
Литература по Идеологии / Сакалова (Пачатак працэсу станаўлення грамадзянскай супольнасц_ ў Беларус_)
.docПачатак працэсу станаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі
Марыяна Сакалова
http://autary.iig.pl/sakalova/art_ruchi_stanaulennie.htm
У кантэксце сенняшняга дня, калі беларускае грамадства ўсе яшчэ знаходзіцца ў пошуках далейшага шляху развіцця, выяўлення сваей ідэнтычнасці, праблематыка гісторыі грамадзянскай супольнасці набывае выключна важнае значэнне. Відавочна, што гістарычная перспектыва пры вывучэнні інстытутаў грамадзянскай супольнасці, вывучэнне іх “радаслоўнай” павінны садзейнічаць асэнсаванню сучасных грамадскіх працэсаў. Аднак, нягледзячы на актуальнасць і важнасць тэмы, гісторыя інстытутаў грамадзянскай супольнасці (напрыклад, грамадзянскіх аб’яднанняў і грамадскіх рухаў) так і не стала прадметам спецыяльных гістарычных даследванняў. Па сутнасці, багатыя традыцыі грамадзянскага жыцця ў Беларусі , якія пачалі складвацця яшчэ на рубяжы XVIII – XIX ст., і, няхай з перапынкамі і “адкатамі назад”, развіваліся на працягу усяго XIX і пачатку XX стагоддзяў, былі недаацэнены гісторыкамі і забыты грамадскасцю. З тэарэтычнага пункту гледжання грамадзянскую супольнасць у найбольш агульнай форме можна вызначыць як сістэму грамадскіх інстытутаў, якія прызваны забяспечыць умовы для самаарганізацыі асобных індывідаў і калектываў, рэалізацыі прыватных інтарэсаў і патрэб, індывідуальных і калектыўных. Гэтыя інтарэсы і патрэбы выражаюцца праз такія інстытуты грамадзянскай супольнасці, як навуковыя, прафесійныя і іншыя аб’яднання і асацыяцыі, арганізацыі і г.д. [7; 19]. Яны апасрэдуюць адносіны паміж дзяржавай і індывідам ад замахаў улады [33]. Адно з традыцыйных (хоць сення ў значнай меры адыходзячых у мінулае) рашэнняў дадзенай праблемы звязвае фарміраванне грамадзянскай супольнасці з перыядам узнікнення прыватнай уласнасці і дзяржавы. Аднак у такім выпадку само паняцце грамадзянскай супольнасці набывае крайне агульны змест як азначэнне грамадства цывілізаванга, супрацьлеглага стану дзікасці. Грамадзянская супольнасць не магла сфарміравацца і ў рамках антычнага грамадства, таму што ў апошнім не існавала свабоды грамадзянскага жыцця індывідуумаў [9]. Між тым, сучаснае разуменне грамадзянскай супольнасці звязана менавіта з правамі і свабодамі асобы ў прыватнай сферы, з іх аховай законамі і гарантыямі, забяспечанымі неабходнымі сацыяльна-палітычнымі інстытутамі. У феадальным грамадстве высокае значэнне саслоўяў і такіх сацыяльных устаноў, як абшчыны і карпарацыі, зусім не сведчыла аб нараджэнні грамадзянскай супольнасці ці яе істотных элементаў- ні асоба, ні супольнасці не былі сапраўдна незалежнымі. Асоба мела патрэбу ў пастаяннай- перш за ўсе эканамічнай- падтрымцы і абароне з боку абшчыны, саслоўя, карпарацыі, і гэта было для асобы важней, чым абмежаванні, якія накладваліся гэтымі супольнасцямі. Апошнія ж былі залежнымі ад узаемаадносін і нормаў паводзін, якія зацвярджаліся феадальна-іерархічным строем. Сялянская абшчына з’яўлялася часткай феадальнай вотчыны, а гарадскія карпарацыі існавалі на падставе прывілеяў, а не зацверджаных законам правоў. Сацыяльныя адзінкі- патрыярхальная сям’я, кланы, касты, саслоўі, сялянскія абшчыны- з’яўляліся закрытымі і адносна ізаляванымі адна ад адной супольнасцямі. Дзяржава выступала ў якасці главы вялізарнай абшчыны- яна карала адных і заахвочвала другіх, пераразмяркоўвала грамадскі прадукт, замацоўвала дыстанцыі паміж саслоўнымі групамі, дыктавала і кантралявала прыхільнасць да дзяржаўнай рэлігіі [18]. У перыяд дэградацыі феадалізма патрыярхальна- саслоўнай апекі пазбаўляліся шырокія слаі насельніцтва, якія пачыналі шукаць абарону непасрэдна ў дзяржавы. У барацьбу за сваі жыццевыя інтарэсы, за магчымасць выражаць свае погляды ўступае мноства непрадстаўленых у органах кіравання груп [2, с. 123]. Пашыраецца таксама гаспадарчая самастойнасць індывідаў. Развіцце капіталістычных адносін, рост уплыву на ўсе сацыяльнае жыцце прамышленна-гандлевага слоя, аб’ядняннне і аслабленне палітычнай вагі дваранства прыводзяць да падзелу палітычнай і эканамічнай улады. Пад напорам аб’ектыўнай, незалежнай ад волі людзей эканамічнай рэгуляцыі паступова трансфарміруюцца абсалютыстская дзяржава і алігархічнае грамадства. Дзяржава страчвае функцыі ахоўніка эканомікі, соцыума, культуры. У выніку, апошнія паступова пераходзяць у сферу грамадзянскай супольнасці[1], што суправаджаецца таксама працэсам усталявання грамадзянскага права. Менавіта ў гэты перыяд, перыяд разлажэння феадалізма, фарміруюцца асноўныя элементы грамадзянскай супольнасці і адначасова складвыаецца канцэпцыя грамадзянскай супольнасці як гістарычнага фенамена, які ўзнік на пэўным этапе развіцця чалавечага грамадства (дастаткова нагадаць імены Т. Пэйна, Г.