
- •Беларуская мова як найважнейшы элемент нацыянальнай культуры і самасвядомасці народа: гісторыя і сучаснасць
- •Феномен мовы і паняцце соцыуму
- •Канцэпцыі паходжання мовы
- •Мова – духоўны скарб народа
- •Беларуская мова як адна з індаеўрапейскіх моў. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы.
- •Канцэпцыі паходжання беларускай мовы
- •Даследчыкі вылучаюць наступныя этапы ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы:
- •Пісьмовыя літаратурныя помнікі 1 перыяду:
- •6. Рэлігійная літаратура (хvі–хvіі стст.)
- •7. Лінгвістычная літаратура (навуковы жанр):
- •Разнавіднасці і формы беларускай мовы
- •Білінгвізм. Віды і аспекты беларуска-рускага білінгвізму
- •Паняцце інтэрферэнцыі. Віды руска-беларускай інтэрферэнцыі
- •Беларускае замежжа
Беларускае замежжа
Сучаснае замежжа з’яўляецца вынікам двух відаў працэсаў, што зведала Беларусь у ХХ ст. Па-першае, гэта геапалітычныя працэсы, што прывялі да змены дзяржаўных межаў, а таксама справакавалі сітуацыю распаду СССР. У выніку ўсяго адзначанага сёння мы маем беларусаў у Польшчы, Літве, Латвіі ды іншых краінах постсавецкай прасторы. Іх дыяспары маюць ужо дзесяцігоддзі гісторыі і выразны патэнцыял для далейшага развіцця, прынамсі да часу, калі паўстане праблема змены пакаленняў.
Другі від працэсаў, што паўплывалі на фарміраванне беларускага замежжа, — міграцыйныя. Шмат якія сённяшнія дыяспары з’яўляюцца вынікам дзейнасці прадстаўнікоў пераважна дзвюх апошніх хваляў эміграцыі: паваеннай — што стварыла асноўныя асяродкі на Захадзе і чые арганізацыі маюць ужо больш як паўвекавую гісторыю, і “незалежнай” — эміграцыі з Рэспублікі Беларусь ад пачатку 1990-х і да сёння. Гэтая апошняя хваля не толькі стала ствараць уласныя структуры, але і паступова пераняла і працу ў “старых” арганізацыях, дзе старэйшае пакаленне ўжо складае выразную меншасць.
Можна казаць пра тое, што сёння тыя ці іншыя беларускія арганізацыі ёсць у 26 краінах свету: Аргенціне, Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Ватыкане, Вялікабрытаніі, Грузіі, ЗША, Ізраілі, Казахстане, Канадзе, Кітаі, Кыргызстане, Латвіі, Літве, Малдове, Нідэрландах, Нямеччыне, Польшчы, Расіі, Узбекістане, Украіне, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі.
Арганізацыі замежжа можна ўмоўна падзяліць на тры групы: “старыя”, “сталыя” і “маладыя”. Да першай катэгорыі адносяцца тыя, што былі створаныя паваеннай эміграцыяй у заходніх краінах, а таксама асяродкі беларусаў у Польшчы. Гэтыя структуры прайшлі праверку часам. Сярод найбольш дзейных можна назваць Беларуска-амерыканскае задзіночанне і беларускія асяродкі ў Нью-Ёрку, Саўт-Рыверы і Кліўлендзе (ЗША), Згуртаванне беларусаў Канады ды Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі. Згаданыя арганізацыі перажылі балючы перыяд змены пакаленняў і на сёння працягваюць даволі актыўную дзейнасць пры ўдзеле ўжо прадстаўнікоў “новай” эміграцыі. Аднак далёка не ўсе заснаваныя паваеннымі беларусамі арганізацыі дзейнічаюць сёння. Фактычна няма ўжо арганізаванай беларускай прысутнасці ў Францыі, дзе ў сярэдзіне ХХ ст. быў даволі моцны беларускі асяродак. Выразна зменшылася дзейнасць беларусаў Аўстраліі.
