Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 8.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
257.54 Кб
Скачать

Лекцыя 8. Рукапісная кніга Беларусі ў Вялікім княстве Літоўскім (другая палова хііі – XVIII ст.)

Стварэнне ВКЛ – агульнай дзяржавы літоўцаў, беларусаў, украінцаў, не прывяло да іх этнічнай і рэлігійнай нівеліроўкі. У краіне былі створаны ўмовы для станаўлення і развіцця шэрагу нацыянальных культур. Гэта спрыяла бесперапыннасці і разнастайнасці ў кнігапіснай традыцыі ВКЛ. Поліэтнічнасць і поліканфесійнасць насельніцтва беларускіх земляў XIІІ – XVIII стст. абумовілі выкарыстанне для кнігапісання розных моў, асноўныя з якіх – беларуская, царкоўнаславянская, польская, лацінская, яўрэйская (іўрыт), арабская (цюркская), а таксама трох алфавітаў – кірылічнага, лацінскага і арабскага. У развіцці рукапіснай кнігі ў вызначаны перыяд неабходна вылучыць два этапы: да пачатку кнігадрукавання і пасля яго распаўсюджання, калі рукапісная кніга працягвала сваё існаванне.

Змены, якія адбываліся ў развіцці беларускага пісьменства на першым этапе, у другой палове ХІІІ – першая чвэрці XVI ст., былі звязаны з далейшым фармаваннем сацыяльных адносін, складваннем новай феадальнай дзяржавы, развіццём яе бюракратычнага апарату і справаводства, фармаваннем беларускай народнасці і беларускай мовы. Значная частка рукапісаў заставалася царкоўнай па змесце і набажэнскай па прызначэнні. Аднак сфера выкарыстання царкоўнаславянскай мовы паступова звужалася. Пры перапісванні і рэдагаванні старыжытнаславянскіх твораў у ХІІІ – XIV стст. адбываецца ўвядзенне ў іх беларускай мовы. У другой палове XV ст. ужо адзначаецца нават беларускі варыянт царкоўнаславянскай мовы, якая выкарыстоўвалася ў кніжнасці ВКЛ да XVIII ст. [1]. Паспяховае развіццё беларускай мовы было звязана з наданнем ёй у XIV ст. статуса дзяржаўнай мовы ВКЛ. На пачатку XVI ст. яна афармляецца як цэласная самастойная сістэма з шырокімі грамадскімі, эстэтычнымі і этнасацыяльнымі функцыямі [2].

Пашырэнне сувязяў з Заходняй Еўропай прыводзіць да большай разнастайнасці літаратурных, багаслоўскіх твораў, якія трапляюць на Беларусь, і тут перапісваюцца, спрыяюць развіццю мастацтва аздаблення кнігі і выкарыстанню новых матэрыялаў пісьма. Пачынаючы з XV ст. побач з беларускай і царкоўнаславянскай мовамі ўсё больш значную ролю пачынаюць адыгрываць польская і лацінская мова. ХІІІ стагоддзем датуюцца першыя тэксты напісаныя на лацінскай мове – гэта граматы Міндоўга.

У другой палове XVI ст. польская мова становіцца літаратурнай мовай на тэрыторыі Беларусі і Літвы, на ёй з’яўляюцца першыя ў беларускай літаратуры польскамоўныя творы. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. і ўтварэння Рэчы Паспалітай польская мова становіцца і універсальнай мовай зносін паміж рознымі яе народнасцямі як ў Кароне, так і ў Княстве, а з 1696 г. – набывае статус дзяржаўнай, становіцца асноўнай мовай друкаваных кніг. З канца XVII ст. адбываецца паступовы перавод беларускай мовы на лацінскі алфавіт, які пераважаў аж да 50-х гадоў ХІХ ст. Найбольш шырока выкарыстоўвалася беларуская лацінка на заходніх землях: у Гародні, Берасці, Мастах, Ваўкавыску. Гэта быў адзін з шляхоў захавання пісьмовай традыцыі і роднай мовы.

Акрамя моўнай разнастайнасці беларуская кніжнасць адлюстроўвае і шматканфісійнасць ВКЛ. Рукапісная, і асабліва друкаваная кніга шырока і актыўна выкарыстоўвалася ў палемічнай барацьбе паміж католікамі, праваслаўнымі, уніятамі, пратэстантамі. Ранейшая, пераважна аднаканфесійная праваслаўная Беларусь, пад уплывам рымска-каталіцкай царквы і пратэстанцка-рэфармацыйнага руху паступова станавілася шматканфесійнай краінай [Даўн. С.260].

Важнай умовай існавання кніжнай культуры XVI–XVIII стст. былі ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы рукапіснай і друкаванай кнігі, якія праяўляліся, у першую чаргу, у іх мастацкім афармленні. У нетрах рукапіснай кнігі фармаваліся асноўныя жанры і тыпы друкаванай кнігі, кнігапісанне спрыяла распаўсюджанню і друкаваных кніг, якія маглі неаднаразова перапісвацца і суіснаваць разам.

У гэты перыяд складваюцца новыя буйныя цэнтры пісьменства: Вільня, Наваградак, Лаўрышаўскі і Супрасльскі манастыры; пачынаюць фармавацца архівы, у тым ліку Архіў ВКЛ (Літоўская метрыка) і бібліятэкі (акрамя манастырскіх і царкоўных, прыватныя – вялікакняскія, магнацкія і шляхецкія).

