Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
tekst-posobiya-po-ib.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
2.35 Mб
Скачать

Глава 2. Грамадска-палітычнае жыццё § 1. Асноўныя рысы беларускага савецкага грамадства

У міжваенны перыяд (20–30-я гады) грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі, як і ў Савецкай краіне ў цэлым, было поўным супярэчнасцей, цесна звязаным з сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, што адбываліся ў гэтыя гады. У сваю чаргу грамадска-палітычнае жыццё ў значнай ступені вызначала стан усяго грамадства, бо ва ўмовах пабудовы сацыялізму перавага аддавалася ідэалагічным, палітычным падыходам да кіраўніцтва як эканамічным, так і сацыяльным бокам жыцця.

Існаванне розных форм уласнасці ў народнай гаспадарцы патрабавала адпаведнай дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. Гэта праявілася ў пашырэнні ролі Саветаў як органаў улады, іх дэмакратызацыі. Узніклі местачковыя саветы. Былі прыняты новыя палажэнні аб з’ездах мясцовых Саветаў і выканкомаў гэтых Саветаў. Пашыраліся правы мясцовых органаў улады ў пытаннях фарміравання і размеркавання мясцовага бюджэту, развіцця гаспадаркі і культуры, умацавання правапарадку і законнасці. У красавіку 1927 г. была прынята Канстытуцыя БССР. На яе падставе ў снежні гэтага ж года Прэзідыум ЦВК і СНК БССР пастановай “Аб рэарганізацыі і скарачэнні савецкага апарату і аб пашырэнні правоў мясцовай улады” перадалі некаторыя паўнамоцтвы цэнтральнага апарату аддзелам і інспекцыям акруговых выканаўчых камітэтаў. У сваю чаргу, ад акруговых выканкамаў асобныя функцыі кіравання перайшлі ў кампетэнцыю сельскіх, местачковых, раённых і гарадскіх Саветаў. У 1927 г. у Беларусі было 8 акруговых, 101 раённы, 1470 сельскіх, 52 местачковыя і 29 гарадскіх Саветаў, у тым ліку 48 нацыянальных Саветаў. Дэпутатамі мясцовых Саветаў БССР былі больш за 30 тыс. чалавек. Кампартыя бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) хоць і аказвала значны ўплыў на дзейнасць Саветаў, але не мела яшчэ пераважнай большасці ў іх складзе, асабліва ў вёсцы.

У беларускім грамадстве ў першай палове 20-х гадоў магчыма вызначыць існаванне і барацьбу двух тэндэнцый. Адна з іх была накіравана на пэўную дэмакратызацыю ў палітычных адносінах, што адпавядала мэтам і ўмовам нэпа, другая – на працяг палітыкі ваеннага камунізму, падтрыманне тэндэнцыі да манапалізацыі ўсяго палітычнага жыцця КП(б)Б, непрымірымых адносін партыі камуністаў да іншых палітычных партый, сілавых метадаў вырашэння супярэчнасцей.

Уплывовай палітычнай партыяй, якая выступала ў абарону інтарэсаў сялянства, з’яўлялася беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў або БПС-Р). Адмовіўшыся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, якая не адпавядала яе палітычным поглядам, БПС-Р аб’явіла сябе палітычнай апазіцыяй. Адрозненне пазіцыі беларускіх эсэраў ад пазіцыі КП(б)Б заключалася ў пытаннях, звязаных з характарам улады, суверэнітэтам БССР і пашырэннем тэрыторыі рэспублікі да этнаграфічных межаў. БПС-Р лічыла недапушчальнай дыктатуру рабочага класа на Беларусі і патрабавала ўсталяваць “дыктатуру працоўнага народа”.

З гэтага моманту пачалося адкрытае процістаянне дзвюх палітычных партый, якое скончылася не на карысць БПС-Р. У 1921 г. карныя органы арыштавалі 860 актыўных яе членаў. Усе яны былі інтэрніраваны – перапраўлены ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад уладай Польшчы.

