагістарычных наскальных малюнках, археалогіі, прымітыўных рэлігіях, антрапалогіі і этнаграфіі, наладжвае міжнародныя семінары, сімпозіумы, забяспечвае музеі краіны кансультантамі па кансервацыі, арганізуе выстаўкі, праводзіць ацэнку прадметаў дагістарычнага і прымітыўнага мастацтва, складае праекты паркаў і музеяў. Значную ролю ў жыцці музеяў краіны адыгрывае нацыянальны камітэт ІСОМ.

Пры Міністэрстве культуры дзейнічае Інстытут каталога (ІССВ), асноўнай задачай якога з'яўляецца збор звестак у галіне выяўленчага мастацтва, археалогіі і архітэктуры. Вялікая і цікавая дзяржаўная праграма камп'ютэрызацыі ў галіне культуры на працягу апошніх дваццаці пяці гадоў рэалізуецца буйнейшай у Еўропе фірмай "Italsiel”. Адзін з напрамкаў яе працы – стварэнне электронных кіёскаў, якія дазваляюць наведвальніку музея за невялікую плату атрымаць звесткі аб музеі, пазнаёміцца з выявамі экспанатаў, напрыклад тых, якія знаходзяцца ў запасніках, знаёміцца з экспанатамі іншых музеяў. Музейная камп'ютэрызацыя ў Італіі не вычэрпваецца дзяржаўнымі праграмамі. Рэалізуюцца таксама праграмы муніцыпалітэтаў, прыватных музеяў, музеяў-гігантаў, напрыклад, буйнейшага музея Італіі – Ватыкана.

У 1982 г. у Італіі быў выдадзены закон № 512, які прадугледжвае, у прыватнасці, вызваленне ад падаткаў сум, выдзяляемых на набыццё і захаванне помнікаў культуры асаблівай каштоўнасці. Да ліку праектаў, якія фінансаваліся на падставе закона № 512, адносіцца ўзнаўленне і рэстаўрацыя царквы Санта-Саціра ў Мілане.

У Італіі знаходзяцца такія буйнейшыя сусветнавядомыя музеі, як Уфіцы, галерэя Баргезе і іншыя. Мастацтва краіны ўславілі выдатныя жывапісцы, скульптары і архітэктары. Многія палацы, над упрыгожваннем якіх яны працавалі, пераўтвораны ў музеі.

Музеі Італіі прывабліваюць шматлікіх замежных турыстаў. Тым не менш і мясцовыя жыхары складаюць значную частку наведвальнікаў. У краіне дзейнічае пастанова, згодна з якой школьнікі 10-16 гадоў павінны за два месяцы наведаць некалькі славутых месц. Па сведчанню дырэктара Палаца Дукале роспісы А. Мантэньі Камеры дэль Спозі за месяц аглядаюць 42 тыс. чалавек (пераважна дзеці).

Гарады Рым, Фларэнцыя, Венецыя, Падуя і Асізі фактычна з'яўляюцца велізарнымі музеямі пад адкрытым небам.

Рым – сталіца Італіі і адміністрацыйны цэнтр правінцыі Лацыа, адзін са старажытнейшых гарадоў свету. На тэрыторыі Рыма знаходзіцца горад-дзяржава Ватыкан. "Вечны горад" заснаваны легендарным Ромулам у 754 г. да н. э. Зараз Рым – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы, Яго асаблівасць заключаецца ў жывапісным размяшчэнні на сямі ўзгорках, наяўнасці вялікай колькасці грандыёзных старажытных, шыкоўных палацаў і цэркваў самых розных эпох і стыляў, разнастайнасці плошчаў і вуліц, фантанаў і скульптур. Да найбольш знакамітых помнікаў мінулага адносяцца: старажытнарымская сцяна Аўрэліяна (III ст.), Рымскі форум (VI ст. да н. э.), храмы Кастара і Палукса (V ст. да н. э.), трыумфальныя аркі Ціта (I ст.), імператарскія форумы Юлія Цэзара, Аўгуста, Нервы, Траяна (II ст.), Калізей (I ст.), ансамбль Капітолія (XVI ст.), палаца Баргёзе (XVII ст.) і многае іншае. Рым славіцца багатымі музейнымі калекцыямі, якія захоўваюцца ў нацыянальных музеях (Нацыянальны рымскі музей, Нацыянальны музей усходняга мастацтва, Нацыянальная галерэя антычнага мастацтва), музеях Ватыкана і Капіталійскіх музеях, Галерэі Баргезе і іншых мастацкіх галерэях, музеі Вілы Джулія, музеі этнаграфіі, музеі рымскай цывілізацыі, музеі Рыма, музеі Прэзепіо (калядныя яслі), музеі Гарыбальдзі, музеі гарадскіх сцен Рыма, музеі яўрэйскай абшчыны Рыма і іншых.

Ватыканская дзяржава валодае агромністымі скарбамі і мастацкімі зборамі, якія ўзніклі ў выніку мецэнацкай дзейнасці некалькіх дзясяткаў папскіх двароў. Цэлыя пакаленні італьянскіх і замежных майстроў былі заняты ўпрыгожваннем гэтых калекцый. Каштоўныя прадметы этрускай, егіпецкай, грэчаскай і рымскай даўніны, кнігі, карціны ўтварылі ў XVIII ст. славутую Ватыканскую пінакатэку, паступова запоўнілі памяшканні палацаў, выклікаўшы ў сваю чаргу неабходнасць будаўніцтва новых экспазіцыйных памяшканняў. Пазней калекцыі ператварыліся ў паўнацэнныя музеі: ужо ў другой палове XVIII ст. Клімент XIV перааформіў для іх палац Бельведэр, які пасля дадатковых работ, праведзеных яго пераемнікам Піем VI, атрымаў назву Пія – Кліменціна. Захапленне археалогіяй і антычнасцю, характэрнае для XIX ст., падштурхнула двух пантыфікаў Пія VII і Грыгорыя XVI заснаваць шэраг важнейшых музейных устаноў. Першаму абавязаны сваім існаваннем Музей К'ярамонці (над узнікненнем яго працаваў сам А. Канова), для якога спецыяльна быў пабудаваны новы флігель. Другі размясціў у семнаццаці пакоях Грыгарыянскі этрускі музей (1837 г.) і Грыгарыянскі егіпецкі музей (1839 г.). У дзевяці залах Этрускага музея экспануюцца знаходкі, зробленыя пры археалагічных раскопках у Чэрветэры (1828-1836 гг.). Тут выстаўлены архітэктурныя фрагменты, чатыры саркафагі (V-I ст. да н. э.), шматлікія прадметы быту этрускаў з золата і серабра – бакалы, статуэткі, кандэлябры, люстэркі і многае іншае. У 1937 г. калекцыя значна папоўнілася за кошт знакамітай калекцыі твораў этрускага мастацтва з некропаля ў Вульчы. У калекцыях Егіпецкага музея знаходзяцца шматлікія экспанаты мастацтва Старажытнага Егіпта, пачынаючы ад амулетаў і папірусаў і канчаючы вялікімі статуямі. У вітрынах музея выстаўлена багатая калекцыя скарабеяў – свяшчэнных жукоў, па руху якіх старажытныя егіпцяне чыталі лёс сваёй краіны і народа.

У XIX ст. папа Леў XIII надаваў значную ўвагу рэстаўрацыі ватыканскага комплексу, адкрыў для публікі многія залы, якія раней былі даступныя толькі для пантыфікаў і прадстаўнікоў вышэйшага духавенства. Гэта адносіцца, у першую чаргу, да апартаментаў Борджа, дзе пазней размясціўся Збор сучаснага рэлігійнага мастацтва, зацверджаны ў 1973 г. Паўлам VI.

Шматлікія пераўтварэнні ватыканскіх музеяў працягваліся на працягу ўсяго XX ст. Іаан XXIII перамясціў у Ватыкан Этнаграфічны місіянерскі музей, адкрыты ў 1926 г. у Латэранскім палацы на базе місіянерскай выстаўкі Юбілейнага 1925 г., дзе захоўваецца багатая калекцыя твораў мастацтва, розных прадметаў, сабраных падчас каталіцкіх місій у розных канцах свету. Хрысціянскі музей Пія, заснаваны ў 1854 г. Піем IX для жывапісу, саркафагаў, рэльефаў, надпісаў і скульптур, якія паходзілі з рымскіх катакомбаў і старажытных базілік, быў перанесены з Латэранскага музея ў Ватыкан у 1963 г.; Музей язычніцкіх старажытнасцей, заснаваны Грыгорыем XVI, перанесены ў Ватыкан з Латэранскага палаца ў 1970 г. У яго экспазіцыі прадстаўлены рымскія копіі грэчаскіх арыгіналаў і рымская скульптура I-III ст. н. э. Сусветнавядомая скульптурная група з Мінервай і Марсіем рэзчыка Мірона (каля 460 г. да н. э.).

У склад ватыканскіх музеяў уваходзяць таксама капэла Нікаліну, бібліятэка, Сіксцінская капэла, станцы Рафаэля, галерэя габеленаў, галерэя геаграфічных карт і карэтны музей.

Рымскі нацыянальны музей, заснаваны ў 1889 г. у Тэрмах Дыяклетыяна (306 г. н. э.) – адзін з буйнейшых і найлепш захаваўшыхся помнікаў антычнасці. Яго экспазіцыю могуць адначасова аглядаць 3 тыс. чалавек. Музей валодае адной з буйшейшых у свеце калекцый антычнай скульптуры. Згодна з пастановай Парламента Італіі ад 1907 г. спецыяльна для Нацыянальнага музея былі адрэстаўрыраваны памяшканні. Першая экспазіцыя адкрылася ў 1911 г. падчас святкавання 15-годдзя стварэння Каралеўства Італія. Наведвальнікі маглі ўбачыць славутыя зборы эпохі Адраджэння (Музео Кірхерыяна, Музео Тыберына, сада Фернэзе, Палацінскага Антыкварыума), а таксама помнікі з вілы Адрыяна ў Цівалі, якія склалі аснову музея. 3 тых часоў вялікіх змен у экспазіцыі не рабілася, каб захаваць аўтэнтыку музейнага будынка, а таксама цэласнасць збораў, якія склалі фонды музея.

У пасляваенны час было палепшана асвятленне залаў, зроблены подзіумы, новая афарбоўка сцен, працягваліся рэстаўрацыйныя работы. У Нацыянальным музеі захоўваюцца такія шэдэўры як "Дыскабол" Мірана, "Афіна" Фідыя (у рымскіх рэпліках), бюст Сакрата Лісіпа Сікіёнскага, некалькі рэплік Праксіцеля. Вельмі добра ў калекцыі прадстаўлена скульптура эпохі элінізму. Вялікая каштоўнасць музея – калекцыя старажытнай скульптура, якая адлюстроўвае ўсе яе школы і напрамкі. Там змешчаны сапраўдныя шэдэўры: партрэты Нерона, Веспасіяна, Адрыяна, Анціноя, скульптура міфалагічных герояў – Дзіяны, Марса, Венеры. Музей захоўвае буйнейшую ў свеце калекцыю рымскіх саркафагаў. У экспазіцыі ёсць архітэктурныя фрагменты са старажытнарымскім жывапісам (міфалагічныя і бытавыя сюжэты). Сярод музейных калекцый вылучаюцца збор малой скульптуры з тэракоты, бронзы, слановай косці, шкла; нумізматычная (больш за 20 тыс. старажытнарымскіх манет і медалёў); эпіграфічная калекцыя; калекцыя гем.

Калі ў памяшканнях Тэрмаў экспануюцца помнікі, якія датуюцца 5 ст. да н. э. – 5 ст. н. э., дык у філіяле Рымскага нацыянальнага музея, які знаходзіцца ў Віла Джулія, можна пазнаёміцца з помнікамі старажытнай Этрурыі. Віла Джулія – цудоўны помнік італьянскай архітэктуры XVI ст., былая рэзідэнцыя папы Юлія ІІ, у стварэнні якой прымаў удзел Мікеланджэла.

Рымскі нацыянальны музей падпарадкоўваецца Інспекцыі аховы помнікаў антычнасці.

Рымская нацыянальная галерэя – адна з найбуйнейшых карцінных галерэй у Італіі. Яна размясцілася ў двух будынках, адзін з якіх з'яўляецца палацам Барберыні. У 1625 г. рымскі папа Урбан V (з сям’і Барберыні, вядомы прыхільнік тэатра, выяўленчых мастацтваў, музыкі) купіў у герцага Сфорца палац для сваіх пляменнікаў і адразу ж пачалася яго перабудова. Быў захаваны стары план будынка, а для новага будаўніцтва выкарыстоўвалі камяні і мармур з руін Калізея. Ва ўнутраным упрыгожванні палаца прымаў удзел вядомы мастак П'ера да Картона. Да нашага часу ў палацы Барберыні захаваліся роспісы плафонаў галоўнай залы.

Мастацкія зборы галерэі ўзніклі шляхам аб'яднання некалькіх буйных прыватных збораў, а аснову яе яшчэ ў XVIII ст. заклаў кардынал Н. Карсіні, старадаўні палац якога з'яўляецца другой часткай Рымскай нацыянальнай галерэі.

Праз паўтара стагоддзя князі Тамаза і Андрэа Карсіні прадалі свой палац дзяржаве, а каштоўную калекцыю карцін падаравалі. Пазней гэта калекцыя папаўнялася зборамі герцага Дж. Тарлонія, а потым сюды былі ўключаны 187 карцін з Галерэі дэль Монтэ дэ П’ета. У 1895 г. была ўтворана Нацыянальная галерэя антычнага мастацтва (такая назва існавала да 1940 г.). Яе фонды пашыраліся за кошт пакупак і падарункаў ад прыватных асоб. 3 1940 г. музей размяшчаецца ў двух палацах – Барберыні і Карсіні.

У экспазіцыі прадстаўлены італьянскі жывапіс XIII–XVIII ст. У палацы Барберыні размешчаны збор карцін да XVII ст., а ў палацы Карсіні – больш позні жывапіс.

У галерэі можна пазнаёміцца з работамі Рафаэля, А. дэль Сарта, Б. Венета, Тыцыяна, Цінтарэта, Я. Басана, Каналета, Гвардзі і іншых мастакоў. Сярод знакамітых палотнаў знаходяцца вядомыя шэдэўры: "Мадонна Дэль Сарта" (1509 г.); "Венера і Адоніс" (1554 г.) Тыцыяна; "Хрыстос і грэшніца" Цінтарэта; "Партрэт Генрыха VIII" Г. Гальбейна (1540 г.); "Пакланенне валхвоў" і "Хрышчэнне Хрыста" Эль Грэка (1596 г.) і інш.

У музеі прадстаўлены багаты збор карцін французскага жывапісу XVIII ст, Сярод твораў замежнага мастацтва – партрэт Э. Ратэрдамскага работы нідэрландскага мастака К. Масейса.

Галерэя Баргезе адносіцца да ліку хоць і невялікіх, але надзвычай каштоўных збораў твораў мастацтва. Заснавана кардыналам Ш. Баргезе ў пачатку XVII ст. У яго калекцыі былі работы Рафаэля, Тыцыяна, Карэджа, Караваджа, Ланфранка. У Т. дэла Порта кардынал набыў багатую калекцыю антычнай скульптуры. У калекцыю Ш. Баргезе траплялі многія прадметы, што знаходзілі падчас раскопак каля Рыма і ў яго ваколіцах. Кардынал ні перад чым не спыняўся, калі жадаў набыць тую ці іншую каштоўную рэч. Так, па яго загаду манахі царквы Сан Франчэска ў Перуджы скралі ўначы і пераправілі ў Рым карціну Рафаэля "Зняцце з крыжа". Для сваёй калекцыі ён пабудаваў палац, а над упрыгожваннем вілы Баргезе працаваў разам са сваім бацькам малады тады яшчэ скульптар Л. Берніні.

Калекцыя папаўнялася нашчадкамі Ш. Баргезе. Але ўжо ў пачатку XVIII ст. зацікаўленасць у калекцыі зменшылася. Пачаўся продаж карцін французскім і англійскім гандлярам. Князь Каміла, муж Паліны Банапарт – сястры Напалеона, быў вымушаны ўступіць Францыі 200 антычных скульптур, у т. л. скульптуры Марса, Гермафрадытаў, Гладыятара, а таксама некаторыя карціны, сярод якіх "Святая Кацярына" Рафаэля.

Пасля разарэння рода Баргезе вілу з калекцыяй у 1902 г. набыла дзяржава, ператварыўшы яе ў публічны музей. Сёння ён вылучаецца ўнікальнай калекцыяй работ выдатнага скульптара XVII ст. Берніні (у галерэі знаходзіцца 11 яго скульптур). У экспазіцыі ёсць партрэт Паліны Банапарт работы Кановы. Музей валодае добрай падборкай работ Караваджа (Ш. Баргезе быў яго патронам), Тыцыяна, Ф. Альбані, а таксама іншых мастакоў тасканскай, венецыянскай, генуэзскай, рымскай, неапалітанскай, ламбардыйскай школ.

Галерэю Калона заснаваў у сваім радавым палацы кардынал Д. Калона ў другой палове XVII ст. Галерэя, як вельмі ўдалае спалучэнне архітэктурнай формы і твораў мастацтва, лічыцца сёння лепшым помнікам мастацтва барока ў Рыме. Галоўны зал мае чырвоную мармуровую абліцоўку сцен, столі распісаны батальнымі сцэнамі. Тут экспануюцца гербы рода Калона, карціны Ван Дэйка, Веранезе, Рубенса, Ла-Франка, С. Розы, венецыянскія люстэркі. У кабінеце прадстаўлены пісьмовыя бюро XVII ст. – творы мастацтва італьянскіх рэзчыкаў па дрэве.

Музей Барако, прысвечаны мастацтву татуіроўкі, знаходзіцца ў палацы Пікала Фарнезіна, пабудаваным у 1523 г.

Музей рымскай цывілізацыі прадстаўляе маштабную мадэль Старажытнага Рыма.

Фларэнцыя – адміністрацыйны цэнтр вобласці Таскана. Горад знаходзіцца ў Цэнтральнай Італіі, заснаваны ў I ст. да н. э. рымлянамі на месцы старажытнага этрускага пасялення. Сярод іншых гарадоў Італіі лічыцца скарбніцай мастацтваў (яшчэ ў старажытнасці яго называлі "Кветкай Тасканы"). Горад упрыгожваюць бессмяротныя творы Джота, Мікеланджэла, Брунелескі, Чэліні і многіх іншых вялікіх дойлідаў і жывапісцаў. Для саміх італьянцаў Фларэнцыя – гэта сімвал эпохі Адраджэння.

Прамавугольная планіроўка цэнтра горада адлюстроўвае эпоху старажытнарымскай архітэктуры. Прыгожы зялёны горад мае мноства выдатных мясцін і з'яўляецца горадам-музеем. Асноўныя помнікі архітэктуры: баптыстэрый Сан-Джавані (XI ст.), палац Санта-Марыя дэль Ф'орэ (XIII ст.), Палац дэла Сіньорыя (XIII ст.), грабніца Мікеланджэла (XVI ст.).

