Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 20.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
497.66 Кб
Скачать

Дзейнасць вядучых недзяржаўных выдавецтваў

Старэйшым недзяржаўным выдавецтвам, якое ўжо амаль 20 гадоў (заснавана ў 1988 г.) існуе ў Мінску, з’яўляецца навукова-вытворчы кааператыў “Тэхналогія”. Займаецца выпускам у асноўным навуковай, даведачнай, навукова-папулярнай, вучэбнай літаратуры. Супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, Беларускім фондам фундаментальных даследаванняў, з некаторымі замежнымі партнёрамі з Германіі і Польшчы і інш. Вынікам паспяховага супрацоўніцтва стаў шэраг навуковых манаграфій, даведнікаў, падручнікаў, выданняў серый “Менеджмент”, “Основы предпринимательства”, “Экономическое образование”, “Современное экономическое образование”, “Адкрытае грамадства”, “Нашы славутыя землякі”; а таксама перакладаў з англійскай і французскай моў на беларускую кніг па эканоміцы, філасофіі, сацыялогіі, паліталогіі, гісторыі, культуралогіі. Сярод іх “Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі” Дж. Лоўзі (1995), “Сучасная культурная антрапалогія” М. Говарда (1996), “Эканоміка” Дж. Бэрдшоў (1996) “Гісторыя эканамічнай думкі” А. Дэні (1996), “Сацыялогія” Э. Гідэнса (2003), “Гісторыя і сацыяльная тэорыя” П  Бэрка (2003) і інш. У 1997 г. у выдавецтве былі выдадзены матэрыялы першай на постсавецкай прасторы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, якая праходзіла ў Беларускім універсітэце культуры 3–4 кастрычніка 1996 г., а ў 2003 г. – “Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: ангельска-беларускі, беларуска-ангельскі”. Заслугоўваюць увагі і выданні “Тэхналогіі” ў галіне адраджэння гістарычна-культурнай спадчыны, як “Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі” І. Саверчанкі (1998), “Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI–XVIII стст.)” В. Шматава (2000), “Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях” А. Жлуткі (2005), якія станавіліся лепшымі выданнямі на Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”, факсімільнае выданне “Нашай Нівы” (2000, 2003), клавір оперы А. Радзівіла “Фаўст” (2006), “Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць” П. Урбана (2001, 2003), “Беларусы ў генетычнай прасторы: антрапалогія этнасу” А. Мікуліча (2005) ды інш . Выдавецтвам падрыхтаваны і выпушчаны каталогі ўласнай кніжнай прадукцыі [Табл. 2, 3].

Сярод выдавецтваў, якія таксама працуюць у галіне беларускамоўнага кнігавыдання – грамадская арганізацыя «Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”». У 1996 г. распачала унікальны праект, які ўзначаліў Кастусь Цвірка, па выпуску залатой бібліятэкі Беларусі, шматтомнага выдання ўсяго лепшага і самага важнага, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства і да сучаснасці, а таксама перакладаў твораў рускіх, польскіх і іншых пісьменнікаў, прысвечаных Беларусі. Першай кнігай у серыі “Мастацкая літаратура” сталі “Выбраныя творы” Я. Чачота. Былі запланаваны таксама другая серыя “Беларускага кнігазбору” – “Гісторыка-літаратурныя помнікі” і трэцяя – “Замежная літаратура”. З 1996 да 2006 г. выйшла больш за 30 назваў кніг з вызначаных серый. Цалкам своеасаблівы дамашні універсітэт беларусазнаўства павінен скласці 180 назваў. “Беларускі кнігазбор” цесна супрацоўнічае з выдавецтвам яшчэ адной грамадскай арганізацыі – Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У 1993 – 2005 гг. дзейнічала ТАА «Выдавецкі цэнтр “Бацькаўшчына”» якое выпусціла каля 40 выданняў, 1/3 з якіх складалі выданні і перавыданні беларускай дыяспары. Выйшлі творы Н. Арсенневай, Я. Калубовіча, Я. Запрудніка, В. Кіпеля і інш. У 2004 г. была заснавана серыя «Бібліятэка “Бацькаўшчыны”», у якой выдаюцца творы, як прысвечаныя беларускай эміграцыі – “Беларусы ў Аўстраліі” Н. Гардзіенка (2007), так і творы мастацкай, мемуарнай і навукова-папулярнай літаратуры саміх беларусаў-эмігрантаў. У названай серыі выйшла 13 выданняў, сярод якіх: «Месца выданьня – Парыж: Выбраныя старонкі часопіса “Моладзь” (1948–1954)» (Беларускі кнігазбор, 2004); “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна: Артыкулы, дакументы, аповесць” (Беларускі кнігазбор, 2004); “Каб сведчылі пра Беларусь” М. Ганько (Кнігазбор, 2005); “Адзін Госпад, Адна Вера, Адзін Хрост: Царкоўная гісторыя вачыма эміграцыі” (Кнігазбор, 2006). Аднак, некаторыя з падобных выдавецтваў, як “Беларускі кнігазбор”, “Тэхналогія”, “Энцыклапедыкс”, “Тэхнапрынт” і іншыя маюць пэўныя фінансавыя цяжкасці, абумоўленыя, у сваю чаргу, цэнзурна-ідэалагічнымі абмежаваннямі [Гер.].

