Добавил:
ivanov666
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз:
Предмет:
Файл:Скарбы сусветнай літаратуры для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Зборнік
.pdf
— Я прыму гэта пад увагу, — сказаў я. — Я сам упраўлюся. Я ўсё
зраблю сам. — I ўжо адыходзячы, я знянацку дадаў зусім неспадзявана: — Далоў шыпучку.
— Што? — перапытаў мяне Джордж.
Я не адказаў. Я пайшоў праз пляц, заліты гарачым сонцам,
а яны пацягнуліся за мной, трымаючыся воддаль — так, што пабачыў я іх ужо пасля, — пайшоў пад пільнымі позіркамі тых, хто стаяў каля магазінаў і каля суда і сачыў за кожным маім крокам здалёк, чакаючы. Я ішоў павольна, ахутаны шалёным водарам вербены. Цень ад дома лёг на мяне, але я не прыпыніўся, толькі кінуў
позірк на пацьмянелую шыльду: «Б.-Дж. Рэдманд, юрыст», і стаў
узыходзіць па лесвіцы, па драўляных прыступках, заплямленых
тытунёвымі пляўкамі, вытаптаных цяжкімі, нязграбнымі ботамі
сялян, якія прыходзілі сюды судзіцца; дайшоў па цёмным калідоры да надпісу «Б.-Дж. Рэдманд», стукнуў раз і адчыніў дзверы.
Ён сядзеў за пісьмовым сталом, рупліва паголены, з найбялейшым каўняром. Ён быў крыху вышэйшы за бацьку ды грузнейшы,
што сведчыла пра яго сядзячую прафесію; але тварам ён быў не
падобны на адваката: надта хударлявы для такога тоўстага тулава,
трывожны (нават трагічны — так, цяпер я гэта разумею), змораны і знясілены. Ён сядзеў, млява паклаўшы руку на пісталет (нікуды не нацэлены), які пляската ляжаў на стале. Акуратна
прыбраны цьмяны пакой не пах ні спіртным, ні нават тытунём,
хоць я ведаў, што ён курыць. Я не прыпыніўся, а павольна ішоў на
яго. Ад дзвярэй да стала было не болей як дзесяць крокаў; але здавалася, я іду, як у сне, дзе няма ні часу, ні адлегласці, ні прасторы,
і мае крокі так мала звязаны з пераадоленнем прасторы, як і яго
сядзенне за сталом. Абодва мы маўчалі. Нібыта ведалі наперад
усё, што можна сказаць, і ведалі: ніякай карысці ад размоў не будзе. Як ён скажа: «Ідзі, Баярд, ідзі адсюль, хлопча», — а потым:
«Даставай жа пісталет. Я чакаю», — і ўсё застанецца такім, калі б
нават гэтых слоў і не было. I мы маўчалі, я напрасткі ішоў да стала, на ўзняты пісталет, глядзеў, як рухаецца ўверх ягоная рука, як
укарочваецца ў ракурсе ствол пісталета, і бачыў, што куля пройдзе міма, хоць рука ў яго і не трымцела. Я ішоў на яго, на руку з
пісталетам, і не пачуў кулі. Магчыма, я нават не пачуў стрэлу, хоць
памятаю, як знянацку расцвіла дымная аранжавая ўспышка на
фоне белай кашулі (як памятаю яе на фоне бруднага шыняля
Грамбі); я па-ранейшаму глядзеў у рулю пісталета, ведаў, што яна
на мяне нацэлена; другі раз убачыў аранжавы выбух і дым і зноў
не пачуў кулі. Я прыпыніўся. На гэтым усё скончылася. Я глядзеў,
як пісталет нахіляецца да стала кароткімі штуршкамі, як расціскаюцца
381

пальцы, як Рэдманд адкінуўся назад, паклаўшы на стол рукі, і па
ягоным твары я зразумеў, як яму цяжка, — я ж ведаў ужо, што
значыць, калі няма чым дыхаць. Ён падняўся, сутаргавым жэстам
адкінуў убок крэсла, дзіўнавата і скоса нахіліў галаву, потым,
выцягнуўшы адну руку перад сабой, як сляпы, а другой цяжка абапіраючыся аб стол, павярнуўся і, усё яшчэ з нахіленай галавой,
накіраваўся да вешалкі каля сцяны, узяў брыль, пайшоў уздоўж
сцяны, міма мяне, да дзвярэй і выйшаў прэч. Ён быў смелы: гэтага ў
яго не аднімеш. Ён спусціўся па лесвіцы, надзеў брыль, выйшаў на
вуліцу, дзе чакалі Джордж Уайэт і астатнія шасцёра бацькавых аднапалчан і куды ўжо пазбягаліся іншыя людзі. Ён прайшоў сярод іх з
высока ўзнятай галавой (мне пасля ўжо казалі, што нехта крыкнуў
яму наўздагон у спіну: «Дык вы і хлопчыка забілі?»), моўчкі, гледзячы прама перад сабой, дайшоў да вакзала, як быў, без анічога,
сеў у адыходзячы на Поўдзень цягнік і паехаў, знік з горада і штата.
