Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 11.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
195.58 Кб
Скачать

Лекцыя №11. Выдавецкая дзейнасць у Беларусі

Ў другой палове XVI – першай палове XVII ст.

Паслядоўнікі Ф.Скарыны і развіццё прыватнага кнігадрукавання. У шырокім сэнсе ўсе напрамкі беларускага пісьменства, кнігадрукавання, як і ўсё духоўнае жыццё Беларусі XVI–XVIII стст. і больш позніх стагоддзяў, развівалася ў рэчышчы духоўнай спадчыны Ф. Скарыны, якая мела значны ўплыў на развіццё нацыянальнага кнігавыдання літоўцаў, рускіх, украінцаў. Так, Скарынавым шляхам пайшоў, напрыклад, літоўскі святар М. Мажвідас, пераклаўшы і выдаўшы ў 1547 г. “Катэхізіс” – першую друкаваную кнігу на літоўскай мове.

Кнігадрукаванне ў ВКЛ, якое пачалося як кірылічнае, ужо ў другой палове XVI ст. адчувае моцны польскі ўплыў і, па сутнасці, паступова пацясняецца выданнямі на лацінскай і польскай мовах, якія з’яўляюцца дзякуючы актыўнаму распаўсюджанню на тэрыторыі ВКЛ рэфармацыйнага руху. Рэфармацыя дала магчымасць заможнай беларуска-літоўскай арыстакратыі адыгрываць рашаючую ролю ў рэлігійных справах, а існаванне ў ВКЛ адразу некалькіх веравызнанняў садзейнічала выпрацоўцы талерантнасці, якой не ведала ні Маскоўскае княства, ні большасць іншых дзяржаў Заходняй Еўропы [1].

Пачынаючы з другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. у ВКЛ ствараюцца прыватныя кнігавыдавецтвы, фундатарамі якіх былі буйнейшыя магнаты: Радзівілы, Аўстафій Валовіч, Рыгор Хадкевіч, Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі; Крыштоф Дарагастайскі, Міхал Казімір Агінскі; шляхта: Кавячынскія, Кішкі, Васіль Цяпінскі, Зарэцкія; гараджане: Васіль Гарабурда; купцы: Мамонічы і інш. Друкарні становяцца значнымі асяродкамі беларускай культуры і навукі. Вакол іх гуртуюцца таленавітыя паэты і празаікі, тэолагі, прапаведнікі, мастакі.

Толькі ў Вільні ў канцы XVI – XVII ст. дзейнічалі каля 15 друкарняў. Найбольш значныя сярод іх – прыватныя друкарні Пятра Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, Яна Карцана, Даніэля Ланчыцкага, Яна Глябовіча, Якуба Маркевіча, Мельхіёра Пяткевіча, Саламона Сультжара, Пятра Бласта Кміты, Васілія Гарабурды; а таксама Віленскай езуіцкай акадэміі і Віленскага праваслаўнага брацтва, Троіцкая (базыльянская) друкарня. Апрача таго існавалі друкарні ў Заблудаве, Еўі, Менску, Магілёве, Буйнічах, Куцейне, Цяпіне, Ашмянах, Любчы і інш. прадукцыя якіх карысталася вялікім попытам ва ўсіх краінах Еўропы. У гэты перыяд Адраджэння сярод шэрагу еўрапейскіх краін вызначаецца вядучая роля менавіта беларускай (кірылічнай) кнігі [2].

Пад апекай магнатаў у шматлікіх друкарнях, вольных ад дзяржаўнай і духоўнай цэнзуры, выдаваліся кнігі не толькі рэлігійнага, але і свецкага зместу. Па падліках спецыялістаў, толькі ў друкарнях Вільні і Еўя (Вевіса) у другой палове XVI ст. выйшла звыш 400 (403) кніг богаслужбова-тэалагічнага і свецкага характару [3]. Сярод гэтых выданняў (з 324 захаваных ?) былі кнігі на лацінскай (151), польскай (114), беларускай і царкоўнаславянскай мовах (50), літоўскай (3), латышскай (1), італьянскай (1), грэчаскай (1), адначасова на некалькіх мовах (3). Дамінуючыя пазіцыі займалі тры мовы: лацінская, польская, беларуская (“руськая”). З агульнай жа колькасці кніг, якія былі надрукаваны ў XVI – першай палове XVII ст. на тэрыторыі ВКЛ, 46% належала польскамоўным выданням (якія былі падатлівымі на мясцовыя ўплывы, мелі некаторыя рэгіянальныя асаблівасці), 38% – лацінамоўным і толькі 10% – гэта былі кнігі, друкаваныя кірыліцай альбо на старабеларускай мове, альбо на царкоўнаславянскай мове, якая таксама мела некаторыя рысы старабеларускай мовы.

