Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Скарбы сусветнай літаратуры для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Зборнік

.pdf
Скачиваний:
0
Добавлен:
08.09.2026
Размер:
2 Мб
Скачать
☆
з’яўляліся ў яго добрай абаронай. Белы Клык кідаўся і адскокваў убок, ухітраючыся не атрымаць ніводнай драпіны, між тым як колькасць ран на целе Чэрокі ўсё расла і расла. Галава і шыя яго былі распаласаваны з абодвух бакоў. З ран лілася кроў, але Чэро­кі не выказваў ніякіх адзнак трывогі. Ён усё добрасумленна га­няўся за Белым Клыком і спыніўся ўсяго толькі на адну хвіліну, каб недаўменна паглядзець на людзей і памахаць абрубкам хвас­та ў знак сваёй гатоўнасці прадаўжаць бойку.
У гэты момант Белы Клык наляцеў на бульдога і, паласнуўшы яго зубамі за вуха, якое і без таго было разарвана на шматкі, ад­скочыў убок. Пачынаючы злаваць, Чэрокі зноў пусціўся ў паго­ню, бегаючы ўнутры кола, які рабіў Белы Клык, і стараючыся ўчапіцца мёртвай хваткай яму ў горла. Бульдог крыху прамахнуў­ся, а Белы Клык выклікаў гучнае ўхваленне натоўпу, выратаваў сябе толькі тым, што зрабіў нечаканы скачок у процілеглы бок.
Час ішоў, Белы Клык скакаў і круціўся каля Чэрокі, увесь час наносячы яму ўдары і зараз жа адскокваў прэч. А бульдог са змрочнай рашучасцю не спыняў сваё праследаванне. Рана ці по­зна, а ён даб’ецца мэты і, схапіўшы Белага Клыка за горла, выра­шыць лёс бітвы. Пакуль жа яму не заставалася нічога іншага, як цярпліва зносіць усе напады праціўніка. Кароткія вушы Чэрокі павіслі махрой, шыя і плечы пакрыліся мноствам ран, і нават губы ў яго былі распаласаваны і заліты крывёй, — і ўсё гэта нара­білі маланкападобныя ўдары Белага Клыка, якіх нельга было ні прадбачыць, ні ўнікнуць.
Шмат разоў Белы Клык спрабаваў збіць Чэрокі з ног, але розніца ў росце была надзвычай вялікая. Чэрокі быў вельмі пры­садзісты. I на гэты раз шчасце здрадзіла Беламу Клыку. Ён выга­даў хвіліну, калі праціўнік, які не паспяваў за ім, павярнуў галаву ў процілеглы бок, пакінуўшы плячо неахаваным, і кінуўся на Чэро­кі. Але яго плячо прыйшлося значна вышэй пляча праціўніка, ён не здолеў стрымацца і з усяго размаху пераляцеў праз спіну буль­дога. Упершыню за ўвесь час баявой кар’еры Белага Клыка людзі зрабіліся сведкамі таго, што ён не здолеў утрымацца на нагах. Стараючыся не страціць глебы пад нагамі, Белы Клык скруціўся ў паветры, як кошка, і толькі гэта перашкодзіла яму паваліцца прама на спіну. Ён грукнуўся набок і ў наступны ж момант зноў стаяў на нагах, але зубы Чэрокі ўжо ўеліся яму ў горла.
Хватка была не зусім удалая, яна прыйшлася надта нізка, бліжэй да грудзей, але Чэрокі не разнімаў пашчэнак. Белы Клык ускочыў на ногі і пачаў кідацца з боку ў бок, спрабуючы скінуць
281
бульдога. Пачуўшы на сабе цяжар цела Чэрокі, ён ашалеў ад люта­сці. Чэрокі звязваў яго рухі, пазбаўляў свабоды дзеянняў. Усімі сваімі інстынктамі Белы Клык паўставаў супраць гэтай пасткі. Яна прыводзіла яго ў шаленства. На некалькі хвілін Белы Клык літа­ральна страціў разважлівасць. Ім авалодала жывёльная прагнасць жыцця. Цела рвалася да яго. Ён дзейнічаў несвядома. Розум згас, уступіўшы месца сляпому імкненню да жыцця, да руху. Рухацца, у што б там ні было рухацца, — бо жыццё выяўляецца толькі ў руху.