Знакамітая Галерэя Уфіцы размясцілася ў гістарычным цэнтры Фларэнцыі. Гэта адзін з найстаражытнейшых і самых значных музеяў свету. Гісторыя карціннай галерэі вядзецца з сярэдзіны XV ст. Аснову музейнага збору склала калекцыя роду Медзічы, які правіў горадам, а пазней і герцагствам Тасканскім амаль 300 гадоў. Глава сямейства, К. Медзічы Старэйшы, упрыгожваў свой палац фрэскамі, карцінамі і копіямі антычных скульптур. Яго ўнук Ларэнца працягваў і развіваў традыцыю дзеда. Пры яго двары працавалі майстры жывапісу Ф. Ліпі і С. Бацічэлі. У галерэях палаца вучыліся Мікеланджэла і Л. да Вінчы.

У 1560–1580 гг. вялося будаўніцтва будынка галерэі. Фларэнційскі герцаг Казіма I Медзічы загадаў вядомаму мастаку і архітэктару Д. Вазары пабудаваць адміністрацыйны будынак з офісамі (іт. Uffizi, адсюль назва Уфіцы) для кіраўніцтва герцагства на беразе ракі Арно побач з палацам Векіо, дзе знаходзіўся магістрат Фларэнцыі.

Непасрэднае стварэнне галерэі звязана з імем Франчэска I (1541–1587), які вырашыў размясціць сямейныя калекцыі ў адміністрацыйным будынку Уфіцы. Па яго загаду архітэктар Б. Буанталенці правёў дадатковыя работы. Верхняя галерэя была забрана вялікімі шклянымі вокнамі і пераўтворана ў доўгі, шырокі і добра асветлены калідор – "Галерэю статуй". На даху размясціліся сады. Да адкрыцця галерэі герцаг Франчэска атрымаў ад папы Пія I падарунак – 26 антычных статуй, якія раней упрыгожвалі яго палац у Ватыкане. У калекцыі скульптуры былі работы і італьянскіх майстроў Данатэла, Мікеланджэла, Бандзінэлі.

Праз некалькі гадоў ва Уфіцы паявіліся невялікія залы для жывапісу, навуковых прыбораў, старажытнай і сучаснай зброі. Галоўнай была васьмівугольная зала Трыбуна, якая прызначалася для экспанавання самых каштоўных экземпляраў збору Медзічы. Тут былі прадстаўлены карціны Рафаэля, А. Дэль Сарта, Панторма, а таксама гемы, медалі, дробная пластыка, парадная зброя і інш.

Сучасны выгляд Галерэя Уфіцы атрымала ў 1658 г. На працягу XVII–XVIII ст. калекцыя папаўнялася карцінамі і скульптурамі, малюнкамі і зброяй, гравюрамі і прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для наведвальнікаў музей быў адкрыты ў 1780 г. У 1795 г. Галерэя Уфіцы першай з мастацкіх музеяў выкарыстала ў экспазіцыі анатацыі. На працягу XIX ст. галерэя, літаральна перапоўненая прадметамі мастацтва (у будынку таксама знаходзілася бібліятэка і гарадскі архіў), паклала пачатак стварэнню некалькіх новых музеяў у Фларэнцыі, перадаўшы ім частку сваіх калекцый, у т. л. музея фізікі і гісторыі прыродазнаўства Ла-Спекола (сёння Заалагічны музей), Музея Баргела, Музея Сан-Марка, Акадэмічнай галерэі і інш.

У 1950–1960-я гг. праводзіліся шырокія рэстаўрацыйныя работы з мэтай аднавіць першапачатковы выгляд галерэі і зрабіць яе агляд максімальна камфортным для наведвальнікаў.

У Галерэі Уфіцы прадстаўлены лепшы ў свеце збор італьянскага (перш за ўсё фларэнційскага) жывапісу, пачынаючы з зараджэння італьянскай нацыянальнай школы ў XIII ст. і канчаючы творамі XVIII ст,, калі італьянскі жывапіс, перажыўшы доўгі і пышны росквіт у XV-XVII ст., стаў схіляцца да ўпадку. Тут захоўваецца вельмі цікавая калекцыя аўтапартрэтаў Рафаэля, Тыцыяна, Рэмбранта, Л. Берніні, А. Кіпрэнскага і іншых мастакоў, якая ўключае больш за 500 работ. Менавіта галерэя прадстаўляе "Нараджэнне Венеры", "Алегорыю вясны" і іншыя карціны Сандра Бацічэлі, "Пакланенне валхвоў" Леанарда да Вінчы, "Святое сямейства" Мікеланджэла. Ёсць таксама калекцыі скульптуры, мэблі, керамікі, малюнкаў і гравюр (каля 110 тыс. экземпляраў).

Карціны экспануюцца ў храналагічнай паслядоўнасці ў 45 залах, размешчаных уздоўж двух асноўных калідораў. Самі калідоры багата ўпрыгожаны шыкоўнымі габеленамі фламандскіх і фларэнційскіх майстроў XVI ст., а таксама старажытнарымскімі статуямі і саркафагамі, большая частка якіх – копіі грэчаскіх арыгіналаў.

Галерэю наведвае каля мільёна чалавек штогод.

Акадэмічная галерэя заснавана на базе некалькіх прыватных калекцый як вучэбная галерэя для студэнтаў Фларэнційскай акадэміі прыгожых мастацтваў у 1784 г. Ініцыятарам яе стварэння быў вялікі князь Леапольд Габсбург. На працягу XIX ст. калекцыя папаўнялася прадметамі мастацтва з фларэнційскіх цэркваў. Але галоўным набыткам стагоддзя стала скульптура Давіда Мікеланджэла, якая была перавезена з Палаца Векіо ў 1873 г. Для экспанавання гэтай 6-метровай скульптуры, а таксама некаторых іншых работ Мікеланджэла ("Раб", "Святы Матфей", "Рачны Бог") было абсталявана спецыяльнае памяшканне – Трыбуна. У астатніх васьмі залах галерэі дэманструецца фларэнційскі жывапіс XIII–XVI ст., які дапаўняе экспазіцыю Уфіцы.

Нацыянальны музей Барджэла адкрыў свае дзверы ў 1865 г. падчас святкавання 600-годдзя з дня нараджэння Дантэ Аліг'еры па рашэнню часовага ўрада Тасканы. Музей размясціўся у будынку, дзе доўгі час знаходзілася гарадская паліцыя – ("Bargello", адсюль і назва). У экспазіцыі музея прадстаўлена адна з буйнейшых у Італіі калекцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дробнай скульптуры. Асновай яе таксама з'яўляецца калекцыя Медзічы. Сярод экспанатаў "Бахус" Мікеланджэла, "Нарцыс" Б. Чэліні, "Ахвяра Ісака" Брунелескі. Асобная зала знаёміць наведвальнікаў са скульптурамі Данатэла. Акрамя гэтага працуюць залы маёлікі, бронзы, слановай косці, зброі.

Палацінская галерэя (Галерэя Піці) адкрылася для публікі ў 1828 г. у палацы, гісторыя якога вельмі цікавая і прадстаўляе цэлую эпапею. Шыкоўны палац быў пабудаваны фларэнційскім купцом Л. Піці па праекту архітэктара Ф. Брунелескі ў сярэдзіне XV ст., а праз стагоддзе яго купілі Медзічы. Пры Казіма Медзічы I была праведзена перабудова памяшканняў палаца, якую выканаў вядомы фларэнційскі архітэктар Б. Аманаці. Гэта, магчыма, самы манументальны з палацаў усёй Тасканы, які стаў у эпоху Рэнесансу ўзорам для іншых падобных збудаванняў. У 1620 г. Казіма II Медзічы заснаваў у палацы галерэю, якая доўгі час папаўнялася. Да XVIII ст. пашыраўся і палац. Плафоны залаў былі распісаны знакамітымі мастакамі таго часу і сюжэты роспісаў адпавядаюць назвам залаў: зала Венеры, зала Сатурна, зала Юпіцера, зала Марса і г. д.

На працягу трох стагоддзяў свайго існавання Галерэя Піці папаўнялася новымі экспанатамі, і ўжо ў канцы XVIII ст. да пяці залаў, дзе яна першапачаткова размяшчалася, былі далучаны суседнія памяшканні. У 1911 г. галерэя была перададзена ва ўласнасць італьянскай дзяржавы.

Сёння Палацінская галерэя займае 20 парадных памяшканняў верхняга паверха палаца. Сцены залаў завешаны карцінамі, як дыванамі, без наклону, у некалькі радоў. Асаблівасць экспазіцыі ў тым, што яна захавана ў тым выглядзе, як гэта было ў XVII ст. Тут адсутнічае пэўная сістэматызацыя. Пры вельмі шчыльным размяшчэнні карцін у залах кіраваліся толькі мастацкім густам. У галерэі знаходзіцца цудоўная калекцыя манументальных алтароў фларэнційскага мастака XVI ст. А. дэль Сарта, карціны Барталамеа, лепшая падборка карцін неапалітанскага мастака С. Розы, карціны Рафаэля, Тыцыяна, Рубенса, Ван Дэйка, Брэйгеля, Мурыльо і інш. Ёсць невялікая калекцыя скульптуры. У Галерэі Піці няма карцін італьянскіх і паўночнаеўрапейскіх майстроў XV ст., якія так багата прадстаўлены ў Галерэі Уфіцы.

Сярод каштоўнасцей Галерэі Піці карціна Тыцыяна "Партрэт П'ера Арэнціна". Таленавіты пісьменнік, публіцыст, драматург і мастацкі крытык, блізкі сябар Тыцыяна, Арэнціна быў яшчэ і вядомым "прадказальнікам", які выкрываў заганы і злачынствы, квітнеючыя пры дварах італьянскіх правіцеляў.

Сярод шэдэўраў Галерэі карціна Рафаэля "Прывід Іезекііля", якую ён стварыў, калі заканчваў сваю знакамітую фрэску "Афінская школа" ў Станцэ дэла Сеньятура.

Акрамя Палацінскай галерэі, у палацы Піці размясціліся Галерэя сучаснага мастацтва, дзе можна ўбачыць цудоўную экспазіцыю работ італьянскіх мастакоў XIX-XX ст., Музей серабра з калекцыямі ювелірных вырабаў, крышталю і кітайскага фарфору, Музей касцюма і Музей карэт з экіпажамі XIX-XX ст.

Акрамя вышэйназваных у Фларэнцыі знаходзяцца знакамітыя Археалагічны музей, Музей сабора і інш.

Венецыя - адміністрацыйны цэнтр вобласці Венецыя. Горад жывапісна размешчаны на 118 астравах Венецыянскай лагуны Адрыятычнага мора. У Венецыі каля 160 каналаў, праз якія перакінута больш за 400 мастоў. Усе ўнутрыгарадскія перавозкі ажыццяўляюцца суднамі і лодкамі. Венецыя вельмі багатая на архітэктурныя помнікі, але многія будынкі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. Гэта – Старыя (XV ст.) і Новыя (XVI ст.) Пракурацыі, сабор Сан-Марка (IX ст.), Палац дожаў (IX ст.), палац Ка д'Ора (XV ст.) і інш. Мноства музеяў, якія знаходзяцца ў горадзе, заснаваны на падараваных рэспубліцы зборах, часцей за ўсё разам з дамамі, дзе яны знаходзіліся. Галоўныя музеі – Галерэя акадэміі, Музей Карэр, Археалагічны музей, Галерэя Дж. Франкеці, Музей шкла.

Палац дожаў называюць Капітоліем Венецыянскай рэспублікі. Знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада на плошчы Святога Марка. Гэта сэрца Венецыі, месца святочных цырымоній, царкоўных і народных свят.

Яго тонкія калоны і паветраныя галерэі выглядаюць такімі крохкімі, што здаецца, быццам яны могуць абваліцца пад цяжарам трэцяга паверха. Мармуровая лесвіца ("лесвіца гігант") вядзе да ўваходу ў палац, які зараз стаў музеем. Па гэтай лесвіцы дазвалялася хадзіць толькі дожам і асобам, чые імёны былі ў ганаровай "Залатой кнізе". На ёй праходзілі святочныя мерапрыемствы Венецыянскай рэспублікі.

Галоўная зала Палаца дожаў – "Зала Вялікага савета". Тут збіраліся патрыцыі для абмеркавання дзяржаўных спраў. Над упрыгожваннем залы працавалі самыя знакамітыя мастакі, але пажар 1577 г. амаль усё знішчыў. Аднаўлялі залу лепшыя мастакі таго часу: Веранезе, Якопа Рабусці (Цінтарэта), Ф. Басана і іншыя. У суседняй зале захоўваецца зброя, якая належала "Вялікаму савету". Тут наведвальнік можа пазнаёміцца са зброяй дожа і многіх знакамітасцей: Генрыха IV – караля Францыі і Навары, кандацьера Гатэмелаты і іншых. У палацы ёсць невялікі пакой, пабудаваны ў 1180 г. дожам Цыяні, у якім зараз захоўваецца "Залатая кніга рэспублікі", дзе запісана ўся гісторыя Венецыі. Бібліятэка Святога Марка, заснаваная вялікім Петраркам, з'яўляецца каштоўнейшым зборам кніг і рукапісаў. Знакамітая зала "Нарады дзесяці" палохае гістарычнымі паданнямі (тут засядаў вярхоўны суд рэспублікі). У гэтай зале размешчаны партрэты ўсіх дожаў, якія кіравалі Венецыяй.

Вядомы палац Ка д'Ора быў пабудаваны ў 1440 г. па заказу памешчыка Марына Кантарыні і ўяўляе сабой адзін з характэрных для венецыянскай архітэктуры варыянтаў сумяшчэння прынцыпаў візантыйскага стылю з готыкай. Пасля шматразовай змены яго ўладальнікаў палац стаў маёмасцю барона Джорджа Франчэці, які ў 1916 г. падарыў яго гораду разам са сваёй унікальнай калекцыяй. Зараз на ніжнім паверсе знаходзіцца збор антычнай скульптуры рознага паходжання, на астатніх экспануецца жывапіс. Асаблівасць музея ў тым, што па жаданню былога ўладальніка карціны не маюць этыкетак, а залы нумароў. Экспазіцыя аб'ядноўвае вольна размешчаныя творы розных мастацкіх італьянскіх школ і эпох, што стварае непаўторнае пачуццё прыватнага дома і прысутнасць яго гаспадара. Тут прадстаўлены такія рэдкія карціны, як "Благавешчанне" і "Успенне Багародзіцы" Карпача, якія адносяцца да знікшага цыклу (калісьці знаходзіўся ў Скуола дэль Альбанезі). Франчэці здолеў скласці унікальны збор работ фламандскіх майстроў з ліку тых, хто вучыўся і працаваў у Італіі. Ён дапоўніў сваю калекцыю "Венерай ля люстэрка" Тыцыяна, "Мадоннай з цудоўнымі вачыма" Джавані Беліні, "Свяшчэннай Венерай" Парыса Бардоне. Своеасаблівы унікум уяўляе "Партрэт Магамета II", напісаны Джэнціле Беліні ў Канстанцінопалі ў 1479 г. па спецыяльнаму заказу.

Палац Ка Пезара, які будаваўся вельмі доўга (з 1679 да 1710 г.), лічыцца шэдэўрам архітэктара Б. Лонгена. У ім знаходзяцца Галерэя інтэрнацыянальнага сучаснага мастацтва, калекцыя мастацтва Усходу, перададзеная гораду графам Анры Бардзі дэ Бурбонам.

Акадэмічная галерэя заснавана ў 1807 г. загадам Яўгенія Напалеона пры Акадэміі прыгожых мастацтваў у будынку царквы Карыта. На працягу XIX ст. калекцыя папаўнялася дзякуючы ахвяраванням і мэтанакіраваным закупкам. Так тут з'явіліся "Святы Марк" Цінтарэта, "Пір у доме Леві" Веранезе, "Святы Жэром" П'ера дэла Франчэска і іншыя. Шмат было зроблена па сістэматызацыі калекцыі падчас дырэктарства вядомага мастацтвазнаўцы Джына Фагалары, у прыватнасці сабрана цудоўная падборка работ Джавані Беліні, а таксама шэдэўр венецыянскага жывапісу "Тетрезі" Джарджоне. Сёння ў фондах галерэі 3357 адзінак. Створаны два аддзелы: жывапісу і малюнка (95 % музейных прадметаў экспануецца ў сталай экспазіцыі). Галерэя лічыцца лепшай падборкай венецыянскага жывапісу і ахоплівае храналагічна перыяд у пяць стагоддзяў.

Музей і карцінная галерэя Карэр адкрыты для публікі ў 1836 г. згодна тэстаменту вядомага венецыянскага арыстакрата і калекцыянера Тэадора Карэра, які перадаў свой багацейшы збор карцін, скульптур, шкла, гравюр, кніг, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва венецыянскаму магістрату. Калекцыі музея і карціннай галерэі знаходзяцца ў Доме пракуратараў на плошчы Святога Марка. Будынак пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. як месца знаходжання 9 пракуратараў (правіцеляў) Венецыянскай рэспублікі, потым служыла рэзідэнцыяй намесніка напалеонаўскага ўрада, пазней – прадстаўнікоў Савойскай дынастыі, з 1922 г. – музей. У 1930–1950 гг. на базе шматлікіх калекцый музея Карэр былі заснаваны музей шкла на востраве Мурана, Венецыянскі гісторыка-мастацкі музей, Палац-музей "Рэзоніка" (з'яўляецца унікальным музеем італьянскага ракако; прадстаўлены венецыянскае мастацтва XVIII ст., жывапіс, мэбля, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Сёння ў экспазіцыі музея Карэр можна ўбачыць старажытныя венецыянскія карты, адзенне дожаў, цудоўную нумізматычную калекцыю. Асобная зала распавядае аб Венецыі як аб марской дзяржаве, яе замежным гандлі і марскіх перамогах. Аддзел "Рэсарджымента" прысвечаны падзеям французскай і аўстрыйскай акупацыі Венецыі ў першай палове XIX ст., гарыбальдзійцам і супраціўленню ў гады другой сусветнай вайны. Карцінная галерэя Карэр дэманструе эвалюцыю ваеннай школы жывапісу з XIII да XVIII ст. Мае дзве бібліятэкі: агульнагістарычную з аддзелам рукапісаў (100 тыс. тамоў) і па гісторыі венецыянскага тэатра (25 тыс. тамоў), а таксама багатую фотатэку.

Мілан – другі па велічыні горад Італіі, адміністрацыйны цэнтр вобласці Ламбардзія. Заснаваны ў V ст. да н. э, У 196 г. да н. э. быў заваяваны рымлянамі. Для турыстаў і аматараў мастацтва Мілан – гэта перш за ўсё палац Брэра (XVII ст.), царква Санта-Марыя дэла Грацыё (XV ст,, у трапезнай прадстаўлены роспіс Леанарда да Вінчы "Тайная вячэра"), грандыёзны замак Сфорца, тэатр "Ла Скала" (XVIII ст.). Вядучыя музаеі горада: Галерэя Брэра, Пінакатэка "Амбразіяна", Музей сабора, Нацыянальны музей навукі і тэхнікі, які дэманструе мадэлі вынаходніцтваў Леанарда да Вінчы.