На пачатку 20-х гадоў на Беларусі дзейнічалі арганізацыі моладзі “Труд і свет” (папярэдніка камсамола), Яўкамол (яўрэйскі камсамол), “Юнацкі сіндыкалізм”, “Саюз сялянскай моладзі” і інш. У верасні 1920 г. адбыўся першы Усебеларускі з’езд камсамола Беларусі. Ён супрацьстаўляў сябе іншым маладзёжным арганізацыям, імкнуўся да манапольнага ўплыву на моладзь.

У канцы 1922 г. паскорыўся працэс аб’яднання савецкіх рэспублік, у якім актыўны ўдзел брала БССР. IV Усебеларускі з’езд Саветаў у снежні 1922 г. адобрыў ідэю стварэння Саюза ССР., абраў паўнамоцную дэлегацыю для паездкі ў Маскву.

На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў 30 снежня 1922 г. 25 прадстаўнікоў БССР разам з дэлегацыямі РСФСР, УССР і ЗСФСР падпісалі дэкларацыю і дагавор аб стварэнні СССР. За кожнай рэспублікай захоўваліся права свабоднага выхаду, роўныя правы і ўмовы развіцця, самастойнасць у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі. У склад ЦВК СССР былі абраны і прадстаўнікі Беларусі. А Р. Чарвякоў стаў адным з чатырох старшынь ЦВК СССР.

Стварэнне СССР дало магчымасць аб’яднаць намаганні гістарычна звязаных паміж сабой народаў, спрыяць іх хуткаму эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю. Аднак з канцы 20-х гадоў у СССР перавага стала ўсё больш надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Пэўным крокам у накірунку да дэмакратызацыі з’явілася амністыя ў сувязі з трэцяй гадавінай вызвалення Мінска ад польскіх інтэрвентаў. 11 ліпеня 1923 г. яна была абвешчана ўсім членам беларускіх нацыянальных арганізацый, палітычным і культурным дзеячам, удзельнікам антысавецкіх беларускіх фарміраванняў, членам партыі беларускіх эсэраў, беларускім сялянам і выхадцам з працоўнага асяроддзя, якія ў свой час далучыліся да контррэвалюцыйных арганізацый, а затым абвясцілі аб лаяльных адносінах да савецкай улады. Амністыя мела значны ўплыў на палітычнае жыццё, спрыяла росту аўтарытэту Кампартыі Беларусі і даверу да яе. У чэрвені 1924 г. у Мінску правяла свой надзвычайны з’езд партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, на якім яна заявіла аб самароспуску і заклікала ўсіх сваіх членаў да спынення ўсякай варожай дзейнасці супраць савецкай улады на Беларусі. Самароспуск БПС-Р, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, прывёў фактычна да ліквідацыі на Беларусі арганізаванай палітычнай апазіцыі.

У сярэдзіне 20-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё было зведзена да дзейнасці давольна вузкага кола арганізацый. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі імкнулася ўсталяваць і ўмацаваць свой поўны і бясспрэчны кантроль як над складам іх кіруючых органаў, так і над усёй практычнай дзейнасцю гэтых арганізацый. КП(б)Б стаалася ўцягнуць як мага больш насельніцтва ў дзеючыя пад яе кантролем арганізацыі. У камсамоле ў 1925 г. было ўжо 37,7 тыс. чалавек, у складзе прафсаюзаў у 1926 г. – 149 тыс., у 1928 г. – 388 тыс., на пачатку 1937 г. – больш за 510 тыс. чалавек.

З другой паловы 20-х гадоў узмацнілася дырэктыўная сістэма кіравання не толькі эканомікай, але і іншымі сферамі грамадскага жыцця, узрасла роля партыйна-дзяржаўнага апарату. Гэта адмоўна адбілася перш за ўсё на вытворчай дэмакратыі. Пытанні арганізацыі вотворчасці, якія раней ставіліся на сходах рабочых або вытворчых нарадах, цяпер станавіліся справай вузкага кола асоб.