Пачуўся тупат мноства ног — па лесвіцы, на калідоры, у пакоі.
Але я яшчэ некаторы час (не так ужо і доўга, зразумела) працягваў сядзець за сталом, як калісьці ён, паклаўшы на ўсё яшчэ
цёплы ствол далонь, якая паволі здранцвела паміж пісталетам і
лбом. Калі я ўзняў галаву, пакой быў перапоўнены людзьмі.
— Каб яго чорт узяў! — ускрыкнуў Джордж Уайэт. — Ты адняў у
яго пісталет і прамахнуўся два разы запар? — I адказаў сам сабе: яму
падказаў інстынкт Друзілы, у Джорджа яшчэ болей абвостраны: — Не,
пачакай. Ты ўвайшоў — нават без сцізорыка — і дазволіў яму двойчы
стрэліць, і ён прамахнуўся. Божухна літас цівы!
Ён павярнуўся і крыкнуў:
— Выходзьце адгэтуль усе. Ты, Вайт, едзь да Сарторысаў і
скажы ім, што ўсё ўжо скончылася і ён жывы-здаровы. Ну, хутчэй!
Усе пайшлі, застаўся толькі Джордж, які не зводзіў з мяне свайго
бясколернага, раздумлівага (аднак зусім не разважлівага) погляду.
— Вось гэта нумар ты выкінуў! — сказаў ён. — Выпіць хочаш?
— Не, — адказаў я. — Хачу есці. Я не снедаў.
— Разумею. Калі такое задумаў, хіба якое снеданне ў рот палезе? Уставай. Пойдзем у гатэль.
— Не, — сказаў я. — Туды не хачу.
— Чаму? Саромецца табе няма чаго. На тваім месцы я зрабіў
бы інакш. Хоць раз, ды стрэліў бы па ім. Але гэта твой клопат.
— Так, — сказаў я. — Я зноў бы зрабіў тое самае.
— Як сабе хочаш. Тады пойдзем да мяне. Перакусім, а потым
паедзем і якраз паспеем на пахаванне.
Але я і на гэта не пагадзіўся.
— Не, — сказаў я. — Бадай, я і есці не хачу. Паеду дадому.
— А можа, усё-такі пачакаеш, разам паедзем?
382

— Не. Я паеду.
— Як хочаш; аднак тут табе заставацца няма чаго.
Міргаючы злоснымі, бледнымі, неразважлівымі вачамі, ён
зноў абвёў імі пакой, спякотнае, змярцвелае паветра якога яшчэ
захоўвала смурод пораху, хоць дым ужо разышоўся.
— Каб мяне чорт узяў, — ізноў вырвалася ў яго. — Можа, ты і
сапраўды маеш рацыю, можа, хопіць ужо крыві на вашай сям’і.
Пойдзем!
Мы выйшлі. Спусціўшыся па лесвіцы, я крыху пачакаў, пакуль
Рынга не падвёў коней. Мы перасеклі пляц. Парэнчы веранды
ўжо апусцелі (было дванаццаць), але каля ўвахода ў бар стаялі
людзі, яны прыпаднялі брылі: я зрабіў тое самае, і мы з Рынгам
паехалі далей.
Мы не спяшаліся. Калі даехалі да выгану, была ўжо гадзіна,
а можа, і болей; неўзабаве экіпажы і брычкі пацягнуліся ад пляца
да нашага дома, і я звярнуў з дарогі, спыніў Бэтсі, пачаў адчыняць брамку, не сыходзячы з сядла. Рынга спешыўся і адчыніў.
