Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Materyyaly_da_zanyatku_2.doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
136.19 Кб
Скачать

a) Беларусь у вайне 1812 г. Да 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт падпарадкаваў сваёй уладзе амаль усе краіны Еўропы (акрамя Англіі і Даніі) і прыблізіўся да межаў Расійскай імперыі. Руска-французскія супярэчнасці асабліва абвастрыліся пасля Тыльзіцкага міра 1807 г., згодна з якім Расія вымушана была далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такая палітыка была вельмі непапулярнай у Расіі, выклікала шырокую незадаволенасць у грамадстве і фактычна ўмовы кантынентальнай блакады не выконваліся. З 1809 г. Расія і Францыя пачалі рыхтавацца да вайны.

Напалеон 12 чэрвеня 1812 г. пераправіўся праз Нёман у раёне Коўна і з 448-тысячнай арміяй (у далейшым павялічылася да 600 тыс.) пачаў рухацца па літоўскіх і беларускіх землях. 1-я і 2-я расійскія арміі пад кіраўніцтвам Барклая де Толі (120 тыс. чал., штаб-кватэра ў Вільні) і П.І. Баграціёна (49 тыс. чал., штаб-кватэра ў Ваўкавыску) не маглі супрацьстаяць французам і з баямі вымушаны былі адыходзіць, каб злучыцца ў Смаленску. 3-я рэзервовая армія на чале з А.П. Тармасавым (44 тыс. чал.), якая перад вайной была размешчана ў ваколіцах Жытоміра, на злучэнне з асноўнымі расійскімі ваеннымі сіламі не пайшла, а здзяйсняла ваенныя рэйды супраць напалеонаўскіх войск на Брэстчыне.

Насельніцтва Беларусі, асабліва заходняй яе часткі, звязвала з Напалеонам надзеі на паляпшэнне свайго становішча:

  • шляхта, якая страціла ў Расійскай імперыі свае палітычныя правы і ўплывы, спадзявалася на магчымасць аднаўлення ВКЛ, тым больш, што Напалеон пасля захопу Аўстрыі і Прусіі стварыў на акупаваных імі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай землях Герцагства Варшаўскае. Нягледзячы на тое, што Герцагства Варшаўскае знаходзілася пад пратэктаратам Францыі, на яго тэрыторыі былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды і ажыццяўлялася парламенцкая форма кіравання.

Першапачаткова частка беларускай і літоўскай шляхты мела надзею на аднаўленне аўтаномнага ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. З гэтай нагоды ў 1811 г. Міхал Клеафас Агінскі падрыхтаваў і прапанаваў на разгляд Аляксандру І праект, па якому планавалася, што адроджанае ВКЛ будзе мець уласны ўрад, а ролю Канстытуцыі будзе выконваць Статут ВКЛ 1588 г. Але супрацьдзеянне з боку кансерватыўнага расійскага дваранства і абвастрэнне руска-французскіх супярэчнасцяў не дазволілі гэтаму плану ажыццявіцца. Таму большасць беларуска-літоўскай шляхты ў 1812 г. звязвала планы па аднаўленню дзяржаўнасці менавіта з Напалеонам;

  • сяляне, знясіленыя вялікімі падаткамі і павелічэннем паншчыны, чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права, якога ўжо не існавала ў Еўропе.

Вышэйзгаданае тлумачыць, чаму на першым этапе вайны насельніцтва фактычна не аказвала значнага супраціўлення французскай арміі.

Французскі імператар не хацеў аднаўлення Рэчы Паспалітай, але быў не супраць таго, каб стварыць буфернае палітычнае ўтварэнне паміж Расіяй і Польшчай. Загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. быў створаны Часовы ўрад ВКЛ на чале з мясцовым памешчыкам Станіславам Солтанам. Ураду падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць (Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад ВКЛ і падпарадкоўваліся непасрэдна французскім ваенным уладам).

Шляхта для адстойвання незалежнасці адноўленай краіны стварыла армію ВКЛ, якая налічвала каля 19 тыс. чалавек. Аднак хутка стала зразумела, што створаная на акупаваных землях дзяржава з’яўляецца толькі інстытутам для больш лёгкага і добраахвотнага забеспячэння французскай арміі фуражом і правіянтам. Рэальная ўлада ў краіне належала французскім генералам, якія ўзначальвалі адміністрацыйныя адзінкі – дэпартаменты, на якія па французскаму ўзору была падзелена тэрыторыя Беларусі. У вёсках і гарадах праходзілі рэквізіцыі на карысць французскай арміі, якія ўсё часцей суправаджаліся марадзёрствам. Рабаўніцтва простага насельніцтва з боку французскіх салдат, неспраўджанне надзей на аднаўленне ВКЛ і адмену прыгоннага права, якія звязваліся з Напалеонам, выклікалі ў значнай часткі грамадства незадавальненне, якое хутка пачало перарастаць у адкрыты супраціў. 14–16 лістапада 1812 г. пры пераправе напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнкі ад «Вялікай арміі» засталося толькі 60 тыс. чалавек.