Разам з пераходам да дырэктыўнай эканомікі, згортваннем, а затым і адмовай ад нэпа, наступам сацыялізму па ўсяму фронту разгарнуўся працэс пераўтварэння палітычнага рэжыму дэмакратычнага цэнтралізму, які пераважаў у пачатку 20-х гадоў (але, заўважым, ужо і тады з ухілам да цэнтралізму), у рэжым аўтарытарнага цэнтралізму. У пачатку 30-х гадоў у беларускім савецкім грамадстве былі ўсе рысы таталітарнага палітычнага рэжыму.

Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Дзяржава дыктатуры пралетарыяту пераўтваралася ў дзяржаву дыктатуры адной партыі, а дакладней – дыктатуры партыйнага кіраўніцтва і партапарату ВКП(б).

Вышэйшым органам заканадаўчай улады ў БССР, у адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1937 г., стаў Вярхоўны Савет БССР (раней – Усебеларускі з’езд Саветаў). Вышэйшым органам выканаўчай улады з’яўляўся Савет народных камісараў БССР, а ў абласцях, гарадах, раёнах і сельсаветах – выканаўчыя камітэты адпаведных Саветаў. Была пабудавана вертыкаль судовай улады, пачынаючы ад Вярхоўных судоў СССР і БССР і да гарадскіх і раённых судоў уключна. Разам з тым пры Народных камісарыятах унутраных спраў СССР і БССР, створаных у 1934 г. на базе адпаведных АДПУ (Асобнае Дзяржаўнае Палітычнае Упрўленне) дзейнічалі пазасудовыя органы – Асобныя нарады. Існавала яшчэ адна пазасудовая ўстанова – “тройкі”, якія мелі права выносіць судовыя рашэнні аж да пакарання смерцю.

У 1932 – 1933 гг. у СССР і БССР быў устаноўлены пашпартны рэжым. Пашпарты ўводзіліся для жыхароў гарадоў, рабочых пасёлкаў, раённых цэнтраў, новабудоўляў, саўгасаў, МТС, прыгранічных зон, абаронных аб’ектаў і інш. Сельскае насельніцтва (калгаснікі) пашпартаў не атрымлівалі і ўлічваліся па спісах, якія вялі сельсаветы. Калгаснікі маглі прымацца на работу на прадпрыемствы ў гарадах толькі пры наяўнасці ў іх спраўкі ад праўлення калгаса аб яго згодзе на адыход калгасніка. Па сутнасці, правы калгаснікаў былі абмежаваны. Яны прымацоўваліся да калгаса, які вызначаў іх лёс, іх будучае.

Рэальная палітычная ўлада канцэнтравалася ў партыйных органах. Саветы ў 30‑я гг. XX ст. толькі фармальна лічыліся палітычнай асновай грамадства. Іх дзейнасць абмяжоўвалася ў асноўным рашэннем гаспадарчых і культурна-асветных задач. Узмацнялася цэнтралізацыя ў кіраўніцтве краінай і яе эканомікай, фарміраваўся магутны рэпрэсіўны апарат. Насаджаліся адміністрацыйна-дырэктыўныя метады ўпраўлення, што абмяжоўвала ініцыятыву і прадпрымальнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўзмацняла бюракратызм дзяржаўных структур. Павышалася роля партыйна-дзяржаўнага апарату і затухала актыўнасць грамадскіх арганізацый, якая была характэрнай для іх дзейнасці ў 20-я гг. XX ст.

Усталяванне таталітарнага рэжыму, асабістай улады Сталіна праходзіла ва ўмовах жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы у ВКП(б), праявы якой мелі месца і ў КП(б) Беларусі. У працэсе гэтай барацьбы сама КП(б)Б пацярпела ад усялякіх “чыстак”, “выкрыванняў”, страціла значную частку сумленных камуністаў, якія спрабавалі супрацьстаяць усталяванню сталінізму. У выніку “чысткі” партыі і абмену партыйных білетаў (1933–1936) колькасць членаў КП(б)Б скарацілася з 42 да 20 тыс. чалавек. У ходзе “чыстак” выключаліся перш-наперш іншадумцы і тыя, хто дапускаў ваганні.