Праўда, не заўсёды камерцыйны поспех спрыяе доўгатэрміноваму існаванню прыватных выдавецтваў. Так, выдавецтву “Эрыдан” серыя “Фантокрим-экстра”, у якой выйшлі шматтомныя зборы твораў Дж. Чэйза, А. Крысці, Р. Говарда, К. Саймака, Р. Хайнлайна і іншых сусветна прызнаных майстроў дэтэктыва і фантастыкі, якімі ў той час хто толькі не захапляўся і не зачытваўся, прынесла шырокую вядомасць. Выдавецтва “Эрыдан” было створана ў Мінску ў кастрычніку 1990 г. як Літаратурна-выдавецкае агенцтва музычнага таварыства БССР, а ў лютым 1992 г. пераўтворана ў выдавецка-паліграфічную кампанію, якая ўпершыню на тэрыторыі былога СССР выпусціла творы І. Бродскага (зборнік вершаў “Назидание” (1991), самы поўны 2-томнік збору вершаў, п’ес і празаічных эсэ “Форма времени”, 1992), кнігу А. Меня “Смертию смерть поправ” (1990). Выйшлі таксама такія кнігі, як “Звезда адмирала Колчака” – раман У. Максімава (1991), ажыццёўлена рэпрынтнае выданне флаўэраўскай серыі “Чтение мыслей”, афортаў беларускага мастака-графіка С. Балянка (1990), зборніка казак “Чудесный родник”. Карысталіся папулярнасцю і такія серыі, як “Гангстерский детектив”, “Фантастика, приключения, детектив”. Акрамя таго “Эрыдан” стаў выдаўцом першага часопіса фантастыкі “Фантакрым-MEGA” на рускай мове, штомесячніка “Фантакрим-пресс” (“Невероятный мир”), часопісаў “Кэмпо” і “Фантакрим-экспресс”, газет “Фемида”, “Польский рынок” і “Восточный рынок” [26]. Да 1996 г. “Эрыдан” – вядучая недзяржаўная выдавецкая кампанія Мінска і Беларусі, здолеўшая развіць і асвоіць розныя кірункі выдавецкай дзейнасці, скіраваныя на задавальненне шырокага попыту масавага чытача і запаўненне дэфіцыту на кніжным рынку не толькі Беларусі, але і Расіі. Пэўны кірунак у дзейнасці выдавецтва задаваў менавіта яго генеральны дырэктар Аляксандр Патупа, вядомы як аўтар шэрагу твораў айчыннай фантастыкі, якія таксама выдаваліся “Эрыданам”. У 1992 г. выдавецтвам быў выпушчаны паралельна на рускай і англійскай мовах даведнік “Кто издаёт книги в Республике Беларусь”, дзе ўпершыню была сабрана і сістэматызавана даволі падрабязная інфармацыя пра дзяржаўныя і недзяржаўныя выдавецтвы і арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці. Каштоўнасць уключанага матэрыялу павышалася яшчэ і тым, што ў ім змяшчаўся паказальнік выдавецтваў па іх уладальніцкай прыналежнасці, а таксама – у афармленні выдання былі выкарыстаны фірменныя знакі выдавецкіх арганізацый, многіх з якіх сёння ўжо не існуе. У 1996 г. на старонках газеты выдавецтва “Фемида” ўпершыню ў Беларусі з’явіўся аналітычны артыкул А.С. Патупы, падрыхтаваны да міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі” (Мінск, 3–4 кастрычніка 1996 г.) пра стан беларускага кнігавыдання, дзе параўноўваліся не толькі дзяржаўны і недзяржаўны кнігавыдавецкія патокі, але матэрыял падаваўся яшчэ і ў параўнанні з кнігавыданнем у Расіі і Украіне, выказваліся прапановы па выхаду з крызіснай сітуацыі ў кнігавыданні Беларусі 1995–1996 гг. Аднак, нават аналітычныя даследаванні кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі, добрае веданне стану і перспектыў яго развіцця не абаранілі выдавецтва ад яго распаду. У 1997–1998 г. выйшла 11 апошніх выданняў “Эрыдана” і кампанія спыніла сваю дзейнасць. Усяго ВПК “Эрыдан” за час сваёй дзейнасці (паводле афіцыйнай статыстыкі) выпусціла 240 назваў кніг і брашур тыражом 23 млн. 277 тыс. экз. [27].