Коні пайшлі па выгане пад бязлітасным сонцам; адсюль ужо
можна было пабачыць дом, але я не глядзеў у той бок. Мы
спусціліся ў цень, душны, густы цень нізіны; у зарасніку тут
яшчэ валяліся, дагніваючы, жардзіны ад выгану, дзе мы яшчэ хавалі падчас вайны ўзятых у янкі мулаў. Нарэшце, я пачуў цурчанне вады і ўбачыў водбліскі на яе паверхні. Мы спешыліся. Я паваліўся ніцма ў траву, падумаў: «А цяпер хай сабе і ўдушша зноў...»
Але камяк не падступаў; я заснуў на палове думкі. Праспаў я амаль
пяць гадзін, і мне нічога не снілася, але я прачнуўся ад плачу і
ніяк не мог спыніцца. Каля мяне на кукішках сядзеў Рынга; сонца ўжо закацілася, але нейкая птушка яшчэ спявала, і было чутно, як вячэрні цягнік на Поўнач свішча і адрывіста пыхкае, кратаючыся з месца; відаць, рабіў у нас прыпынак. Нарэшце я
сцішыўся, Рынга зачарпнуў сваім брылём вады, прынёс яе мне,
але я сам пайшоў да рачулкі і апаласнуў твар вадой.
На выгане было яшчэ даволі светла, хоць ужо крычалі казадоі, а калі мы пад’ехалі да дома, на магноліі спяваў перасмешнік,
па-начному дрымотна і летуценна; і зноў месяц быў вузкім адбіткам чалавечай пяткі на сырым пяску. У холе свяціўся толькі адзін
кандэлябр, і, значыць, усё ўжо скончылася; але яшчэ пахла кветкамі, і вербена ў маёй пятліцы не заглушала іх. Я не развітаўся з
бацькам раніцай. Хацеў зайсці перад ад’ездам, але не зайшоў.
Так і не глянуў на яго зноў, а партрэты, што засталіся ад яго, усе
благія, таму што фатаграфія гэтаксама бяссільна захаваць яго,
мёртвага, як дом — зберагчы яго цела ад тлення. Але і так ён тут
і тут застанецца назаўсёды; тое, што Друзіла назвала ягонай
383

марай, не пайшло з ім, а завешчана нам, не забудзецца; і варта
толькі любому з нас — ці чорнаму, ці беламу — заплюшчыць
вочы, як яно набудзе цялеснае аблічча бацькі.
Я ўвайшоў у дом. У гасцінай было пахмурна, толькі на заходнім акне, на каляровых шкельцах цёткі Джэнні ляжаў апошні
водбліск захаду сонца. Я хацеў прайсці наверх, але заўважыў,
што яна сядзіць каля акна. Яна не паклікала мяне, і я не спытаў у
яе пра Друзілу. Толькі стаяў нерухома ў дзвярах.
— Яна паехала, — сказала цётка Джэнні. — Вячэрнім цягніком.
Паехала да Дэнісана
1
, у Мантгомеры.
— Так, — сказаў я. — Значыць, яна не...
Але і пра гэта не варта пытацца: Джэд Вайт пэўна ж пабываў
тут яшчэ а першай гадзіне дня і ўсё расказаў ім. Дый цётка Джэнні нічога не адказала. Яна магла б схлусіць, але сказала толькі:
— Падыдзі да мяне.
Я наблізіўся да яе крэсла.
— Устань на калені. Мне цябе не відно.
— Можа, запаліць лямпу?
— Не. Устань на калені.
— Скажы, ты добра прабавіў суботні дзянёк? Раскажы мне ўсё.
Яе рукі ляглі мне на плечы. Я адчуваў, як гэтыя рукі імкнуцца
ўверх, нібы самі сабой, супраць яе волі, быццам дзеля мяне яна
змагалася з імі, але не змагла ці не вытрымала — рукі ўзняліся,
абхапілі мой твар, моцна, і знянацку слёзы пакаціліся з яе вачэй
па шчоках, пырснулі, як рогат у Друзілы.
— О, каб вы, Сарторысы, спрахлі! Няхай жа вам тройчы бу-
дзе ліха!