Не спыняючыся ні на адно імгненне, Белы Клык кружыўся, скакаў, намагаючыся скінуць пяцідзесяціфунтавы груз, які павіс у яго на шыі. Бульдог не разнімаў пашчэнкі. Калі яму ўдавалася на адзін момант дакрануцца нагамі зямлі, ён спрабаваў супраціўляц­ца Беламу Клыку. Але ў наступную ж хвіліну Чэрокі адрываўся ад зямлі і апісваў кола у паветры, пакараючыся кожнаму руху ашалелага Белага Клыка. Чэрокі рабіў так, як загадваў яму ін­стынкт. Ён ведаў, што разнімаць пашчэнкі нельга, і гэтае ўсве­дамленне правільнасці сваіх дзеянняў прымушала яго часамі дрыжэць ад асалоды. У такія хвіліны Чэрокі нават заплюшчыў вочы і, нягледзячы на боль ад удараў, дазваляў Беламу Клыку кру­ціць сябе то ў той, то ў другі бок. Усё гэта не ўлічвалася. Важна было адно: не разнімаць зубоў, і Чэрокі не разнімаў іх.
Белы Клык пакінуў кідацца, толькі канчаткова выбіўшыся з сіл. Ён ужо нічога не мог зрабіць, нічога не мог зразумець. Ні разу за ўсю сваю кар’еру байца яму не даводзілася пераносіць ні­чога падобнага. Сабакі, з якімі даводзілася біцца раней, біліся зусім інакш. З імі трэба было дзейнічаць так: учапіўся, рвануў зу­бамі, адскочыў, учапіўся, рвануў зубамі, адскочыў. Белы Клык на­палову ляжаў на зямлі, цяжка дыхаючы. Не разнімаючы зубоў, Чэрокі налягаў на яго ўсім целам, спрабуючы паваліць пра­ціўніка набок. Белы Клык супраціўляўся і адчуваў, як пашчэнкі бульдога, нібы жуючы яго скуру, перасоўваюцца ўсё вышэй і вышэй. З кожнай хвілінай яны набліжаліся да горла. Метад буль­дога заключаўся ў тым, што, не аслабляючы сваёй хваткі, ён скарыстоўваў кожны выпадак і падбіраўся ўсё бліжэй і бліжэй да мэты. Яму ўдавалася рабіць гэта, калі Белы Клык ляжаў спакой­на, але калі той пачынаў рвацца, Чэрокі здавальняўся тым, што сціскаў пашчэнкі і не паслабляў хваткі.
Белы Клык мог дастаць зубамі толькі масіўны загрывак Чэро­кі. Ён учапіўся яму ў шыю, каля пляча, але метад, якім карыстаўся Чэрокі, быў незнаёмы Беламу Клыку, ды і пашчэнкі яго не былі прыстасаваны да такой хваткі. На працягу некалькіх хвілін ён су-
282
таргава кусаў і рваў шыю Чэрокі. Потым увага яго пераключыла­ся на перамену, якая адбылася ў палажэнні іх цел. Чэрокі пера­куліў Белага Клыка на спіну і, усё яшчэ не разнімаючы зубоў, ухітрыўся стаць над ім. Белы Клык сагнуў заднія лапы і, як кошка, пачаў ірваць кіпцюрамі свайго ворага. Чэрокі рызыкаваў застацца з распоратым пузам і выратаваўся толькі тым, што змяніў па­лажэнне, скокнуўшы ўбок, пад прамым вуглом ад Белага Клыка.