Адным з “грандаў” у сферы новага беларускага недзяржаўнага кнігавыдання 1991–1996 гг. быў творча-вытворчы цэнтр на правах малога прадпрыемства “Паліфакт”, зарэгістраваны ў снежні 1990 г. Выдавецкая дзейнасць “Паліфакта” пад кіраўніцтвам Яўгена Будзінаса была накіравана на выпуск архіўных і рукапісных матэрыялаў; кніг па краязнаўстве і гісторыі помнікаў культуры; мастацкай і публіцыстычнай літаратуры. Шэраг першых выдавецкіх праектаў кампанія ажыццяўляла з часопісамі “Знамя” і “Дружба народов”, МП “Референдум”, “Майнор-Саветик”, ВАА “Паблісіці” і інш. Сярод першых выданняў – “Как стать бизнесменом” С. Жызніна і У. Крупнова (1990), “Лик – лицо – личина” Э. Невядомага (1990), “Хайек о свободе” Фрыдмана, “Искусство любви: Исследование природы любви” Э. Фрома (1990), “Империя Кремля” А. Аўтарханава (1991), “О смысле познания” А. Белага (1991 – упершыню ўзноўленае выданне: Пг., 1922 г.), “Золотые россыпи (Чекисты в Париже)” У. Вінічэнкі (1991), “О душевной сущности ребёнка” К. Гейдэнбранда, “Письма Милене” Ф. Кафка (1991), “Домашний доктор: медицинский справочник для всех” (1992) і інш. Першыя серыі “Паліфакта” – “Экспресс-книга”, “Открытый университет”, «Библиотечка “Домовой”» і “Встречная мысль” (рэпрынтнае выданне пратапопа Фамы Хопка “Основы православия”) [28]. Акрамя таго заслужаны аўтарытэт “Паліфакту” прынеслі нотна-музычныя выданні, якія выдаваліся ў сярэдзіне 1990-х гг. сумесна з Нацыянальным тэатральна-канцэртным аб’яднаннем “Беларуская капэла” ў серыі “Музыка старажытных сядзіб” (“Музыка сям’і Ельскіх”, 1995). Усяго ў 1990–1996 г. выдавецтва выпусціла 81 назву кніжнай прадукцыі тыражом 6 млн. 768 тыс. экз. [29].

Бясспрэчным лідэрам кнігавыдання Беларусі па колькасці назваў і па тыражу з’яўляецца недзяржаўнае выдавецкае прадпрыемства ТАА “Харвест”, якое пачынаючы з 1995 г. не ўступае свае пазіцыі ніводнаму выдавецтву і з кожным годам нарошчвае свае паказчыкі, пакідаючы далёка ззаду сваіх канкурэнтаў. Штомесяц выдавецтва выпускае больш за 250 найменняў кніг – гэта руская і замежная класіка, сучасная проза, дэтэктывы і вострасюжэтная літаратура, сентыментальная проза, фантастыка і фэнтэзі, дзелавая літаратура; кнігі па мастацтву; падарункавыя альбомы, у іх ліку даведачная, навукова-папулярная, вучэбная, літаратурна-мастацкая, для вольнага часу і літаратура для дзяцей, якая адрозніваецца высокай якасцю выканання, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды кніг выдавецтва на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах [39]. На 45-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі–2005” “Харвест” атрымаў 9 узнагарод за свае выданні. Дыплом І ступені быў прысуджаны пяці выданням – гэта “Всемирная история”, “Ордена и медали СССР” і тры малафарматныя выданні “Драгоценные камни”, “500 шедевров русского искусства”, “Японская лирика”. У 2006 г. “Харвест” выдаў 3358 назваў кніг тыражом 24 млн. 856 тыс. экз., што складае адпаведна 29% і 47,8% у агульным патоку выдавецкай прадукцыі недзяржаўнага сектара.

Адным з фактараў паспяховасці выдавецтва з’яўляецца яго сумесная праца з вядучымі расійскімі партнёрамі (“АСТ”, “Астрель”, “Хранитель” і інш.) і, у асноўным, на расійскі рынак, дзе асаблівай папулярнасцю карыстаюцца наступныя серыі “Харвеста”: “Военно-историческая библиотека”, “Philosophy”, Все знания для успеха”, “Воспоминания”, “Мемуары” і “Казино”. Іншыя недзяржаўныя выдавецтвы, якія па паказчыках стаяць за “Харвестам”, выпускаюць кніжнай прадукцыі ў дзесяткі раз менш і па назвах, і па тыражах [Табл. 2–3]. Сярод іх такія мінскія выдавецтвы, як “Папуры”, “Аверсэв”, “Сучасны літаратар”, “Кніжны Дом”, “Юніпрэс”, “ТэтраСістэмс” [Табл. 3].

