Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Materyyaly_da_zanyatku_4

.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
47.1 Кб
Скачать

ЗАНЯТАК 4

1. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. За тэрыторыяй Заходняй Беларусі, якая па Рыжскаму мiрнаму дагавору 1921 г. апынулася ў складзе Польшчы, польскі ўрад замацаваў назву «крэсы всходне». На гэтых землях пражывала 4,6 млн. насельніцтва, 70 % якога складалі беларусы. Па Рыжскаму міру кіраўніцтва Польшчы павiнна было забяспечыць усе правы свабоднага развiцця культуры, мовы, рэлiгiйных абрадаў для мясцовага насельніцтва. Аднак на самай справе ўрад ІІ Рэчы Паспалітай нават не прадаставіў Заходняй Беларусі статусу культурна-нацыянальнай аўтаноміі, паколькі лічыў гэтыя землі неад’емнай часткай сваёй дзяржавы і праводзіў палітыку па іх поўнаму палітычнаму і культурнаму зліццю з Польшчай.

Эканомiка Заходняй Беларусі з’яўлялася аграрным прыдаткам прамысловых раёнаў Польшчы, крынiцай сыравiны i таннай рабочай сiлы, а таксама рынкам збыту для польскіх прамысловых тавараў. Польскі ўрад не быў зацікаўлены ў развіцці прамысловасці на гэтых землях. Гарбарная, тэкстыльная і металаапрацоўчая галіны прыйшлi тут у заняпад. За перыяд 1921−1936 г. было знішчана (высечана і вывезена на продаж) больш за 400 тыс. гектараў Белавежскай пушчы. Развiвалася ў асноўным перапрацоўчая і харчовая прамысловасць: вытворчасць масла, сыру і мясной прадукцыі дзякуючы жывёлагадоўчай накiраванасцi сельскай гаспадаркi.

У Заходняй Беларусi захавалася памешчыцкае землеўладанне. Больш за 80 % ад агульнай колькасці жыхароў тут складалі сяляне, якія пакутавалі ад малазямелля, цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прадукцыю прамысловасці і нізкіх на сельскагаспадарчыя тавары. У пошуках лепшага жыцця беларускае насельніцтва масава эмігрыравала ў Аргентыну, Бразілію, Канаду, ЗША.

У ліпені 1925 г. польскім сеймам быў прыняты закон аб зямельнай рэформе, якая складалася з наступных мерапрыемстваў:

  • парцэляцыя ― падзел на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз банкі дзяржаўных, памешчыцкіх і так званых пакінутых зямель (зямель бежанцаў гадоў Першай сусветнай вайны, якія не вярнуліся на Радзіму);

  • ліквідацыя сервітутаў;

  • камасацыя ― ліквідацыя цераспалосіцы і хутарызацыя сялянскіх гаспадарак;

  • распаўсюджанне інстытута асадніцтва. Асаднікамі называліся ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з тэрыторыі карэннай Польшчы ў Заходнюю Беларусь для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або задарма ўчасткі (асады) па 12−45 га, крэдыты і будаўнічыя матэрыялы. Да 1934 г. на землі Заходняй Беларусі былі пераселены 8 742 асаднікі, якія з’яўляліся апорай польскага ўрада, падтрымлівалі палітыку паланізацыі, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі.

Рэформа садзейнічала з’яўленню беларускага фермерства, але не закранула памешчыцкага землеўладання і амаль не зменшыла колькасці малазямельных і беззямельных сялян.

Палітычны рэжым, устаноўлены польскiм урадам у Заходняй Беларусі, атрымаў назву «санацыi» (аздараўлення). «Крэсы всходне» павінны былі стаць своеасаблівым «санiтарным кардонам» i выконваць ролю буфера памiж СССР i Заходняй Еўропай з мэтай не дапусцiць распаўсюджвання на гэтых землях камунiстычных iдэй.

У адносінах да беларускага насельніцтва польскі ўрад праводзіў палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі: да 1939 г. усе беларускiя школы былi ператвораны ў польскiя; закрывалiся i забаранялiся беларускiя газеты i часопiсы, бібліятэкі і выдавецтвы; забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах; большая частка праваслаўных царквоў была ператворана ў каталiцкiя касцёлы.

Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Эканамічнае і палітычнае бяспраўе і нацыянальны прыгнёт насельніцтва Заходняй Беларусі польскім урадам прывялі да ўздыму вызваленчага руху на гэтых землях, які да канца 1920-х г. адбываўся пад лозунгам уз’яднання з БССР, дзе праводзілася палітыка беларусізацыі. Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі праявіўся ў двух накiрунках:

  • рэвалюцыйна-вызваленчы, які быў прадстаўлены Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ), створанай у 1923 г., Камуністычным саюзам моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Іх прыхільнікі выступалі за арганізацыю партызанскай барацьбы супраць польскага прыгнёту;

  • нацыянальна-дэмакратычны накірунак узначальвала створаная ў 1921 г. культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ), а з 1925 г. ― самая ўплывовая беларуская палітычная партыя Беларуская сялянска- работніцкая грамада (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам, якая налічвала ў сваіх шэрагах 120 тыс. чалавек. Прыхільнікі гэтай плыні прытрымліваліся магчымасці выкарыстання парламенцкіх форм барацьбы.