Вызваліцца ад яго хваткі было немагчыма. Яна скоўвала Белага Клыка. Зубы Чэрокі павольна перасоўваліся ўгору, уздоўж шыйнай артэрыі. Белага Клыка выратоўвалі ад смерці толькі шырокія складкі скуры і густая поўсць на шыі. Чэрокі забіў сабе ўсю пашчу скурай, у якой грузлі яго зубы. І ўсё ж ён скарыстоўваў найменшую магчымасць, каб захапіць яе як мага больш. Белы Клык пачаў зады­хацца. З кожнай хвілінай дыхаць яму рабілася ўсё цяжэй і цяжэй.
Барацьба, відаць, набліжалася к канцу. Тыя, хто ставіў на Чэро­кі, былі ў шаленстве ад захаплення і прапанавалі велізарныя заклады. Прыхільнікі ж Белага Клыка засумавалі і адмаўляліся аставіць дзесяць супраць аднаго і дваццаць супраць аднаго, хоць знайшоўся адзін, які не пабаяўся прыняць заклад у пяцьдзясят су­праць аднаго. Гэта быў Прыгажун Сміт. Ён увайшоў у круг і, пака­заўшы на Белага Клыка пальцам, пачаў пагардліва смяяцца з яго. Гэта зрабіла жаданы эфект. Белы Клык прыйшоў у шаленства ад лютай злосці. Ён сабраў апошнія сілы і ўскочыў на ногі. Але варта было яму пачаць кідацца па колу з пяцідзесяціфунтавым грузам, што павіс у яго на шыі, як ярасць уступіла ў ім месца дзікаму стра­ху. Жывёльная прагнасць жыцця зноў авалодала Белым Клыком, і розум у ім згас, падпарадкоўваючыся жаданням цела. Бегаючы ўзад і ўперад па колу, спатыкаючыся, падаючы і зноў падымаючы­ся, Белы Клык спрабаваў уставаць на дыбы, падкідаў свайго вора­га ў паветры, і ўсё ж усе яго намаганні вызваліць шыю ад пашчэ­нак бульдога, якія пагражалі смерцю, былі дарэмныя.
Нарэшце Белы Клык перакуліўся на спіну, выбіўшыся з сіл, а буль­дог тым часам хутка перахапіў зубамі і, захопліваючы пашчай усё больш і больш скуры, амаль не даваў праціўніку магчымасці пе­равесці дух. Гром апладысментаў вітаў пераможцу, з натоўпу кры­чалі: «Чэрокі! Чэрокі!» Бульдог завіляў абрубкам хваста. Але апла­дысменты не адцягвалі яго ўвагі. Хвост і масіўныя пашчэнкі дзей­нічалі незалежна адно ад аднаго. Хвост хадзіў з аднаго боку ў другі, а пашчэнкі ўсё мацней і мацней сціскалі горла Белага Клыка.
У гэтую хвіліну ўвагу гледачоў прыцягнулі староннія гукі. Па­чуліся крыкі паганятых сабак і звон бомаў. За выключэннем
283
Прыгажуна Сміта, усе прысутныя затрывожыліся, вырашыўшы, што наляцела паліцыя. Неўзабаве на дарозе паказаліся два мужчыны, якія беглі побач з санкамі і сабакамі. Людзі гэтыя накіроўваліся не з горада, а ў горад, вярталіся, як відаць, з якой­небудзь разведачнай экспедыцыі. Убачыўшы натоўп, яны спынілі сабак і падышлі даведацца, у чым справа.
Адзін з іх быў высокі малады чалавек; гладка выбрыты твар яго пачырванеў ад хуткага руху на марозе. Другі, паганяты, быў ніжэй ростам і з вусамі.