В. Гегеля, К. Маркса). Такім чынам, можна сцвярджаць, што зыходным пунктам зараджэння грамадзянскай супольнасці ў краінах Еўропы з’яўляецца рубеж XVIII – XIX стагоддзяў, калі пачаўся распад “старога парадка”. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці пры гэтым можа быць прадстаўлена як шматузроўневы нелінейны працэс 1) фарміравання у сацыяльнай прасторы сістэмы свабодных ад прамога дзяржаўнага ўмяшання сфер, неабходных для самаразвіцця інстытутаў і структур грамадзянскай супольнасці; 2) развіцця прыватнай ініцыятывы і грамадзянскай самадзейнасці, арганізацый і груп інтарэсаў; 3) з’яўлення грамадзяніна як самстойнага, усведамляючага сябе такім, індывідуальнага члена грамадства, які мае пэўны комплекс правоў і свабод, і у той жа час нясе перад грамадствам маральную ці іншую адказнасць за ўсе свае дзеянні (часта ў гэтым выпадку гавораць аб грамадзяніне-уласніке, эканамічна свабодным); 4) пэўных змен ідэалагічных установак і менталітэта ( суб’ектамі грамадзянскай супольнасці могуць быць людзі, якія ведаюць, што ўласныя дзеянні – найлепшы спосаб абароны сваіх інтарэсаў, вырашэння эканамічных, сацыяльных, палітычных праблем; рэальны ці патэнцыяльены суб’ект грамадзянскай супольнасці – гэта чалавек, які ўпэўнены ў тым, што дабіцца рэальных вынікаў магчыма толькі праз аб’яднанне сваіх дзеянняў з дзеяннямі іншых людзей). Нелінейнасць працэса азначае, што па-першае, яго не заўседы магчыма прадставіць іерархічна; па-другое, узнікненне любога з яго элементаў ці складванне той ці іншай яго структуры служыць таксама і перадумовай яго фарміравання; па-трэцяе, аб існаванні грамадзянскай супольнасці магчыма гаварыць толькі тады, калі прысутнічаюць усе пералічаныя элементы. Такім чынам, калі выбраць аб’ектам даследвання зараджэнне грамадзянскай супольнасці як такой, неабходна прасачыць працэс фарміравання яго перадумоў-элементаў на аснове вывучэння змен у сацыяльным і эканамічным жыцці, якія праходзілі з канца XVIII стагоддзя. Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што нарматыўную аснову дактрыны грамадзянскай супольнасці стварае ідэя грамадзянскага жыцця, незалежнага ад дзяржавы, якое служыць ахове індывіда. Месца, якое займаюць грамадскія рухі і шматлікія асацыяцыі у сістэме сучасных грамадскіх адносін, прымушаюць даследчыкай ідэнтыфікаваць грамадзянскую супольнасць, перш за ўсе, з гэтымі структурамі [21; 26; 33]. Існуе таксама погляд, што, калі у краінах Заходняй Еўропы станаўленне сферы грамадскага меркавання (ці публічнай сферы) завершыла фарміраванне ўстойлівай грамадзянскай супольнасці, забяспечыўшы яго дадатковым сродкам інтэграцыі і выражэння палітычных інтарэсаў, то ў Расійскай імперыі (у тым ліку і ў Беларусі, якая ўваходзіла ў гэты перыяд у яе склад) гэтая сфера аказалася адным з асноўных фактараў фарміравання грамадзянскай супольнасці, што прывяло да своеасаблівага “зваротнага” парадку фарміравання апошняй [4]. На нашу думку, менавіта вышэйапісаныя падыходы забяспечваюць тэарэтычныя рамкі для вывучэння гісторыі складвання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і, перш за ўсе, яе асноўных перадумоў- элементаў: дабравольных грамадскіх аб’яднанняў і грамадскіх рухаў. У Беларусі XIX стагоддзя ўдзел індывідаў у грамадскім жыцці (публічнай сферы дзейнасці) вызначаўся двумя тэрмінамі “грамадская самадзейнасць” і “грамадскасць”. Асновай грамадскай самадзейнасці (“публічнай дзейнасці”) з’яўляліся калектывы, якія складваліся аб’ектыўна, у сувязі з рознымі жыццевымі абставінамі- сумесным пражываннем, адукацыяй і г. д. Такія добраахвотныя аб’яднанні грамадзян узнікалі з мэтай разгортвання пэўнага віда дзейнасці, у працэсе якой задавальнялісь іх інтарэсы і рэалізаваліся правы. Гэтыя аб’яднанні характэрызаваліся фактычным ці фармальным адзінствам- устойлівасцю складу, структуры і сувязей паміж членамі [5, с. 26]. Тэрмінам “грамадскасць” (“публіка”, “адукаванае грамадства”) вызначаўся пэўны слой ці група людзей, якія былі аб’яднаны агульнай дзейнасцю, пазіцыяй ці меркаваннем і належалі да некаторай уяўнай супольнасці – чытаючай і дыскутуючай “публікі”- паверх шматлікіх саслоўных і рэлігійных разгранічэнняў. “Грамадскасць” ассцыіравалась таксама з грамадскім меркаваннем, якое ўспрымалася як самастойная сіла і часта адкрыта супрацьпастаўлялася “афіцыйнаму”, дзяржаўнаму пункту гледжання. Прыналежнасць да грамадскасці не адзначалася фармальна (членства), а вызначалася праз меркаванне (дыскурсіўная) ці дзеянне (практычная). Нецяжка заўважыць, што тэрмін “грамадскасць” супадае з сучасным уяўленнем аб пачатковых фазах фарміравання грамадскіх рухаў. У найбольш агульнай форме гэты працэс можна прадставіць наступным чынам. Пэўная частка людзей у грамадстве не мае