У выніку вайны 1812 г. тэрыторыя Беларусі зноў была разбурана. Па некаторых падліках, страты насельніцтва вызначаліся больш чым у 25 %, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы. На фоне гаспадарчай разрухі ўзмацніўся прыгон. Вясной 1813 г. паўсюдна была адноўлена расійская адміністрацыя. Зыходзячы з палітычных меркаванняў, урад Аляксандра І аб'явіў амністыю той шляхце, якая ўдзельнічала ў вайне на баку Напалеона.

Паўстанне 1830−1831 г. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царскай Расіі. Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студзені-лютым 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ўжо вясной беларускія землі далучыліся да паўстання. Найбольш актыўная барацьба разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Вілейскім паветах. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў дзейнічаў атрад, створаны графіняй Эміліяй Плятэр ― паэткай і збіральніцай беларускага фальклору, якая атрымала званне капітана і была прызначана ганаровым камандзірам роты паўстанцкага атрада.

У стане паўстанцаў існавала дзве плыні:

1) рэвалюцыйная на чале з Я.Лялевелем, якая выступала за надзяленне сялян зямлёй (з кампенсацыяй страт памешчыкам) і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму «за нашу і вашу свабоду»;

2) арыстакратычна-кансерватыўная, прыхільнікі якой галоўнай мэтай лічылі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Неарганізаванасць кіраўніцтва паўстаннем зводзіла на нішто патрыятычныя памкненні шляхты і простага насельніцтва. У выніку 19 чэрвеня 1831 г. паўстанцы пацярпелі паражэнне ад 26-тысячнага расійскага войска ў бітве пад Вільняй. У ліпені 1831 г. паўстанне перакінулася на Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але да канца жніўня 1831 г. яно было падаўлена расійскім войскам, а яго ўдзельнікі былі падвергнуты рэпрэсіям.

b) Адмена прыгоннага права 1861 г. Яшчэ падчас каранацыі Аляксандра ІІ у 1856 г. прадстаўнікі памешчыкаў Заходняй Беларусі і Літвы далі згоду на прадастаўленне сялянам асабістай свабоды, але без зямлі. Іх гатоўнасць добраахвотна адмовіцца ад бясплатнай рабочай сілы прыгонных сялян тлумачыцца наступнымі фактарамі: 1) большай уцягнутасцю памешчыцкіх гаспадарак гэтага рэгіёну ў сферу таварна-грашовага абарачэння; 2) блізкасцю заходніх рынкаў; 3) наяўнасцю прадпрымальніцкіх гаспадарак; 4) больш актыўнымі выступленнямі сялян у губернях, якія межавалі з Польшчай, дзе ўжо было адменена прыгоннае права.

На імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава 20 лістапада 1857 г. быў накіраваны рэскрыпт, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях прапаноўвалася стварыць дваранскія камітэты, а потым заснаваць агульную камісію ў Вільні з мэтай распрацоўкі праекта па адмене прыгоннага права. Наступным крокам было стварэнне ў сакавіку 1859 г. рэдакцыйных камісій для разгляду праектаў дваранскіх камітэтаў і выпрацоўкі агульных палажэнняў.

Афіцыйна рэформа распачалася 19 лютага 1861 г. з падпісання Аляксандрам ІІ Маніфеста аб адмене прыгоннага права і Палажэнняў аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці. Палажэнняў было тры віды – Агульнае, некалькі мясцовых і дадатковыя правілы для асобных груп насельніцтва.

Асноўны змест рэформы:

  1. сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і некаторыя грамадзянскія правы: самастойна распараджацца сваёй маёмасцю, звяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя ўстановы, набываць ва ўласнасць і прадаваць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць на службу, атрымліваць адукацыю і інш.;

  2. уся зямля абвяшчалася ўласнасцю памешчыка, частку якой ён павінен быў адвесці для сялянскіх надзелаў, якія даваліся за выкуп;

  3. адносіны паміж памешчыкам і сялянамі ў канкрэтнай вёсцы рэгуляваліся спецыяльнымі дакументамі, якія мелі назву «ўстаўныя граматы». Яны складаліся памешчыкамі, а зацвярджаліся і ўводзіліся ў дзеянне міравымі пасрэднікамі – урадавымі чыноўнікамі, прызначанымі губернатарам. Устаўныя граматы вызначалі памер сялянскага надзелу, павіннасці за карыстанне ім, тэрмін пераходу сялян з паншчыны на чынш і інш.;

