Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
155.35 Кб
Скачать

6. Рэлігійная літаратура (хvі–хvіі стст.)

  • 6 жніўня 1517 года ў Празе Францішак Скарына надрукаваў на стараславянскай мове «Псалтыр». Друкаваныя кнігі Францыска Скарыны ў 1517 – 1525 гг. спачатку ў Празе, а затым у Вільні (23 кнігі Бібліі, «Малая падарожная кніжыца», «Апостал») былі першымі выданнямі ва ўсходніх славян, а яго пераклады Бібліі другімі па часе ва ўсім славянскім свеце пасля Пражскай Бібліі (1488 г.). Захаваўшы царкоўнаславянскую аснову, Скарына насыціў свае выданні беларускімі моўнымі рысамі.

  • Прадмовы і пасляслоўі Скарыны да выдадзеных кніг з’яўляюцца не толькі ўзорам старабеларускай мовы, але і змяшчаюць цэлую філасофскую канцэпцыю беларускага асветніка, адметны светапогляд самага слыннага сына Беларусі. Ф. Скарына – гуманіст-асветнік, першадрукар, перакладчык, пісьменнік, рэдактар, мастак, які ўзняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень (толькі праз два стагоддзі тое самае паспрабуе зрабіць для рускага народа М.В. Ламаносаў).

  • Ідэолаг гуманізму і рэфармацыі на Беларусі Сымон Будны ў Нясвіжы выдаў на старабеларускай мове ў 1562 г. «Катэхізіс» (павучанне; разам з М. Кавячынскім і Л. Крышкоўскім) і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». «Катэхізіс» пабудаваны ў выглядзе кароткіх пытанняў і разгорнутых адказаў, у якіх аўтар выклаў сваё разуменне хрысціянскіх догмаў, аддзяліў Хрыстоса ад Бога і лічыў чалавекам, апраўдваў жыццё грэшнага чалавека перад Богам, выступаў супраць войнаў і прыгнёту. Устарэлыя і запазычаныя словы Будны тлумачыў адпаведнымі лексічнымі сродкамі беларускай мовы (мірь – свет, врачь - лекар).

  • Асветнік і рэфарматар Васіль Цяпінскі заснаваў у мястэчку Цяпіна (Цяпінцы) тыпаграфію і выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову каля 1580 г. «Евангелле» (Новы Запавет), у якім беларускi тэкст змясціў паралельна з царкоўнаславянскім (тэкст надрукаваны ў два слупкі, шрыфты, ініцыялы, арнаменты стылізаваныя пад віленскія выданні Скарыны). У прадмове да кнігі (у рукапісе захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу) выклаў свае погляды на жыццё, выступаў за ўмацаванне грамадскіх пазіцый народнай мовы, абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага народа, развіццё асветы, кнігадрукавання на роднай мове.

7. Лінгвістычная літаратура (навуковы жанр):

Першыя навуковыя працы па апісанні мовы ва ўсходніх славян з’явіліся ў канцы XVI стагоддзя на Беларусі.

  • Першай для усходніх славян сярод граматык стала выдадзеная ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні “Кграматыка словеньска языка…” (1586г., аўтарства прыпісваюць Іаану Дамаскіну, ёй папярэднічалі пераклады з грэчаскіх і лацінскіх граматык, “Буквар” Івана Фёдарава (Львоў, 1574г.).

  • У 1596 г. Лаўрэнцій Зiзанiй выдаў у Вiльнi «Граматику словенску» і «Лексiс» (змешчаны ў азбуцы «Науке ку читаню і розуменю писма словенского»), дзе тлумачыў незразумелыя царкоўнаславянскiя словы сродкамi беларускай мовы (мелъ - вапна и тыж крейда, месть - помста, баснь - казка, слово, байка). У рэестравай частцы слоўнiка 1061 слова, а ў тлумачальнай - больш за 2 тысячы.

  • У 1619 г. у Еўі выйшла “Граматтики Словенские правилное Синтагма…” Мялеція Сматрыцкага, якую М.В. Ламаносаў разам з «Арыфметыкай» Магніцкага назваў «вратами учёности». Праца прысвечана апісанню царкоўнаславянскай мовы, але, як і ў Л. Зізанія, метамовай (мовай, з дапамогай якой апісваецца іншая мова) паслужыла старабеларуская. У «Граматыцы» адзначаюцца рысы жывой беларускай гаворкі: зацвярдзелы р, аканне, замена яць на е, беларускія лексемы але, праца, мова, няхай і інш.

  • У 1631 г. у Куцеінскай друкарні, што месцілася ў Аршанскім Куцеінскім манастыры, Спірыдон Собаль выдаў «Буквар», у 1636 г. у Магілёўскай брацкай друкарні ў Буйнічах - «Буквар языка славеньска» (у Маскве толькі ў 1679 г. выйшаў «Буквар» С. Полацкага, па якім вучыліся дзеці царскай сям’і (Пётр І)).

  • У 1589 г. Ян Ліцыній Намыслоўскі – выкладчык школы ў Еўі, адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі на Беларусі – выдаў адмысловы зборнік з 225 маралістычных выказванняў-сентэнцый (ад лац. sententia «думка, суджэнне») «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», частку з якіх напісаў сам, частку сабраў з іншых літаратурных крыніц. Даследчыкі лічаць, што зборнік быў першым беларускім падручнікам жывых замежных моў, бо ў ім чаргаваліся аналагічныя зместам выказванні на лацінскай, польскай і нямецкай мовах.

  • Да ХVІ ст. належаць і 30 зборнікаў кітабаў і хамаілаў (рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з ХІV ст. да сённяшніх дзён жывуць на Беларусі). Лінгвістычная каштоўнасць дадзеных тэкстаў у тым, што мова кітабаў адрозніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў: яна блізкая да беларускай народнай мовы. З дапамогай арабскай графікі, дастасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна, у параўнанні з кірылаўскімі пісьмовымі помнікамі, перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы (аканне, яканне, г фрыкатыўнае, мяккае с, афрыката дж, дзеканне і цеканне).

  • У тэкстах адлюстравалася беларуская лексіка (спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразеалогія (як вокам мільгнуць, як слова сказаць, на свет пусьціць, на пазногаць, чыніць паклон, галаву звесіць, шлюб браць), беларускі сінтаксіс (пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу).

  • Датычна іншых славянскіх моў арабскае пісьмо выкарыстоўвалася для запісу тэкстаў толькі на польскай і сербскай мовах.

