Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи па гисторыи.docx
Скачиваний:
13
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
577.39 Кб
Скачать

Беларускія землі ў іх-пач. Хііі стст.

  1. Узнікненне Русі. Беларускія землі ў ІХ-Х стст.

  2. Полацкае княства ў канцы Х-ХІ стст. Княжацка-вечавы лад.

  3. Тураўскае княства ў канцы Х-ХІ стст. Асаблівасці грамадска-палітычнага ладу.

  4. Феадальная раздробленнасць. Землі Сярэдняга Пабужжа, Пасожжа і Верхняга Панямоння.

  5. Знешнепалітычнае становішча ў канцы ХІІ –пач. ХІІІ стст.

  6. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў ІХ-пач. ХІІІ стст.

  7. Культура ІХ-пач. ХІІІ стст.

1. У сярэдзіне ІХ ст. ва Усходняй Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Гэта былі пераважна купцы і воіны, якія імнкнуліся авалодаць вялікім водным шляхам “з вараг у грэкі”. Варагі збіралі даніну з наўгародскіх славен, крывічоў і некаторых фіна-угорскіх плямён (чудзь, мера, весь). У “Аповесці мінулых часоў” расказваецца, што наўгародцы, крывічы, чудзь адмовіліся плаціць варагам даніну і ў 859 г. прагналі іх “за мора”. Аднак сярод саміх плямён не было згоды, часта ўспыхвалі міжусобныя войны. У выніку гэтыя плямёны ў 862 г. накіравалі сваіх паслоў да аднаго з варажскіх правадыроў Рурыка з запрашэннем на княжанне. У летапісу пра гэта гаворыцца так: “Пайшлі за мора да варагаў, да русі. Бо так звалі тых варагаў – “рус”. Адсюль быццам і назва дзяржавы ўзнікла – “Русь”.

Рурык стаў наўгародскім князем і стаў раздаваць гарады “сваім мужам”. Сярод гарадоў пад 862 г. названы і Полацк. Гэты факт даў падставу для летапісцаў сцвярджаць, што менавіта ад “запрашэння” варагаў бярэ пачатак дзяржаўнасць ва ўсходніх славян. Есць і супрацьлеглыя пазіцыі ў гісторыкаў. Некаторыя лічаць, што “запрашэнне” варагаў усяго толькі паскорыла дзяржаваўтваральны працэс на ўсходнеславянскіх землях, які і да гэтага часу ішоў, але даволі маруднымі тэмпамі.

Калі паўночныя землі ўсходнеславянскага рэгіёна ў другой палове ІХ ст. аказаліся ў залежнасці ад Рурыка, то землі палян, севяран, радзімічаў папалі пад уладу хазар. Як і калі гэта адбылося летапісы не гавораць. Вызваленне палян ад неабходнасці ўплаты даніны хазарам звязваецца з дзейнасцю “мужоў” Рурыка Аскольда і Дзіра. У летапісу гаворыцца, як яны “з родамі сваімі” адправіліся па Дняпры ў сталіцу Візантыі. Даплыўшы да Кіева, яны забілі нашчадкаў Кія, вызвалілі горад ад уплаты даніны хазарам і сталі правіць зямлёй палян.

Новы этап у гісторыі ўсходніх славян звязаны з фарміраваннем адзінай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Пераемнік Рурыка Алег у 882 г. забіў Аскольда і Дзіра і абвясціў Кіеў сталіцай Русі: “Няхай будзе маці гарадоў рускіх”. Князь даволі хутка падпарадкаваў сабе шэраг славянскіх зямель, у тым ліку радзімічаў (885 г.). У 907 г. Алег ажыццявіў удалы паход на Царград. У складзе яго войска знаходзілася дружына крывічоў-палачан. Гэта дае падставу сцвярджаць, што ў часы Алега беларускія землі былі падначалены Кіеву.

Выхад Полацкага княства з-пад улады Кіева трэба адносіць да часоў праўлення Ігара Рурыкавіча, Вольгі і Святаслава Ігаравіча. Доказам гэтага можа служыць той факт, што на Полаччыне не было пагостаў, а гэта значыць даніну на карысць Кіева крывічы не плацілі. Спрабавалі атрымаць незалежнасць ад Кіева і радзімічы. Яны ў 984 г. узнялі паўстанне. У выніку кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч рушыў супраць іх з войскам. На рацэ Пяшчані радзімічы былі разбіты атрадам, якім камандаваў ваявода Воўчы Хвост.

2. Прыкладна ў 970-я гады ў Полацку княжыў Рагвалод, які, як сказана ў летапісу, “прыйшоў з-за мора”. Каля 980 г. Рагвалод умяшаўся ў дынастычную барацьбу, якую вялі за кіеўскі прастол сыны Святаслава Ігаравіча – Яраполк (кіеўскі князь) і Уладзімір (наўгародскі князь). Як сведчыць летапіснае паданне, браты звярнуліся за дапамогай да Рагвалода і імкнуліся пацвердзіць дамоўленасць, ажаніўшыся з дачкой полацкага князя Рагнедай. Маладая князёўна, нібыта ведаючы аб пазашлюбным нараджэнні Уладзіміра, адмовілася выходзіць за яго замуж. У выніку Уладзімір сабраў вялікае войска і выступіў у паход на Полацк. Горад быў захоплены. Рагвалод і яго сыны былі забіты, а Рагнеда гвалтоўна была зроблена жонкай Уладзіміра. У замужастве Рагнеда атрымала імя Гарыслава. У гэтым жа годзе Уладзімір падманам забіў Яраполка і стаў кіеўскім князем.

Як факт страты незалежнасці, так і факт вяртання Полацкаму княству самастойнай дынастыі ў летапісу пададзены праз паданне. Згодна з ім Рагнеда, каб адпомсціць Уладзіміру за крыўду, нанесеную ёй у 980 г., зрабіла замах на яго жыццё. Князь цудам пазбег смерці і вырашыў забіць жонку, але за Рагнеду заступіўся іх сын Ізяслаў. Пасля рады з баярамі Уладзімір саслаў Рагнеду з сынам у крэпасць Замэчак, якая пазней стала вядома як Ізяслаўль. Рагнеда прыняла пострыг і пад імем Анастасія жыла ў манастыры да 1000 г., а Ізяслава запрасілі на полацкі сталец. Згодна з летапісам, гэта быў князь-кніжнік, які распаўсюджваў хрысціянства і асвету. Ізяслаў памёр у 1001 г. Ён пакінуў пасля сябе двух сыноў – Усяслава і Брачыслава. Першы з іх пражыў да 1003 г. Пасля гэтага князем стаў малодшы Брачыслаў.

Аб дзейнасці Брачыслава нам вядома мала. Летапіс паведамляе, што ў 1021 г. Брачыслаў напаў на васальны ад Кіева Ногарад і разрабаваў яго. Калі Брачыслаў вяртаўся ў Полацк, яго сустрэла войска кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Адбылася бітва на рацэ Судамір. У бітве Брачыслаў прайграў, аднак па мірнай дамоўленасці з Яраславам Полацк атрымаў гарады Віцебск і Усвят – важныя пункты на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”. Фактычна больш нічога не вядома пра час Брачыслава. Ускосна даказана, што Брачыслаў на славяна-балцкім памежжы заснаваў Браслаў і далучыў да княства Менскую воласць. У 1044 г. Брачыслаў памёр.

Пасля Брачыслава полацкім князем стаў яго сын Усяслаў Чарадзей. У летапісе гаворыцца, што маці нарадзіла яго ад чаравання пры ўдзеле язычаскіх святароў. Людзі верылі, што князь мог пераўтварацца ў ваўка ці тура з залатымі рагамі. На першым этапе свайго княжання Усяслаў займаўся каланізацыяй Падзвіння. Даннікамі Полацка сталі балцкія плямёны – латгалы, лівы, земгалы, куршы. Князем былі заснаваны фарпосты (крэпасці) Полаччыны ў Падзвінні – Кукенойс і Герцыке.

У першыя два дзесяцігоддзі свайго праўлення Усяслаў падтрымліваў мірныя адносіны з Кіевам, дзе княжылі спачатку Яраслаў Мудры, а затым яго сын Ізяслаў. У 1060 г. Чарадзей прыняў удзел у сумесным паходзе паўднёварускіх князёў супраць торкаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што за падтрымку Полацкам Кіева, Чарадзей атрымаў гарады Оршу і Копысь. 1065 год стаў паваротным у палітычнай гісторыі Полацкага княства. Выкарыстаўшы канфлікт, які ўзнік паміж паўднёварускімі князямі, Усяслаў Чарадзей ажыццявіў паход на Пскоў. Горад яму ўзяць не ўдалося, але адносіны з Кіевам сапсаваліся. Больш удалым для Усяслава быў паход 1066 г. на Ноўгарад: шмат людзей уведзена ў палон, зняты званы з Наўгародскай Сафіі. У адказ паўднёварускія князі Яраславічы ажыццявілі паход на Полаччыну, захапілі і спалілі Менск. Рашаючая бітва адбылася 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Нямізе. “І была сеча жорсткая, – запісаў летапісец, – і шмат людзей загінула, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад. Усяслаў жа кінуўся наўцёкі”. Мірныя перагаворы паміж князямі пачаліся пад Оршай 10 ліпеня 1067 г. Браты Яраславічы прапанавалі Чарадзею ўвайсці ў свой шацёр, а затым парушылі крыжацалаванне і захапілі полацкага князя з двума сынамі ў палон. У кіеўскім порубе Чарадзей сядзеў больш года.

У 1068 г. паўднёварускія князі пацярпелі паражэнне ад полаўцаў. Калі вестка пра гэта дайшла да Кіева, то кіяўляне сталі патрабаваць ад свайго князя Ізяслава выдаць ім коней і зброю для барацьбы з качэўнікамі. Ізяслаў стаў вагацца, а натоўп тым часам вызваліў Усяслава Чарадзея з турмы. Даведаўшыся пра гэта, Ізяслаў уцёк. 15 верасня 1068 г. кіяўляне абвясцілі Усяслава вялікім князем. На гэтай пасадзе Чарадзей знаходзіўся толькі сем месяцаў, пасля чаго прыняў рашэнне вярнуцца на Полаччыну, саступіўшы прастол Ізяславу. Аднак у Полацку Чарадзей адразу замацавацца не змог, бо ў горадзе знаходзіўся кіеўскі намеснік, сын Ізяслава Мсціслаў. Пасля смерці Мсціслава тут правіў яшчэ адзін Ізяславіч – Святаполк. Усяслаў тым часам жыў у фінскім племені водзь, узначальваў паходы гэтага племені на Ноўгарад. Так, у 1069 г. Чарадзей прайграў наўгародскаму войску на рацэ Гзень, аднак быў адпушчаны “бога радзі”, як сказана ў летапісе. У 1071 г. Чарадзей выгнаў Святаполка Ізяславіча з Полацка, але ў бітве пад Галацічаскам у гэтым жа годзе ён зноў пацярпеў паражэнне ад Кіева. Тым не менш у Полацку Чарадзей утрымаўся. З гэтага часу сутычкі з Кіевам сталі вельмі частымі. У 1077 і 1078 гг. супраць Полацка было арганізавана два паходы паўднёварускіх князёў. Горад узяць ім не ўдалося, але наваколле яго, па словах Манамаха, было “выпалена”. Ёсць меркаванне, што прычынай паходаў былі агрэсіўныя дзеянні Усяслава супраць Ноўгарада і Смаленска (1078 г.). У 1084 г. Уладзімір Манамах раптоўна напаў на Менск, не пакінуўшы ў ім “ні чалядзіна, ні жывёлы”. Нічога невядома аб гісторыі Полаччыны з 1084 па 1092 г. Толькі пад 1092 г. у летапісе сустракаюцца звесткі пра нейкую страшную эпідэмію ў горадзе, калі “мерцвякі білі палачан”. Усяслаў Чарадзей памёр 14 красавіка 1101 г. Завяршылася сапраўды вялікая эпоха беларускай гісторыі.

Грамадска-палітычны лад Полацкага княства (“зямлі”) меў свае асаблівасці. Кіраўніком дзяржавы быў князь. Першым і важнейшым абавязкам полацкага князя была арганізацыя войска і камандаванне ім. Войска князя называлася дружынай. Яна служыла асабіста князю і знаходзілася на яго ўтрыманні. Дружына складалася з розных груп узброеных людзей. На першым месцы была “старэйшая” дружына. Гэта – “баяры” (“баляры”, “сільныя мужы”). Малодшыя дружыннікі называліся “дзецкія” (“отракі”). Акрамя дружыны князь мог утрымліваць наёмнікаў, якімі ў Х–ХІ стст. былі варагі. Значнай ваеннай сілай горада было народнае апалчэнне, якое складалася з гараджан і называлася “полк”. Князь таксама вяршыў суд, у гарады прызначаў цівуноў (суддзяў). Асноўным дакументам, адпаведна якому вяршыўся суд, была “Руская праўда”. Важным абавязкам князя быў збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва. Працэс збору даніны называўся палюддзе. Месца збору даніны – пагост.

Важную ролю ў жыцці Полацка адыгрывала веча – сход дарослых мужчын для вырашэння важнейшых грамадскіх спраў. На вечы ажыццяўляўся вышэйшы суд, кантралявалася дзейнасць князя, вырашаліся пытанні вайны і міру. Ад імя полацкага веча заключаліся дагаворы з іншымі гарадамі. Калі веча не падтрымлівала князя, той вымушаны быў пакінуць горад. На месца выгнанага князя веча выбірала іншага прадстаўніка княжацкай дынастыі. Выбранне князя патрабавала выканання пэўнай працэдуры. Істотным момантам з’яўляўся дагавор, які замацоўваўся прысягай з двух бакоў – крыжацалаваннем.

3. На поўдзень ад Полацкага княства знаходзілася Тураўская зямля, якая ўтварылася на аснове княжання дрыгавічоў. Першае ўпамінанне пра Тураў адносіцца да 980 г., калі там княжыў Тур. Гісторыкі сумняваюцца ў дакладнасці гэтага сведчання і разглядаюць яго як легенду або як больш познюю прыпіску, якая “растлумачвала” паходжанне назвы горада.

Пад 988 г. летапіс паведамляе, што кіеўскі князь Уладзімір перадаў у кіраванне сваім сынам розныя воласці. Тураў атрымаў сын Уладзіміра Святаполк. Малады князь вырашыў дамагчыся поўнай незалежнасці ад Кіева. У 1009 ці 1010 г. Святаполк узяў шлюб з дачкой польскага князя Баляслава Храбрага. У 1013 г. тураўскі князь прымаў удзел у паходзе польскага князя на Русь. Гэты паход аказаўся няўдалым і тураўскі князь быў кінуты Уладзімірам у турму. Пазней па просьбе кіеўскага баярства Уладзімір вызваліў сына са зняволення, аднак пакінуў пад сваім наглядам у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015 г.) Святаполк стаў кіеўскім князем. У гонар гэтага ён загадаў адчаканіць сярэбраныя манеты з надпісам “Святаполк на стале”. Атрымаўшы вялікакняжацкі сталец, ён стаў паступова распраўляцца са сваімі братамі, якія маглі прэтэндаваць на прастол. Пад Пераяслаўлем па загаду Святаполка быў забіты Барыс, а пад Смаленскам – Глеб. Наўгародскі князь Яраслаў (Мудры) распачаў вайну супраць Святаполка Акаяннага (такая мянушка замацавалася за князем-забойцам). Рашаючая бітва паміж князямі адбылася ў 1019 г. на рацэ Альта. Перамогу атрымаў Яраслаў. Пасля паражэння Святаполк кінуўся ў Польшчу праз Берасце і загінуў за межамі Русі. Тураўскае княства было ўключана ў склад агульнай Кіеўскай дзяржавы Яраслава Мудрага.

Напярэдадні смерці Яраслава Мудрага тураўскім князем стаў яго сын Ізяслаў. Стаўшы пасля смерці бацькі (1054 г.) кіеўскім князем, Ізяслаў захаваў за сабой і Тураў. Кіеўскім князям вельмі важна было захаваць кантроль над рачным шляхам па Прыпяці. І ў далейшым, як толькі на кіеўскім прастоле аказваўся новы князь, Тураў перадаваўся яго сыну або заставаўся ў прамым падпарадкаванні самаго кіеўскага князя.

Пасля гібелі Ізяслава Яраславіча ў 1078 г. вялікім князем кіеўскім стаў яго малодшы брат Усевалад Вялікае Гняздо. Тураў атрымаў старэйшы сын Ізяслава Яраполк. Пасля смерці гэтага князя ў 1088 г. на княжанне ў Тураў быў прызначаны малодшы сын Ізяслава Святаполк. Ён пасля смерці Усевалада (1093 г.) па старшынству стаў кіеўскім князем. Святаполк быў чалавекам скупым і срэбралюбівым. Ён нажываўся на нястачы людзей, скупліваў соль і прадаваў яе па завышаных цэнах. Гэта выклікала абурэнне народа і прывяло да паўстання ў Кіеве, у пачатку якога ў 1113 г. Святаполк памёр. Вялікім князем кіеўскім стаў сын Усевалада Уладзімір Манамах. Манамах не дазволіў князям з дынастыі Ізяславічаў трымаць Тураў. Па яго загаду сын Святаполка Яраслаў быў забіты. Тураўская зямля засталася за кіеўскім вялікім князем. Пасля смерці Уладзіміра Манамаха кіеўскім і тураўскім князем быў яго сын Мсціслаў (1125-1132 гг.)

У параўнанні з Полацкам грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў мелі права перайсці на велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі для гэтага надыходзіда іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. Адначасова Тураўскае княства працягвала падпарадкоўвацца свайму князю, які станавіўся вялікім князем кіеўскім. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік – “пасаднік”. У Тураве склалася свая сістэма кіравання горадам і воласцю. Гараджане ў Тураве мелі права голасу нават тады, калі вырашалася пытанне пра назначэнне на пасаду епіскапа, у той час, калі ў Полацк і іншыя гарады епіскап прызначаўся кіеўскім мітрапалітам. У Тураве існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне. Тураўскі князь з дружынай часта знаходзіўся ў Кіеве. У такім выпадку апалчэнне з’яўлялася галоўнай сілай у горадзе.

4. Перыяд распаду дзяржаў у сярэднія вякі на больш дробныя ўтварэнні гісторыкі называюць часам феадальнай раздробленнасці. Усходнеславянскія землі ўступілі ў перыяд раздробленнасці пазней краін Заходняй Еўропы. Распаду Кіеўскай Русі ў значнай ступені паспрыяла рашэнне, якое было прынята на Любецкім з’ездзе князёў у 1097 г. З’езд абвясціў “няхай кожны князь трымае зямлю свайго бацькі”. Кожнае княства станавілася незалежным і цяпер мела права самастойна вызначаць свой унутраны парадак, весці самастойную знешнюю палітыку. Удзельныя княствы перыяду феадальнай раздробленнасці ў крыніцах ХІІ – ХІІІ стст. называюцца “валасцямі”. Разам з тым Уладзімір Манамах і яго сын Мсціслаў не пагадзіліся з рашэннем Любецкага з’езда, працягвалі кантраляваць развіццё ўдзельных княстваў. У выніку толькі ў 30-я гг. ХІІ ст. Русь канчаткова распалася. Летапісец з горыччу занатаваў: “Раздрася вся Русская земля”.

Прычынамі феадальнай раздробленасці на Русі былі наступныя: 1) паслабленне ролі цэнтра ў выніку развіцця феадальных адносін і ўмацавання гарадоў на перыферыі; 2) адсутнасць трывалых эканамічных сувязей паміж цэнтрам і месцамі ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі; 3) традыцыя перадачы зямлі ў спадчыну сынам; 4) сепаратызм буйных феадалаў-вотчыннікаў.

Феадальная раздробленнасць на Полаччыне пачалася пасля смерці Усяслава Чарадзея, які меў шэсць сыноў. Барыс правіў у Полацку, Глеб у Менску, Давыд у Лагойску, Святаслаў у Віцебску. Невядома, якія ўдзелы атрымалі Раман і Расціслаў. Барыс, як старэйшы, прызнаваўся вялікім князем Полацкай зямлі ў цэлым. Але, відаць, ён не кантраляваў усю зямлю. Адносіны паміж братамі былі напружаныя (перыяд “хатняй барацьбы”). Да прыкладу, ніхто не дапамог Барысу на пачатку яго праўлення змагацца з яцвягамі. Адзіным сумесным паходам братоў быў паход 1106 г. супраць земгалаў. Аднак, і ён быў няўдалым. Земгалы перасталі плаціць даніну Полацку.