Калі я выйшаў з гасцінай, у сталовай запалілі святло — Лувінія
накрывала стол для вячэры. Лесвіца была асветленая. Але наверсе было цёмна. Я ўбачыў, што дзверы ў яе пакой адчыненыя (так
звычайна адчыненыя дзверы толькі ў нежылых пакоях), і зразумеў, што да гэтага часу не верыў у яе ад’езд. Я прайшоў міма, нават не зазірнуўшы туды. Увайшоў да сябе. Некалькі імгненняў я
не мог зразумець, чаму гэта так пахне вербена ў маёй пятліцы,
пакуль не падышоў да ложка і не ўбачыў на падушцы галінку (яна
іх адшчыквала, не гледзячы, з паўтузіна запар, і ўсе галінкі выходзілі аднаго памеру, амаль аднолькавай формы, нібы машынай
адштампаваныя) — галінку, якая напаўняла пакой, прыцемкі, вечар тым адзіным водарам, за якім ёй не быў чуцён пах коней.
Перакладчык В. Небышынец
1
Дэнісан Хок — малодшы брат Друзілы.
384

ЭРНЭСТ ХЕМІНГУЭЙ
СТАРЫ ЧАЛАВЕК І МОРА
1
(CТАРЫ І МОРА)
Аповесць
эта быў стары чалавек, які адзін у лодцы лавіў рыбу ў Гальфстрыме, і мінула ўжо восемдзесят чатыры дні, як ён не
Ã
выцягнуў аніводнае. Першыя сорак дзён з ім быў хлопчык.
Аднак пасля сарака дзён без улову хлопчыкавы бацькі сказалі
сыну, што стары чалавек стаўся канчаткова і незваротна salao —
гэта значыць такі, якому ўжо ніколі не пашанцуе, і хлопчык
мусіў пайсці ў мора з іншым рыбаком, які злавіў тры добрыя
рыбіны першага ж тыдня. Хлопчыку было балюча бачыць, як
стары чалавек штодня прыплываў з пустой лодкай, і ён заўжды
спускаўся да мора, каб дапамагчы яму несці зматаныя шнуры
альбо бусак, гарпун і ветразь, абкручаны вакол мачты. Ветразь
быў залатаны (на гэта пайшлі мяхі з-пад мукі), звінуты, ветразь
выглядаў сцягам вечнай паразы
Стары чалавек быў худы і змардаваны, з глыбокімі маршчынамі на патыліцы. На ягоных шчоках збягалі ўніз карычневыя
плямы няшкоднага скурнага захворвання, што ўзнікае ад сонечнага адлюстравання ў трапічным моры. Рукі яго, што цягнулі
шнуры з цяжкімі рыбамі, былі прарэзаны глыбокімі шрамамі.
Але ніводны з іх не быў свежы, яны нагадвалі старыя распоквіны ў пустыні, якая некалі была морам.
Усё ў яго было старое, апроч вачэй колеру мора, вясёлых і непераможных.
— Сант’яга, — сказаў яму хлопчык, калі яны, ўцягнуўшы лодку,
караскаліся на бераг. — Я мог бы пайсці з табой зноў. Мы зарабілі трохі грошай.
Стары чалавек навучыў хлопчыка рыбачыць, і хлопчык любіў яго.
1
Тэкст чытае Андрэй Каляда.
2
Сцяг вечнай паразы – сцяг ушчэнт разбітага палка (устойлівае спалучэнне).
2
.
385

— Не, — адказаў стары чалавек. — Ты трапіў на шчаслівую лод-
ку. Заставайся тамака.
— Але ж згадай, як ты восемдзесят сем дзён быў без рыбы,
а потым мы лавілі вялізныя рыбіны кожнага дня тры тыдні запар.
— Памятаю, — сказаў стары чалавек. — Я ведаю, ты пакінуў
мяне не таму, што сумняваўся.
— Мой бацька прымусіў мяне пайсці ад цябе. Я ж малы і паві-
нен слухацца яго.
— Ведаю, — сказаў стары чалавек. — Гэта зусім нармальна.
— Ён не надта верыць у тваю ўдачу.
— Так, — пагадзіўся стары чалавек. — Але мы не страцілі веры.
Ці ж не праўда?
— Вядома, — сказаў хлопчык. — Я хацеў бы пачаставаць цябе
1
півам на «Тэрасе»
, а потым мы ўзялі б ежу дадому.
— Чаму ж не, — адказаў стары чалавек. — Паміж намі, рыбака-
мі, усё проста.