На кніжным рынку Беларусі і бліжняга замежжа добра вядома прадукцыя мінскага выдавецкага таварыства “Папуры”. ТАА “Папуры”, якое было зарэгістравана ў верасні 1992 г., адным з першых недзяржаўных выдавецтваў у Беларусі пачало масавы выпуск перакладной літаратуры (з англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай моў), што і вызначыла асноўны кірунак спецыялізацыі прадпрыемства [Табл. 1–3]. Аднымі з першых серый выдавецтва былі “Здоровье без лекарств”, “Библиотека школьника и абитуриента”, “Сила вашего подсознания”, “Тайная жизнь животных”. У апошнюю ўвайшло звыш 20 невялікіх па аб’ёму тамоў, як “Доисторические животные”, “Редкие животные”, “Вдоль морского побережья”, “В пустынях”, “Животные-строители”, “На ферме”, “В океане”, “За городом”, “На грани исчезновения”, і інш., галоўнай адметнасцю якіх стала пазнавальнасць, высокі ўзровень паліграфічнага афармлення і невысокі кошт. Шырокай папулярнасцю карыстаюцца такія серыі “Папуры”, якія выдавецтва працягвае і сёння, – гэта “Богатый Папа” (з 1998 г.), “Здоровье в любом возрасте” (з 1998 г.), “Успех” (з 1998 г.), “Здоровый и умный ребёнок” (з 2003 г.), “Здоровье и альтернативная медицина” (з 2005 г.). Усяго ў выдавецтве налічваецца да 35 кніжных серый. Асноўнай тэматыкай у кнігавыдавецкім рэпертуары з’яўляецца бізнес, медыцына, мастацтва, рэлігія, псіхалогія, адукацыя і выхаванне, пазнавальная літаратура і развіваючыя гульні для дзяцей і інш. Сваім як мастацкім афармленнем, так і змястоўным напаўненнем вызначаюцца энцыклапедыі выдавецтва – “Музыкальные инструменты мира”, “Мир животных”, “Иллюстрированная  история оружия”. У рэйтынгу папулярных выданняў выдавецтва кнігі для маленькіх мастакоў – “1-2-3 рисунок. Домашние животные. Шаг за шагом” Ф. Левіна (2002) – і для тых, хто хоча навучыцца маляваць – “Откройте в себе художника” Б. Эдвардса (2004), а таксама навукова-папулярнае выданне для шырокага кола чытачоў – “Богатый папа, бедный папа” Р. Кійасакі, Ш. Лектар (2005, 1-выд. – у 2001).

“Папуры” клапоціцца і аб інфармаванні пра свае кнігі, выпускаючы ілюстраваныя каталогі выдадзенай прадукцыі. У апошні час выдавецтва спецыялізуецца на выпуску даведачнай, навукова-папулярнай, літаратурна-мастацкай, літаратуры для вольнага часу, а таксама разнастайных практычных дапаможнікаў.

Кнігі з лагатыпам ТДА “Аверсэв” таксама добра знаёмыя ў Беларусі. Гэтае мінскае выдавецтва, створанае ў 1994 г., зарэкамендавала сябе як адно з вядучых прадпрыемстваў у галіне выпуску вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры. Выдавецтвам створана каля 20 грунтоўных серый высокакласных вучэбных выданняў – “Школьникам, абитуриентам, учащимся”, “Экзамены”, “Рабочие тетради”, а таксама “Библиотека учителя”, “В помощь логопеду”, “Волшебная шкатулка”, “Волшебный мир слов”, “Говорящий карандашик”, “Дидактические материалы”, “Добро пожаловать в мир английского языка”, “Учебник высшей школы”, “Занимательные упражнения по подготовке ребенка к письму”, “Карточки-задания”, “От слова к слову”, “Первые уроки”, “Развивающее обучение для дошколят”, “Умные книги для самых маленьких”, “Урок в начальной школе”, “Школа грамотного письма”. Аўтарамі кніг выдавецтва “Аверсэв” з’яўляюцца вядомыя ў краіне педагогі, метадысты, прафесіяналы з вялікім вопытам работы. Дапаможнікі вылучаюцца вялікім аб’ёмам інфармацыі па кожнай тэме, дакладнай сістэмай і арганізацыяй матэрыялу, даступным стылем выкладання. Кнігі выдавецтва прызначаюцца для выкладчыкаў агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў, школьнікаў, навучэнцаў, абітурыентаў, студэнтаў, а таксама арыентаваны на дзяцей, пачынаючы з 1-гадовага ўзросту, і іх бацькоў. Арыгінальнасцю вызначаюцца навучальныя гульні для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Падручнікі па замежнай мове ўкамплектаваныя касетамі і дыскамі, якія запісаны носьбітамі мовы. Аўтарытэт кніжнай прадукцыі выдавецтва пацвярджаецца грыфамі “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь” і «Рэкамендавана Навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», якія маюць большасць яго выданняў. Кнігі выдавецтва “Аверсэв” пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”. Так, за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным выкананні, ВМК “Magic Box 2” узнагароджаны спецыяльным Дыпломам у намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне 2003 года”, “Русско-белорусский словарь – Беларуска-рускі слоўнік” (слоўнік-перавёртыш) – Дыпломам ІІІ ступені (2003 год). Дыплом І ступені і званне “Лепшае вучэбнае выданне 2004 года” набыў ВМК “MAGIC BOX 3”. У 2005 годзе ВМК “Magic Box 4” і серыя кніг “Русский язык. Словарно-орфографические упражнения” для 2, 3, 4 класаў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне”. У 2007 годзе серыя кніг “Беларуская мова. Чароўны сшытак” для 2, 3, 4 класаў і “Bücherwurm” узнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне”, а выданне “Начинаем понимать и говорить” — Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшая дзіцячая кніга”. Добрай традыцыяй для выдавецтва стаў штогадовы выпуск каталогаў сваёй прадукцыі і штотыднёвае абнаўленне інфармацыі аб кніжных навінках на ўласным вэб-сайце [Табл. 3].