  • Кітабы напісаныя і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў беларускіх кнігах заканчваецца. Радок суцэльны, няма падзелу між словамі, няма вялікай літары ды знакаў прыпынку. Перанос словаў падпарадкоўваецца аднаму правілу: кожны наступны радок павінен быць роўны з папярэднім. Новы твор (раздзел) пачынаецца словамі "баб" (раздзел, пачатак новага зместу) ці "хікайет" (аповесць, апавяданне). Іншым разам гэтых словаў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія таксама паказваюць на пачатак новага зместу.

  • Адна з найлепшых лексакаграфічных прац таго часу - «Лексікон славенароскі» Памвы Бярынды (першае выданне ў 1627 г. у Кіеве, другое – у друкарні Куцеінскага манастыра каля Оршы ў 1653г. «Лексікон» змяшчаў каля 7000 слоўнiкавых артыкулаў на беларуска-ўкраінскай мове).

  • З канца ХVІ ст. старабеларуская мова стала абавязковым прадметам навучання ў праваслаўных брацкiх школах, дзе вывучалiся таксама польская, лацiнская i грэчаская мовы.

  • Цягам некалькіх стагоддзяў старабеларуская мова абслугоўвала розныя сферы грамадскага жыцця ў ВКЛ. Перыяд XIV–XVI стст. лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры, мовы, таму вучоныя і назвалі яго «залатым векам». Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным.

Прычыны заняпаду беларускай мовы ў

Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі

  • У 2-й палове ХVІ ст. на аснове Люблінскай уніі (1569 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Аб’яднанне ВКЛ з Каралеўствам Польскім у Рэч Паспалітую прывяло да звужэння сферы выкарыстання беларускай мовы.

  • Усё большыя пазіцыі пачынае займаць польская мова. Часта адбывалася так, што адзін і той жа дакумент пісаўся на дзвюх мовах. Адбываецца паланізацыя беларускай мовы.

  • А ў 1696 годзе Сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову пісаць усе дзелавыя паперы па-польску, забаранялася пісаць на беларускай мове ў дзяржаўных і судовых установах.

  • Навучанне вялося на польскай i лацiнскай мовах. Беларуская мова вывучалася толькi ва ўнiяцкiх базыльянскiх школах і жыла ў вусных гаворках беларускага народа. На беларускай мове складаліся фальклорныя творы – казкі, легенды, паданні, вершы, песні і інш., якія распаўсюджваліся вусным шляхам.

  • У канцы ХVІІ ст. старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад.

У 1643 г. Іван Ужэвіч, які навучаўся на тэалагічным факультэце Парыжскага ўніверсітэта (Сарбона, Францыя), напісаў на латыні «Грамматику словеньскую», першую спробу стварэння параўнальнай граматыкі: праца прысвечана апісанню праз супастаўленне з міжнароднай у той час лацінскай мовай старабеларускай літаратурнай мовы (у адрозненне ад лінгвістычных прац Л. Зізанія і М. Сматрыцкага, у якіх старабеларуская мова выкарыстоўвалася як метамова для апісання стараславянскай). Ілюстрацыйны матэрыял пададзены ў працы на кірыліцы, для параўнання выкарыстоўваў прыклады з польскай, чэшскай і іншых моў. У правапісе аўтар зафіксаваў адметныя фанетычныя і марфалагічныя рысы старабеларускай мовы, адлюстраваў прадуктыўную ў беларускім пісьменстве тых часоў лексіку, што з пэўнымі фанетычна-арфаграфічнымі зменамі ўваходзіць у слоўнікавы склад сучаснай беларускай мовы: лыжка, скарбы, штось, забойца, вязень, мати, кветки, бодай, цнота, господыня, будовничій, хлопец, додому, пануючи, розум. Упершыню кніга надрукаваная фотатыпічным спосабам у 1970 г. у Кіеве.

  • У 1700 г. у Амстэрдаме выпускнік слуцкай гімназіі Ілья Капіевіч заснаваў друкарню. На аснове шрыфта Францішка Скарыны Капіевіч акругліў літары кірыліцы, наблізіўшы іх да лацінскіх, і стварыў шрыфт, якім сёння і карыстаемся. Шрыфт паслужыў у рэфармаванні расійскай азбукі. Пасля ўвядзення імператарам Пятром I у 1708 годзе так званых «грамадзянскіх» літараў іх у Расіі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў называлі «беларускай азбукай».

  • У 1776 г. выйшла ў свет першая газета на тэрыторыі сучаснай Беларусі – “Газета Гродзеньска” (на польскай мове).

  • У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Аднак яшчэ доўгі час у справаводстве і школах карысталіся польскай мовай.

  • У чэрвені і ліпені 1840 г. Мікалай І выдаў загады аб увядзенні на Беларусі рускага заканадаўства і рускай мовы; аб забароне на ўжыванне назвы «Беларусь» (пачала існаваць назва «Северо-Западный край»).

  • Цягам ХVІІІ ст. – пач. XIX ст. беларуская мова існавала як народная гутарковая мова (дыялекты) і сустракаецца ў шматлікіх помніках фальклору (казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, вершаваныя творы, жарты і г.д.), пiсьмовую ж фiксацыю яна атрымала ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для характарыстыкі беларускіх персанажаў, у iнтэрмедыях i iнтэрлюдыях да драматычных твораў, што ставiлiся ў тагачасных вучылiшчах (дзве камедыі выкладчыкаў рыторыкi Забельскай дамiнiканскай калегii К. Марашэўскага i М. Цяцерскага).

  • У XIX ст. распачалiся спрэчкi адносна характару беларускай мовы. Польскія і рускія вучоныя не прызнавалі беларускую мову за самастойную, разглядалі яе як польскі або рускі дыялект; вялі спрэчкі наконт таго, кім з’яўляюцца тутэйшыя жыхары: рускімі ці палякамі. Рускія лінгвісты У. Даль, А. Сабалеўскi, I. Сразнеўскi, А. Патабня лiчылi беларускую мову дыялектам рускай мовы.

  • Даследчыкi ж С. Лiндэ, Я. Чачот, К. Калайдовiч разглядалi беларускую мову як самастойную i заклiкалi яе вывучаць. Так, Ян Чачот у прадмове да 6-га тома сабраных ім фальклорных матэрыялаў «Сялянскія песні…» (Вільня, 1846г.) акрамя агульнай характарыстыкі беларускай мовы і спроб вызначыць яе важнейшыя фанетычныя і марфалагічныя рысы, прывёў невялікі слоўнік і каля 200 прыказак і прымавак.

