
Выкарыстанне некаторых злучнікаў і прыназоўнікаў. Змест праграмы
Навучыць выяўляць стылёвыя асаблівасці некаторых прыназоўнікаў і злучнікаў у залежнасці ад кантэксту.
Метадычныя ўказанні
Злучнік — гэта службовая часціна мовы, якая ўжываецца для сувязі слоў, частак складанага сказа і сказаў, напрыклад: завадчане не толькі аднавілі руіны былых карпусоў, але і пабудавалі новыя. Мы атрымалі добры ўраджай не толькі жыта, але і бульбы, цукровых буракоў і гародніны.
Злучнікі, як і прыназоўнікі, не маюць лексічнага значэння, не з′яўляюцца членамі сказа, не змяняюцца. Злучнікі служаць для выражэння сэнсава-граматычных адносін паміж сінтаксічнымі адзінкамі мовы.
У залежнасці ад сінтаксічнай функцыі і выражаных сэнсава-граматычных адносін злучнікі падзяляюцца на злучальныя і падпарадкавальныя.
Злучальныя злучнікі ўжываюцца пры аднародных членах сказа: Такімі злучнікамі яшчэ злучаюцца часткі складаназлучаных сказаў, а таксама самастойныя сказы ў звязным тэксце. Падпарадкавальныя злучнікі звязваюць часткі складанага сказа.
Паводле структуры злучнікі бываюць простыя, напрыклад: а, але, бо, каб, што, як, і састаўныя (двух- і трохслоўныя): толькі што, таму што, як быццам, для таго каб, пасля таго як і інш.
У АДС часта выкарыстоўваецца складаны супастаўляльны злучнік не толькі…, але і…. Ведайце! Дадзены злучнік служыць для злучэння аднародных членаў сказа ці частак складаназлучанага сказа. Кожная частка злучніка павінна знаходзіцца непасрэдна перад аднароднымі членамі: не толькі дыпломы, але і залікоўкі; не толькі кнігі, але і часопісы. Калі аднародныя члены сказа ўжыты з прыназоўнікам, то прыназоўнік павінен паўтарацца перад кожным з аднародных членаў: не толькі для сябе, але і для ўсіх.
Злучнікі, якія адносяцца да ўстарэлай лексікі, у АДС не выкарыстоўваюцца.
Адзіночны спалучальны злучнік і з’яўляецца самым распаўсюджаным, выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях, мае нейтральную стылістычную афарбоўку. Яго сінонім злучнік ды выкарыстоўваецца ў вусным маўленні для злучэння частак складаназлучанага сказа. Для сувязі складаных частак складаназлучанага сказа з адносінамі неадпаведнасці ўжываюцца сінанімічныя злучнікі толькі, аднак.
Функцыю спалучэння частак складаных сказаў у АДС таксама выконваюць злучальныя словы — адносныя займеннікі хто, што, які, каторы, чый, колькі і займеннікавыя прыслоўі дзе, як, куды, калі, адкуль. Злучальныя словы ў адрозненне ад злучнікаў з′яўляюцца членамі сказа даданых частак, таму іх пропуск немагчымы. У АДС ўжываюцца злучальныя словы разам з тым, між тым, тым не менш.
Асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў
Прыназоўнікі служаць для выражэння падпарадкавальных адносін паміж галоўным і залежным словамі ў словазлучэннях або сказах. Гэта службовая часціна мовы можа ўжывацца з адным або некалькімі склонамі залежнага слова.
Прыназоўнік у ў становішчы перад словам, якое пачынаецца з у, пераходзіць у ва: ва ўсіх, ва універсітэце, ва ўзросце (а л е: у многіх, у Францыі, у В'етнаме).
Прыназоўнік з у становішчы перад словамі, якія пачынаюцца збегам зычных з першай з, с, ж, ш, м, пераходзіць у са: са змены, са сцяны, са жвіру, са школы, са мной (а л е: з многімі).
Прыназоўнік па-за выкарыстоўваецца з Т. склонам залежнага слова: па-за межамі фірмы, па-за вызначанымі правіламі (памылка: па-за межаў фірмы — з Р. склонам). П а р а ў н.: замест рускага канцылярскага выразу вне зависимости ў беларускай мове выкарыстоўваецца слова незалежна (з-за немілагучнасці калькі па-за залежнасцю).
Прыназоўнікі аб і пра, сінанімічныя ў многіх выпадках, адрозніваюцца ўжываннем. Прыназоўнік аб пераважае ў тэкстах навуковага і афіцыйна-справавога стылю, пра ўжываецца ва ўсіх стылях. Аднак стандарт афіцыйна-справавога стылю не дапускае варыянтнасці пры афармленні загалоўкаў дакументаў (загад, акт, пісьмо) або парадку дня ў пратаколах, дзе выкарыстоўваецца толькі прыназоўнік аб: Аб зацвярджэнні каштарыса; Аб праверцы расходавання фінансавых сродкаў; Аб працягу рамонту станцыі. У саміх тэкстах таксама пераважае прыназоўнік аб, які можа замяняцца на пра ў выпадку немілагучнасці: аб абароце наркотыкаў — пра абарот наркотыкаў, аб абавязках — пра абавязкі; а л е ў назве: Закон «Аб абароне».