Ад 1951 г. дзейнічае ў Нью-Ёрку Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Гэтая інстытуцыя была створаная для аб’яднання беларускіх інтэлектуалаў-эмігрантаў, каб даць ім магчымасць займацца творчасцю і даследаваннямі на чужыне. БІНІМ актыўна дзейнічаў у 1950-х—1980-х гг.: ладзіліся канферэнцыі і выставы, публікаваліся перыядычныя выданні і ўласная кніжная серыя. У 1990-х да арганізацыі далучыліся прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі, і дзейнасць яе паспяхова працягнулася. Сёння Беларускі інстытут навукі і мастацтва паспяхова супрацоўнічае і з беларусамі метраполіі. Ужо ў ХХІ ст. пабачылі свет каля 10 кніг сумеснага выдання БІНІМ і ЗБС “Бацькаўшчына” ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, каля 5 кніг ў серыі “Бібліятэка “Беларускага Гістарычнага Агляду”, 3 кнігі сумесна з выдавецтвам “Лімарыус” у серыі “Галасы Айчыны” і яшчэ 3 — з тым самым выдавецтвам у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Акрамя таго, як сумесны нью-ёркска-мінскі праект сёння выходзіць і навуковае выданне, прысвечанае беларускай эміграцыі, — “Запісы БІНіМ”. Інстытут намагаецца падтрымліваць цікавасць да літаратуры эміграцыі, да эміграцыязнаўчых даследаванняў, супрацоўнічае з навукоўцамі, у тым ліку тымі, што не з’яўляюцца сябрамі БІНіМа.
Да “сталых” арганізацыяў, тых, што маюць ўжо каля двух дзесяцігоддзяў гісторыі, можна аднесці асноўныя суполкі, што ўтварыліся у часе распаду СССР і на постсавецкай прасторы. Гэта Таварыства беларускай культуры Літвы, Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”, Беларуска-эстонскае згуртаванне, Беларуская абшчына ў Малдове, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, Таварыства беларускай культуры імя Чэрскага ў Іркуцку, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу, Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны ў Маскве, Цэнтр беларускай культуры — музей М. Багдановіча ў Яраслаўлі і іншыя. Да гэтай катэгорыі можна дадаць і розныя Нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў у Расіі, а таксама суполкі ў Казахстане і Украіне. Пераважна гэтыя арганізацыі аб’ядноўваюць людзей, што маюць супольнае савецкае мінулае, і захаванне беларускасці для іх — як своеасаблівае вяртанне да каранёў. Тут дзейнічае багата фальклорных калектываў, праводзяцца фестывалі, традыцыйныя беларускія святкаванні (Купалле, Каляды), асабліва папулярныя ў беларусаў Сібіры.
“Сталыя” арганізацыі яшчэ не сутыкнуліся з праблемай змены пакаленняў. Яны маюць пэўны імпульс дзейнасці, які з’явіўся пры стварэнні і яшчэ не вычарпаў сябе.
“Маладыя” арганізацыі з’явіліся ў розных краінах цягам апошняга дзесяцігоддзя. У пераважнай большасці гэта структуры моладзевыя і часцей створаныя палітычнай эміграцыяй з незалежнай Беларусі. Яны адрозніваюцца выразнай палітычнай пазіцыяй і імпульсіўнай актыўнасцю. Сярод іх ёсць менавіта палітычныя структуры: кампанія “Разам для Беларусі”, групы “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія), “Трэці шлях” (Эстонія), “Офіс беларускай палітычнай эміграцыі” (Антверпен), “Асацыяцыя за мадэрнізацыю” (Прага) і інш. Ёсць і грамадска-культурныя арганізацыі, як, напрыклад, Беларуская нацыянальная памяць, што плённа дзейнічае ў напрамку вяртання з нябыту беларускіх імёнаў і месцаў.
Маладыя арганізацыі не заўсёды вытрымліваюць выпрабаванне часам. Так, за апошнія дзесяцігоддзі ненадоўга з’явіліся і спынілі існаванне беларускія структуры ў Бразіліі, Балгарыі, Іспаніі. Затое цягам апошніх гадоў аформіліся арганізацыі ў новых краінах. Заснаваны Саюз беларусаў Грузіі “Беларускія сябры”, а ў Швейцарыі, дзе, бадай, ніколі не было беларускіх структураў, з’явілася Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі. Ёсць грэка-каталіцкая парафія ў Вене (Аўстрыя). Грэка-каталіцкія набажэнствы сталі ладзіцца і для беларусаў Калінінграда.