Менскі князь Глеб імкнуўся пашырыць свае ўладанні перш за ўсё ў напрамку да Дняпра, дзе ім быў захоплены Копысь. Таксама Глеб ажыццяўляў паходы на землі Тураўскага княства. У выніку інтарэсы Глеба сутыкнуліся з інтарэсамі Кіева. У 1105 г. кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч адправіў на Менск ваяводу Пуцяту, аднак Глеб адстаяў горад. Дарэчы, кіеўскага князя падтрымаў Давыд Усяславіч, які выступіў супраць брата. У 1116 г. пасля таго, як Глеб спаліў Слуцк, ужо Уладзімір Манамах направіў на Менск шматлікае войска. Пасля двухмясячнай аблогі горада Глеб папрасіў міру, паабяцаўшы ва ўсім слухацца кіеўскага князя. Аднак, пасля адыходу Уладзіміра ў Кіеў Глеб працягнуў захопніцкую палітыку ў Падняпроўі. Новы кіеўскі паход на Менск 1117 г. прынёс значныя страты Полаччыне. Менск быў захоплены і далучаны да Кіева. Глеб быў захоплены ў палон, дзе і памёр у 1119 г. Пахаваны менскі князь у Кіева-Пячэрскім манастыры.

У 1127 г. памёр полацкі князь Барыс. Па старажытнаму звычаю полацкі прастол перайшоў да яго брата Давыда. Новы князь меў нямала праціўнікаў. На Полаччыне пачаліся разлады, у якія ўмяшаўся кіеўскі князь Мсціслаў (сын Уладзіміра Манамаха). У гэтым паходзе на баку Кіева таксама выступаў гродзенскі князь Усеваладка. У выніку на полацкі сталец быў пастаўлены сын Барыса Рагвалод, а Давыд адхілены ад улады.

У 1128 г. Мсціслаў рыхтаваў паход супраць полаўцаў. Папярэдне ён паведаміў полацкім князям, што яму спатрэбіцца іх падтрымка. Аднак полацкія князі адмовілі дзёрзкім адказам: “Ты з Банякам Шалудзякам будзьце здаровыя абодва і ўпраўляйцеся самі, а мы маем дома што рабіць”. Здзейсніўшы паспяховы паход супраць качэўнікаў і без палачан, Мсціслаў адразу накіраваў свае войскі на Полаччыну. У 1129 г. князі Рагвалод, Давыд, Расціслаў, Святаслаў, два сыны Барыса разам з жонкамі і дзецьмі былі вывезены спачатку ў Кіеў, дзе ім было аб’яўлена аб пакаранні за непаслушэнства, а потым сасланы ў Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан, зяць Мсціслава, прызначыў полацкіх князёў у войска, дзе яны змагаліся супраць арабаў (сарацынаў). Так пачаўся “візантыйскі палон” полацкіх князёў. На Полаччыне сталі правіць кіеўскія намеснікі.

Пасля смерці Мсціслава (1132 г.) яго месца ў Кіеве заняў брат Яраполк. У Кіеве пачалася барацьба за прастол. Гэтую сітуацыю выкарысталі палачане, якія выгналі кіеўскага намесніка і пасадзілі на полацкі сталец прадстаўніка полацкага княжацкага дому віцебскага князя Васільку Святаславіча. Полацк зноў атрымаў незалежнасць. Пасля смерці Яраполка (1139 г.) у Полацк вярнуліся “палонныя князі” з Візантыі. З гэтага часу пачалася вострая барацьба ў самой Полаччыне за сталец. Пасля смерці Васількі Святаславіча ў 1144 г. полацкі сталец вярнуў сабе Рагвалод Барысавіч. У Менскім удзеле пачаў правіць Расціслаў Глебавіч.

З летапісаў вядома, што ў сярэдзіне ХІІ ст. на Полаччыне пачалася дынастычная барацьба. У 1151 г. Рагвалод Барысавіч быў захоплены палачанамі і адпраўлены ў Менск, дзе яго ўтрымлівалі “ў вялікай беднасці”, а полацкім князем стаў Расціслаў Глебавіч. Разам з тым такая сітуацыя была нядоўгай. Ужо ў 1158 г. веча выгнала Расціслава і на полацкі пасад вярнуўся Рагвалод Барысавіч. Пазней веча запрасіла ў Полацк віцебскага князя Усяслава Васількавіча, які кіраваў да 1180 г. Усяслаў, каб умацаваць свае пазіцыі ў Полацку, уступіў у саюз са смаленскім князем Давыдам Расціславічам. Такім чынам, ХІІ ст. было запоўнена бесперапыннымі міжусобнымі войнамі, якія клаліся вялікім цяжарам на плечы сялян і гараджан.

Феадальная раздробленнасць закранула і Тураўскае княства. Аднак гэты працэс пачаўся не ў першай палове ХІІ ст., як на Полаччыне, а ў другой палове ХІІ ст. Гэта звязана з тым, што ў першай палове ХІІ ст. Тураў належаў Кіеўскаму княству.

Пераломным у гісторыі Турава стаў 1157 г. У гэтым годзе Тураў захапіў Юрый Яраславіч, сын забітага па загаду Манамаха Яраслава Святаполкавіча. Паходы на Тураў 1158 і 1160 гг. не завяршыліся поспехам Кіева. Тураў у саюзе з Пінскам (першае ўзгадванне – 1097 г.) выстаяў. Пасля смерці Юрыя Яраславіча ў 1162 г. княства было падзелена паміж яго сынамі – Святаполкам, Глебам і Яраполкам. Узніклі самастойныя Тураўская, Пінская, Дубровіцкая, Клецкая і Слуцкая воласці, якія паступова трапілі пад уплыў суседняга Галіцка-Валынскага княства.

Землі Сярэдняга Пабужжа на працягу многіх стагоддзяў уключалі гарады Берасце, Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск. Галоўным горадам у рэгіёне з’яўлялася Берасце (першае ўзгадванне – 1019 г.). З пачатку ХІ ст. горад уваходзіў у склад Тураўскага княства. Пасля разгрому Святаполка Акаяннага на Альце Берасце было занята палякамі. Толькі дзякуючы паходу Яраслава Мудрага на горад ў 1022 г., Берасце было вернута Тураўскаму княству. У другой палове ХІІ ст. Берасце ўвайшло ў склад Галіцка-Валынскага княства.

Землі Беларускага Пасожжа ўваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Да Смаленскага княства адносілася паўночная частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прапойск (сучасны Слаўгарад). У 1116 г. да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэрыторыя ніжняга цячэння Сажа з Гомелем (першае ўзгадванне – 1142 г.), Чачэрскам і Рэчыцай уваходзілі ў склад Чарнігаўскага княства. Беларускія землі ў Папрыпяцці з гарадамі Мазыр і Брагін уваходзілі ў склад Кіеўскага княства.

У Беларускім Панямонні (“Чорная Русь”) у ХІІ ст. узніклі цэнтры самастойных княстваў: Гродна (першае ўзгадванне – 1127 г), Наваградак, Ваўкавыск і Слонім. Побач са славянскімі гарадамі ў Панямонні жылі балцкія плямёны (да прыкладу, яцвягі, літва).

Такім чынам, у выніку драблення Полацкай, Тураўскай і іншых зямель на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ-ХІІІ стст. узнікла амаль 20 княстваў.

Феадальная раздробленасць – гэта заканамерны працэс, які меў станоўчыя і адмоўныя бакі. Станоўчыя рысы: адбываўся рост гарадоў, якія сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў, развівалася культура. Адмоўныя рысы: рост знешняй небяспекі, пачатак міжусобных войн.

5. Нямецкія рыцары (крыжакі) у канцы ХІІ ст. пад выглядам распаўсюджання каталіцкай веры сярод мясцовага насельніцтва высадзіліся ў вусці Заходняй Дзвіны. Яны захапілі зручную земгальскую гавань і на яе месцы ў 1201 г. была пабудавана крэпасць Рыга. Сумеснымі намаганнямі каталіцкай царквы і рыцарства ў 1202 г. была створана дзяржава крыжакаў – ордэн Мечаносцаў. Паступова рыцары прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне на тэрыторыю латгалаў, пагражаючы Полацку. З даўніх часоў лівы і латгалы плацілі даніну полацкім князям і пастаўлялі ім войскі. Уся тэрыторыя ўздоўж Заходняй Дзвіны была падначалена Полацку. Таму дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 г. асадзілі дзве нямецкія крэпасці Гольм і Ікскюль, але значнага поспеху не мелі. У 1206 г. Уладзімір паспрабаваў яшчэ раз асадзіць Гольм, але на дапамогу палачанам прыйшла толькі частка ліваў. Аблога працягвалася 11 дзён. Узяць крэпасць дружыны так і не змаглі. Тым часам рыцары паступова наблізіліся да васальнага ад Полацка Кукейноса. Тут княжыў Вячка. З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукейнос і пакінуць княства. Ён працягваў барацьбу з крыжакамі да канца жыцця і загінуў у 1223 г. пры абароне Юр’ева. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі Герцыке. Князь Усевалад не змог адстаяць горад.

Мірныя перагаворы паміж полацкім князем Уладзімірам і рыжскім епіскапам Альбертам адбыліся ў 1210 і 1212 гг. Полацк прызнаваў страту Ніжняга Падзвіння, а немцы гарантавалі полацкім гандлярам свабодны шлях па Дзвіне. У 1216 г. палачане сумесна з балцкімі плямёнамі рыхтаваліся да новага выступлення супраць рыцараў, аднак Уладзімір памёр і паход не адбыўся. Нягледзячы на супярэчнасці паміж дзяржавамі гандлёвыя адносіны паміж Полацкам і крыжакамі працягваліся. У 1229 годзе была падпісана гандлёвая грамата Смаленска, Полацка і Віцебска з Ордэнам.

Націск крыжакаў на ўсходнеславянскія землі ўзмацніўся пасля таго, як у 1237 г. ордэны Мечаносцаў і Тэўтонскі аб’ядналіся ў Лівонскі ордэн. І ў гэтых умовах вялікае значэнне для абароны Беларусі меў саюз Полацка, Віцебска і Ноўгарада. Аб гэтым сведчыць шлюб князя Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага князя Брачыслава. У сумесных бітвах усходнія славяне змаглі прыпыніць пранікненне крыжакаў. У бітве з рыцарамі на Няве (1240 г.) вызначыўся адвагай Якаў Палачанін, пра якога ў летапісу гаворыцца: “Наехаў на полк з мячом і мужна біўся і пахваліў яго князь”. Другая перамога Аляксандра Неўскага адбылася на Чудскім возеры ў 1242 г. Гэтая бітва ў гісторыю ўвайшла як Лядовае пабоішча.

Разам з крыжацкай агрэсіяй беларускім землям у ХІІІ ст. сталі пагражаць мангола-татары. Заснавальнікам дзяржавы (Залатой Арды)стаў Чынгісхан. Яго ўнук Батый у 1237 г. пачаў паход на Русь. На працягу зімы 1238 г. мангола-татары разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У сакавіку гэтага года ў бітве на р. Сіці пацярпелі паражэнне галоўныя сілы старажытнарускіх князёў. У 1239 – пачатку 1240 г. было захоплена Чарнігаўскае княства. Верагодна тады быў разбураны і спалены Гомель. У 1240 г. мангола-татары разрабавалі Кіеў. Вясной 1241 г. мангола-татары спалілі Берасце. У Іпацьеўскім летапісе ўказваецца, што ў 1241 г., каля Берасця адбыўся бой з мангола-татарамі, у якім загінула шмат воінаў. У выніку ў ваколіцах горада “нельга было выйсці на поле, бо быў смурод ад вялікай колькасці забітых”. Разам з тым большая частка Беларусі не зведала мангола-татарскага іга, тут не было ардынскіх баскакаў. Гісторыкі тлумачаць гэта рознымі прычынамі. Адны кажуць, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з паўночна-ўсходнімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не мелі жадання праходзіць праз беларускія лясы і балоты. Нягледзячы на гэта пагроза з боку мангола-татар існавала яшчэ доўга.

6. У ІХ-Х стст. у краінах Заходняй Еўропы ўсталяваўся феадальны лад. Феадалізм – уклад, які заснаваны на ўмоўнай прыватнай уласнасці на зямлю разам з сялянамі. Для яго характэрна прысваенне феадаламі працы сялян у выглядзе зямельнай рэнты. Феадалізму ўласцівы тры яе формы: 1) адпрацовачная рэнта, ці паншчына; 2) рэнта прадуктамі, ці аброк; 3) грашовая рэнта, ці чынш.

Утварэнне буйнога феадальнага землеўладання, з’яўленне залежных сялян у розных краінах мелі свае асаблівасці. У шэрагу абласцей Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу германскіх родаплемянных і познарымскіх рабаўладальніцкіх адносін. Гэта так званы сінтэзны шлях развіцця феадалізму. Ён быў характэрны для франкскага, вестгоцкага і іншых каралеўстваў. Германцы запазычвалі некаторыя дасягненні рымскай тэхнікі і агракультуры: двухполле і трохполле, добрае ўгнаенне глебы, стойлавае ўтрыманне жывёлы. Пры сінтэзным шляху развіцця феадалізма даволі хутка склалася іерархічная структура зямельнай уласнасці і класа феадалаў. Ад сінтэзнага шляху развіцця феадальных адносін адрозніваўся працэс феадалізацыі, які гісторыкі называюць бяссінтэзным. Працэс феадалізацыі ў дадзеным выпадку ішоў марудна. Ён праходзіў у краінах, дзе ўзаемадзеянне з рымскім грамадствам было менш значным ці адсутнічала наогул (англасаксонскія каралеўствы, скандынаўскія краіны, славянскі рэгіён). Тут феадалізм канчаткова ўсталяваўся прыкладна на тры стагоддзі пазней – да ХІІІ ст.

У ІХ-ХІІІ стст., калі на беларускіх землях феадалізм толькі зараджаўся, яшчэ моцнымі былі перажыткі родаплемяннога ладу. Так, у “Рускай Праўдзе” гаворыцца аб існаванні славянскай абшчыны – верві, дзе працавалі свабодныя сяляне. У гэты ж час працягвала фарміравацца патрыярхальнае рабства. У “Рускай Праўдзе” рабы ўзгадваюцца пад назвамі “чэлядзь”, “халопы”. Рабамі на Русі станавіліся толькі палонныя. Такім чынам, у грамадстве ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны (першабытнаабшчынны), рабаўладальніцкі і феадальны. У такім выпадку гісторыкі гавораць аб шматукладнасці.

На Русі існавалі розныя віды феадальнага землеўладання. Валоданне зямлёй з правам продажу і перадачай у спадчыну складала вотчыннае землеўладанне. У ХІІ ст. пачынае пашырацца сістэма перадачы зямлі ў часовае ўладанне за службу без права атрымання ў спадчыну (памеснае землеўладанне).

Багацце і радавітасць феадалаў вызначалі характар іх узаемаадносін і супадпарадкаванасць. На вяршыні феадальнай лесвіцы знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-правіцелі асобных валасцей. За імі ішлі баяры (уладальнікі асобных памесцяў “баярскіх сёл”). Баярскія двары ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы маленькіх дзяржаў. Феадал меў асабістае войска, з дапамогай якога ажыццяўляў уладу над сваім “мірам” (сельскай акругай). Вельмі часта баяры прызначалі ў свае вотчыны намеснікаў – ключнікаў.

Найбольш масавай сацыяльнай структурай феадальнага грамадства заставалася абшчына. Яна ўключала ў сябе сялян, якія яшчэ не трапілі ў прыватнаўласніцкую залежнасць і былі падпарадкаваны толькі дзяржаве. Гэтая катэгорыя сялян называлася “людзі”. Абшчына несла адказнасць перад князем за выкананне дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за ўчыненае на яе тэрыторыі злачынства, пакрывалі страты, нанесеныя ўласнікам. Асноўнай вытворчай адзінкай абшчыны была гаспадарка адной сялянскай сям’і – “дым” (“рала”).

Паступова сельская абшчына трапляла ў залежнасць ад феадалаў-вотчыннікаў і тут стала фарміравацца залежнае сялянства – “чэлядзь”. Спачатку чалядзінамі называлі рабоў. Затым чэляддзю сталі лічыць усіх людзей, якія былі залежныя ад свайго гаспадара. Чэлядзь уключала ў сябе некалькі катэгорый. Былі людзі, якія поўнасцю страцілі асабістую свабоду і называліся халопамі. Па свайму стану яны былі рабамі. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся смердамі. Сярод смердаў вылучаліся закупы і радовічы. Закупы – часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу). Радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам якім-небудзь абавязацельствамі (радам).

Важнейшым заняткам жыхароў беларускай вёскі было земляробства. Асноўнай сістэмай земляробства была папаравая сістэма – двухполле, зрэдку трохполле. Сяляне ўдасканальвалі прылады апрацоўкі зямлі. З ІХ ст. атрымала распаўсюджанне двухрогая саха з жалезным нарогам. Зрэдку для апрацоўцы агародаў выкарыстоўваліся матыка і рыдлёўка. Асноўнай збожжавай культурай было жыта. Вырошчвалі таксама пшаніцу, ячмень, проса, авёс, грэчку. Ураджай збіралі металічнымі сярпамі, зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі. На муку зерне малолі пры дапамозе каменных жорнаў. Разам са збожжавымі вырошчвалі гарох, бабы, лён, каноплі, а таксама гародніну: цыбулю, рэпу, капусту, буракі, агуркі. Акрамя земляробства развіваліся садоўніцтва і жывёлагадоўля.

Для гаспадаркі і быту сельскага насельніцтва ІХ-ХІІІ стст. быў характэрны натуральны ўклад. Гэта значыць, што сяляне самі выраблялі ўсё неабходнае ім для жыцця: шылі адзенне і абутак, будавалі дамы, рабілі простую мэблю, посуд. Разам з тым пастаянная патрэба ў асобных відах вырабаў абумовіла з’яўленне ў вёсцы сваіх рамеснікаў. Самымі распаўсюджанымі хатнімі промысламі былі ганчарства (з выкарыстаннем ганчарнага кола), прадзенне, пляценне і ткацтва. Жыхары беларускай вёскі займаліся чорнай металургіяй, дастаўляючы ў горад жалеза ў выглядзе таварных крыц. У жыцці вёскі па-ранейшаму вялікая роля належала дапаможным заняткам: паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву і бортніцтву.

Старажытныя гарады на тэрыторыі Беларусі (як і ў Заходняй Еўропе!) ўзнікалі на берагах рэк, каля перапраў, на скрыжаванні дарог, вакол княскіх замкаў і парубежных крэпасцяў. Гарады Кіеўскай Русі, як і заходнееўрапейскія выконвалі аднолькавыя функцыі, з’яўляючыся абарончымі, культурнымі, гандлёва-рамеснымі і адміністрацыйнымі цэнтрамі. Аднолькавым быў і час утварэння гарадоў у Заходняй Еўропе і на Русі. Разам з тым беларускія гарады мелі шэраг асаблівасцей у параўнанні з заходнееўрапейскімі: па-першае, пабудовы тут вырабляліся толькі з дрэва; па-другое, у нашых гарадах не было рамесных цэхаў і гарадскога самакіравання.

Шэраг беларускіх гарадоў атрымалі назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны – Полацк, Віцебск, Пінск, Слуцк, Друцк. Іншыя гарады атрымалі назву ад імені князя-заснавальніка – Заслаўе, Барысаў, Браслаў. Пісьмовыя помнікі называюць больш 30 гарадоў ранняга сярэднявечча. Самымі старажытнымі з’яўляюцца Полацк (862), Віцебск (974, 1021), Тураў (980), Друцк (1001), Берасце (1019), Копысь (1059), Браслаў (каля 1065), Менск (1067).

Адной са знешніх прыкмет горада была наяўнасць у ім умацаванняў – землянога вала, па грэбню якога ўзводзілася драўляная сцяна з абарончымі вежамі. Гарады абкружаліся глыбокімі равамі, якія запаўняліся вадой.

Цэнтральная ўмацаваная частка гарадоў называлася дзядзінцам. За ім ішлі гандлёва-рамесныя пасады. Самыя буйныя гарады мелі вакольны горад, які знаходзіўся паміж дзядзінцам і пасадамі. Большасць гарадоў, мяркуючы па іх памерах, налічвала ад 1 да 3 тысяч чалавек. Важным грамадскім месцам горада быў рынак (“торг”), які размяшчаўся недалёка ад дзядзінца.