Яны ўселіся на «Тэрасе», багата хто з рыбакоў пакепліваў са
старога чалавека, але ён не злаваўся. А рыбакам сталага веку
было сумна бачыць яго, але яны не паказвалі гэтага і ветліва гутарылі пра плынь і глыбіні, дзе яны цягнулі за сабой лёскі, пра
ўстойлівае добрае надвор’е і пра тое, што яны бачылі. Рыбакі,
якім у гэты дзень пашанцавала, прыплылі ўжо, растрыбушылі
сваіх марлінаў і занеслі іх, пакладзеных на ўсю даўжыню ўпоперак дзвюх дошак (ля кожнага канца пахістваліся па два чалавекі), у рыбарню, дзе рыбіны чакалі, пакуль рэфрыжэратары
адвязуць іх на рынак у Гавану. Тыя, хто злавіў акул, занеслі іх на
акулаву фабрыку, на другі бок бухты, дзе яны павіслі на блоках
пасля таго, як з іх дасталі печань, адрэзалі плаўнікі, злупілі
шкуры і нарэзалі мяса на доўгія, вузкія кавалкі для засолкі.
Вецер з усходу падзьмуў над гаванню і прынёс аж сюды пах з
акулавай фабрыкі, але толькі слабое падабенства таго смуроду,
бо вецер зноў павярнуў на поўнач, а потым заціх зусім, і на
«Тэрасе» было прыемна і сонечна.
— Сант’яга, — вымавіў хлопчык.
— Слухаю цябе, — абазваўся стары чалавек. Ён трымаў у руцэ
шклянку і думаў пра далёкае мінулае.
— Ці магу я пайсці ў мора і налавіць табе сардзін на заўтра?
— Не. Ідзі гуляй у бейсбол. Я пакуль што магу веславаць, а Раджэліа будзе закідваць сетку.
1
Назва страўні.
386

— Мне ахвота пайсці. Калі я не магу лавіць рыбу з табою, дык
я хацеў бы дапамагчы табе як-небудзь інакш.
— Ты паставіў мне піва, — сказаў стары чалавек, — ты ўжо
мужчына.
— Колькі гадоў было мне, калі ты ўпершыню ўзяў мяне на лодку?
— Пяць, і ты ледзь застаўся жывы, калі я ўцягнуў занадта нара-
вістую рыбу, і тая магла ўшчэнт разбіць лодку. Ці памятаеш ты?
— Я памятаю, як пляскала і грукала хвастом рыбіна і як трэснула, зламаўшыся, лаўка, і стук дубінкі. Памятаю, як ты шпурнуў
мяне на нос, дзе ляжалі мокрыя зматаныя шнуры, і ўся лодка
дрыжала, а ты бамберыў рыбіну, і гук быў такі, як быццам ты
ссякаў дрэва, а навакол мяне быў салодкі пах крыві.
— Ты сапраўды памятаеш, ці я табе гэта расказваў?
— Я памятаю ўсё з таго самага часу, як мы ўпершыню разам
пайшлі ў мора.
Стары чалавек зірнуў на яго абпаленымі сонцам, поўнымі даверу і любасці вачыма.
— Калі б ты быў маім, хлопчык, я ўзяў бы цябе ў мора,
рызыкнуў бы, — сказаў ён. — Але ты — бацькаў і матчын сын, і ты
на шчаслівай лодцы.
— Ці магу я налавіць табе сардзін? І я ведаю, дзе можна дастаць
чатыры прынады.
— У мяне яшчэ сённяшнія засталіся. Я паклаў іх у скрынку з
соллю.
— Дазволь мне дадаць чатыры свежыя.
— Адну, — сказаў стары чалавек. Вера і надзея ніколі не пакідала яго. Але цяпер як быццам ветрык атуліў іх сваім павевам.
— Дзве, — сказаў хлопчык.
— Дзве дык дзве, — пагадзіўся стары чалавек. — Ты іх не свіснуў?
— Бывала і такое, — сказаў хлопчык. — Але гэтыя купіў.
— Дзякуй, — сказаў стары чалавек. Ён быў занадта просты, каб
дзівіцца: калі да яго прыйшла пакора? Але ён ведаў, што яна
прыйшла, і ведаў, што ў ёй няма ганьбы і яна не прычыніла аніякай страты праўдзівай гордасці.
— З гэткай плынню заўтра маецца быць неблагі дзень, — сказаў ён.
— Куды ты рушыш лавіць? — спытаўся хлопчык.