Белы Клык зусім спыніў барацьбу. Час ад часу ён пачынаў су­таргава біцца, але ўсякае супраціўленне было дарэмнае. Бязлітасныя пашчэнкі ворага ўсё мацней і мацней сціскалі яму горла, не хапала паветра, і дыханне Белага Клыка рабілася кара­цейшае з кожнай хвілінай. Вена ў яго на горле была б даўно пе­рагрызена, нават нягледзячы на густую поўсць, якая пакрывала шыю, калі б зубы бульдога з самага пачатку не прайшліся так блізка да грудзей. У Чэрокі пайшло шмат часу на тое, каб дабрац­ца да горла Белага Клыка, і пры гэтым ён забіў сабе ўсю пашчу тоўстымі складкамі скуры.
Тым часам звер, што прачнуўся ў Прыгажуну Сміту, выцесніў у ім апошнія рэшткі розуму. Убачыўшы, як вочы Белага Клыка ўжо зацягваюцца туманам, ён зразумеў, што бітва прайграна. Нібы сарваўшыся з ланцуга, ён кінуўся да Белага Клыка і пачаў стра­шэнна біць яго нагамі. Сярод натоўпу пачуліся крыкі і свіст, але гэтым справа і абмежавалася. Не звяртаючы ўвагі на пратэст гле­дачоў, Прыгажун Сміт не спыняў біць Белага Клыка, калі ў натоў­пе раптам паднялася нейкая мітусня. Малады чалавек, які толькі што прыбыў, кінуўся ўперад, бесцырымонна расштурхаў усіх на­права і налева. Ён увайшоў у кола якраз у тую хвіліну, калі Прыга­жун Сміт падымаў нагу для наступнага ўдару. Перанёсшы ўвесь цяжар на другую нагу, ён знаходзіўся ў стане няўстойлівай раўна­вагі. У гэты момант малады чалавек з надзвычайнай сілай ударыў яго кулаком у твар. Прыгажун Сміт не ўтрымаўся на адной назе і, падскочыўшы ў паветры, паваліўся дагары на снег.
Малады чалавек павярнуўся да натоўпу.
— Палахліўцы, — закрычаў ён. — Быдла.
Ён не памятаваў сябе ад гневу, таго гневу, які апаноўвае толь­кі здаровага чалавека. Яго шэрыя вочы палалі сталёвым бляс­кам. Прыгажун Сміт падняўся на ногі і баязліва падышоў да яго. Незнаёмы не зразумеў яго намераў. Не падазраючы, што мае справу са страшным палахліўцам, ён вырашыў, што той хоча
284
біцца. І, крыкнуўшы: «Быдла!», — ён у другі раз паваліў яго да­гары. Прыгажун Сміт вырашыў, што ляжаць на спіне больш не­бяспечна, і ўжо не рабіў ніякіх спроб падняцца на ногі.
— Мэт, дапамажыце мне! — крыкнуў незнаёмы паганятаму, які
разам з ім выйшаў у кола.
Абодва яны нахіліліся над сабакамі. Мэт узяўся за Белага Клыка, каб адцягнуць яго ўбок, як толькі Чэрокі аслабіць сваю мёртвую хватку. Малады чалавек спрабаваў разняць пашчэнкі бульдога. Але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. Сціскаючы яму пашчэнкі з абодвух бакоў, стараючыся рашчапінь іх рукамі, ён не пераставаў час ад часу выкрыкваць: «Быдла».
Натоўп захваляваўся, і некаторыя ўжо пачыналі пратэставаць супраць такога няпрошанага ўмяшання. Але варта было незнаё­маму на адну секунду падняць галаву і паглядзець у бок натоўпу, як пратэстуючыя галасы змаўкалі.
— Праклятае быдла, — крыкнуў ён і зноў узяўся за работу.
— Няма чаго і старацца, містэр Скот. Мы іх так ніколі не рас­цягнем, — сказаў Мэт.
Яны кінулі свой занятак і агледзелі сашчапіўшыхся сабак.
— Крыві шмат вышла, — сказаў Мэт, — а ўсё ж не паспеў дабрац­ца да горла.
— Таго і глядзі, дабярэцца, — адказаў Скот. — Вось. Бачылі? Яшчэ вышэй перахапіў.
Хваляванне маладога чалавека і страх за лёс Белага Клыка раслі з кожнай хвілінай. Ён некалькі разоў адзін за адным ударыў Чэрокі па галаве. Але гэта не дапамагло. Чэрокі завіляў абрубкам хваста ў знак таго, што вельмі добра разумее сэнс гэтых удараў, але ён усё ж выканае свой абавязак да канца і не разніме пашчэнак.
— Дапамажыце хто-небудзь! — крыкнуў Скот, звярнуўшыся да натоўпу.
Але ні адзін чалавек не крануўся з месца. Замест гэтага гле­дачы пачалі смяяцца з яго і засыпалі цэлым градам здзекваль­ных парад.
— Усуньце яму што-небудзь у пашчу, — параіў Мэт. Скот схапіў­ся за кабуру, што вісела ў яго на поясе, выняў рэвальвер і паспра­баваў прасунуць дула паміж сціснутымі пашчэнкамі бульдога. Ён стараўся з усіх сіл; было чуваць, як сталь скрыпіць аб сашчэпле­ныя зубы сабакі.
Стаўшы на калені, Скот і паганяты нахіліліся над сабакамі.
Цім Кінэн ступіў у кола. Спыніўшыся каля Скота, ён крануў яго за плячо і сказаў:
285
— Не зламайце яму зубоў. — Тады я зламаю яму шыю, — адказаў Скот, не перастаючы
ўсоўваць дула ў пашчу Чэрокі.
— Кажу вам, не зламайце яму зубоў! — яшчэ больш настойліва
паўтарыў Цім Кінэн.
Але ўсе спробы застрашыць Скота не мелі поспеху. Не спыняючы арудаваць рэвальверам, ён падняў галаву і спа-
койна запытаў:
— Ваш сабака? Цім Кінэн прамармытаў нешта. — Тады расшчапіце яму зубы. — Вось што, — са злосцю загаварыў Цім, — мая хата з краю.
Чаму я павінен ведаць, што тут трэба зрабіць?
— Тады правальвайце, — сказаў Скот, — і не перашкаджайце
мне. Я заняты.
Цім Кінэн не адыходзіў, але Скот ужо не звяртаў на яго ні­якай увагі. Ён ухітрыўся ўціснуць дула паміж зубамі з аднаго боку і цяпер стараўся прасунуць яго яшчэ далей.
Дабіўшыся гэтага, Скот пачаў асцярожна разнімаць пашчэнкі бульдога, а Мэт тым часам вызваляў з яго пашчы знявечаную шыю Белага Клыка.
— Трымайце свайго сабаку! — загадаў Скот Ціму.
Гаспадар Чэрокі нахіліўся і схапіў бульдога.
— Трымайце! — крыкнуў Скот, разняўшы зубы Чэрокі.
Сабак расцягнулі ў розныя бакі. Бульдог страшэнна супра­ціўляўся.
— Забярыце яго, — загадаў Скот, і Цім Кінэн адцягнуў Чэрокі ў натоўп.
Белы Клык зрабіў некалькі дарэмных спроб устаць на ногі. Адзін раз яму гэта ўдалося, але аслабелыя ногі падагнуліся, і ён павольна паваліўся на снег. Яго паўзакрытыя вочы памутнелі, ніжняя пашчэнка адвалілася, язык вываліўся. Здавалася, сабака канчаткова задыхнуўся. Мэт агледзеў яго.
— Ледзь жывы, — сказаў ён, — але дыхае ўсё ж.
Прыгажун Сміт падняўся на ногі і падышоў глянуць на Белага Клыка.
— Мэт, колькі каштуе добры ездавы сабака? — запытаў Скот.