Сядзіба гараджан адгароджвалася ад вуліц плотам з варотамі. Пабудовы ўяўлялі сабой драўляныя аднапавярховыя зрубы. Сістэма вузкіх вуліц, якія сыходзіліся да гарадскіх варот, вызначала радыяльную пабудову плана горада.

Асноўным заняткам гараджан было рамяство. Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яго з жалезам, ужывалі загартоўку вырабаў, выкарыстоўвалі пайку, коўку, рэзку зубілам, абточку і паліроўку. Адсутнасць сваіх радовішчаў каляровых металаў не замінала нашым продкам наладзіць вытворчасць ювелірных вырабаў. Да ювелірнай вытворчасці па сваім значэнні блізка стаяла апрацоўка бурштыну, з якога выраблялі ўпрыгожанні і прадметы культу. Гарадскія ганчары акрамя посуду выраблялі плінфу, плітку для падлогі мураваных храмаў. З дрэва рабіўся бандарны і сталовы посуд, транспартныя сродкі. Майстры ўжывалі ў апрацоўцы драўніны разьбу, дзяўбанне, такарную апрацоўку. Да апрацоўкі дрэва блізкімі па тэхналогіі былі вырабы з косці. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі рог і трубчастыя косці дзікіх жывёл. З косці выраблялі грабяні, тронкі нажоў, шашкі і шахматы, маленькія нагрудныя абразкі. У шырокім ужытку была апрацоўка каменю. З валуноў ці каменных блокаў – квадратаў – узводзіліся храмы. З камня высякалі мукамольныя жорны і тачыльныя кругі. Сляды гарбарнай і шавецкай вытворчасці маюцца ва ўсіх гарадскіх пасяленнях. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі скуру буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней. З мяккай, добра апрацаванай скуры шылі абутак (боты, чаравікі, пасталы), похвы для нажоў, кашалькі для крэсіва, мячы для гульні ў лапту.

У невялікіх гарадах людзі адначасова займаліся і рамяством, і сельскай гаспадаркай. З гэтай прычыны пра ўсходнеславянскія гарады гаварылася, што яны “напалову забудаваныя, напалову засеяныя”. З гэтага вынікае, што ўнутраны гандль (паміж горадам і вёскай)развіваўся дрэнна – спецыялізацыя паміж імі была слабай.

Беларускія гарады былі цэнтрамі ў першую чаргу знешняга гандлю. На Беларусь з Кіева прывозілі прыналежнасці рэлігійнага культу, з Оўруча – каменныя прасліцы, з Паўночнага Прычарнамор’я даходзілі амфары з віном і алеем, з Каўказа прывозілі самшыт для вырабу грабянёў. З Сярэдняй Азіі дастаўляўся шкляны посуд, распісаны эмаллю і золатам. З Індыйскага акіяна на Беларусь траплялі ракавіны кауры, якія ішлі на аздабленне маністаў. У замежныя краіны беларускія гарады пастаўлялі дарагія футры, мёд, воск, смалу, лён. Гандляры ў беларускіх гарадах мелі свае аб’яднанні (братчыны), у той час, як рамесных цэхаў яшчэ не было.

У ІХ-Х стст. у грашовым абарачэнні на Беларусі былі арабскія манеты – дырхемы. У ХІ ст. распаўсюдзіліся заходнееўрапейскія срэбраныя дынарыі. У ХІІ-ХІІІ стст. на Беларусі быў “безманетны перыяд” – у абарачэнні хадзілі залатыя і срэбныя зліткі (грыўні).

7. Культурабеларускіх зямель з’яўляецца састаўной часткай старажытнарускай культуры. Агульныя карані маюць рэлігійныя ўяўленні, фальклор, літаратура, архітэктура і мастацтва.

Язычніцтва (паганства) – умоўны тэрмін, які абазначае старажытныя вераванні і культы, што існавалі да пашырэння трох сусветных рэлігій. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова “языцы” (народы, чужаземцы). Язычніцтва – надзвычай шматслойная і разгалінаваная рэлігія, якая ўключае ў сябе першабытныя рэлігійныя ўяўленні – анімізм, фетышызм, татэмізм, магію, політэістычныя ўяўленні. Язычніцтва пачалося ад культу продкаў і закончылася складаным і разгорнутым пантэонам багоў:

Пярун

вярхоўны бог, апякун грому і маланкі, вайсковай справы

Сварог

бог неба

Дажбог

бог сонечнага святла, сын Сварога

Хорс

бог сонца

Вялес

бог жывёлагадоўлі і багацця

Стрыбог

бог вятроў

Жыжаль

бог падземнага агню і кавальства

Цёця

багіня восеньскага ўраджаю, дабрабыту і сямейнага жыцця

Лада

багіня вясны, апякунка шлюбу і сям’і

Лёля

багіня дзявочай прыгажосці і кахання

Мокаш

жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага

Мара

багіня страшных сноў

Яга

багіня смерці

Зюзя

бог холаду

Былі яшчэ багі, ад якіх на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей: Ярыла (вясна), Купала (лета), Аўсень (восень), Каляда (зіма). Як бачна, для ўсходніх славян-язычнікаў было характэрна шматбожжа.

Месцы, дзе язычнікі пакланяліся сваім багам і прыносілі ім ахвяры называюцца капішчамі (свяцілішчамі). Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Культавыя абрады выконвалі язычаскія святары – вяшчуны.

Святы і абрады нашы продкі здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У студзені ў дзень зімовага сонцастаяння святкаваліся Каляды. На гэтае свята прыпадаў абрад ваджэння “казы”. Калядоўшчыкі збіралі пачастункі ў гаспадароў, тым самым як бы прымалі даніну на карысць сонца: “Дзе каза рогам, там жыта стогам”. Як бачна, ужо зімой сяляне-земляробы чакалі вясны, спадзяваліся на добры ўраджай.

У сакавіку спраўлялася Масленіца – свята заканчэння зімы. Людзі пяклі бліны, наладжвалі гульні на санях. Апошні дзень масленічнага тыдня – гуканне вясны. Дзяўчаты спявалі песні, кідалі ўгору “жаўранкаў”. У красавіку адзначалі старажытнае свята Камаедзіца, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён выходзіў з бярлогі. Вытокі свята звязаны з татэмізмам. Каб задобрыць мядзведзя, людзі гатавалі і елі гарохавую кашу – камы. Лічылася, што гэта самая любімая страва татэмнай жывёлы. Вялікдзень (у хрысціян – Пасха) некалі адкрываў новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” календары. На гэтае свята ў гонар руплівых гаспадароў спяваліся валачобныя песні, якія захаваліся толькі ў фальклоры беларусаў. У пачатку мая адзначалася старажытнае свята выгану кароў – Ярылаў (у хрысціян – Юр’еў) дзень. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы: вакол маладога хлопца ў белай вопратцы дзяўчаты вадзілі карагоды і спявалі абрадавыя песні. У маі таксама адзначалася Радаўніца, калі на могілках паміналі памерлых.

Дзень летняга сонцастаяння адзначаўся святам Купалля. Яно праходзіла ў ноч на 22 чэрвеня (па старым стылі). У паданнях расказваецца, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба, моладзь шукала папараць-кветку. У жніўні людзі спраўлілі адно са свят хлеба – Трэці Спас. У старажытнай Беларусі шмат дзе спраўлялі Дажынкі – свята канца жніва.

У дзень асенняга раўнадзенства (22 верасня) наставала так званае бабіна лета – пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. У верасні адзначалася Узвіжанне – свята закрыванне зямлі на зіму. У гэты дзень нашы продкі нават не хадзілі ў лес – лічылася, што ўсе змеі выпаўзалі апошні раз пагрэцца, каб схавацца ў норы на зіму. Асноўнае свята ў кастрычніку – Пакровы. Да гэтага дня трэба было закончыць усе сельскагаспадарчыя работы, падрыхтавацца да зімы. З гэтага часу наступала пара восеньскіх вяселляў. У лістападзе і снежні моладзь збіралася на вячоркі, куды запрашаліся музыкі.

Вельмі багатай была вусная народная творчасць (фальклор) нашых продкаў. Сярод апавядальных жанраў трэба назваць казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, пацешкі, замовы. Даволі цікавым з’яўляецца былінны эпас Беларусі. Тут расказваецца пра асілкаў Іванку Прастачка, Івана Падвея, Івашку Мядзвежае Вушка, Кацігарошка. Асілкі выратоўвалі людзей, змагаючыся з рознымі міфічнымі істотамі – Змеем Гарынычам, Кашчэем Бессмяротным. У быліне пра Волха Усяславіча паказаны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Тут ухваляецца спрытнасць і мудрасць князя-ваўкалака.

Паэтычная творчасць прадстаўлена абрадавай паэзіяй, якая падзяляецца на дзве вялікія групы – каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая творчасць. Каляндарна-абрадавая творчасць цесна звязана з працай земляроба.

У зімовым цыкле найбольш цікавымі з’яўляюцца калядныя песні. Яны захавалі амаль да нашага часу сляды магічнай функцыі: садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў сялянскай гаспадарцы. Віншавальна-велічальнымі творамі веснавога цыклу з’яўляліся валачобныя песні, якія выконваліся на Пасху. Большасць гэтых песень была звернута да селяніна-ратая – галоўнай постаці ў земляробстве. Найбольш пашыранымі песнямі летняга цыклу з’яўляліся купальскія. Тут адлюстроўвалася радасць чалавека – сведкі найвышэйшага росквіту прыроды. Песнямі восеньскага цыклу з’яўляліся: спасаўскія, кірмашовыя, ільняныя, канапляныя.

Сямейная абраднасць развівалася вакол трох галоўных момантаў чалавечага жыцця: нараджэння, уступлення ў шлюб і смерці.

На змену язычніцтву на Беларусі ў Х ст. прыйшло хрысціянства. Яно зарадзілася ў Палестыне ў асяроддзі беднага яўрэйскага насельніцтва. Сімвалам гэтай веры была святая Троіца – Бог-айцец, Бог-сын, Бог-святы Дух. Паступова хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Еўропе. Сфарміраваліся два хрысціянскія цэнтры – Рым і Канстанцінопаль.

У сярэдзіне ІХ ст. хрысціянства стала распаўсюджвацца на Русі. Аднак афіцыйна яно было ўведзена толькі ў 988 г. Уладзімірам Святаславічам. Старажытнаруская дзяржава прыняла новую веру па візантыйскаму ўзору. Услед за гэтым хрысціянства прыняло насельніцтва Полацкага княства. Полацк стаяў на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”, яго жыхары ўжо даўно былі знаёмы з хрысціянскай верай, таму не аказвалі супраціўлення прымусоваму хрышчэнню. А вось у Тураве хрысціянізацыя суправаджалася крывавымі падзеямі. Пра гэта метафарычна гаворыцца ў паданні пра каменныя крыжы, якія прыплылі ў горад па Прыпяці, калі вада ў рацэ стала чырвонай ад крыві. Зразумела, што крыж у дадзеным выпадку – гэта сімвал хрысціянства.

Хрысціянства на працягу некалькіх стагоддзяў распаўсюджвалася ў саперніцтве з язычніцтвам. Язычніцкія святары былі ў пашане ў Полацку нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі. Так, летапіс прыпісвае Усяславу Чарадзею нараджэнне ад вяшчунства. Разам з тым хрысціянская царква не столькі выдаляла язычніцтва са святаў і абрадаў нашых продкаў, колькі прыстасоўвала яго да новага рытуалу. Так фарміравалася дваяверства.

Царква ў перыяд сярэднявечча – гэта арганізацыя духавенства і вернікаў, якая дзейнічала на аснове хрысціянскага веравучэння і культу. На чале царквы на Русі стаяў кіеўскі мітрапаліт, які прызначаўся канстанцінопальскім патрыярхам. Першыя мітрапаліты былі грэкамі ці балгарамі. Мітрапаліт у сваю чаргу прызначаў епіскапаў у найбольш буйныя ўсходнеславянскія гарады. Так, у 992 г. была створана Полацкая епархія, а 1005 г. – Тураўская. Першым вядомым полацкім епіскапам быў Міна (1105 г.), першым тураўскім – Фама. Пра Фаму мы сустракаеі звесткі ў Кіеўскім Пацерыку. Таксама летапісы прыгадваюць полацкіх епіскапаў – Казьму, Дыянісія, Мікалая, Алексія, Сімяона, Якава і тураўскіх – Ігнація, Іаакіма, Кірылу, Лаўрэнція. Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы. Яму належала права пропаведзі, ён рыхтаваў усе богаслужэбныя акты, прызначаў святароў. Ніжняй ячэйкай царквы быў прыход, цэнтрам якога з’яўлялася царкоўная пабудова. Цэрквы будаваліся на сродкі епіскапаў, князёў ці іншых багатых людзей.

Важнейшае значэнне для ўнутранай арганізацыі царквы меў статут князя Уладзіміра. Ён утрымліваў найбольш істотныя пастановы: аб устанаўленні дзесяціны на карысць царквы (адліку дзесятай часткі ад княжацкіх даней з насельніцтва), аб стварэнні царкоўнага суда па справах злачынстваў супраць веры, аб парушэннях царкоўнай дысцыпліны і абрадаў, аб мнагажонстве.

Важнейшым атрыбутам хрысціянства былі манастыры. Першай манахіняй на Беларусі была Рагнеда, пра якую звесткі падае Цвярскі летапіс. Манастыры напачатку ўзніклі на Тураўшчыне. Так, яшчэ князь Уладзімір Святаславіч падчас хрышчэння Русі пад Пінскам заснаваў Лешчанскі манастыр, пазней у Тураве быў заснаваны Варварынскі манастыр. На Полаччыне манастыры ўзніклі ў ХІІ ст. Гэта – Барысаглебскі манастыр (на беразе р. Бельчыца), а таксама мужчынскі і жаночы манастыры ў Полацку, заснаваныя Ефрасінняй Полацкай.

Прыняцце хрысціянства супала па часе з усталяваннем дзяржаўнасці ў беларускіх землях і станоўча паўплывала на ход гэтага працэсу. Вера ў адзінага бога адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, асабліва з Візантыяй, садзейнічалі развіццю знешняга гандлю і рамяства. Знаёмства з візантыйскай культурай з’явілася стымулам для развіцця мастацтва, адукацыі, літаратуры і архітэктуры ўсходніх славян. У выніку прыняцця хрысціянства значна ўзрос аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў на міжнароднай арэне. З імі як з роўнымі пачалі лічыцца іншыя хрысціянскія дзяржавы. Разам з тым пасля афіцыйнага расколу хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм (1054 г.) значна ўскладніліся адносіны з краінамі Заходняй Еўропы.

Разам з хрысціянствам на землях старажытнарускай дзяржавы з’явілася пісьменнасць. Заслуга стварэння славянскай азбукі (“кірыліцы”) належыць братам Кірылу і Мефодыю Салунскім.

Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з’яўляецца віслая пячатка князя Ізяслава канца Х ст., знойдзеная ў Ноўгарадзе. На пячатцы зроблены надпіс – імя князя (Изяславос), змешчаны княжацкі знак – трызубец. У Ноўгарадзе таксама знойдзена свінцовая пячатка Ефрасінні Полацкай з надпісам “Господи помози рабе своей Ефросиньей нарецаемой”. У Менску знойдзена віслая пячатка святога Глеба. У Тураве, Берасці і Ваўкавыску знойдзены пячаткі тураўскага і кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Навука, якая вывучае пячаткі і гісторыю іх існавання – гэта сфрагістыка.

На Беларусі выяўлена шмат помнікаў эпіграфікі. Гэта навука вывучае надпісы на камянях, сценах пабудоў і бытавых прадметах. Надпіс ХІ ст. выяўлены ў Полацкай Сафіі, дзе на вялікім камяні ў падмурку выразаны імёны будаўнікоў: Давыд, Тоума, Микола, Пётр, Вориш. Надпісы ХІІ ст. ёсць на прасліцах (“бабино пряслице” з Віцебска, “Настассино пряслице” з Пінска), амфарах (“Ярополче вино” з Пінска). Добра вядомы помнікі эпіграфікі ХІІ ст. – Барысавы камяні каля Полоцка і Рагвалодаў камень пад Оршай. У Берасце знойдзены грэбень-алфавіт. Выключным помнікам эпіграфікі з’яўляецца надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай. У першай частцы надпісу гаворыцца, што ў 6669 (1161) г. Ефрасіння навечна падаравала крыж царкве Спаса. У другой частцы надпісу напісаны праклён таму, хто выкрадзе крыж. На ніжняй пласціне адваротнага боку – дробны надпіс з імем Лазара Богшы.

Важнейшымі помнікамі пісьменнасці з’яўляюцца берасцяныя граматы. З тэрыторыяй нашай краіны звязана грамата ХІ ст., якая была выяўлена ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка ці Віцебска. На Беларусі знайшлі дзве берасцяныя граматы: першую ў Віцебску, а другую ў Мсціслаўлі. У віцебскай грамаце канца ХІІІ ст. гаворыцца аб тым, што Сцяпан просіць Няжылу купіць жыта за 6 грыўняў. У фрагменце мсціслаўскай граматы пачатку ХІІІ ст. гаворыцца аб пакупцы пшаніцы за 4,5 грыўні. Інструмент для пісьма называўся пісала.

Самай ранняй рукапіснай кнігай на Беларусі было Тураўскае евангелле (ХІ ст.), напісанае на царкоўнаславянскай мове. Матэрыялам для кніг у той час служыў пергамент – спецыяльна вырабленая скура цялят. Вокладкай служылі дзве дошкі, абцягнутыя скурай, а зачынялася кніга з дапамогай спражкі.

У першай палове ХІ ст. пачалося летапісанне. У пачатку ХІІ ст. манахам Нестарам была створана “Аповесць мінулых гадоў”. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу, які верагодна захоўваўся ў бібліятэцы Сафійскага Сабору.

Важнейшымі жанрамі літаратуры Х-ХІІІ ст. былі слова (твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання – “Слова пра паход Ігаравы”, канец ХІІ ст.), жыціе (аповяд пры жыццё і дзейнасць служыцеля царквы – “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Кірылы Тураўскага” – ХІІ ст., “Жыціе Аўраамія Смаленскага” – ХІІІ ст.), прытча (твор павучальнага характару – “Прытча пра сляпога і кульгавага” Кірылы Тураўскага).

Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смяляціч і Аўраам Смаленскі.

Ефрасіння Полацкая (1104-1167 гг.) – унучка Усяслава Чарадзея. У раннім узросце, каб не выходзіць замуж, яна пайшла ў манастыр. З цягам часу Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, пры якіх працавалі скрыпторыі (школы па перапісванню кніг). Па загаду Ефрасінні Лазарам Богшам быў зроблены крыж, дойлідам Іаанам пабудавана Спаская царква. Ефрасіння спрыяла будаўніцтву царквы Святой Багародзіцы. Мужчынскаму манастыру асветніца падаравала ікону Божай Маці Эфескай, прывезеную з Візантыі. Напрыканцы жыцця Ефрасіння ажыццявіла падарожжа ў святую зямлю. Ефрасіння Полацкая была кананізавана, г.зн. далучана да ліку святых.

Кірыла Тураўскі (1130-1182 гг.) – асветнік, пісьменнік, знакаміты прамоўца. Ён нарадзіўся ў Тураве ў сям’і багатых бацькоў, але “не ўзлюбіў багацця і марнай славы гэтага свету і пайшоў у манастыр”. На пэўны час замураваўся ў невялікай вежы, адкуль чытаў людзям пропаведзі. Ён быў першым стоўпнікам на Беларусі. З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага захаваліся “Слова на Вялікдзень”, “Прытча пра сляпога і кульгавага”, “Сказанне аб мніху Марціне”. За красамоўства яшчэ пры жыцці Кірылу празвалі Златавустам. У 1158 г. тураўскае веча абрала Кірылу епіскапам.

Кніжнікамі і філосафамі былі ўраджэнцы Смаленска Клімент Смаляціч і Аўраамій Смаленскі. Ад творчай спадчыны Клімента застаўся адзіны твор – “Пасланне Фаме прасвітару”. Клімент Смаляціч быў кіеўскім мітрапалітам. Аўраамій Смаленскі – манах Селішчанскага манастыра, ён усё жыццё правёў у келлі (пакой для манаха), перапісваў кнігі. Аўраамій з’яўляўся вучнем Клімента Смаляціча.

