
- •Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі
- •1. Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
- •Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г.
- •2.Гарады. Рамёства. Гандаль
- •3.Рэфармацыя.
- •3.Фарміраванне беларускай народнасці.
- •4. Культурнае жыццё.
- •2. Паўночная вайна.
- •3. Унутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове хyii–хyiiі ст. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай.
- •4. Паўстанне пад кіраўніцтвам т.Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.
- •4.Культурнае жыццё.
- •1.Адмена прыгоннага права і іншыя буржуазныя рэформы другой паловы хіх ст.
- •2.Развіццё гаспадаркі ў паслярэформенны перыяд (60-90 гг. Хіх ст.)
- •3.Фарміраванне беларускай нацыі
- •4.Культурнае жыццё
Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі
ТЭМА 1: ГАСПАДАРКА, ДУХОЎНАЕ І НАЦЫЯНАЛЬНА – КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ПЕРЫЯД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIII – СЯРЭДЗІНА XYI СТ.)
План
1.Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
2.Гарады. Рамёства. Гандаль.
3.Рэфармацыя.
4.Фарміраванне беларускай народнасці.
5.Культурнае жыццё.
1. Эвалюцыя феадальных адносін ў сельскай гаспадарцы.
У другой палове XІII – сярэдзіне XYI ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне і ўдасканаленне феадальных адносін. Сістэма кіраўніцтва сельскагаспадарчай вытворчасцю была давольна складанай. Яна адлюстроўвала пераход ад падаткавай сістэмы ў выглядзе натуральнай даніны і палюдзя для пракорму князя і яго дружыны ў раннефеадальнай дзяржаве да рэнты (падаткаабкладання за карыстанне зямлёй), якая пастаянна павялічвалася і была неабходная для ўтрымання княскага двара, феадалаў, царквы з іх усё ўзрастаючымі патрэбамі.
Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія. У сваю чаргу дзяржаўныя былі двух катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. У валасцях ворыўныя землі былі ў прыватным карыстанні сялян, а астатнія выкарыстоўваліся калектыўна, належылі абшчыне. Воласць звычайна складалі некалькі сёл, яна была адміністрацыйнай адзінкай. У адрозненні ад валасцей гаспадарскія двары (домен) належалі непасрэдна князю і забяспечвалі яго двор.
У канцы XIY ст., у ходзе правядзення рэформы, дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у XY–XYI стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, а таксама царкве. Калі ў канцы XIY ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці XYI ст. – толькі 1/3.
Асноўнымі відамі вялікакняскіх падараванняў былі: часовае – на тэрмін жыцця аднаго ці некалькіх пакаленняў; “на вечнасць” з правам ці без права продажу. У канцы XY ст. скарачаецца ўдзельная вага часовых падараванняў і павялічваецца колькасць падараванняў “на вечна”.
Дробныя землеўладальнікі з XY ст. сталі звацца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў – панамі.
Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19% ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, і валодалі 46,4% зямельных угоддзяў.
Правы і прывілеі феадалаў паступова заканадаўча афармляліся. У канцы XYІ ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальне саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба.
Асновай эканамічнага жыцця з’яўлялася сельскагаспадарчая праца, ею займалася абсалютная большасць насельніцтва. Паступова ўдасканальвалася агратэхніка. Двуполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у XІY ст. У той жа час працягвалі існаваць і больш прымітыўныя сістэмы земляробства, як падсека і пералог.
Асноўнай сельскааспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалі да паловы і больш ворыва. Яго ураджай быў сам-3-4. Шырока былі распаўсюджаны таксама авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, канаплю. На прысядзібных агародах сяляне вырошчвалі агародніну.
Узрастала значэнне свойскай жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней.
Значнае месца ў гаспадарчым жыцці па-ранейшаму займалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва.
Сялянскі двор меў назву “дым”, што азначала звычайна сем’ю, радзей – некалькі сем’яў і іх уласнасць. Дым быў і адзінкай падаткаабкладання.
Значную ролю ў сялянскім жыцці адыгравала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты, абараняла сялян ад сваволу феадалаў.
Паступова феадалы прысвойвалі права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян. За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты была “даніна” (натуральны аброк). Паступовае развіццё таварна-грашовых адносін, уцягванне ў іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў прывяло да ўвядзенне ў XІY ст. грашовага аброку – чынша (асады). Па меры развіцця феадальных адносін у XY–XYІ стст. адной з асноўных форм феадальнай рэнты становіцца паншчына (адпрацовачная рэнта). Паншчына – ў гаспадарцы феадала – павялічылася да 1 дня ў тыдзень з дыма ў першай палове XYІ ст. Яна стала асноўнай формай феадальнай павіннасці ў заходняй і цэнтральнай частках Беларусі з другой паловы XYІ ст. Цяглыя сяляне, галоўнай павіннасцю якіх з’яўлялася паншчына, павінны былі таксама плаціць натуральны аброк, невялікі чынш, несці фурманковую (давалі стацыі – падводы) і ахоўную (маёмасці гаспадара) павіннасці, прымаць удзел у талоках, гвалтах – сумесных работах па збору ўраджаю, будаўніцтве дарог, замкаў і інш.
Збяднелыя сяляне, ці былая “челядзь нявольная” станавіліся агароднікамі. Гаспадар саджаў іх на невялікі кавалак зямлі. Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну.
Прывілеяванай часткай залежнага сельскага насельніцтва з’яўляліся сяляне-слугі. Да іх адносіліся воіны, конюхі, лоўчыя, рамеснікі, млынары.
Збяднелых, дэкласіраваных элементаў называлі кутнікамі, халупнікамі, каморнікамі, бабылямі. Гэтыя людзі жылі працай па найму.
Па ступені феадальнай залежнасці сяляне падзяляліся на пахожых, непахожых людзей і чэлядзь нявольную. Спачатку большасць сялян былі пахожымі – гэта значыць маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, але толькі ў восень, пасля заканчэння палявых работ і выканання павіннасцей. У XYІ ст. практычна ўсе пахожыя людзі былі замацаваны за зямлёй, сталі непахожымі (прыгоннымі). Челядзь нявольная знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, але часцей не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку.