- •Уводзіны
- •1. Старажытныя славянскія імёны
- •2. Адкуль прыйшлі імёны
- •3. Імёны нашай краіны
- •3.1. Запазычанні з грэчаскай мовы
- •3.2. Запазычанні з лацінскай мовы
- •3.3. Запазычанні са старажытнаяўрэйскай мовы
- •3.4. Запазычанні са старажытнагерманскай мовы
- •3.5. Запазычанні з іншых моў
- •3.6. Славянскія імёны
- •4. Ад мянушкі да прозвішча
- •5. Некаторыя прозвішчы нашай краіны
- •Высновы
- •Спіс выкарыстанай літаратуры
5. Некаторыя прозвішчы нашай краіны
Адамовіч. Тыповае беларускае прозвішча, утворанае ад бацькавага імені Адам. Сям’ю Адама называлі Адамовічамі. Само ж імя Адам, як указвалася раней, мае біблейскае паходжанне ад старажытнаяўрэйскага слова хаддам, што значыць першы чалавек.
Адзінец. Такое прозвішча давалі чалавеку, які жыў адзін, без сям’і або калі было адно дзіця.
Бабій – “паклоннік жаночага полу” або “пястун, які падобны да жанчыны”.
Багдановіч. Старажытнае славянскае імя Багдан (богам дадзены, пасланы) пакладзены ў аснову гэтага прозвішча.
Біндаль – у аснове гэтага прозвішча мянушка Біндаль ад беларускага слова “біндаль” – “аднавокі”
Бяздольны – гэта чалавек, які ў XV–XVIII стст. не меў сваёй часткі (долі) ў абшчынным ці спадчынным зямельным надзеле.
Галавач. Прозвішча пайшло ад мянушкі Галавасты, якую давалі людзям з большай, чым у іншых людзей, галавой або разумнейшым за іншых.
Гіцкі – прозвішча ўтворана ад назвы вёскі Гіча (Дубровенскі раён Віцебскай вобласці). А назва вёскі ўтворана ад мянушкі Гіча – “цеста на каравай”. Такую мянушку мог атрымаць чалавек, які пёк смачныя караваі.
Дубатоўка. Таго, хто таўчэ дубовую высушаную кару, каб дубіць скуры, так называлі. Гэта мянушка паводле занятку.
Дукса – ад літоўскага дуксас, што азначае ўздых, набіранне паветра ў лёгкія.
Ждановіч. Адным з даўніх стараславянскіх імён было Ждан. Так называлі некалі першага ў сям’і сына, якога доўга чакалі, бо нараджаліся ўсе дзяўчынкі. Ад гэтага імя і пайшло прозвішча.
Казінец – так называлі хваробу канцовасцей, па-руску падагра. Людзям, якія няпэўна ступалі па зямлі, падрыгваючы нагой ці абедзвюма, давалі такую мянушку і прыгаворвалі: скача, нібы казінец у ногі ўбіўся.
Капыловіч – у аснове гэтага прозвішча старажытнае імя або мянушка Капыл – “чалавек запальчывы, капрызны”. У дахрысціянскі перыяд імёны з негатыўнай характарыстыкай часцей за ўсё імелі ахоўнае значэнне, адпужвалі ад немаўлят злых духаў. У гаворках Магілёўшчыны яшчэ і сёння слова “капыл” функцыянуе ў тым жа значэнні.
Ларчанка – ад рускага ларь, што значыць скрыня. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі словам ларь называлі гандлёвую палатку. Чалавеку, які меў такі ларок і гандляваў нейкім таварам, далі прозвішча Ларчанка.
Пінчук. У гэтым слове адлюстравана прыналежнасць чалавека да горада Пінск і яго ваколіц, жыхароў якіх называюць пінчукамі.
Сівец. Так завецца белавус – лугавая трава, якая цвіце пухнатым белым кутасікам. Таму, хто першы пасяліўся ў вёсцы каля такога лугу, ці ў каго былі белыя вусы, і мянушку далі Сівец, а потым запісалі прозвішчам.
Талалуеў – аснове прозвішча ляжыць мянушка Талалуй “аматар пагаварыць” (паталалаіць, паталалуіць”. Украінцы талалаем называюць язык.
Торап – старажытнарускае нецаркоўнае імя, якое прысвойвалася чалавеку паспешліваму, кемліваму. У старажытнарускіх пісьмовых помніках упамінаецца пад 1549 г. і належыць галоўным чынам прадстаўнікам сялянскага саслоўя.
Хадановіч – сын або нашчадак Хадана (размоўны варыянт афіцыйнага імя Мефодзій (у перакладзе з грэчаскай мовы “мэтанакіраваны, дапытлівы”) або імя Фёдар (у перакладзе з грэчаскай мовы – “Божы дар”).
Чабан – прозвішча ўзыходзіць да цюркскага слова “чобан” (“пастух авечых статкаў”). У Малдове даволі часта сустракаюцца прозвішчы Чабан, Чобан, Чабану. У беларускай мове гэта слова ў значэнні “пастух авечак” сустракаецца ў мастацкіх творах, прысвечаных Украіне. І асноўнымі носьбітамі гэтага прозвішча ва ўсходніх славян з’яўляюцца ўкраінцы.
Чыкун. Гэтым словам у некаторых мясцінах называюць кульгавых на адну нагу. Кажуць: не ідзе, а чыкае.
Юройць – прозвішча ўзнікла ў выніку асваення на беларускай глебе літоўскага прозвішча Юрайціс, у аснове якога асабовае імя Юра – скарочаны варыянт царкоўнага імя Юрый, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца варыянтам імя Георгій (у перакладзе з грэчаскай мовы – “земляроб”, “хлебароб”). Паводле падання, гэтае імя было дадатковым імем галоўнага бога Зеўса, які апекаваў земляробства.
Якулевіч – ад мянушкі Якуль, як называлі тых, хто меў звычку перапытваць усё, што пытаюцца ў яго, і празмерна карыстаўся словам як.