У адрозненне ад Венецыі Мілан не мае вялікай колькасці прыватных калекцый. Па сутнасці адзінае выключэнне – Музей Польдзі Пецолі. Гэта адзін з самых багатых па ўзроўню твораў прыватны збор сучаснасці. Музей уяўляе самастойную каштоўнасць як прыклад прыватнага калекцыяніравання мінулага стагоддзя. Палац, пабудаваны ў XVII ст. для сям'і Паравічыні, у XVIII ст. належаў Джавані Порта і дзякуючы яго намаганням і архітэктара С. Кантоні набыў неакласічнае аблічча. У 1859 г. малады прадстаўнік арыстакратычнай сям'і Джан Джакома размясціў у палацы сваю вялікую калекцыю. Ідэю збіральніцтва яму падказала маці, Донна Роза Трывульцыо, якая сама захаплялаея калекцыяніраваннем жывапісу, старога прыкладнога мастацтва і апякала мастакоў таго часу. Сын пачаў са зброі, але пазней звярнуўся да жывапісу. Гэтаму спрыяў і палац, які быў распісаны ўнутры Д. Берціні і Д. Марэлі. У 1878 г. музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Пасля смерці Джана Джакома згодна з яго завяшчаннем увесь збор перайшоў гораду пры адзінай умове – захоўваць яго ў гэтым жа доме. Умова была выканана.

У 1881 г. Музей Польдзі Пецолі стаў публічным, і, нягледзячы на існуючыя прынцыпы пабудовы экспазіцыі, яго кіраўкіцтва імкнецца захаваць тое размяшчэнне экспанатаў, якое існавала пры самім уладальніку. На першым паверсе знаходзіцца багацейшая калекцыя зброі XIV–XVIII ст., тканін і персідскіх дываноў XVI ст. Тры залы другога паверха дэманструюць майстроў Рэнесансу ламбардыйскай школы. Экспазіцыя ўключае партрэты Лютэра і яго жонкі пэндзаля Кранаха – з'ява дастаткова рэдкая, бо італьянскія зборы рэдка і неахвотна ўключаюць мастацкія творы замежных школ. Затое так званая "Залатая зала" аб'ядноўвае сапраўдныя шэдэўры італьянскай школы, сярод якіх "Партрэт маладой дамы" (у адносінах аўтарства мастацтвазнаўцы вагаюцца паміж Ралаёла і Даменіка Венецыяна), "Святы Мікалай дэ Таленціна" П'ера дэла Франчэска, "Мадонна з дзіцем" і "П'ета" Бацічэлі і інш. У наступных залах размешчаны карціны Пальмы Старэйшага, П'ера Ларэнцэці, Філіпа Ліпі, Крывелі, Лота, Цьепала, Віварыні і інш.

Будынак музея быў вельмі сур'ёзна пашкоджаны падчас бамбардзіроўкі ў жніўні 1943 г. (адбудаваны толькі ў 1960 г.).

Галерэя Брэра заснавана ў 1803 г. дэкрэтам Напалеона, які бачыў у падобных установах важны сродак адукацыі насельніцтва. Аснова калекцыі – рэнесансны і барочны жывапіс ламбардыйскай, венецыянскай, фларынційскай школ. Ёсць калекцыі фламандскага і галандскага жывапісу. Сярод шэдэўраў алтарны роспіс з Мантэфельтра П'ера дэла Франчэска, "Вяселле дзяўчыны" Рафаэля і "Вячэра ў Эмаусе" Караваджа. Ёсць работы Веранезе, Цінтарэта, малюнкі Леанарда да Вінчы. Высокі навуковы ўзровень работы галерэі падтрымліваецца дзякуючы цесным сувязям з Міланскай акадэміяй прыгожых мастацтваў (заснавана Марыяй Тэрэзіяй у 1776 г.).

Пінакатэка і бібліятэка "Амбразіяна" заснавана ў 1618 г. кардыналам Федэрыка Барамеа на аснове прыватнага збора. Гэты збор быў падрабязна апісаны ў кнізе "Музеўм", якая выйшла ў Мілане ў 1625 г. "Амбразіяна" знаходзіцца ў будынку XVII ст., узведзеным па ініцыятыве Барамеа. Яе экспазіцыя займае 14 залаў, дзе творы мастацтва сістэматызаваны па школах і храналагічнаму прынцыпу. Сярод знакамітых работ – "Партрэт музыкі" Леанарда да Вінчы, картон "Афінская школа" Рафаэля, "Сасуд з садавінай" Караваджа, ёсць падборка работ Яна Брэйгеля. Гордасцю бібліятэкі з'яўляецца "Кодэкс Атлантыкус", складзены Леанарда да Вінчы. Акрамя карцін экспануецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Неапаль – адміністрацыйны цэнтр вобласці Кампанія, знаходзіцца на беразе Неапалітанскага заліва Цірэнскага мора, ля падножжа вулкана Везувій. Горад прыцягвае турыстаў старажытнымі хрысціянскімі катакомбамі з фрэскамі (II-IV ст.), баптыстэрыем Сан-Джавані (V ст.), палацам Кастэль дэль Ова (XII ст.) і Кастэль Нуова (XIII ст.), цэрквамі розных часоў. Акрамя таго, у ваколіцах Неапаля знаходзяцца рэшткі горада Пампеі, які загінуў ў выніку вывяржэння вулкана Везувій падчас Рымскай імперыі.

Неапаль мае адзін са старэйшых універсітэтаў у Еўропе (1224 г.), знакамітыя Нацыянальны музей і галерэю Кападзімонтэ, Нацыянальны археалагічны музей.

Нацыянальны археалагічны музей – адно з буйнейшых сховішчаў антычных старажытнасцей у свеце. Заснаваны ў 1816 г. як музей Бурбонаў. У 1860 г., калі Гарыбальдзі стаў дыктатарам і Неапаль быў далучаны да каралеўства Італіі, музею быў нададзены статус нацыянальнага. З 1822 г. знаходзіцца ў будынку XVI ст., які першапачаткова служыў казармай. У аснове музея – калекцыі Бурбонаў, каралёў Неапаля і Сіцыліі, якія ўключалі скульптуры з тэрмаў Каракалы, Палацінскага ўзгорка, гемы са збору Ларэнца Медзічы. Незлічоную колькасць матэрыялаў далі раскопкі ў Геркулануме, Пампеі, якія праводзіліся па ініцыятыве Карла Бурбона на мяжы XVIII–XIX ст. Калекцыі музеяў працягвалі папаўняцца і надалей за кошт раскопак і ахвяраванняў. Сёння гэта унікальнае месца, дзе можна пазнаёміцца з цывілізацыяй Старажытнага Рыма па помніках матэрыяльнай культуры ад першабытнаабшчыннага ладу да эпохі імператараў уключна.

Экспануецца унікальная калекцыя грэчаскіх ваз эпохі грэчаскіх калоній у паўднёвай Італіі (VIII ст. да н. э.), этрускі вазапіс (чорнафігурны), вялікая колькасць рымскіх рэплік грэчаскіх скульптур (у тым ліку партрэты Гамера, Сафокла, Эўрыпіда, Эсхіла), добра прадстаўлены рымскі скульптурны партрэт, мастацтва рэльефа, тэракотавая малая скульптура, мазаіка ("Бітва Аляксандра з Дарыем", "Платонаўская Акадэмія"). Вялікая група прадметаў характарызуе штодзённае жыццё жыхароў Геркуланума, Пампеі (79 г. н. э.) – лямпы, люстэрка, вагі, медыцынскія інструменты, посуд, мэбля, упрыгожанні, зброя (у лаве добра захаваліся прадметы з арганічных матэрыялаў – косць, дрэва, скура). Тут жа знаходзіцца славутая вялікая камея з сарданіксу ("Yazza Farneze" з выявамі медузы з аднаго боку і алегорыі Ніла з другога) з калекцыі Медзічы. Асаблівую цікавасць прадстаўляе парадная зброя рымскіх гладыятараў. Асобна захоўваецца эратычная калекцыя з 250 твораў мастацтва, якія дэманструюць фізічнае каханне (вазы, эпіграфіка, мазаіка і інш,). Ёсць калекцыя егіпецкіх старажытнасцей, датаваных эпохай Старажытнага Царства (стэлы, рэльефы, канопы, саркафагі, скульптурныя партрэты).

Нацыянальны музей і галерэя знаходзіцца ў Палацы Кападзімонтэ, які ўзвышаецца над Неапалітанскім залівам – паляўнічым палацы неапалітанскага караля Карла III Бурбона. Гэта адзін з буйнейшых музеяў паўднёвай Італіі, гісторыя якога пачынаецца з сярэдзіны XVIII ст. У 1758 г. Карл III заснаваў тут музей ("Farneziano") на аснове вывезеных з Пармы калекцый антычнай скульптуры і жывапісу эпохі Рэнесансу і барока, а таксама каралеўскай збраёўні, калекцыі парцэляны і дробнай пластыкі. Галоўная каштоўнасць галерэі – карціны мастакоў неапалітанскай школы XVII–XVIII ст. Маціа Прэці, Лука Джардана, Франчэска Салімена – партрэты, жанравыя работы, нацюрморты. Ёсць работы Мікеланджэла і Рафаэля, падборка італьянскага жывапісу XIX ст.

Турын – адміністрацыйны цэнтр вобласці П'емонт. Горад быў заснаваны старажытным племем таўрынаў. У II ст. да н. э. заваяваны рымлянамі. У аснове планіроўкі захавалася структура рымскага ваеннага лагера – прамавугольнае горадабудаўніцтва. Сярод славутых мясцін Турына – старажытнарымскі тэатр (I ст. да н. э.), сабор (XV ст.), дзе захавалася знакамітая "Турынская плашчаніца" (пахавальны саван Ісуса Хрыста), і іншыя архітэктурныя помнікі.

Упраўленне гарадскіх музеяў Турына заснавана ў 1863 г. і на яго была ўскладзена задача набыцця твораў старых і новых майстроў. У яго склад уваходзілі некалькі музеяў, у т. л. і Галерэя сучаснага мастацтва. Будынак, у якім яна знаходзіцца, а таксама яе мастацкія творы належаць гораду Турыну.

Егіпецкі музей, створаны Карлам Феліге, каралём Сардоніі ў 1824 г., з'яўляецца адной з важнейшых егіпталагічных калекцый у свеце. У 1882 г. музею нададзены дзяржаўны статус з падпарадкаваннем Міністэрству адукацыі, а з 1976 г. – створанаму тады Міністэрству аховы навакольнага асяроддзя і культуры. 3 1974 г. дзейнічае асацыяцыя сяброў музея, якая перш за усё засяроджана на адукацыйнай дзейнасці музея. Егіпецкі музей адкрыты для публікі з 1831 г. Да гэтага яго наведвалі толькі навукоўцы, напрыклад, Ж. Ф. Шампальон, які аглядаў музей, калі ў 1826 г. ствараў егіпецкі аддзел у Луўры.

Калекцыя складалася наступным чынам: у аснове – кабінет Савойскай дынастыі, у якой было 270 егіпецкіх старажытнасцей. Потым – калекцыя егіпецкай скульптуры, сабраная прафесарам Турынскага універсітэта В. Данаці падчас яго экспедыцыі ў Егіпет у 1753 г. I, урэшце, калекцыя егіпецкіх старажытнасцей, набытая ў консула Францыі ў Егіпце Бернардына Дравеці. Абсалютная большасць прадметаў гэтых трох калекцый датавалася эпохай Новага царства. Падчас экспедыцый, арганізаваных музеем у канцы XIX – пачатку XX ст., музейны збор папоўніўся прадметамі эпохі Старажытнага і Сярэдняга царства. Сярод іх – копцкія тканіны (у музеі захоўваюцца найстаражытныя егіпецкія малюнкі на тканіне), мэбля, малая скульптура, саркафагі, бытавыя рэчы, маскі. У 1965 г. егіпецкі ўрад падараваў музею ў знак удзячнасці за ўдзел Італіі ў пабудове Асуанскай плаціны невялікі Нубійскі храм, які быў перавезены і заняў месца ў асобнай нубійскай зале. Акрамя яе існуе зала скульптурнага партрэта, зала гіпсавых злепкаў, зала ганчарных вырабаў, зала макетаў архітэктурных помнікаў (усяго 20 залаў). Экспазіцыя пабудавана па храналагічнаму прынцыпу. У музеі працуе адзіная ў Італіі егіпталагічная бібліятэка.

Акрамя Егіпецкага музея ў Турыне існуе Муніцыпальны музей старажытнага мастацтва, заснаваны ў 1860 г. У камплектаванні калекцый перавага аддавалася дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і старажытным рамёствам. Музей мае 15 аддзелаў: мазаікі, кніжнага малюнка, жывапісу, скульптуры і разьбы, эмалі, слановай косці, маёлікі, парцэляны, шкла, мэблі, тканіны, ювелірных вырабаў, бронзы, скураных вырабаў, манет і медалёў. Сярод шэдэўраў – турынская мазаіка XII ст., гатычны кніжны малюнак, ліможскія эмалі XIII–XVII ст., малая скульптура са слановай косці эпохі імператарскага Рыма, парцэляна з мануфактуры Медзічы (другая палова XVI ст.), каля 80 тыс. манет і медалёў, а таксама калекцыя карцін савойскай дынастыі, якая па рашэнню прынца Карла Альберта ў 1860 г. была падаравана створанай тады Італьянскай дзяржаве і размешчана ў будынку Турынскай акадэміі навук. У 54 залах жывапіс размешчаны па школах (у асноўным – італьянскі, але шмат і фламандскіх, галандскіх палотнаў) – тасканскі, п'емонцкі, венецыянскі, балонскі, генуэзскі і г. д.

Галоўным музеем горада Урбіна з'яўляецца Нацыянальная галерэя. Яе аснову склала прыватная калекцыя герцага Федэрыка ды Мантэфельтра (1444–1482), вядомага мецэната, пры двары якога жылі вядомыя мастакі, паэты з розных краін Еўропы. Галерэя знаходзіцца ў палацы герцагаў ды Мантэфельтра – унікальным помніку архітэктуры эпохі Рэнесансу з інтэр'ерам, упрыгожаным фрэскамі Сандра Бацічэлі і Франчэска ды Джорджыа. Захавалася студыёла герцага Федэрыка (калекцыя жывапісу, музычных інструментаў, кніг), афармленне экспазіцыі якой нясе адбітак густу П'ера дэла Франчэска, які жыў у палацы ў той час. Сёння Нацыянальная галерэя Урбіна вядома як адна з лепшых экспазіцый італьянскага жывапісу эпохі Адраджэння.

Парма — горад у Паўночнай Італіі. У старажытнасці быў этрускім, а потым гальскім пасяленнем. У I ст. да н. э. заваяваны рымлянамі. Горад ганарыцца помнікамі архітэктуры старажытнага часу, цікавымі Нацыянальнай галерэяй, Нацыянальным музеем старажытнасцей, бібліятэкай Палаціна. Усе тры ўстановы знаходзяцца ў рэнесансным палацы герцагаў Фарнезе – правіцеляў Пармы. Заснавальнікам бібліятэкі лічыцца герцаг Філіп. Ён жа заснаваў музей старажытнасцей у 1760 г. на аснове знаходак раскопак старажытных рымскіх помнікаў, якія праводзіліся па яго ініцыятыве. Галерэя мае больш доўгую гісторыю – яна фарміравалася на працягу XVII-XIX ст. як прыватны збор герцагаў, з 1882 г. мае статус дзяржаўнага музея. Сёння спецыялізуецца на паказе пармскай школы жывапісу.

Археалагічны музей Палерма заснаваны як нацыянальны музей Сіцыліі ў 1866 г. на базе універсітэцкіх кабінетаў гісторыі і мастацтва. Хуткае павелічэнне фондаў абумовіла выдзяленне ў 1954 г. калекцый мастацтва ў асобны музей – Нацыянальную галерэю Сіцыліі, дзе экспануюцца творы мясцовых мастакоў XIV–XVIII ст. Сёння ў экспазіцыі археалагічнага музея можна ўбачыць знаходкі эпохі палеаліту і бронзавага веку на востраве, калекцыю грэчаскіх ваз (VI-V ст. да н. э.), егіпецкую дробную скульптуру Новага царства, рымскую мазаіку, этрускую калекцыю, нумізматыку. Але галоўнае месца ў экспазіцыі займаюць сіцылійскія знаходкі: пунічная скульптура, метопы, рэльефы храмаў, надмагільнікі, тэракотавыя статуэткі, шкло. Экспазіцыя пабудавана па тапаграфічна-храналагічнаму прынцыпу і паслядоўна распавядае аб пунічнай, італьянскай, грэчаскай, эліністычнай і рымскай цывілізацыях на востраве. Тут прадстаўлены знаходкі з Селінуса, Хімеры, Лілеума, Рандаца, Марсады, Ліпарскіх астравоў.

Непадалёк ад італьянскага курорта Сан-Рэма знаходзіцца незвычайны музей. У ім сабраны макаронныя вырабы з усіх канцоў Італіі – сотні відаў самай рознай таўшчыні, даўжыні, смаку, складу і г. д. Музей заснаваны адным з мясцовых камерсантаў. Раней лічылася, што "пустацелую лапшу" завёз на Апенінскі паўвостраў Марка Пола з Кітая ў 1271 г. Але стваральнік музея знайшоў у генуэзскім архіве дакумент, які сведчыць аб наяўнасці макароны ў Італіі яшчэ ў 1252 г.

МУЗЕІ НІДЭРЛАНДАЎ

Традыцыі мастацкага збіральніцтва ў Галандыі былі закладзены муніцыпалітэтамі. Першыя калекцыі з'явіліся тут у XVI ст. Гэта былі групавыя партрэты членаў стралковых гільдый, якія пісаліся па іх заказу і вывешваліся на сценах у будынках гільдый. Так, па заказу стралкоў была напісана карціна Рэмбранта “Начная варта”. Пасля распаду стралковых гільдый іх маёмасць, у т. л. і калекцыі, перадавалася муніцыпалітэтам. Звычай заказваць карціны перанялі прамысловыя, гандлёвыя і дабрачынныя грамадскія аб'яднанні. Партрэты ўпрыгожвалі будынкі цэхаў і карпарацый, а потым пераходзілі ва ўласнасць гарадоў.

Адзіны буйны прыватны збор фарміраваўся прадстаўнікамі розных пакаленняў дынастыі Аранскіх-Насау. У XVII ст. ён уключаў фамільныя партрэты і дэкаратыўныя палотны, якія ўпрыгожвалі іх палацы. У XVIII ст. статхаўдэры Вільгельм IV і Вільгельм V актыўна калекцыяніравалі карціны мінулых стагоддзяў.