Апошнім часам з’явіліся новыя навукова-адукацыйныя арганізацыі. У Кіеве пры Кіеўскім нацыянальным універсітэце дзейнічае Цэнтр беларускай мовы і культуры імя У. Караткевіча, а ў Шанхаі пры Усходнекітайскім педагагічным універсітэце пачаў працу Цэнтр вывучэння Беларусі. З’явіліся новыя перыядычныя выданні: з ініцыятывы канадскіх беларусаў у інтэрнэце можна пабачыць часопіс “Сакавік”, а брытанскія беларусы аднавілі пасля дзесяцігоддзяў перапынку англамоўны “The Journal of Belarusian Studies”. Разам з тым дзейнічаюць і створаныя раней навуковыя цэнтры ў Нью-Ёрку, Вільні, Беластоку, Варшаве, Канзасе.
Беларуская дзейнасць у замежжы набывае і новыя формы. Гэта, відавочна, звязана з дзейнасцю маладых структураў. Так, у Лондане група “Free Belarus Now” праводзіла беларускі флэш-моб, у Маскве сталі папулярнымі спатканні “Мова ці кава”. У Празе з’явіўся беларускі хостэл, а ў Кіеве — беларуска-ўкраінская кавярня. Ужо колькі год запар канадскі беларускі гурт “Яваровыя людзі” радуе суродзічаў у свеце каляднымі музычнымі віншаваннямі. Папулярнымі апошнім часам сталі канцэрты беларускіх “апальных” гуртоў і выканаўцаў у суседніх краінах…
Важная з’ява грамадства эпохі глабалізацыі — пашырэнне інфармацыйнай прасторы беларускага замежжа. Сёння створаны дзясяткі сайтаў розных суполак. Для наладжвання сувязі выкарыстоўваюцца сацыяльныя сеткі. У сеціва выкладваецца інфармацыя як пра сучасныя арганізацыі, так і плён дзейнасці ранейшых. Асабліва карысную працу робіць інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат”, дзе можна знайсці кнігі і перыядычныя выданні не толькі сучасныя, але і паваеннай эміграцыі. У прыватнасці, выстаўленыя амаль цалкам нумары мюнхенскай газеты “Бацькаўшчына”, часопіса “Божым шляхам” і інш.
З аднаго боку, беларусы замежжа адгукаюцца на падзеі ў метраполіі, з іншага — жывуць уласным жыццём, вырашаючы свае праблемы, захоўваючы сваю ідэнтычнасць, папулярызуючы Беларусь у свеце.
У 1990 годзе паўстала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, прэзідэнтам якога зрабіўся Васіль Быкаў, а старшынём Рады — Яўген Лецка. Заснаванне “Бацькаўшчыны” стала важным крокам у справе кансалідацыі беларусаў з метраполіі і замежжа. Ідэя правесці Першы з’езд была зацверджаная Управай “Бацькаўшчыны” і ўхваленая на Першым сходзе беларусаў блізкага замежжа, што адбыўся ў Мінску ў снежні 1992 г. Менавіта тады беларусы з розных краінаў сустрэліся і адчулі ўзаемную падтрымку і сілу згуртаванасці. 8-10 ліпеня 1993 г. у Мінску адбыўся Першы з’езд беларусаў свету ( прысутнічалі 486 дэлегатаў з замежжа: Англіі, Аргенціны, Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Канады, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Расіі, Украіны, Малдовы, Туркменіі, Казахстану, Кіргізіі, Узбекістана, Эстоніі, Літвы, Латвіі).
23–24 іпеня 2013 г. у Мінску адбыўся ўжо Шосты з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Галоўным вынікам працы з’езду стала прыняцце дакументаў, якія тычацца беларусаў незалежна ад месца пражывання. Перш за ўсё, гэта зварот да Нацыянальнага сходу, Урада і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, а таксама праграма “Беларусы замежжа” (2013–2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грама-дзянскую супольнасць у Беларусі.