  • У ХІХ стагоддзі навуковым вывучэннем беларускага пісьменства плённа займаўся Іван Грыгаровіч, царкоўны дзеяч, гісторык і мовазнаўца, які першым распачаў выданне беларускіх пісьмовых помнікаў. Яго «Беларускі архіў старажытных грамат» (Масква, 1824 г., на сродкі графа М. Румянцава) утрымлівае 57 актаў ХV-ХVІІІ стст., датычных Магілёва і размешчаных вакол яго населеных пунктаў. У архіве рукапісаў Грыгаровіча захоўваецца два складзеныя ў Гомелі ў 50-я гады ХІХ ст. слоўнікі - «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай) гаворкі», «Слоўнік заходнярускай гаворкі», якія сталіся першай спробай сабраць і сістэматызаваць лексічнае багацце старабеларускай мовы і ўвесці яго ў навуковы ўжытак не толькі для лепшага разумення чытачом гістарычных актаў на старабеларускай мове, але і таму, што слоўнік ёсць летапіс мовы, і ў яго павінны быць унесеныя ўсе факты, што былі і ёсць.

  • У 1859 г. царскі ўрад забараніў друкаваць беларускія творы лацінкай.

  • 30 верасня 1865 г. мiнiстр унутраных спраў Расii Валуеў спецыяльным цыркулярам забаранiў «друкаваць выданнi на лiтоўскiм i жмудскiм дыялекце; ... перавоз, продаж i распаўсюджванне такiх выданняў», у выпадку парушэння гэтага цыркуляра забароненыя выданні канфіскоўваліся.

  • У 1867 г. (пасля паўстання 1863 г.) царскі ўрад забараніў афіцыйную перапіску і мастацкую літаратуру на беларускай мове. Цягам 30 гадоў на Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове, а тыя, што выходзілі ў свет, друкаваліся за межамі Расійскай імперыі. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года.

У 1569г. у Рэчы Паспалітай грэка-каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі заключана Берасцейская унія. Уніяцкая царква карысталася ў навучанні, кнігадрукаванні, казаннях народнай мовай беларусаў. Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ўніятамі ў Беларусі былі кожныя тры жыхары з чатырох, а праваслаўнымі - 6,5%. За Кацярынай ІІ з небяспечнага ўніяцтва ў надзейнае праваслаўе расейскага ўзору перавялі паўтара мільёна нашых продкаў. Асабліва жорстка з народнай верай змагаўся ўкраінец паходжаннем уніяцкі біскуп Іосіф Сямашка, які цалкам перакінуўся на бок царызму, прымусова ўводзячы расейскую мову ва ўніяцкія духоўныя семінарыі і царкоўныя справаздачы. Нязгодных чакаў суд як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў. З храмаў выкідвалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Усе гэтыя здзекі расейская, а потым і савецкая гістарычная навука назвала вызваленнем беларусаў ад рэлігійнага прыгнёту. Вайна самаўладдзя з уніяцтвам афіцыйна завяршылася 12 лютага 1839 года, калі ў Полацку пачаўся царкоўны сабор, рэй на якім вёў Сямашка. Святая Сафія, што ўжо два з паловаю стагоддзі была грэцка-каталіцкім храмам, пачула пастанову пра вяртанне сваіх вернікаў «в лоно прародительской православной веры, дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода». Нават ва ўмовах жорсткага ўціску ў Беларускай уніяцкай дыяцэзіі (царкоўнай акрузе) у 1838 годзе з 680 святароў за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186, што не перашкодзіла прывезенаму з Расеі праваслаўнаму епіскапу Смарагду заявіць, што «уния расползлась, как ветхий и дырявый мех». Беларусь пазбавілі рэлігіі, якая лічылася нацыянальнай, народнай (так яе называлі К. Каліноўскі, М. Багдановіч, В. Ластоўскі і шэраг іншых дзеячаў беларускага адраджэння). Разам з гвалтоўным пераводам нашых продкаў у «истинную» веру знішчаўся велізарны пласт беларускай культуры: палілі ўніяцкую скульптуру, распілоўвалі грэцка-каталіцкія распяцці, выкідвалі з храмаў абразы. На цвінтарах гарэлі вогнішчы з кніг: гінула не толькі царкоўная літаратура, праваслаўныя фанатыкі адпраўлялі ў агонь усе даўнейшыя беларускія выданні. Іосіф Сямашка ў 1852 годзе асабіста назіраў, як гараць 1295 кніг, знойдзеных у былых уніяцкіх храмах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляў, што за наступныя тры гады спалілі яшчэ дзве тысячы кніг. Праваслаўю была даручана галоўная роля ў русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840 годзе (тады ж, калі царскі ўказ забараніў ужываць назоў Беларусь у афіцыйных дакументах) выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казанні. У гонар перамогі над уніяцтвам імператар Мікалай І пастанавіў выбіць медаль з надпісам «Отторгнутые насилием (1596) возсоединены любовию (1839)». За заслугі ў задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года Сямашка прадставіў да ўзнагароджання медалём 496 духоўных асобаў свае епархіі. Аляксандар Герцэн надрукаваў у сваім лонданскім «Колоколе» артыкул «Секущее православие», дзе Сямашку назваў «Иудой во Христе, который высек себе новый памятник на спине беззащитных жертв».

Утварэнне новай беларускай літаратурна-пісьмовай мовы.

Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

  • Новая беларуская літаратурная мова зарадзілася ў першай палове XIX ст. на грунце беларускіх народных гаворак і фактычна страціла непасрэдныя сувязі са старабеларускай пісьменнасцю. Працэс складвання новай літаратурнай беларускай мовы звязаны з нацыянальным адраджэннем беларускага народа і ўздымам нацыянальна-вызваленчага руху.

  • Узнiкненне новай беларускай лiтаратуры і лiтаратурнай мовы звязана з ананiмнымі творамі: гутаркi «Праўда», «Вясна, голад, перапала», «Вось якi цяпер люд стаў», «Гутарка Данiлы са Сцяпанам», вершаванае апавяданне «Тэатр», адзіны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» (1828 г.).

  • Найбольш адметнымі пісьмовымі помнікамі беларускай літаратурнай мовы XIX ст. служаць парадыйна-сатырычныя паэмы «Тарас на Парнасе» (аўтарства прыпісваецца В. Равінскаму) і «Энеіда навыварат» (аўтарства прыпісваецца К. Вераніцыну), сем нумароў газеты «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, мастацкія творы Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Баршчэўскага і інш., класікаў і фундатараў новай беларускай літаратурнай мовы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча.

  • Большасць пісьмовых помнікаў XIX ст. (усяго 75 розных кніг на беларускай мове), надрукавана на лацінцы, што па дадзенай вонкавай прыкмеце нітуе беларускую мову з заходнеславянскімі.

  • Беларуская літаратура ў гэты час цесна звязана з фальклорам (вершы Яна Чачота, які шмат увагі надаваў вывучэнню фальклору і мовы беларусаў).