сродкаў ажыццявіць свае інтарэсы (эканамічныя, культурныя, палітычныя), што вызывае стан незадавальнення, фрустрацыі і эмацыянальна-псіхічнага неспакою. Дзякуючы асабістым кантактам, розныя групы людзей усведамляюць агульнасць свайго стану – эмацыянальна-псіхічны неспакой перарастае ў сацыяльны. Апошні праяўляецца ў далейшых пошуках кантактаў, дыскусіях у нефармальных колах (такімі нефармальнымі коламі могуць лічыцца і свецкія салоны, і нелегальныя гурткі навучэнцаў). Стан сацыяльнага неспакою- зыходны момант грамадскага руха. Затым спантанна ўзнікаюць розныя формы агітацыі, дыскусій і прапаганды, праз якія адшукваюцца спосабы вырашэння праблем, выклікаўшых сацыяльны неспакой. Усе гэтыя формы дзейнасці ажыццяўляюцца людзьмі, якія найбольш востра адчуваюць неспакой, альбо валодаюць пэўнымі канцэпцыямі і ўяўленнямі аб неабходных пераменах. У выніку гэтай спантаннай дзейнасці фарміруецца ўсведамленне агульнасці мэтаў, узнікаюць гурткі і нефармальныя групы, аб’яднаныя такім усведамленнем. Аднак яны яшчэ застаюцца свабоднымі саюзамі, заснаванымі на кантактах са слабой інстытуцыянальнай сувяззю, пазбаўленымі ўстойлівых адносін паміж членамі. Гэтыя колы маюць свой цэнтр аб’яднання і пэўную дамінуючую індывідуальнасць, пад уздзеяннем якой фарміруюцца ўстаноўкі і погляды. Асноўная функцыя такіх колаў- абмен меркаваннямі, яны не дзейнічаюць, не прымаюць рашэнняў, не маюць выканаўчага апарата. Іх значэнне заснавана на тым, што яны фармулююць праблемы і стымулююць абмеркаванне пытанняў для выпрацоўкі сістэмы поглядаў індывідаў. Як ужо адзначалася, менавіта гэтыя пачатковыя стадыі фарміравання грамадскіх рухаў звязваюцца з паняццем “грамадскасць” На наступным этапе (калі сацыяльныя колы і нефармальныя групы ставараюць мэтавыя групы для рэалізацыі агульных задач і здабываюць сродкі для арганізацыі пэўнай дзейнасці, калі ўзнікаюць і разрастаюцца інстытуцыяналізаваныя формы рухаў), грамадскія рухі набываюць і палітычную накіраванасць [6, с. 45-84; 20, с. 211, 214]. Паняцце грамадскага руха як фактара фарміравання грамадзянскай супольнасці патрабуе не толькі функцыянальнай, але і зместавай канкрэтызацыі. Пры гістарычным аналізе грамадскіх рухаў пераважае падыход да іх як да “падзей”, якія ў канцэнтраванай форме раскрываюць сэнс парадзіўшых іх сацыяльных супярэчнасцей. Як адзінкавыя, гэтыя рухі можна класіфіцыраваць на падставе вызначэння асноўнай масы ўдзельнікаў; матывацыі (рэлігійнай, класавай і г.д.), мэтаў (сацыяльных, нацыянальна-вызваленчых, пацыфістскіх, рэгіянальных); асаблівасцей стратэгіі (рэвалюцыйныя, рэфармістскія); тактыкі (экстрэмісцкія, папулісцкія, легалісцкія, грамадзянскага непавінавення) і г.д. [34]. Разам з тым відавочна, што адзінкавыя, напаўторныя па сваей сутнасці грамадскія рухі фарміруюцца не на пустым месцы. Іх каштоўнасці, мэты і сродкі заўседы вымушана суадносяцца з некаторымі мэтамі і каштоўнасцямі больш агульнага парадка. За такімі паняццямі як “асветніцтва”, “масонства”, “рэвалюцыйная дэмакратыя”, “народніцтва” і т.п. стаяць (пры ўсей іх унутранай дыферынцыраванасці) пэўныя комплексы ідэй, якія фарміруюць мэты грамадскай і палітычнай дзейнасці. Такія комплексы ідэй вызначаюцца як дактрыны, стылі мыслення ці традыцыі. Для вывучэння гісторыі фарміравання грамадзянскай супольнасці наогул, і ў Беларусі, у прыватнасці, першаснае значэнне маюць рухі, ў аснове якіх ляжаць тыя ці іншыя сацыяльныя ідэалы (т. е. уяўленні аб уладкаванні грамадства), а не палітычныя (дзяржаўнае ці нацыянальнае ўладкаванне) ці рэлігійныя і культурныя. У дадзеным кантэксце найбольшую цікавасць прадстаўляюць універсальныя (лібералізм, сацыялізм, кансерватызм), а не лакальныя (нацыяналізм) грамадскія рухі. Бо ў адрозненні ад лібералізма, кансерватызма, сацыялізма, якія выпрацавалі ідэалы грамадскага ўпарадкавання як такія, нацыянальны рух ставіць сваей мэтай задачу ўладкавання адзінай этнічнай супольнасці і, у сілу гэтага, мае лакальны характар. Акрамя таго, у нацыянальным руху дамінуюць палітычныя і культурна-лінгвістычныя патрабаванні. Разам з тым, нацыянальныя патрабаванні не маглі не аказваць уплыў на грамадскія рухі ў вузкім сэнсе слова і менавіта таму пры вывучэнні апошніх як фактараў фарміравання грамадзянскай супольнасці, трэба ўлічваць і аспекты, звязаныя з так званым “нацыяналізмам”. Як ужо адзначалася, пачатак працэсу фарміравання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі адносіцца да рубяжа XVIII - XIX стагоддзяў, калі пачалася самаарганізацыя грамадскіх сіл у форме “прыватных таварыстваў”. У першай трэці XІX гэты працэс ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася там, дзе яна падтрымлівалася дзяржавай- у сферы дабрачыннасці і навуковай дзейнасці. У гэты час былі створаны дабрачынныя таварыствы ў