З усталяваннем хрысціянства на землях Старажытнай Русі пачалася гісторыя манументальнага дойлідства. Найбольш старажытнымі помнікамі архітэктуры з’яўляюцца храм Прачыстай Багародзіцы (Дзесяцінная царква) у Кіеве (Х ст.), а таксама Сафійскія Саборы ў Кіеве (13 купалоў) і Ноўгарадзе (5 купалоў), пабудаваныя ў першай палове ХІ ст.

Першым мураваным храмам на тэрыторыі Беларусі быў Сафійскі сабор у Полацку, які быў пабудаваны ў візантыйскім крыжова-купальным стылі. Храм па розных крыніцах меў 5 ці 7 купалоў, меў тры ўваходы (парталы) з заходняга, паўночнага і паўднёвага бакоў. Да паўночна-заходняга кута Сафійскага сабора прымыкала квадратная вежа-званіца. Полацкая Сафія была пабудавана ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам, калі адзін рад цэглы (“плінфы”) быў “утоплены”, а прастора паміж верхнім і ніжнім радамі запаўнялася вапнавай рошчынай. У выніку храм набываў паласатыя чырвона-белыя фасады. Унутраная прастора сабора была распісана фрэскамі (манументальны жывапіс вадзянымі фарбамі па сырой тынкоўцы) і ўпрыгожана мазаікай.

Пасля заканчэння будаўніцтва ў сярэдзіне ХІ ст. Сафійскага сабора манументальнае будаўніцтва на Беларусі ўзнаўляецца ў ХІІ ст. У гэты час пачалі фарміравацца дзве мясцовыя архітэктурныя школы – полацкая і гродзенская.

Заснавальнікам полацкай школы з’яўляецца дойлід Іаан, які па загаду Ефрасінні Полацкай пабудаваў Спаскую царкву.Асаблівасцямі полацкага стылю былі наступныя: наяўнасць аднаго купала, какошнікаў, вежападобны выгляд, муроўка са “схаваным радам” (паласатая кладка). Да таго ж тыпу пабудоў належаць Пятніцкая царква Бельчыцкага манастыра пад Полацкам. Рысы полацкай архітэктуры ўвасоблены і ў Дабравешчанскай царкве Віцебска. Праўда, крыху незвычайнай тут з’яўляецца будаўнічая тэхніка: сцены храма змураваны з квадратаў часанага каменю, якія чаргуюцца з двума-трыма радамі плінфы.

Самым раннім помнікам гродзенскай архітэктурнай школы з’яўляецца Барысаглебская (Каложская) царква. Асаблівасцямі гродзенскага стылю з’яўляліся: дэкараванне сцен храма адшліфаванымі валунамі і арнаментам у выглядзе крыжоў, зробленых з маёлікавай пліткі, а таксама наяўнасць гаршкоў галаснікоў.

ХІІІ ст. пакінула вельмі мала помнікаў абарончай архітэктуры. Найбольш вядомы і добра захаваны – 30-метровая, круглая ў плане Белая вежа ў Камянцы. Яе пабудаваў Алекса паміж 1276 і 1288 гг. па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Вышыня 5-яруснай вежы складае 30 м., вонкавы дыяметр – звыш 13 м. У вежы мог размясціцца вялікі ваенны гарнізон. Сцены праразаліся байніцамі – вузкімі шчылінамі, праз якія вёўся абстрэл варожага войска. У верхняй частцы слупа размяшчалася баявая пляцоўка з 14 мураванымі зубцамі. У Наваградку ў канцы ХІІІ ст. была ўзведзена абарончая вежа, якая пазней уключана ў сістэму ўмацаванняў наваградскага замка. Есць звесткі пра тое, што падобныя вежы былі ў Гродна, Тураве і Полацку. Будаўнічыя матэрыялы і тэхніка архітэктурных форм сведчаць аб рамана-гатычным вобліку помнікаў. Падобныя вежы ў Заходняй Еўропе атрымалі назву “данжон”.

У Х-ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася прафесійнае мастацтва: манументальны жывапіс, іконапіс, кніжная графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дробная пластыка.

Роспісы храмаў рабіліся ў візантыйскай манеры. У фрэскавым жывапісе выкарыстоўваліся карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы. Іконапіс таксама знаходзіўся пад уплывам візантыйскай школы. Мастакі строга прытрымліваліся царкоўнага канону: выявы лікаў святых былі плоскімі, твары – падоўжанымі, міндалепадобныя вочы – вялікімі, рот – малым.

Жывапіснае аздабленне старажытных рукапісаў выяўлялася ў афармленні ініцыялаў (загаловачных літар), заставак і канцовак, у мініяцюрах (ілюстрацыях). Пра адмысловае ілюстраванне гавораць ініцыялы ў “Тураўскім евангеллі”, мініяцюры з адлюстраваннем евангелістаў Лукі і Мацфея ў “Аршанскім евангеллі” ХІІІ ст.

Шэдэўрам старажытнага мастацтва Беларусі з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены па загаду Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Лазарам Богшам. Драўляная аснова крыжа была пакрыта асобнымі срэбранымі і залатымі пласцінкамі. У сяродкрыжжах прымацаваны два невялікія крыжы з праразным арнаментам: вышэй чатырохканцовы, ніжэй – шасціканцовы. Галоўнае месца ў дэкарацыі адведзена каляровым эмалям. Выявы прадстаўляюць фігуры святых. Увенчвае кампазіцыю Ісус Хрыстос. У крыжы знаходзіліся святыя для кожнага верніка хрысціянскія рэліквіі: кавалачак гасподняй труны, кроў Хрыста, мошчы святых. Гісторыя крыжа трагічная. Некалькі разоў яго хавалі і перазахоўвалі ў сувязі з варожымі нашэсцямі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік і дагэтуль невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. Зараз крыж захоўваецца ў Спаскай царкве Ефрасіннеўскага манастыра.

Надзвычай цікавымі ўзорамі дробнай пластыкі ХІ-ХІІІ стст. з’яўляюцца вылепленая з гліны галава лася з Наваградка, абразок з выявамі святых Канстанціна і Алены з Полацка. Да дробнай пластыкі можна аднесці вырабы з косці: ігральныя косці, лыжачкі для прычасця, шахматныя фігуркі. Так, у Слуцку знойдзена шахматная фігурка караля на троне, у Гродна і Ваўкавыску – баявыя ладдзі, у Ваўкавыску – пешка-барабаншчык. У Наваградку знойдзены касцяны выраб-капавушка з выявай музыканта.

Дзяржаўна-палітычнае развіццё ВКЛ у ХІІІ – першай палове XVI ст.

1. Утварэнне ВКЛ. Дзейнасць першых князёў.

2. ВКЛ у др. п. XIV – п. п. XVI ст.

3. Дзяржаўны лад ВКЛ. Органы ўлады і кіравання.

  1. Працэс утварэння ВКЛ быў даволі працяглы. Першымі ў яго складзе апынуліся паўночна-заходнія землі Беларусі, якія ў больш позніх крыніцах называюцца Чорнай Руссю. Тут сумесна пражывалі балты і славяне. Балцкае насельніцтва знаходзілася на ўзроўні ваеннай дэмакратыі, плямёнамі кіравалі ваенныя правадыры – кунігасы. У балтаў не было ні гарадоў, ні пісьменнасці. Славяне наадварот знаходзіліся на высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. У ХІІІ ст. склалася такая сітуацыя, калі саюз балтаў і славян быў патрэбным. На гэта былі свае прычыны:

1) знешнепалітычная (неабходнасць пераадолець небяспеку з боку нямецкіх рыцараў-крыжакоў і мангола-татараў);

2) унутрыпалітычная (неабходнасць пераадолець феадальную раздробленасць і спыніць міжусобныя войны);

3) эканамічная (неабходнасць пераадолець натуральны характар гаспадарання).

Як бачна, толькі ў выпадку сумесных намаганняў балтаў і славян, стварэння імі адзінай цэнтралізаванай дзяржавы можна было гаварыць аб захаванні самастойнасці рэгіёна.

Найбольшага росквіту сярод славянскіх зямель у ХІІІ ст. набыло Наваградскае княства. Яго ўзвышэнню спрыяла аддаленасць ад раёнаў змагання з крыжакамі і татарамі, высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, зацікаўленасць вышэйшых слаёў знаці ў аб’яднанні вакол княства іншых земляў. Да таго ж Наваградак у ХІІІ ст. выйшаў з-пад улады Галіцка-Валынскага княства. Так, у Іпацьеўскім летапісе пад 1235 г. упамінаецца незалежны князь Ізяслаў.

Сярод балцкіх зямель выключную ролю ў Верхнім Панямонні адыгрывала племя “літва”. Назва “літва” ўпершыню ўзгадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009 г. У “Аповесці мінулых часоў” пра літву паведамляецца пад 1040 г., калі яна была заваявана Яраславам Мудрым.

Па пытанню месцазнаходжання летапіснай літвы ў сучаснай гістарычнай навуцы вядуцца вострыя дыскусіі. Думкі даследчыкаў значна разыходзяцца. Па меркаванню польскага гісторыка Г.Лаўмянскага, літва размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Беларускі гісторык М.Ермаловіч выказаў меркаванне, што літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні. На думку А.Краўцэвіча, літва размяшчалася на тэрыторыі сучасных усходнеславянскіх і суседніх паўночна-заходніх беларускіх зямель.

Пад 1235 г. у летапісу ўзгадваецца “літва Міндоўга”. Міндоўг быў адным з кунігасаў, які ў 20-30-я гг. ХІІІ ст. здолеў падпарадкаваць землі літвы. У сярэдзіне 1240-х гг. Міндоўг пацярпеў паражэнне ў барацьбе з крыжакамі. Гэта выкарысталі яго ворагі і ў выніку міжусобнай барацьбы Міндоўг быў вымушаны пакінуць літву і ўцячы ў Наваградак. У хуткім часе ён са згоды мясцовай знаці прыняў праваслаўе і ўзначаліў Наваградскае княства. У канцы 40-х гг. ХІІІ ст. Міндоўг разам з наваградскім войскам ажыццявіў паход на Літву і заваяваў яе тэрыторыю.

Супраць цэнтралізатарскай дзейнасці Міндоўга ў 1248 г. выступілі галіцка-валынскі князь Даніла, полацкі Таўцівіл і Лівонскі ордэн. Каб атрымаць саюзніка ў барацьбе з Галіцка-Валынскім княствам і Полацкам, Міндоўг прыняў каталіцтва і заручыўся падтрымкай Лівонскага ордэна. Гэта паспрыяла таму, што літоўскага князя падтрымаў папа рымскі. У 1253 г. у Наваградку адбылася каранацыя Міндоўга. Саюз з Ордэнам дазволіў Міндоўгу ўтрымацца на прастоле. Цаной кампрамісу і саступак як ворагам, так і саюзнікам, “каралю літоўскаму” ўдалося пераадолець цяжкі знешнепалітычны крызіс. Ён заставаўся па меншай меры намінальным кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы і невядома, каб ад гэтага тытулу ён адракаўся.

Мірныя адносіны літвы з Галіцка-Валынскай дзяржавай працягваліся да 1258 г. і былі парушаны ўмяшальніцтвам магутнай знешняй сілы – мангола-татараў. Татарскае войска пад камандаваннем Бурундая прымусіла Данілу Галіцкага ўдзельнічаць у сумесным паходзе супраць літвы. Татара-валынскі паход на Панямонне вялікіх вынікаў не прынёс, а Даніла ў гэтай вайне страціў свайго сына Рамана.

У 1260 г. Міндоўг разарваў саюз з крыжакамі і разам з жамойтамі нанес цяжкае паражэнне крыжакам на возеры Дурбе. Гэтая падзея адразу змяніла расклад сіл у Прыбалтыцы. Разам з тым гэты саюз быў недаўгавечны. У 1263 г. Міндоўг стаў ахвярай змовы жамойцкага князя Траняты і нальшчанскага князя Даўмонта. Яны падкупілі слугу Міндоўга Астапа і забілі спячага Міндоўга з двума сынамі. У выніку на літве і адначасова на Жамойці стаў княжыць Транята.

Гаспадаранне Траняты завяршылася ў 1264 г., калі яго забілі слугі Міндоўга. Паводле інфармацыі польскіх хронік, арганізатарам замаху быў Войшалк. Да гэтага часу Войшалк быў манахам, але пасля смерці бацькі ўступіў у барацьбу за літоўскі трон. Поспех яму забяспечыла падтрымка Пінска і Наваградка. У выніку Войшалк стаў кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы. Князь імкнуўся замацаваць свае пазіцыі ў краіне з дапамогай Галіцка-Валынскага княства. З дапамогай сына Данілы Галіцкага Шварна, за якім была замужам сястра Войшалка, да беларуска-літоўскай дзяржавы былі далучаны Дзяволтва і Нальшчаны. На пасадзе князя Войшалк знаходзіўся да 1267 г., пасля чаго ён зноў вярнуўся да манаскага жыцця, а прастол перайшоў да Шварна (1267-1270 гг.) У гэтым жа годзе князь-манах быў забіты. Летапісец паведамляе, што галіцка-валынскі князь Леў Данілавіч, будучы на падпітку пасля сумеснага піру, уласнаручна засек Войшалка быццам за тое, што той перадаў княжанне ў ВКЛ не яму, а Шварну.

Пасля смерці Шварна вялікім князем стаў Трайдэн (1270-1282 гг.). Ён вёў пастаянную барацьбу з крыжакамі, палякамі, мангола-татарамі і галіцка-валынскімі князямі. Пры ім у склад ВКЛ увайшлі землі Панямоння, а ў ваколіцах Гародні былі расселены прусы, якія ратаваліся ад крыжакаў.

Перыяд 1282-1295 гг. – “белая пляма” ў гісторыі Беларусі. Выказваюцца меркаванні, што князямі ў гэты час маглі быць Лютувер (Путувер, Бутумер) ці браты Будзікід і Будзівід, але гэта ўсяго толькі гіпотэзы. Хто б ні кіраваў дзяржавай у гэты час, ён канцэнтраваў увагу на галоўнай задачы – вайне з Ордэнам.

Ажыўленне палітычнага жыцця пачалося ў 90-я гады ХІІІ ст. з пачаткам праўлення Віценя (12951316 гг.).Пры ім канчаткова замацавалася ў складзе ВКЛ Полаччына. У пачатку XIV ст. у Полацку не было князя. Гэта спрыяла пранікненню ў горад нямецкіх рыцараў і каталіцкіх місіянераў. Абураныя палачане звярнуліся да Віценя за дапамогай. Вялікі літоўскі князь выгнаў крыжакаў з горада, а пасля, каб зацвердзіць свае правы на Полацкае княства, выкупіў яго землі ў Ордэна. З Полацкам у 1307 г. быў заключаны дагавор (“рад”), які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў, суда і аўтаноміі. На полацкі трон быў пасаджаны Віценеў брат – Воін. Таксама пры Віцені ў склад ВКЛ на ўмовах “рада” былі ўключаны Мінскія і Пінскія землі. Як бачна, першым шляхам далучэння беларускіх зямель да ВКЛ было заключэнне дагавароў. Разам з тым Віцень, каб пашырыць межы княства ўступаў у ваенныя канфлікты. Так, у 1315 г. у выніку вайны з Галіцка-Валынскім княствам да ВКЛ адышла Берасцейская зямля. Гэта другі шлях уключэння зямель у склад беларуска-літоўскай дзяржавы. Віцень у якасці герба стаў выкарыстоўваць “Пагоню” (выява вершніка з мячом над галавой). Пра гэта змешчаны запіс у Густынскім летапісу.

Яшчэ больш узмацнілася ВКЛ пры пераемніку Віценя – Гедыміне (1316 – 1341 гг.). Пры ім паспяхова вялася барацьба з крыжакамі. Асабліва моцны ўдар па крыжаках Гедымін нанёс на рацэ Акмяне ў 1331 г. Пры Гедыміне асаблівай мужнасцю і вайсковым майстэрствам вылучыўся князь Давыд Гарадзенскі. Яшчэ ў 1314 г. ён адбіў напад крыжакаў на Наваградак, а ў 1319 г. разам з 800 вершнікамі ўварваўся ў Прусію і разрабаваў шмат нямецкіх прадмесцяў. Неаднойчы князь хадзіў на дапамогу Пскову. Загінуў Давыд у 1326 г. падчас паходу на Брандэнбург. Ён быў забіты здраднікам ударам нажа ў спіну.

Пры Гедыміне да ВКЛ была далучана значная частка этнічна беларускай тэрыторыі. Так, Віцебскае княства было далучана ў 1320 г. праз шлюб сына Гедыміна Альгерда з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй. Шлюбны саюз – гэта трэці шлях уключэння зямель у склад ВКЛ.

Палітычная мудрасць Гедыміна выявілася ў тым, што далучаным землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў. Прынцып кіравання Гедыміна быў наступны: “старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. Да таго ж Гедымін хоць і заставаўся язычнікам, аднак заўсёды падтрымліваў праваслаўе. Гедымін называў сябе каралём Літвы і Русі, а беларуска-літоўская дзяржава стала называцца “Вялікім княствам Літоўскім і Рускім”. Сталіцай ВКЛ з 1323 г. стала Вільня.

Сваім пераемнікам Гедымін прызначыў сярэдняга сына Яўнуція (1341-1345 гг.). Аднак, у выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута, Яўнуцій быў скінуты з прастола. Браты падзялілі паміж сабой княства. Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову княства з цэнтрам у Вільні. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Вялікім князем быў абвешчаны старэйшы Альгерд (1345-1377 гг.). У летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, скрытна рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем. На часы праўлення Альгерда прыпаў пік крыжацкіх паходаў на беларускія землі. У 1348 г. браты змагаліся з крыжакамі на рацэ Стрэва, аднак рашаючай перамогі не атрымалі. У час праўлення Альгерда і Кейстута працэс уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ быў завершаны. Пасля перамогі Альгерда над мангола-татарамі ў 1362 г. на рацэ Сінія Воды да ВКЛ былі далучаны ўкраінскія землі – Кіеўшчына, Валынь, Чарнігаўшчына і частка Падолля. Адначасова ВКЛ паспяхова змагалася з Уладзімірскім княствам. Беларускія воіны пад Альгердавым кіраўніцтвам даходзілі да Масквы. Яны тройчы разбівалі маскоўскае войска ў 1368, 1370 і 1372 гг. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч Данскі падпісаў мір з Альгердам. У выніку да Княства былі далучаны Смаленскія землі з Мсціславам і Бранскае княства. Мяжа “ўчынена па Мажайску і Каломне”.

2. Дуумвірат Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем стаў Ягайла (1377-1392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй. Менавіта Андрэй і ўзначаліў рух супраць княжання Ягайлы на першым этапе. У 1377 г. Ягайла паспрабаваў пазбавіць Андрэя ўдзелу. Той уцёк у Пскоў, дзе яго абралі князем. Затым для барацьбы з Ягайлам Андрэй Полацкі ўступіў у саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам Данскім. У 1380 г. ён на баку маскоўскага князя разам са сваім братам Дзмітрыем удзельнічаў у Кулікоўскай бітве. Яго саюзнікамі сталі таксама Вялікі Ноўгарад і Лівонскі Ордэн. Андрэй Альгердавіч пагражаў княству вайной.

У 1381 г., выкарыстаўшы барацьбу Ягайлы і Андрэя, вялікакняжыцкі сталец захапіў Кейстут. Палітычны крызіс абвострыўся. У 1382 г. Ягайла заманіў Кейстута на перагаворы ў Крэва. У цямніцы Крэўскага замка Кейстут быў задушаны.

Ягайла, каб утрымацца на вялікакняжацкім прастоле, па прыкладу бацькі паспрабаваў сябраваць з адным са сваіх братоў – Скіргайлам. Скіргайлу былі падараваны Полацкая і Трокская землі. Але палачане не пагадзіліся з такім рашэннем і выгналі Скіргайлу з горада. На сталец у Полацк вярнуўся Андрэй. Крызіс яшчэ больш паглыбіўся. У такім выпадку Ягайла стаў шукаць знешняга саюзніка. Ім стала Польшча.

