
- •Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі
- •1. Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
- •Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г.
- •2.Гарады. Рамёства. Гандаль
- •3.Рэфармацыя.
- •3.Фарміраванне беларускай народнасці.
- •4. Культурнае жыццё.
- •2. Паўночная вайна.
- •3. Унутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове хyii–хyiiі ст. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай.
- •4. Паўстанне пад кіраўніцтвам т.Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.
- •4.Культурнае жыццё.
- •1.Адмена прыгоннага права і іншыя буржуазныя рэформы другой паловы хіх ст.
- •2.Развіццё гаспадаркі ў паслярэформенны перыяд (60-90 гг. Хіх ст.)
- •3.Фарміраванне беларускай нацыі
- •4.Культурнае жыццё
4.Культурнае жыццё
Асвета. Развіццё капіталізму выклікала патрэбу ў больш шырокім развіцці асветы. Пад уплывам грамадскага руху царскі ўрад быў вымушаны правесці некаторыя рэформы ў галіне адукацыі. Пачатак школьнай рэформы на Беларусі супаў з падаўленнем паўстання 1863-1864 гг., з масавымі рэпрэсіямі. У 1864 г. быў закрыты Гора-Горыцкі земляробчы інстытут, некаторыя сярэднія навучальныя ўстановы. Ужыванне беларускай і польскай моў забаранялася, сістэма адукацыі была арыентавана на русіфікацыю вучняў, выхыванню іх у вернасці самаўладзю.
Новы перыяд жорсткай палітычнай рэпрэсіі, які адмоўна паўплываў на сістэму народнай асветы, наступіў у Расіі ў 1881 г. Многія народныя вучылішчы былі закрыты. Замест іх пачалі адкрывацца царкоўна-прыхадскія школы і школы граматы.
Тым не менш, за 60-90-я гг. колькасць пачатковых школ павялічылася ў некалькі разоў і ў канцы ХІХ ст. складала больш за 6800, а сярэдніх – толькі 20. Узровень народнай асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкімі. Паводле даных ўсерасійскага перапісу 1897 г. колькасць пісьменных у адносінах да ўсяго насельніцтва Беларусі складала 25,7 %.
Перыядычны друк, літаратура. Перыядычны друк, літаратура ва ўмовах царскай Расіі былі адзінай трыбунай грамадскай думкі. На Беларусі развіццё выдавецкай справы і перыядычнага друку знаходзіліся ў цяжкім становішчы. Толькі ў 1869 г.было вырашана адмяніць некаторыя надзвычайныя меры і пашырыць на паўночна-заходнія губерні агульныя законы аб друку. Ад папярэдняга нагляду былі вызвалена толькі літаратура праваслаўнага духоўнага ведамства. Афіцыйны друк быў прадстаўлены “Губернскими ведомостями”, праваслаўнымі “Епархияльными ведомостями”. Вялікадзяржаўным шавінізмам і манархізмам адрозніваліся газета “Виленский вестник” і часопіс “Вестник Западной России”. Усе вышэйназваныя выданні ставілі за мэту даказаць, што беларусы не маюць права на самастойнае палітычнае і культурнае развіццё. Але даследаванні па гісторыі і этнаграфіі краю, якія публікаваліся ў іх, мелі вялікае станоўчае значэнне.
Толькі ў 1886 г.было дазволена выдаваць незалежную ад урада літаратурна-палітычную газету “Минский листок”. З 1902 г. яна выходзіла пад назвай “Северо-Западный край”. Газета прытрымлівалася ліберальнага напрамку.
У ходзе рэвалюцыі ў 1905 г. царскі ўрад даў дазвол на беларускі легальны друк. З верасня 1906 г. ў Вільні выходзіла газета “Наша доля”, якая выдавалася групай дзеячаў БСГ. У студзені 1907 г. выданне “Нашай долі” было забаронена. З лістапада 1906 г. ў Вільні пачала выходзіць “Наша ніва”. З’яўленне беларускіх легальных выданняў паскорыла працэс фарміравання літаратурнай мовы, выпрацоўкі яе навуковай тэрміналогіі.
На развіццё беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. крайне адмоўна адбіліся мураўёўскія рэпрэсіі, жорсткі русіфікатарскі курс.
Буйнейшым беларускім пісьменнікам другой паловы ХІХ ст. быў Ф.Багушэвіч (1840-1900). Ім выданы зборнікі вершаў: “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Творчасць Ф.Багушэвіча заклала падмурак для развіцця сялянскага, народніцкага напрамку ў беларускай літаратуры, які ў пачатку ХХ ст. стаў галоўным. У творчасці другога выдатнага прадстаўніка беларускай літаратуры Янкі Лучыны (1851-1897) таксама знайшлі адлюстраванне любоў да беларускага селяніна, імкненне бачыць свой народ адукаваным і шчаслівым. Беларускія вершы Я.Лучыны сабраны ў зборніку “Вязанка”.