Вільні (1807 - Чалавекалюбівае таварыства, 1821 – Таварыства дапамогі вучням Віленскага універсітэту), Брэсце (1807), Навагрудку (1810), Мінску (1811), Слуцку (1822), Гродне (1822), Магілеве (1823). Трэба адзначыць, што дабрачынная дзейнасць у гэты час яшчэ не атрымала шырокага развіцця, бо , па-першае, яна абмяжоўвалася рамкамі дваранскага саслоўя. Акрамя таго, пры прыгонным праве памешчыкі самі павінны былі клапаціцца аб сялянах і дабрачыннасць засяроджавалася, у асноўным, у гарадах. Навуковым таварыствам, а не толькі навучальнай установай, быў, паводле свайго статута, Віленскі універсітэт. Кожны месяц прафесарскі састаў павінен быў збірацца на акадэмічныя пасяджэнні, дзе зачытваліся навуковыя даклады; два разы ў год для “неўніверсітэцкага грамадства” праводзіліся “публічныя пасяджэнні”. Як навуковае таварыства, універсітэт аб’яўляў конкурсы і падтрымліваў сувязі з іншымі навуковымі таварыствамі. Прафесары Віленскага ўніверсітэта ў 1805 годзе аб’ядналіся ў Віленскае медыцынскае таварыства, статут якога быў зацверджаны спецыяльным імператарскім указам 12 мая 1806 г. [30, с. 19]. Трэба адзначыць, што у гэты час, існаваў “канцэсійны” парадак зацвярджэння грамадскіх (“прыватных”) таварыстваў: зацвярджэнне правіл і статутаў ўладамі патрабавалася толькі у тых выпадках, калі таварыства дамагалася прывілеяў (бесплатнай перапіскі, грашовых пасобій ад казны і г.д.). Усе іншыя арганізацыі (неафіцыйныя прыватня таварыства) існавалі легальна, хоць і без зацвярджэння ўрадам. [14, т. 21, № 15379]. Гэта стварала ўмовы для існавання шматлікіх навуковых і літаратурных неафіцыйных гурткоў. Так, у 1804 г. група студэнтаў універсітэта С. Старжынскі, Я. Твардоўскі, Л. Бароўскі, Л. Пінадел і інш. аб’ядналіся для арганізацыі выдавецтва журнала “Tygodnik Wilenski” (у 1804 годзе былі выдадзены 23 нумары), які стаў першым студэнцкім журналам у краі. Членамі неафіцыйных гурткоў (Таварыства навук і мастацтваў, 1805-1809; Таварыства маральных навук, 1805-1807; Таварыства прыгожых мастацтваў, 1805-1806) былі як студэнты, так і прафесары ўніверсітэта. Развіцце асветы і ідэалы, якія прапаведвалі настаўнікі гімназій і ўніверсітэта, стымулявалі стварэнне вучнеўскіх аб’яднання’ў : “Корпус вучняў” у Навгрудку (1809-1810), “Войска Марса і Апалона” у Маладзечна (1813-1815), гурток у Віленскай гімназіі (1819-1821), навуковае таварыства ў Свіслацкай гімназіі (1819-1824) [30, s. 13 – 63, 481- 492]. Такая дзейнасць была новай з’явай у грамадскім жыцці. Пры ўсей неразвітасці і нават прымітыўнасці дзейнасці, існаванне гурткоў адлюстроўвала імкненне да самастойнай неафіцыйнай дзейнасці, нараджэнне духа “грамадзянскай самадзейнасці”. Адным з цэнтраў грамадзянскай актыўнасці у першай трэці XІX стагоддзя былі масонскія ложы.[2] Адным з прынцыпаў дзейнасці масонства была лаяльнасць у адносінах да ўрада і імкненне ўстрымлівацца ад удзелу ў палітычным жыцці.[3] Менавіта гэта было адной з прычын спынення дзейнасці лож на тэрыторыі Беларусі ў час так званых “падзелаў Польшчы”. У 1808-1812 г. былі адноўлены ложы ў Нясвіжы і Вільні. Але хутка яны зноў спынілі сваю дзейнасць у сувязі з руска-французскай вайной. Пасля вайны дзейнасць масонаў зноў аднавілася. У сярэдзіне 1821 г. ложы існавалі ва ўсіх губернскіх гарадах Беларусі і Літвы, а таксама ў Нясвіжы, Навагрудке і Слуцку. Па некаторым дадзеным, яны аб’ядноўвалі да 800 чалавек [27, s. 273- 274]. Большасць сярод масонаў складалі крупныя землеўладальнікі і арыстакраты. Разам з тым, у склад лож уваходзілі афіцэры, прадстаўнікі “свабодных прафесій” (настаўнікі, адвакаты, прафесары і г.д.), чыноўнікі. У ложы ўступалі як па ідэалагічным матывам, так і з-за снабізма, жадання следваць модзе. “Па ўсей Літве ўсякі хоць колькі-небудзь дастойны чалавек, да якога б класа грамадства ен не належыў (акрамя яўрееў), клапатаў аб слаўным ў той час імені масона, якое таксама вельмі легка атрымліваў, “- успамінаў аб гэтым часе І. Ходзька [Цыт. па: 27, s. 278]. І хоць адным з асноўных напрамкаў дзейнасці масонаў была дабрачыннасць, члены лож мелі вялікі ўплыў на рашэнне шматлікіх сацыяльных і эканамічных праблем у краі [22, t. 1, s. 305; 27, s. 283; 31, s. 8-9]. Трэба адзначыць, што грамадская актыўнасць у Беларусі і Літве значна актывізавалась пасля 1815 г. Дараванне канстытуцыі Царству Польскаму, імператарскія ўказы 1816 і 1817 г. аб адмене прыгону ў Эстляндскай і Курляндскай губернях параджалі надзеі на магчымасць забеспячэння “свабоды грамадзянскага жыцця”. У гэты час у краі ўзнікла шмат неафіцыйных таварыстваў, гурткоў і груп: Таварыства шубраўцаў (1817-1822), Таварыства філаматаў (1817-1823) і яго ніжэйшыя ступені (залежныя гурткі), Таварыства мыслячай моладзі (1817-1820), Віленскае літаратурнае таварыства (1819-1820), антыпрамяністыя (1820), Віленскае тыпаграфічнае таварыства; Саюз дастойных мужаў (1820), Маральнае таварыства ў Свіслачы (1819-1820). Актыўная публіка групавалася таксама вакол перыядычных выданняў – “Kurier Litewski”, “Dzennik Wilenski” , “Tygodnik Wilenski”. Месцам сустрэч прадстаўнікоў мясцовага адукаванага грамадства: прафесараў , настаўнікаў, урачоў, літаратараў, публіцыстаў – была кніжная лаўка І. Завадскага. Тут сустракаліся тыя, каго, карыстаючыся сучаснай терміналогіяй, можна было б назваць “грамадзянскімі актывістамі” – К. Кантрым, Я. Шымкевіч, А. Марцінкоўскі, Я. Рыхтэр, М. Балінскі, Л. Платэр, І. Ходзька, В. Путткамер і інш. [35, s. XXLV]. Грамадская дзейнасць першай трэці ХІХ стагоддзя палажыла пачатак практыws публічнасці і дала прыклады першых выхадаў за рамкі саслоўнай і рэлігійнай замкнутасці. А стварэнне шматлікіх прыватных таварыстваў, імкненне да незалежнай ад дзяржаўных і саслоўных інстытутаў і ўстаноў дзейнасці сведчыла аб складванні перадумоў фарміравання грамадзянскай супольнасці. Змены унутранай палітыкі Аляксандра І у сувязі з палітычнай кан’юнктурай у Еўропе (“антымасонская рэакцыя”) і адкрытымі апазіцыйнымі выступленнямі ў Расійскай імперыі (снежань 1825 г.) трагічна паўплывала на грамадскую актыўнасць у Беларусі. У 1822 г. быў выданы імператарскі ўказ аб знішчэнні масонскіх лож і закрыцці ўсіх неафіцыйных таварыстваў, а ў 1827 г. - аб забароне стварэння таварыстваў, статуты якіх не зацверджаны ўрадам [14, т. 38, №29151]. Таварыствы, якія засталіся, фактычна перасталі быць “прыватнымі”: атрымаўшы тытул імператарскіх і магчымасць карыстацца казеннымі пасобіямі, яны, разам з тым, апынулісь у прамым падпарадкаванні царскай адміністрацыі. У гэтых умовах спробы “грамадскасці” знайсці магчымасці для самастойнай дзейнасці, як правіла, аказваліся безпаспяховымі. Яркім прыкладам у гэтых адносінах можа служыць дзейнасць Беларускага вольнага эканамічнага таварыства (1825-1841) [13, ф. 2779, оп. 1, д. 1]. Пасля зачынення Віленскага ўніверсітэта і ліквідацыі Віленскай навуковай акругі (1832), зачынення Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1842), адзінай навуковай установай у Беларусі і Літве было Віленскае медыцынскае таварыства (1805-1940), якое імкнулася працягваць універсітэцкія навуковыя і культурна-арганізацыйныя традыцыі. Аднак, вымушанае строга саблюдаць указанні царскай адміністрацыі і пункты зацверджанага статута, медыцынскае таварыства таксама мела вельмі абмежаваныя магчымасці ўплываць на стан спраў у краі. [1, с. 7-9]. Асветніцкія традыцыі Віленскага ўніверсітэта працягвалі паўлегальныя вучнеўскія гурткі ў Мінскай гімназіі (“kola publiczne”) [30, s.500-534]. Месца публічных таварыстваў занялі канспіратыўныя гурткі. У перыяд так званай “нікалаеўскай рэакцыі” нелегальныя аб’яднанні ўзнікалі перш за ўсе ў асяроддзі вучнеўскай моладзі: дэмакратычнае таварыства студэнтаў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1836-1839), Брацкі саюз літоўскай моладзі (1846-1849), Саюз літоўскай моладзі (1847-1851), патрыятычны вучнеўскі саюз у Свіслацкай гімназіі (1826), “Племя сарматаў” у Вільні (1827) і інш. [ Падрабязна аб дзейнасці гурткоў: 15; 16; 24; 29]. Для легальнага абмеркавання праблем, якія хвалявалі грамадскасць заставліся толькі такія магчымасці, як дваранскія салоны-гурткі і, стрымліваўшаяся шматлікімі цэнзурнымі абмежаваннямі выдаўнічая і публіцыстычная дзейнасць. Актуальныя палітычныя і грамадскія праблемы абмяркоўваліся ў дваранскіх салонах і гуртках у Р. Тышкевіча, Э. Мастоўскага, А. Кіркора, Г. Агінскай, А. Адынца і інш. Вакол віленскага дваранскага таварыства (літоўскага камітэта), актыўнымі дзеячамі якога былі канонік Л. Трынькоўскі, адвакат С. Казакевіч, дваранін Э. Ромер, публіцыст А. Балінскі, групіраваліся прагрэсіўна-рэфарматарскія гурткі Я. і Н. Еланскіх у Мазырскім, Л. Орды – у Кобрынскім, Ажэшкі- у Пінскім паветах [16, с. 81; 24, с. 54-56]. Ідэйныя пошукі і меркаванні грамадскасці адлюстроўваліся на старонках такіх перыядычных выданняў, як “Tygodnik Peterburski”, “Balamut Peterburski”, “Wizerunki i Rostrzania Naukowe”, “Athenaeum”, “Еgida”, “Rocznik Literacki”, “Swistek”, “Pametniki Umyslowe”, “Lud i Czas”, “Gwiazda”, “Pamietnik Naukowa-Literacki” і інш. [28]. Раскрыцце нелегальных гурткоў, забарона ў 1849-1851 гадах практычна ўсіх польскамоўных часопісаў, жорсткія паліцэйскія рэпрэсіі новага віленскага генерал-губернатара А. Бібікава, які змяніў у 1850 г. Ф. Мірковіча на некалькі гадоў уверглі грамадства у стан апатыі і нават маральнага крызіса [24, s. 341]. Аднак ужо з сярэдзіны 50-х гадоў у Беларусі, як і ва ўсей Расійскай імперыі, назіралася значнае ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае с абмеркаваннем праектаў адмены прыгону і іншымі