Скачиваний:
8
Добавлен:
15.06.2014
Размер:
38.05 Кб
Скачать

28. Адной з асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы. Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства. З канца XVIII да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3–4 разы. У сувязі з пераўтварэннем бульбы з агароднай культуры ў палявую яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20– 25 разоў. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 г . у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі. Няледзячы на панаванне паншчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя вырабы. Пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. Адным з яскравых паказчыкаў крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы было нарастанне сялянскага руху. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі. У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі пашырыліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. Але найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей і падача “іскаў аб вольнасці” на імя цара. З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. Аўтарам адной з рэформ для яго пераадолення быў П.Д. Кісялёў – кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права. Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам. Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. Яны былі абвешчаны вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, мяняць накірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян нічым не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, у Беларусі – на паншчыне. Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудовы яе апарату кіравання. Замест чатырох’яруснай сістэмы мясцовага кіравання, уведзенай у расійскіх губернях, у Беларусі ўстанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня – акруга – сельская ўправа. У выніку рэформы абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору. Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам на выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі побыт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў. Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д. Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У працэсе люстрацый у Беларусі знішчаюцца фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. З фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў. Да канца 1857 г. на аброк пераведзены ўсе дзяржаўныя маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна- прагрэсіўны характар. Агульная плошча сялянскага надзельнага фонду ў выніку рэформы П.Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. І хоць гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй (за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %), але затое было некалькі ўраўнавана становішча сялян, знізіўся цяжар павіннасцей. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. З 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў займацца падрыхтоўкай інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. З-за супраціўлення памешчыкаў інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы была значна менш радыкальнай. Яна ўніфікавала памер павіннасцей сялян шляхам увядзення ў памешчыцкіх маёнтках абавязковых інвентароў па адзіных правілах. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся многія ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Інвентарная рэформа не вырашыла найважнейшага пытання – аб сялянскім землекарыстанні. Толькі 14 мая 1855 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў перагледжаныя ў інвентарных камітэтах правілы для маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у якіх вызначаўся мінімальны сялянскі надзел у 4,75 дзесяціны на рэвізскую душу, а паншчына – 3 дні ў тыдзень.

29. Некаторыя гісторыкі пішуць, што указам ад 18 ліпеня 1840 г. забаранялася ужываць тэрміны “Беларусь”…Каб высветліць, аб чым ідзе размова ва ўказе ад 18 ліпеня 1840 г., прывядзём яго частку. “…По случаю внесения по высочайшему предписанию проекта указа, в котором упоминались губернии Белорусския и Литовския под сими наименованиями, государь император, зачеркнув название Белорусских и Литовских, изволил приказать переписать указ с поименованием губерний, каждой отдельно, Витебскою, Могилевскою, Виленскою и Гродненскою…” Па-першае, у гэтым указе не названа Мінская губерня. I гэта невыпадкова. Як відаць з царскіх указаў і ўрадавых распараджэнняў, да ліку беларускіх губерняў адносіліся Магілёўская і Віцебская губерні, а да літоўскіх – Віленская і Гродзенская. Мінская губерня ні да беларускіх, ні да літоўскіх губерняў не адносілася. Так, 11 кастрычніка 1821 г. былі “высочайше” зацверджаны правілы “О взыскании недоимок в губерниях Белорусских, Литовских, Минской, Киевской, Волынской, Подольской и Белостокской области”. Па-другое, у гэтым указе няма ні слова аб забароне ўжываць назвы “Беларусь” і “Літва”. Размова ў ім ідзе толькі аб упарадкаванні дзяржаўнага справаводства, што бачна з далейшых царскіх загадаў і ўрадавых распараджэнняў. Можна назваць больш за 10 урадавых распараджэнняў, выдадзеных у 40 – 80-я гады XIX ст., у якіх ужываецца назва “беларускія і літоўскія губерні”. Па-трэцяе, тэрміны “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні” ўжывалі ў сваіх запісках, справаздачах і іншых дакументах расійскія чыноўнікі. Так, віленскі генерал-губернатар У.І. Назімаў пісаў 14 лютага 1862 г. аб тым, што “вслед за высоч. Манифестом (19 лютага 1861 г. аб адмене прыгоннага права) в пределах Царства Польского, Литовских, Белорусских и некоторых других западных губерниях возникли беспорядки…”. Па-чацвёртае, у тыя гады, калі быццам бы дзейнічаў указ аб забароне тэрмінаў “Беларусь”, “беларускія”, існавала Беларуская навучальная акруга. Яна была створана ў 1829 г. для арганізацыі і кіравання навучальнымі ўстановамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, кіраўніцтва якімі да гэтага часу ажыццяўляла Пецярбургская навучальная акруга. З закрыццём Віленскага універсітэта ўсе падначаленыя яму вучылішчы былі далучаны да Беларускай навучальнай акругі. 20 мая 1850 г. была адноўлена Віленская навучальная акруга. Віцебская і Магілёўская губерні спачатку былі далучаны да Пецярбургскай навучальнай акругі, а 7 кастрычніка 1864 г. – да Віленскай навучальнай акругі. Па-пятае, малавядомым фактам гісторыі з’яўляецца існаванне ў расійскай арміі 7-га гусарскага Беларускага палка імя імператара Аляксандра I. Полк удзельнічаў у руска-турэцкіх войнах 1806 – 1812, 1828 – 1829, 1877 – 1878 гг., Айчыннай вайне 1812 г., Крымскай вайне 1853 – 1856 гг., у падаўленні паўстання 1830 – 1831 гг. Па-шостае, у друкарнях Пецярбурга, Масквы, Мінска, Вільні і іншых гарадоў Расійскай імперыі выдаваліся кніжкі, брашуры, артыкулы з назвамі “Беларусь”, “беларускі”. Паводле няпоўных падлікаў доктара гістарычных навук А.П. Ігнаценкі, з 1841 па 1917 г. было выдадзена каля 190 такіх кніг і брашур. Гэта сведчыць аб тым, што ніякай афіцыйнай забароны тэрмінаў “Беларусь”, “беларускі” не існавала. Па-сёмае, многія навукоўцы і пісьменнікі сцвярджаюць, што пасля забароны тэрмінаў “Беларусь” і “Літва” было ўведзена “невыразнае штучнае найменне” “Паўночна-Заходні край”, “Заходні край”. Але гэта яўная недарэчнасць або свядомая фальсіфікацыя гісторыі. Заходнія губерні, Заходні край, Заходняя паласа Расіі – гэта тэрыторыя Украіны, Беларусі і Літвы (Кіеўская, Валынская, Падольская, Магілёўская, Віцебская, Мінская, Віленская, Гродзенская губерні і Беластоцкая вобласць). Паўднёва-Заходні край – гэта тэрыторыя Украіны, Паўночна-Заходні край – тэрыторыя тагачаснай Літвы, як яе тады разумелі (сучасная Літва і Заходняя Беларусь). Указ ад 18 снежня 1842 г. “О преобразовании Северо-Западных губерний” сведчыць аб тым, што Паўночна-Заходні край – гэта тэрыторыі Мінскай, Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў. Але 22 снежня 1870 г. быў абвешчаны новы ўказ “Об изъятии Минской губернии из ведения главного управления Северо-Западным краем”. Гэта дае падставу лічыць, што Мінская губерня была аднесена да беларускіх губерняў Беларускага краю (разам з Віцебскай і Магілёўскай губернямі). Можна прывесці шмат іншых дакументаў, у якіх размяжоўваюцца паняцці “Беларускія губерні”, “Беларускі край” і “Паўночна-Заходнія губерні”, “Паўночна-Заходні край”. Напрыклад, 12 чэрвеня 1893 г . з’явілася “Распоряжение, объявленное Правительствующему Сенату министром внутренних дел. Об утверждении формы выкупного акта на участки земли, выкупаемые русскими арендаторами православного исповедания, водворенными на владельческих землях в губерниях Северо-Западных и Белорусских до 19 февраля 1861 г.”. З цягам часу тэрмін “Паўночна-Заходні край” пачаў распаўсюджвацца на ўсе 6 беларуска-літоўскіх губерняў. Аднак тэрміны “Беларусь” і “беларускі” ніколі не забараняліся і не выключаліся з дзяржаўнага і афіцыйнага ўжывання, бо яны разам з назвамі “Велікаросія”, “велікароскі”, “Маларосія”, “малароскі”, маючы адзіны корань “рос”, служылі для самадзяржаўя пацвярджэннем яго тэорыі “о трёх племенах единого русского народа”. Па-восьмае, гістарычнай навуцы невядомы царскі ўказ ці ўрадавае распараджэнне аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Наадварот, кнігі на беларускай мове выдаваліся ў друкарнях Расійскай імперыі, асабліва ў другой палове XIX – пачатку XX ст.