— Як найдалей, а вярнуся, калі пераменіцца вецер. Хачу выйс ці
давідна.
387

— Я пастараюся зрабіць так, каб мой рыбак таксама лавіў далёка, — сказаў хлопчык. — Калі ты зачэпіш на кручок нешта
сапраўды буйнае, мы зможам прыйсці табе на дапамогу.
— Ён не любіць працаваць занадта далёка.
— Не любіць, — згадзіўся хлопчык. — Але я ўбачу гэткае, чаго ён
не можа ўбачыць: да прыкладу, птушку, што лётае над вадой, каб
падабрацца да рыбіны, і выпраўлю яго ў пагоню за дэльфінам.
— Ён так кепска бачыць?
— Амаль сляпы.
— Дзіўна, — заўважыў стары чалавек. — Ён ніколі не лавіў чарапах, а якраз гэта псуе вочы.
— Але ж ты не год, не два лавіў чарапах каля Маскітавага бе-
1
, але зрок у цябе добры.
рага
— Я — дзіўны стары чалавек.
— Але ці дастаткова ў цябе цяпер сілы, каб справіцца з сапраўды буйнай рыбай?
— Думаю, што так. І, апроч таго, ёсць розныя хітрыкі.
— Давай занясем прычындалле дадому, — сказаў хлопчык. —
Тады я вазьму сетку і пайду па сардзіны.
Яны сабралі ледзь не ўсе снасці. Стары чалавек нёс мачту на
сваім плячы, а хлопчык нёс драўляную скрынку з туга скручанымі
карычневымі шнурамі, бусак і гарпун са стралой. Скрынка з прынадамі заставалася пад кармой лодкі разам з дубінкай, якую
ўжывалі, каб аглушыць рыбу, калі тую падцягвалі сеткай да борта.
Ніхто не краў у старога чалавека, але не шкодзіла забраць
ветразь і цяжкія шнуры дадому, бо ад расы яны маглі адсырэць,
і хоць стары чалавек пэўна ведаў, што ніхто з тутэйшых людзей
не паквапіцца на яго маёмасць, бусак і гарпун былі б непатрэбнай спакусай у лодцы.
Яны разам узняліся па дарозе да халупы старога чалавека і
ўвайшлі ў яе праз адчыненыя дзверы. Стары чалавек прыставіў
мачту разам з абкручаным вакол яе ветразем да сцяны, хлопчык
паклаў скрынку ды іншае начынне ля яе. Мачта была ў даўжыню
амаль гэткая, як адзін пакой халупы. У халупе, зробленай з моцных прылісткаў каралеўскай пальмы, што завуцца guano, меліся:
ложак, стол, адно крэсла і на земляной падлозе месца для гатавання на драўнінным вугалі. На карычневых сценах з разгладжаных лістоў трывалага валакністага guano, якія перакрывалі
адзін аднаго, вісела каляровая карцінка з Найсвяцейшым Сэрцам
Гасподнім ды яшчэ адна з Кабрэнскай Маці Божай. Яны засталіся
1
Вузкая паласа зямлі на ўсходзе Нікарагуа.
388

ад ягонай жонкі. Раней тут на сцяне была і падмаляваная жончына фатаграфія, але надта журботна яму рабілася, калі ён глядзеў
на яе, і тая зараз ляжала на паліцы пад ягонай чыстай кашуляй.
— Што ты маеш есці? — спытаўся хлопчык.
— Гаршчок жоўтага рысу з рыбай. Не хочаш трохі?
— Не. Я буду есці дома. Зрабіць табе агонь?
— Не. Я зраблю пазней. Альбо буду есці рыс халодны.
— Ці магу я ўзяць сетку?
— Ага.
У халупе не было жаданай сеткі, і хлопчык памятаў, калі яны
прадалі яе. Але яны гулялі ў гэтую байку штодня. Не было ані
гаршка з жоўтым рысам і рыбай, і хлопчык гэта ведаў таксама.
— Восемдзесят пяць — шчаслівая лічба, — сказаў стары чалавек. — Што ты скажаш, калі рыбіна, якую я прынясу, разабраная
заважыць тысячу фунтаў?
— Я вазьму сетку і пайду лавіць сардзіны. Ты будзеш сядзець
на парозе на сонцы?
— Але. У мяне ёсць учарашняя газета, і я прачытаю пра бейсбол.
