I шпакоў, -
цю, га!
Ды ганяем катоў
Ля платоў.
Гаў, гаў!
Ш а р ы к (аказаўшыся перад гаспадаром).
Няма спуску мышам,
Пацукам, -
раз, два!
Шэрым жабам, кратам
I жукам...
М і ш а. Гаў, гаў!
Шарык і Міша (разам).
Вераб'я-цвыркуна
Абскубём, -
ха-ха!
А ката Баюна
разарвём,
Гаў, гаў!
(Міша і Шарык падымаюцца на авансцэну.)
М і ш а (скончыўшы спяваць). Але дзе ён падзеўся ад нас, мышалоў пракляты?
Ш а р ы к. Ды ну, гаспадар! Мышалоў з яго, як з мяне стралок усё роўна. Гультай ён адпеты і толькі. Ужо я за яго лепей мышэй лаўлю. Я іх нават з нораў на полі выкопваю лапамі.
М і ш а. Рабяты! А вы не бачылі, куды пабег Кот Баюн?.. Не?.. Вось шкада.
(З'яўляецца Таня.)
Т а н я. Здаровы, прыяцелі!
М і ш а. Здарова, Танька.
Ш а р ы к. Гаў! Прывітанне.
Т а н я. Дзе вы швэндаецеся гэта?
М і ш а. Палюем. Не бачыш хіба?
Т а н я. На каго?
М і ш а. На вераб'ёў, на катоў.
Ш а р ы к. Вось вашага Марціна ганялі толькі што. Але ўцёк, нягоднік.
М і ш а. Ты лепш яго не выпускай з хаты, Танька, а то я яму лапы ўсе паперабіваю.
Ш а р ы к. А я хвост адгрызу, жыў не буду!
Т а н я. А за што вы на яго такую злосць маеце.
Ш а р ы к. У нас, сабак, на каціны род злосць старая, кроўная. Наш прадзед Барбос Барбосавіч іхняму прадзеду Катафею Катафеевічу даў схаваць важныя дакументы. Ну, той схаваў паперы ў страху, а там іх мышы паелі. Дык вось з таго часу мы і помсцім катам, а яны — мышам.
Т а н я. 3 таго часу шмат вады ў мора ўцякло. Так што варта было б памірыцца і пасябраваць нават.
Ш а р ы к. 3 катамі?! Ні за што на свеце! За шмат гонару ім, акаянным, будзе.
Т а н я. А табе, Міша, што зрабіў наш Марцін Мурлыкавіч?
М і ш а. Ён мне перабег дарогу сёння, паганец, і я праз яго адхаплю двойку ў школе, вядома.
Т а н я. Дык ён жа не чорны, не шкодны.
М і ш а. Усе яны, каты, непрыяцелі нашы: чорныя, белыя, шэрыя і рабыя. Апчхі! Вось і праўда. I я буду біць іх усіх, дзе толькі сустрэну.
Т а н я. Ну і забабонны ты, Міша! А табе трэба было б лепш урокі вучыць, дык больш бы шанцавала тады.
М і ш а. Вучыў, колькі ж можна.
Т а н я. Не веру. Ты і памыцца не дабраў часу нават. Рукі брудныя і твар у сажы.
Ш а р ы к. А нашто кожны дзень мыцца. Мне і не ў памяці, калі я апошні раз мыўся. А мядзведзь, кажуць, ніколі не мыецца, затое ён вунь які дужы.
Т а н я. Выдумка. I ты, Шарык, мядзведзем не станеш, хоць і мыцца не будзеш.
М і ш а (выціраючы шапкай твар). Задачку рашыла?
Т а н я. Рашыла.
М і ш а. Дасі перапісаць?
Т а н я. Дудкі, сам рашыць можаш.
М і ш а. Ды я не разумею ўмовы. Дык растлумач ты мне яе хоць.
Т а н я. А з якой гэта ласкі, цікава?
М і ш а. Ну, ды па-сяброўску проста.
Т а н я. А я не сябрую з хлопцамі. Яны ўсе задзіры і распуснікі.
М і ш а. Дык а чаго тады ходзіш за мной?
Т а н я. Каб не даць крыўдзіць птушак.
М і ш а. Драпай адсюль хутчэй, а то зацкую сабакам.
Т а н я. А ты мне не забароніш. Дзе хачу, там і хадзіць буду.
М і ш а. Доўга будзеш тырчэць тут? Кусі яе, Шарык!
Ш а р ы к. Гаў, гаў! Прэч, нягоднае дзеўчанё, а то зараз абарву ўсе лыткі. Гаў, гаў!
Т а н я. Я пайду, але ўсё роўна буду сачыць за вамі, і раскажу ўсё-ўсё настаўніцы. (Адыходзіць.)
М і ш а (услед ёй). Можаш сабе, даносчыца! Правальвай! Правальвай! А я тым часам падсілкуюся крыху. (Дастае з партфеля бутэрброд і пачынае есці.)