Так у 30-я гады канчаткова сфарміраваліся палітычныя інстытуты беларускага грамадства, характэрнымі рысамі якога з’яўляюцца:

  • аднапартыйная сістэма, усеўладдзе партыйна-дзяржаўнай наменклатуры і абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства;

  • дзяржаўнае дырэктыўнае планаванне развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры, панаванне агульнанароднай (дзяржаўнай) уласнасці на сродкі вытворчасці;

  • адсутнасць эксплуататарскіх класаў і капіталістычнай эксплуатацыі чалавека чалавекам;

  • моцная сацыяльная палітыка ў інтарэсах большасці народа – права на працу і абавязак працаваць (адсутнасць беспрацоўя), бясплатнасць адукацыі і аховы здароўя, гарантаванасць пенсійнага забеспячэння, таннасць жылля і камунальных паслуг, пуцёвак у санаторыі і дамы адпачынку;

  • рост агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню народа і даступнасць дасягненняў культуры і сусветнай цывілізацыі для чалавека працы;

  • рашучая і бескампрамісная барацьба са злачыннасцю і негатыўнымі з’явамі ў грамадстве (п’янствам, наркаманіяй, прастытуцыяй, спекуляцыяй і інш.), што нярэдка прыводзіла да грубых парушэнняў сацыялістычнай законнасці;

  • панаванне ў свядомасці большай часткі насельніцтва марксісцка-ленінскай ідэалогіі.

Разам з тым для створанага ўпершыню ў СССР і БССР сацыялістычнага грамадства былі характэрны дэфармацыі, якія сведчылі аб парушэнні стваральнікамі новага грамадства прынцыпаў класічнага марксізму. Да ліку дэфармацый можна аднесці забарону прыватнай ініцыятывы і прадпрымальніцкай дзейнасці, абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства, парушэнне сацыялістычнай законнасці і правоў чалавека, нізкі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту людзей і інш. Аднак, трэба разумець, што дэфармацыі сацыялізму былі абумоўлены не толькі памылкамі партыйнага і савецкага кіраўніцтва. Яны мелі і аб’ектыўную прыроду. Дэфармацыі сацыялізму абумоўліваліся як складанасцю і маштабнасцю ўпершыню вырашаемых задач, так і наяўнасцю варожага СССР капіталістычнага акружэння, яго жаданнем знішчыць першую ў свеце краіну сацыялізму.

Нягледзячы на дэфармацыі сацыялізму, жорсткасць палітычнага рэжыму і рэпрэсіі, грамадская атмасфера 30-х гадоў была прасякнута пафасам стваральнай працы. Мелі месца сапраўдны працоўны гераізм і добрасумленнае служэнне Айчыне. У працоўнае асяроддзе ўкараняліся каштоўнасці чалавечай дабрыні, салідарнасці і справядлівасці. Змяняліся светапогляд і псіхалогія савецкіх людзей. Ідэяй, якая мела векавыя традыцыі і магутную аб’яднальную сілу, стала ідэя патрыятызму. У інтарэсах патрыятычнага выхавання ў школах было адноўлена выкладанне айчыннай гісторыі. У сродках масавай інфармацыі вышэйшай доблесцю савецкіх людзей абвяшчаўся патрыятызм. Прапагандаваліся таксама ідэі моцнай дзяржаўнасці і перавагі грамадскіх інтарэсаў над асабістымі, матывы шчаслівага жыцця і паўнацэннай сям’і.

Савецкі, у тым ліку і беларускі народ, ганарыўся дасягненнямі ў галіне навукі, адукацыі і культуры. Для мільёнаў людзей адкрыліся перспектывы атрымаць адукацыю, у тым ліку і вышэйшую, падняцца з самых “нізоў” да высокіх пасад у дзяржаве, увайсці ў навуковую эліту, раскрыць і рэалізаваць свае творчыя здольнасці.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]