Хлопчык не ведаў, ці не выдумка і ўчарашняя газета, але
стары чалавек выцягнуў яе з-пад ложка.
1
— Перыка даў мне ў bodega
, — растлумачыў ён.
— Я прыйду, калі налаўлю сардзін. Пакладу твае і мае разам у
лёд, і мы падзелім іх раніцай. Калі я вярнуся, ты раскажаш мне
пра бейсбол.
— «Янкі» не могуць прайграць.
— Але мяне непакояць «Індзейцы» з Кліўленда.
— Вер у «Янкі», сынок. Хай перад вачыма ў цябе стаіць вялікі
Дзі Маджыа.
— Мяне непакояць як дэтройцкія «Тыгры», гэтак і кліўлендскія «Індзейцы».
— Сцеражыся, бо ты хутка пачнеш баяцца нават «Чырвонаскурых» з Цынцынаці і «Белых шкарпэтак» з Чыкага.
— Разбярэшся з гэтым і раскажаш мне, калі я вярнуся.
— Як ты думаеш, ці не купіць нам латарэю з апошняй лічбай
восемдзесят пяць? Заўтра ж восемдзесят пяты дзень года.
— Мы можам гэта зрабіць, — сказаў хлопчык. — А як наконт
васьмідзесяці сямі, памятаеш свой найбольшы рэкорд?
— Двойчы такое не здараецца. А ты здолееш знайсці білет з
лічбай восемдзесят пяць?
1
Карчма (з іспанскай мовы).
389

— Я магу заказаць адзін.
— Адзін білет. Два даляры з паловай. У каго мы можам іх
пазычыць?
— Гэта проста. Я заўсёды магу пазычыць два даляры з паловай.
— Мяркую, што я таксама. Але стараюся не пазычаць. Спачат-
ку пазычаеш. Потым жабруеш.
— Не мерзні, старэча, — сказаў хлопчык. — Не забывайся, што
цяпер верасень.
— Месяц, калі ідзе буйная рыба, — сказаў стары чалавек. —
Любы можа быць рыбаком у траўні.
— Пайду па сардзіны, — сказаў хлопчык.
Калі ён вярнуўся, стары чалавек спаў у крэсле, а сонца заходзіла. Хлопчык зняў старую салдацкую коўдру з ложка і агарнуў
ёю спінку крэсла і плечы старога. Гэта былі дзіўныя плечы, усё
яшчэ магутныя, хоць і вельмі старыя, і шыя таксама была моцная, і маршчыны на ёй не гэтак кідаліся ў вочы, калі чалавек
спаў, нахіліўшы наперад галаву. Яго кашуля была латана-пералатана гэтулькі разоў, што сталася падобная на ветразь, і кожная
латка выцвіла на сонцы па-свойму. Усё ж ён быў вельмі стары,
і ягоны твар, з заплюшчанымі вачыма, здаваўся нежывы. Газета
ляжала на каленях, цяжар яго рукі трымаў яе, не даючы падхапіць вечароваму ветру. Ён быў босы.
Хлопчык пакінуў яго тут, і, калі вярнуўся, стары чалавек паранейшаму спаў.
— Прачніся, старэча, — сказаў хлопчык і паклаў руку яму на
калена.
Стары чалавек расплюшчыў вочы, нейкі момант як бы вяртаючыся аднекуль здалёку. Нарэшце ўсміхнуўся.
— Што ты прынёс? — спытаўся ён.
— Вячэру, — адказаў хлопчык. — Будзем зараз вячэраць.
— Я не надта галодны.
— Трэба пад’есці. Ты не можаш лавіць рыбу не еўшы.
— Здаралася і гэткае, — сказаў стары чалавек, потым устаў,
згарнуў газету, стаў складваць коўдру.
— Акрыйся коўдрай, — сказаў хлопчык. — Ты не будзеш лавіць
рыбу галодны, пакуль я жыву на свеце.
— Тады жыві доўга і шануйся, — сказаў стары чалавек. — Што
мы будзем есці?
— Чорны боб і рыс, печаныя бананы і трохі тушанага мяса.
Хлопчык прынёс ежу з «Тэрасы» ў металічнай пасудзіне, што
складалася з двух судкоў. Два прыборы — нажы, відэльцы і лыжкі — ляжалі ў кішэні, кожны загорнуты ў папяровую сурвэтку.
390
Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]