Падчас французскай акупацыі найбольш каштоўныя творы кабінета мастацтваў Вільгельма V былі вывезены ў Парыж, а астатнія прададзены. 3 мэтай захавання калекцый, якія захоўваліся ў іншых палацах Аранскіх, быў створаны музей. У 1800 г. у былой летняй рэзідэнцыі Аранскіх Хейс-тэн-Босх ("Дом у лесе") у Гааге распачала сваю дзейнасць Нацыянальная мастацкая галерэя. За невялікую плату наведвальнікі маглі пазнаёміцца з яе экспанатамі. У 1806 г. Напалеон скасаваў Батаўскую рэспубліку і абвясціў Галандскае каралеўства, а на трон пасадзіў свайго брата Луі Банапарта. Новы правіцель Нідэрландаў пераехаў у Амстэрдам і размясціў сваю рэзідэнцыю ў амстэрдамскай гарадской ратушы.

З Гаагі кароль прывёз 60 палотнаў з калекцыі Аранскіх, набыў у Ратэрдаме 63 творы галандскага жывапісу XVII ст. з калекцыі камерсанта ван Грунвельда. Акрамя гэтага, ён загадаў рэквізіраваць мастацкія каштоўнасці, якія належалі гарадскому праўленню Амстэрдама. Указам ад 21 красавіка 1808 г. быў заснаваны Каралеўскі музей, збор якога налічваў звыш 450 карцін і першапачаткова размясціўся на верхніх паверхах ратушы. Кіраўніцтва музеем было даручана К. Апосталу – аўтару першага навуковага каталога дзяржаўных калекцый.

Вільгельм V Аранскі вярнуўся ў Амстэрдам у 1813 г. і стаў каралём Нідэрландаў пад імем Вільгельм I. Ён вылучыў для музея асабняк Трыпхейс (XVII ст.). Пасля правядзення рэканструкцыі ў ім адкрыўся Рэйксмузеум (Дзяржаўны музей) – першы па значнасці музей Галандыі.

У 1837 г. была заснавана яшчэ адна старэйшая музейная ўстанова Галандыі – Дзяржаўны музей этнаграфіі. Менавіта тады кароль набыў цудоўную калекцыю японскіх прадметаў, сабраную| фон Зібальдам на востраве Дэсіма ў заліве Нагасакі. За апошнія паўтара стагоддзя гэты музей набыў сусветную славу.

Муніцыпальны музей Лейдэна быў заснаваны ў 1874 г. і размешчаны ў гістарычным будынку, пабудаваным у 1640 г. для гільдыі ткачоў. Збор музея асвятляе тэму тэкстыльнай вытворчасці, якая ў мінулым мела вялікае значэнне для жыцця і дабрабыту мяшчан Лейдэна. Розныя этапы вырабу сукна прадстаўлены ў серыі манументальных палотнаў XVI ст., выкананых І. Ван Сваненбургам. Акрамя гэтай унікальнай гісторыі ў карцінах прадстаўлены ткацкі станок, калекцыя ўзораў, нажніцы, клеймы і інш. У экспазіцыі дэманструюцца карціны, якія прысвечаны гістарычным падзеям горада Лейдэна (напрыклад знаццю асады 3 кастрычніка 1574 г. і інш.).

У цэлым музей асвятляе тыповую гарадскую культуру ад XVI ст. і да нашага часу. У музеі захоўваецца цікавая калекцыя прыкладнога мастацтва: лейдэнскае серабро, шкло, алавяны пасуд, чарапіца. Мастацкая калекцыя прадстаўлена такімі знакамітымі майстрамі, як К. Энгебрэхтс і Л. ван Лейдэн (XVI ст ), Рэмбрант, Лівенс, Давід Байлі, Яе Стэн, Герард Доу, мастакамі лейдэнскай "дакладнай школы" (XVII ст.).

У 1911 г. у Амстэрдаме ва ўрачыстых абставінах быў адкрыты мемарыяльны Дом-музей Рэмбранта ван Рэйна – самы вядомы музей Галандыі. У гэтым трохпавярховым будынку каля 20 гадоў жыў і тварыў вялікі жывапісец (менавіта тут быў напісаны знакаміты “Начная варта”). Зараз у музеі захоўваецца самая буйная калекцыя работ Рэмбранта (напрыклад, з 280 малюнкаў майстра тут знаходзіцца 250). Акрамя гэтага, у экспазіцыі дэманструюцца работы яго вучняў.

Для абароны інтарэсаў музеяў у 1926 г. была створана музейная асацыяцыя Нідэрландаў. Першапачаткова гэта было аб'яднанне музейных супрацоўнікаў, а з 1995 г. асацыяцыя пачала аб'ядноўваць і музейныя арганізацыі. Дзейнічае як прадстаўнічы орган нідэрландскіх музеяў, вядзе актыўную работу па распаўсюджванню ведаў праз арганізацыю курсаў, семінараў, даследаванняў, а таксама па арганізацыі выдавецкай дзейнасці. 3 арганізацыі, якая абараняе інтарэсы музеяў, яна ператварылася ў сектарную арганізацыю, якая прадастаўляе інфармацыю, кансультацыі і аперацыйную падтрымку, а таксама дзейнічае ў якасці пасрэдніка для ўсіх, хто мае патрэбу ў інфармацыі і супрацоўніцтве з музейным сектарам (урад, прэса, шырокая публіка). Мэтай асацыяцыі таксама з'яўляецца наладжванне дыялога з рознымі ўрадавымі структурамі, павышэнне прафесіяналізму і незалежнасці музейнага сектара. Асноўны ўпор у дзейнасці асацыяцыі робіцца на ўдасканаленне прафесійных стандартаў нідэрландскіх музеяў і арганізацыю сертыфікацыі музеяў, адпавядаючых іх патрабаванням. У дадатак да асноўных функцый, асацыяцыя падтрымлівае цесныя кантакты з усімі арганізацыямі музейнага сектара, у тым ліку і з замежнымі, а таксама з арганізацыямі сумежных сектараў (напрыклад адукацыйным). Для далейшага свайго развіцця музейная асацыяцыя Нідэрландаў ставіць наступныя мэты: распаўсюджванне ведаў; інтэрнацыяналізацыя і міжкультурны абмен; развіццё інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.

Членам асацыяцыі можа стаць любы нідэрландскі музей, адпавядаючы крытэрыям музейнай рэгістрацыі. Музеі ў асацыяцыі прадстаўлены сваімі дырэктарамі. Акрамя гэтага існуе асацыіраванае членства для немузейных арганізацый, якія адыгрываюць значную ролю ў музейным сектары. На сённяшні дзень асацыяцыя мае дзесяць аддзелаў і налічвае прыкладна 400 членаў. Кіраўніцтва ажыццяўляюць дзевяць дырэктараў музеяў, якія ўваходзяць у склад асацыяцыі. Членскі ўзнос вызначаецца як працэнт ад гадавога даходу кожнай арганізацыі. У залежнасці ад памераў членскіх узносаў устанаўліваецца колькасць галасоў для кожнай арганізацыі (ад аднаго да дваццаці). Асацыіраваныя члены права голаса не маюць.

Музейная асацыяцыя існуе не толькі для музеяў, але і для музейных супрацоўнікаў, якія таксама могуць быць яе ўдзельнікамі.

Сёння ў Нідэрландах шмат цікавых музеяў. Асабліва прывабліваюць наведвальнікаў музеі Амстэрдама – фінансавага і культурнага цэнтра Нідэрландаў. Горад багаты гістарычнымі помнікамі і налічвае больш за 50 музейных устаноў. Акрамя вышэй названых, сярод амстэрдамскіх музеяў дзейнічаюць Музей тропікаў, Гістарычны музей, Гарадскі музей, які мае буйнейшую калекцыю мастацтва XIX-XX ст., Музей Вінсента Ван Гога, які захоўвае больш за 200 карцін і 600 малюнкаў і эскізаў аўтара.

Галоўным музеем, як і раней, з'яўляецца Рэйксмузеум, размешчаны ў вялікім будынку, які выцягнуўся на цэлы квартал уздоўж набярэжнай аднаго з каналаў Амстэрдама, пабудаваным спецыяльна для музея і адкрытым для наведвальнікаў у 1885 г. Калекцыя актыўна папаўнялася пасля адкрыцця музея. Экспанаты паступалі з усіх куткоў краіны і з цягам часу паўстала праблема іх размяшчэння. Таму ў 1916 г. былі ўзведзены новыя павільёны, а пасля вайны перакрыты два ўнутраныя двары, якія ўтварылі 60 новых выставачных памяшканняў.

У Рэйксмузеуме захоўваецца самы значны збор нідэрландскага жывапісу XV–XVII ст. Славу Дзяржаўнага музея Амстэрдама складаюць перш за ўсё такія майстры, як Франс Хальс, Ян Стэн, Харменс Рэмбрант ван Рэйн і Ян Вермеер. Найвялікшай каштоўнасцю Рэйксмузеума, бясспрэчна, з'яўляецца калекцыя карцін Рэмбранта, якая дае шырокае ўяўленне аб творчасці вялікага майстра. Тут можна ўбачыць не толькі партрэты і карціны на біблейскія тэмы, але і рэдкія ў Рэмбранта нацюрморты і пейзажы ("Нацюрморт з мёртвым паўлінам", "Пейзаж з мосцікам"). Візітнай карткай музея з'яўляецца самы праслаўлены яго твор 1630-х гг. "Начны дазор" – групавы партрэт кіраўнікоў карпарацыі амстэрдамскіх стралкоў капітана Баннінга Кока і лейтэнанта Рэйтэнбурха. Назва карціне была дадзена ў канцы XIX ст. Вялікае палатно (359*438) вісіць у асобнай зале на першым паверсе Галерэі Славы, якая была адведзена для карціны ў 1901 г. Сярод карцін Рэмбранта – "Яўрэйская нявеста", "Сіндыкі цэха суконшчыкаў", "Аўтапартрэт у выглядзе апостала Паўла". Некаторыя карціны, выстаўленыя ў экспазіцыі, не належаць Рейксмузеуму, а толькі прадастаўлены яму для доўгатэрміновага экспаніравання (напрыклад, "Партрэт Цітуса ван Рэйна, сына мастака" з Луўра).

Амстэрдамскі музей ганарыцца буйнейшай у свеце калекцыяй карцін аднаго з самых значных мастакоў Галандыі Вермеера Дэльфцкага (яна налічвае чатыры творы). Вермеер пакінуў усяго каля трох дзясяткаў карцін, большая частка з якіх пасля яго смерці была прададзена на аўкцыёне за даўгі. Таму яго творы раскіданы па ўсім свеце і іх можна ўбачыць у нямногіх музеях.

У экспазіцыі музея выстаўлены некалькі карцін буйнейшага нідэрландскага мастака пачатку XVI ст. Лукі Лейдэнскага, сярод якіх "Пропаведзь у царкве". У тыя часы вялікая група нідэрландскіх мастакоў арыентавалася на італьянскае мастацтва эпохі Адраджэння. Адным з буйнейшых прадстаўнікоў гэтага кірунку быў адукаваны жывапісец, архітэктар, гуманіст Ян ван Скорэль. Ён пабываў у Палесціне, некалькі гадоў працаваў захавальнікам антычных калекцый папы рымскага. Яго карціна "Святая Марыя Магдаліна" напісана ў традыцыях вялікіх італьянцаў.

Сапраўдным заснавальнікам нацыянальнай школы нідэрландскага жывапісу лічыцца Франс Хальс. Асноўныя яго творы знаходзяцца ў Гарлемскім музеі, але некалькі карцін выстаўлены і ў Рэйксмузеуме (напрыклад "Вясёлы сабутыльнік").

Калекцыі Рэйксмузеума налічваюць каля 5000 карцін і амаль мільён гравюр і малюнкаў. Маюцца і творы замежных мастакоў – фламандцаў, іспанцаў, але дастаткова абмежавана прадстаўлены важнейшыя еўрапейскія школы. У XIX ст. пры камплектаванні калекцый дзяржаўнага музея асноўны ўпор рабіўся на творах жывапісу сваёй краіны (нават ігнаравалася італьянскае мастацтва). Таму музей валодае хоць і прадстаўнічай, але невялікай калекцыяй італьянскага мастацтва.

У музеі прадстаўлены таксама збор прыкладнога мастацтва, які ўключае вырабы з серабра і знакаміты дэльфцкі фарфор, а таксама цудоўная калекцыя мастацтва Азіі. Усходняе крыло будынка поўнасцю адведзена пад Музей гісторыі Галандыі.

У 2003 г. у міжнародным аэрапорце Схіпол быў адкрыты музей-філіял Рэйксмузеума (займае плошчу ў 160 кв. м паміж выхадамі F і Е). Пасажыры, якія чакаюць свой рэйс, могуць пазнаёміцца з творчасцю галандскіх жывапісцаў. Сярод экспанатаў прадстаўлены творы Рэмбранта, Йана Стэйна, Пітэра дэ Хоха.

У лютым 2004 г. у сталіцы краіны адбылося афіцыйнае адкрыццё філіяла пецярбургскага Эрмітажа – Музея "Эрмітаж-Амстэрдам". Амстэрдамскі філіял размясціўся ў будынку XVII ст. на Ніўвэ-Херэнхрахт, які раней служыў прыютам для састарэлых. Першая выстаўка "Золата грэкаў" дэманструе грэчаскія вырабы з золата, самым старажытным з іх – 2,5 тыс гадоў. Яны былі знойдзены расійскімі археолагамі падчас раскопак старажытнагрэчаскіх пасяленняў на берагах Чорнага мора. Мяркуецца, што выстаўка будзе мяняцца кожныя паўгода.

Музей Бойманса – ван Бенінгена – муніцыпальны музей Ратэрдама, у назве якога аб'яднаны імёны двух мецэнатаў – калекцыянераў мастацтва. Музейны будынак быў узведзены ў 1935 г.

Першапачаткова музей Бойманса меў звычайную для Нідэрландаў калекцыю, аснову якой складалі карціны галандскіх мастакоў XVII ст. і французскіх майстроў XIX-XX ст. Пасля набыцця калекцыі ван Бенінгена музей атрымаў творы нідэрландскіх мастакоў эпохі Адраджэння, а таксама палотны французскіх, фламандскіх і італьянскіх мастакоў. Дзве калекцыі і склалі аснову сучаснай экспазіцыі музея – адной з самых значных у Галандыі,

Экспазіцыя музея Бойманса – ван Бенінгена мае чатыры раздзелы: жывапіс старых майстроў, кабінет малюнка і графікі, дэкаратыўнае мастацтва і мастацтва мадэрна. Як і іншыя галандскія музеі, ратэрдамскі збор старадаўняга жывапісу фарміраваўся пераважна за кошт твораў нідэрландскіх мастакоў. У жывапіснай экспазіцыі XV-XVI ст. цэнтральнае месца займае палатно Яна ван Эйка "Яўленне анёла жонкам-міраносіцам" – адзіны твор гэтага мастака ў Галандыі.

Тут прадстаўлены таксама творы Гертгена тот Сінт-Янса, Іераніма Босха і Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Пэндзлю Брэйгеля належыць карціна "Вавілонская вежа", якая стала "візітнай карткай" музея. Сярод палотнаў Босха – "Брак у Кане", "Святы Хрыстафор", медальён "Гісторыя Ноя" і вяршыня збору – карціна "Блудны сын".

Цудоўны збор XVII ст. знаёміць з карцінамі Яна Стэна, Рэмбранта ван Рэйна. Партрэт сына мастака, Цітуса, выстаўлены ў музеі, адносіцца да ліку лепшых твораў Рэмбранта. Да шэдэўраў ратэрдамскага музея адносіцца і аўтапартрэт маладога мастака Карэля Фабрыцыўса. У экспазіцыі прадстаўлены творы Пітэра Паўля Рубенса: карціна "Купанне Дзіяны", каля 20 эскізаў розных творчых перыядаў. Цікавы эскіз "Узяцце Хрыста пад варту" адносіцца да ранняга, т. зв. "італьянскага", перыяду творчасці мастака.

Дастаткова разнастайныя экспанаты калекцыі італьянскага мастацтва. XVI ст. прадстаўлена тут у асноўным работамі венецыянскіх майстроў, сярод якіх выдзяляецца невялікі шэдэўр Паола Веранезе – "Партрэт хлопчыка". Венецыя была сведкай апошніх гадоў жыцця і дзейнасці Бернарда Строцы. Карціну "Давід з галавой Галіяфа" ён напісаў у 1635 г.

Французскі жывапіс XVII ст. прадстаўлены партрэтам двух маладых мастакоў – Ж. Б. Шампеня і Н. Мантаня. Адзін з маладых людзей прысеў на край мальберта, другі робіць зарысоўкі на лісце паперы. Незвычайнасць гэтай карціны заключана ў тым, што партрэт напісаны імі сумесна: маладыя людзі намалявалі адзін другога на адной карціне, сумесна ж дапісалі інтэр'ер.

У кабінеце малюнка і графікі выстаўлены творы самых розных школ, пачынаючы з эпохі сярэдневякоўя і да нашых дзён. Сярод аўтараў – вялікія майстры малюнка і гравюры Рэмбрант і Дзюрэр, мастак італьянскага Адраджэння А. Пізанэла, знакаміты французскі класіцыст Антуан Вато, славуты імпрэсіяніст Поль Сезан.

Шматлікі і аддзел дэкаратыўнага мастацтва. Тут выстаўлены розныя ўпрыгожанні, хатнія прадметы і іншыя рэчы ад сярэдніх вякоў да эпохі мадэрну. Асабліва значнымі з'яўляюцца калекцыі шкла, серабра, маёлікі. Пачынаючы з 1982 г. музей займаецца збіраннем калекцыі індустрыяльнага дызайну, якая сёння займае значную частку экспазіцыі.

Калекцыя мастацтва мадэрну музея Бойманса – ван Бенінгена – буйнейшая ў Нідэрландах. У яе склад уваходзяць як творы класікаў эпохі – Клода Манэ, Вінсента Ван Гога і Васіля Кандзінскага, так і сучаснае мастацтва: галандца Піта Мандрыяна, француза Рэнэ Магрыта і іспанца Сальвадора Далі. Збор ахоплівае перыяд з 1850-х гг., калі толькі зараджаўся мастацкі накірунак імпрэсіянізму, і канчаючы сюррэалістычным вопытам сярэдзіны і другой паловы XX ст. Прадстаўлены творы французаў Маціса і Дзюфі, аўстрыйца Оскара Какошкі, нарвежца Эдварда Мунка, бельгійцаў Пермеке і Ваўтэрса, некалькі ранніх работ Пікасо. Калекцыю дапаўняе збор сучаснай нямецкай і амерыканскай скульптуры.