Першай у межах сучаснай Беларусі і наступнай пасля віленскай друкарні Ф. Скарыны была друкарня ў Брэсце (1553 г.). Заснаваная берасцейскім старастам, віленскім ваяводам, канцлерам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Чорным (прыхільнікам рэфармацыі, арганізатарам першага кальвінісцкага збору на тэрыторыі ВКЛ у 1553 г.) і вучоным-гуманістам Бярнардам Ваявудкам (вучань Эразма Ратэрдамскага, матэматык, перакладчык, войт Кракава ў 1550 г.), які быў запрошаны з Кракава, друкарня пачала выдаваць кнігі на польскай мове. Сэнсам свайго жыцця М. Радзівіл Чорны бачыў выданне і распаўсюджанне пратэстанцкіх твораў. Першыя берасцейскія друкі якраз і адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы (1553–1554), перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера “Зборнік дзесяці запаведзяў Божых” і Урбана Рэгіуса “Некаторыя спосабы і звычаі”, накіраваныя супаць каталіцкай царквы. Аднак пасля трагічнай смерці Б. Ваявудкі ў 1554 г., Берасцейская друкарня аднавіла сваю дзейнасць толькі ў 1558 г. У гэты час М. Радзівіл Чорны актыўна ўключаецца ў ідэалагічную барацьбу з прыхільнікамі Каталіцкага касцёла. Так, у 1556 г. ён піша і выдае на латыні ў Крулеўцы пры падтрымцы свайго паплечніка Пётры Вергерыя палемічны адказ папскаму паслу ў Польшчы Алоізу Ліпаману. Праз год пасля ўзнаўлення берасцейскай друкарні, у 1559 г., у друку з’яўляецца і польскамоўны варыянт гэтага палемічнага ліста [4]. Новае ж выдавецтва ў 1558 г. у Берасці ўзначаліў Станіслаў Мурмэліус (таксама з Кракава). У гэты самы год тут выходзіць першы друкаваны нотны зборнік у ВКЛ “Песні хвал боскіх” Яна Зарэмбы, а таксама шэраг твораў, у якіх крытыкавалася царкоўна-рэлігійная палітыка Рыма. У 1559 г. друкуюцца кнігі з прысвячэннем магілёўскаму старасту Астафію Валовічу – “Аб праўдзівым прыняцці цела і крыві Ісуса Хрыста” Генрых Булінгера; М. Радзівілу – тэалагічны трактат Віты Тэадораса “Каментар, альбо Выклад на прароцтвы Ісайі” [5]. Плённым для радзівілаўскай друкарні быў 1560 г., калі выйшла каля 10 выданняў, сярод якіх юрыдычныя трактаты Барталамея Граіцкага “Статут польскага права”, “Артыкулы Магдэбургскага права”, “Учынак падчас суда”, “Палажэнне аб аплаце ды судах” і інш. У 1561–1570-х гг. друкарняй ужо кіруе Цыпрыян Базылік і менавіта ў гэты час кнігадрукаванне ў Берасці дасягае найбольшага росквіту, а Бярэсце становіцца адным з інтэлектуальных цэнтраў Еўропы, буйнейшым выдавецкім цэнтрам, які прызначаў сваю прадукцыю на патрэбу не толькі на Беларусі і Літве, але і Польшчы. У гэты перыяд выходзяць больш за 40 выданняў рознага зместу на польскай і лацінскай мовах, сярод якіх пераклады самога Ц. Базыліка, прыдворнага пісьменніка Радзівілаў. Большасць выданняў носяць свецкі характар, а ў афармленні выкарыстоўваецца рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, застаўкі, канцоўкі, фігурная ксілаграфія, гатычныя шрыфты, што вызначае цесныя сувязі з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрапейскага Адраджэння [6]. На пачатку 1560 - х гг. М. Радзівіл Чорны апантаны новай грандыёзнай ідэяй – ажыццявіць пераклад і выданне пратэстанцкай Бібліі. Для гэтага ён запрашае вядомых знаўцаў яўрэйскай і грэчаскай моваў – Я. Тэнанда, П. Статорыуса, Р. Шомана, Я. Любельчыка, А. Тшыцескага. Да канца 1562 г. праца была закончана, а ў верасні 1563 г. Біблія (Радзівілаўская або Брэсцкая) на польскай мове з уласнай прадмовай князя-фундатара была выдадзена. У ёй упершыню ў гісторыі выдавецкай справы прыменены прадметны паказальнік. У выданне ўключаны падрабязныя каментырыі. Акрамя таго “Біблія” вызначалася сваім мастацкім афармленнем: змяшчала 2 гравіраваныя тытулы, 14 гравюр, застаўкі і канцоўкі. Памер выдання – in folio. Усяго вядома, што ў брэсцкай друкарні ці, як вызначаюць вучоныя, брэсцкіх друкарнях М. Радзівіла Чорнага (памёр у 1565 г.) было надрукавана больш за 50 выданняў на польскай і лацінскай мовах рознага зместу, у якіх адлюстраваліся духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў беларускай і польскай культуры.

У 1576 г. – Мікалай Кшыштаф Радзівіл Сіротка (сын М. Радзівіла Чорнага) перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна была перададзена езуіцкаму калегіуму. Да 1586 г. юрыдычнае права на валоданне друкарняй заставалася ў М. Радзівіла Сіроткі (было надрукавана 58 выданняў). Такім чынам на тэрыторыі ВКЛ з’явілася першая каталіцкая друкарня, а Вільня ў канцы XVI ст. становіцца буйнейшым пасля Кракава цэнтрам кнігадрукавання ў Рэчы Паспалітай [7].

Заснавальнікамі кнігавыдавецтва ў Нясвіжы ў 1560-я гг. сталі выдатныя дзеячы рэфармацыйнага руху ў Беларусі шляхціц Мацей Кавячынскі (канец 1520-х гг. – 1-я пал. 1572), Сымон Будны (каля 1530–1593), Лаўрэнцій Крышкоўскі, . Падтрымалі і фундавалі іх М. Радзівіл Чорны і Астафій Валовіч. Нярэдка першую нясвіжскую друкарню называюць друкарняй Кавячынскіх. Аднак, як вядома, яе уладальнікам быў М. Кавячынскі – нясвіжскі намеснік М. Радзівіла Чорнага (“справца всех замков и дворов”), якому належаў, дарэчы, заснаваны ім порт на р.Узда і паперня ў Нясвіжы. Толькі пасля смерці Мацея маёмасць перайшла да яго братоў, а друкарню купіў Я. Кішка [8].

У нясвіжскай друкарні, выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на беларускай мове. Вядомы выданні 1562 г. – “Катэхізіс” (захоўваецца ў РНБ – 3 экз., РДБ – 2 экз., Нацыянальным музеі ў Кракаве, Нацыянальнай бібліятэцы ў Празе і яшчэ 2 экз. у іншых фондах Расіі), і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (не захавалася), якія былі перакладзены С. Будным. Друкар кірылічных выданняў невядомы. Да 1571 г. усяго выйшла 14 выданняў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Ідэйным кіраўніком выдавецтва быў Сымон Будны, буйнейшы дзеяч рэфармацыйнага руху Беларусі, гуманіст-асветнік. Друкаром працаваў Даніэль з Лянчыцы (або Ланчыцкі), які выпусціў 11 нясвіжскіх выданняў. Сярод іх рэлігійныя творы ў перакладзе на польскую мову Л. Крышкоўскага “Гутаркі святога Юстціна філосафа” (1564). Паводле ацэнкі К.Ф. Калайдовіча, С. Будны, М. Кавячынскі і Л. Крышкоўскі “зрабілі беларускую мову кніжнай”, а кнігу даступнай шырокаму колу чытачоў [9]. Сваю дзейнасць выдавецтва спыніла па загаду М.К. Радзівіла Сіроткі. Апошняе нясвіжскае выданне – “Біблія” ў перакладзе на польскую мову С. Буднага, было дадрукавана ў 1572 г. у Заслаўі (ці маёнтку Кавячынскіх у Уздзе, куды пасля смерці брата Мацея Гектар і Альберт Кавячынскія спачатку перавезлі Нясвіжскую друкарню) [10].