  • Найбольш буйной фігурай гэтага часу з’яўляецца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (псеўданім Навум Прыгаворка), ад якога фактычна і пачынаецца шлях новай беларускай літаратуры. Першы друкаваны твор – «Сялянка. Опера ў двух актах» (Вільня, 1846 г., на беларускай і польскай мовах ). Музыку да лібрэта «Сялянкі («Ідыліі»)» напісаў Станіслаў Манюшка – пачынальнік беларуска-польскай оперы. Назваўшы сябе беларускім дударом, Дунін-Марцінкевіч свядома прысвяціў сваю творчасць беларускаму народу, праз творы на роднай для яго мове заахвочваў народ да асветы. Уладзіслаў Сыракомля, які дакладна размяжоўваў польскую, рускую і беларускую моўныя плыні, падтрымаў выбар Вінцэнта пісаць на беларускай мове: «Паэзія народная, русінская, з’яўляецца арэнай п. Марцінкевіча – няхай ён трымаецца на ёй як сапраўдны гладыятар» (Варшаўская газета ад 18.01.1857г.).

  • Важную ролю ў працэсе фарміравання беларускай літаратурнай мовы адыгрывала публіцыстыка. У 1863 годзе Кастусь Каліноўскі выдае нелегальную беларускую газету “Мужыцкая праўда” (на лацінцы).

  • Францішак Багушэвіч адзін з першых сярод беларускіх пісьменнікаў выказаўся пра беларускую мову як найважнейшы сродак нацыянальнай культуры (зборнікі вершаў на лацінцы “Дудка беларуская” (1891г.) і “Смык беларускі” (1894 г.) былі выдадзены на лацінцы, не на радзіме, а за яе межамі).

  • У прадмове да зборніка "Дудка беларуская" Францішак Багушэвіч павёў размову з чытачом "аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"... Запаветам-перасцярогай стаў заклік паэта: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

  • У першай палове ХІХ стагоддзя Паўлам Шпілеўскім былі зробленыя спробы стварыць граматыкі новай беларускай мовы, але адпраўленыя ім у Маскву працы “Слоўнік і караняслоў беларускай мовы” (1845г.) , “Кароткая граматыка беларускай мовы”, “Нататкі беларусца пра беларускую мову” (1853 г.) не былі надрукаваныя з прычыны непрызнавання беларускай мовы за самастойную, аднак і сёння захоўваюцца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі АН у Санкт-Пецярбургу.

  • У 1870 г. выйшаў тлумачальны беларуска-рускі “Слоўнік беларускай мовыІвана Насовіча (больш за 30 тысяч слоў, запісаных у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай губернях, а таксама выбраныя з твораў вуснай народнай творчасці, помнікаў старабеларускага пісьменства).

  • Першай спробай лексікаграфічнай апрацоўкі слоўнікавага складу старажытнага беларускага пісьменства лічыцца «Алфавітны паказальнік старых беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (12 тысяч рэестравых слоў, аб’ём працы – 11 110 старонак) І. Насовіча. Слоўнік быў высока ацэнены і рэкамендаваны рускімі акадэмікамі-лінгвістамі А. Вастокавым і І. Сразнеўскім да выдання, але праца так і засталася рукапіснай і захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу ў бібліятэцы АН Расійскай Федэрацыі.

  • У ХІХ ст. з’яўляюцца шматлікія выданні этнаграфічных матэрыялаў навукоўцаў Адама Багдановіча, Еўдакіма Раманава, Аляксандра Сержпутоўскага, Міхаіла Доўнар-Запольскага, Паўла Шэйна, Міхаіла Нікіфароўскага, у працах якіх пры апісанні этнаграфічнай і фальклорнай спадчыны беларусаў падаваўся разнастайны моўны каментарый, звярталася ўвага на фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці мясцовых гаворак.

  • У 1880г. апублiкаваны артыкул К. Апеля «Аб беларускай мове», у якiм зроблена спроба апiсаць важнейшыя рысы беларускай мовы ў галiне фанетыкi i марфалогii.

  • Яўхім Карскі – заснавальнік беларускага мовазнаўства, аўтар трохтомнай працы з сямі кніг “Беларусы” (1903-1922гг., Варшава). У 1 томе даецца апісанне сістэмы беларускай мовы (слоўнікавы склад) і “Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі” (з яе пачалася новая навуковая галіна - беларуская лінгвістычная геаграфія); тры кнігі другага тома прысвечаны апісанню гукавога складу, марфалагічных і словаўтваральных асаблівасцяў, сінтаксічных з’яў; у асобных параграфах трэцяга тома разглядаецца мова фальклорных і літаратурных твораў з ХІІІ па ХХ стагоддзі, прапанавана праграма лексікаграфічнай працы на Беларусі. У працы “Беларусы” Яўхім Карскі навукова абгрунтаваў і даказаў самастойнасць беларускай мовы, паказаў, што беларуская мова мае сваю сістэму, якая развівалася і ўдасканальвалася гістарычна. Разам з тым, пад уплывам тагачаснай навуковай парадыгмы, што панавала ў імперскай Расіі, навуковец падкрэсліваў рэгіянальны, а не агульнанацыянальны характар беларускай мовы. У якасці метамовы (мовы апісання беларускай мовы) Карскі ўжываў рускую мову.

  • Пачатак XX ст. вызначыўся новым уздымам нацыянальна-вызваленчага руху. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 – 1907 гг. прымусілі царскі ўрад выдаць закон аб свабодзе друку (24.11.1905), які дазваляў друкаваць творы беларускай літаратуры i пераклады на беларускую мову з iншых моў. Аднак беларускую мову па-ранейшаму забаранялi выкарыстоўваць у сферы грамадска-культурнага i палiтычнага жыцця, не мела яна доступу i ў школы.

  • З 1906г. пачынаецца гiсторыя беларускай легальнай прэсы.

  • У 1906г. заснавана беларускае выдавецтва Загляне сонца і ў наша ваконца” (фундатарам лічыцца Браніслаў Эпімах-Шыпіла). Выдавецтва праiснавала да першай сусветнай вайны, выдала на роднай мове «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання» Каруся Каганца (1906г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткi (1906г., на лацінцы), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа (1909г.).

  • У Вільні выходзяць газеты: “Наша доля” (14.09.-14.12.1906г., 6 нумароў), пасля забароны якой з 23.11.1906г. Да 20.08.1915г. стала друкавацца на лацінцы і кірыліцы “Наша ніва” (з 1912г. толькі на кірыліцы), «Bielarus» (1913-1915гг.), «Гоман» (1916-1918гг.), «Дзяннiца» і «Светач» (1916г.). На беларускай мове выдавалiся сельскагаспадарчы часопiс «Саха» (1912-1931гг.), лiтаратурна-навуковы штомесячнiк для беларускай моладзi «Лучынка» і студэнцкi часопiс «Ранiца» (1914г.).