Выданнем кніг у сферы адукацыі і асветы займаецца і выдавецтва “Юніпрэс”, якое працуе на кніжным рнку Беларусі, пачынаючы з 1999 г. Кніжная прадукцыя выдавецтва – гэта літаратура, прызначаная для дашкольнага ўзросту, для вучняў пачатковай і сярэдняй школы, абітурыентаў і студэнтаў, настаўнікаў і бацькоў, якая ахоплівае разнстайныя галіны ведаў: гісторыю, рускую мову і літаратуру, беларускую мову і літаратуру, хімію, матэматыку, біялогію, замежныя мовы, геаграфію, фізіку, інфарматыку, астраномію, музыку, медыцыну і інш. За час сваёй дзейнасці “Юніпрэс” стварыў 25 выдавецкіх серый, сярод якіх найбольшым попытам карыстаюцца такія, як “Рабочие тетради”, “Готовые домашние задания”, “Учебно-методическое пособие”, “Обучение и развитие”, “Все для школы”, “Для школьников и абитуриентов”, “Обучение и развитие”, “Пособие для учителей, родителей, учащихся”, “Централизованное тестирование”. Акрамя вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры выдавецтва выпускае навукова-папулярныя, даведачныя і выданні для вольнага часу. На 46-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” “Комнатные растения” (2005) выдавецтва атрымалі ўзнагароду ў намінацыі “Выдавецкі дэбют”. Па выніках выпуску кніжнай прадукцыі ў 2006 г. выдавецтва ўвайшло ў дзесятку лідзіруючых прадпрыемстваў Беларусі [Табл. 2, 3].

Адным з буйнейшых прыватных прадпрыемстваў Мінска і Беларусі з’яўляецца ВПУП “Кніжны Дом”. Заснавана прадпрыемства ў 1994 г. і з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком такіх расійскіх выдавецтваў у Беларусі, як “Владос”, “Гелеос”, “Мозаика-Синтез”. За час сваёй выдавецкай дзейнасці выпусціў каля 1500 найменняў кніг агульным тыражом звыш 15 млн. экз. [Табл. 2, 3]. Сярод выданняў “Кніжнага Дому” фундаментальныя энцыклапедыі і даведнікі, навукова-папулярныя выданні па эканоміцы, праву, медыцыне, рэлігіі, сацыялогіі, філалогіі; маляўнічыя выданні для дзяцей і літартурна-мастацкія творы для дарослых. “Кніжны Дом” мае шэраг разнастайных і працяглых кнігавыдавецкіх праектаў – гэта ў першую чаргу такія папулярныя серыі, як “Здоровье вашей семьи”, “Советы детского врача”, “Лечимся сами”, “Истоки здоровья”, “Домашний доктор”, “Гомеопатия для всех”. Некаторыя з выданняў паўтараюцца да 5–6 раз, напрыклад – “Всё о ребёнке первых трёх лет жизни” С. Зайцава (у 2007 г. – 5-е выд.), “NSP: справочник по биологически активным добавкам к пище…” (у 2007 г. – 6-е выд.). У 2006–2007 гг. выдавецтва значную увагу ўдзяляла выпуску літаратуры рэлігійнай тэматыкі. Так, у серыі “Религии мира” ў 2006 г. выйшлі – “Католичество”, “Православие”, “Протестанство”, “Буддизм”, “Индуизм”, “Ислам”, “Иудаизм”, “Христианство”, “Язычество”, а ў серыі “Народные традиции” – “Молитвослов”. Каля 2 тыс. артыкулаў, якія адлюстроўваюць гісторыю ўсіх сусветных рэлігій, змясціла ў сабе грунтоўная энцыклапедыя “Религия”, аб’ёмам каля 1000 старонак, якая выйшла ў 2007 г. у серыі “Мир энциклопедий”. Важкае месца ў рэпертуары “Кніжнага Дому” займаюць даведнікі (“Гражданское право” В. Падгрушы, “Трудовое законодательство”, “Юридическая служба предприятия” – усе ў 2003 г.), падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па праву (“Конституционное правосудие” (2003); “История государства и права зарубежных стран” В. Сажынай (2005); “Торговое право” Н. Станкевіч (2005); “Всеобщая история государства и права” Дз. Тагунава (2005); “Конституционное право зарубежных стран” Г. Васілевіча (2006); “Фининсовое право” А. Піліпенкі (2006, 2007); “Международное частное право” В. Ціхіні (2007) і інш.). У выдавецтве выходзяць і шматлікія кніжныя серыі для дзяцей: “Страна чудес”, “Великие сказочники мира”, “Любимые сказки”, “Сказочная избушка”, “Сказки”, “Малышок”, “Мотылек: стихотворения малышам”, “Кроха”, “Магический глаз”, “Копилка советов”, “Сказки русских писателей”, “Русские волшебные сказки”, “Сказки для самых маленьких”. Не засталіся па-за ўвагай школьнікі і абітурыенты, для якіх у выдавецтве таксама ёсць свае серыі – гэта “Школьный курс”, “Репетитор”, “Тесты”, “Английский язык учим вместе”, “Экспресс-курс”. Выданні для вольнага часу “Кніжны Дом” збірае ў серыях “Современный детектив”, “Большая книга советов”, “Я познаю мир”, “Школа спецназа”, “Супершанс” і інш. Выданні “Кніжнага Дому” неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “Мастацтва кнігі”.