У 1572–1592 гг. Сымон Будны займаўся выдавецкай дзейнасцю ў заснаванай Янам Кішкам у Лоску (цяпер мястэчка ў Валожынскім раёне) друкарні, абсталяванне якой яе ўладальнік у 1572 выкупіў у М. і Г. Кавячынскіх ад радзівілай Нясвіжскай друкарні. Лоск стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Тут друкарамі працавалі таксама Даніэль Ланчыцкі (у 1573–1574 гг., а з 1574 г. – у друкарні М.К. Радзівіла Сіроткі ў Вільні, віленскіх антытрынітарыяў, у акадэмічнай друкарні езуітаў, у 1596–1600 гг. – уладальнік уласнай друкарні ў Вільні), пазней, з 1576 г. – Ян Карцан (да 1580 г.), Фелікс Балямоўскі (1586–1589 ? гг.). Выйшла каля 20 выданняў на польскай і лацінскай мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю, якая акрамя тэалагічных праблем уздымала пытанні дзяржаўнай і сацыяльнай перабудовы грамадства [11]. Асабліва вызначаліся польскамоўныя пераклады С. Буднага “Новага Запавету” ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі, заснаванымі на філалагічных метадах. Так, адно з яго лоскіх выданняў “Новага запавету” 1574 г. лічылася ў свой час найбольш дасканалым перакладам. У 1589 г. у Лоску была выдадзена апошняя кніга і гэта быў “Новы запавет” ў чарговай новай рэдакцыі Сымона Буднага (у 1593 г. С. Будны памёр, пахаваны ў Вішневе, Валожынскі р-н). Лоская друкарня спыніла сваю дзейнасць таксама са смерцю Я. Кішкі пасля 1592 г.

Сучаснікам і паплечнікам С. Буднага быў беларускі шляхціц Васіль Амельяновіч Цяпінскі (1530-я гг. – 1600), прыхільнік арыянства (адна з мадыфікацый Рэфармацыі), выступаў супраць догмата Тройцы. Друкарня В.Цяпінскага, якая дзейнічала магчыма на Полаччыне ў 1570-я гг., каля 1580-га году выпусціла адно выданне – “Евангелле” (дакладна месца выдання невядома), на якое В. Цяпінскі ахвяраваў значную частку сваёй маёмасці. Надрукавана “Евангелле” паралельна на 2-х мовах – царкоўнаславянскай і старабеларускай са шматлікімі глосамі. Як лічыць Георгій Галенчанка, “Евангелле” не было надрукавана поўнасцю – выйшлі толькі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі, што сведчыць аб друку толькі часткі Новага запавету. Вядомы толькі два захаваныя дэфектныя экземпляры выдання (у РНБ і Архангельскім краязнаўчым музеі), якія ўтрымліваюць менш за палову Тэтраевангелля. Захавалася ў адзіным рукапісе (у РНБ) прадмова В. Цяпінскага да выдання, якую ён, магчыма, таксама збіраўся надрукаваць – гнеўнае абвінавачванне той часткі феадальнай знаці і духавенства, якая абыякава ставілася да лёсу свайго народа, імкнулася задаволіць толькі свае вузкакласавыя інтарэсы і патрэбы. Прадмова была накіравана ў абарону беларускай культуры, мовы, пісьменства, асветы. У “Евангелле” ўвайшлі 210 глосаў (слоў-перкладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя словы. Заўвагі на палях маюць шмат спасылак на польскія і царкоўнаславянскія пераклады Евангелля. Шрыфт стылізаваны пад шрыфты кніг Ф. Скарыны. Вядома, што “Евангеллем” Цяпінскага карыстаўся С. Будны. Адным з месцаў захоўвання старадруку была бібліятэка Супрасльскага манастыра [12].

Заблудаўская друкарня (1568–1570). На сродкі праваслаўнага магната ВКЛ Рыгора Хадкевіча ў яго маёнтку ў Заблудаве (зараз Падляскае ваяводства ў Польшчы) была заснавана друкарня [13]. У яе арганізацыі актыўны ўдзел прынялі Іван Фёдараў (Федаровіч) і Пётр Мсціславец, запрошаныя Р. Хадкевічам. У заблудаўскай друкарні, як мяркуецца, працавалі Грынь Івановіч і Васіль Гарабурда. У 1568 г. выдаўцы прыступілі да кірылічнага друку “Евангелля вучыцельнага”, якое выйшла ў 1569 г. Упершыню тут надрукаваны твор Кірылы Тураўскага “Слова на Ушэсце”. Наогул жа “Евангелле вучыцельнае” было зборнікам евангельскіх тэкстаў твораў візантыйскага, балгарскага, старажытнарускага пісьменства. Наступнае выданне “Псалтыр з Часаслоўцам” у 1570 г. выдае адзін І. Фёдараў. Калі ў “Евангеллі вучыцельным” прадмова напісана Р.Хадкевічам, то ў “Псалтыры з Часаслоўцам” змешчаны прадмовы і Р. Хадкевіча, і І. Фёдарава. Ёсць у гэтым выданні і калектыўная прадмова. Асаблівасць выдання – гэта анатацыі перад псалмамі і біблейскімі песнямі. У абодвух выданнях змешчаны гербы Рыгора Хадкевіча, ужывалася новая арнаментыка, буйная ксілаграфія, з’явіўся тытульны аркуш з выхаднымі звесткамі. У 1572 г. Р.Хадкевіч памірае і заблудаўская друкарня была перавезена ў Супрасльскі манастыр. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся В. Гарабурдам, Мамонічамі, Святадухаўскім брацтвам у Вільні. Адзін з асобнікаў “Евангелля” захоўваецца і ў Беларусі – у зборы Веткаўскага музея, а “Псалтыр з Часаслоцам” – толькі за межамі Беларусі : у С.-Пецярбургу (РНБ), Львове, Лондане.

Сярод праваслаўных фундатараў кнігавыдавецкай справы неабходна адзначыць князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага (каля 1524 – 1608), які ў 1576 г. заснаваў Астрожскую школу або як называлі яе Астрожскую акадэмію – значны асветніцкі цэнтр антыкаталіцкага кірунку (у г. Астрогу на Валыні) [14]. У 1578 г. была заснавана і друкарня, у якой на патрэбу школы выдаваліся падручнікі (“Азбука”, 1578), богаслужбовыя (“Псалтыр і Новы запавет”, 1580) і палемічныя творы (“Кніга пра пост” з павучаннямі Васіля Вялікага, 1594; “Маргарыт” – збор казанняў Іаана Златавуста”, 1595). У 1581 г. тут была выдадзена першая поўная кананічна дакладная славянская “Біблія” на царкоўнаславянскай мове ў старабеларускай рэдакцыі, якая атрымала назву Астрожская Біблія. Друкарскую справу тут вёў па запрашэнні К.К. Астрожскага І. Фёдараў. Пасля яго ад’езду ў 1581 г. у дзейнасці друкарні быў перапынак да 1594 г. Усяго ў друкарні (да 1612 г.) выйшла каля 30 кірылічных кніг (28). Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг тут працаваў беларускі майстар Г. Івановіч.

