Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Язэп Лёсік. Беларускі правапіс. 1929.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.01 Mб
Скачать

116.

Язэп Лёсік

Беларускі правапіс

Выданьне восьмае, выпраўленае

Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва

Менск—1929

Надрукавана ў друкарні Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва

Зак. 159. У ліку 50.000 экз. Галоўлітбел 1012.

Прадмова.

I. Прынцыпы беларускага правапісу

У васнову беларускага правапісу паложаны такія прынцыпы:

1) Фонэтычны, калі слова запісваецца больш-менш так, як яно чуваць, напр.: вада, малако, галава, рака, сяляне, лясы, зямля, вядро і г. д., замест: вода, молоко, голова, рэка, селяне, лесы, земля, ведро і г. д.

2) Этымолёгічны, калі слова запісваецца згодна ня з іх цяперашнім вымаўленьнем, а з іх пахаджэньнем і параўнаньнем (аналёгіяй) з іншымі роднымі паміж сабою словамі, напр.: мёд, хлеб, мог, калодка, казка, просьба, барацьба, адтрымаць, мыешся, матцы, дачцы, заместа: мёт, хлеп, мох, калотка, каска, прозьба, барадзьба, аттрымаць, ці атрымаць, мыесься, маццы, даццы, як гэта чуваць пры вымаўленьні.

3) Прынцып напісаньня чужаземных слоў, паводле якога словы чужаземныя, але толькі кніжныя (навуковыя тэрміны, тэхнічныя словы і іншыя) пішуцца так, як у тэй мове, адкуль яны ўзяты, з некаторымі зьменамі (пераважна ў канчатках), дапасаванымі да беларускай фонэтыкі, напр.: Лёндон, кляса, нацыя, комунізм, партыя, тэлеграма, географія, арытмэтыка, этымолёгія, тэхнікум, сыстэма, рэволюцыя, экономія і др. (Бач. § 20).

З гэтых прынцыпаў найбольш шырока ўжываецца фонэтычны прынцып для напісаньня галосных гукаў і этымолёгічны—для напісаньня зычных.

Але ад гэтых прынцыпаў здараюцца адступленьні; так мы пішам:

1) вецер, восень, далей, болей; поле, насеньне, зельле; гаем, роем, зельлем; лялек, жнеек, нянек, песень; чытае, працуе, будзе, гляне, чытаеце, гуляеце і г. д., заместа таго, як чуваць: вецяр, восянь, даляй, боляй; поля, насеньня, зельля; гаям, роям, зельлям; ляляк, жнеяк, няняк, песянь; чытая, працуя, будзя, гляня, чытаяця, працуяця і г. д.

2) прызба, бясконца, раскрыў, скінуў, брацкі, полацкі, позны, пачэсны, міласэрны, дваццаць, мыцца і г. д., заместа: прысба (ад слова “прысыпаць”), бязконца, разкрыў, зкінуў, братскі, полатскі, поздны, пачэстны, міласэрдны, двадцаць, мыцься і г. д.; значыць, падобныя словы запісваюцца так, як чуваць, а ня так, як-бы трэба было пісаць паводле пахаджэньня гэтых слоў. (Бач. вышэй прынцып этымолёгічны).

3) Чужаземныя словы, вядомыя шырокім народным масам, як свае родныя, падлягаюць нашаму правапісу і пішуцца так, як гэта чуваць у штодзенным ужытку, напр.: літары, дарэктар, аканом, або аконам, калідор, леварвэр, камісія, камітэт, сакратар, камуністы (замест “камуніст”) і др.

Разумеецца, правапісальнае пытаньне лягчэй за ўсё можна было-б разьвязаць такім спосабам, каб у напісаньні слоў трымацца аднаго фонэтычнага прынцыпу, каб можна было пісаць так, як чуваць, каб вока бачыла тое, што чуе вуха. Але датрымаць фонэтычнага прынцыпу да канца—немагчыма. Немагчыма гэта ўжо дзеля таго, што няма такой азбукі на сьвеце, каб можна было дакладна перадаваць на пісьме ўсе гукі нашае мовы. Такой азбукі і прыдумаць трудна, бо гукі ў жывой мове вымаўляюцца розна, у залежнасьці ад гаворак. Акуратна дапасаваць літары да гукаў практычна немагчыма і непатрэбна. Мова кожнага народу, не зважаючы на ўсю яе суцэльнасьць, мае шмат асобных, мясцовых гутарак, якія, маючы агульныя карані і формы слоў, розьняцца паміж сабою акцэнтам і вымоваю слоў.

Такім парадкам, наш правапіс, палажыўшы ў аснову напісаньня беларускіх слоў падвойны і нават патройны прынцып (фонэтычны, этымолёгічны і традыцыйны), дбае аб адным, каб па магчымасьці перадаць на пісьме ўсе асаблівасьці тае гутаркі беларускае мовы, якая легла ў аснову літаратурнае мовы.

Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-віленскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежаваньня,—ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы і здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.