Барацьбу за свае правы вялі рабочыя і сяляне шляхам забастовак, якія нярэдка перарасталі ў антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі і сутычкі з паліцыяй.

Польскiя ўлады жорстка распраўлялiся з удзельнiкамi нацыянальна-вызваленчага руху: на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 1925 г. былi ўведзены рэгулярныя войскi; праводзiлiся карныя экспедыцыi; актывізавалі сваю дзейнасць агенты польскай палітычнай паліцыі ― дэфензівы, якія выкрывалі ўсіх незадаволеных рэжымам; «неблаганадзейных» асоб адпраўлялі ў турмы ці ў спецыяльна створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай (на Брэстчыне). Большасць барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне зведалі рэпрэсіі, прайшлі праз польскія турмы, многія былі перададзены ў СССР падчас абмену палітвязнямі. Там, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з дэфензівай, яны сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій 1937−1938 г.

На лёс насельніцтва Заходняй Беларусі, як і іншых еўрапейскіх народаў, моцна паўплывалі ваенна-палітычныя падзеі 1939 г., звязаныя з пачаткам Другой сусветнай вайны і новай расстаноўкай сіл у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. 23 жнiўня 1939 г. у Маскве міністрамі замежных спраў СССР i Германiі В.Молатавым і І.Рыбентропам быў падпiсаны пакт аб ненападзенні («Пакт Рыбентропа-Молатава»), якi ўтрымліваў дадатковы сакрэтны пратакол. У адпаведнасці з апошнім Савецкі Саюз і Германія падзялілі Еўропу на сферы ўплыву па рэках Нараў, Буг, Вісла, Сан. Тэрыторыі, якія былі размешчаны на захад ад гэтай лініі, прызнаваліся сферай інтарэсаў Германіі, а на ўсход – Савецкага Саюза.

З нападу Германiі на Польшчу 1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна. Маючы вялiкую перавагу ў тэхнiцы, войскi Германii хутка падступiлi да межаў Заходняй Беларусі, а 17 верасня 1939 г. Сталiн аддаў загад Чырвонай Армii перайсцi савецка-польскую мяжу. Да 25 верасня савецкiя войскi поўнасцю занялi Заходнюю Беларусь i спынiлiся на лiнii Беласток-Брэст, а 28 верасня памiж СССР i Германiяй быў падпiсаны дагавор аб дружбе i гранiцы, па якім усталёўвалася новая заходняя мяжа Савецкага Саюза па так званай «лініі Керзана». Дагавор аб дружбе і граніцы, як і заключаны раней сакрэтны пратакол, супярэчылі агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, аднак яны аб’ектыўна аднаўлялі нацыянальна-тэрытарыяльнае адзінства беларускага народа, якое было парушана ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г.

22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны Сход, які адбыўся ў Беластоку 28 − 30 кастрычніка. На ім было прынята рашэнне аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. 2 лістапада 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла закон аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.

На далучаных тэрыторыях пачалося ўсталяванне савецкага ладу ва ўсіх сферах − эканоміцы, палітыцы, культуры і сацыяльным жыцці. Аднаўляліся зруйнаваныя прамысловыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы, паступова ліквідавалася беспрацоўе. Першапачаткова некалькі палепшылася становішча сялян за кошт змяншэння павіннасцяў на карысць дзяржавы і зніжэння цэн на прамысловыя тавары. На тэрыторыі Заходняй Беларусі было ўведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, створаны паліклінікі і бальніцы. З мэтай ліквідацыі непісьменнасці было ўтворана амаль 6 тыс. агульнаадукацыйных школ, большасць з якіх вялі навучанне на беларускай мове, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спецыяльных навучальных установаў. У заходніх абласцях дзейнічалі драматычныя і кінатэатры, Дамы культуры і бібліятэкі.

Такім чынам, уз’яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве было, безумоўна, актам гістарычнай справядлівасці. Але разам са станоўчымі зменамі ўсталяванне савецкай улады на тэрыторыi Заходняй Беларусі суправаджалася выкарыстаннем уласцівага для яе механізма масавых рэпрэсій. Рэпрэсіі былі ўчынены супраць лідэраў нацыянальна-вызваленчага руху, супраць «кулакоў» падчас стварэння калгасаў, супраць інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі. Паводле даследаванняў беларускіх гісторыкаў, да 20 чэрвеня 1941 г. з заходніх абласцей Беларусі было вывезена ў Сібір або Казахстан звыш за 120 тыс. чалавек (у гэтую лічбу не ўключаны 14 тыс. афіцэраў польскай арміі, якія трапілі ў канцлагеры для ваеннапалонных).

Да таго ж, 10 кастрычнiка 1939 г. па iнiцыятыве Сталiна было прынята рашэнне аб перадачы Вiльнi i Вiленскага краю Лiтве. У чарговы раз ад тэрыторыі Беларусі было адарвана 2,6 тыс. кв. км, на якіх пражывала каля 300 тыс. чалавек. У выніку перад Вялікай Айчыннай вайной у межах БССР знаходзілася 225 тыс. кв. км тэрыторыі і 10,5 млн. чалавек насельніцтва.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]