  • У «Нашай Ніве» друкавалі творы класікі беларускай літаратуры: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Алесь Гарун, Сяргей Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы, якая фарміравалася не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова.

  • З 1901 па 1917 гады па-беларуску надрукавана 245 кніг.

  • У пачатку ХХ ст. у беларускім друку выкарыстоўваліся дзве графічныя сістэмы: лацінка (польскі, пасля - чэшскі варыянт) і кірыліца (гражданка, рускі шрыфт), што не перашкаджала імкненню выдаўцоў як мага выразней перадаць характэрныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы.

  • У правапісе, вымаўленні, ужыванні формаў слоў было шмат разнабою. Неабходна было скласці нарматыўную граматыку беларускай мовы.

  • У 1917г. браты Язэп і Антон Лёсікі надрукавалі дапаможнік “Як правільна пісаць па-беларуску” (першая спроба кадыфікаваць правапісныя і граматычныя нормы), на аснове якога выдалі ў 1918 г. “Беларускі правапіс”.

  • У 1918 г. Максім Гарэцкі склаў "Руска-беларускі слоўнік» (Смаленск), 2-е выданне якога выйшла ў 1920 г. у Вільні ў сааўтарстве з братам Гаўрылам. У 1924 г. (Менск) – «Практычны маскоўска-беларускі слоўнік».

  • У 1918 годзе ў Віленскай друкарні Марціна Кухты лацінкай і кірыліцай выдадзена “Беларуская граматыка для школ” кандыдата філалогіі Браніслава Тарашкевіча (у 1913г. Янка Купала ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні звярнуўся да студэнта 3 курса гісторыка-філагічнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта Б. Тарашкевіча з прапановай распрацаваць граматыку беларускай мовы. Акадэмікі А. Шахматаў і Я. Карскі кунсультавалі, а натхняльнікам Тарашкевіч лічыў Рудольфа Абіхта, нямецкага прафесара-славіста, які ў 1918г. выдаў на беларускай мове брашуру “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным” (разам з Янам Станкевічам) пераклаў і выдаў у літаратурным альманаху “Беларусь” (1919г., Берлін) творы Янкі Купалы (верш “А хто там ідзе?”) і Якуба Коласа (верш “Роднае слова”, апавяданне “Бунт”), беларускія казкі і песні).

«Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. У «Граматыцы» ўпершыню былі прыведзены ў сістэму правілы напісання спрадвечна беларускіх слоў і асобна вызначаны нормы напісання слоў іншамоўнага паходжання. «Граматыка» Тарашкевіча цягам 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным навучальным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове. Перапрацаваная і дапоўненая «Граматыка» перавыдавалася 7 разоў (апошні раз - у 1943г. у Мінску), а ў 1991 г. выдавецтва «Народная асвета» ўзнавіла 5-е выданне 1929г. факсімільным спосабам. У 1937 годзе акадэмік Браніслаў Тарашкевіч быў арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957г.

  • 01.01.1919 г. – утварэнне БССР.

  • 1920-я – пачатак 1930-х гг. вызначаюцца як гады адраджэння беларускай мовы. Беларуская мова аб’яўлялася пераважнай для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесіянальнымі і грамадскімі ўстановамі пры адначасовай гарантыі раўнапраўя мовам іншых насельнікаў Беларусі – польскай, яўрэйскай, рускай.

  • Была прынята Праграма беларусізацыі, якая набыла заканадаўчае значэнне згодна Пастанове ЦВК БССР «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі» ад 15.07.1924г.). У афіцыйным дакуменце Нацыянальнай камісіі ЦВК БССР адзначалася, што пад беларусізацыяй разумеецца: 1) развіццё беларускай культуры (школы, ВНУ на беларускай мове, развіццё нацыянальнай літаратуры, выданне беларускіх кніг, навукова-даследчая праца па ўсебаковым вывучэнні Беларусі); 2) вылучэнне беларусаў на кіраўленчую партыйную, прафесіянальную і грамадскую працу; 3) перавод справаводства дзяржаўных апаратаў і часцей Чырвонай Арміі на беларускую мову.

  • У. Ленін у запісцы ЦК і ХІІ з’езду РКП(б) ад 30-31.12.1922г. «Да пытання аб нацыянальнасцях або пра «аўтанамізацыю»» выказаўся за гарантыі з боку «вялікай нацыі адносна ўжывання нацыянальнай мовы ў іншанацыянальных рэспубліках, якія ўваходзяць у наш саюз». Аднак у аснове палітыкі беларусізацыі быў кампраміс паміж т.зв. «пралетарскім інтэрнацыяналізмам» камуністычнай партыі і беларускім адраджэнскім рухам за самавызначэнне і суверэнітэт Беларусі. Агульная палітыка «карэнізацыі» грамадска-культурнага жыцця «нярускіх» савецкіх рэспублік спрычынілася да антаганістычнага канфлікту, які ў канцы 30-х гадоў закончыўся падаўленнем і часткова фізічным знішчэннем носьбітаў беларускіх адраджэнскіх ідэалаў.

  • У канцы 1920-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90%), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай. На пачатку 30-х гадоў на беларускай мове выходзіла 194 газеты (з 234) і 27 часопісаў (з 30).

  • За перыяд з 1920 па 1926 гады пачалі сваю творчую и навуковую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў і навукоўцаў“нашаніўскага” курунку, сярод якіх Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Сцяпан Некрашэвіч, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Міхась Чарот, Максім Гарэцкі, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Андрэй Мрый, Тодар Кляшторны, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля і іншыя.

  • У 20 – 30 гады ХХ ст. беларуская мова значна пашырыла свае функцыі. З мовы мастацкай літаратуры, фальклору, публіцыстыкі яна зрабілася яшчэ і мовай навукі (распрацавана і надрукавана 24 тэрміналагічныя зборнікі па розных галінах ведаў), адукацыі (каля 90% усіх навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ, працавалі на беларускай мове), культуры, справаводства, паўсядзённага ўжытку.

  • У 1921 г. адчыняюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (першы рэктар У. Пічэта), Беларускі нацыянальны тэатр, Беларуская нацыянальная публічная бібліятэка.

  • У 1921 г. выдадзена “Школьная граматыка беларускай мовы” акадэміка Язэпа Лёсіка, у якой без зменаў выкарыстаны правапіс «Граматыкі» Б. Тарашкевіча. У 1922 г. - «Практычная граматыка беларускай мовы» (у газеце «Звязда» падручнік быў названы контррэвалюцыйным).