працэсамі, народжанымі унутры- і знешнепалітычнымі падзеямі. Важным фактарам актывізацыі грамадскага жыцця Беларусі і Літвы ў гэты перыяд стала вяртанне з выслання ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 г. і членаў нелегальных гурткоў 40-х г. У пачатку 60-х гадоў у Беларусі зноў узнікаюць шматлікія дабрачынныя таварыствы. Разам з тым атрымліваюць развіцце і новыя грамадзянскія ініцыятывы: стварэнне публічных бібліятэк і арганізацыя нядзельных школ. Даволі шырокай падтрымкай беларускай грамадскасці карысталіся і таварыствы цвярозасці. У 1855 г. была створана Віленская археалагічная камісія (1855-1865), у рамках якой быў сфарміраваны камітэт па арганізацыі Віленскага навуковага таварыства. Складвалася кола людзей, якія працавалі ў імя агульных інтарэсаў за межамі і паміма сферы дзяржаўных службовых абавязкаў. Наібольш яскравым прыкладам з’яўляецца дзейнасць “камітэта грамадзян”, у склад якога ўваходзілі Я. Гейштар, Ф. Далеўскі, Ю. Карповіч, Я. Пенкоўскі. У выніку дзейнасці “камітэта” была створана паўдегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую дзейнасць у Беларусі і Літве [Падрабязна аб дзейнасці “камітэта грамадзян”: 1; 25]. Гэта стварала падставы для новага разумення ролі дзяржавы ў жыцці грамадства: ідэя сацыяльнасці (грамадскасці) і дзяржаўнай службы пачынаюць раздзяляцца, паняцці “бюракрат” і “грамадзянін” супрацьпастаўляюцца адзін аднаму. Актывізацыя грамадскай дзейнасці суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літаратурнай дзейнасці і ўзмацненнем інтарэсу да “грамадскіх пытанняў”. Развіцце незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне “практыкі чытання” фарміравала ўмовы для ідэалагічных дыскусій. Менавіта сфера адкрытых публічных дэбатаў і грамадскага меркавання ў тым сэнсе, які надаў ім нямецкі сацыяльны філосаф Ю. Хабермас- “public spirit” – сталі пачатковым пунктам фарміравання грамадскіх рухаў – істотнейшых фактараў фарміравання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Яшчэ ў першай трэці ХІХ стагоддзя ў рамках супрацьстаяння рацыяналістычнага і клерыкальнага светапоглядаў пачаўся працэс афармлення ліберальнага і кансерватыўнага меркаванняў. Лібералізм фарміраваўся як рэакцыя, з аднаго боку, на спробы аднавіць “стары парадак”, а з другога- на крайнасці якабінскай дыктатуры. Тыповым прыкладам у дадзеным кантэксце можа служыць дзейнасць таварыства шубраўцаў і артыкулы, якія друкаваліся ў іх перыядычным выданні “Wiadomosci Brukowe” [35]. Кансерватызм фарміраваўся як рэакцыя на рацыяналізм і антыгістарызм эпохі Асветніцтва. Лібералізм і кансерватызм канстытуіраваліся у дыскусіях аб сутнасці “сапраўднай народнасці” і ў працэсе абмеркаванняў характара неабходных рэформ (перш за ўсе адмены прыгону). Так, калі на мове пачаўшага фарміравацца ліберальнага светапогляда абарона народнасці- гэта барацьба за “народ”, які рухаецца па дарозе прагрэса разам з іншымі еўрапейскім краінамі, то на мове будучых кансерватараў- гэта захаванне старажытнай культуры і традыцыйных сацыяльных адносін. Будучыя кансерватары знаходзілі свае аргументы ў працах фалькларыста В. Даленгі-Хадакоўскага, які сцвярджаў, што шчаслівая будучыня можа быць заснавана не толькі на адмаўленні ад антыгуманных форм грамадскага жыцця, але і на адраджэнні старых форм духоўнасці і грамадскіх адносін, а прагрэс славянскіх народаў залежыць непасрэдна ад адраджэння дахрысціянскага мінулага. Ліберальна арыентаваныя колы крытыкавалі рамантычны культ народнасці за абскурантызм і містыцызм [Падробна аб дыскусіях гл.: 10; 11; 12; 35]. І прагрэсісты-рацыяналісты, і “паракансерватары” згаджаліся з тым, што рэформы неабходны. Тым не менш, іх адносіны да рэальнага ажыццяўлення гэтых рэформ адрозніваліся. Гэта з відавочнасцю праявілася ў прамове М. Пашкоўскага (дэлегата Ашмянскага павета на Віленскім губернскім дваранскім сходзе 1817 г.) пры абмеркаванні пытання аб адмене прыгону. Ашмянскі дэлегат не адмаўляў неабходнасць скасавання прынону, але настойваў на тым, што рэформа павінна быць усебакова асэнсована і распрацавана на падставе практычнага ведання края, звычаяў і народа, а не абстрактных лозунгаў свабоды і роўнасці [32, s. 15-16]. Падзеямі, якія стымулявалі крышталізацыю грамадскіх пазіцый у Беларусі, сталі паўстанне 1830-1831 г. і “вясна народаў” (асабліва падзеі ў Галіцыі ў 1846 г.) Адбываецца размежаванне кансерватыўна ( Г. Ржэвускі, К. Буйніцкі) і ліберальна (Р. Падбярэзскі, Э. Жэлігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі афармляюцца радыкальны (Ф. Савіч, Ю. Бакшанскі, А. Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф. Далеўскі, У. Спасовіч) накірункі. Кансерватыўнае грамадскае меркаванне падзяляецца на “эвалюцыяністаў” (А. Замойскі, В. Старжынскі) і “непрымірымых” (Г. Ржэвускі, А. Дамейка) [16; 24; 28]. Праграма “арганічнай працы”, якая аб’яднала ў сярэдзіне 50-х г. лібералаў, кансерватараў і нават радыкалаў, адыграла ролю своеасаблівага фермента, сродка барацьбы супраць палітычнага рамантызма, падрыхтавала глебу для пашырэння ідэалогіі пазітывізма і звароту ўвагі да інтарэсаў канкрэтных сацыяльных груп. Але ўжо ў 60-х гадах былі распрацаваны ліберальны і кансерватыўны варыянты праграм. Радыкалы адмовіліся ад “арганічнай працы”, паставіўшы сваей мэтай ажыццяўленне сацыяльнай рэвалюцыі. Цвердая ўпэўненасць у неабходнасці ўзброенай барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай прывяла к таму, што гэту пазітывістскую праграму адверглі і некаторыя крайнія кансерватары. Менавіта ў гэты час, у 60-я гады ХІХ стагоддзя, пачынаюць фарміравацца цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных накірункаў грамадскага меркавання (фактычна, гэта сведчыла аб працэсе кансалідацыі грамадскіх рухаў). Вакол “камітэта (арганізацыі) грамадзян” групіравалісь памяркоўныя лібералы. Іх апаненты А. Чапскі, М. Агінскі, А. Дамейка, А. Платэр, у поўнай адпаведнасці з прынцыпамі кансерватызма, выступалі супраць “арганізацыі грамадзян”, паколькі яна ігнаравала дзейнасць прадвадзіцеляў дваранства і імкнулася падмяніть органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол “камітэта руху” (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта) – К. Каліноўскі, С. Чэховіч, Э. Вярыга і інш. Будучы сацыяльнымі радыкаламі, члены яго не ішлі далей ліберальнай праграмы: звяржэнне смаўладдзя, сказаванне прыгону. Разам з тым, яны падкрэслівалі неабходнасць “кулачнай рэвалюцыі”, а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязь з дэмакратычнай эміграцыяй і рускім рэвалюцыйным рухам садзейнічала крышталізацыі сацыялістычных тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму [1; 8; 17]. Аднак кансалідацыя грамадскіх рухаў на Беларусі ў гэты перыяд яшчэ была далекай ад завяршэння. Перш за ўсе таму, што ў грамадстве пераважаў інтарэс да пошука эфектыўных форм рэальнай практычнай дзейнасці, а не заклапочанасць “чысціней дактрын”. Акрамя таго, “польскае пытанне”, якое доўга займала найбольш актыўную і палітызаваную частку насельніцтва- дваранства – у пэўнай ступені рабіла больш цяжкім усведамленне прынцыповых ідэалагічных адрозненняў. Сітуацыя пагаршалася з-за таго, што ў грамадстве культывіраваліся ідэі “салідарызма” ўсіх слаеў і груп насельніцтва ў імя поспеху паўстання за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Тым не менш, можна адзанчыць, што ў першай палове XIX стагоддзя ішоў працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл і станаўлення грамадскіх рухаў. Існаванне дабраахвотных арганізацый сведчыла аб імкненні да самастойнай грамадскай дзейнасці, аб складаванні слоя грамадзянскіх актывістаў- “суб’ектаў грамадзянскай супольнасці”. З фарміраваннем цэнтраў аб’яднання прыхільнікаў розных напрамкаў грамадскага меркавання пачынаецца працэс кансалідацыі ліберальнага і кансерватыўнага грамадскіх рухаў. Усе гэтыя працэсы сведчылі аб пачатку фарміравання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. 1. Александравичюс Э.А. Культурно-организационное движение в Литве 1831-1863 г.г.: Автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / АН Лит. ССР. Ин-т истории. - Вильнюс, 1986. - 17 с. 2. Берлин И. Четыре эссе о свободе. - London: Overseas Publications Interchange Ltd, 1992. - 395 с. 3. Восстание 1863 года и русско-польские революционные связи 60-х годов: Сб. ст. и материалов / Ин-т истории АН СССР; Под ред. В. Королюка и С. Миллера. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1960. - 731 с. 4. Волков В. Общественность: забытая практика гражданского общества // Pro et contra. - 1997. - № 4. - С.77-91. 5. Вопросы теории и истории общественных организаций: Сб. ст. / Отв. ред. Ц. А. Ямпольская и А.М. Щиглик. – М.: Наука, 1971. - 258 с. 6. Вятр Е. Социология политических отношений. – М.: Прогресс, 1979. - 463 с. 7. Гаджиев К.С. Концепции гражданского общества: идейные истоки и основные вехи формирования // Вопр. философии. - 1991. - № 7. - С. 19-35. 8. Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия / Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии; Сост. Р.П. Платонов и др. – Минск: Беларусь, 1988. - 208 с. 9. Констан Б. О свободе у древних в сравнении со свободой у современных людей // Полит. исслед. - 1993. - № 2. - С. 97-106. 10. Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30-40-е годы XIX века. – Минск: Наука и техника, 1971. - 157 с. 11. Мохнач Н.Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX века. - Минск: Наука и техника, 1985. - 94 с. 12. Мохнач Н. От просвещения к революционному демократизму (Общественно–политическая и философская мысль Белоруссии конца 10-х–начала 50-х гг. XIX в.) - Минск: Наука и техника, 1976. - 183 с. 13. Национальный исторический архив Белоруссии. 