Каралеўская мастацкая галерэя ў Гааге знаходзіцца ў будынку, які быў узведзены ў 1633–1644 гг. вядомымі галандскімі архітэктарамі таго часу Я. Ван Кампенам і П. Постам для прынца Морыца Насаўскага, генерал-губернатара галандскай Бразіліі (1604–1679). Амаль праз дзвесце гадоў, у 1820 г. у гэтым асабняку размясцілася Каралеўская мастацкая галерэя, якая валодала адным з лепшых у свеце збораў галандскага жывапісу XV–XVII ст. Сёння ў галерэі поўна і разнастайна прадстаўлены ўсе жанры галандскага выяўленчага мастацтва: цудоўныя ўзоры партрэтаў, пейзажы, нацюрморты, гістарычныя палотны, жанравыя сцэны паўсядзённага жыцця. Ствараецца ўражанне, што музей не абышоў сваёй увагай ні аднаго колькі-небудзь значнага мастака Нідэрландаў. У экспазіцыі дэманструюцца творы партрэтыста Антона Ван Дэйка і Якаба ван Кампера, майстроў нацюрморта Вілема ван Эльста і Бальтазара ван дэр Аста, знакамітых пейзажыстаў Хендрыка Аверкампа з яго славутым "Зімнім пейзажам", Яна ван Гоена і Саламона ван Руісдэла, а таксама таленавітых майстроў жанравай сцэны Герарда Тэрбарха, Пітэра дэ Хоха, Герарда Доу і іншых. Сярод многіх знакамітых імён вылучаюцца чатыры найбольш значныя для галандскага мастацтва Ян Стэн, Франс Хальс, Рэмбрант ван Рэйн і Ян Вермеер. У музеі можна ўбачыць "Стары пяе – маладыя падпяваюць" Яна Стэна, "Сімяон, ухваляючы Хрыста", "Урок анатоміі доктара Тулііпа" і адзін з апошніх аўтапартрэтаў Рэмбранта.

У Нідэрландах засталося толькі шэсць карцін Вермеера. Дзве з іх – у Каралеўскай мастацкай галерэі. Гэта знакаміты "Краявід Дэлфта" і "Дзяўчына з жамчужнай завушніцай".

Калекцыя жывапісу Нідэрландаў XVII ст. – галоўнае багацці Каралеўскай галерэі. Акрамя яе экспануюцца і творы мастакоў фламандскага жывапісу, сярод якіх творы майстроў XV ст. Рагіра ван дэр Вейдэна ("Аплакванне Хрыста") і Ганса Мемлінга ("Мужчынскі партрэт").

Збор галерэі дапаўняе мастацкая калекцыя прынца Вільгельма V, прысвечаная жывапісу XVIII ст.

Музей Тэйлера ў Гарлеме – самы стары грамадскі музей Нідэрландаў. Яго экпазіцыя адлюстроўвае гісторыю культуры і навуковых адкрыццяў на працягу апошніх двухсот гадоў. Заснавальнікам музея з'яўляецца Пітэр Тэйлер ван дэр Хульст – багаты фінансіст і гандляр тканінамі з Гарлема. Тыповы прадстаўнік свайго часу, ён быў перакананы ў вялікай значнасці ведаў для чалавецтва. Праяўляў жывы інтарэс як да навукі, так і да мастацтва, і калекцыяніраваў мінералы і акамянеласці, навуковыя інструменты, творы жывапісу. У яго калекцыі прадстаўлены эстампы і малюнкі такіх знакамітых мастакоў, як Мікеланджэла і Рэмбрант. У сваім завяшчанні Пітэр Тэйлер распарадзіўся на аснове яго капіталу стварыць фонд, які павінен быць выкарыстаны для развіцця навукі і мастацтва. Такім чынам пасля яго смерці з'явіўся першы грамадскі музей, які ў 1784 г. быў адкрыты для публікі.

Музей ганарыцца багатай мастацкай калекцыяй, якая налічвае каля 300 карцін, 10 тыс. малюнкаў і 20 тыс. эстампаў буйнейшых еўрапейскіх мастакоў, а нумізматычная калекцыя лічыцца другой па велічыні ў Нідэрландах.

Музей валодае самай багатай у краіне бібліятэкай кніг па батаніцы, заалогіі і геалогіі – 125 тыс. тамоў манаграфій і перыядычных выданняў, атласаў, энцыклапедый з усяго свету.

У г. Дрэнт працуе Музей драўляных туфель братоў В'етзэс. Сярод аналагічных музеяў гэты буйнейшы у Еўропе. Музей названы ў гонар двух апошніх вытворцаў драўляных туфель братоў В'етзэс. Яны выпускалі як звычайныя туфлі для штодзённага карыстання, так і спецыяльныя ўзоры. Калекцыя, якую яны сабралі, была дапоўнена прыладамі для вырабу абутку і пашырана за кошт пастаянных паступленняў драўляных туфель з усяго свету.

У музеі наведвальнікі знаёмяцца з багатай калекцыяй туфель, пачынаючы са звычайных драўляных сандалій і канчаючы эксклюзіўнымі ўзорамі, з працэсам іх вырабу ў поўнасцю абсталяванай майстэрні. Абутак вырабляўся як уручную, так і пры дапамозе станкоў. У экспазіцыі прадстаўлены першыя машыны пачатку XX ст., якія аўтаматызавалі гэты працэс. Абутак, выраблены на станку, майстар даводзіў да гатоўнасці часцей за ўсё ўручную з улікам асаблівасцей нагі заказчыка. Матэрыялы музея даюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй драўлянага абутку ў розных краінах, тэхналогіямі іх вырабу, а таксама з гісторыямі жыцця некаторых майстроў.

Музей Джорджа Маршала знаходзіцца ў г. Звіндрэхт, недалёка ад Ратэрдама. Узнік па ініцыятыве прамыслоўца Яапа дэ Гроата. Калекцыю музея складаюць адрэстаўрыраваныя ваенныя аўтамабілі розных гадоў. На сённяшні дзень тут прадстаўлена больш за 100 машын у рабочым стане, размешчаных на выставачнай пляцоўцы ў 10 тыс. кв. м.

Выставачныя экспанаты арганізаваны групамі машын у рэканструяваным натуральным асяроддзі, якія ілюструюць падзеі другой сусветнай вайны. Так, адна экспазіцыя прадстаўляе высадку амерыканскага дэсанта ў Нармандыі: выкарыстаны "омахі", "юты", аўтамабілі-амфібіі. Другая выставачная пляцоўка знаёміць наведвальнікаў з ваенным транспартам амерыканскай арміі падчас вайны: калёсныя і гусенічныя сродкі перавозкі людзей і грузаў, у тым ліку нават камплект, які складаецца з пантоннага маста і перасоўнага крана для яго ўстаноўкі.

Наведвальнікам прадастаўляецца магчымасць пазнаёміцца з відэаматэрыяламі пра другую сусветную вайну.

Дзяржаўны музей алавяных фігурак з'яўляецца адзіным у сваім родзе ў Нідэрландах. Калекцыя музея вельмі разнастайная: алавяныя салдацікі, розныя жывёлы, фігуркі, знакамітыя вандроўнікі і г. д. Збор алавяных фігурак розных часоў вельмі каштоўны і цікавы. Па-мастацку выкананыя да дробязных дэталей, уручную распісаныя, маленькія фігуркі выстаўлены ў музеі тэматычнымі групамі ў спецыяльных дыярамах. Штогод распрацоўваецца новая выстаўка, прысвечаная асобнай тэме. Пры гэтым выкарыстоўваюцца як прадметы музейнага фонду, так і іншыя падобныя прыватныя і дзяржаўныя калекцыі з усёй Еўропы. Так, у 2001/2002 гг. прайшла выстаўка на тэму "Усё пра кола", прысвечаная эвалюцыі кола на працягу стагоддзяў. Яго гісторыя адлюстравана пры дапамозе шматлікіх мініяцюрных павозак, фургонаў, экіпажаў, веласіпедаў, аўтамашын, цягнікоў.

Нідэрландскі музей сыру ў Алькмаары. Сыр, акрамя цюльпанаў і драўлянага абутку, – адзін з сімвалаў Галандыі. Фермы з сыраварнямі сустракаюцца паўсюдна. Звычайна такая ферма мае тры памяшканні для вытворчасці сыру: сырадзельня, памяшканне для засолкі і сырасховішча. Якасць сыру вызначаецца якасцю малака, а яно, у сваю чаргу, якасцю травы. Пасуцца каровы на польдэрах – асушаных землях, размешчаных ніжэй узроўню мора за ахоўнымі дамбамі (некаторым з іх ужо не адна сотня гадоў).

Музей дастаткова поўна асвятляе розныя аспекты сыраварэння. Калекцыі музея арганізаваны па тэмам. Адна з іх прысвечана нацыянальнаму касцюму, у склад якой уваходзяць 24 партрэты XVI ст. з выявамі жанчын у касцюмах розных абласцей поўначы Галандыі і копіі сапраўдных нацыянальных касцюмаў. Гэта адна з лепшых падобных калекцый.

Другая тэма экспазіцыі – жыццё на ферме. Да пачатку XX ст. сыр вырабляўся жонкамі фермераў. Гэта была цяжкая, пераважна ручная праца.

За апошнія стагоддзі працэс сыраварэння развіўся ў цэлую навуку пра вытворчасць высакаякаснага сыру. Прамысловая вытворчасць сыру выклікала буйны рост гандлю гэтым прадуктам. Спецыяльны раздзел музея распавядае пра этапы развіцця гандлю. I сёння на кірмашах гарадоў Галандыі можна ўбачыць гандляроў сырам у знакамітых гістарычных касцюмах гільдыі.

У канцы кожнай экскурсіі праходзіць дэгустацыя розных гатункаў галандскага сыру.

Нідэрландскі марскі музей знаёміць з пяцісотгадовай гісторыяй каралеўскага флоту дзяржавы, пачынаючы з Нідэрландскай рэвалюцыі XVI ст., калі галандскі народ паўстаў супраць улады Іспаніі і заканчваючы ваеннымі дзеяннямі падчас вайны Карэі і былой галандскай Новай Гвінеі. Матэрыялы сталай экспазіцыі адлюстроўваюць эвалюцыю ваенных караблёў, знакамітых людзей, чыё жыццё было звязана з морам, побыт і асаблівасці флоцкага жыцця. Сярод экспанатаў музея – мінны тральшчык "Абрахам Крынсен", які праславіўся падчас другой сусветнай вайны. Замаскіраваўшы палубу дрэвамі, яму ўдалося перасекчы лінію японскіх ваенных суднаў. Не менш цікавы экспанат – галандская субмарына "Тонін" (тунец). Такія судны былі на ўзбраенні ў перыяд 1860–1890-х гг.

Апошнім часам музей набыў калекцыю, якая знаёміць з гісторыяй аснашчэння, узбраення і рамонту ваенных караблёў: паказана гісторыя і абсталяванне карабельных докаў, зброевыя майстэрні, майстэрні па рамонту і мантажу сучаснага электроннага і аптычнага абсталявання.

Наведвальнікі маюць магчымасць пагуляць па падводнай лодцы ці міннаму тральшчыку, адчуць атмасферу ваеннага судна. Шырокаэкранная відэапрэзентацыя знаёміць з сучасным станам каралеўскага нідэрландскага флоту.

МУЗЕІ ДАНІІ

Данія – адна з краін з моцнай традыцыяй прыватнай ініцыятывы ў галіне музейнай справы (першы прыватны музей у Капенгагене быў заснаваны яшчэ ў 1621 г. О. Вормам). Большасць музеяў Даніі маюць статус грамадскіх ці прыватных устаноу. Трэцяя частка ўcix музеяў належыць муніцыпалітэтам i графствам. Зараз толькі 13 нацыянальных музеяў краіны цалкам залежаць ад фінансаваняя дзяржавы праз Міністэрства культуры i Міністэрства адукацыі. Каля 150 музеяў папаўняюць свой бюджэт часткова за кошт дзяржаўнага фінансавання.

У 1958 г. урадам быу прыняты “Акт аб грашовай дапамозе музеям”. 3 таго часу пачала працаваць «сістэма дзяржаўных грантаў, якія выдзяляюцца перш за усё мясцовым музеям, бо нацыянальныя музеі стабільна атрымліваюць грошы з дзяржаўнага бюджэту. Памер гранта залежыць ад якасці работы музея. Рашэнне аб яго выдзяленні прымае Нацыянальны савет музеяў.

3 1984 г. развіццём музейнай справы у Даніі займаецца Міністэрства культуры краіны. Паралельна з Міністэрствам культуры музейную справу ў нацыянальным маштабе каардынуе Нацыянальны савет музеяў. У маштабе графстваў гэту работу выконваюць Саветы музеяў графстваў. Музейны cepвic-цэнтр дапамагае музеям у вырашэнні паўсядзённых арганізацыйных пытанняў. Музейных спецыялістаў рыхтуюць Міністэрства культуры, Дацкі інстытут музейнай падрыхтоўкі, Каралеўская дацкая акадэмія мастацтваў. Дзейнічаюць іншыя аб’яднанні. Асацыяцыя дацкіх музеяу ricторыі (з 1929 г.), Асацыяцыя дацкіх музейных супрацоўнікаў (з 1928 г.), Асацыяцыя дацкіх мастацкіх музеяў (з 1978 г.), Дацкая секцыя асацыяцыі скандынаўскіх музеяў, Дацкі нацыянальны камітэт ICOM. Пры Дзяржаўным мастацкім музеі ў Капенгагене дзейнічае аб'яднанне "Сябры мастацкіх музеяў". Нацыянальныя музеі абслугоўвае спецыялізаваная музеалагічная бібліятэка.

Сталіцу Даніі – горад Капенгаген яшчэ з XIX ст. называюць "Пауночным Парыжам". Дацкая сталіца для мастакоў, пісьменнікаў, скульптараў i паэтаў Скандынавіі – як Парыж для творчых людзей усяго свету, – стала месцам, куды яны імкнулісяя за натхненнем i дзе працавалі, сустракаліся, абменьваліся сваімі ідэямі i задумкамі. Капенгаген славіцца сваімі музеямі, сярод якіх – Нацыянальны музей, Гарадскі музей, Каралеўскі марскі музей, Дзяржаўны мастацкі музей, Заалагічны музей, Музей гісторыі тэатра, Дацкі кінамузей, Музей эротыкі i іншыя.

Сусветна вядомы Нацыянальны музей Даніі размясціўся ў цудоўным палацы XVIII ст. у цэнтры Капенгагена. 3 1806 г. пачынаецца гісторыя заснавання калекцыі першага ў свеце сістэматычнага археалагічнага музея, калі бібліятэкар Капенгагенскага універсітэта Р. Ніруп. Р. Ніруп сабраў невялікую калекцыю старадаўніх дацкіх знаходак, надрукаваў кнігу пад назвай “Агляд нацыянальных старажытнасцей” i зpaбіў прапанову аб стварэнні музея. А ў 1807 г. пачала працаваць Каралеуская камісія па фарміраванні калекцыі новага Нацыянальнага музея.

У 1813 г. вучоны Ведэль-Сімонсэн вывучаў багацейшую экспазіцыю Нацыянальнага музея Даніі i прапанаваў перыядызацыю першабытнай гісторыі чалавецтва па трох перыядах: каменны, бронзавы i жалезны вякі (пазней гэтая перыядызацыя стала класічнай).

У 1819 г. музей быў адкрыты для публікі, а праз некалькі гадоў размясціўся ў каралеўскім палацы Хрысціянборг, дзе кожная экспазіцыя – каменнага, бронзавага i жалезнага вякоў – атрымала асобную залу.

Сёння сталая экспазіцыя адлюстроўвае шматвяковую гісторыю Скандынавіі. Фонды музея ўтрымліваюць наступныя калекцыі:

  • Данія ў дагістарычны перыяд (13 тыс. г. да н. э. - 1050 г. н. э.), дзе прадстаўлены археалагічныя знаходкі эпох каменнага, бронзавага i жалезнага вякоў;

  • Данія сярэдневякоўя i Рэнесансу (1050 - 1660 гг.), дацкае грамадства да i пасля Рэфармацыі – прадметы царкоўнага мастацтва, адзення, збpoi, прыкладнога мастацтва i інш.;

  • Данія XVIII ст.;

  • каралеўская калекцыя манет i медалёў – манеты ад часоў вікінгаў да нашых дзён, а таксама старажытнагрэчаскія і рымскія манеты;

  • старажытнасцей Егіпта, Грэцыі i Рыма;

  • буйнейшая ў Скандынавіі калекцыя грэчаскай керамікі;

  • этнаграфічная.

У Нацыянальным музеі захоўваецца партрэт, гісторыя якога доўгі час выклікала пытанні. Гісторыкі прыйшлі да высновы, што гэта партрэт Івана Грознага, які быў напісаны ў 1565 г., калі Іван IV дадаў да свайго тытула званне “самадзержац”. У Данію партрэт трапіў у 1677 г. як падарунак дацкаму каралю Хрысціяну V ад маскоўскага цара Фёдара Аляксеевіча.

У распараджэнні Нацыянальнага музея знаходзяцца Дзіцячы музей, Музей пад адкрытым небам (на плошчы у 36 гектараў размешчаны жылыя дамы, фермы, млыны, звезеныя з ycix канцоў краіны), музей Брэдэ (былая ткацкая фабрыка) i музей Дацкага супраціўлення 1940-1945 гг.

Буйнейшы музей Даніі – дзяржаўная Нацыянальная галерэя ў Капенгагене. Пачатак яе калекцыі быў пакладзены зборам твораў мастацтва XVIII ст., які імкліва разрастаўся. У 1889-1896 гг. для музея быў узведзены будынак, дзе зараз i захоўваецца багацейшы збор жывапісу i скульптуры XVII-XX ст. Гэта карціны італьянскіх i галандскіх майстроў, старых інспанскіх мастакоў (Эль Грэка, Гоя), нямецкіх i французсіх жывапісцаў (Кранах, Маціс i яго сучаснікі). Выключную каштоўнасць мае мастацтва Скандынавіі i асабліва збор карцін дацкіх мастакоў.

Гісторыя Музея Торвальдсена пачынаецца у 1837 г., калі сусветна вядомы скульптар падарыў свае работы – скульптуры i малюнка, сабраную ім антычную калекцыю i карціны – роднаму гораду. У 1839-1848 гг. для музея быў пабудаваны будынак архітэктарам М. Г. Біндэсбола, у якім ён зараз i знаходзіцца. Музей змяшчае адну з найвялікшых у Даніі калекцый скульптуры.

Другі па велічыні збор скульптур знаходзіцца ў Новай гліптатэцы Карлсберга. Яна была заснавана у 1888 г. К. Якабсенам, уладальнікам піваварных заводаў, які захацеў паказаць сваю значную калекцыю твораў мастацтва шырокай публіцы. Будынак для гліптатэкі будавалі знакамітыя дацкія архітэктары – В. Далеруп i X. Кампман. Пад дахам размясцілі зімні сад, які накрылi шкляным купалам. Для наведвальнікаў музей адкрыў дзверы ў 1897 г. Збор гліптатэкі з цягам часу папаўняўся за кошт ахвяраванняў i набытых экспанатаў i зараз лічыцца адным з багацейшых скарбаў сусветнага мастацтва. Найбольш цікавымі лічацца аддзелы антычнасці, дацкай скульптуры i французскага мастацтва.