У 1382 г. памёр польскі кароль. Пасля двухгадовых спрэчак польскія феадалы абвясцілі каралевай яго дачку Ядвігу. Яны спадзяваліся, што яе мужам будзе вялікі князь літоўскі Ягайла, які пасля шлюбу стане і каралём польскім. У Крэве былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб’яднання Літвы і Польшчы. На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае пад назвай Крэўскай уніі. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых. У 1386 г. князь ажаніўся на Ядвізе і, атрымаўшы імя Уладзіслаў ІІ, стаў польскім каралём. Умовы Крэўскай уніі ўступілі ў сілу.

Дынастычная Крэўская унія была спробай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Пракаталіцкая і прапольская палітыка Ягайлы выявілася ў прывілеі 1387 г., дзе феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы. У выніку правядзення падобнай палітыцы ў ВКЛ узнік моцны апазіцыйны рух, накіраваны супраць Ягайлы. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй пачаліся баявыя дзеянні супраць Кароны Польскай. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй трапіў у палон і быў адпраўлены ў Польшчу, дзе знаходзіўся ў зняволенні да 1394 г. Беларускія землі былі перададзены Скіргайлу.

З канца 80-х гг. XIV ст. рух супраць Ягайлы ўзначаліў князь Вітаўт, сын Кейстута. Барацьба Вітаўта з Ягайлам працягвалася да 1392 г. Вітаўт з дапамогай крыжакаў рабіў пастаянныя напады на Польшчу. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 1392 г. у маёнтку Востраў каля Ліды. Князем ВКЛ быў абвешчаны Вітаўт. Праўда, ён абавязваўся не рабіць спроб аддзяліць Літву ад Польшчы і быць на становішчы васала польскага караля.

Важнейшым мерапрыемствам Вітаўта на першым этапе яго праўлення была адміністрацыйная рэформа 1393-1395 гг. Каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ, Вітаўт вырашыў сілай зброі ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Там, дзе Вітаўту супраціўленне не аказвалася, мясцовыя валадары надзяляліся іншымі княствамі, але больш дробнымі. Да прыкладу, кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч атрымаў Капыль. Хто ж супраціўленне аказваў, то атрымоўваў турэмнае зняволенне (падольскі князь Фёдар Карыятавіч). Намеснікамі былі давераныя асобы Вітаўта. Да прыкладу, у Віцебску ім стаў Фёдар Вясна, у Кіеве – Іван Гальшанскі. Пазней Вітаўт працягнуў адміністрацыйную рэформу – у 1413 г. у ВКЛ былі створаны першыя ваяводствы: Віленскае і Трокскае.

Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне, Вітаўт у 1398 г. заключыў Салінскае пагадненне з крыжакамі, паводле якога аддаваў ім значную частку Жамойці. У пагадненні Вітаўт абвяшчаўся “каралём Літвы і Русі”. Пры Вітаўце ВКЛ уключыла ў свой склад паўднёвую Падолію, што дало выхад да Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэта называецца “братаннем Вітаўта з Чорным морам”. Заручыўшыся мірам з крыжакамі, Вітаўт у саюзе з былым залатаардынскім ханам Тахтамышам аб’явіў вайну Ардзе. Задачай Вітаўта было далучэнне да ВКЛ усіх “рускіх зямель”. Рашаючая бітва адбылася 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле. Армія Вітаўта была амаль цалкам знішчана. У летапісу наконт гэтага запісана: “попусти бог татаром”. Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска-Радамскуюунію ВКЛ з Польшчай 1401 г. Як бачна, Вітаўт ужо не ўяўляў існавання свайго княства без саюзу з Ягайлам.

Нягледзячы на паражэнне на Ворскле Вітаўт не адмовіўся ад палітыкі сваіх папярэднікаў, накіраванай на падпарадкаванне Літве рускіх княстваў. У 1404 г. ён далучыў Смаленск. Таксама войска Вітаўта ажыццявіла паспяховы паход на Вялікі Ноўгарад і Пскоў. Па дагавору ў гэтыя гарады былі накіраваны княжацкія намеснікі, і гарады вымушаны былі плаціць даніну. З маскоўскім князем Васілём І Вітаўт заключыў пагадненне. Межы паміж дзяржавамі былі вызначаны па рацэ Угры – прытоку Акі. Пасля смерці Васіля І ў васальную залежнасць да ВКЛ трапілі Цвярское і Разанскае княствы, а таксама землі ў вярхоўях Акі.

У 1409 г. жамойць паўстала супраць крыжакаў. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне. У выніку жамойць уз’ядналася з ВКЛ. Наспяваў ваенны канфлікт, які выліўся ў “Вялікую вайну” 1409-1411 гг.

Вітаўт і Ягайла вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб нанесці рашаючае паражэнне крыжакам. Вітаўт збіраў палкі ў Літве і ў рускіх землях. Ён наняў таксама татарскія атрады і атрад чэхаў пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Ягайла арганізоўваў атрады палякаў. У выніку Вітаўт назбіраў 40 харугваў, Ягайла – 50. Крыжакі, са свайго боку, набралі наёмнікаў у еўрапейскіх гарадах і набылі гарматы. Кіраваў крыжацкім войскам магістр Лівонскага Ордэна Ульрых фон Юнгінген. Пад крыжацкімі сцягамі сабраўся 51 атрад. У бітве з абодвух бакоў прымала ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

Войскі саюзнікаў сустрэліся ў канцы чэрвеня 1410 г. у Прыбалтыцы і пачалі рух да сталіцы крыжакоў крэпасці Марыенбург. 15 ліпеня варожыя войскі сустрэліся каля вёсак Грунвальд, Таненберг, Людвігсдорф. Літоўскія і польскія войскі занялі ўчастак, які зарос лесам і хмызняком. Супраць правага фланга крыжакоў стаялі польскія палкі, супраць левага – літоўскія. Камандуючым саюзнымі войскамі быў Ягайла. Непасрэдна войскамі ВКЛ кіраваў князь Вітаўт.

Бітва пачалася ў другой палове дня з атакі конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты з прычыны “воўчых ям”, накапаных крыжакамі. Пасля некалькіх гадзін бітвы літоўскія войскі сталі адступаць. Вітаўт выкарыстаў выпрабаваную тактыку, якая заключалася ў тым, каб прымусіць рыцараў пачаць праследаванне і тым самым расстроіць іх рады, каб затым напасці на іх зноў. Гэта яму ўдалося. Рыцары падумалі, што яны ўжо блізкія да перамогі. Але Вітаўт, у ходзе імітаванага “адступлення”, перагрупаваў войскі і ўдарыў па рассеяных па полю крыжаках. Поспех быў на баку Вітаўта. Гэта натхніла і польскія войскі, якія вялі цяжкі бой з правым флангам рыцараў. Мужна змагаліся ў цэнтры смаленскія палкі пад кіраўніцтвам Сямёна Лінгвена. Я.Длугаш адзначаў: “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і людзі біліся, і коні давілі людзей”. Бітва завяршылася поўным разгромам крыжакоў. Перамога пад Грунвальдам была адной з важнейшых падзей гісторыі ВКЛ, Польшчы і тых славянскіх народаў, якім пагражала нямецкая агрэсія. Па Торуньскаму мірнаму дагавору 1411 г. Ордэн адмовіўся ад прэтэнзій на Жамойць і павінны быў выкупіць усе занятыя саюзнікамі замкі.

Рацары адразу не прымірыліся з паражэннем і рыхтаваліся да новай вайны. Пераможцы, разумеючы, што небяспека новых войнаў яшчэ поўнасцю не выключана, вырашылі ўмацаваць свой саюз новым пагадненнем. У 1413 г. паміж Вітаўтам і Ягайлам была заключана Гарадзельская унія. Юрыдычна аформілася незалежнасць ВКЛ. Разам з тым пры падпісанні уніі выявілася пэўная дваістасць пазіцыі Вітаўта. Князь не мог абысціся без саюза з Польшчай. Таму Гарадзельскім прывілеем было дэкларавана права феадалаў-католікаў займаць вядучыя пасты ў краіне. Праваслаўныя феадалы апынуліся ў нераўнапраўным становішчы – абвострылася “рускае пытанне”.

Умацаванне ВКЛ пры Вітаўце выклікала пытанне аб пераўтварэнні яго па ўзору Польшчы ў каралеўства. Задума каранацыі Вітаўта выклікала шырокі міжнародны рэзананс, аднак яна не здзейснілася – князь памёр, не дачакаўшыся кароны. Час праўлення Вітаўта (1392-1430 гг.) называюць залатым векам беларускай гісторыі.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім стаў малодшы брат Ягайлы – Свідрыгайла (1430-1432 гг.). Яго палітыка была скіравана на замацаванне лініі на дзяржаўную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым Свідрыгайла спрабаваў пашырыць сацыяльную базу велікакняжацкай улады за кошт схілення на свой бок праваслаўных феадалаў. Застаючыся католікам, ён пачаў дапускаць праваслаўных да кіравання дзяржавай.

Узрастанне пры Свідрыгайле палітычнай ролі заходнерускіх феадалаў выклікала незадаволенасць літоўскай арыстакратыі. Пры дапамозе Польшчы была арганізавана змова супраць вялікага князя. Свідрыгайлу ўдалося збегчы ў Полацк, дзе ён знайшоў падтрымку з боку мясцовых князёў і баяр. А вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта – Жыгімонт Кейстутавіч (1432-1440 гг.). Ягайла зацвердзіў гэта абвяшчэнне. Жыгімонт у сваю чаргу граматай ухваліў унію з Польшчай, раней скасаваную Свідрыгайлам. У Вялікім княстве Літоўскім склалася сітуацыя, калі дзяржава аказалася падзеленай на дзве часткі, кожная з якіх мела свайго вялікага князя. На баку Жыгімонта былі ўсе літоўскія землі (Вільня, Коўна, Трокі, Жэмайція, а таксама Гародня). На баку Свідрыгайлы – князі, баяры і гараджане Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Северскай, Кіеўскай зямель, часткі Валыні і Падоліі. Дапамогу Свідрыгайлу аказвалі крыжакі, цвярскі князь, татары і малдаўскі гаспадар.

Супрацьстаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432-1436 гг.). Вялася яна з пераменным поспехам. У 1432 г., каб аслабіць рух на чале са Свідрыгайлам, ад імя Ягайлы быў выдадзены прывілей, што пацвярджаў папярэднія і дараваў новыя правы феадалам-католікам. Але разам з тым ён пашыраў на рускіх князёў і праваслаўную шляхту ўсе “наданні, свабоды, прывілеі і выгады”. У 1434 г. аналагічны прывілей быў падараваны і Жыгімонтам Кейстутавічам з тым, каб паміж літоўскімі і рускімі феадаламі “не было ніякага раздору”. Аднак, артыкул 9 Гарадзельскай уніі так і не быў адменены. Праваслаўныя феадалы па-ранейшаму не маглі ўдзельнічаць у рабоце вышэйшых органаў улады.

Бітва, якая вырашала ход вайны, адбылася ў 1435 г. пад Вількамірам. Войска Свідрыгайлы пацярпела тут паражэнне, а сам ён збег спачатку ў Віцебск, а потым на Украіну. Грамадзянская вайна завяршылася перамогай Жыгімонта Кейстутавіча. Князь, каб умацаваць сваю ўладу пачаў праводзіць акаталічванне беларускіх земляў. З гэтым былі не згодны ўсходнеславянскія магнаты (князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялуша), якія ў 1440 г. забілі Жыгімонта ў яго замку ў Вільні.

Пасля смерці Жыгімонта палякі імкнуліся мацней падпарадкаваць ВКЛ Кароне Польскай. Замест пасады вялікага князя літоўскага яны хацелі ўвесці каралеўскае намесніцтва на чале з 13 гадовым Казімірам Ягайлавічам. Аднак, гэтага зрабіць не ўдалося – Казіміра абвясцілі вялікім князем літоўскім (1440-1492 гг.).

У 1447 г. Казімір пасля смерці свайго брата Уладзіслава быў запрошаны на польскі трон. Шляхта ВКЛ, адпраўляючы вялікага князя ў Польшчу, дабілася ад яго выдання прывілея, які ўвайшоў у гісторыю як Прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, іх права на маёнткі, на тое, што яны не будуць канфіскаваны. У адносінах да сялян менавіта гэты прывілей паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню іх феадальнай залежнасці. Казімір абяцаў, што цяпер ён не будзе прымаць баярскіх сялян на свае землі. Суд над сялянамі таксама перадаваўся ў рукі баяр. Звяртаюць на сябе ўвагу тыя артыкулы прывілея 1447 г., якія аберагалі ВКЛ ад пасяганняў з боку польскіх феадалаў на яго суверэнныя правы і адасобленасць. Нягледзячы на тое, што Казімір у чэрвені 1447 г. стаў каралём Польшчы, прывілей забараняў ураду раздаваць дзяржаўную маёмасць і пасады іншаземцам. Кіраванне Літвой Казімір абавязваўся весці праз паны-раду.

Яшчэ больш шырокае значэнне меў Судзебнік Казіміра, выдадзены ім у 1468 г. Гэты Судзебнік паклаў пачатак новаму этапу ў развіцці як прававой тэорыі, так і практыкі заканадаўчай дзейнасці ВКЛ. Ён з’явіўся першай спробай кадыфікацыі права ў княстве.

Разам з тым “рускае пытанне” Казімірам так і не было вырашана. Адрозненні ў правах праяўляліся ў тым, што ў складзе паны-рады заўсёды пераважалі феадалы літоўскага паходжання і каталіцкія святары. Прадстаўнікі праваслаўнай царквы ніколі не ўваходзілі ў яе склад. У выніку супраць Казіміра ў 1481 г., як у свой час супраць Жыгімонта Кейстутавіча, была арганізавана змова. Праўда, змоўшчыкі Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі і Фёдар Бельскі былі пакараны.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем літоўскім быў абраны Аляксандр Казіміравіч (1492-1506 гг.). Новы князь быў вымушаны лічыцца з узмацненнем баяр. Так, у 1492 г. Аляксандр Казіміравіч выдаў прывілей, дзе не толькі пацвердзіў усе правы і вольнасці, якія феадалы ВКЛ атрымалі раней, але і дараваў новыя. Цяпер вялікі князь абавязаваўся весці дыпламатычныя зносіны толькі пасля ўзгаднення з паны-радай, сваёй воляй нічога не адмяняць, без згоды рады не рабіць прызначэнняў на дзяржаўныя пасады, распараджацца фінансамі толькі пад яе кантролем. Такім чынам, прывілей 1492 г. істотна абмяжоўваў уладу манарха на карысць шляхты. Паны-рада з дарадчага органа пераўтварылася ў орган дзяржаўнага кіравання. ВКЛ пераўтварылася з абсалютнай ў абмежаваную манархію.

З канца XV ст. на жыццё ВКЛ аказваў уплыў такі знешнепалітычны фактар, як абвастрэнне адносін з Маскоўскай дзяржавай. Масква стала прэтэндаваць на ролю збіральніка былых зямель Кіеўскай Русі. Адрозненні паміж усходнеславянскім насельніцтвам Літвы і Маскоўскай дзяржавы ў мове і культуры тады былі яшчэ нязначныя. Вельмі важным фактарам было тое, што насельніцтва гэтых краін спавядала адну праваслаўную веру і называла сябе аднолькава – рускімі.

Літва не была зацікаўлена ва ўзмацненні Масквы і падтрымлівала залатаардынскага хана Ахмеда ў яго барацьбе з Рускай дзяржавай. Яна выступіла таксама на баку Пскова і Ноўгарада супраць Масквы пры Іване III. Маскоўскія князі ў сваю чаргу заключалі саюзы супраць Літвы з крымскімі ханамі. Другая прычына варожасці заключалася ў асаблівасцях унутранага развіцця ВКЛ. Многія з беларускіх феадалаў, што не прынялі каталіцтва, былі нездаволены сваім нераўнапраўным становішчам у параўнанні з феадаламі-католікамі і бачылі ў Маскве свайго саюзніка. Наступленне каталіцтва і пашырэнне польскага ўплыву яшчэ больш узмацніла гэтае нездавальненне.

Маскоўскі князь Іван ІІІ у барацьбе з ВКЛ пачаў выкарыстоўваць “рускае пытанне”. Так, маскоўскі князь стаў клікаць на службу праваслаўных феадалаў памежных тэрыторый ВКЛ (Варатынскіх, Вяземскіх, Бяляўскіх). Гэта справацыравала І маскоўска-літоўскую вайну 1492-1494 гг. Для Літвы вайна аказалася няўдачнай – Аляксандр перадаў Маскве Вяземскае княства, прызнаў вяршэнства Масквы над Ноўгарадам, Псковам, Цвер’ю і Разанню. Мірны дагавор падмацоўваўся шлюбам Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай.

Аднак гэты мір быў нядоўгім. Новы пераход на бок Масквы шэрага князёў пагранічных абласцей стаў прычынай другой маскоўска-літоўскай вайны 1500-1503 гг. Маскоўскае войска ў 1500 г. разбіла войска Літвы на р. Ведрашы, недалёка ад Дарагабужа. Быў узяты ў палон камандуючы літоўскім войскам князь Канстанцін Астрожскі. Палякі, якія абяцалі Аляксандру дапамогу, не стрымалі слова і не дапамаглі свайму каралю. У выніку ВКЛ страціла вялікую тэрыторыю на Верхняй Ацэ, Чарнігава-Северскую зямлю з гарадамі Гомель, Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль, Ноўгарад-Северскі, Любеч, Бранск, Дарагабуж, Трубчэўск, Мцэнск. Да Масквы адышлі таксама частка Смаленскай і Віцебскай зямель, некалькі мястэчак на Рагачоўшчыне. Усяго ў выніку гэтай вайны Літва страціла 19 гарадоў, 70 валасцей, 22 мястэчкі і 13 сёл. Аляксандр вымушаны быў прызнаць за маскоўскім вялікім князем тытул “гасудара ўсея Русі”.

3 сярэдзіны XV ст. Вялікаму княству Літоўскаму давялося адбіваць частыя набегі крымскіх татар, якія суправаджаліся грабяжамі і разбурэннямі беларускіх гарадоў і сёл. Татары ўводзілі ў палон мірных жыхароў, якіх потым нярэдка прадавалі ў рабства. Колькасць набегаў значна вырасла ў пачатку XVІ ст. Толькі за перыяд з 1500 па 1569 г. татары зрабілі 45 набегаў на беларускія землі. 3-за адсутнасці арганізаванай абароны на поўдні татарская конніца лёгка пранікала ў глыбінныя раёны Беларусі, а насельніцтва нашага краю вымушана было плаціць на карысць крымчакоў ардыншчыну. Безумоўна, войска ВКЛ не раз разбівала крымскіх татар. Гэта адбылося на рацэ Уша (1502 г.), ля Давыд-Гарадка (1503 г.). У 1506 г. пад Клецкам татары былі разбіты літоўскім войскам, якім камандаваў М.Глінскі. Гэтая мясцовасць у народзе з гэтага часу называлася Красны Стаў. Радасная вестка аб перамозе не паспела дайсці да вялікага князя, які быў у гэты час у Вільні. Аляксандр памёр амаль адразу пасля бітвы.

Перад смерцю Аляксандр завяшчаў літоўскі прастол свайму брату Жыгімонту. Палякі, баючыся страціць Літву, таксама абралі Жыгімонта польскім каралём. Жыгімонт стаў кіраўніком дзяржавы будучы ўжо ў немаладым узросце. Ён пракняжыў 42 гады, таму ў гісторыю увайшоў пад імем Жыгімонта І Старога (1506-1548 гг.).

Пачатак праўлення князя быў вельмі складаным. У 1506-1508 гг. адбылася трэцяя маскоўска-літоўская вайна, якая была цесна звязана з феадальным паўстаннем у ВКЛ 1508 г. пад кіраўніцтвам М.Глінскага. Маскоўскі князь Васіль ІІІ не змог захапіць Смаленск і вырашыў падтрымаць мяцежніка.

Міхаіл Глінскі ў свой час карыстаўся асабістай дружбай вялікага князя Аляксандра, аднак пасля смерці таго быў адхілены ад двара і трапіў у няміласць да новага гаспадара. У выніку Глінскі паставіў задачу стварыць самастойнае княства на былых старажытнарускіх землях і самаму ўзначаліць яго. Паўстанне было падтрымана праваслаўнымі феадаламі і Масквой. Зноў было выкарыстана “рускае пытанне”.

Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1508 г. на поўдні Беларусі, дзе ў Глінскага былі буйныя маёнткі. Цэнтрам паўстання стаў горад Тураў. Адсюль Глінскі са сваім атрадам дайшоў да Мазыра, авалодаў Клецкам і Копылем. На бок паўстанцаў перайшлі многія князі паўднёва-ўсходніх і ўсходніх зямель (Орша, Крычаў, Гомель). У саюзе з маскоўскім ваяводам Васілем Шамячычам М.Глінскі ўзяў у аблогу Мінск і Слуцк, аднак няўдала. Пасля гэтага паўстанцы вырашылі адступіць за левы бераг Дняпра, каб злучыцца з асноўнымі сіламі маскоўскага войска, аднак Васіль ІІІ адмовіўся далей дапамагаць Глінскаму і паўстанне было падаўлена. Закончылася і вайна 1506-1508 гг. Быў падпісан “адвечны мір”, па якому ВКЛ прызнала пераход да Масквы зямель, страчаных у час праўлення Аляксандра.

Разам з тым Васіль III не адмовіўся ад ідэі захапіць Смаленск і рыхтаваўся да новай вайны. Яго падтрымала Свяшчэнная рымская імперыя германскай нацыі і іншыя еўрапейскія краіны. У 1512-1522 гг. адбылася чацвёртая маскоўска-літоўская вайна. 19 снежня 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рушыла да Смаленска. Пасля трох спроб штурму горада 30 чэрвеня 1514 г. Смаленск капітуляваў. Пасля гэтага Васіль III рушыў на захад да Оршы. Тут на рацэ Крапіўна адбылася грандыёзная бітва. 8 верасня 1514 г. К.Астрожскі з 30-тысячным войскам разграміў 80-тысячнае войска князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна. Але, нягледзячы на гэта, усе спробы ВКЛ вярнуць заваяваныя Масквой землі былі дарэмныя. У 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір’е, якое потым было прадоўжана яшчэ да 1533 г. Смаленск па ўмовах міру заставаўся за Масквой.

Смерць Васілія III і смуты ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку падштурхнулі Вялікае княства Літоўскае да спробы вяртання заваяванага Масквой. Пачалася пятая маскоўска-літоўская вайна 1534-1537 гг. Жыгімонт І Стары імкнуўся адваяваць Смаленск, аднак Літоўскае княства вярнула толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір’е, якое працягвалася да самай Лівонскай вайны.

У часы праўлення Жыгімонта Старога пагрозу для Літвы па-ранейшаму складалі крымскія татары, набегі якіх працягваліся. У 1521 г. татары спустошылі землі паміж Слуцкам і Пінскам. Рашаючая бітва адбылася ў 1527 г. пад Каневам на Украіне. Войска ВКЛ разграміла татар і з гэтага часу крымчакі ўжо не маглі прасоўвацца на тэрыторыю Беларусі.

Жыгімонта шанавалі як разумнага і разважлівага кіраўніка. Праўленне Жыгімонта Старога вызначалася адсутнасцю каталіцкага фанатызма ў адносінах да праваслаўных. Ён добра разумеў, што прымусовае акаталічванне толькі выклікала ўнутраныя праблемы ў краіне, а разам з гэтым і аслабленне дзяржавы. Пры ім насуперам Гарадзельскаму прывілею ў склад паны-рады быў уключаны праваслаўны князь К.Астрожскі. Ён быў узведзены ў званне трокскага ваяводы.

Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх, апякун навук. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, дапамагаў асветніку Ф.Скарыне.

Пасля смерці Жыгімонта Старога агульным гаспадаром ВКЛ і Польшчы стаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548-1572 гг.). Важнейшым мерапрыемствам вялікага князя з’яўлялася падпісанне прывілея 1563 г., у якім праваслаўная і каталіцкая шляхта была канчаткова ўраўняна ў правах. “Рускае” пытанне было вырашана.

Разам з тым пры Жыгімонце Аўгусце абвострыліся супярэчнасці паміж магнатамі і дробнай шляхтай. Справа ў тым, што на соймах да голасу шматлікай шляхты ніхто не прыслухоўваўся. Усё вырашалі магнаты. Адкрытым супрацьстаянне магнацтва і шляхты стала ў 1560-я гг. Асабліва яскрава яно выявілася ў час сойма, які сабраўся ў 1562 г. пад Віцебскам. На ім шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбай “учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіраць і права аднолькавае ўжываць”. Вярхоўная ўлада, каб прыцягнуць на свой бок шляхту, ухваліла судовую рэформу 1565 г., адпаведна якой у паветах на польскі ўзор сталі стварацца мясцовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

3. УВКЛ на працягу XIV – XVI стст. адбывалася фарміраванне саслоўна-прадстаўнічай манархіі. Кіраўніком дзяржавы з’яўляўся вялікі князь (гаспадар).Ён узначальваў усё кіраўніцтва дзяржавай, з’яўляўся найвышэйшым суддзёй, заключаў міжнародныя пагадненні. Аднак улада вялікага князя не была абсалютнай, яна абмяжоўвалася паны-радай і соймам.

У паны-радзебылі прадстаўлены асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады з ліку буйных феадалаў і бліжэйшых родзічаў вялікага князя. Гэтаканцлер(хавальнік вялікакняжацкай пячаткі, кіраўнік канцылярыі),падканцлер(яго намеснік),ваяводы(кіраўнікі ваяводстваў),кашталяны(кіраўнікі ваяводскага войска), некаторыястаросты (кіраўнікі паветаў),гетман (галоўнакамандуючы войскам княства),падскарбій(загадчык дзяржаўнага скарба),маршалак(старшыня на пасяджэннях рады і сойма), а таксамавіленскібіскупі некаторыя іншыя каталіцкія біскупы (жамойцкі, кіеўскі, луцкі). Колькасць паноў-радных не была пастаяннай. Пры Гедыміне яна налічвала прыкладна 20 чалавек, у XV – п. п. XVI ст. у яе ўваходзілі 45 чалавек, а пасля рэформы1565г., калі былі ўтвораны новыя ваяводствы паноў-радных стала 65. Усе яны сядзелі на так званых лавіцах, ад першай да апошняй, у залежнасці ад займаемага ў грамадстве становішча. Паны-рада ў поўным складзе збіралася рэдка, толькі для вырашэння найважнейшых спраў, а ўсе бягучыя справы вялікі князь вырашаў з так званайпраднейшай радай(“першай лавіцай”), у склад якой уваходзілі толькі пяць найбольш уплывовых саноўнікаў: віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян.

Гаспадарская рада была найбольш уплывовай ў пачатковы перыяд узнікнення і развіцця ВКЛ. У далейшым яе роля некалькі аслабла, таму што з’явіўся новы агульнадзяржаўны орган – вальны сойм (сейм). У яго склад уваходзілі радныя паны і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Спачатку шляхта запрашалася на сойм пагалоўна, што выклікала залішнюю шматлюднасць. Каб пазбегнуць гэтага, было вырашана пасылаць ад павета па два дэпутаты на агульны сойм. Яны выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта таго ці іншага павета і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. Соймы не толькі ўдзельнічалі ў выбранні вялікіх князёў, але і вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні і справы адносна вайны і міру, арганізацыі абароны краіны, унутранай палітыкі, увядзення надзвычайных падаткаў, прыняцця законаў. Да сярэдзіны XVI ст. сойм пераўтварыўся ў важнейшы заканадаўчы і кантралюючы орган, пачаў выступаць у якасці феадальнага парламента. Соймавыя пасяджэнні адбываліся найчасцей у Вільні, аднак маглі збірацца таксама ў Берасці, Наваградку, Гародні.

Сістэма мясцовага кіравання ВКЛ мела доўгую эвалюцыю. Яна фарміравалася разам з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам дзяржавы. У адпаведнасці з рэформай 1565 г. беларускія землі ўваходзілі ў склад 6 ваяводстваў (Віленскага, Трокскага, Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Полацкага) і 16 паветаў. Паветы складаліся з некалькіх валасцей (10-30 сёл).

На чале ваяводства стаяў ваявода, які вырашаў гаспадарчыя, вайсковыя, судовыя пытанні на сваёй тэрыторыі. Прызначаліся ваяводы вялікім князем са згоды паны-рады, абавязкова з уражэнцаў ВКЛ. Намеснікамі ваяводы былі:падваявода(вёў справы канцылярыі),кашталян,гараднічы(адказваў за рамонт замка),ключнік(наглядаў за зборам падаткаў),ляснічы,лоўчы,стайнік.

Кіраўнікамі адміністрацыі ў паветах былі старосты. Воласцю кіраваўсельскі войт. У тых мясцовасцях, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў і дзяржаўных маёнткаў, дзейнічалі органы мясцовага самакіравання – сялянскія сходы. Кіруючым ніжэйшым звяном дзяржаўнай улады на месцах з’яўлялася вясковая адміністрацыя:цівуны,сотнікі,прыставы,старцы. Гэтыя адміністрацыйныя пасады займалі звычайна заможнія сяляне. Яны збіралі падаткі з сялян, наглядалі за работамі ў вялікакняжацкай гаспадарцы, а таксама абаранялі сялян ад свавольстваў з боку аканомаў.

Свая сістэма кіравання існавала ў гарадах з Магдэбургскім правам. Органам самакіравання лічыўся гарадскі магістрат, які аб’ядноўваў раду (распарадчы орган) і лаву (суд). На чале рады стаяў бурмістр, якому падначальваліся радцы, а на чале лавы – войт. У склад лавы ўваходзілі лаўнікі. Войт выконваў функцыі мэра горада. Яго намеснікам быў лентвойт. Усе пасады ў горадзе былі выбарныя, за выключэннем войта, які прызначаўся вялікім князем.

На ўсе значныя пасады мясцовага кіравання рабіў прызначэнні вялікі князь разам з паны-радай. Аднак у Полацкай і Віцебскай землях вялікі князь, узводзячы на ваяводства сваіх стаўленікаў, павінны быў улічваць думку і настроі мясцовай знаці. Прычым гэта была не адзіная ўступка мясцовай знаці. Прывілеі вялікіх князёў абмяжоўвалі полацкіх і віцебскіх ваяводаў у судовай уладзе. На ваяводскім судзе была абавязковай прысутнасць мясцовых баяр. Да таго ж усе пасады ў Полацкім і Віцебскім ваяводствах маглі займаць толькі ўраджэнцы гэтых зямель. Як бачна, вярхоўная ўлада была зацікаўлена ў захаванні ў складзе ВКЛ Полацкай і Віцебскай зямель, якія размяшчаліся на памежжы з Вялікім княствам Маскоўскім.

Паступова развівалася і ўдасканальвалася судовая сістэма ВКЛ. Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляўся вялікакняжацкі ці гаспадарскі суд, а таксама суды паноў-рады і сойма. Аднак у далейшым у 1581 г. быў створаны новы судовы орган – Галоўны Трыбунал ВКЛ. На гэты суд ускладвалася задача апеляцыйнага перагляду спраў і разгляд некаторых спораў па першай інстанцыі. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. На месцах суд знаходзіўся ў распараджэнні ваявод. Ваяводскі суд разглядаў справы шляхты, што трымала маёнткі ў вялікакняжацкіх землях, мяшчан тых гарадоў, што не мелі Магдэбургскага права, дзяржаўных сялян. Прыватнаўласніцкіх і царкоўных сялян судзілі самі землеўласнікі на вотчынным судзе. У гарадах з Магдэбургскім правам дзейнічаў войтаўска-лаўнічы суд.

У адпаведнасці з рэформай 1565 г. у кожным павеце ствараліся земскі, гродскі (замкавы) і падкаморскі суды. старостам і іх намеснікам. Земскісуд разглядаў грамадска-прававыя справы шляхты, што мела ў павеце свае землі.Замкавысуд вырашаў крымінальныя справы У некаторым сэнсе гэта быў усесаслоўны суд.Падкаморскісуд займаўся справамі па зямельных спрэчках (суддзя называўся падкаморый). У сялянскім асяроддзі (у адносінах да памешчацкіх сялян) да пачатку XVIІ ст. працягваў дзейнічаць старажытныкопнысуд. Тут суддзямі былі мужы і старцы копныя, якія вылучаліся з сялян. Рашэнні гэтага суда выконваліся адразу і абскарджанню не падлягалі.

Усе названыя судовыя інстанцыі абапіраліся ў сваёй дзейнасці на дзяржаўнае заканадаўства, якое было прадстаўлена Статутамі ВКЛ. Вядомы тры рэдакцыі Статута:1529,1566,1588гг. Апошні з іх дзейнічаў на Беларусі да 1840 г. Для свайго часу гэта быў перадавы помнік заканадаўства, бо тут была сфармулявана ідэя прававой дзяржавы, вызначана роўнасць усіх грамадзян перад законам. Разам з тым нельга забываць, што гэта было заканадаўства феадальнага грамадства. Тут вызначалася прывелеяванае становішча шляхты, прыніжанае становішча “люду простага”. Пакаранні за злачынства былі балючыя і членашкодныя – адсячэнне рукі, адразанне вуха, носа. Напрыклад, хто ўкраў мёд, таму ўспарвалі жывот, выцягвалі кішкі і намотвалі іх на дрэва ці на слуп.

Войска ВКЛ па традыцыі да канца XVI ст. уяўляла сабой ўсеагульнае апалчэнне – паспалітае рушанне. Толькі ў XVIІ- XVIІІ стст. яно становіцца наёмным прафесійным. Па заканадаўству ВКЛ ваеннаабавязанымі былі ўсе мужчыны, якія мелі ва ўласнасці зямлю. Са сваіх зямельных уладанняў шляхціц павінен быў выставіць добра ўзброенага і навучанага для вайсковай службы жаўнера: аднаго ад 8 службаў (1 служба – гэта 2 сялянскія гаспадаркі). Рашэнне аб збору паспалітага рушання прымаў Сойм. У кожным павеце збіралася свая харугва. Харугвы злучаліся на ўзроўні ваяводства на чале з кашталянам. З ваяводстваў войска рухалася да месца агульнага збору, дзе гетман прымаў яго пад сваю каманду.

Баявой адзінкай у войску было кап’ё: вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Воіны былі ўзброены агнястрэльнай зброяй: ручніцамі, аркебузамі, халоднай зброяй – мячамі, кордамі, шаблямі, шпагамі, лукамі. У XVI ст. войска ВКЛ славілася сваёй артылерыяй. Знакамітая Віленская гарматня выпускала ў дзень 18 гармат з ядрамі. Многія гарматы мелі непаўторныя назвы – салавейкі, спявачкі, “Гідра”, “Сава”.

Вялікае княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай

  1. Утварэнне Рэчы Паспалітай. Лівонская вайна.

  2. Дзяржаўна-прававое становішча Рэчы Паспалітай. Барацьба ВКЛ за незалежнасць.

  3. Знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у XVІІ – XVIІІ стст.

  4. Палітычны крызіс і падзелы Рэчы Паспалітай.

1.Сістэма палітычнага кіравання ў ВКЛ складвалася пад уплывам польскага ўзору дзяржаўнага ладу. Часам ВКЛ і Польшча мелі аднаго гаспадара (Ягайла, Казімір, Аляксандр, Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст). Польскі сенат па сваіх функцыях адпавядаў літоўскай паны-радзе, а шляхецкі сойм быў важнейшым органам дзяржаўнага кіраўніцтва ў абедзвюх дзяржавах.

У сярэдзіне XVI ст. склаліся зручныя ўмовы для аб’яднання дзяржаў. Па-першае, у ВКЛ склаўся пэўны пласт насельніцтва, які падтрымліваў унію. Гэта была дробная шляхта, якая хацела атрымаць залатыя шляхецкія вольнасці. Па-другое, да саюза імкнуліся польскія магнаты, якія жадалі атрымаць у Літве новыя землі і пасады. Па-трэцяе, да саюзу ВКЛ з Польшчай вымушалі знешнепалітычныя абставіны – катастрафічнае становішча Княства ў Лівонскай вайне.

У 1558г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам за выхад да Балтыйскага мора. У1559г. магістр ордэна Кетлер звярнуўся за дапамогай да ВКЛ. Паміж ордэнам і княствам быў заключаны саюз, ордэн перайшоў пад патранат ВКЛ. Але захаваць у час вайны сваю тэрыторыю ордэн не здолеў. Частку зямель захапіла Данія, частку – Швецыя, а Курляндыя і Земгалія, стаўшы наследным герцагствам, з1561г. аказаліся ў залежнасці ад ВКЛ. Літоўскае княства не менш, чым Расія, было зацікаўлена ў выхадзе да Балтыйскага мора, таму што гэта быў лепшы шлях для гандлю збожжам з Еўропай.

Пасля далучэння Курляндыі і Земгаліі да ВКЛ Іван Грозны перанёс ваенныя дзеянні на землі Беларусі. У 1562г. рускія войскі ўжо стаялі каля сцен Віцебска, Дуброўна, Оршы, Копыся і Шклова. У лютым1563г. была ўзята самая магутная крэпасць ВКЛ – Полацк. Пратрымаліся палачане 16 дзён. Можа, час аблогі яшчэ працягваўся б, каб не памылкі ваяводы Давойны. Ён выправіў з Полацка дзве тысячы сялян, якія ўмацоўвалі сцены абарончых збудаванняў. Тым самым Давойна хацеў зменшыць колькасць едакоў, а атрымалася наадварот – згубіў рабочую сілу.

Пасля захопу Полацка пагроза навісла над Вільняй. Пачаліся мірныя перагаворы з Масквой, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст не мог змірыцца са стратай Полаччыны. У выніку ў студзені 1564г. ваенныя дзеянні ўзнавіліся. Аднак, поспех быў ужо не на баку Івана Грознага. У 1564 г. пад Чашнікамі на р.Улагетман Мікалай Радзівіл разбіў удвая большы 24-тысячны корпус Шуйскага. Пачалася пазіцыйная вайна. Маскоўскі князь пабудаваў на беларускіх землях крэпасці Туроўлю, Сокал, Чырвоная, Каз’яны, Улу.

Палякі скарысталі цяжкае становішча ВКЛ у Лівонскай вайне, каб канчаткова падпарадкаваць сабе гэтую дзяржаву. Перагаворы адбываліся ў Любліне. Люблінскі сойм пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся шэсць драматычных месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны пакінулі сойм. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Польская шляхта дабілася ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Тэрыторыя ВКЛ звузілася да тэрыторыі Беларусі і Літвы. ВКЛ не магла весці вайну адначасова з Масквой і Польшчай, таму вымушана была саступіць. Ліцвінскі бок прыняў усе ўмовы палякаў. Палітыку Польшчы напярэдадні заключэння Люблінскай уніі можна ахарактарызаваць як экспансіянісцкую, вялікадзяржаўную.

1 ліпеня 1569 г. акт Люблінскай уні паміж Польшчай і ВКЛ быў падпісаны. Згодна з умовамі, ВКЛ і Польшча злучаліся ў адзін народ і адну дзяржаву – Рэч Паспалітую на чале з адным выбраным гаспадаром. Абранне манарха павінна было адбывацца ў Варшаве, а каранацыя – у Кракаве. Абранне вялікага князя літоўскага спынялася. Асобны сейм ВКЛ скасоўваўся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Унія абвясціла правядзенне адзінай знешняй палітыцы, дазвол палякам набываць землі і пасады ў Літве, а ліцвінам у Польшчы. Грошы ў дзвюх дзяржавах прызнаваліся раўнацэннымі і аднолькавымі, прадугледжвалася уніфікацыя заканадаўства (законы ВКЛ, накіраваныя супраць Польшчы скасоўваліся і наадварот). Разам з тым нельга сказаць, што Люблінская унія – гэта інкарпарацыя ВКЛ у склад Польшчы. Дзяржаўнай мовай княства заставалася старабеларуская, захоўваліся свой адміністрацыйны апарат, заканадаўства (праўда, скарэкціраванае), войска, судовая і фінансавая сістэмы, тытул і пячатка. Як бачна ў выніку Люблінскай уніі ўтварылася федэрацыя “абодвух народаў”.

Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста і нядоўгага праўлення Генрыха Валуа (1573-1574 гг.) каралём Рэчы Паспалітай стаў сын трансільванскага ваяводы Стэфан Баторый (1576-1586 гг.). У 1579 г. кароль сабраў 40-тысячнае войска і рушыў на вызваленне Полацка. Рускія войскі 20 дзён стрымлівалі атакі польска-ліцвінскага бока, аднак вымушаны былі адступіць. У 1580 г. ліцвінскае войска замацавала свае поспехі і адваявала ўсе захопленыя Масквой падчас Лівонскай вайны землі, а таксама Вялікія Лукі. Найбольш вызначыўшыхся ў бітвах жаўнераў кароль адорваў шляхецтвам. Адным з такіх герояў быў Перавал, які распачаў славуты род Пржывальскіх. У 1580 г. Стэфан Баторый планаваў захапіць Пскоў, аднак яму гэта не ўдалося. У 1582 г. паміж ваюючымі бакамі было заключана Ям-Запольскае перамір’е. Мяжа была практычна нязменнай, Масква страціла толькі Веліж. Вынікі Лівонскай вайны для ВКЛ былі драматычныя. Па-першае, вайна прывяла да вымушанага саюзу з Польшчай. Па-другое, яна стала пачаткам зацяжнога ваеннага “ліхалецця”, якое падарвала эканоміку і палітычную стабільнасць беларуска-літоўскай дзяржавы.

2. Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўна-прадстаўнічай манархіяй на чале з выбраным каралём. Заканадаўчым органам быў двухпалатны парламент (Сойм), які складаўся з Сената (рады) і пасольскай ізбы. У Сенат уваходзілі найбольш знатныя свецкія і духоўныя феадалы (прыкладна 150 чалавек). Пасольская ізба складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых соймікаў. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек. Вальныя соймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях Сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся адзінагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат маглі выкарыстаць ліберум вета (“не дазваляю”) і пастанова прыпынялася.

Улада манарха ў Рэчы Папспалітай была значна абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. Побач з ліберум вета, якое дзейнічала пры абранні караля, шляхта заключала з прэтэндэнтамі на трон “Пакта канвента”. Упершыню гэтае пагадненне было падпісана ў 1573 г. пры абранні каралём Рэчы Паспалітай Генрыха Валуа. У дакуменце вызначаліся абавязкі манарха. Ён павінны быў аказваць фінансавую дапамогу дзяржаве, выплаціць даўгі папярэдніх манархаў, вярнуць страчаныя тэрыторыі, будаваць замкі на межах, не прызначаць іншаземцаў на дзяржаўныя пасады, не выкарыстоўваць войскі супраць шляхты. Таксама ў час абрання Генрыха Валуа, былі распрацаваны Генрыхаўскія артыкулы, згодна з якімі кароль траціў права без згоды сойма ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны, склікаць агульнае апалчэнне. Адначасова ён абавязваўся склікаць соймы два разы ў год тэрмінам на 6 тыдняў, мець пры сабе пастаянны Савет з 16 сенатараў. Пакта канвента і Генрыхаўскія артыкулы пацвярджаліся ўсімі каралямі Рэчы Паспалітай. Калі кароль дзейнічаў насуперак сваім абавязкам, шляхта мела права не падпарадкоўвацца яму. Гэта права шляхта ажыццяўляла шляхам склікання канфедэрацый (саюзаў узброенай шляхты) ці “рокашы” – узброенага паўстання супраць караля.

Рэч Паспалітая з’яўлялася федэрацыяй, аднак польскія кіруючыя колы мелі на мэце ўтварэнне унітарнай дзяржавы. Княству адводзілася роля правінцыі. Сапраўды, з моманта ўтварэння Рэчы Паспалітай палякі зрабілі шэраг парушэнняў і прынізілі ліцвінскі бок. Па-першае, трэць зямель ВКЛ напярэдадні ўтварэння Рэчы Паспалітай былі супрацьпраўна далучаны да Польшчы. Па-другое, вялікакняжацкі сойм юрыдычна перастаў існаваць, а на вальным сойме Рэчы Паспалітай са 180 дэпутатаў толькі 46 былі з ВКЛ. Па-трэцяе, па ўмовах Люблінскай уніі польская шляхта атрымала права набываць землі ў ВКЛ, што стварала для вялікакняскай шляхты небяспечнага канкурэнта.

Усё гэта выклікала ў шырокага кола шляхты незалежніцкія памкненні. Яны праяўляліся ў рэзкім непрыняцці пераважнай большасцю шляхты, як буйной, так і дробнай, асобных палажэнняў уніі і наогул палітыкі каралёў Рэчы Паспалітай, рэзідэнцыяй якіх у другой палове XVI ст. быў Кракаў.Апазіцыйныя настроі і ўчынкі знаходзілі сваё праяўленне як у словах, так і ў справах пануючага саслоўя ВКЛ. У лісце аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага да трокскага кашталяна Астафія Валовіча, які быў напісаны ўсяго праз 5 гадоў пасля уніі, гаварылася: “Не дай бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь”. Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі Жыгімонта Аўгуста было выказана ў сатырычным творы “Прамова Мялешкі”, што датуецца 1589 г.: “Прэч Жыгімонта караля! Таго і да людзей няма чаго прылічаць, бо Падляшша і Валынь нашыя згубіў, ляхам патураючы”. Значную ролю ў барацьбе з польскай і каталіцкай экспансіяй адыгралі праваслаўныя брацтвы. Гэта рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва, якія ўзнікалі ў адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. Напрамкамі іх дзейнасці з’яўляліся: пашырэнне асветы, кнігадрукаванне (з-пад варштатаў – друкарскіх станкоў – брацкіх друкарняў выйшла ў свет 127 выданняў), прапаганда беларускай мовы. Найбольш актыўную работу ў дадзеным накірунку праводзіла Віленскае брацтва (1592 г.).

Антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі ліцвінскіх палітыкаў. Насуперак Люблінскай уніі на працягу 70-80-гг. XVI ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай 1574-1576 гг. на сойме ў Вільні разглядалася пытанне аб выбары караля. У 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для Вялікага княства – Галоўны трыбунал. Але самым важкім здабыткам у барацьбе за дзяржаўную самастойнасць нашай дзяржавы было прыняцце Статута ВКЛ 1588 г. Тут скасоўваліся многія пастановы Люблінскай уніі. Так, палякам як чужынцам было забаронена набываць землі і атрымоўваць пасады ў ВКЛ. Гэты закон не быў парушаны нават падчас барацьбы паміж каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587-1632 гг.) і канцлерам ВКЛ Л.Сапегам за пасаду віленскага біскупа. Справа ў тым, што Жыгімонт ІІІ прызначыў на гэтую пасаду паляка Бернарда Мацяеўскага, а канцлер да каралеўскага ўказа не прыціснуў вялікакняжацкую пячатку. У рэшце ў 1600 гг. пасада была аддадзена ліцвіну Бенядзікту Войне.

Пасля такіх выступленняў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай вымушаны былі ісці на ўступкі. З 1655 г. польскім воінскім часцям было забаронена без дазволу перасякаць мяжу ВКЛ, а з 1673 г. кожны трэці Сойм пачаў збірацца ў Гародні. У 1696 г. шляхта ВКЛ поўнасцю ўраўноўвалася з польскай у адносінах узмацнення кантроля над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Як бачна, інкарпараваць ВКЛ у склад Польшчы не ўдалося. Княства заставалася паўнапраўнай адзінкай федэрацыі.

Разам з тым у межах Рэчы Паспалітай паступова адбываліся працэсы паланізацыі ліцвінскай шляхты. Праз далучэнне да “залатых вольнасцей” фарміравалася своеасаблівая супольнасць – “народ шляхецкі” (у процівагу бяспраўнаму “люду простаму”). Шляхта Рэчы Паспалітай аб’ядноўвалася адзінымі правамі і прывілеямі, у значнай ступені адзінай рэлігіяй (каталіцкай), а таксама польскай мовай. У 1696 г. пастановай сойма ўсё афіцыйнае справаводства ў дзяржаве было пераведзена на польскую мову. Між тым, поўнага этнічнага атаясамлення беларуска-літоўскай шляхты з польскай ніколі не існавала. Ліцвінская самасвядомасць ва ўсе часы прысутнічала ў шляхецкім асяроддзі. Апалячаныя ліцвіны і палякі – гэта не тое самае.

3. Вайна Рэчы Паспалітай і Швецыі 1600-1629 гг. Повадам да вайны стала дэтранізацыя ў 1599 г. Жыгімонта Вазы са шведскага прастолу. Шведскі сейм абвясціў каралём герцага Карла (з 1599 г. – Карл ІХ).

На пачатку вайны шведы даволі хутка замацаваліся ў Эстоніі і падышлі да Рыгі. Толькі пад Кірхгольмам у 1605 г. гетманы К.Радзівіл і Я.Хадкевіч атрымалі перамогу. Гэта выратавала Рыгу, аднак шведы ў Прыбалтыцы засталіся. У 1609 г. войскі Рэчы Паспалітай нанеслі яшчэ адзін удар па шведах пад Рыгай і занялі Пярну. Ваенныя дзеянні на 8 год прыпыніліся. Аднак ужо ў 1621 г. сын Карла ІХ Густаў ІІ Адольф, узмацніўшы армію, захапіў большую частку Лівоніі і Рыгу. Жыгімонт ІІІ Ваза вымушаны быў у 1629 г. у Альтмарку падпісаць мір. У выніку Рэч Паспалітая страціла Эстонію і Рыгу, захаваўшы за сабой толькі землі Курляндыі і Латгаліі.

Інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай у Маскву 1604-1618 гг. Упачатку XVII ст. дзяржаўныя колы Рэчы Паспалітай вырашылі скарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскім княстве. Справа ў тым, што ў 1591 г. пры загадкавых абставінах памёр васьмігадовы сын Івана Грознага, спадкаемца прастола царэвіч Дзмітрый. Новы рускі цар Барыс Гадуноў прыйшоўся недаспадобы простаму народу. У выніку пачалі распаўсюджвацца чуткі, быццам царэвіч Дзмітрый выратаваўся. Адпаведна знайшоўся і самазванец, які заявіў аб сваіх прэтэнзіях на царскі прастол. У ролі Ілжэдзмітрыя выступіў Грыгорый Атрэп’еў, беглы манах, які перабраўся ў Рэч Паспалітую. Менавіта праз яго кароль Жыгімонт ІІІ Ваза хацеў авалодаць Масквой.

Паход Ілжэдзмітрыя І на Маскву адбыўся ў 1604 г. Войска самазванца пастаянна папаўнялася простым рускім людам. Пасля смерці Барыса Гадунова на бок Ілжэдзмітрыя пачалі пераходзіць дваране, што адкрыла яму шлях да Масквы. Летам 1605 г. самазванец атрымаў тытул цара усяе Русі. Але праз год маскоўскае баярства за супрацоўніцтва з палякамі звергла яго з прастола і царом быў абвешчаны Васіль Шуйскі.

У 1607 г. у Маскоўскую дзяржаву Жыгімонтам Вазам быў арганізаваны паход Ілжэдзмітрыя ІІ. Ён замацаваўся ў вёсцы Тушына пад Масквой, за што атрымаў мянушку “тушынскі злодзей”. Толькі вясной 1609 г. войска Васіля Шуйскага разам з народнымі апалчэнцамі нанесла паражэнне тушынцам.

Пасля двух няўдалых спроб у верасні 1609 г. Жыгімонт ІІІ Ваза распачаў адкрытую інтэрвенцыю супраць Расіі. Ён сам узначаліў армію і захапіў Смаленск. У ліпені 1610 г. у Маскве пачаўся арганізаваны палякамі мяцеж. Мяцежнікі захапілі цара В.Шуйскага і пад націскам польскіх войск маскоўскае баярства дало згоду на прызнанне сына Жыгімонта Вазы Уладзіслава царом.

Два гады сталіца Рускай была ў руках польска-ліцвінскіх войск. Аднак, у 1612 г. народнае апалчэнне на чале з Кузьмой Мініным і князем Дзмітрыем Пажарскім прымусіла воскі Рэчы Паспалітай пакінуць дзяржаву. Новым рускім царом у 1613 г. стаў Міхаіл Раманаў.

У 1617 г. Жыгімонт ІІІ зрабіў яшчэ адну спробу авалодаць Масквой, але безвынікова. У снежні 1618 г. быў заключаны Дэўлінскі мір, паводле якого да Рэчы Папалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.

Смаленская вайна 1632-1634гг. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ Вазы Расія зрабіла спробу вярнуць сабе Смаленск. Час быў выбраны адмыслова – шляхта Рэчы Паспалітай абірала новага караля. Спачатку канфлікт ішоў па маскоўскаму сцэнарыю. Рускія войскі даволі лёгка авалодалі памежнымі тэрыторыямі, а Смаленск трапіў у аблогу. З лістапада 1632 г. па верасень 1633 г. нешматлікі смаленскі гарнізон на чале з А.Гансеўскім адбіваў напады і цярпеў нястачы. Урэшце на падмогу да яго прыйшло войска Рэчы Паспалітай на чале з новым каралём, сынам Жыгімонта Вазы Уладзіславам IV (1632-1648 гг.). Маскоўскае войска трапіла ў акружэнне і вымушана было капітуляваць. Вясной 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі дагавор (у в. Белая), які пакідаў межы некранутымі. Разам з тым Уладзіслаў адмовіўся ад прэтэнзій на маскоўскі прастол, а Міхаіл Раманаў атрымаў права ўключыць у свой тытул дадатак “усяе Русі”.

Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. на Беларусі. У сярэдзіне XVII ст. у Рэчы Паспалітай былі вельмі напружанымі адносіны з Рускай дзяржавай, Турцыяй і Швецыяй. Неспакойна было і ўнутры краіны. Увядзенне фальваркава-паншчыннай сістэмы ўзмацніла эксплуатацыю прыгонных сялян. Гэта прымушала іх шукаць лепшыя ўмовы жыцця. Беларускія сяляне пачалі шукаць вольніцу на Украіне – у Запарожскай Сечы. “Паказачванне” сялян стала масавай з’явай першай паловы XVII ст. Дадатковае напружанне ў адносіны паміж шляхтай і сялянамі ўносіла іх палярызацыя па этнічных прыкметах – мове і веравызнанню. Усё гэта прывяло да антыфеадальнай вайны, якая разгарнулася ў сувязі з паўстаннем пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага на Украіне.

Б.Хмяльніцкі, імкнучыся стварыць незалежную казацкую дзяржаву, меў намер уключыць паўднёвыя беларускія землі ў яе склад. Ужо вясной 1648 г. на Беларусь былі накіраваны казацкія атрады (загоны) Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Галавацкага. Да восені 1648 г. у руках паўстанцаў апынуліся гарады Тураў, Пінск, Мазыр, Брагін, Бабруйск, Лоеў. Антыказацкую кампанію па загаду караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.) узначаліў гетман ВКЛ Я.Радзівіл. Маючы 10-тысячнае войска ён авалодаў паўднёвабеларускімі гарадамі. У адказ на гэта украінскі гетман накіраваў на Беларусь новыя загоны пад кіраўніцтвам Галоты, Пабадайлы і Крычэўскага. Рашаючая бітва адбылася 31 ліпеня 1649 г. пад Лоевам. Казацкія атрады былі разбіты. У 1651 г. паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Белацаркоўскі мірны дагавор, паводле якога з Беларусі выведзены ўсе казацкія атрады. Вайна завяршылася паражэннем сялян і гарадскіх нізоў. Акрамя крыві, ні паўстанцам, ні дзяржаве яна нічога не прынесла.

Вайна Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.Повадам да гэтай вайны стала дамоўленасць Украіныз Расіяй 1654 г. – Пераяслаўская рада – адпаведна якой Украіна пераходзіла ў падданства да Расіі з захаваннем пэўнай аўтаноміі. Пасля гэтага кроку стала зразумелым, што канфлікту паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай не пазбегнуць. Рускі цар Аляксей Міхайлавіч Цішайшы распачаў вайну ў маі 1654 г. Рускія войскі дзейнічалі на смаленскім напрамку, а казакі аказвалі ім дапамогу на поўдні Беларусі. Ужо ў ліпені 1654 г. Полацк, Віцебск, Магілёў і Смаленск апынуліся “пад царскай рукой”. Поспех кампаніі 1654 г. тлумачыўся тым, што маскоўскі цар правёў добрую агітацыю сярод праваслаўнага насельніцтва, гарантаваў шляхце і каталіцкаму духавенству захаванне ўсіх зямель і прывілеяў, абяцаў купцам вольны гандаль з рускімі гарадамі і пацверджанне правоў. Што датычыцца сялянства і гарадскіх нізоў, то яны з пераходам у рускае падданства разлічвалі атрымаць палёгку ў павіннасцях і спакой у дзяржаве. Спробы наступлення войск Рэчы Паспалітай на Беларусі і Украіне ў 1654 – 1655 гг. не ўдаліся. Амаль уся Беларусь была занята рускімі вайскамі. У 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч заняў Вільню і абвясціў сябе князем літоўскім. Знешнепалітычны крызіс Рэчы Паспалітай выкарыстаў шведскі кароль Карл Х Густаў. Ужо летам 1655 г. шведскія войскі занялі Браслаў, Друю, Іказнь. Пачалася І Паўночная вайна. У такой сітуацыі гетман ВКЛ Я.Радзівіл вырашыў разарваць саюз з Польшчай і папісаць Кейданаўскую унію са Швецыяй (кастрычнік 1655 г.). Княству такі саюз мог забяспечыць перамогу над Масквой.

Аляксей Міхайлавіч у адказ у кастрычніку 1656 г. заключыў Віленскае перамір’е з Янам Казімірам Вазам, каб падрыхтавацца да вайны са Швецыяй. Частка магнатаў выступіла супраць саюза са шведамі. Так, Павел Сапега абкружыў замак Я.Радзівіла, і той неўзабаве памёр. У выніку шведы доўга не ўтрымаліся ў ВКЛ і пакінулі межы дзяржавы. Саюз з Польшчай аднавіўся і ў 1660г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай быў падпісаныАліўскімір. Ніякіх тэрытарыяльных змен не адбылося.

Тым часам маскоўскія войскі па-ранейшаму займалі тэрыторыю ВКЛ. Яны праводзілі грабежніцкую палітыку ў адносінах да мясцовага насельніцтва, таму не дзіва, што масава назіраліся выпадкі, калі сяляне толькі што прысягнуўшыя на вернасць маскоўскаму цару, стваралі атрады для самаабароны. Іх удзельнікі называліся шышамі. Сялянскія атрады рабілі напады на рускія гарнізоны, затрымлівалі ганцоў, якіх ваяводы накіроўвалі з данясеннямі да цара. У змаганні з маскоўскім войскам асабліва вызначыліся сялянскія фарміраванні, якія падначальваліся Дзянісу Мурашку. Акрамя сялян, “здрадніцтва” ахапіла духавенства, шляхту, мяшчан. Яны таксама стваралі ўзброеныя атрады і выступалі супраць царскай адміністрацыі.

Пасля смерці Б.Хмяльніцкага новы ўкраінскі гетман І.Выгоўскі ў 1658 г. падпісаў Гадзяцкі дагавор з Рэччу Паспалітай і распачаў ваенныя дзеянні супраць Масквы. Гэта прадвызначыла поспех польска-ліцвінскіх войскаў у першай палове 1660-х гадоў. У 1660 г. яны перамаглі ваяводу І.Хаванскага пад Ляхавічамі, а Ю.Даўгарукага на Басі. У 1661 г. войска Рэчы Паспалітай нанесла Маскве паражэнне пад Кушлікамі і адваявала Вільню.У 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй, па яму Расія далучыла да сябе Смаленскае ваяводства і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Дагавор прадугледжваў сумесныя дзеянні Расіі і Рэчы Паспалітай у сувязі з узмацненнем пагрозы татара-турэцкага нашэсця. У 1686 г. дэлегацыя Рэчы Паспалітай у Маскве падпісала “Вечны мір”.

ІІ Паўночная вайна 1700-1721 гг. на Беларусі.У канцы XVII ст. кароль Рэчы Паспалітай (па сумяшчальніцтву саксонскі курфюрст) Аўгуст ІІ Моцны (1697-1704 гг., 1710-1733 гг.) далучыўся да Паўночнага саюза краін (Расія, Данія, Саксонія), якія выступілі супраць Швецыі. Аўгуст Моцны быў зацікаўлены далучыць да Рэчы Паспалітай тэрыторыю Ліфляндыі і Эстляндыі.

Першымі ваенныя дзеянні пачалі Саксонія і Данія. У лютым 1700 г. саксонскі корпус уварваўся ў Лівонію і пачалі аблогу Рыгі. У сакавіку гэтага ж года дацкія войскі разгарнулі наступленне на тэрыторыі Гальштыніі, саюзніка Швецыі. У значнай ступені ўдзельнікі антышведскай кааліцыі спадзяваліся скарыстаць фактар раптоўнасці.