Развівае традыцыі беларускай кніжнай культуры выдавецкае таварыства “Кавалер Паблішэрс”, якое было арганізавана ў Мінску ў 1991 г. Выдавецтва адно з нямногіх, што працуе ў класічным стылі кніжнага мастацтва з выкарыстаннем нацыянальнага каларыту, заўсёды кіруецца прынцыпам прыярытэтнасці мастацкай канцэпцыі афармлення кожнага выдання як цэласнага твора “мастацтва кнігі”. Практычна ўсе кнігі выдавецтва сталі лаўрэатамі Рэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Пяць з іх – “Хоббит, или Туда и обратно” Дж. Толкіна (1996), “Сем цудаў Беларусі” У. Ягоўдзіка (1999), “Мальчик-с-пальчик” Я. Грыма (1999), “Чудесная избушка” (2001), “Буря” (2000) – атрымалі званне “Лепшае выданне года”, дзесяткі – атрымалі дыпломы, сярод іх – “Аповесць мінулых гадоў: Старонкі летапісу” (1999), “Песня аб паходзе Ігара” ў перакладзе Я. Купалы (2003). Кнігі ВТАА “Кавалер Паблішэрс” з поспехам экспанаваліся і на Міжнародных выставах-кірмашах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Празе, Варшаве. З 1997 г. выдавецтва сумесна з БелАКК арганізуе рэспубліканскі конкурс-выставу “Мастак і Кніга”, дзе заснавала свой спецыяльны дыплом “Чароўны матылёк” за ілюстрацыі да дзіцячых выданняў. З выдавецтвам супрацоўнічаюць такія таленавітыя беларускія мастакі, як Вячаслаў Валынец, Мікалай Байрачны, Валерый Славук, Уладзімір Вішнеўскі, Мікалай Казлоў, Павел Татарнікаў, Юрый Алісевіч, Ігар Гардзіёнак, Барыс Праказаў, Дзяніс Сінюгін і інш. Выдавецтва праводзіла значную работу па знаёмству з беларускай дзіцячай кнігай далёка за межамі Беларусі (у Швейцарыі, Браціславе), на разнастайных міжнародных форумах, дзе закраналіся праблемы дзіцячай кнігі і яе афармлення, чытання. У 2002 г. дырэктар выдавецтва Канстанцін Хацяноўскі быў абраны адным з пяці членаў Міжнароднага журы Балонскай выставы-кірмаша дзіцячай кнігі (Італія). Асноўныя прыярытэты ў выдавецкай дзейнасці “Кавалера” – літаратурна-мастацкія і вучэбныя выданні для дзяцей на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, якія выходзілі ў серыях “Малышам о малышах”, “Сказочная Шекспириада”, “Русская народная сказка” і інш. Сапраўднай падзеяй у выдавецкай дзейнасці не толькі “Кавлера”, але і Беларусі сталі выданні з серыі “Сем цудаў Беларусі”, распачатай у 1999 г. Уладзімірам Ягоўдзікам і прадоўжанай Анатолем Бутэвічам – гэта зборнікі гістарычных нарысаў на беларускай мове пра старажытную і сярэдневяковую Беларусь, заснаваныя на легендарным уяўленні аб мінулым беларускай зямлі і прызначаныя дзіцячаму чытачу: “У гасцях у вечнасці” (2001), “Званы нямігі” (2002), “За наміткай гісторыі” (2003), “Адвечны покліч Радзімы” (2005), “Славутыя родам сваім” (2006). Мастацкае афармленне кніг выканаў Павел Татарнікаў, адзіны мастак-графік з Беларусі, удастоены вышэйшай еўрапейскай узнагароды ў галіне кніжнай ілюстрацыі “Залаты яблык” (Югаславія, 2001) за ілюстрацыі да зборніка беларускіх народных казак “Царэўна ў падземным царстве”. Кнігі ж серыі “Сем цудаў” за сваё мастацкае аздабленне атрымалі Дыпломы І ступені Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Паліграфічнае выкананне серыі было ажыццёўлена на Мінскай фабрыцы каляровага друку.