Збор скульптуры вельмі багаты i разнастайны, ахоплівае помнікі прыкладна за перыяд 3 тыс. да н. э. – IV ст. н. э., як каменныя, так i гліняныя i драўляныя. Дадзены аддзел пачынаецца з экспазіцыі скульптуры Старажытнага Егіпта. Самым старажытным экспанатам лічыцца фігурка гіпапатама (каля 3 тыс. да н. э.). У наступных за егіпецкімі заламі прадстаўлена калекцыя старажытнагрэчаскага мастацтва. Асобная зала адведзена для рымскіх копій з грэчаскіх арыгіналаў. У экспазіцыі прадстаўлена калекцыя прыжыццёвых партрэтных бюстаў рымскіх імператараў ад Гая Юлія Цэзара да Каракалы, скульптуры міфалагічных герояў. У залах еўрапейскай скульптуры экспануюцца творы Радэна, Карпо, Маёля, А. Кановы.

Калекцыя французскага жывапісу прадстаўлена такімі імёнамі, як Каро, Э. Манэ, Рэнуар, Сезан, К. Манэ, Дэга, Гаген, Тулуз-Латрэк i інш.

Музей Карлсберга ў Капенгагене захоўвае культурна-гістарычную калекцыю, звязаную з вядомым піваварным заводам. На старым заводзе музей праводзщь свае выстаўка.

За 30 км ад Капенгагена у жывапісным старым парку на беразе возера размясціўся Музей сучаснага мастацтва Луізіана, які быў адкрыты ў 1958 г. Заснавальнікам музея з'яўляецца К. В. Йенсен, яга набыў маёнтак Луізіана i размясціў там сваю цікавую калекцыю. Аддаленасць ад горада не адштурхоўвае наведвальнікаў, а, наадварот, прываблівае магчымасцю правесці выхадныя за горадам. На трохвугольнай плоскай пляцоўцы пабудаваны экспазіцыйны комплекс з бібліятэкай i кафэ. Архітэктары Й. Бо i В. Воларт узвялі новыя пабудовы i выкарысталі стары будынак для адміністрацыі, сховішча i вестыбюля. Ствараецца поўная ілюзія зліцця з паркам. Экспазіцыя разгортваецца перад наведвальнікам паступова, пасля агляду некалькіх экспанатаў робіцца пауза для адпачынку, увага пераключаецца на парк, дрэвы, скульптуру пад адкрытым небам. У вялікай выставачнай зале з антрэсоллю экспанаты размешчаны так, што ў цэнтры ўвагі аказваюцца спачатку тыя з ix, што знаходзяцца на верхнім узроўні, а потым – на ніжнім. Скульптура дэманструецца з розных ракурсаў. Змена пункту успрымання служыць важным сродкам актывізацыі ўвагі наведвальніка. Для асвятлення экспанатаў выкарыстоўваюцца бясценевыя экраніраваныя лямпы. Светлавы паток накіраваны на карціны, а разрывы паміж iмi ў зоне перамяшчэння наведвальніка застаюцца зацямнёнымі.

Асаблівая ўвага надаецца ў музеі яго славутасцям: зале Джакамеці, тэрасе Колдэра, скульптурам Мура і іншым вядомым творам.

У г. Орхусе Дагістарычны музей вядомы сваім унікальным экспанатам – Граўбольскім чалавекам, рэшткі якога на працягу 1600 гадоў праляжалі ў балоце і выдатна захаваліся. Таксама вельмі цікавы Музей Старога горада, дзе сабрана болын за 60 дамоў узростам да 400 гадоў з усёй Даніі.

У 1970 г. у Месгарэ, на поўдзень ад Орхуса, у палацы XVIII ст. была адкрыта экспазіцыя, цалкам прысвечаная каменнаму веку. Сучасная экспазіцыя дзеліцца на дзве часткі: храналагічную і тэматычную. Храналагічная складаецца з раздзелаў, якія адпавядаюць тыпу навакольнага асяроддзя. Кожны раздзел, напрыклад "Лясная пушча", уключае такія тыпы, як зямля, стаянкі, асновы жыцця, прылады, грамадства, жыццё і смерць. У раздзеле тэхналогіі можна пазнаёміцца з тэхнікай апрацоўкі крэмнію. У тэматычнай частцы экспазіцыі наведвальнік можа атрымаць поўнае ўяўленне аб пасяленні эпохі неаліту. Тут паказаны фрагмент раскопаў, розныя знаходкі, а таксама прадстаўлены матэрыялы даследаванняў, дыярамы, копіі прылад, якія можна ўзяць у рукі.

У г. Одэнсе знаходзяцца Музей Г. X. Андэрсена, Музей пад адкрытым небам "Фюнская вёска", а ў яго наваколлі – Музей-магільнік, дзе ў 20-метровай лодцы X ст. спачывае правадыр вікінгаў, пахаваны са зброяй, каштоўнасцямі, чатырма паляўнічымі сабакамі і 11 коньмі.

Эсб'ерг, горад маракоў, вядомы сваім портам і трыма музеямі: марскім, гістарычным і галерэяй мастацтваў. Марскі і гістарычны музеі размясціліся ў старым будынку, а галерэя мастацтваў – у новым, які пабудаваны муніцыпалітэтам у 1962 г.

У г. Хернінгу пабудаваны музей для калекцыі твораў мастака К. X. Педэрсенса, які з'яўляецца аўтарам і архітэктарам праекта. Гэта круглы будынак, які звонку ўпрыгожаны манументальным роспісам, а вакол яго ў парку расстаўлены скульптуры.

Да новых музеяў Даніі адносіцца Музей караблёў вікінгаў у г. Роскілдзе. Сама назва "вікінг" мае нарвежскае паходжанне ад слова "vik" – “заліў”, “бухта”. У IX ст. гэта слова пачало выкарыстоўвацца скандынавамі ў значэнні "марское вандраванне". Вікінгі былі лепшымі мараходамі паўночных краін і плавалі на сваіх лодках на далёкія адлегласці і за многа стагоддзяў да Калумба даплывалі да берагоў Паўночнай Амерыкі. У музеі экспануюцца пяць караблёў, якія былі падняты з дна Роскілд-ф'ёрда: вялікі гандлёвы карабель, баявы карабель вікінгаў, невялікі гандлёвы карабель, малы ваенны карабель і старадаўняя рыбалоўная лодка. Паднятыя прадметы сталі цікавым матэрыялам для навукоўцаў і даследчыкаў, якія здолелі ўзнавіць гісторыю суднаходства і суднабудаўніцтва не толькі ў Балтыйскім і Паўночным морах, але і ў Атлантычным акіяне.

МУЗЕІ НАРВЕГІІ

У Нарвегіі, краіне з 4-мільённым насельніцтвам, існуе 800 дзяржаўных і прыватных музеяў. Большасць з іх мае гісторыка-краязнаўчы профіль і падпарадкоўваецца мясцовым адміністрацыям, а буйнейшыя музеі – музейнай службе Міністэрства культуры.

Сярод музейных асацыяцый краіны старэйшай з'яўляецца Асацыяцыя па ахове помнікаў Нарвегіі, якая заснавана ў 1844 г. Дзейнічае чатыры нацыянальныя прафесійныя музейныя асацыяцыі: гісторыка-мастацкая, прыродазнаўчая, музейнай адукацыі і рэстаўрацыі. Працуюць Нарвежская секцыя асацыяцыі скандынаўскіх музеяў, нацыянальны камітэт ІСОМ. Пры універсітэце ў Тромсё дзейнічае інстытут музеялогіі. Пры Музеі прыкладнога мастацтва ў Осла заснавана майстэрня-лабараторыя, якая займаецца захаваннем і рэстаўрацыяй старадаўніх тканін, габеленаў, касцюмаў. Лабараторыя па кансервацыі працуе пры археалагічным музеі ў Ставангеры.

У 1997 г. парламентам краіны быў прыняты "Закон аб музеях". У сталіцы краіны г. Осла знаходзяцца: Нацыянальная галерэя, Музей нацыянальных старажытнасцей, Нарвежскі народны музей, музеі "Фрам", "Кон-цікі" і іншыя.

У г. Хрысціянсуне, які раскінуўся на ўзбярэжжы Нарвегіі на захадзе ад Тронхейма, знаходзіцца рэгіянальны Музей Нордмёрскай акругі. Музей мае філіял верф Мелемверфтэт, якая пабудавана 130 гадоў таму назад. Верф-музей – адзіная ўстанова падобнага тыпу ў Нарвегіі. Яна была набыта музеем у 1983 г. і складаецца з чатырох будынкаў і двух прычалаў. Збудаваныя з дрэва і цэглы майстэрні датуюцца прыкладна 1872 г., жылыя пабудовы – 1890 г. У 1932 г. была пабудавана невялікая піламайстэрня. Асноўным накірункам дзейнасці музея з'яўляецца захаванне традыцыйных рамёстваў, звязаных з будаўніцтвам і рамонтам суднаў, практычнае абслугоўванне суднаў-ветэранаў, стварэнне сталай экспазіцыі, прысвечанай суднабудаўніцтву. На базе музея створаны кансультатыўны цэнтр для праектаў, звязаных з рэстаўрацыяй лодак. Арганізаваны курсы і заняткі для насельніцтва і турыстаў.

У нарвежскім г. Тромсё знаходзіцца самы паўночны універсітэцкі музей свету — Музей Тромсё. Гэты буйшейшы музей паўночнай Нарвегіі заснаваны ў 1872 г. на аснове калекцыі экспанатаў, прысвечаных сельскай гаспадарцы, рыбалоўству і прамысловасці, што дэманстравалася на выстаўцы 1870 г. у Тромсё. Асноўнай задачай музея было навуковае вывучэнне паўночнай Нарвегіі, прылеглых арктычных раёнаў і распаўсюджанне ведаў па розных навуковых дысцыплінах. У 1976 г. музей увайшоў у склад незадоўга створанага універсітэта Тромсё. Музей карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовага насельніцтва. Размясціўся ён у цудоўным парку паўднёвай часткі вострава Тромсё, за тры кіламетры ад цэнтра горада і універсітэта. Музей складаецца з шасці буйных аддзелаў: археалогіі, рэгіянальнай этналогіі (уключаючы народную музыку), этналогіі саамаў, геалогіі, батанікі і заалогіі. Працуе таксама аддзел абслугоўвання наведвальнікаў.

За час свайго існавання музей сабраў вялікую і унікальную калекцыю, якая і вызначае спецыфіку яго асноўнай дзейнасці. Кожны аддзел валодае шэрагам калекцый і архівамі дакументаў, фотаздымкаў, фільмаў і магнітафонных запісаў.

Аддзел абслутоўвання наведвальнікаў робіць усё, каб вынікі навуковых даследаванняў, калекцыі, архівы і г. д. былі прадстаўлены публіцы ў даступнай для разумення форме. Для гэтага выкарыстоўваюцца тры каналы: экспазіцыя, навучанне і публікацыі.

Значная ўвага ўдзяляецца працы са школьнікамі. Музей публікуе розныя навуковыя даклады, выданні, якія прызначаны для мясцовых школ, а таксама на англійскай мове для замежных наведвальнікаў. 3 1994 г. выходзіць навукова-папулярны часопіс "Ottar", прысвечаны прыродзе і культуры паўночнай Нарвегіі.

У г. Берген знаходзяцца Гістарычны і Ганзейскі музеі, Музей рыбалоўства, Дом-музей Э. Грыга. У горадзе Ставангеры дзейнічае Археалагічны музей, у Будзе – Музей рыбнай гаспадаркі.

У скандынаўскіх краінах існуюць цэнтры па пытаннях падводнай археалогіі. Такім цэнтрам, напрыклад, з'яўляецца Нарвежскі марскі музей.

МУЗЕІ ШВЕЦЫІ

Швецыя – адносна невялікая краіна, у якой пражывае больш за 8 млн. чалавек, з іх 80 % гараджане.

Першы прыватны музей выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Швецыі быў заснаваны яшчэ ў XVII ст. у замку Скоклосцер (побач з г. Упсала) К. Врангелем. У тым жа XVII ст. была ўведзена спецыяльная дзяржаўная пасада генеральнага дырэктара нацыянальных старажытнасцей і прыняты першыя законы па захаванні каштоўных будынкаў. Сістэма аховы ахоплівала перш за ўсё тыя гістарычныя помнікі, якія стваралі Швецыі славу магутнай дзяржавы. У 1847 г. гэта праца атрымала новы імпульс, калі быў заснаваны Цэнтральны савет па нацыянальных старажытнасцях. Сёння ў склад Цэнтральнага савета па нацыянальных старажытнасцях і дзяржаўных гістарычных музеяў уваходзяць Цэнтральны савет па нацыянальных старажытнасцях, які займаецца аховай, рэгістрацыяй гістарычных помнікаў і правядзеннем раскопак; Дзяржаўны гістарычны музей; Музей старажытнасцей Міжземнамор'я і Блізкага Усходу; Тэхнічны аддзел (цэнтральная лабараторыя па кансервацыі і аналізу археалагічных знаходак, твораў мастацтва з каменю, дрэва, тканін, скуры, керамікі і фотадакументаў); Каралеўскі нумізматычны кабінет Нацыянальнага музея нумізматыкі; Антыкварныя тапаграфічныя архівы; бібліятэка Каралеўскай акадэміі літаратуры, гісторыі і старажытнасцей.

У 1974 г. шведскі парламент аднагалосна ўхваліў план правядзення культурных рэформ, які прадугледжваў значнае павелічэнне выдаткаў на нацыянальныя культурныя інстытуты і субсідыі на развіццё рэгіянальных культурных інстытутаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, народную адукацыю, культурна-выхаваўчую працу з дзецьмі. Акрамя гэтага былі вызначаны восем накірункаў культурнай палітыкі, якая тычылася ўсіх слаёў грамадства, а таксама прадугледжвала ўзаемадзеянне трох узроўняў кіравання – нацыянальнага, рэгіянальнага і муніцыпальнага.

Адной з задач нацыянальнай палітыкі ў галіне культуры з'яўляецца захаванне і развіццё самабытнасці шведаў, а таксама развіццё міжнацыянальнага культурнага абмену. 3 васьмімільённага насельніцтва Швецыі мільён чалавек прадстаўляюць іншыя нацыянальныя культуры.

У выніку гэтай палітыкі было створана некалькі вялікіх і малых сталічных музеяў, якія знаходзяцца на дзяржаўнай датацыі, а таксама разгалінаваная сетка правінцыяльных музеяў. Зараз у краіне налічваецца больш за 1000 невялікіх мясцовых музеяў пад адкрытым небам, якія прымаюць наведвальнікаў толькі ў летні перыяд. У цэлым у Швецыі круглы год функцыяніруе 250 музеяў, якія абслугоўваюцца сталым штатам супрацоўнікаў-прафесіяналаў, з якіх 40 – дзяржаўных (у т. л. 19 нацыянальных, або цэнтральных, прычым толькі 3 з іх знаходзяцца не ў Стакгольме); 60 музеяў маюць статус мясцовых і ўтрымліваюцца за кошт мясцовых бюджэтаў; астатнія 150 – грамадскія і прыватныя музеі.

Большасць дзяржаўных музеяў знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрству культуры, а таксама Міністэрствам абароны, адукацыі і сувязі.

Агульны лік працуючых у музеях складае каля чатырох тысяч чалавек, трэцяя частка якіх – персанал дзвятнаццаці нацыянальных (цэнтральных) музеяў.

У адпаведнасці з заканадаўчым актам, прынятым у 1986 г., нацыянальныя музеі могуць ствараць службы экспертаў і арганізоўваць выстаўкі, распрацоўваць навукова-даследчыя праграмы і ўсталёўваць міжнародныя кантакты ў адпаведных галінах. Пяць цэнтральных музеяў маюць статус "вядучых" і выконваюць ролю каардынатараў іншых музеяў свайго профілю: Музей нацыянальных старажытнасцей; Паўночны музей; Нацыянальны музей мастацтваў, які ўключае Нацыянальны музей і Музей сучаснага мастацтва; Нацыянальны прыродазнаўчы музей; Нацыянальны этнаграфічны музей.

Іншыя дзяржаўныя музеі, а іх налічваецца дваццаць адзін, існуюць пры універсітэтах, міністэрствах (Паштовы музей, Музей зброі) або гэта замкі-музеі. Некалькі музеяў падпарадкоўваюцца гарадскім уладам Гётэборга і Мальмё.

Яшчэ ў 1977-1978 гг. склалася сістэма дзяржаўных датацый, якія прадастаўляюцца рэгіянальным музеям. Субсідыі, накіраваныя на ўмацаванне мясцовых культурна-гістарычных музеяў (музеяў культурнай гісторыі), садзейнічаюць іх дзейнасці і далейшаму развіццю, дапамагаюць захаваць археалагічны і культурны асяродак. Фінансавая субсідыя дзяржавы дапаўняецца сродкамі, якія выдзяляюць мясцовыя ўлады і абшчыны. Мясцовыя ўлады ўсё актыўней удзельнічаюць у культурным развіцці сваіх рэгіёнаў і гарадоў.

Галоўнай урадавай музейнай структурай з'яўляецца Нацыянальны савет па справах культуры Швецыі, які быў заснаваны ў 1974 г. і якому падпарадкоўваюцца музеі і выстаўкі краіны. Дзейнічаюць Асацыяцыя музеяў Швецыі, шведская секцыя Асацыяцыі скандынаўскіх музеяў, Дакументацыйны цэнтр, які каардынуе дзейнасць музеяў па дакументаванні сучаснасці.

Акрамя Шведскай нацыянальнай музейнай асацыяцыі існуюць яшчэ 6 профільных і прафесійных асацыяцый. Працуе нацыянальны камітэт ІСОМ. У Вышэйшым мастацкім вучылішчы ў Стакгольме чытаюцца курсы па кансервацыі твораў мастацтва.

Швецыя – адзіная краіна ў свеце, якая мае Арганізацыю па каардынацыі выставачнай дзейнасці музеяў у нацыянальным маштабе. Яна створана ўрадам у 1965 г. і сваю дзейнасць пачала з вывучэння кан'юнктуры рынку культурных паслуг, на аснове якога выпрацавала план дзейнасці. 3 1975 г. у Стакгольме знаходзіцца офіс SТЕ з майстэрнямі, дзе працуе больш за 50 чалавек. Ёсць відэа- і фільматэка. Акрамя выставак, у тым ліку і замежных, SТЕ выдае калекцыі дакументаў, што захоўваюцца ў музеях, напрыклад, "Эміграцыя шведаў у Амерыку" (вельмі папулярная, калі ўлічыць, што ў ЗША сваякоў мае амаль кожная шведская сям'я). SТЕ распрацоўвае і ажыццяўляе цэлыя праграмы, напрыклад, "Эстэтычнае выхаванне ў школе". Яна цесна супрацоўнічае не толькі з музеямі, але і з Міністэрствам адукацыі. Агульнапрызнана, што дзейнасць SТЕ павялічыла не толькі колькасць музейных наведвальнікаў, але і мастацкую і тэхнічную якасць саміх выставак.