Не ўстаючы з кален, паганяты падумаў з хвіліну.
— Трыста даляраў.
— Ну, а такі, на якім жывога месца не засталося?
— Палову, — вырашыў паганяты.
286
Скот павярнуўся да Прыгажуна Сміта. — Чулі вы, жывёліна? Я забіраю ў вас сабаку і плачу за яго
паўтараста даляраў.
Ён адкрыў бумажнік і адлічыў гэтую суму. Прыгажун Сміт
заклаў рукі за спіну, адмаўляючыся ўзяць прапанаваныя грошы.
— Не прадаю, — сказаў ён. — Прадаеце, — заявіў Скот, — таму што я купляю. Атрымайце
грошы. Сабака мой.
Усё яшчэ трымаючы рукі за спінай, Прыгажун Сміт адступіў
назад. Скот зрабіў крок уперад і падняў кулак над яго галавой.
Прыгажун Сміт скурчыўся, рыхтуючыся атрымаць новы ўдар. — Сабака мой... — прамармытаў ён. — Вы страцілі ўсе правы на гэтага сабаку, — перабіў яго Скот. —
Вазьміце грошы, або мне прыдзецца пабіць вас яшчэ раз?
— Добра, добра, — заспяшаўся Прыгажун Сміт і дадаў: — Але вы мяне вымушаеце гэта зрабіць. Гэтаму сабаку цаны няма. Я не дазволю сябе грабіць. Усякі чалавек мае свае правы.
— Правільна, — адказаў Скот, перадаючы яму грошы. — Усякі чалавек мае свае правы. Але вы не чалавек, а быдла.
— Дайце мне толькі да Даўсана дабрацца, — прыгразіў яму Прыгажун Сміт, — я знайду на вас управу.
— Калі толькі рот раскрыеце, я вас хутка з Даўсана выправа­джу! Зразумелі?
Прыгажун Сміт буркнуў нешта сабе пад нос.
— Зразумелі? — загрымеў Скот, запаляючыся гневам.
— Так, — буркнуў Прыгажун Сміт, стараючыся хутчэй уцячы.
— Як?
— Так, сэр, — агрызнуўся Прыгажун Сміт.
— Асцярожней. Ён кусаецца! — крыкнуў нехта, і ў натоўпе па­чуўся выбух рогату.
Скот павярнуўся да Прыгажуна спінай і падышоў да паганята­га, які ўсё яшчэ вазіўся з Белым Клыком.
Некаторыя з натоўпу ўжо разыходзіліся; іншыя збіраліся куч­камі, паглядаючы на Скота і перамаўляючыся паміж сабой.
Да адной з гэтых груп падышоў Цім Кінэн.
— Што гэта за птушка? — запытаў ён.
— Уідан Скот, — адказаў нехта.
— Які такі Уідан Скот?
— Ды інжынер з прыіскаў. Ён сярод тутэйшых заправіл свой чалавек. Запамятай маё слова: калі не хочаш нажыць непрыем­насцей, трымайся ад яго як мага далей. Яму сам начальнік прыіскаў прыяцель.
287
— Я адразу зразумеў, што гэта важная персона, — сказаў Цім
Кінэн, — і не захацеў з ім звязвацца.
Раздзел пяты
Неўціхаміраны
— Безнадзейная справа! — сказаў Уідан Скот. Ён апусціўся на прыступку і паглядзеў на паганятага, які з
такім жа безнадзейным выглядам паціснуў плячыма.
Абодва глянулі на Белага Клыка. Увесь натапырыўшыся і злосна рыкаючы, ён кідаўся на ланцугу, стараючыся дабрацца да сабак. Сабакі ж, атрымаўшы даволі значную колькасць урокаў ад Мэта, узброенага ў дадатак палкай, навучыліся пакідаць Белага Клыка ў спакоі. Цяпер яны ляжалі на досыць далёкай адлегласці і, здавалася, зусім забылі пра яго.