Аднак разлікі саюзнікаў не апраўдаліся. Ужо летам 1700 г. пасля высадкі шведскага дэсанта пад Капенгагенам дацкі кароль падпісаў капітуляцыю. У лістападзе 1700 г. пад Нарвай шведы разграмілі расійскую армію, якой кіраваў Пётр І. Пасля гэтага Карл ХІІ выступіў супраць Аўгуста ІІ і ў бітве каля Рыгі 20 ліпеня 1701 г. разграміў яго. У канцы 1701 г. шведы ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у маі 1702 г. занялі Варшаву. Аўгуст ІІ запрасіў міра, аднак Карл ХІІ нават адмовіўся яго прыняць. Ён меркаваў зрабіць каралём Рэчы Паспалітай свайго прыхільніка Станіслава Ляшчынскага.

Пакуль Карл ХІІ займаўся “польскімі справамі”, Пётр І аднавіў сваю армію, захапіў Нарву, Дэрпт, Нотэбург. У 1703 г. у падтрымку Расіі шляхта ВКЛ стварыла Віленскую канфедэрацыю, а ў 1704 г. частка польскай шляхты аб’ядналася ў Сандамірскую канфедэрацыю. Другая частка польскай шляхты ў 1704 г. у падтрымку Швецыі арганізавала Варшаўскую канфедэрацыю. Яе прыхільнікі ў красавіку 1704 г. пазбавілі Аўгуста ІІ кароны. Пад націскам шведаў новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны С.Ляшчынскі (1704-1710 гг.).

У кастрычніку 1704 г. Пётр І вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб аказаць дапамогу Аўгусту ІІ. Руская армія рухалася да Гародні, каб там аб’яднацца з саксонцамі. Аднак, гэтага не адбылося, бо саксонскія войскі былі разбіты Карлам ХІІ яшчэ на подступах да горада. У 1706 г. рускія войскі сталі адступаць на поўдзень да Кіева. Карл ХІІ, нягледзячы на фарсіраваны марш не змог дагнаць рускую армію.

Не здолеўшы знішчыць рускую армію, шведскі кароль зноў стаў займацца “польскімі справамі”. У 1706 г. ён прымусіў Аўгуста ІІ падпісаць Альтранштацкі мір. Паводле гэтага міру Аўгуст ІІ афіцыйна адмаўляўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць С.Ляшчынскага і разрываў саюз з Расіяй.

У 1708 г. на тэрыторыі Беларусі зноў разгарнуліся актыўныя баявыя дзеянні. 14 ліпеня 1708 г. каля Галоўчына на Магілёўшчыне адбылася бітва, у якой шведы атрымалі апошнюю значную перамогу ў вайне з Расіяй. У верасні 1708 г. шведская армія выйшла да межаў Расіі, аднак для паспяховага наступлення ў Карла ХІІ не хапала сіл. Шведскі кароль заручыўся падтрымкай украінскага гетмана І.Мазепы і павярнуў на Украіну.

На дапамогу Карлу ХІІ з Прыбалтыкі выступіў 16-тысячны корпусЛевенгаўпта з абозам зброі і харчу. Расійскае камандаванне вырашыла нанесці галоўны ўдар па гэтаму атраду, каб не дапусціць яго злучэння з асноўнымі сіламі шведаў. Рускі корпус узначальваў непасрэдна Пётр І. Бітва адбылася 9 кастрычніка 1708 г. каля вёскі Лясная. Левенгаўпт пацярпеў паражэнне, страціў абоз і артылерыю. Перамогай рускіх войск завяршылася і генеральная бітва ІІ Паўночнай вайны пад Палтавай (27 чэрвеня 1709 г.). Станілаў Ляшчынскі ўцёк у Памеранію, а Аўгуст ІІ абвясціў Альтранштацкі мір несапраўдным, аднавіў саюз з Расіяй і ў 1710 г. вярнуў сабе карону.

Другая Паўночная вайна закончылася ў 1721 г. перамогай кааліцыі. У адпаведнасці з мірным дагаворам паміж Швецыяй і Расіяй да апошняй далучыліся землі Латгаліі, Эстоніі і Курляндыі. Беларусь жа ў выніку вайны страціла 700 тысяч жыхароў, а многія паветы былі спустошаны.

4.У паслялюблінскі перыяд палітыка-дзяржаўнае развіццё Рэчы Паспалітай зведала эвалюцыю. Калі аб’ядноўвалася, па сутнасці, магнацкае Вялікае княства са шляхецкай Каронай, то ў выніку аб’яднання не Вялікае княства Літоўскае ўслед за Польшчай стала шляхецкім (хаця спачатку гэта назіралася), а Польшча і ўся Рэч Паспалітая эвалюцыяніравалі ад рэспублікі шляхецкай да магнацкай. Магнаты пачалі адыгрываць першую ролю ў кіраванні дзяржавай. Сойм станавіўся не месцам вялікай палітыкі шляхты, а месцам вядзення спрэчак паміж родавымі кланамі, у руках якіх зброяй станавілася магнацкая кліентэла. Кліентам уплывовы магнат называў прыслужлівага шляхціца, што жыў з яго ласкі і выконваў яго волю. Чым больш было прыхільнікаў у пэўнага магната, тым большым быў яго палітычны ўплыў. Так, пасля таго, як у 1652 г. пасол Упіцкага павета В.Сіцынскі на вальным сойме па жаданню Я.Радзівіла выкарыстаў ліберум вета, соймы пачалі масава зрывацца. Пастановы сойма (канстытуцыі), “дзякуючы” намаганням магнатэрыі не мелі сілу, а гэта ў сваю чаргу паралізоўвала грамадскае жыццё краіны.

Магнацкія групоўкі пастаянна вялі барацьбу за ўладу, пры гэтым ніводная з іх не магла дамагчыся перамогі. Сіл хапала толькі на тое, каб не дапусціць да ўлады праціўнікаў. Так, у 60-х – пачатку 70-х гг. XVIІ ст. разгарэлася барацьба паміж Радзівіламі, з аднаго боку, Сапегамі і Пацамі – з другога. Але ўжо ў другой палове 70-х гг. – пачатку 80-х гг. XVIІ ст. Пацы ўжо канфліктавалі з Сапегамі і Агінскімі. У другой палове 80-х гг. XVIІ ст. Сапегі ўмацавалі сваё становішча ў ВКЛ, і супраць іх выступілі Агінскія і Вішнявецкія. Гэтае супрацьстаянне перарасло ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Замест таго, каб клапаціцца аб дзяржаве, магнаты збіралі шматтысячныя войскі і зводзілі свае рахункі на полі бітвы. Рабаваліся вёскі, разбураліся гарады. У 1700 г. на Віленшчыне каля Алькенікаў адбылася вялікая бітва паміж варожымі групоўкамі, падчас якой Сапегі пацярпелі паражэнне. Бойкі за першынства паміж магнатамі працягваліся і на працягу XVIІІ ст.

Свавольствы магнатаў, няздольнасць цэнтральных органаў улады знітаваць дзяржаву дапаўняліся нявырашаным рэлігійным пытаннем у Рэчы Паспалітай. У краіне назіраўся ўціск ўсіх некатолікаў (дысідэнтаў), а ў першую чаргу – праваслаўных (схізматыкаў). Так, калі каралі Уладзіслаў Ваза і Ян Казімір больш схіляліся да саступак праваслаўным, то Міхаіл Вішнявецкі (1669-1673 гг.) і асабліва Ян Сабескі (1674-1696 гг.) адкрыта праяўлялі да “схізматыкаў” сваю непрыхільнасць. У часы іх праўлення адступніцтва ад каталіцтва і уніі было абвешчана крымінальным злачынствам і каралася выгнаннем з дзяржавы. Праваслаўнаму духавенству было забаронена выязжаць за мяжу без папярэдняга ўрадавага дазволу. У 1732 г. некатолікам забаранялася збірацца на з’езды, займаць пасады ў ваяводствах, гарадах і землях Рэчы Паспалітай.

Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай быў таксама прадвызначаны знешнепалітычнымі абставінамі, звязанымі з баявымі дзеяннямі ў гады другой Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая стала “заезным дваром і карчмой” для іншаземных войскаў. Такое становішча дазваляла суседнім дзяржавам умешвацца ва ўнутраныя справы нашай краіны.

Такім чынам, грамадска-палітычны лад Рэчы Паспалітай можна ахарактарызаваць як “бязладдзе”. Дзяржава XVIII ст. паўставала ўжо не федэрацыяй «абодвух народаў», а канфедэрацыяй асобных паветаў, дзе пастановы цэнтральных органаў маглі не прымацца, калі яны супярэчылі выпрацаванаму на мясцовым сойміку рашэнню.

Безумоўна, з боку манархаў рабіліся спробы па цэнтралізацыі ўлады ў краіне. Першым з каралей Рэчы Паспалітай, які хацеў пазбавіць шляхту “залатых вольнасцей” і ў першую чаргу абмежаваць “ліберум вета”, быў Аўгуст ІІ Моцны. Кароль увёў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскія войскі. Аднак гэта выклікала моцнае супраціўленне шляхты, якая не хацела губляць свае правы. Супраць Аўгуста ІІ пачалося паўстанне. Кароль вымушаны быў прасіць дапамогі ў свайго саюзніка Пятра І.

Расійскі бок прапанаваў прымірыць шляхту і караля на сойме. У 1717г. адбыўся “нямы” сойм, які доўжыўся толькі 6 гадзін. Тут князь Даўгарукі ад імя Расіі абвясціў патрабаванні: саксонская армія пакідала Рэч Паспалітую, магнатам забаранялася ствараць ваенныя саюзы, скарачалася колькасць войска Рэчы Паспалітай (для Польшчы – 24 тысячы, для ВКЛ – 6 тысяч).

У 1719г. Аўстрыя і Прусія падрыхтавалі план падзелу Рэчы Паспалітай і звярнуліся з ім да Расіі. Але Пётр І не падтрымаў дадзены план, дамовіўшыся з еўрапейскімі краінамі аб сумеснай “ахове парадку” (дакладней сказаць – анархіі) у Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, Рэч Паспалітая фактычна губляла сваю самастойнасць, паколькі моцныя замежныя дзяржавы маглі ў любы час умешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

Пасля смерці Аўгуста ІІ Моцнага (1733 г.) у Рэчы Паспалітай разгарнулася жорсткая барацьба за ўладу паміж магнацкімі групоўкамі. У хуткім часе яна выйшла за межы краіны і вылілася ў так званую вайну за “польскую спадчыну” 1733-1735 гг. паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй – з другога. Каралём на сойме ў Варшаве быў абраны прыхільнік саюза з Францыяй С.Ляшчынскі. Гэта не задаволіла Расію і Аўстрыю і яны пад выглядам “абаронцаў польскіх свабод” увялі свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У выніку каралём быў абвешчаны прыхільнік саюза з Расіяй, сын Аўгуста ІІ Моцнага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Пры Аўгусце ІІІ Рэч Паспалітая ўмяшалася ў “Сямігадовую вайну” (1756-1763 гг.).

У 1763 г. пасля смерці Аўгуста ІІІ за ўладу ў дзяржаве зноў распачалася барацьба паміж магнацкімі групоўкамі. Першую з іх складалі Браніцкія, Радзівілы і Патоцкія (прыхільнікі Паўднёвага саюза з Францыяй, Іспаніяй, Аўстрыяй), а другую – Чартарыйскія і Масальскія (прыхільнікі Паўночнага Саюза з Англіяй, Прусіяй і Расіяй). У 1764 г. Чартарыйскія звярнуліся за дапамогай да Расіі. Расія і Прусія падкупіўшы дэпутатаў сойма, садзейнічалі выбранню каралём Станіслава Панятоўскага (1764-1795 гг.).

У 1764-1766 гг. Станіслаў Панятоўскі пачаў рэформы, накіраваныя на ўмацаванне цэнтральнай ўлады ў Рэчы Паспалітай. У эканамічнай сферы праводзіліся рэформы Тызенгаўза, дзякуючы якім на паўночным захадзе Беларусі з’явілася даволі значнай колькасць мануфактур, прыбытак з якіх накіроўваўся ў дзяржаўны скарб. У 1773-1775 гг. была арганізавана “Адукацыйная камісія” дзейнасць якой стала пачаткам рэформы ў галіне асветы. Ажыццяўляліся некаторыя змены ў палітычнай сістэме. Так, сойм 1764 г. увёў абмежаванне на выкарыстанне права ліберум вета. Эканамічныя пытанні сталі вырашацца простай большасцю галасоў. Гэта былі першыя памкненні рэфарматараў, якія сведчаць аб тым, што Рэч Паспалітая магла пазбегнуць падзелаў яе суседнімі дзяржавамі.

Але Расіі, Аўстрыі і Прусіі моцная Рэч Паспалітая была не патрэбна. Гэтыя дзяржавы сталі шукаць “зачэпкі”, каб і далей умешвацца ва ўнутрыпалітычныя справы нашай краіны. Кароль Прусіі пачаў “клапаціцца” аб абароне правоў пратэстантаў ў Рэчы Паспалітай, а Расія аб роўнасці праваслаўных з католікамі. У 1767 г. пад эгідай Расіі і Прусіі былі створаны Слуцкая праваслаўная і Торуньская пратэстанцкая канфедэрацыі. У выніку Сойм 1768 г. задаволіў памкненні “дысідэнтаў”. Але міру гэта не прынесла. Цяпер узбунтавалі католікі. У 1768 г. у Бары ўтварылася каталіцкая канфедэрацыя, якая выступала супраць Расіі. Аднак супрацьстаяць царскаму войску канфедэраты не змаглі. Да 1771 г. барцы былі разбіты. Пасля гэтых падзей у 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.

Расія заняла паўночна-ўсходнюю Беларусь з Полацкам, Віцебскам, Мсціславам і частку Інфлянтаў. Прусія атрымала тэрыторыю з гарадамі Холмам, Мальбаркам, Вармію. Аўстрыя набыла польска-ўкраінскія землі на поўдзень ад верхняй Віслы, Падолію, частку Валыні. Для прыдання законнасці сваім дзянням пад пагрозай сілы тры дзяржавы запатрабавалі склікання надзвычайнага сойма, які павінен быў ухваліць падзел. 29 верасня 1773 г. дэлегаты падпісалі трактаты, тым самым адмовіўшыся ад насільна адабраных земляў. 30 верасня 1773 г. іх зацвердзіў кароль.

Пасля першага падзелу С.Панятоўскі звярнуўся да некаторых манархаў Еўропы з просьбай аб гарантыях незалежнасці той часткі Рэчы Паспалітай, якая яшчэ заставалася пад яго ўладай. Аднак, Англія і Францыя адмовіліся ад разгляду дадзенага пытання. З гэтай прычыны ўлады Рэчы Паспалітай дзеля вырашэння сваіх унутраных праблем па-ранейшаму звярталіся за дапамогай да Расіі. Пасол Расіі ў Варшаве Штакельберг быў самай важнай фігурай.

У 1787 г. Францыя падштурхнула Турцыю да вайны з Расіяй. Апошняя была вымушана вывесці з Рэчы Паспалітай частку войскаў на ўсход. Гэтым неадкладна скарысталася Прусія, якая жадала перахапіць ініцыятыву ў справах Рэчы Паспалітай. У 1790 г. С.Панятоўскі абвясціў аб саюзе з Прусіяй, абедзве дзяржавы абавязваліся весці, калі спатрэбіцца, сумесныя баявыя дзеянні.

Абвастрэнне расійска-прускіх адносін дазволіла кіруючым колам Рэчы Паспалітай пачаць рэформы. Чатырохгадовы сойм, які працаваў з 1788 г. прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791 г. Яна ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Польшчу і ВКЛ (цяпер гэта унітарная дзяржава!). Для агульнай дзяржавы ствараліся адзіныя ўрад, адміністрацыйны апарат, судовая сістэма, войска. Канстытуцыя забараняла выкарыстанне шляхтай права “ліберум вета”, рабіла каралеўскую ўладу спадчыннай. Як бачна, Канстытуцыя 3 мая закладвала аснову вывядзення Рэчы Паспалітай з палітычнага крызісу і ставіла яе на шлях буржуазнага развіцця.

Разам з тым ініцыятары прагрэсіўных рашэнняў перабольшылі свае сілы. Унутры краіны Канстытуцыя 1791 г. мела шмат праціўнікаў у магнацкім асяроддзі і сярод шляхты. Далёка не ўсе правамоцныя жыхары ВКЛ былі згодны з фактычным скасаваннем самастойнасці Княства. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай выклікала вострае незадавальненне Расіі.

У 1792 г. Расія ўвяла свае войскі ў Рэч Паспалітую. Праціўнікі рэформаў, якія абапіраліся на Расію аб’ядналіся ў Таргавіцкую канфедэрацыю. Войска Рэчы Паспалітай не змагло супрацьстаяць аб’яднаным сілам Расіі і таргавічан. У выніку рашэнні чатырохгадовага Сейма і Канстытуцыя 1791 г. былі ліквідаваны.

У 1793 г. пачаліся расійска-прускія перагаворы, у ходзе якіх быў абвешчаны другі падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Гданьск і Торунь разам з часткай Вялікапольшчы, да Расіі адышлі беларускія землі з гарадамі Менскам, Нясвіжам, Слуцкам, Пінскам, Мазыром. У верасні 1793 г. у Гродна па патрабаванні Прусіі і Расіі быў скліканы сойм, які павінны быў зацвердзіць другі падзел. Але дэпутаты, якія прыйшлі на пасяджэнне, адказалі поўным маўчаннем. Тады дэпутат Анковіч прамовіў: “Маўчанне – знак згоды”. Вось такім чынам быў “зацверджаны” дадзены дагавор. Другі падзел Рэчы Паспалітай паставіў яе на край гібелі. Гэта добра ўсведамлялі палітычныя сілы краіны.

Адзіным выхадам з дадзенага становішча магло стаць паўстанне. Роля яго кіраўніка выпала ўраджэнцу Беларусі Тадэвушу Касцюшку, які абвясціў 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве акт паўстання. Мэтамі паўстання з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і працяг рэформаў.

Кіраўніком паўстання ў ВКЛ стаў Якуб Ясінскі. Ім быў утвараны асобны ад Польшчы ўрад – “Найвышэйшая Літоўская рада”.

У ноч з 23 на 24 красавіка ў руках паўстанцаў аказалася Вільня, пасля чаго ўзброеная барацьба распаўсюдзіла па ўсёй Літве і Заходняй Беларусі.

Найбольш значныя перамогі паўстанцы атрымалі пад Рацлавіцамі (4 красавіка) і Варшавай (18 красавіка). Разам з узброенай барацьбой паўстанцы ўжывалі партызанска-дыверсійныя формы. 1 чэрвеня Я.Ясінскі аддаў загад аб стварэнні атрадаў, якія павінны былі распачаць партызанскія дзеянні ў тылу рускага войска. Найбольш буйнымі рэйдамі ўглыб тэрыторыі Беларусі былі паходы Міхала Клеафаса Агінскага на Дынабург і Стэфана Грабоўскага на Міншчыну. У выніку такіх дзеянняў царскае войска адступала.

Адным з галоўных пытанняў, ад вырашэння якога залежаў поспех паўстання, было стаўлення да яго сялянства. 7 мая 1794 г. Т.Касцюшка абвясціў “Паланецкі універсал”. Згодна з ім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, але без зямлі. Безумоўна, частка сялян у выніку падтрымала паўстанцаў. Гэта былі касінеры (сяляне, узброеныя косамі).

Разам з тым спробы распаўсюдзіць паўстанцкі рух на тэрыторыі, якія раней увайшлі ў склад Расіі, поспеху не мелі. Да таго ж к канцу лета атрады Касцюшкі ўжо не вытрымлівалі ўдараў царскіх войск Суворава. У верасні 1794 г. каля вёскі Крупчыцы пад Кобрынам пацярпелі паражэнне атрады К.Серакоўскага. Рашаючая бітва адбылася 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамі. 4 лістпада Сувораў авалодаў Прагай – прадмесцем Варшавы. Пры яе абароне загінуў Якуб Ясінскі. 6 лістапада капітулявала Варшава.

У кастрычніку 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Кракаў, Аўстрыя – Сандамір, Хелм і Люблін. Да Расіі адыходзілі Літва, Курляндыя, заходняя частка Беларусі. 25 лістапада 1795 г. С.Панятоўскі адрокся адпрастола. Так завяршылася больш чым 200-гадовая гісторыя Рэчы Паспалітай.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]