Лічбы наведвання шведскіх музеяў дастаткова вялікія, толькі Скансен штогод наведвае болын за 2 млн. чалавек (для параўнання ў Стакгольме – 1 млн. жыхароў).

У сталіцы Швецыі налічваецца каля 50 музеяў. Першым з іх быў заснаваны Музей нацыянальнай гісторыі (1841 г.), а буйнейшым лічыцца Паўночны музей, заснаваны ў 1897-1907 гг. Да вядучых адносяцца таксама нацыянальны, этнаграфічны, сучаснага мастацтва, гісторыі горада, марскі музеі. У наваколлі сталіцы знаходзіцца першы ў свеце музей пад адкрытым небам – Скансэн. Фонды музеяў Стакгольма дастаткова багатыя, таму для экспаніравання калекцый выкарыстоўваюцца нават немузейныя ўстановы – універсітэцкія вестыбюлі, фае тэатраў і іншыя грамадскія будынкі.

Нацыянальны музей у Стакгольме – буйнейшае ў Швецыі і адно з буйнейшых у Скандынавіі мастацкіх сховішчаў. Гэта яшчэ і адзін з першых еўрапейскіх публічных музеяў. Фарміраванне збору пачалося ў XVI ст. Шведскі кароль Густаў I, заснавальнік магутнай дынастыі Ваза, пачаў калекцыяніраваць творы мастацтва, якія захоўваліся ў палацы Грыпсхольм, дзе зараз знаходзіцца шведская Нацыянальная галерэя. Пасля смерці Густава I калекцыя актыўна папаўнялася. Асабліва багатыя набыткі былі зроблены ў XVII ст., у перыяд найболынай ваеннай магутнасці Швецыі. Так, у 1632 г. падчас Трыццацігадовай вайны сюды была прывезена з Мюнхена карціна "Неадпаведная пара" Лукаса Кранаха Старэйшага – жамчужына стакгольмскага збору. Значая частка каралеўскай калекцыі была вывезена каралевай Хрысціянай у Італію. У XVIII ст. кароль Густаў III не толькі папоўніў калекцыю, але і зрабіў значныя крокі да стварэння публічнага музея. Ён выдаў загад аб перадачы каралеўскай калекцыі пасля яго смерці ва ўладанне дзяржавы. У 1792 г. быў заснаваны каралеўскі музей, перайменаваны ў 1866 г. у Нацыянальны. Будынак музея пабудаваны ў рэнесансным стылі. Збор музея падзяляецца на традыцыйныя аддзелы жывапісу, скульптуры, малюнка і гравюры, а таксама дэкаратыўнага мастацтва. Пры падборы экспазіцыі музейныя работнікі арыентаваліся перш за ўсё на мастацкую каштоўнасць твораў, а ўжо пасля гэтага на нацыянальную прыналежнасць. Таму ў музеі добра прадстаўлены галандскія мастакі XVII ст. і французскія XVIII ст. Сярод шэдэўраў – карціны Гоі, Рэнуара, Дэга і Гагена, Рубенса і Рэмбранта.

Акрамя традыцыйных для еўрапейскіх музеяў аддзелаў галандскага, італьянскага, французскага жывапісу шведскі музей можа прапанаваць наведвальнікам экспазіцыю рускіх ікон.

Нацыянальны музей Стакгольма мае багатую калекцыю шведскага жывапісу XVI-XIX ст. Прызнаныя шэдэўры шведскай экспазіцыі – “Дама пад вуаллю" А. Росліна і "Пляскі ў Іванаў дзень" А. Цорна.

Калекцыя аддзела дызайну ахоплівае сем стагоддзяў і налічвае каля 30 тыс. твораў прыкладнога мастацтва: кераміка, тэкстыль, шкло, метал (у т. л. калекцыя шведскага серабра), мэбля, кнігі.

Збор фарфору з'яўляецца самым вялікім у Скандынавіі. Пры фарміраванні гэтага аддзела прыярытэт аддаваўся творам мастацтва Швецыі і іншых паўночных краін, але музей актыўна набываў і экспанаты іншых краін, асабліва тых, якія адыгралі важную ролю ў развіцці дызайну.

Самы багаты і, магчыма, самы цікавы аддзел музея – малюнак і графіка. Яго экспазіцыя ахоплівае перыяд ад позняга сярэдневякоўя да 1900 г. і налічвае каля 500 тыс. аркушаў. Каштоўнейшыя экспанаты – малюнкі Рэмбранта і Вато, а таксама амаль поўны збор гравюр Э. Манэ. Сярод шведскіх твораў – малюнкі Й. Т. Сергеля, К. Ларсана і іншых.

Пачатак Стакгольмскага гістарычнага музея быў пакладзены яшчэ ў 1570-х гг. зборам манет, які з'яўляўся часткай калекцыі каралеўскага музея. Да канца XVII ст. у краіне налічвалася каля дзясятка гістарычных калекцый. У 1847 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё Нацыянальнага музея старажытнасцей у Стакгольме. 3 1934 г. размешчаны ў сучасным будынку, які быў перабудаваны з вайсковых казармаў.

Зараз у музеі прадстаўлены наступныя помнікі першабытнага, раннефеадальнага (эпохі вікінгаў) і сярэдневяковага перыядаў:

  • у зале неаліту (3500-1500 гг. да н. э.) – кераміка, мегалітычная скульптура, крэмніевыя сякеры, першыя вырабы з металу, адлюстравана ранняя сельская гаспадарка і жывёлагадоўля;

  • у зале бронзавага веку (1500-500 гг. да н. э.) – зброя, культавыя прадметы, упрыгожанні, фрагменты адзення. У музеі ёсць яшчэ адна "бронзавая зала", дзе дзеці ў гульнёвай форме знаёмяцца з першабытным грамадствам;

  • у зале кельцка-рымскага жалезнага веку (100 г. да н. э. - 4 г. н. э.) - знаходкі прадметаў кельцкага і рымскага паходжання на тэрыторыі Швецыі;

  • у зале германскага жалезнага веку (400-800 гг.) – посуд, зброя, велікодныя маскі распавядаюць аб уплыве германскай культуры, перадаюць эпоху вельмі актыўных гандлёвых кантактаў;

  • у зале вікінгаў (800-1050 гг.) экспанаты ілюструюць іх жыццё, гандаль і набегі на суседзяў. Найбольш цікавыя – сярэбраныя скарбы вікінгаў (самы распаўсюджаны каштоўны метал, які яны выкарыстоўвалі);

  • у раманскай зале (1050-1520 гг.) – разьба, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, царкоўныя алтары, якія дэманструюць заходнееўрапейскі ўплыў эпохі хрысціянізацыі Швецыі. Вельмі цікавая калекцыя ранняга рэлігійнага мастацтва;

  • зала залатых скарбаў (у асноўным 1 тыс. н. э.);

  • у зале мастацкага шкла сярод іншых прадметаў ёсць унікальныя шыбы з выявамі святых эпохі ранняга сярэдневякоўя;

  • у зале ювелірнага мастацтва XII-XVII ст. прадстаўлена цудоўная калекцыя тагачасных рэліквій;

  • у зале званоў – званы розных эпох, сярод унікальных – найстаражытнейшы ў Швецыі, які датуецца канцом XII ст., ёсць наўгародскі звон XVII ст., арган XIV ст.;

  • у гатычнай галерэі прадстаўлена гатычная скульптура;

  • у галерэі тэкстылю – дывановыя вышыўкі, пачынаючы з эпохі вікінгаў да XVII ст.;

  • зала народнай культуры;

  • царкоўнае мастацтва новага часу (у асноўным барока);

  • у каралеўскім кабінеце манет і медалёў – вельмі вялікая нумізматычная калекцыя, якая прадстаўляе амаль усе эпохі і еўрапейскія краіны;

  • зала міжземнаморскіх і блізкаўсходніх старажытнасцей (егіпецкіх, рымскіх, грэчаскіх, вазапіс, скульптура).

Скансен з'яўляецца адначасова музеем пад адкрытым небам і заапаркам. У ім прадстаўлены будынкі і быт шведаў XVIII-XIX ст., а таксама жывёлы паўночных шырот. Скансен быў заснаваны ў 1891 г. для таго, каб паказаць, як жыла Швецыя ў мінулым. Сёння музей займае тэрыторыю каля 30 гектараў. 150 помнікаў драўлянай архітэктуры размешчаны ў натуральным ландшафце парка і дэманструюць тыпы гаспадарчых і жылых пабудоў розных сацыяльных слаёў насельніцтва. Многія з іх маюць саматужныя майстэрні. Наведвальнікі, пазнаёміўшыся з працэсам вырабу керамічнага блюда, шклянога жбана, могуць набыць іх у якасці сувеніраў. Супрацоўнікі музея, адзетыя ў нацыянальныя касцюмы, дэманструюць амаль усе віды сялянскай працы, уключаючы прадзенне, ткацтва, сыраварэнне. Архітэктурны сілуэт Скансена вызначаецца дзвюма драўлянымі званіцамі XVIII ст. Амаль усе архітэктурныя помнікі маюць інтэр'ер з поўным камплектам мэблі і прадметаў хатняга ўжытку.

У 1990 г. у Стакгольме быў адкрыты новы музей – Карабельны музей "Ваза" з надзвычай арыгінальным па архітэктуры і ўнутранаму зместу будынкам. Музей прысвечаны вядомаму шведскаму фрэгату "Ваза", пабудаванаму ў 1628 г. і названаму ў гонар караля Швецыі Густава Вазы.

Кароль браў актыўны ўдзел у пабудове карабля, які павінен быў стаць флагманам каралеўскай флатыліі, гонарам Швецыі. Разам з "Вазай" Швецыя павінна была вярнуць сабе гераічны марскі дух, зноў набыць былую славу сваіх продкаў-вікінгаў і стаць галоўнай марской дзяржавай. Карабель быў шыкоўна ўпрыгожаны разьбой, а ў цэнтры яе зіхацеў герб Густава II Адольфа. Падобнага фрэгата не мела ніводная марская дзяржава.

У дзень, калі карабель павінен быў адправіцца ў першае плаванне, падчас святочнай цырымоніі адбылося нешта неверагоднае: пасля залпу 64 карабельных гармат судна дало крэн, нахілілася і пайшло пад ваду. Усе, хто быў на караблі, загінулі.

У 1664 г. швед Трэйлебен з дапамогай прымітыўнага вадалазнага колакала здолеў падняць з затануўшага карабля 53 з 64 гармат. А потым пра "Вазу" не ўзгадвалі амаль тры стагоддзі.

У 1956 г. у краіне разгарнулася нацыянальная кампанія за пад'ём фрэгата і праз пяць гадоў карабель быў падняты з вады. Археолагі знайшлі каля 24 тыс. розных прадметаў з дрэва, медзі, бронзы, шкла, волава, скуры і тканіны. Адзіным залатым прад-метам быў залаты пярсцёнак з пячаткай. Пасля завяршэння археалагічных даследаванняў карабель быў адбуксіраваны на сталую стаянку.

Ужо ў 1962 г. першыя наведвальнікі пазнаёміліся з незвычай-ным музеем, але толькі ў 1968 г. былі завершаны рэстаўрацыйныя работы ўсёй драўлянай часткі судна, уключаючы і скульптуры. Больш за 14 тыс. прадметаў і дэталяў занялі свае ранейшыя месцы. На караблі мелася каля сямісот драўляных скульптур і ўпрыгожанняў. У той час яны з'яўляліся сімвалам баявой магутнасці карабля. Скульптуры данеслі да нашых дзён стылі і рамесныя прыёмы старых майстроў разьбы па дрэве.

У Стакгольме знаходзіцца незвычайны Музей скульптуры – Сад Мілеса – адзіны з першых музеяў падобнага роду ў Еўропе. На вельмі высокім, крутым беразе заліва, на тэрасах, якія ўздымаюцца адна над другой, выстаўлены творы знакамітага шведскага майстра. А крыху вышэй, за старымі дрэвамі, размясціўся дом самога Мілеса, у якім захоўваюцца не толькі яго работы, але і рэдкая калекцыя скульптурных шэдэўраў старажытнага Егіпта, Індыі, Кітая, антычнасці і сярэдневякоўя. Зямлю, на якой знаходзіцца музей, Мілес набыў у 1906 г. У 1908 г. быў узведзены будынак, у якім К. Мілес і яго жонка Вольга (мастак-партрэтыст) жылі да 1931 г. і пасля 20-гадовага перапынку, калі яны знаходзіліся ў ЗША, вярнуліся сюды і жылі да смерці майстра ў 1955 г. У Садзе сам Мілес спраектаваў галерэі і каланады, баскеты з кустарніка, цудоўна аформіў тэрасы, якія злучылі крутыя пралёты лесвіц. Адны скульптуры пастаўлены побач з высокімі дрэвамі, іншыя – пасярод брукаванай плошчы, якая нагадвае італьянскую п'яцэту. Яшчэ ў 1936 г. Мілесы падарылі дом і Сад з усёй калекцыяй гораду, а ў канцы 1930-х гг. Музей скульптуры быў адкрыты для публікі.

У Садзе Мілеса можна ўбачыць не толькі асобныя статуі, але і цэлыя скульптурныя кампазіцыі, паўторы вядомых манументаў, фантанаў, скульптурных груп. Сярод жывой прыроды яны мяняюцца ў залежнасці ад асвятлення і надворья.

За сваё доўгае творчае жыццё Мілес стварыў многа скульптур. Толькі ў Стакгольме ўстаноўлена больш за дзесяць яго манументальных твораў. Адно з самых класічных – скульптурная група "Водбліск сонца". Яе тэмай з'яўляецца імклівы, нястрымны, шалёны рух. У Садзе Мілеса гэтая група ўстаноўлена на ніжняй тэрасе ў басейне фантана "Выкраданне Еўропы". Гэта работа стала пачаткам цэлай серыі твораў на міфалагічныя сюжэты – з персанажамі воднай стыхіі.

Першай установай, якая будавалася ў Швецыі па мадэлі экамузея, стаў Музей саамскай культуры ў Йокмоку. Распрацоўка яго канцэпцыі і праекта вялася пад кіраўніцтвам Шведскага нацыянальнага камітэта ІСОМ. Штуршком да гэтай працы паслужыла закрыццё ў гэтым горным раёне шэрага гідраэлектрастанцый. Паўстала пагроза масавага беспрацоўя. У такіх умовах толькі экамузей мог дапамагчы мясцоваму насельніцтву. У 1983 г. было прынята рашэнне аб стварэнні такой установы.

Сталая экспазіцыя музея ў Йокмоку адлюстроўвае прыродна-гістарычныя і этнакультурныя аспекты: прыроду, клімат, асваенне краю, развіццё культуры на розных гістарычных этапах. Наведвальнік можа пазнаёміцца з тымі пераменамі, якія адбыліся за апошнія стагоддзі: як чалавек ад поўнай залежнасці ад прыроды перайшоў да ўсё большага падпарадкавання яе сваім патрэбам.

Музей праводзіць розныя мерапрыемствы, выстаўкі, друкуе свае матэрыялы. Ён стаў цэнтрам інфармацыі і культурнага жыцця для насельніцтва дадзенай мясцовасці і суседніх раёнаў.

Другім унікальным комплексам Швецыі з'яўляецца Экамузей Бергслаген, заснаваны ў 1986 г. Сёння ён займае вялікі ўчастак (40 на 80 км) горнай і лясной тэрыторыі цэнтральнай Швецыі. У музейны комплекс уключаны сапраўдныя шахты, кузьні, вёскі, баракі рабочых, каналы і г. д., якія звязаны са здабычай жалеза у XV-ХIX ст.

У г. Гётэборг размешчаны Мастацкі, Марскі і Гарадскі музеі, Ваенны музей у крэпасці Кронан. У г. Упсала знаходзіцца вельмі цікавы Музей пад адкрытым небам – Дзіргандэн. Гарады Кальмар, Вісбю ўяўляюць сабой своеасаблівыя гарады-музеі, якія захавалі шматлікія пабудовы XV-XVII ст.

МУЗЕІ ФІНЛЯНДЫІ

У Фінляндыі налічваецца больш за 300 музеяў. Большую частку складаюць традыцыйныя музеі: мастацкія, прыкладнога мастацтва, гістарычныя, мемарыяльныя, краязнаўчыя, тэатральныя. Вельмі прывабліваюць наведвальнікаў музеі старых аўтамабіляў, гадзіннікаў, прылад і сельскагаспадарчай тэхнікі, падводнай лодкі, медыцынскай тэхнікі, касцюма, малочнай вытворчасці, тэлефоннай сувязі, пошты, гастранаміі, гісторыі кааперацыі, ветэрынарнай медыцыны, мінералаў і метэарытаў, гісторыі банкаў, грашовых знакаў, табакі, радыё і тэлебачання, гісторыі чыгуначных дарог, службаў аховы здароўя, шкла, архітэктуры, артылерыі, лыжаў, біялогіі, заалогіі і іншыя. Па колькасці пераважаюць мастацкія музеі, шмат прыватных калекцый.

Фінляндыя падзяляецца на дваццаць музейных абласцей, цэнтральныя музеі якіх аказваюць кваліфікаваную дапамогу мясцовым музеям. Яны таксама арганізоўваюць курсы па надрыхтоўцы музейных кадраў, выстаўкі, удзельнічаюць у сумесных праектах, складаюць і ўтрымліваюць архівы звестак па музейных зборах і музейных будынках вобласці.

Вядучымі музейнымі арганізацыямі краіны з'яўляюцца Асацыяцыя музеяў Фінляндыі, якая была заснаванана ў 1923 г., фінская секцыя Асацыяцыі скандынаўскіх музеяў. Музейнае ведамства Фінляндыі (заснаванае ў 1884 г. як Археалагічная камісія, рэарганізавана ў 1972 г.) займаецца аховай дагістарычных, гістарычных і этнаграфічных помнікаў, правядзеннем раскопак і рэстаўрацыі, кіруе дзейнасцю Нацыянальнага музея Фінляндыі.

Дзейнасць музеяў у гарадах каардынуецца Саветам музеяў на грамадскіх пачатках. У яго ўваходзяць, акрамя музейных спецыялістаў, настаўнікі, прадстаўнікі грамадства. Падрыхтоўку музейных спецыялістаў вядуць этнаграфічная і археалагічная кафедры універсітэта.

Для музеяў Фінляндыі характэрна значная ўвага арганізацыі іх выставачнай дзейнасці. Многія выстаўляюць свае калекцыі па ўсёй Фінляндыі ў самых розных грамадскіх будынках – банках, гасцініцах, клубах, на плошчах, у парках.

У сталіцы краіны г. Хельсіякі знаходзіцца 62 музеі. Гэта вядучыя дзяржаўныя (нацыянальны, гістарычны, мастацкі, фабрычна-заводскі, заалагічны і інш.), прыватныя і іншыя музеі.

