Органы ўлады і кіравання: вышэйшыя і мясцовыя
Вышэйшымі органамі ўлады і кіравання ў Польшчы былі: Прэзідэнт рэспублікі, Сейм, Сенат і Савет Міністраў.
Прэзідент, як галоўная асоба, кіраваў органамі выканаўчай улады, ен прадстаўляў краіну ў міжнародных зносінах, выдаваў заканадаўчыя акты, часам карыстаўся паўнамоцтвамі суддзі, прызначаў і звальняў міністраў і іншых вышэйшых асоб дзяржапарату, ажыцяўляў абавязкі галоўнакамандуючага, мог пераносіць даты чарговых і надзвычайных сесій Сейма і Сената. Прэзідэнт прызначаў суддзяў і вырашаў пытанні аб памілаванні. Кандыдат у прэзідэнты выбіраўся Нацыянальным сходам на сем гадоў. Дзяржаўныя акты прэзідэнта павінны былі быць засведчанымі старшыней урада і адпаведным міністрам, якія неслі адказнасць за іх змест перад Сеймам. Прэзідэнт выбіраўся Нацыянальным сходам на сем гадоў.
Пасля майскага (1926 г.) дзяржаўнага перавароту (раней яго называлі фашысцкім), калі Прэзідэнт Ю. Пілсудскі сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу пад лозунгам “аздараўлення” (“санацыі”) сітуацыі ў краіне, ен мог самастойна распускаць Сейм і Сенат, выдаваць заканадаўчыя акты. Тым самым роля Сейма і Сената была зведзена да зацвярджэння бюджэту. Хаця раней Сейм і Сенат былі асноўнымі заканадаўчымі органамі (Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М., История государства и права Польши.-М., 1980.С.449-453, 458).
Паводле Канстытуцыі Польшчы 1935 г. і Закона аб выбарах у Сейм і Сенат, выбіраць дэпутатаў у сейм маглі грамадзяне ва ўзросце не менш чым 24 гадоў, а быць выбранымі – 30 гадоў. Сейм складаўся з 208 дэпутатаў, а Сенат – з 96 сенатараў. 32 сенатары прызначаліся прэзідэнтам, а 64 выбіраліся толькі грамадзянамі па дасягненні 30 гадоў, мелі заслугі перад дзяржавай, вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, афіцэрскае званне, або займалі кіруючыя пасады ў грамадскім ці дзяржаўным апараце. Выбранымі ў Сенат маглі быць толькі грамадзяне, якія карысталіся выбарчым правам сенатараў і дасягнулі 40 гадоў. Такія ўмовы, зразумела, істотна абмяжоўвалі ўдзел у выбарах калектыўных заканадаўчых органаў улады асноўных сацыяльна-класавых груп грамадства і апазіцыйна настроеных партый і рухаў. З другога боку, не спрыялі ўстараненню супярэчнасцей у грамадстве.
Цэнтральным выканаўча-распарадчым органам дзяржаўнага кіравання быў Савет Міністраў – урад Польшчы. Ен складаўся са старшыні, яго намеснікаў і міністраў. Міністры выконвалі двайную функцыю: з аднаго боку яны ўдзедьнічалі ў рабоце Савета Міністраў, з другога – кіравалі працай апарату свайго міністэрства.
Канстытуцыйныя акты вызначалі кампетенцыю мясцовых органаў дзяржаўнай улады, якія утварыліся ў ваяводствах, паветах, гмінах і грамадах. На ўзроўні ваяводства функцыі органаў дзяржаўнай адміністрацыі выконвалі ваявода і ваяводскае ўпраўленне. Ваявода прызначаўся прэзідэнтам па прапанове міністра ўнутраных спраў, зацверджанай Саветам Міністраў. Ваявода, як прадстаўнік ураду на тэрыторыі ваяводства, мог ажыццяўляць кантроль і над тымі ўстановамі, якія непасрэдна яму не падпарадкоўваліся. Свае функцыі ваявода выконваў праз ваяводскае ўпраўленне. Яно мела аддзелы: агульны, бяспекі, самакіравання, адміністрацыйны, аховы здароўя, вайсковы, земляробства, прамысловасці, працы і інш. Галоўная ўвага ваявод у заходнебеларускіх землях накіроўвалася, па меркаваннях спецыялістаў, на апалячванне (паланізацыю) краю, на недапушчэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа, устанаўленне жорсткага кантролю за прэсай, грамадскімі і палітычнымі рухамі, партыямі і арганізацыямі.
Павятовую арганізацыю ўзначальваў стараста, які прызначаўся міністрам ўнутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. Свае функцыі стараста выконваў праз павятовае ўпраўленне – староства. Паўнамоцтвы старасты шмат у чым нагадвалі паўнамоцтвы ваяводы. Павятовыя ўпраўленні параўнаўча з ваяводскімі мелі меншую колькасць аддзелаў і называліся яны рэфератамі.
Да 1933 г. у паветах функцыянавалі павятовыя сеймікі – органы мясцовага самакіравання, дэлегаты на якія выбіраліся гміннымі саветамі. Пасля 1933 г. у паветах былі ўтвораны павятовыя рады, якія выбіраліся гмінными радамі. Выканаўчымі органамі павета сталі павятовыя ўправы з шасці чалавек на чале са старастам. На справе, аднак, гэтыя органы самакіравання былі пераважна дэкаратыўнымі, бо самі яны, як адзначаюць В.А.Круталевіч і І.А.Юхо, без старасты нічога не вырашалі (В.А.Круталевіч, І.А.Юхо. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917-1945 гг.)-Мн.,1998.С.206).
Вялікія гарады, з колькасцю насельніцтва за 75 тыс. чалавек, выдзяляліся ў самастойныя гарадскія паветы і ўзначальваліся гарадскімі старастамі. Малыя гарады, як і сельскія паветы, утваралі гміны.
Гмінную адміністрацыю складалі войт і гміннае праўленне ў асобе намесніка войта і 2-3 засядацелей. Апошнія выбіраліся гміннай радай, у склад якой ўваходзіла 10-15 радцаў. Гмінную раду выбіралі дэлегаты гміннага сходу, які складаўся са 100-150 прадстаўнікоў мясцовых паселішчаў – грамад (жыхароў некалькіх хутароў або невялікіх весак). Часам і адна веска ўтварала грамаду. Грамаду ўзначальваў солтыс, які па закону павінен быў выбірацца на сходзе грамадзян або рады, але на справе ен, як і гмінны войт, прызначаўся павятовым старастам.
Але не будзем забываць: уся сістэма мясцовых органаў дзяржаўнай улады грунтавалася на прынцыпе бюракратычнага цэнтралізму, на поўным падпарадкаванні месц цэнтру без уліку мясцовых інтарэсаў, на падаўленні ўсяго беларускага. З улікам гэтага цяжка не пагодзіцца з думкай: органы мясцовага самакіравання мала што маглі зрабіць для народа (Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917-1945 гг.). С.207; Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі.-Мн.,2000,С.219).