38. Нацыя – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Вырашальную ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрывалі капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Рэформа 1861 г., вызваліўшы сялян ад прыгоннай залежнасці, стварыла ўмовы для капіталістычнай перабудовы памешчыцкай і сялянскай гаспадарак. У працэсе станаўлення рыначнай эканомікі адбывалася разлажэнне саслоўяў феадальнага грамадства – дваран, сялян, рамеснікаў, гандляроў, купцоў і фарміраванне асноўных класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі. Сацыяльнай базай для фарміравання пралетарыяту з’явілася сялянская бедната, дробныя рамеснікі і гандляры, збяднелыя мяшчане і шляхта. Налічвалася звыш 460 тыс. наёмных рабочых. Прамысловы пралетарыят Беларусі характарызаваўся шматнацыянальнасцю і адносна невысокай канцэнтрацыяй. Гандлёва-прамысловая буржуазія Беларусі была таксама шматнацыянальнай, прычым большую яе частку складалі прадстаўнікі небеларускага этнічнага насельніцтва (яўрэйскія, польскія і рускія прамыслоўцы і купцы). Беларуская нацыянальная буржуазія амаль цалкам складалася з заможных сялян і выхадцаў з дробнай шляхты. Раскіданая па вёсках, расколатая паводле канфесійнай прыналежнасці, беларуская нацыянальная буржуазія не ўсведамляла сваёй ролі ў нацыянальна-культурным адраджэнні і абыякава, іншы раз варожа ставілася да яго. Слабасць нацыянальнай буржуазіі ў пэўнай ступені замаруджвала працэс кансалідацыі беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвала і

тое, што ў шматгранным жыцці беларускага горада ў ХІХ ст. не выкарыстоўвалася беларуская мова. У канцы ХІХ ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Яна ўключала поўнасцю Магілёўскую і Мінскую губерні, частку Віленскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў. Галоўным арэалам кансалідацыі беларускай нацыі былі цэнтральная і паўночна-заходняя часткі Беларусі, найбольш развітыя ў эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных адносінах. Тут пражывала амаль палова пісьменных беларусаў, адсюль выйшла большасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і культуры таго перыяду. Сярэднебеларускія гаворкі склалі аснову беларускай літаратурнай мовы. Працэс фарміравання беларускай нацыі закрануў і насельніцтва Палесся, якое, аднак, захоўвала моўныя і культурныя асаблівасці. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі працэсы нацыянальнай кансалідацыі ішлі больш запаволена, тут адчуваўся больш моцны расійскі ўплыў. Паводле перапісу 1897 г., на тэрыторыі пяці заходніх губерняў пражывала 5,4 млн. беларусаў, 3,1 млн. іншых. З іх яўрэяў – 13,8 %. Абсалютная большасць беларусаў жыла ў сельскай мясцовасці (больш за 90 %). Асаблівасцю беларусаў як этнасу быў падзел паводле канфесійнай прыналежнасці на праваслаўных і католікаў. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл не прызнавалі існавання беларускага этнасу, лічачы, што праваслаўныя беларусы ёсць рускія, а беларусы-католікі – палякі. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. працягваўся працэс фарміравання мовы беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў гутарковай мове. Ішло паступовае змешванне мясцовых дыялектаў, з’яўляліся новыя словы і тэрміны, паланізмы замяняліся русізмамі. Асабліва моцны ўплыў рускай мовы адчуваўся ў фанетычным складзе паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак. На аснове жывой гутарковай народнай мовы фарміравалася новая беларуская літаратурная мова. Яна не магла развівацца на базе старабеларускай мовы, якая з ХVІІІ ст. фактычна стала мёртвай. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх літаратурных творах шырока выкарыстоўвалі народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Беларуская літаратурная мова развівалася галоўным чынам як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. Істотнай перашкодай развіццю беларускай пісьмовай мовы з’яўлялася адсутнасць яе нарматыўнай граматыкі. Але паступова ішоў працэс складвання графічнай сістэмы, правапісных і граматычных норм, узбагачэння лексікі беларускай літаратурнай мовы. Галоўную сферу духоўнай культуры беларускай нацыі перыяду фарміравання капіталізму складалі народныя формы мастацтва, традыцыйныя абрады і звычаі. Працягвалі існаваць такія віды фальклору, як абрадавая паэзія каляндарна-вытворчага і сямейна-абрадавага цыклаў, апавядальны жанр, лірычная паэзія. Фальклор адлюстроўваў сацыяльнае палажэнне простага народа, надаючы сацыяльную вастрыню прыпеўкам, песням, казкам і апавяданням. Узнікаў так званы рабочы рэвалюцыйны фальклор. Развівалася народнае тэатральнае мастацтва з захаваннем традыцыі батлейкі. Працоўная дзейнасць народа знайшла сваё адлюстраванне ў танцах “Лянок”, “Бульба”, “Бычок”, “Крыжачок” і інш. У тэатралізаваных прадстаўленнях і на абрадавых святах народныя музыкі на дудках, свірэлях, дудах, гуслях, цымбалах, скрыпках, бубнах выконвалі шматлікія песні і прыпеўкі. Адметнасць беларускага этнасу адлюстроўвалася ў своеасаблівым народным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Кансалідацыя беларускага этнасу ў нацыю суправаджалася ростам нацыянальнай самасвядомасці. З другой паловы ХІХ ст. сталі ўсё больш актыўна ўжывацца назва “Беларусь” і этнонім “беларусы”. Паводле перапісу 1897 г., беларускую мову лічылі роднай 74 % насельніцтва Беларусі. Фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі публікацыі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. фундаментальных навуковых прац, прысвечаных беларускаму народу, яго мове, культуры і гістарычнаму мінуламу. Працы І.І. Насовіча, М.А. Дзмітрыева, Ю.Ф. Крачкоўскага, А.М. Семянтоўскага, М.Я. Нікіфароўскага, Я.Ф. Карскага, Е.Р. Раманава і іншых аўтараў аб’ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу. Важнае значэнне на шляху абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў адыгралі працы В.Ю. Ластоўскага, асабліва яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, дзе ўпершыню беларускі этнас разглядаўся як суб’ект гістарычнага працэсу. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у асноўным завяршыўся працэс фарміравання беларускай нацыі. Адмоўнае ўздзеянне на гэты працэс аказвалі слабасць нацыянальнай буржуазіі, беднасць і непісьменнасць большасці беларусаў, рэлігійны раскол і антыбеларуская скіраванасць праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла, школы, друку, дзяржаўных устаноў, якія адмаўлялі існаванне беларускага этнасу і ўсіх беларусаў лічылі альбо рускімі, альбо палякамі. Да пачатку ХХ ст. цалкам не завяршыліся складванне нацыянальнай літаратурнай мовы і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.