— Не, ваўка не прыручыш, — сказаў Уідан Скот.
— Ды хто яго ведае? — адказаў Мэт. — Можа ў ім ад сабакі больш, чым ад ваўка. Але ў чым я ўпэўнены, з таго мяне ўжо не саб’еш.
Паганяты змоўк і з таямнічым выглядам паківаў галавой у бок Ласінай гары.
— Ну, не прымушайце сябе прасіць, — рэзка сказаў Скот, пача­каўшы некаторы час, пакуль Мэт не загаворыць сам. — Кажыце, у чым справа?
Паганяты паказаў вялікім пальцам назад, у бок Белага Клыка.
— Воўк ён ці сабака -— не ведаю, толькі яго ўжо прыручалі.
— Не можа быць.
— Я вам кажу — прыручалі. Ён і ў запрэжцы хадзіў. Вось адзна­кі на грудзях.
— Правільна, Мэт! Да таго, як трапіць да Прыгажуна Сміта, ён быў ездавым сабакам.
— А чаму б яму не зрабіцца зноў ездавым сабакам?
— Гэта як жа? — паспешна запытаў Скот.
Але надзея, якая з’явілася, зараз жа згасла, і ён сказаў, ківа­ючы галавой:
— Мы яго ўжо два тыдні трымаем, а ён зараз, здаецца, яшчэ больш злы, чым у пачатку.
— Давайце спусцім яго з ланцуга — паглядзім, што атрыма­ецца, — прапанаваў Мэт.
Скот недаверліва паглядзеў на яго.
288
— Я ведаю, што вы ўжо спрабавалі, — казаў далей Мэт, — толь-
кі цяпер не забудзьце ўзяць палку ў рукі.
— Паспрабуйце самі.
Паганяты адшукаў палку і падышоў да сабакі, які сядзеў на прывязі. Белы Клык сачыў за палкай, як леў сочыць за бізуном утаймавальніка.
— Глядзіце, як на палку ўтаропіў свае вочы, — сказаў Мэт. — Гэта добрая адзнака. Значыць, сабака не такі ўжо дурны. Ён не адважыцца крануць мяне, пакуль я з палкай. Не шалёны ж ён, нарэшце.
Як толькі рука чалавека наблізілася да яго шыі, Белы Клык на­тапырыўся і з рыкам прыпаў да зямлі. Не зводзячы вачэй з рукі Мэта, ён у той жа самы час сачыў за палкай, якая была ўзнята над яго галавой. Мэт адвязаў ланцуг з нашыйніка і ступіў назад.
Беламу Клыку не верылася, што ён апынуўся на волі. Многія месяцы прайшлі з таго часу, як ім авалодаў Прыгажун Сміт, і за ўвесь гэты час яго спускалі з ланцуга толькі для боек з сабакамі. Як толькі бойка заканчвалася, Белага Клыка зноў садзілі на прывязь.
Ён не ведаў, што рабіць са сваёй воляй. А што, калі багі зноў надумалі якую-небудзь д’ябальскую штуку?
Белы Клык зрабіў некалькі павольных, асцярожных крокаў, кожную хвіліну чакаючы нападу. Ён не ведаў, што яму рабіць, на­столькі нязвычная была гэтая воля.
На ўсякі выпадак Белы Клык аддаліўся ад назіраючых за ім багоў і асцярожнымі крокамі адышоў за вугал дома. Нічога не здарылася. Збіты з панталыку ўсім гэтым, Белы Клык вярнуўся назад і, спыніўшыся футах у дванаццаці ад людзей, пачаў пільна назіраць за імі.
— А ён не ўцячэ? — запытаў новы гаспадар.
Мэт паціснуў плячыма.
— Рызыкнём. Без гэтага нічога не даведаешся.