  • У лютым 1921 г. пры народным камісарыяце асветы ССРБ пачала сваю плённую дзейнасць Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой будзе створаны Інбелкульт. Цягам 1922 – 1930-х гадоў выдадзена 24 галіновыя тэрміналагічныя слоўнікі (пераважна –двухмоўныя руска-беларускія і аднамоўныя беларускія; у некаторых выпусках акрамя рускіх адпаведнікаў да беларускіх тэрмінаў змешчаны лацінскія і нямецкія назвы, прыведзены італьянскія музычныя тэрміны, лексічныя эквіваленты на ідыш). Як сведчыць план навуковай работы Інбелкульта на 1927-1933 гады, у 1931-1933 гадах павінна было выйсці яшчэ звыш 15 тэрміналагічных слоўнікаў, аднак сталінскія рэпрэсіі супраць навукоўцаў спынілі запланаваную працу па выданні чарговых выпускаў «Беларускай навуковай тэрміналогіі».

  • У пачатку 1922 г. створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), на падставе якога ў лістападзе 1929 года будзе арганізаваная АН БССР (першы прэзідэнт – Усевалад Ігнатоўскі).

  • 17 ліпеня 1923 года на другой сесіі ЦВК БССР прынята рашэнне аб неабходнасці арганізацыі ўсяго дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспублікі на роднай мове яе народа пры захаванні за рускай мовай статусу мовы міжнацыянальных зносін у СССР. Пасля гэтага партыя вылучыла лозунг Уся КП(б)Б павінна размаўляць на беларускай мове”.

  • 1924 г. – беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай БССР.

  • 1924 г. – “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнікВацлава Ластоўскага (Коўна; разам з Янам Станкевічам).

  • 1925 г. – “Беларуска-расійскі слоўнік”, 1928 г. - “Расійска-беларускі слоўнікМікалая Байкова і Сцяпана Некрашэвіча.

  • 1925 г. – манаграфія «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы і славянскай філалогіі» Іосіфа Воўк-Левановіча (пачатак параўнальна-гістарычнага мовазнаўства).

  • 1925 г. – створана бібліятэка Інбелкульта (сёння Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі).

  • 1926 г. – «Мэтодыка роднае мовы» К. Міцкевіча (Якуба Коласа).

  • 1926 г. – акадэмічная навуковая канферэнцыя, прысвечаная правапісу і азбуцы з прычыны цяжкасцяў засваення правапісу Б.Тарашкевіча. Для апрацоўкi матэрыялаў канферэнцыi i канчатковай выпрацоўкi праекта правапiсу была створана спецыяльная камiсiя ў складзе С. Некрашэвiча, А. Багдановiча, В. Ластоўскага, Я. Лёсiка, П. Бузука, Я. Бялькевiча, Я. Купалы, У. Чаржынскага.

  • 1927 г. – 8 Усебеларускі з’езд Саветаў пацвярджае беларускую мову як пераважную, дзяржаўную (Другая Канстытуцыя БССР артыкул 22).

  • У 1928 г. выходзіць манаграфія прафесара П. Бузука «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі. Ч. 1 Фанетыка і марфалогія». Гэта першы дыялекталагічны атлас беларускай мовы, які складаецца з 20 карт і 111 старонак каментарыяў да іх.

  • У 1930-1931 гадах у Вільні прафесар, выкладчык беларускай мовы ў Віленскім і Варшаўскім універсітэтах Ян Станкевіч выдае першы беларускі мовазнаўчы часопіс «Роднае слова». Пераклаў на беларускую мову Біблію (разам з пастарам М. Гітлінам, у Нью-Ёрку, 1950-73гг.)

  • У 1933 г. выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапiсу», на аснове якога Саўнаркам БССР прыняў пастанову «Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу», якая ўпершыню ў гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы заканадаўча абвясцiла агульнадзяржаўнымi, г.зн. абавязковымi для кнiгадрукавання, радыёвяшчання, школьнага выкладання, справаводства i г.д. пэўныя нормы беларускага правапiсу i граматыкi. З улiкам гэтай пастановы ў 1934 г. быў выдадзены разгорнуты i дэталёвы звод арфаграфiчных правiлаў «Правапiс беларускай мовы».

Арфаграфiчная рэформа 1933 года ў гiсторыi беларускага мовазнаўства - з’ява неадназначная. З аднаго боку, яна ў значнай ступенi абагульнiла i рэалiзавала здабыткi беларускага мовазнаўства 20-х гадоў, пэўным чынам сiстэматызавала, унармавала правапiс, спрыяла стабiлiзацыi арфаграфiчных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа наблізіла беларускую мову да рускай, бо падпала пад моцны палiтыка-iдэалагiчны ўплыў. Ва ўмовах узятага кiраўнiцтвам краiны курса на барацьбу з «нацдэмамi», на зблiжэнне народаў i злiццё iх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфiку беларускай мовы, як прывесцi правапiс у адпаведнасць з рускай арфаграфiчнай традыцыяй.

  • У 1938 г. выходзіць пастанова ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей».

  • У 50-я гады з мэтай далейшага ўпарадкавання Беларускага правапiсу, выдадзенага ў 1934 годзе, была створана Арфаграфiчная камiсiя на чале з Якубам Коласам i Кандратам Крапiвой, якая распрацавала «Праект змен i ўдакладненняў беларускага правапiсу» (апублiкаваны ў 1951г., дапрацаваны ў 1956г.), якi быў зацверджаны ў маi 1957г. спецыяльнай пастановай Савета Мiнiстраў БССР «Аб ўдакладненнi i частковых зменах iснуючага беларускага правапiсу», што яшчэ больш наблізіла беларускую мову да рускай. У 1959г. быў выдадзены збор правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi.

  • У 1960 – 1980-я гады сфера выкарыстання беларускай мовы хутка звужалася: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання. Русіфікатарская палітыка прывяла да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці беларускай мовы, да дэфармацыі нацыянальнай свядомасці.

  • У 1989 г. было створана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

  • 26 студзеня 1990г. 14-я сесiя Вярхоўнага Савета БССР прыняла “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які зацвердзіў дзяржаўны статус беларускай мовы i вызначыў парадак ужывання беларускай, рускай i iншых моў у рэспублiцы. Паводле гэтага закона беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай на тэрыторыi Беларусi. Была прынятая праграма беларусізацыі, разлічаная на 10 гадоў. Гэты працэс актыўна ішоў да 1996 года.