У 1570-я гг. у Вільні пасля больш чым 40-гадовага друкарскага перапынку таксама аднаўляецца выдавецкая дзейнасць. Уладальнікамі друкарні, якая стала другой пасля Скарынаўскай у сталіцы ВКЛ, былі скарбнік ВКЛ Іван Зарэцкі і віленскі бурмістр Зіновій Зарэцкі. Таму і атрымала яна назву Друкарні Зарэцкіх. Вядома адна кніга, выпушчаная тут – гэта кірылічны “Часоўнік” (надрукаваны каля 1571 г.). Кніга мае малы фармат – у 1/8 долю аркуша, упрыгожана застаўкамі, ініцыяламі. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, тытульныя аркушы, ініцыялы, асобныя літары набору падобныя да скарынаўскіх [15].

Пётр Мсціславец (? – пасля 1576) пасля Заблудава накіроўваецца ў Вільню і наладжвае супрацоўніцтва з праваслаўнымі шляхціцамі Зарэцкімі і купцамі Мамонічамі, пры падтрымцы і на сродкі якіх у сярэдзіне 1570-х гг. засноўвае ў сталіцы ВКЛ друкарню (размяшчалася ў доме Мамонічаў) і ажыццяўляе наступныя выданні – “Часоўнік” (каля 1574–1576), “Евангелле напрастольнае” (1575), “Псалтыр” (1576). Віленскія выданні П. Мсціслаўца з’яўляюцца найбольш дасканалымі па афармленні: буйны прыгожы шрыфт, які да гэтага яшчэ не выкарыстоўваўся і стаў узорам для іншых напрастольных Евангелляў; застаўкі прамавугольнай формы з раслінна-кветкавым фонам (лісце, шышкі, жалуды, плады, сцяблінкі), чырвоная вязь на пачатку раздзелаў, “Псалтыр” – з чырвонымі кропкамі. П. Мсціславец выпрацаваў у сваіх застаўках упершыню новы тып друкарскай арнаментыкі – чорныя лініі па беламу фону, якія раней не ўжываліся. Упершыню пасля рукапісных кніг ў друках П. Мсціслаўца з’яўляюцца гравюры 4-х евангелістаў. “Евангелле” і “Псалтыр” П. Мсціслаўца мелі вялікі фармат – in folio, для друку прямянялася добраякасная папера. Выданні П. Мсціслаўца мелі шырокае распаўсюджанне на Беларусі, Украіне, Расіі. У выніку канфлікту паміж П. Мсціслаўцам і Мамонічамі (К. Мамоніч), якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 г. пачаўся судовы працэс за друкарню, пасля чаго частка абсталявання з друкарні апынулася ў Астрожскай друкарні (шрыфты, арнамент, ламбарды Мсціслаўца сустракаюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і іншых украінскіх друкарняў XVI – пач. XVII ст.) [16]. Сляды ж П. Мсціслаўца, аднаго з пачынальнікаў расійскага кнігадрукавання (1564 г. разам з І. Фёдаравым заснаваў друкарню ў Маскве і надрукаваў “Апостал” 1564 г. і два выданні “Часоўніка” 1565 г.), губляюцца. Віленскія выданні П. Мсціслаўца ёсць і ў Беларусі: у ЦНБ НАН Беларусі – “Евангелле напрастольнае” (1575), “Псалтыр” (1576), у НББ – “Псалтыр” (1576).

Каля 1580–1582 гг. прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся і Васіль Гарабурда, які быў, магчыма, па паходжанні з дробнай гаспадарскай шляхты, якая тым не менш мела цесныя сувязі з І. Фёдаравым, П. Мсціслаўцам, Мамонічамі, А. Курбскім, А. Валовічам [17]. Не выключана, што пры іх падтрымцы і была арганізавана друкарня. Вядомы два кірылічныя выданні Васіля Гарабурды: “Евангелле вучыцельнае” (каля 1580) – блізкая копія заблудаўскага і “Актоіх” (або “Васьмігалоснік”, 1582) з пасляслоўем, падпісаным выдаўцом. У друках Гарабурды вызначаецца працяг кніжных традыцый Заблудаўскай друкарні. Гэта ў першую чаргу – кнігі на царкоўнаславянскай мове буйным фарматам, у 2 колеры. Лічыцца, што В. Гарабурда выкарыстоўваў копіі шрыфтоў І. Фёдарава і П. Мсціслаўца. Выхадныя дадзеныя “Васьмігалосніка” дадзены ў двух каляндарных стылях, як у некаторых віленскіх выданнях Скарыны. Захавалася каля 35 экз. кніг Гарабурды. Яго друкарня перайшла да Мамонічаў, дзе мяркуецца, што ён прадаўжаў працаваць.

