- •Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне
- •Хадайніцтвы, скаргі, даносы
- •Актыўны супраціў
- •1. Чуткі
- •23 Студзеня 1947 г. Жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н.С.Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.
- •2. Антысавецкае падполле
- •Высновы
- •Голад 1946—1947 гг.
- •Жыллёвая праблема
- •Пашпартная сістэма
- •Сямейныя праблемы
- •Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў
- •1. Самагонаварэнне
- •2. Спекуляцыя
- •3. Крадзяжы
- •Высновы
3. Крадзяжы
Змаганне з крадзяжамі, асабліва грамадскай і дзяржаўнай уласнасці, было адным з найважнейшых кірункаў унутранай палітыкі таго часу. Скарачэнне паступленняў хлеба на ўнутраны рынак, рост цэн увесну 1947 г. прывялі да павелічэння крадзяжоў зерня і хлебабулачных вырабаў. А дзяржава замест таго, каб зліквідаваць сапраўдную прычыну — недахоп прадуктаў харчавання — зрабіла пакаранні больш жорсткімі. З гэтай мэтай 4 чэрвеня 1947 г. быў прыняты ўказ аб адказнасці за крадзеж дзяржаўнай, грамадскай і асабістай маёмасці. Згодна з гэтым указам, за крадзеж дзяржаўнай маёмасці мінімальны тэрмін пакарання быў вышэйшы, чым раней, а адказнасць — большай, чым за крадзеж асабістай маёмасці. На практыцы за раскраданне “сацыялістычнай уласнасці” пагражала ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі, а за паўторнае злачынства — да 25 гадоў, за крадзеж асабістай маёмасці — зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 6 гадоў, пры здзяйсненні групай ці паўторна — ад 6 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Пракурорскія работнікі пастараліся паказаць важнасць прынятага ўказа. Напрыклад, мяккім яны палічылі прысуд па справе спадарыні А.Каско (ужо раней умоўна асуджанай за крадзеж калгаснай маёмасці), якую за крадзеж 2 кг жытніх каласоў асудзілі на 5 гадоў, але вызвалілі ад адбывання пакарання па малазначнасці злачынства ды праз адсутнасць небяспекі для грамадства.
Прыняцце ўказа ад 4 чэрвеня 1947 г. павялічыла колькасць спраў і асуджаных. Нягледзячы на гэта, значнага змяншэння колькасці крадзяжоў дасягнуць не ўдалося, а па некаторых ведамствах паказчыкі нават павялічыліся. Вялікая плынь спраў па крадзяжах вяла да іх неахайнага разгляду. На падставе акта затрымання работніцы ці калгасніцы без пошуку матываў здзейсненага часта выносіўся прысуд.
“Дбайнасць” у выкананні ўказаў прыводзіла да таго, што ў шэрагу выпадкаў службовыя асобы праводзілі павальныя вобыскі ва ўсіх “падазраваных” ці нават ва ўсіх калгаснікаў. Імкнучыся зняць з сябе адказнасць за растраты і раскраданні, кіраўніцтва магло абвінаваціць злодзея ў крадзяжы ў большых памерах, чым той насамрэч скраў. Пры гэтым да справы далучалі абвінавачанне і ў прычыненні іншых страт, якія меліся ў гаспадарцы. Абвінаваціць і асудзіць селяніна ці рабочага маглі нават па падазрэнні ў жаданні ажыццявіць злачынства.
Высновы
Адной з найважнейшых праблем беларускага грамадства разгляданага перыяду было пераадоленне цяжкіх эканамічных наступстваў вайны. Дэфіцыт самага неабходнага стаў неад’емнай часткай паўсядзённана жыцця. Непадрыхтаваная адмена карткавай сістэмы, паніжэнне цэн на калгасных рынках і рост грашовых падаткаабкладанняў шокава паўздзейнічалі на вёску. Узнік рэзкі дэфіцыт тавараў, асабліва ў дзяржаўных крамах, а цэны нават пасля паніжэнняў былі вышэйшымі за даваенны ўзровень. Усё гэта выклікала незадавальненне і трывогу ў нізкааплатных слаёў насельніцтва і паспрыяла росту злачыннасці.
Разбурэнні, прынесеныя вайной, абвастрылі жыллёвую праблему. Дзяржава досыць жорстка кантралявала перамяшчэнне насельніцтва па краіне. Асабліва гэта тычылася жыхароў сельскай мясцовасці і “ненадзейных” груп насельніцтва.
Вялікія дэмаграфічныя страты ў вайне, у першую чаргу мужчын, парушылі гендэрны баланс. Шмат сем’яў засталося без кармільца. З’явілася значная колькасць маці-адзіночак. Разам з тым у краіне дзейнічаў закон аб абортах, які негатыўна ўспрымаўся жанчынамі. Як у сям’і, так і ў грамадстве жанчыны, як правіла, мелі нізкі сацыяльны статус.