Аўтарам лірычных і сатырычных вершаў, а таксама фальклорна-этнаграфічных даследаванняў быў паэт А.Гурыновіч.
Ідэяй нацыянальнага адраджэння прасякнуты творы пісьменніка К.Каганца.
У пачатку ХХ ст. пачынаюць сваю творчасць заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры і мовы Я.Колас і Я.Купала. Вышлі іх першыя зборнікі твораў”: “Песьні жальбы”, “Апавяданне”, “Неманаў дар”, “Толстае палена” Я.Коласа, “Жалейка”, “Гусляр”, “Шляхам жыцця” Я.Купалы. У паэзіі і прозе аўтараў паказаны прыгнечанае жыццё беларускага селяніна разам з багатым духоўным светам, годнасцю, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы.
Архітэктура. У архітэктурным абліччы гарадоў у другой палове ХІХ ст. – пачатку ХХ ст. адбыліся значныя перамены: з’явіліся буйныя фабрыкі і заводы, праз многія гарады прайшлі чыгункі. Што выклікала новы тып пабудоў – вакзалы і дэпо. Цэнтры буйных гарадоў былі забяспечаны вадаправодам, каналізацыяй, электрычным асвятленнем, тэлефонам.
Для архітэктуры другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. быў характэрны стылявы эклектызм – спалучэнне разнастайных мастацкіх элементаў. У будаўніцтве касцёлаў праявіліся спробы адраджэння сярэдневяковай готыкі. У праваслаўным дойлідцтве традыцыйна выкарыстоўваўся візантыйскі стыль. Нямала збубаванняў было ўзведзена ў традыцыях класіцызму, а таксама рэнесансу (банкі, навучальныя ўстановы), барока (напрыклад тэатры).
Побач з эклектыкай у канцы ХІХ ст. адбывалася станаўленне новага стылю – мадэрна. Для архітэктуры мадэрна характэрны перапляцёныя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прымяняўся для новых тыпаў пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), выкарыстоўваў новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, шкло, фабрычная дахоўка).
Выяўленчае мастацтва. Рост дэмакратычнага руху ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. абумовіў развіццё рэалістычнага мастацтва. Выдатныя мастацкія таленты з ліку ўраджэнцаў Беларусі атрымлівалі вышэйшую кваліфікацыю за межамі радзімы, у Пецярбургскай Акадэміі мастацтва, у Заходняй Еўропе. Працавалі яны і за мяжою, і на радзіме. Вядомым майстрам бытавога жанру, партрэту і пейзажу быў мастак Н.Сільвановіч (1830-1918).
Найбольш вядомы з мастакоў, працаваўшых у жанры пейзажу з’яўляўся А.Гараўскі (1833-1900). У гістарычным і бытавым жанры пісаў К.Альхімовіч (1840-1916). Ён паказаў цяжкую працу сялян, ілюстраваў творчасць А.Міцкевіча і іншых пісьменнікаў.
Сваю лепту ў развіцці жывапісу ўнеслі І.Трутнеў, В.Гразноў, С.Дабравольскі, І.Хруцкі, Д.Струкаў.
На рубяжы ХІХ-ХХ ст. у беларускім жывапісе з’явіўся шэрагталенавітых мастакоў. Ю.Пэн працаваў у бытавым і партрэтным жанры, Я.Кругер – пераважна ў жанры партрэта, Ф.Рушчыц – як тэатральны дэкаратар, В.Бялыніцкі-Бяруля – ў пейзажы.
Тэатр і музыка. Другая палова ХІХ ст. – перыяд фарміравання беларускага прафесійнага тэатра. У гэты час у многіх гарадах гастралявалі трупы з Масквы, Пецярбурга, украінскія і польскія тэатры. У 1890 г. ў Мінску быў адкрыты пастаянны тэатр (цяпер памяшканне тэатра імя Я.Купалы).
У 1910 г. ўзнікла першая беларуская трупа І.Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. Ён дзейнічаў да 1913 г.
Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё. З вялікім поспехам гастралявалі на Беларусі розныя музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў.
У апошняй чвэрці ХІХ ст. сталі арганізоўвацца літаратурна-музычныя гурткі і таварыствы. Іх асноўнай мэтай было эстэтычнае выхаванне дэмакратычных колаў насельніцтва, распаўсюджанне музычных ведаў.
Другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. – важны этап далейшага развіцця беларускай культуры, якая з’яўлялася неад’емнай часткай як агульнарасійскай, так і сусветнай культуры.
ЛIТАРАТУРА
Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во воторой половине XIXв. – Мн.: Наука и техника, 1971.
Архiтэктура Беларусi: Энцыклапедычны даведнiк / Рэдкал.: А.А.Войнаў i iнш. . – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi. 1993.
Беларусазнаўства / Пад рэд. П.Брыгадзiна. – Мн.: Завiгар, 1998.
Белоруссия в эпоху капитализма: Документы и материалы. – Мн.: Наука и техника, 1981. Т.1.
Гiсторыя Беларусi: У 2ч. / Пад рэд. Я.К.Новiка i Г.С.Марцуля. – Мн.:Унiверсiтэцкае, 1998. Ч.1.
Гiсторыя Беларусi: У 2ч. Ч.2. ХІХ-ХХ стагоддзі: Курс лекцый / П.Брыгадзін, У.Ладысеў, П.Зялінскіі і+нш. – Мн.: РІВШ БДУ, 2002.
Гiсторыя Беларускай ССР: У 5 т. / Пад рэд. I.Iгнаценка. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1972-1975. Т.2.
Доўнар-Запольскi М.В. Гiсторыя Беларусi. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1994.
История рабочего класса Белорусской ССР: В 4 т./ Под ред. П.Т.Петрикова. – Мн.: Наука и техника, 1984. Т.1.
Кiштымаў А. Эканамiчныя ўмовы фармiравання беларускай нацыi ў канцы XVIII ст. – 50-х гадах XIX ст. // З глыбi вякоў. Наш край: Гiстарычна-культуралагiчны зб. Вып.2. – Мн.: Беларуская навука, 1997. С.79-100.
Кожушков А.И. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии во второй половине Х1Х века. – Мн.: Изд-во Мин. высш., сред.спец. и проф. образования БССР, 1963.
Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (вторая половина 19 в.). – Мн.: Наука и техника, 1971.
Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi. – Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997.
Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi: Энцыклапедычны даведнiк / Б.I.Сачанка i iнш. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1995.
Нарысы гiсторыi Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. М.П.Касцюк.: Беларусь, 1994-1995. Ч.1.
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии. 1861-1914 гг. – Мн.: Наука и техника, 1969.
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861-1900 гг. – Мн.: Наука и техника, 1990.
Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі. – Мн.: Беларуская навука, 2004.
Саладков И.И. Социально-экономическое положение Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции (конец ХІХ – начало ХХ в.). – Мн.: Изд-во БГУ, 1957.
Славутыя iмёны Бацькаўшчыны: Зб. Вып.1 / Уклад У.Гiлеп i iнш. – Мн.: БФК, 2000.
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. – Мн.: Изд-во БГУ, 1958.
Хрестоматия по истории Белоруссии: С древнейших времен до 1917 г. – Мн.: Изд-во БГУ, 1977.
Эканамiчная гiсторыя Беларусi / Пад рэд. В.I.Галубовiча. – Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1999.
Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi: У 6 т. / Пад рэд. М.В.Бiч i iнш. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1993-2003. Т.1-6.
Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя / Рэдкал I.П.Шамякiн i iнш. – Мн.: "Беларуская савецкая энцыклапедыя" iмя П.Броўкi. 1989.
ПЫТАННI ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ
1.Асвятлiце асноўныя прычыны адмены прыгоннага права.
2.Выдзелiце асаблiвасцi ў ажыццяўленнi аграрнай рэформы на Беларусi.
3.Раскрыйце сутнасць iншых рэформ другой паловы ХІХ ст.
4.Дайце характарыстыку адкату рэформ 80-90-х гг. ХІХ ст.
5.Якiя змены адбылiся ў сельскай гаспадарцы Беларусi пасля адмены прыгоннага права?
6.Асвятлiце, у якiх умовах развiвалася беларуская нацыя i культура Беларусi ў XIX – пачатку ХХ ст.
7.Назавiце iмёны выдатных дзеячаў беларускага адраджэння.
8.Выдзелiце стылявыя напрамкi, характэрныя для архiтэктуры i выяўленчага мастацтва Беларусi ў другой палове XIX – пачатку ХХ ст.
9.Раскажыце аб развiццi тэатральнага i музычнага мастацтва Беларусi ў другой палове XIX – пачатку ХХ ст.
10.Ахарактарызуйце тэматыку твораў беларускай лiтаратуры другой паловы XIX – пачатку ХХ ст.
11.Вызначце, якi уплыў на развiцце беларускай культуры мелi культуры iншых народаў.