Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
81
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
743.94 Кб
Скачать

Глава 16 двукроп’е

§ 60. Правілы пастаноўкі двукроп’я

1. Двукроп’е ставіцца перад пералічэннем аднародных членаў, калі перад імі ёсць абагульняльнае слова (займеннік, прыслоўе, назоўнік) або словы напрыклад, а іменна.

Напрыклад:

Наогул яе [настаўніцу] любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі (І. Шамякін).

Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа (Я. Колас).

На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вулляў некалькі на пчолы... (Я. Колас).

На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, пераказы і інш.

2. У афіцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкіх тэкстах двукроп’е перад аднароднымі членамі ставіцца і тады, калі перад імі адсутнічае абагульняльнае слова.

Напрыклад:

Да заявы прыкладаюцца: ... .

На нарадзе прысутнічалі: ... .

Вучылішча рыхтуе: токараў, слесараў ... .

3. Двукроп’е ставіцца перад пералічэннем аднародных азначэнняў, якія выражаны прыметнікам або назоўнікам ці займеннікам і адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўніка.

Напрыклад:

Вялася звычайная размова знаёмых людзей у першыя хвіліны сустрэчы: пра надвор’е, пра здароўе, пра навіны.

4. Калі аднароднымі членамі з папярэднім абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад імі ставіцца двукроп’е, а пасля іх –– працяжнік.

Напрыклад:

Рыбацкая снасць: сетка, нераткі, вуды –– была адмысловая ў дзядзькі Марціна (Я. Колас).

Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкі з бульбай –– і ўвайшоў у хату (М. Зарэцкі).

5. Двукроп’е ставіцца перад аднароднымі членамі, якія тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэдніх слоў.

Напрыклад:

На скорым часе ранічкою Алесь у кепскім быў настроі: хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамі (Я. Колас).

Яна ўзялася за работу: набрала бярэмя дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ (К. Чорны).

6. Двукроп’е ставіцца паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі ў другой частцы раскрываецца змест ці ўказваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў папярэдняй частцы.

Напрыклад:

Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я. Колас).

Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П. Броўка).

Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я. Колас).

7. Двукроп’е можа ставіцца паміж трыма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, у якім кожная наступная частка ў адносінах да папярэдняй абазначае прычыну, выражае ўдакладняльна-тлумачальнае значэнне і інш.

Напрыклад:

Але справа тут не ў часе была: недаверлівыя залацінцы другое мелі ў  думках: каб не прыбраў часам гэты інструктар і сад, і агарод, і сенакос (Я. Колас).

Прашу: хоць раз задумайцеся, людзі: на што мы трацім лепшыя гады? (А. Бачыла).

8. Двукроп’е ставіцца паміж дзвюма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, першая з якіх заканчваецца дзеясловамі бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець і інш., пры дапамозе якіх указваецца, што далей будзе ісці паведамленне пра які-небудзь факт, падзею, з’яву і пад.

Напрыклад:

[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г. Далідовіч).

Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М. Лужанін).

Адным словам сказаць, усе бачылі: яна і прыгожая, і ўдалая (К. Чорны).

Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М. Танк).

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У. Караткевіч).

Праз вокны відаць: на ўсходзе разгараецца раніца (М. Лупсякоў).

9. Двукроп’е ставіцца пасля сказаў або слоў, якія ўводзяць у тэкст простую мову.

Напрыклад:

Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: «Не хадзі ты, Агатка, далёка» (Я. Колас).

Ціха шэпчуць за парканам дзеці: «Вунь новая настаўніца ідзе» (С. Грахоўскі).

Рая прапанавала: «Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данілу Платонавіча!» (І. Шамякін).