  4. быў вызначаны мінімум зямлі на рэвізскую душу, і калі дарэформенны надзел быў большы за ўстаноўлены мінімум, то памешчык меў права лішак яе адрэзаць. Такія землі атрымалі назву адрэзкаў. Памер мінімальнага надзелу на мужчынскую душу вагаўся ў залежнасці ад якасці зямлі і не быў аднолькавым для розных мясцовасцей. У адпаведнасці з гэтым на тэрыторыі Беларусі дзейнічала два «Мясцовыя палажэнні»: адно ― для Віцебскай і Магілёўскай губерняў, дзе памеры сялянскіх надзелаў хісталіся ад 5,5 да 1 дзесяціны на душу; другое ― для Віленскай, Гродзенскай і Мінскай, дзе за сялянамі замацоўваліся дарэформенныя надзелы, а адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 яго зямель. Увогуле адмовіцца ад надзела селянін не мог;

  5. каб не пакінуць памешчыка адразу без працоўных рук, сяляне на працягу 9 гадоў лічыліся часоваабавязанымі, гэта значыць, што яны павінны былі выконваць усе павіннасці і плаціць падаткі, як у дарэформенны перыяд. Гэты тэрмін даваўся для пэўнай адаптацыі памешчыкаў да новых умоваў гаспадарання: за вызначаны час яны павінны былі або навучыцца весці гаспадарку з ужываннем наёмнай працоўнай сілы, выкарыстаннем тэхнікі, увядзеннем прагрэсіўных агранамічных мерапрыемстваў і г. д., або прадаць сваю зямлю больш удачлівым асобам ці дзяржаве;

  6. зямля ва ўласнасць селяніну магла перайсці толькі шляхам выкупу. Выкупны плацёж за зямлю быў роўны 6 % капіталізацыі гадавога аброку з надзела. Калі, напрыклад, гадавы аброк з сялянскага надзела складаў 9 рублёў, то, правёўшы 6 %-ную капіталізацыю (9 руб. ― 6 %, выкупны плацёж ― 100 % = 9*100/6), атрымаецца агульная сума выкупу 150 рублёў. Паколькі сяляне такіх сродкаў не мелі, то абавязаны былі выплаціць памешчыку толькі 20 %. Астатнія 80 % за селяніна памешчыку выплочвала дзяржава, даючы такім чынам сялянам крэдыт на 49 гадоў пад 6 % гадавых. У выніку памешчыкі атрымалі сродкі для прыстасавання да новых умоваў жыцця;

  7. у сувязі з тым, што памешчыкі страцілі ўладу над сялянамі, павялічылася роля сялянскай абшчыны. Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання – сельскія старасты і валасныя праўленні. Яны адказвалі за збор падаткаў, кантралявалі выкананне сялянамі павіннасцяў, якія па-ранейшаму выконваліся на аснове прынцыпу кругавой парукі.

Натуральна, што асноўныя палажэнні рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства, паколькі ў выніку іх надзелы зменшыліся амаль на 1/3, а падаткі пры гэтым узраслі. У адказ на рэформу ў 1861 г. на тэрыторыі Беларусі было зафіксавана 441 сялянскае хваляванне. Многія з іх былі падаўлены пры дапамозе 100-тысячнага войска, якое царскі ўрад прадбачліва размясціў на землях Беларусі напярэдадні рэформы. Свой супраціў сяляне выказвалі таксама нежаданнем падпісваць устаўныя граматы (да 1863 г. каля 80 % беларускіх сялян не падпісалі ўстаўныя граматы) і адмаўляліся выконваць павіннасці.

Рэформа на тэрыторыі Беларусі мела свае асаблівасці. Здарылася так, што яе правядзенне супала па часу з актывізацыяй нацыянальна-вызваленчага руху і паўстаннем 1863-1864 г. Каб прадухіліць удзел сялян у паўстанні, расійскі ўрад вымушаны быў пайсці на пэўныя льготы:

  • царскім указам ад 1 сакавіка 1863 г. быў ліквідаваны часоваабавязаны стан і ўводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, а ў 1867 г. на абавязковы выкуп былі пераведзены і дзяржаўныя сяляне Беларусі;

  • у сярэднім на 20 % былі зменшаны выкупныя плацяжы;

  • за сялянамі захавалася сервітутнае права – права абмежаванага карыстання ўласнасцю памешчыка: пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі і інш.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]