Для дарослых “Кавалер” заснаваў серыі “Новый роман нового века”, “Новые имена нового века”, “Кавалерия”. Традыцыйна выдавецтва займаецца афармленнем плакатаў, паштовак і іншага выяўленчага матэрыялу, у тым ліку, для Дзён беларускага пісьменства [Табл. 2, 3].

Сярод спецыялізаваных выдавецтваў Мінска (заснавана ў 1991 г.) “Амалфея”, адно са старэйшых беларускіх прыватных прадпрыемстваў, дзе вядучым накірункам у кнігавыданні з’яўляецца прававая літаратура, напрыклад, “Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь” (чатыры выданні), “Образцы договоров, используемыъх в хозяйственной деятельности с комментариями” (дзевяць выданняў), “Юридический справочник работника по кадрам” (3 выданні) і інш. На аснове архіўных дакументаў, навуковых і вучэбных выданняў падрыхтавана “История государства и права России в документах и материалах. 1930 – 1990 года” І. Кузняцова (2003); першым у Беларусі стаў “Комментарий к Уставу железнодорожного транспорта общего пользования” (2004). Афіцыйны дылер выдавецтва – ТАА “Дзікта”, якое таксама з’яўляецца выдавецтвам. У 2002 г. упершыню ў Беларусі “Амалфея” выпусціла электронныя кнігі “Налоги – 2002”, “Трудовой контракт нанимателя с работником”, якія з’яўляюцца зборнікамі нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь на CD аб’ёмам 8Мб. Акрамя таго ТАА “Амалфея” займаецца выданнем навейшых кніг па эканоміцы (“Словарь экономических и правовых терминов”), на замежных мовах (“Практическая грамматика английского языка” Н. Карпышавай, В. Янушкова, 2002). “Амалфея” адной з першых стала выкарыстоўваць ў працы са сваімі спажыўцамі магчымасці Інтэрнета. Выдавецтва мае і свой кніжны магазін [Табл. 1–3].

У 1993 г. у Мінску пачало працу выдавецтва “Чатыры чвэрці”, якое абрала для сябе асноўным кірункам у дзейнасці выпуск нотна-музычнай літаратуры. Так, у 1994–1996 гг. “Чатыры чвэрці” выпусціла першыя 6 назваў кніг і брашур тыражом 17 тыс. экз. [Табл. 2, 3]. Сумесна з арганізатарамі разнастайных Міжнародных музычных фестываляў, Міністэрствам культуры, Інстытутам праблем культуры рыхтаваліся як асобныя музычныя творы, так і зборнікі, падручнікі, выдавецкія камплекты да правядзення фестываляў. Аднак мастацтвазнаўчая тэматыка, адлюстраваная ў такіх выданнях, як “Время и музыка Михала Клеофаса Огинского” А. Залускага (1999); ілюстраваны альбом “Ветковская икона” Г. Нячаевай (2003), “Беларускае мастацтва дваццатага стагоддзя” (2003), “Заіграйце музыкі!: рэпертуарны зборнік для фальклорных калектываў” У. Грома (Ч.1–2, 1998), “Лариса Помпеевна Александровская: документальный театральный роман: в 7 действіях с прологом і эпілогом” А. Ладыгінай (2002), “Лица и судьбы: Портрет XVIII – нач. ХХ в. в собраниях Национального художественного музея Беларуси” Н. Марчанкі і К. Зелянога (2002), зборнік Ю. Чурко “Расставайтесь любя” (2003) і іншых стала займаць усё больш значнае месца ў працы выдавецтва. З 1993 г. “Чатыры чвэрці” прыступіла да распрацоўкі серыі “Нашы духоўныя каштоўнасці” (у 12 выпусках), мастацкае афармленне якой узяў на сябе вядомы беларускі мастак-графік Уладзімір Васюк. Выйшла пяць альбомаў – “Праваслаўныя святы” (1995), “Праваслаўнае дойлідства” (1995), “Крыж – краса царквы” (1996), “Прападобная Еўфрасіння Полацкая” (1997), “Праваслаўныя манастыры Беларусі” (2003). За дадзены праект выдавецтва было ўдастоена ў 1996 г. высокай адзнакі за “Духоўнае адраджэнне”. У 1998 і 2001 гг. выдавецтва ажыццявіла два выданні “Азбуки Православия”. Для пазашкольнага выхавання, арганізацыі вольнага часу дзяцей ТДА “Чатыры чвэрці” арганізавала выпуск кніг у серыі “В помощь педагогу-организатору”, у якой выйшла тры выпускі. У рэпертуары выдавецтва ёсць і кнігі фальклорна-этнаграфічнай, гістарыка-культурнай, рэлігійнай тэматыкі. Цалкам жа інтарэсы выдаўцоў знаходзяцца ў сферы культуры: аўтэнтычнай, духоўнай, – адраджэнне якой – галоўны прыярытэт выдавецтва. На 45-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” Дыплом І ступені атрымала кніга-альбом выдавецтва “Успамін пра горад. Гісторыя Мінска ў фатаграфіях з калекцыі Васіля Каляды”. “Чатыры чвэрці” стала першым недзяржаўным выдавецтвам, выпусціўшым пра сваю дзейнасць асобнае выданне “О Вас, или черновик будущей книги” (2005) [40].