  • 19 - 20 лiстапада 1992 г. у Мінску праведзена канферэнцыя «Праблемы беларускага правапiсу». Удзельнiкi канферэнцыi прынялi пастанову, у якой адзначалася, што рэформа правапiсу 1933 г. ёсць факт палiтычнага ўмяшання ў моўны працэс.

  • 14 мая 1995 года адбыўся рэферэндум, па выніках якога другой дзяржаўнай мовай стала руская мова.

  • У 1996 годзе ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным двухмоўі. Калі да пачатку ХХ ст. толькі адна славянская нацыя, рускія, якія дамінавалі ў складзе Расіі, мела дзяржаўнасць, то зараз кожная з іх утварае сваю дзяржаву, а іх мовы маюць пісьменнасць, з’яўляюцца літаратурнымі і прызнаныя адзінымі дзяржаўнымі на сваіх тэрыторыях, за выключэннем Беларусі.

  • Маючы статус дзяржаўнай, у рэальнасці беларуская мова паўнавартасна не выкарыстоўваецца ў розных сферах жыцця, не з’яўляецца сродкам зносін нацыі.

  • З 1 верасня 2010 года пачалі дзейнічаць новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” згодна Закону Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года.

Мовасістэма гукавых, знакавых і лексіка-граматычных сродкаў, прызначаных для зносін паміж людзьмі ў грамадстве.

Асноўнымі рысамі мовы з’яўляюцца:

  • 1) знакавасць – г.зн. мова перадаецца праз пэўныя знакі (літары, іерогліфы і інш.), якія існуюць у кожнай мове і ўтвараюць знакавую сістэму;

  • 2) сістэмнасць – мова складаецца з вялікай колькасці адзінак і правіл іх спалучэння, якія ўтвараюць сістэмы – фанетычную, марфемную, лексічную, марфалагічную, сінтаксічную;

  • 3) сацыяльны характар – мова перш за ўсё сацыяльная з’ява, г.зн., без грамадства мова існаваць не можа. Уплыў мовы на грамадства праяўляецца ў тым, што яна служыць для кожнага чалавека інструментам зносін з іншымі людзьмі;

  • 4) зменлівасць (дынамічнасць) – мова няспынна развіваецца і самарэгулюецца: узнікаюць новыя словы, граматычныя сродкі, знікаюць або адыходзяць у пасіўны запас старыя сродкі. Змены адбываюцца на ўсіх моўных узроўнях, пачынаючы з літар і заканчваючы тэкстам.

Функцыі мовы ў грамадстве

Асноўнымі сярод усіх функцый (налічваецца каля 25) мовы з'яўляюцца камунікатыўная і пазнавальная, пры дапамозе якіх асоба атрымлівае паведамленне ад іншых людзей ці грамадскія суполкі, людзі перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам.

Камунікатыўная функцыя – ад лац. communicatio ‘сувязь, зносіны’. Мова – найважнейшы і ўнікальны сродак стасункаў паміж людзьмі. Функцыя раскрывае сацыяльны, грамадскі характар мовы, бо па-за грамадствам мова спыняе сваё існаванне, нягледзячы на тое, што яе знешняя форма можа захоўвацца ў выглядзе пісьма або гукавых запісаў. Праз гэту функцыю выяўляецца псіхічная прырода мовы, бо мова матэрыялізуецца праз маўленне, якое перадаецца органамі маўлення і ўспрымаецца органамі пачуццяў чалавека.

У складзе камунікатыўнай функцыі вылучаюцца рэгулятыўная, ці фатычная (ад лац. for, fatus sum, fari – ‘казаць’), пры дапамозе якой людзі кантактуюць між сабой менавіта праз працэс маўлення, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой,

і акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай самасвядомасці народа. Мовалюстэрка жыцця народа, яго грамадскага і культурнага развіцця: адлюстроўвае жыццёвы вопыт, асаблівасці мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы пэўнага народа. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай, з’яўляецца адмысловым спосабам яе назапашвання, існавання і захавання.

Пазнавальная (кагнітыўная) функцыя. Мова забяспечвае магчымасць думаць і пазнаваць свет. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Мова выступае і як матэрыяльны замацавальнік ведаў, і як непасрэдны інструмент пазнання, бо стварэнне і ўзбагачэнне паняццяў адбываецца на аснове мовы. У складзе пазнавальнай вылучаюць намінатыўную і экспрэсіўную (эмацыйную) функцыі.

Намінатыўная – функцыя наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці. Праз гэту функцыю ажыццяўляецца адлюстраванне ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам: усе прадметы і з’явы рэчаіснасці робяцца здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, паняццяў пераважна пры іх намінацыі, калі яны атрымліваюць назвы сродкамі мовы, перш за ўсё словамі. Багацце слоўніка мовы сведчыць як пра стан і развіццё мовы народа, так і пра ступень яго інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

Экспрэсіўная функцыя заключаецца ў тым, што мова з’яўляецца галоўным спосабам выражэння думак, эмоцый, пачуццяў і настрою чалавека. Праз гэту функцыю выяўляюцца галоўныя рысы чалавека, яго светапогляд, здольнасці, вопыт, эрудыцыя, уменне валодаць мовай, псіхічны стан у момант маўлення, унутраны свет.

З камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная, сутнасць якой - у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам слоў, іх спалучэннем. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення. Пры зносінах часта важным аказваецца не толькі тое, што сказаць, але і як гэта сказаць. Уласцівасці і якасці маўлення ацэньваюцца і паводле яго зместу, і паводле эстэтычных характарыстык, уражання, якое яно выклікае ў слухачоў або чытачоў. Эстэтычная функцыя мовы ўвасабляецца ў мастацкай літаратуры, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

Гістарычная функцыя. Мова з’яўляецца помнікам працы ўсіх пакаленняў людзей, з яе дапамогай адбываецца фіксацыя ўсіх дасягненняў чалавецтва. Мова звязвае, яднае пакаленні людзей.

Функцыя адлюстравання. Унутраная частка мовы, яе змест непасрэдна ўваходзіць у свядомасць чалавека, кола яго думак, пачуццяў і ў цэлым звязана з псіхікай чалавека – яго ўнутраным светам. У аснове значэнняў практычна ўсіх знамянальных слоў ляжаць адпаведныя паняцці, у якіх увасабляюцца ўяўленні чалавека пра адлюстраваныя ў яго свядомасці знешнія прадметы, ix прыкметы, рысы і г.д.