На пачатку 1580-х гг. друкарня Мамонічаў (Кузьмы і Лукаша) у Вільні была ўзноўлена ізноў пры падтрымцы Зарэцкіх, стаўшы ў канцы XVI ст. буйнейшай кірылічнай друкарняй. З 1583 г. з выхадам “Службоўніка” пачынаецца новы (пасля П. Мсціслаўца) перыяд у дзейнасці друкарні, які доўжыцца да 1623 г. Як купцы-прадпрымальнікі Мамонічы мелі дзелавыя сувязі з гарадамі Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. З 1586 г. выдаўцы валодалі каралеўскім прывілеем на друкаванне кніг, іх продаж унутры краіны і бяспошлінны вываз за мяжу. Дарэчы, Кузьма з’яўляўся не толькі заможным купцом, але і шэраг гадоў быў бурмістрам Вільні, а Лукаш валодаў некалькімі маёнткамі, займаўся дастаўкай паперы з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Абодва належалі да праваслаўнага брацтва Св. Тройцы, а пасля сталі прыхільнікамі уніі. У 1593 г. да выдавецкай дзейнасці далучыўся і сын Кузьмы Лявон, член рады Вільні, прыхільнік канцлера ВКЛ Л. Сапегі, які таксама падтрымліваў Мамонічаў, спрыяючы ў атрыманні шэрагу прывілеяў на кнігавыданне і кнігараспаўсюджанне [18]. Так, акрамя адзначанага прывілея 1586 г., друкары ў 1593 г. набылі прывілей супраць маскоўскіх друкароў, які ўжывалі для друку і распаўсюджання кніг для праваслаўнай царквы, у тым ліку ў Маскве і іншых славянскіх землях. У 1610 г. Лявон дамогся ад караля закрыцця праваслаўнай Віленскай брацкай друкарні, а ў 1614 г. атрымаў тытул “друкар Яго Каралеўскай Мосці” [19]. Такім чынам, прывілеі дазволілі на пэўны час манапалізаваць выданне кніг на беларускай і царкоўнаславянскай мовах. Калі большая частка выданняў XVI ст прызначаліся на патрэбы праваслаўных брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, то пасля прыняцця Брэсцкай уніі Мамонічы займаюцца выданнем кніг і для уніятаў. Друкарня Мамонічаў была адзінай беларускай друкарняй, дзе выпускаліся зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару –“Трыбунал” (1586) і “Статут Вялікага княства Літоўскага” (1588, на беларускай мове; 1614 – на польскай); канстытуцыі вольных соймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, галоўным чынам, напісаных І. Пацеем. Вядомы таксама багаслоўскія і літургічныя выданні друкарні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, напрыклад “Граматыка словянская” (1586), “Дыялектыка” І. Спангенберга (каля 1586), “Буквар” (1590-я гг., 1618, 1621). Выданні Мамонічаў па мастацкім аздабленні вызначаюцца як віленскія “эльзевіры” з-за таго, што ў іх упершыню ў кірылічным друку прыменены вырабленыя Г. Івановічам курсіўныя шрыфты (з 1585 г.). Пасля Ф. Скарыны яны адраджаюць у сваіх выданнях партрэт – караля Жыгімонта ІІІ, Льва Сапегі, Васіля Вялікага, сойм Рэчы Паспалітай і інш. Вяршыняй паліграфічнага мастацтва віленскіх друкароў з’яўляецца тытул “Статута ВКЛ” (1588) у сімволіка-эмблематычным афармленні. Апошнія выданні Лявона Мамоніча датуюцца 1623 г. Дарэчы, пад уплывам рэнесанчавай эстэтыкі Лявон пісаў эмблематычныя вершы [20]. Друкарня праіснавала амаль 50 гадоў, за якія надрукавала каля 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лацінскім шрыфтам) выданняў (пасля 1624 г. перададзена віленскім базыльянам). Унесла значны ўнёсак у пашырэнне асветы, пісьменства і культуры беларускіх і іншых славянскіх народаў [21].

У 1580–1611 гг. – гуманіст і паплечнік С. Буднага Ян Карцан становіцца ўладальнікам друкарні ў Вільні, і нават ва ўмовах контрэфармацыі выдае шмат свецкай літаратуры, перакладаў антычных аўтараў, спаборнічае з Віленскай Акадэмічнай друкарняй у выданні вершаваных твораў. Творчасць шэрагу маладых паэтаў звязана з дзейнасцю друкарні Карцана: Я. Пратасовіча, Б. Буднага, Я. Пятровіча і інш. У 1608 г. выйшла першая ў Рэчы Паспалітай энцыклапедыя “Inventores rerum”, альбо “Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і даў людзям для ўжытку”, напісаная Я. Пратасовічам на падставе лацінскага твора італьянскага пісьменніка Палідора Вергілія, выйшаўшага ў 1499 г. у Венецыі [22]. Усяго ў друкарні Яна Карцана выйшла больш за 100 кніг на польскай, лацінскай і грэчаскай мовах: Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, Б. Буднага, паэма Я. Казаковіча “Арэх валоскі” (1603); выдаваліся таксама навукова-вучэбныя, медыцынскія кнігі, календары і інш. Ва ўмовах рэлігійнай палемікі Я. Карцан выдаваў творы як рэфармацыйных, так і каталіцкіх аўтараў. Яго выданні вылучаюцца высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Пасля смерці Яна Карцана ў 1611 г. працу прадоўжыў яго сын Юзаф, які яшчэ да 1620 г. выпусціў да 40 назваў кніг, аднак гэта была толькі літаратура каталіцкай арыентацыі. Сярод яго выданняў вызначаюцца першыя друкаваныя ў Вільні каталіцкія спевы (некаторыя з іх нотамі) [23].

У сваяцкіх сувязях з Янам Карцанам быў яшчэ адзін віленскі друкар – Пётр Кміта (? – паміж 1629 і 1632), яго жонка – дачка Я. Карцана. З’яўляўся прыхільнікам антытрынітарскага руху ў ВКЛ. Дзякуючы падтрымцы цесця арганізаваў у 1611–1612 гг. у Вільні ўласную друкарню, у якой выйшла 5 выданняў. Аднак яго асноўная выдавецкая дзейнасць прайшла ў любчанскай друкарні кальвініста К. Радзівіла, дзе ён выпусціў каля 60 назваў кніг. П. Кміта вядомы і як аўтар вершаў да кніг Я.Л. Намыслоўскага “Каталісіс” (1598), С. Рысінскага “Тысяча восемдзесят польскіх прыказак” (1618), прадмовы да кнігі Б. Буднага “Апафегмата” (1614, пасля 1614); як перакладчык на польскую мову “Прагностыка астралагічнага на 1621 год” С. Герцыуса. У сваіх выданнях змяшчаў прысвячэнні магнатам-мецэнатам [24].

У XVII – XVIII стст. дзейнічалі таксама радзівілаўскія друкарні ў Любы, Слуцку, Кейданах, Нясвіжы. Так, у 1612–1640-я гг. па запрашэнні князя Кшыштафа Радзівіла выдавецкую дзейнасць у Любчы (цяпер гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне) вялі Пётр і Ян Кміты (з 1632 г.), якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, мастацкай літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лацінскай мовах (59 выданняў надрукавана Пятром Кмітам, 24 – яго сынам Янам Даніэлем). Напрыклад, у Любчы былі выдадзены творы Саламона Рысінскага “Тысяча восемдзесят польскіх прыказак” (1618). У друкарні выконваліся таксама заказы віленскіх лютэран на друк панегірыкаў і літургічных твораў. У 1646–1655 гг. (ці 1656 г.) друкарню ўзначаліў Ян Ланге, пад кіраўніцтвам якога тут выйшлі яшчэ 14 выданняў – пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын, сярод якіх “Пасціла” і “Псалтыр” лэтэранскага пастара А. Шонфлісіуса [25]. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў шведскі гравёр Конрад Гётке, які ўпершыню ў беларускім кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі. Усяго вядома 97 назваў кніг на польскай і лацінскай мовах, якія былі надрукаваны ў Любчы.

