Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
81
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
743.94 Кб
Скачать

§ 53. Коска пры зваротку

1. Коскамі выдзяляюцца звароткі ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа разам са словамі, якія адносяцца да іх.

Напрыклад:

Сонца, умыйся расою на світальнай зары (А. Бялевіч).

Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!.. (Я. Купала).

Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім (М. Танк).

Дык уздымі свой голас-звон з глыбінь душы, пясняр свабоды (К. Буйло).

Відаць, па сурёзных справах да нас, Надзя? (М. Лынькоў).

2. Калізваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з іх выдзяляецца коскамі.

Напрыклад:

Ой ты, мая рыбка, спі, залатая!

3. Калі паміж звароткамі-паўторамі ёсць займеннік ты або вы, то ён адносіцца да першага зваротка і коска ставіцца пасля займенніка.

Напрыклад:

Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я. Купала).

§ 54. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях

1. Коскамі аддзяляюцца выклічнікі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі і знаходзяцца ў пачатку ці ў сярэдзіне сказа.

Напрыклад:

Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомніць?.. (П. Трус).

Мілая! О, колькі радасці даеш майму ты сэрцу маладому! (Я. Купала).

Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-міла? (Я. Колас).

Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Колас).

Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзі ты скрозь слёзы на свет... (Я. Купала).

2. Коскамі аддзяляюцца выклічнікі і гукаперайманні, калі яны знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа ці паўтараюцца.

Напрыклад:

Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я. Колас).

Шкада, ай, як шкада Іліко (Э. Самуйлёнак).

Колькі ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З. Бядуля).

Ну, ну, пашавельвайся, –– падганяў ён Алеся (К. Крапіва).

Толькі ў другой палавіне, дзе спяць гаспадыня і яе дачка-вучаніца, размашыста і глуха стукаюць ходзікі: як-так, як-так... (І. Шамякін).

3. Не аддзяляюцца коскамі выклічнікі перад асабовымі займеннікамі.

Напрыклад:

Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарні цеплынёю мяне... (П. Панчанка).

Эх ты, –– кажа яна, –– лепш вось дахаты ідзі, а то будзе табе ад маці (Я. Брыль).

4. Не з’яўляецца выклічнікам і не аддзяляецца коскай часціца о пры зваротку, адмоўі, сцвярджэнні, а таксама не аддзяляюцца коскай узмацняльныя часціцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклічнікамі.

Напрыклад:

Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькі складаю... (Я. Купала).

О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М. Лынькоў).

Міколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я. Брыль).

Я яшчэ ого які дужы! (І. Шамякін).

§ 55. Коска пры сцвярджальных, адмоўных і пытальных словах

1. Коскай аддзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш.

Напрыклад:

Так, трэба прыняць гэтыя заўвагі.

Не, не такою я хацеў сустрэць цябе, сястра! (Я. Скрыган).

Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).

Як, ты гэтага яшчэ не зрабіў?

Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.

Напрыклад:

Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я. Маўр).

2. Калі сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы паўтараюцца, то яны раздзяляюцца коскамі.

Напрыклад:

Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць (Я. Купала).

Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята (Ц. Гартны).

Не, не, –– адагнаў ад сябе змрочныя думкі Іван (Б. Сачанка).

Што, што ты сказаў?

3. Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў сярэдзіне сказа выдзяляюцца коскамі з двух бакоў.

Напрыклад:

Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц. Гартны).

Ты не паверыш, не, такой навальніцы ў нас не было ніколі!

4. У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля –– знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі.

Напрыклад:

Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (І. Мележ).

Я работы не баюся, не!