  • Моване толькі сувязь паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складнікам культуры. Многія вучоныя схільныя лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта значыць, што сама мова як своеасаблівы код культуры ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацыянальна-культурную свядомасць. Нямецкі мовазнаўца Вільгельм фон Гумбальт сцвярджаў, што «ў кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай». За кожнай мовай стаіць свая адмысловая карціна свету. Рэальнасць мы апісваем словамі, але кожны народ робіць гэта па-свойму. У аснове шмат якіх назваў ляжыць пэўная прыкмета. Такія назвы – матываваныя, маюць унутраную форму, г.зн. іх значэнне перадаецца з дапамогай іншага значэння.

  • Выбіраючы пэўныя вобразы для адлюстравання рэчаіснасці, народ фіксуе ўласны досвед і веды пра свет. Напрыклад, беларускае слова “свята” і рускае “праздник” для пазначэння адной і той жа з’явы істотна розняцца адмысловасцю асацыяцый: калі для беларусаў на першым месцы святасць дня, то для рускіх – “праздность, пустота”; розныя прыкметы пакладзены беларусамі і рускімі ў назву адной і той жа лекавай расліны: бел. падтыннік (расце пад тынам, плотам), рус. чистотел (делает тело чистым, чистит тело). Нават у межах адной мовы адна і тая ж з’ява, залежна ад дробнага члянення і мадэлявання пэўных сфер рэчаіснасці народам, можа называцца па-рознаму. Так, у беларускіх гаворках звыш 20 назваў балота (дрыгва, дрыгвянік, багна, твань, бездань, імшара, імшарышча, крокаць, галёс, гала, вязь, марочна, тхлань, багон, патапеча, драгва, зыбель, уздуха, балонне, мачылка, аржа і інш.)

Апелятыўная функцыя. З дапамогай пэўных моўных сродкаў адрасант уздзейнічае на адрасата і выказвае пажаданне, просьбу, загад, каманду. Граматычнае выражэнне гэта функцыя знаходзіць у загадным ладзе дзеясловаў і ва ўжыванні інфінітываў.

Метамоўная функцыя – функцыя тлумачэння таго, што незразумела ў паведамленні. Пры ўжыванні незнаёмага для адрасата слова ці выразу адрасант можа раскрываць іх змест праз разгорнутае тлумачэнне або азначэнне, (ВНУ – гэта вышэйшая навучальная ўстанова). Функцыя ажыццяўляецца ў перыяд засваення дзецьмі роднай мовы і ў працэсе навучання замежным мовам.

Этнічная функцыя. Мова выступае прыкметай этнасу, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі і галоўным фактарам захавання нацыянальнай самасвядомасці. Мова з’яўляецца генетычным кодам народа, праз яе перадаецца культура народа, традыцыі, усё тое, што ўласціва гэтаму народу.

Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа іншым. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці. Для беларускай мовы гэтая функцыя набывае асаблівае значэнне.

Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Н.Б. Мячкоўская зазначае, што «ў беларускай мове яе этнічная функцыя (быць нацыянальным сімвалам, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) першынствуе над асноўнай (камунікатыўнай)». Праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная («Родная мова, узнятая к славе амаль з небыцця паэтаў натхнёным і велічным словам, для беларусаў – пытанне жыцця» Ларыса Геніюш).

  • Беларуская мова – мова беларускага народа, адметная форма яго духоўнай культуры, першы нацыянальны скарб.

  • Родная мова – гэта сістэма, якую пэўны народ самаідэнтыфікуе як уласную, надзвычай дарагую і каштоўную, неад’емную ад гісторыі свайго краю, адрозную ад іншых моў.

Тэрмін родная мова, выкарыстаны ў час перапісаў насельніцтва Беларусі розных гадоў, паказаў наступнае: паводле перапісу 1989 г. 80,2 % беларусаў і 65 % усяго насельніцтва Беларусі лічылі сваёй роднай мовай беларускую, у 1999 годзе 81,2% прызналі сябе беларусамі, а 85,6% з гэтай колькасці і 18% небеларусаў прызналі беларускую мову за родную. У выніку ж перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года беларускую мову назвалі роднай ужо толькі 53% жыхароў краіны (5 млн 58 тысяч чалавек). Большая частка насельнікаў Беларусі (70%) мае зносіны па-руску. Толькі 26% беларусаў мовяць па-беларуску штодзень, у той час як 41% палякаў, якія жывуць на Беларусі, падчас стасункаў выкарыстоўваюць беларускую мову. У Мінскай вобласці каля 70% насельнікаў у якасці роднай назвалі беларускую мову, у Мінску 35%.

Вырашэнне пытання будучыні беларускай мовы залежыць ад фактараў уздзеяння на моўную сітуацыю:

  • Лінгвістычныя фактары:

1) генетычная блізкасць беларускай і рускай моў – дастатковая для добрага ўзаемаразумення паміж носьбітамі;

2) дыялекты беларускай мовы плаўна пераходзяць у дыялекты рускай, утвараючы дыялектны кантынуум.

  • Сацыялінгвістычныя фактары:

3) беларуская і руская мовы традыцыйна лічацца асобнымі мовамі, нягледзячы на тое, што генетычна вельмі блізкія;

4) наяўнасць у беларускай мове кадыфікаванай нормы;

5) наяўнасць у беларускай мове традыцыйных дыялектаў;

6) малое распаўсюджанне агульнаразмоўнай формы;

7) даўняя і глыбокая русіфікацыя прыводзіць да таго, што людзей, якія карыстаюцца рускай мовай, больш;

8) руская мова для асноўнай масы насельніцтва больш прэстыжная;

9) наяўнасць істотных адрозненняў у выкарыстанні моў паміж буйнымі гарадамі, дробнымі гарадамі і вёскамі прыводзіць да замацавання за беларускай мовай статуса «мова вёскі»;

10) наяўнасць масавага двухмоўя і блізкасці моў прыводзіць да значнай інтэрферэнцыі і нават да ўтварэння змешаных формаў маўлення.

  • Экстралінгвістычныя фактары:

11) блізкасць беларускай культуры да рускай;

12) беларусы, нягледзячы на блізкасць з рускім народам, лічаць сябе асобным этнасам;

13) сімвалічнае значэнне беларускай мовы большае, чым камунікатыўнае;

14) цесныя сувязі з Расіяй (эканамічныя і палітычныя);

15) адсутнасць бесперапыннай пісьмовай традыцыі (нормы беларускай мовы пачалі складвацца ў XX ст.);

16) парадаксальная моўная палітыка дзяржавы ў адносінах да беларускай мовы: з аднаго боку, выцясненне яе са сфер ужывання, з другога боку – падтрымка (фінансаванне адукацыі, культуры);

17) наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў;

18) неканкурэнтаздольнасць беларускіх СМІ і літаратуры.

З пералічаных фактараў толькі 3, 4, 5, 12 маюць станоўчае значэнне для лёсу беларускай мовы. Таму на сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якая імкнецца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.