У сярэдзіне XVII ст. дзейнічала яшчэ адна радзівілаўская друкарня ў Кейданах (1651–1653 ці 1655 гг.). Узначальваў друкарню, запрошаны з Гданьска патомны друкар Іахім Георгій Рэтэ. Адзінай вядомай кнігай друкарні з’яўляецца канцыянал і малітоўнік на літоўскай мове “Кніга набажэнства хрысціянскага ў гонар адзінай Святой Тройцы” (1653). Асобныя часткі кнігі мелі ўласныя тытульныя аркушы і пагінацыю, таму маглі распаўсюджвацца самастойна. У выданні было прысвячэнне Янушу Радзівілу, уключала прадмову на польскай мове. Складальнікамі выдання выступілі дзеячы кальвінісцкай царквы С. Мінвіл і Я. Бажымоўскі. Магчыма ў друкарні выдаваліся і падручнікі для Кейданскай гімназіі, а таксама дакументы радзівілаўскай адміністрацыі. Пасля смерці Радзівіла (1655) друкарня перастала існаваць і была перавезена ў Мітаву, а ў 1672 г. – у Слуцк [26].

Вядома таксама, што на сродкі маршалка ВКЛ Крыштофа Мікалая Дарагастайскага ў 1615 г. была заснавана ашмянская друкарня, якая размяшчалася ў маёнтку Мураваная Ашмянка. Вядома, што Мікалай Дарагастайскі, бацька Крыштофа, быў фундатарам лоскага выдання “Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай” А. Фрыч-Маджэўскага (1577) [30]. Адзіным палемічным творам мясцовага прапаведніка-евангеліста В. Салінарыуса “Цэнзура” ў 6 кнігах 1615 г. вызначаецца друкарня ў Мураванай Ашмянцы. Змест твора накіраваны супраць ракаўскіх сацыян. У выданні выкарыстаны паліграфічныя матэрыялы Любчанскай друкарні [31]. Магчыма, таксама пасля смерці ў 1615 г. яе ўладальніка перастала існаваць і ашмянская друкарня.

Брацкае кнігадрукаванне і кнігадрукаванне каталіцкіх ордэнаў. Пачынаючы з канца XVI ст. адно з вядучых месц у беларускім кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што стала магчымым пасля зацвярджэння ў 1589 г. статута Віленскага Троіцкага (пазней Святадухаўскага) брацтва, у якім прадугледжвалася стварэнне школ і друкарні для выдання кніг на грэчаскай, славянскай, “рускай” і польскай мовах. Пытанні арганізацыі брацкага кнігадрукавання выносіліся на разгляд берасцейскіх сабораў 1590, 1591, 1594 гг., паводле саборных пастаноў якіх прадпісвалася манапалізацыя беларускага і украінскага брацкага кнігадрукавання ў Віленскай і Львоўскай друкарнях, устанаўленне епіскапальнай цэнзуры, арганізацыя камісіі праўшчыкаў-карэктараў, фінансаванне выдавецкай дзейнасці за кошт сродкаў, сабраных ва ўсіх епархіях Кіеўскай мітраполіі. Праваслаўным брацтвам удалося адстаяць права на выданне кніг рознага зместу. Абвастрэнне грамадска-палітычнай барацьбы пасля прыняцця уніі 1596 г. пераўтварыла ранейшыя саборныя пастановы ў намінальныя. Практычна пытанні арганізацыі кнігадрукавання, яго фінансавання і збыту кніг сталі ўнутранай справай брацтваў [34].

З сярэдзіны 1590-х гг. актыўнай выдавецкай дзейнасцю вызначаецца Віленская брацкая друкарня, заснаваная пры Віленскім Святадухаўскім манастыры (паводле прывілеяў Жыгімонта ІІІ Вазы ад 1589 і 1592 гг), якую ўзначаліў Стафан Зізіній. Першае вядомае выданне датуецца 1595 г. У 1595–1596 гг. выйшла не менш за 11 выданняў. Пасля Берасцейскай уніі 1596 г. некалькі год друкарня не дзейнічала. Магчыма, паміж 1597–1607 гг. тут быў выдадзены “Часоўнік” (зберагаецца ў Оксфардскай бібліятэцы), а каля 1600 г. выйшаў “Катэхізіс”. Да 1610 г. друкаваліся творы Мялеція Сматрыцкага, Стафана і Лаўрэнція Зізаніяў. Пасля друку брацтвам на польскай мове ў 1608–1610 гг. палемічных твораў М. Сматрыцкага (выйшлі як ананімныя) друкарня спецыяльным загадам ад 07.05.1610 г. Жыгімонта ІІІ была закрыта, арыштаваны вядучыя дзеячы брацтва, у тым ліку рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч. Брацтва вымушана было ў 1611 г. перанесці сваю выдавецкую дзейнасць за межы Вільні ў мястэчка Еўе (каля Вільні), якое знаходзілася пад шляхецкай юрысдыкцыяй, што ахоўвала брацтва ад уніяцкага ўмяшання. У 1615 г. дзейнасць брацкай друкарні ў Вільні была адноўлена, хаця з 1618 г. да сярэдзіны XVII ст. (да 1652 г.) выданні выходзілі то ў Вільні, то ў Еўі. Дзейнічала віленская друкарня да 1749 г., пакуль пажар не знішчыў манастыр Святога Духа. У мастацкім аздабленні выданняў шырока ўжываліся арнаментальная гравюра і застаўкі, канцоўкі, рамкі з расліннымі і геаметрычнымі матывамі, антрапаморфнымі сюжэтамі. На адвароце тытульных аркушаў нярэдка змяшчалася геральдычная гравюра – гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.; у Трэбніках і Евангеллях – гравюры на біблійныя сюжэты. У польскамоўных выданнях у афармленні ініцыялаў пераважае гатычны стыль, сустракаецца і рэнесансавы. У друкарні прымянялася тэхніка ксілаграфіі [35].

У Еўінскай друкарні, якая была заснавана Віленскім Святадухавым брацтвам у 1610 г. ва ўладанні падкаморага троцкага старасты брацтва Б. Агінскага і праіснавала да сярэдзіны XVII ст., было надрукавана больш за 25 выданняў, пераважна на царкоўнаславянскай мове: “Новы запавет з Псалтыром” (1611), “Дыёптра” (1612), “Два казанні” Лявонція Карповіча (1615), “Буквар стараславянскай мовы” (1618), “Граматыка славянская” М. Сматрыцкага і ііншыя. 4 выданні ў еўінскай друкарні выйшлі на беларускай мове, напрыклад “Евангелле вучыцельнае” Каліста (1616). Да 1620 г. друкарню ўзначальваў Лявонцій Карповіч, а потым ігумен Еўінскага Успенскага манастыра друкар Г. Івановіч [36]. Упершыню ў гісторыі беларускага брацкага кнігадрукавання тут выкарыстана металагравюра свецкага зместу (“Панегірык на шлюб Аляксандра Служкі, ваяводы менскага”, 1634). Дзейнасць друкарні была спынена з-за аслаблення Віленскага брацтва і войнаў.

Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню, у дзейнасці якой актыўны ўдзел бралі магілёўскія і аршанскія братчыкі. Дзейнічала друкарня ў 1631 (ці нават 1630) – 1654 гг. пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Выдавала кнігі богаслужбовага, малітоўнага, духоўна-павучальнага і асветніцкага зместу на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. Значную ролю ў арганізацыі брацкага друку ў Куцейне (а таксама і Магілёве) адыграў Спірыдон Собаль, запрошаны ігуменам Іаілем Труцэвічам [37]. Фундатарам друкарні выступаў Б. Статкевіч [38]. У першыя 2 гады дзейнасці друкарні ёю кіраваў С. Собаль, які выдаў у гэты час “Малітвы штодзённыя”, “Буквар” – у 1631 г., “Часаслоў” (1632), дадрукаваў кіеўскі “Апостал” (1632). У 1635 г. С. Собаль ужо працуе ў Буйнічах, дзе выдае “Псалтыр” і працягвае дапамагаць куцеінскім манахам набыць уласнае абсталяванне, адлівае для іх са сваіх матрыц шрыфты. Выдавецкую ж справу ў Куцейне працягвае Іаіль Труцэвіч, аўтар шматлікіх прадмоў да куцеінскіх выданняў. У гэты час выходзяць 11 назваў кніг, некаторыя з якіх неаднаразова перавыдаюцца: “Дыдаскалія” Сільвестра Косава (1637, 1653), “Псалтыр” (1642, каля 1650), “Дыёптра” (1651, 1654). Частка тэкстаў выходзіць у перакладзе на старабеларускую мову – “На “Ойча наш” выклад” Іаана Златавуста (1636), “Гісторыя пра Варлаама і Іасафата”, некаторыя выданні перадрукоўваюцца з папярэдніх беларускіх і украінскіх, як “Буквар языка славеньска” і “Лексікон” Памвы Бярынды (1653). Пры друкарні існавала таксама перплётная майстэрня. Акрамя таго кнігі і перапісваліся. Абсталяванне друкарні і ўсе куцеінскія друкары і гравёры ў 1654–1655 гг. (пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) былі вывезены ў Расію ў Іверскі манастыр на Валдайскім возеры пад Ноўгарадам. Тут выйшла некалькі кніг, закончана пачатае ў Куцене “Брашна духоўнае” (1661). У 1665 г. кнігадрукаванне было спынена і па распараджэнні патрыярха Нікана друкарня перавезена ў Васкрасенскі манастыр (таксама пад Ноўгарадам?), а ў 1676 г. – перададзена ў Маскву. У афармленні Куцеінскім друкам характэрна самабытная тэхніка выканання ксілаграфічнай кніжнай гравюры ў стылі народнага мастацтва [39].

Прывілеем караля Уладзіслава IV ад 19.03.1633 г. гарантавалася права на выдаецкую дзейнасць Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву. Магчыма, што брацтва перадало прывілей С. Собалю, які ў 1636–1638 гг. выпусціў у Магілёве некалькі кніг. Вядомы выданні брацтва 1640-х гг., дзе друкаром выступае Фёдар Грышановіч. У 1676 г. брацтвам быў атрыманы новы прывілей ад караля Яна Сабескага на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на “рускай” і польскай мовах. З 1690-х да 1708 г. кіраваў друкарняй М.Я. Вашчанка. Выйшлі “Акафісты і каноны” 91693), “Псалтыр” (1693), “Малітвасловец” (1695), “Евангелле вучыцельнае” і “Перла мнагацэннае” Кірылы Транквіліёна-Стаўравецкага (1697, 1699), “Часаслоў” (1697), “Неба новае” Іанікія Галятоўскага (1699), “Кніга жыцій святых” Дзмітрыя Растоўскага (1702), “Трыфалагіён” (1748), “Часаслоў” (1771) і іншыя. Апошняе вядомае выданне – “Часоўнік” (каля 1773 г.). У друкарні працавалі таксама друкары і гравёры Васіль Вашчанка, Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М. Антушкевіч, якія прымянілі глыбокі друк з металагравюр [40]. Вядома, што ў XVIII ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выйшла 33 кнігі на царкоўнаславянскай мове літургічнага і агіяграфічнага зместу.

Брацкія выдаўцы арыентаваліся на старажытнарускую, старажытнабеларускую культуру. Аднак яны ў пэўнай меры ўспрынялі і некаторыя філасофскія светапоглядныя ідэі антычнасці, ранняга хрысціянства [41]. Асноўную частку брацкіх выданняў складалі літургічныя тэксты – 33,3%, што было агульнай рысай кірылічнага кнігадрукавання ў яго пачатковы перыяд. Больш падрабязна жанравы склад брацкіх выданняў, які прыводзіцца Г. Галенчанкам, і ім жа ўдакладняецца, уяўляе з сябе наступную карціну – гэта літургіка, статуту, дагматычнае багаслоўе – 33 выданні, Новы запавет і Евангеллі – 7, творы старажытных пісьменнікаў, Чэцця кніга – 11, белетрыстыка, палемічная літаратура, панегірыкі – 8, падручнікі – 12, выданні, якія выкарыстоўваліся ў літургіі і школьнай справе – 16 [42]. Адначасова ў працэсе дэмакратызацыі кнігадрукавання нават у літургічныя выданні нярэдка ўстаўляліся тэксты або раздзелы палемічнага і асветніцкага зместу, антычныя творы. Секулярызацыйныя тэндэнцыі ў дзейнасці праваслаўных брацтваў найбольш адбіліся на павелічэнні ўдзельнай вагі белетрыстычных, вучэбных, палемічных выданняў. Прыкладам друку братчыкамі мастацкага твору з’яўляецца агіяграфічны раман “Гісторыя пра Варлаама і Іасафата” у перакладзе архімандрыта магілёўскага Богаяўленскага манастыра І. Полаўка (Куцейна, 1637). У брацкіх друкарнях выйшлі некалькі граматычных і лексікаграфічных выданняў: “Граматыка славянская” Л. Зізанія (1596), “Граматыкі славянскія” М. Сматрыцкага (1619), “Лексікон славянароскі” П. Бярынды (1653). Масавымі тыражамі выходзілі школьныя падручнікі (азбукі і буквары). З 1590-х гг. да 1654 г. беларускія друкарні выпусцілі 16 буквароў (з іх 8 брацкіх) – больш за палавіну ўсіх аналагічных выданняў, выдадзеных у той час ва ўсходнеславянскіх землях [43]. Асобае месца ў жанравай структуры займала палемічная публіцыстыка, накіраваная супраць контррэфармацыі, каталіцкай экспансіі, царкоўнай уніі. Ідэлагамбрацкай палемічнай літаратуры быў М. Сматрыцкі.

