Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.01 Mб
Скачать

§ 27. Знакі прыпынку пры незалежных словах у сказе.

ПРАВІЛА 5. Пасьля выклічніка ставшца клічнік або коска.

1) Клічнік ставіцца ў тых разох, калі покліч выражаецца ня ўсім сказам, а толькі самым выклічнікам. (Ат! зьясі пасаліўшы. Куга! я табе ня слуга). У праціўным выпадку пасьля выклічніка ставіцца коска, а ў канцы сказу—клічнік ці пытальнік. (Ох, лепей удвох! Эх, скручу я дудку! Ну, што-ж далей будзе?).

2) Калі выклічнік памацняе слова, перад якім стаіць, або калі стаіць перад займеньнікам, то звычайна ня ставіцца ніякага знаку. (Ой пайду я лугам, лугам! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!).

3) Таксама выклічнік не выдзяляецца ніякімі знакамі, калі служыць якою-небудзь часьцінаю сказу. (Не злавіўшы, не кажы тпру. Калі хап, дык хап).

4) Складаныя выклічнікі пішуцца з злучком. (Ні гу-гу. Охо-хо-х, калі-б то я мог!). (Бач. правіла 50, 6).

5) Такія самыя знакі прыпынку ставяцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў не, так, але. (Не, я ня дзіўны: я—сьляпы! Не, ня гэтага я спадзяваўся! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край. Але, гэта было так).

Практыкаваньне 4. Сьпісаць і незалежныя словы падчыркнуць.

Ну, матулька, будзь здарова! Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Ой, Грыгор, Грыгорка! што зрабіў ты з намі? Гэй, скажы, груган, нязнаны, скуль ты прыбываеш? Ой коню, мой коню, заграй пада мною! Ой воўча, сядзі моўча! Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрцайка не ўражай! На табе, нябожа, што нам нязгожа! Эх ты, небарака! то, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе?! За гарамі, ой дзяўчына, страшны бой вядзецца! Ой стук, маці, стук! Ой куды ты, казача, вандруеш?! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой вы, браткі вы мае, запрагайце коні мне! Прэч, гадзіны, сьліўні, рапухі! Ну, сынок, служы здаровы! Гэй ты, Нёман, наша рэка! Ой вы, думкі, думкі—сэрца майго раны! Эх, наперла ліха, гора! Гайда сьцежкі пракладаць! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе, а цераз поле чалавек ідзе! Ах, як тут прыгожа! Ой чаму я стаў поэтам у нашай беднай старане!? Аа-аа, дзіця, спаць! Ат, вярзе нямаведама што! Брысь пад печ! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі на вароцях у чырвоных боцях. Ні тпру, ні ну. Охо-хох! усё гарох, рэдка—каша, беднасьць наша! Скажы на майго каня тпру, а то мае губы пазяблі. Танянёх, танянёх, куды кінуў, там і лёг. Ух, як холадна стала! Хоць вох, да ўдвох. Гэй ты, Нёман, быстры Нёман! Ох, скарэй-бы закрывала землю чорную зіма! Ой на дварэ дождж ідзе, а ў сенях лужа! Салавей пяе цяцёх, цяцёх, а я млода, ох-ох, ох-ох. О, наш чысты, наш свабодны Нёман—быстрая рака! Эх, ня лёгка за скацінай! Эт, патрапіць: невяліка пастуха навука. Ото, дзіва! Эх ты, разводзьдзейка, эх ты, бурлівае! Аа-аа, люлі! прыляцелі куры. Ой ляцела зязюлечка ды сказала ку-ку.

§ 28. Знакі прыпынку пры пабочных словах.

ПРАВІЛА 6. 1) Калі пабочнае слова стаіць у пачатку сказу, то пасьля яго ставіцца коска. (Знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе). 2) Калі яно стане ў сярэдзіне сказу, то выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Ты, мабыць, забыўся). 3) А калі пабочнае слова стаіць у канцы сказу, то перад ім ставіцца коска. (Будзе вайна, кажуць).

Увага. Пабочных слоў можа быць два і больш. Напрыклад: Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! На мой густ, дык і гэта добра.

Практыкаваньне 5. Сьпісаць і пабочныя словы падчыркнуць.

Ну, авось, табе паможа сусед. Стары дзед не пачуў, мабыць, грукату. Вот, напрыклад, маё, дык, пэўна-ж, райскае жыцьцё. На жаль, я не памятаю такога здарэньня. Зьбяруцца, бывала, і люлькі закураць. Ты, разумеецца, паможаш мне ў гэтай справе. Нашая ластавачка, напрыклад, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Ен, мусіць, зусім забыўся, што далі яму такую мянюшку. У дарозе, вядомая рэч, спачатку ня чуеш, што цяжка, а потым і хунт пудам здасца. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Усё ішло, здавалася яму, звычайным парадкам. От, ведама, забаўляліся, як дзеці. Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі, разам з вамі! У нашай, напрыклад, воласьці другі ўжо год, як ідуць непарадкі. Прызнацца, Андрэй нават ня рад быў, што сьсек той дубок. Гэтая карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Каню, відаць, ня вельмі падабалася несьці на сабе свайго нядбалага гаспадара. Апроч таго, яны і па натуры былі мурашкі-практыкі. Папраўдзе сказаць, мне не хацелася ехаць на ўловы. А вясна, тымчасам, рабіла сваё. Перш-на-перш, мы суседзі, а потым, і сама справа вымагае нашай супольнасьці. Бывала, устане, бедны, падыдзе да акна ды глядзіць на яснае неба. У вольныя дні, бывала, клікала цётка Ганна малога Юрку ў грыбы. Нарэшце, надумаліся яны паглядзець, што гэта значыць.

Практыкаваньне 6. Сьпісаць вершы звычайнымі радкамі.