— Небарака! — прамармытаў Скот і са шкадаваннем глядзеў на сабаку. — Больш за ўсё ён мае патрэбу ў чалавечай ласцы.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і ўвайшоў у дом. Потым вынес з сабой кавалак мяса і кінуў яго Беламу Клыку. Той адскочыў убок і пачаў недаверліва разглядаць кавалак здалёк.
— Назад, Маёр! — крыкнуў Мэт, але было ўжо позна. Маёр кі­нуўся да мяса, і ў той момант, калі кавалак ужо быў у яго ў зубах, Белы Клык наляцеў і зваліў сабаку з ног. Мэт кінуўся да іх, але Белы Клык зрабіў сваю справу хутка. Маёр ледзь падняўся на ногі, а кроў, якая хлынула ў яго з горла, чырвонай лужай распаў­залася па снезе.
289
— Шкада Маёра, але ён варты таго, — паспешна сказаў Скот. Мэт ужо падняў нагу, каб ударыць Белага Клыка. Хутка адно
за другім адбыліся прыжок, лясканне зубоў і рэзкі выгук.
Раз’юшана рыкаючы, Белы Клык адпоўз на некалькі ярдаў на-
зад, а Мэт нахіліўся і пачаў аглядаць пракушаную нагу.
— Цапнуў усё ж, — сказаў ён, паказваючы разарваныя штаны і
споднюю бялізну, на якой расплывалася крывавая пляма.
— Я ж казаў вам, што гэта безнадзейная справа, — з роспаччу ў голасе вымавіў Скот. — Я аб гэтым сабаку ўжо многа думаў. Ну, што ж, нічога іншага не застаецца.
З гэтымі словамі ён нехаця выняў рэвальвер і, агледзеўшы ба­рабан, пераканаўся, што кулі ў ім ёсць.
— Паслухайце, містэр Скот, — запратэставаў Мэт, — чаго толь­кі гэтаму сабаку не давялося перанесці! Нельга ж патрабаваць, каб ён адразу ператварыўся ў анёла. Дайце яму тэрмін.
— Паглядзіце на Маёра, — адказаў Скот.
Паганяты глянуў на скалечанага сабаку. Ён валяўся на снезе ў лужыне крыві і, як відаць, здыхаў.
— Ён варты таго. Вы ж самі так сказалі, містэр Скот. Паквапіў­ся на мяса Белага Клыка, — значыць, спета яго песенька. Гэтага трэба было чакаць. Я і граша ломанага не дам за сабаку, які аддасць свой кавалак без бою.
— Ну, а вы самі, Мэт? Сабака — сабакай, але ўсяму павінна быць мера.
— І мне па заслугах, — не здаваўся Мэт. — За што я яго ўдарыў? Вы ж самі сказалі, што праўда на яго баку. Значыць, мне не трэ­ба было біць яго.
— Мы зробім добрую справу, застрэліўшы гэтага сабаку, — на­стойваў Скот. — Нам яго не прыручыць!
— Паслухайце, містэр Скот! Давайце праверым небараку. Ня­хай пакажа сябе. Ён жа чорт ведае што выцерпеў, перш чым апынуцца на волі. Давайце паспрабуем. А калі ён не апраўдае на­шага даверу, я яго сам застрэлю.
— Ды мне зусім не хочацца яго забіваць, — адказаў Скот, хава­ючы рэвальвер. — Няхай пабегае на волі, паглядзім, што з ім можна дабром зрабіць. Вось я зараз паспрабую.
Ён падышоў да Белага Клыка і загаварыў з ім мяккім голасам.
— Вазьміце палку на ўсякі выпадак, — папярэдзіў Мэт.
Скот адмоўна паківаў галавой і прадаўжаў гаварыць, стара­ючыся заваяваць давер Белага Клыка.
Белы Клык насцярожыўся, адчуваючы набліжэнне нейкай небяспекі. Ён забіў сабаку бога, укусіў яго таварыша. Чаго ж
290