Рэкламна-выдавецкая фірма “Каўчэг” з моманту свайго стварэння ў 1990 г. таксама адным з кірункаў у дзейнасці вызначыла выпуск рэкламна-інфармацыйных і нотных зборнікаў беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Міхаіла Фінберга. Сумесна з НТКА “Беларуская капэла” выйшлі такія выданні, як “Восіп Казлоўскі. 1757–1851” В. Дадзіёмавай (1995), кніга Гая дэ Пікарда “Царкоўная музыка на Беларусі. 989–1995” (1995), нотныя зборнікі Ніла Гілевіча і Яўгена Паплаўскага і іншыя. У выдавецтве былі рэалізаваны і шэраг праектаў выдання мастацкай літаратуры ў паэтычнай серыі “Ковчег” (Д. Строцаў, Ф. Аксёнцаў, А. Казанцава, Ю. Цыбін, Т. Сапач, А. Глобус, М. Мерман і інш.). Да афармлення кніг прыцягваліся такія мінскія мастакі, як А. Дарохін, А. Глобус, Л. Вольскі, У. Цэслер. У выдавецтве сістэматычна выходзілі матэрыялы міжнародных “Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў, прысвечаных Дням славянскага пісьменства і культуры” (VII–X), а ў серыі “В помощь духовному просвещению” з’явілася выданне “Читающему Священное писание” (2002). За час сваёй дзейнасці, 1991–2006 гг., цяпер ужо ТАА “Каўчэг” выпусціў 76 назваў кніг і брашур тыражом 161 тыс. экз.

ТДА “Чатыры чвэрці” і ТАА “Каўчэг” сталі аднымі з першых прыватных выдавецтваў, якія далучыліся да адраджэння праваслаўнага кнігавыдання. Праўда, яшчэ ў 1990–1993 г. пачыналі сваю працу першынцы кнігавыдання праваслаўнага кірунку – гэта Выдавецкі аддзел Беларускага Экзархата, Брацтва ў гонар Віленскіх Мучанікаў, Брацтва ў імя Архістратыга Міхаіла; прыватныя выдавецтвы “Православная община” і “Свиток”, а з 1995 г. – “Виноград”, “Лучи Софии” і “Православная инициатива” – усе мінскія выдавецтвы. Сёння на першых пазіцыях рэлігійнага кнігавыдання стаіць выдавецтва Беларускага Экзархата, якое актыўна займаецца выпускам праваслаўнай літаратуры ў Беларусі [41]. З 1996 г. з’яўляюцца ў друку і грунтоўныя духоўна-асветныя выданні ТАА “Харвест”, з 2006 г. – ВПУП “Кніжны Дом”. Рэлігійнай тэматыцы былі прысвечаны і некаторыя выдавецкія праекты дзяржаўных выдавецтваў: “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Беларусь”, “Народная асвета”, “Полымя”, “Ураджай”. За 1988–2006 гг. у Беларусі выйшла звыш 2 500 назваў кніг рэлігійнай (хрысціянаскай) тэматыкі. Выдавецкай дзейнасцю ў Мінску займаюцца таксама Рыма-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, выдавецтва “Про Хрысто” (з 2001 г.), Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў, Біблейскае Таварыства і іншыя, што стала яшчэ адной з праяў сучаснага кнігавыдання Беларусі.

У выдавецкім рэпертуары Беларусі пэўнае месца займаюць і спецыяльныя электронныя выданні і аўдыёкнігі. ААА “Інва-сэрвіс” вось ужо на працягу 15 гадоў рэалізуе праекты для навучання дзяцей з парушэннямі зроку, ствараючы гукавыя кнігі. Выкарыстоўваючы спецыяльную рэдакцыйна-выдавецкую сістэму “Чтец”, якая дазваляе адаптаваць любую друкаваную кнігу да яе моўнага аналага за дастаткова кароткі час, кампанія падрыхтавала гукавую бібліятэку рускай літаратуры з больш чым 400 творамі для школьнага навучання, аўдыяпадручнік па гісторыі і інш. У 2006 г. падобныя электронныя выданні былі выпушчаны і пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі, і пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА – гэта падручнік “Говорящая электронная библиотека” і “Электронная библиотека – школьникам”, якія ўключаюць поўныя тэксты твораў беларускай і рускай літаратуры, у тым ліку творы для абавязковага пазашкольнага і самастойнага чытання для 9–10 класаў. Да выпуску аўдыёкніг маюць дачыненне і такія выдавецтвы, як “Аверсэв”, “Харвест”.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]