Фінская нацыянальная галерэя – буйнейшы мастацкі музей Фінляндыі. Зараз у яе склад уваходзяць тры самастойныя музеі, якія знаходзяцца ў сталіцы краіны: Сінебрухаўскі музей прыгожых мастацтваў, Музеі Атэнеум і К'ясма — музеі сучаснага мастацтва.

У сучасным выглядзе Фінская нацыянальная галерэя існуе з 1990 г., калі яна была афіцыйна адкрыта для наведвальнікаў, але два з трох збораў, найбольш буйных – Сінебрухаўскі музей і Музей Атэнеум – значна старэйшыя.

Сінебрухаўскі музей прыгожых мастацтваў размясціўся ў старым хельсінскім будынку 1840-х гг., дзе жыў багаты рускі прамысловец Павел Сінебрухаў са сваёй жонкай Фані. Сінебрухаў усё жыццё калекцыяніраваў творы мастацтва, пераважна – палотны старога заходнееўрапейскага жывапісу. У той час Фінляндыя была часткай Расійскай імперыі. Пасля рэвалюцыі Сінебрухавы не пажадалі вяртацца ў новую Расію. Багатая калекцыя была падаравана фінскаму ўраду пасля смерці калекцыянера, а з 1921 г. стала адкрытай для наведвальнікаў. Калекцыя Сінебрухава ўключае вялікі збор галандскага, італьянскага і французскага жывапісу, а таксама калекцыю фарфору, серабра і мэблі. У самастойныя раздзелы выдзелены партрэты шведскіх мастакоў, графіка, іконы і мініяцюра.

Калекцыя ікон змяшчае унікальны для заходняга музея збор праваслаўных ікон. Тут прадстаўлены як візантыйскія творы, так і рускія, і нават некалькі ікон крыцкага пісьма. Асабліва цікавымі з'яўляюцца іконы, якія паходзяць з Карэліі – менавіта тут перасякаюцца культуры Фінляндыі і Расіі. I гэта не магло не адлюстравацца на характары паўночнага іканапісу.

Буйнейшая карцінная галерэя Сінебрухава, якая захоўвае творы Рэмбранта, Тэрбарха, не мае экскурсаводаў. Гэта характэрна для многіх фінскіх музеяў. Для турыстаў гэты абавязак выконваюць гіды, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, для вучняў – іх настаўнікі.

Найбольш поўная калекцыя нацыянальнага мастацтва захоўваецца ў знакамітым Музеі Атэнеум. Аснову яго калекцыі складаюць творы, якія належаць дзяржаве і Нацыянальнай акадэміі навук. Першая экспазіцыя была адкрыта яшчэ ў 1863 г., а ў 1887 г. адбылося адкрыццё спецыяльна пабудаванага для яго будынка. Спачатку музей задумваўся як свайго роду "палац мастацтва", дзе пад адным дахам сустрэнуцца "мастацтва прыгожае" – жывапіс і скульптура – і "мастацтва прыкладное" – ювелірныя вырабы, разьба і чаканка, мастацкі посуд і мэбля. У XIX ст. практычна ўся Фінляндыя, натхнёная рухам нацыянальнага ўздыму, які ахапіў многія краіны Еўропы, бачыла ў Атэнеуме сімвал нацыянальнага адраджэння. Упрыгожваннем Атэнеума займаліся вядучы фінскі архітэктар Т. Хоер і К. Э. Сьостранд, якога называюць "бацькам фінскай скульптуры". Фасад Атэнеума ўпрыгожваюць скульптурныя партрэты Брамантэ, Рафаэля і Фідзія. 3 цягам часу ў будынку музея стала цесна, таму калекцыі дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва адсюль былі вывезены і размясціліся ў спецыяльных памяшканнях, а ў Атэнеуме засталіся школа мастацтва і музей жывапісу і скульптуры. З 1990 г. гэты музей стаў асновай Фінскай нацыянальнай галерэі.

У экспазіцыі Атэнеума прадстаўлены работы ўсіх значных жывапісных школ Еўропы – ад эпохі Адраджэння да XX ст. Сярод найбольш знакамітых работ – “Партрэт маладой дамы" Л. Кранаха Старэйшага, эцюды П. Гагена "Пейзаж" і "Пейзаж на Таіці", карціна В. Ван Гога "Вуліца ў Аверэ". А. Мадзільяні, П. Сезан, Ф. Гоя, Э. Дэга, Ле Карбюз'е і іншыя еўрапейскія майстры сваімі працамі ўпрыгожваюць галоўны "палац мастацтва" Фінляндыі. У 1919 г. I. Рэпін падарыў музею 27 карцін. Пазней калекцыя рускага жывапісу папаўнялася за кошт набытых твораў мастакоў канца XIX -- пачатку XX ст. – А. Н. Бенуа, К. А. Сомава, М. Шагала.

Але галоўнай часткай экспазіцыі ў Атэнеуме з'яўляецца збор твораў мастакоў Фінляндыі. Развіццё фінскага жывапісу прадстаўлена тут надзвычай поўна. Наведвальнікі маюць магчымасць назіраць, як паступова мяняліся арыенціры фінскага мастацтва. Яно зараджалася як наследаванне заходнееўрапейскаму мастацтву (асабліва шведскаму) у эпоху ракако і вельмі збліжана было з мастацтвам рускіх сімвалістаў і экспрэсіяністаў на рубяжы XIX-XX ст.

Экспазіцыя метадычна падзяляецца на часткі згодна з эпохамі, стылямі і накірункамі. Сярод знакамітых твораў знаходзяцца партрэты I. Вакліна і Н. Шыльмарка, палотны розных жанраў Р  В. Экмана і іншыя.

У Атэнеуме прадстаўлены не толькі жывапіс, але і творы фінскага скульптурнага мастацтва, зараджэнне якога адносіцца да першай паловы XIX ст. Асаблівае месца ў фінскім мастацтве першай паловы XX ст. займае творчасць скульптара В. Аалтонена.

3 мастацтвам Фінляндыі апошніх 40 гадоў знаёміць Музей К'ясма.

Нацыянальны музей у Хельсінкі мае тры аддзелы – дагістарычны (археалагічны), гістарычны і этнаграфічны. Пад экспазіцыю адведзена 56 залаў будынка. У залах дагістарычнага аддзела размешчаны археалагічны матэрыял, які адносіцца да каменнага (неаліт), бронзавага і жалезнага вякоў.

Гістарычны аддзел размешчаны ў 20 залах. Значнае месца адводзіць музей паказу царкоўнай архітэктуры Фінляндыі і царкоўных рэчаў. Сярод экспанатаў многа фотаздымкаў цэркваў 1206-1520 гг., якія будаваліся з каменю. Тут маецца значная калекцыя зброі: пішчаль XV ст., халодная зброя XVI-XVII ст., воінскія даспехі, браня фінскіх военачальнікаў пачатку XVII ст., зброя эпохі Трыццацігадовай вайны, паходаў Карла XII, вайны 1808-1809 гг. і многае іншае.

Пад інтэр'еры розных эпох адведзена 12 залаў. Тут можна ўбачыць мэблю эпохі Адраджэння, якая была прывезена ў Фінляндыю з краін Еўропы падчас Трыццацігадовай вайны, абстаноўку канца XVII-XVIII ст. у стылі барока, ранняга ракако (1720-1750 гг.), мэблю густаўскай эпохі (1775-1810 гг.), блізкую да французскага стылю Людовіка XVI мэблю ў стылі ампір, абстаноўку жылых памяшканняў гарадскіх саслоўяў XVIII ст.

Асобныя залы адведзены пад партрэтную галерэю, дзе выстаўлены творы шведскіх і фінскіх мастакоў XVIII ст. У дзвюх залах экспануюцца вырабы з волава, фаянсу, фарфору і шкла, вырабы шведскіх і фінскіх фабрык.

У музеі захоўваецца вельмі цікавая калекцыя мініяцюр, у тым ліку фінскага майстра Брэнера – прыдвонага мініяцюрыста Карла XI.

Этнаграфічны аддзел экспаніруе прадметы XVIII-ХIX ст., сабраныя ў асноўным у асяроддзі сялян.

Фінансуецца Нацыянальны музей дзяржавай. Пры музеі працуюць археалагічная, этнаграфічная і гістарычная камісіі, якія і распрацоўваюць усе кірункі яго дзейнасці.

Гарадскі гістарычны музей у Хельсінкі заснаваны ў 1912 г. (фінансуецца з гарадскога бюджэту). На першым паверсе музея выстаўлены экспанаты, звязаныя з гісторыяй Хельсінкі. Тут прадстаўлены розныя мадэлі караблёў і суднаў, археалагічныя і геалагічныя матэрыялы, мадэлі старажытных пабудоў. Каштоўнымі экспанатамі з'яўляюцца кніга прывілеяў горада (1569 г.), пячатка гарадскога кіраўніцтва XVI ст., старадаўняя кніга па гісторыі горада і іншыя. На другім паверсе дэманструюц-ца інтэр'еры розных эпох – залы, кабінеты, спальні і інш. Штогод музей наведвае каля 13 тыс. чалавек.

Недалёка ад Хельсінкі знаходзіцца Этнаграфічны музей. Ён размешчаны пад адкрытым небам на жывапісным востраве Сеурасаары. Гэта адзін з найцікавейшых музеяў краіны. Востраў з сасновым паркам у 10 га, які належыць Хельсінкі знаходзіцца ў распараджэнні музея, заснаванага ў 1909 г. інтэндантам археалагічнай камісіі, прафесарам А. О. Гейкелем пры падтрымцы дзяржаўнага камітэта па апецы калекцый, супрацоўнікаў іншых музеяў і прыватных асоб. На востраве Сеурасаары з усіх куткоў краіны былі перавезены сялянскія сядзібы з хатнім начыннем, адзежай, прыладамі працы, памешчыцкі маёнтак канца XVIII – пачатку XIX ст., царква і іншыя пабудовы.

Вельмі цікавым музеем-запаведнікам з'яўляецца старадаўняя фінская крэпасць Суоменлінна (у мінулым Свеаборг), якая займае 6 астравоў у Фінскім заліве. Крэпасць Суоменлінна заснавана ў 1748 г. шведамі і пабудавана па праекту архітэктара А. Эрэнсверда, якому ў крэпасці ўзведзены помнік. У крэпасці захаваліся будынкі 1760 г. – дамы рускіх купцоў, шэраг будынкаў перыяду першай сусветнай вайны, руская праваслаўная царква. Крэпасць прываблівае многіх турыстаў і наведвальнікаў. На яе тэрыторыі размясціліся 4 музеі: два з іх прысвечаны гісторыі крэпасці і развіццю марской справы ў краіне, астатнія два – мемарыяльнага профілю: музей Армфельда1 і музей будаўніка крэпасці.

Уся крэпасць-музей Суоменлінна з яе шасцю астравамі, з двума ваеннымі і двума мемарыяльнымі музеямі з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага нацыянальнага музея і абслугоўваецца дырэктарам, у распараджэнні якога знаходзяцца тры стажоры-даглядчыкі.

Сярод новых музеяў краіны можна выдзеліць музеі Сары Хілдэн у Тамперэ, Алвара Аалто ў Ювяскюле, Яна Сібеліуса ў Турку, заалогіі і геалогіі ва універсітэцкім комплексе ў Оулу.

У Тамперэ (былы Тамерфорс) можна пазнаёміцца таксама з Гістарычным і Гарадскім мастацкім музеямі.

Гістарычны музей г. Тамперэ адкрыты ў 1908 г. і знаходзіцца ў будынку, які раней належаў уладальніку тэкстыльнай фабрыкі ўраджэнцу Эстоніі Нотбеку. Экспазіцыя музея складаецца з багатых і цікавых калекцый, якія характарызуюць заняткі і быт насельніцтва краю. Наведвальнік можа пазнаёміцца з багацейшымі калекцыямі фінскіх дываноў, акварэлямі лютэранскіх і каталіцкіх цэркваў эпохі сярэдневякоўя, з калекцыямі разьбы па дрэве XIII-XIV ст., калекцыямі старажытнага ліцця, зброі і ваеннага рыштунку XIX ст. і г. д. Музей багаты этнаграфічным матэрыялам, сярод якога вельмі цікавы збор лапландскіх буданоў, санак для запрагання аленяў. Дастаткова поўна адлюстраваны заняткі мясцовых жыхароў: паляванне, земляробства, жывёлагадоўля і рамёствы. У музеі захоўваецца каштоўны археалагічны матэрыял, які характарызуе далёкае мінулае края і г. Тамперэ.

Музей сучаснага мастацтва Сары Хілдэн, якая перадала гораду сваю прыватную калекцыю, знаходзіцца у будынку сучаснай архітэктуры. Тут вельмі зручна праводзіць паказ, агляд як сталай, так і часовых выставак, арганізоўваць экспазіцыі пад адкрытым небам на прыродзе, на тэрасіраваных пляцоўках. Стваральнікі музея вырашылі ў комплексе шматлікія музеязнаўчыя, мастацкія, архітэктурныя, тэхналагічныя, функцыянальныя, канструктыўныя пытанні ва ўзаемасувязі, не абмяжоўваючы сябе сценамі будынка. Музей размешчаны ў жывапісным акружэнні, на складаным рэльефе, які крута спадае да вады. Экспазіцыя пабудавана на некалькіх узроўнях. Побач з музеем знаходзіцца акварыўм.

У культурным цэнтры паўночнай часткі краіны г. Оулу маецца пяць музеяў: мастацкі, этнаграфічны, краязнаўчы, геалагічны і заалагічны. Два апошнія ўключаны ў склад універсітэта. Мастацкі музей заснаваны ў 1965 г. Сёння ў яго калекцыі налічваецца каля 800 карцін, асноўную частку якіх складаюць творы мясцовых мастакоў. Супрацоўнікі музея праводзяць работу па камплектаванню і вывучэнню фондаў, арганізацыі выставак, аказваюць метадычную дапамогу перыферыйным музеям. Краязнаўчы музей знаёміць з гісторыяй рэгіёна і перш за ўсё самога горада. Тут наведвальнік праходзіць як бы па старадаўняй вуліцы, можа заглянуць у адчыненыя дзверы і вокны і пазнаёміцца з бытам і культурай мінулага.

У Фінляндыі некалькі музеяў прысвечаны знакамітаму кампазітару Яну Сібеліусу. У Турку будынак 1968 г. змяшчае музыкальна-гістарычны музей і невялікую канцэртную залу для камернай музыкі і сольных выступленняў, а таксама універсітэцкія факультэты музыказнаўства і гісторыі мастацтваў; у Хяменлінне – мемарыяльны будынак, дзе нарадзіўся кампазітар. Вядучай тэмай гэтых музеяў з'яўляецца музыка.

Турку (Або) — старажытны горад Фінляндыі, былы адміністрацыйны цэнтр краіны перыяду шведскага панавання. Акрамя вышэйназванага ў Турку дзейнічаюць музеі рамёстваў, гістарычны і мастацкі, геалагічны, мараплавання.

У Турку захавалася шмат помнікаў старыны. Адно з цікавейшых месц – Абоская крэпасць, пабудаваная ў 1280 г. пасля крыжовых паходаў. У крэпасці маецца некалькі двароў, у адным з якіх выступае гарадскі тэатр. У памяшканнях крэпасці, якія адносяцца да XVI ст., размешчаны Гістарычны музей.

Часта экспазіцыя мемарыяльных музеяў не абмежавана толькі персанальнай выстаўкай работ. Напрыклад, Музей А. Аалто ў Ювяскюле пераўтвораны ў культурны цэнтр. 3 прозвішчам гэтага знакамітага архітэктара звязана праектаванне Музея мастацтваў для Даніі. Будынак Музея знаходзіцца на схіле жывапіснай катлавіны на фоне бярозавага гаю. Яго ўступчаты сілуэт з асобных аб'ёмаў, якія нарастаюць да цэнтра, стварае прасторавую разнастайнасць інтэр'ераў і ўмовы для асвятлення экспазіцыі натуральным святлом. Яго залы прызначаны для экспазіцыі, правядзення лекцый, сустрэч, дыскусій.

У адміністрацыйным і культурным цэнтры паўночнай Фінляндыі г. Рованіемі знаходзіцца Правінцыяльны музей Лапландыі. Музей быў заснаваны ў 1975 г. і зараз выступае ў якасці цэнтральнага музея для адзінаццаці музеяў дадзенага рэгіёна. Большасць з іх – гэта невялікія ўстановы мясцовага значэння, але ёсць і спецыяльныя музеі, напрыклад, Лапландскі музей лясной гаспадаркі, Музей золатаздабытчыкаў, Музей саамаў.

Правінцыяльны музей Лапландыі мае аддзелы культурнай гісторыі і прыродазнаўчы. Галоўная музейная экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю Лапландыі, культуру саамаў. У навукова-даследчай дзейнасці значная ўвага надаецца турызму (у прыватнасці, вытворчасці сувеніраў) і вывучэнню культуры саамаў. У 1992 г. у музеі быў адкрыты новы будынак – Аркцікум, у якім размясціўся навуковы цэнтр Універсітэта Лапландыі.

У г. Васа, які раскінуўся ўздоўж узбярэжжа Батнічнага заліва, існуюць Мастацкі і Гістарычны музеі, якія знаходзяцца ў адным будынку (заснавальнік прафесар К. Хедман). У мастацкіх калекцыях музея прадстаўлены творы італьянскага жывапісу XVI ст., фламандскага жывапісу XVII ст. і больш позняга часу, палотны і скульптуры фінскіх аўтараў. Калекцыі гістарычнага музея налічваюць каля 20 тыс. прадметаў. Тут можна ўбачыць шведскае жыллё з прадметамі, характэрнымі для Аландскіх астравоў, цікавую калекцыю шкатулак шведскай работы XVIII ст., этажэркі для кніг, шпалеры XVIII ст. ручной работы, гадзіннікі з розных раёнаў з цікавымі механізмамі і многае іншае. Музей экспануе і бытавыя прылады: кафейнікі, салонкі, чарпакі, пілы, нажы, розныя інструменты з арнаментамі. Сярод экспанатаў – шатры вікінгаў, узоры ручных тканін, куфры з адзеннем і падарункамі нявесты жаніху і г. д. Спецыяльная зала музея прысвечана гісторыі мараплавання.

У Фінляндыі вельмі распаўсюджаны мясцовыя маленькія музеі. Амаль кожныя вёска, мястэчка мае свой музей. Мясцовыя музеі – гэта звычайна старыя фінскія дамы, якія раней належалі фермеру, селяніну, або старадаўнія свірны, фермы, крамы, аптэкі і г. д. з усім ранейшым абсталяваннем, надворнымі пабудовамі. Адзін з такіх музеяў знаходзіцца ў фабрычным пасёлку Нокія і носіць назву "Вясковая хата". Музей уяўляе сабой сярэдняга памеру дом з надворнымі пабудовамі фінскага селяніна. Пабудовы захаваліся ў тым выглядзе, якімі былі 150 гадоў таму назад. Кіруе гэтымі музеямі Дзяржаўны нацыянальны музей г. Хельсінкі.

1Пры Аляксандры I Армфельд быў упаўнаважаным Расіі ў Фінляндыі