З пачатку дзейнасці да 1654 г. брацкія выдавецтвы выпусцілі 17 кніг на беларускай мове, 1 з паралельным польскім перакладам (“Казанне святога Кірылы....”, 1596), а таксама двухмоўны “Лексікон славянароскі” Памвы Бярынды, што склала прыкладна 22% ад усіх выданняў, што захаваліся. Калі ж улічыць і выданні з фрагментамі і раздзеламі беларускамоўных тэкстаў, то набіраецца 53%. Найбольш актыўна ўжывалася беларуская мова ў Чэццях, па-за сферай богаслужэння і ў палемічных выданнях. У канцы XVI ст. беларуская мова стала нават тэмай для палемікі з ідэолагамі каталіцызму (П. Скаргам), якія адмаўлялі яе ўжыванне для тэалогіі, гуманітарных навук [44].

Амаль усе брацкія выданні таго часу друкаваліся з выкарыстаннем тых самых мастацка-арнаментальных матэрыялаў і шрыфтоў. Віленская і Еўінская друкарні былі прамымі спадчыннікамі друкарскіх матэрыялаў Ф. Скарыны – яго віленскіх заставак і ініцыялаў у рамках з раслінным арнаментам. Лічыцца, што дошкі Ф. Скарыны выкарыстоўваліся імі да пачатку 1650-х гг.

У сярэдзіне XVII ст. у сувязі з працяглымі войнамі, разарэннем брацтваў, пагаршэннем грамадска-палітычных умоў іх дзейнасці выдавецкая дзейнасць амаль усіх брацтваў спынілася. Толькі Магілёўская Богаяўленская друкарня ў канцы XVII – пачатку XVIII ст. працягвала выпускаць у асноўным літургічныя выданні на царкоўнаславянскай мове. Канчаткова брацкае кнігадрукаванне перастала існаваць у апошнія дзесяцігоддзі XVIII ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Да нашага часу дайшло усяго 87 кірылічных выданняў і 25 надрукаваных лацінскім шрыфтам [45]. Брацкія кніжныя выданні твораў Стафана і Лаўрэнція Зізаніяў, Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага і іншых адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер беларускай культуры, мовы, пісьменства. Выдавецкая прадукцыя беларускіх брацкіх друкарняў шырока распаўсюджвалася на Украіне, трапляла ў Расію.

Пачынаючы з другой паловы XVI ст., калі у Беларусі разгортваецца контррэфармацыя, у кнігавыдавецкую справу актыўна ўключаюцца каталіцкія ордэны. У 1564 г. кардынал Станіслаў Гозій запрашае ў Польшчу і ВКЛ “слугаў Лаёлы” – ордэн езуітаў для барацьбы з “ерэтычнымі вучэннямі пратэстантаў”. У Вільні, Нясвіжы, Оршы, Берасці, Гародні, Пінску, Менску, Наваградку, Слуцку, Віцебску і іншых гарадах езуіты адкрываюць школы-калегіумы, у якіх прапаноўвалі бясплатную адукацыю дзецям беларускіх магнатаў і шляхты. У каталіцкіх навучальных установах выкладаліся лепшыя дасягненні тагачаснай еўрапейскай навукі, панаваў высокі ўзровень гуманітарнай культуры [46]. У 1570 г. быў заснаваны Віленскі калегіум, якому ў 1579 г. кароль Стафан Баторый выдаў прывілеі на стварэнне акадэміі – вышэйшай навучальнай установы ў ВКЛ (першы рэктар – Пётр Скарга). Афіцыйная перадача радзівілаўскай берасцескай друкарні віленскім езуітам адбылася ў 1585 г. Друкарня Віленскай акадэміі езуітаў існавала ў 1586–1805 гг. і з’яўлялася найбольш значным цэнтрам кнігадрукавання ў ВКЛ. Кіраваў работамі наёмны друкар, наглядаў за дзейнасцю прэфект друкарні – член ордэна. Штогод у друкарні выпускалася каля 15 выданняў на польскай і лацінскай мовах: падручнікі для акадэміі і народных школ, палемічная і царкоўная літаратура, жыціі святых, тэалагічныя і філасофскія творы П. Скаргі, М. Сміглецкага, Я. Альшэўскага, І. Лаёлы, а таксама свецкая літаратура: спеўнікі (С. Славянчынскага, 1648), лібрэта опер (“Выкраданне Гелены” В. Пучытэлі, 1636), гістарычныя дакументы (“Збор матэрыялаў аб царкоўным стане, што датычыцца Вялікага княства Літоўскага”, 1650, “Пра войны супраць запарожскіх казакаў”, 1651).

У 1570–1580-я гг. істотны ўплыў на грамадска-культурныя працэсы ў Беларусі аказвала і дзейнасць іншых ордэнаў каталіцкай царквы – францысканцаў, піяраў, бернардзінцаў, кармелітаў, дамініканцаў, бенедыкцінцаў і інш. Аднак іх выдавецкая дзейнасць прыпадае на XVII – XVIII cтст.

Узнікненне перыядычнага друку. Як тып выдання газета склалася ў Еўропе ў пач. XVII ст. На тэрыторыі Беларусі першыя перыядычныя выданні з’явіліся ў другой палове XVI – пачатку XVII ст. У гэты час у ВКЛ пачалі выдавацца газеты-аднадзёнкі, у якіх асвятлялася жыццё народаў ВКЛ і іншых краін Еўропы. Першай газетай лічацца “Новіны грозныя а жалостлівые...”, якія мяркуецца былі выдадзены С. Будным у 1562 ці 1563 гг. у Нясвіжы. Газета распавядае пра паход Маскоўскага цара Івана Грознага на землі ВКЛ. У Бібліятэцы Оксфардскага універсітэта захоўваецца 7 беларускіх старадрукаваных лістовак газетнага тыпу, сярод якіх “Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкого” (1571), “Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі” (1580), “Эдыкт з замку Полоцкого” (1593 ці 1597 ?), “Новіны о шчаслівом поступаньі на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского” (1617) і інш. [64].

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]