14. Полное собрание законов Российской империи: Собр. 1-е с 1649 по 12 дек 1825 г.: В 45 т. - СПб: Тип. отд. Его Имп. Вел-ва канцелярии, 1830-1845. - Т. 21. – 1085 с.; Т. 38. – 1355 с. 15. Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши: 30-60-е годы XIX века. – М.: Соцэкгиз, 1962. - 427 с. 16. Смірноў А.Ф. Франц Саіч. З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. 30-4-е гг. XIX ст. - Мінск: Дзяржвыд. БССР, 1961. – 57 с. 17. Самбук С. Общественно-политическая мысль Беларуси во второй половине XIX века. - Минск: Наука и техника, 1976. - 183 с. 18. Стамм С.М. Диалектика общности и личности в средние века // Вопросы истории.- 1993.- № 3.- С. 29 – 37. 19. Черных А. Долгий путь к гражданскому обществу // Социс. - 1994. - № 8-9. - С.173- 181. 20. Щепаньский Я.Ю. Элементарные понятия социологии. – М.: Прогресс, 1969. - 240 с. 21. Arato A., Cohenn J. Civil Society and Political Theory. – Cambridge: Cambridge Univ. Press, 1992. - 256 p. 22. Archiwum filomatow. Cz. 1: Korespondencja filomatow. 1815-1823: W 5 t. – Krakow: Wyd. J. Czubek, 1913. - T. 1 – 486 s.; T. 2 – 435 s.; T. 4 – 441 s.; T. 5 – 490 s. 23. Bochwic F.Obraz mysli mojei.- Wilno: Nakl. i druk. J. Zawadskiego, 1839. - 164 s. 24. Fajnhauz D Ruch konspiracyjny na Litwie i Bialorusi. 1846-1848. - W-wa: Panstw. Wyd-wo nauk., 1965. - 402s. 25. Gieisztort J. Pamietniki z lat 1857-1865. - Wilno: Nak. Now. Udz. Kurjer Litewski, 1913. - 420 s. 26. Habermas J. The Structural Transformation of the Public Sphere. - Cambridge: Cambridge Univ. Press, 1989. - 258 s. 27. Hass L. Wolnomularstwo w Europie Srodkowo-Wschodniej w XVIII - XIX wieku. - Wroclaw-W-wa-Krakow-Gdansk-Lodz: Zakl. Nar. Im. Ossolonskich, 1982-572 s. 28. Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832-1851.- W-wa: Panstw. Wyd-wo nauk., 1966. – 375 s. 29. Kaminski A. Polskie zwiazki mlodziezy(1831-1848). - W-wa: Panst. Wyd-wo nauk., 1968. - 287 s. 30. Kaminski A. Polskie zwiazki mlodziezy (1804-1831). - W-wa: Panst. Wyd-wo nauk.,1963. – 554 s. 31. Malachowski-Lempicki S. Wolnomularstwo na ziemiach dawnego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego 1776-1822. Dzieje i materialy. - Wilno, 1930. - 213 s 32. Moscicki H. Sprawa wloscianska na Litwie w pierwszej cwierci XIX stulecia. – W-wa: Druk. A.Ginsa, 1908. - 38 s. 33. Seligman A. The Idea of Civil Society. - New York: Maxwell Macmillan Intern., 1992. - 241 P. 34. Sobolewsky M Partie i systematy partyjne swiata kapitalistycznego. – W-wa: Panst. Wyd-wo nauk., 1977. - 525 s. 35. “Wiadomosci Brukowe”. Wybor artykulow / Wybral i opracowal Z. Skwarczynski. - Wroclaw-W-wa-Krakow: Zakl. Nar. im. Ossolinskich,1962. - 369 s. [1] Само паняцце «грамадзянская супольнасць» першапачаткова ўзнікла як юрыдычны тэрмін. У юрыспрудэнцыі грамадзянская супольнасць разумеецца як сукупнацсь асоб, якія ў дазены час і на дазенай тэрыторыі удзельнічаюць ва ўтварэнні грамадзянскага права і горамадзянска прававых адносін, якія рэгулюцца апошнім. Члены грамадзянскай супольнасці выступаюць ці ў якасці суб’ектаў грамадзянскага права, ці ў якасці ўлады, якая абараняе іх правы. Нормы грамадзянскага права вызначаюць грамалдска-прававы статус і рэгулююць адносіны асоб як членаў грамадства ў іх так званым прыватным жыцці, т. е. іх стан і адносіны: асабістыя, сямейныя, маемасныя. У адрозненні ад законаў саслоўнага грамадства, якія знешне былі індыферэнтымі да маемаснага стану членаў грамадства, суб’ектам грамадзянскай супольнасці ў яе развітай форме з’яўляецца ўсякі чалавек, незалежна ад палітычнага, саслоўнага ці рэлігійнага стану. Свабода асобы, уласнасці і дагавора, прызнанне іх самакаштоўнасці ствараюць юрыдычную аснову развітай грамадзянскай супольнасці. [2] Масонства паходзіць ад рамесных сярэдневековых аб'яднанняў будаўнікоў і архітэктараў (так званае аператыўнае масонства) , якія са змяненнем эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі сталі прымаць у якасці членаў заможных людзей і арыстакратаў. Паступова гільдзіі будаўнікоў пераўтварыліся ў таварыствы, дзе абмяркоўваліся шматлікія праблемы светапогляда (так званае спекулятыўнае масонства). Асноўным прынцыпам дзейнасці такіх таварыстваў была цярпімасць, перш за ўсе- рэлігійная. [3] У канстытуцыі масонаў 1722 г. падкрэслівалася, што масон – лаяльны подданы грамадзянскай улады ў любой краіне, дзе ен жыве і працуе; калі ж «брат» аказваецца замешаным у бунце супраць дзяржавы, неабходна асудзіць яго бунт, але з ложы – не выключаць. Апошняе палажэнне стала, як адзначаюць шматлікія даследчыкі, перадумовай палітызацыі лож [27, s.50-51].