У агульнай плыні культурнага жыцця ВКЛ з сярэдзіны XV ст. побач з царкоўнымі пачынаюць афармляцца кірункі, розныя не толькі па сваім нацыянальным характары, але і па сацыяльным змесце: свецкая рыцарская культура вярхоў, шляхецкая, гарадская і сялянская [3]. У процівагу царкоўнай паступова ўзнікае свецкая грамадская свядомасць, пад уплывам якой і з’яўляюцца свецкія рукапісныя кнігі. У адрозненні ад полацкага перыяду, у часы ВКЛ значную частку рукапісаў склалі актавыя запісы: прывілеі, даравальныя граматы, дагаворы; а таксама разнастайная перакладная літаратура. З’явіліся і такія новыя кніжныя жанры, як Ірмалоі (музычныя), Памінальнікі, Спісы Статутаў ВКЛ (ужытковыя), інвентары, картулярыі, дыярыушы, зборнікі энцыклапедычнага і маральна-багаслоўскага зместу.

Паводле свайго прызначэння рукапісная кніга падзяляецца на:

  • кнігі богаслужбовыя;

  • чытальныя (“чэцці”),

  • свецкія (нецаркоўныя) кнігі.

Да нашых дзён па падліках даследчыкаў захавалася каля 300 беларускіх рукапісаў другой паловы ХІІІ – XVII стст., якія захоўваюцца ў архівах і кнігасховішчах розных гарадоў і розных краін [4].

Праваслаўнае богаслужэнне. Найбольш захаваліся з богаслужбовых кніг біблійныя і гімнаграфічныя кнігі. У склад біблійных кніг уваходзілі Евангелле, Апостал, Парамійнік, Псалтыр, Часоўнік, Служэбнік. У склад гімнаграфічных кніг: Мінеі, Трыёдзі, Актоіхі, Стыхірары, Ірмалоі. Сярод біблійных рукапісных кніг найбольш пашыранымі былі Евангеллі і Апосталы. Вядома некалькі дзесяткаў рукапісаў, якія датуюцца XIV–XVIII стст. Часта перапісваўся Псалтыр, які выкарыстоўваўся для навучання грамаце (пісаўся часцей на старабеларускай мове).

З другой паловы XIV ст. атрымаў распаўсюджанне Ерусалімскі статут, які з XV ст. становіцца асноўным рэгулятарам богаслужэння і царкоўнага жыцця, у тым ліку кніжнай вытворчасці. У адпаведнасці з ім у цэрквах сталі ўжывацца Евангеллі тэтр службовыя і Апостал службовы. Такім чынам, уваходзіць ва ўжытак новы тып кнігі, у якім тэксты перапісаны па аўтарах (тэтр – г.зн. ёсць тэксты чатырох евангелістаў). Дадатак “службовы” паказваў на наяўнасць у канцы каляндарных табліц або іншых паказальнікаў паслядоўнасці чытанняў пры адпраўленні службы. Апроча службовых, існавалі “тлумачальныя”, або “вучыцельныя” Евангеллі і Апостал, дзе змяшчаліся тлумачэнні кананічных тэкстаў Феадосія Кірскага, Грыгорыя Дваяслова і інш.

Да вядомых помнікаў богаслужбовага назначэння, колькасць якіх у часы ВКЛ значна павялічылася, адносяцца Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае (XIV ст.), Жыровіцкае або Евангелле Льва Сапегі (XV ст.), Шарашоўскае (XV – сярэдзіна XVI ст.), Ваўкавыскае (XV ст.), Слуцкае (XVI ст.) Евангеллі; Менскі Апракас (XIV ст.); Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр (XIV ст.); “Дзесяціглаў” (XVI ст.). Усе названыя найдаўнейшыя рукапісныя кніжныя помнікі Беларусі сёння захоўваюцца на тэрыторыі Расіі, Літве і Польшчы.

Лаўрышаўскае Евангелле – першы вядомы нам беларускі поўны апракас, створаны ў канцы ХІІІ – пач. XIV ст. для Успенскай царквы Лаўрышаўскага манастыра, дзе зберагалася да 1822 г., пасля – у Адама Чартарыйскага, захоўвалася ў Пулавах, Парыжы, цяпер знаходзіцца ў бібліятэцы Музея Чартарыйскіх у Кракаве. Евангелле складаецца з дзвюх частак – евангельскіх чытанняў, размешчаных у парадку літургічнага і ў парадку каляндарнага году (ад 1 верасня да канца жніўня). Напісана на пергамене ўставам на царкоўнаславянскай мове ў 2 слупкі на 183 аркушах (мае 374 нумараваныя старонкі – Рэл. С.176. А.М.Пяткевіч) in folio (памер старонкі прыкладна 22х31 см). Мае 14 укладных запісаў XIV – XVI ст., якія перамяжоўваюцца з ўстаўкамі на старабеларускай мове; ёсць каментарыі на польскай і беларускай мовах. Змяшчае вялікую колькасць ініцыялаў (для некаторых пакінуты пустыя месцы) у тэраталагічным стылі, 19 (18 – у Нікалаева –?) мініяцюр з выявамі святых Іаана, Мацвея, Лукі, Міхаіла-архангела, Іова, евангельскіх сцэн (у XIV ст. дамаляваны мініяцюры, дзе паказана размова Варлаама і Іасафата, сюжэт з прыпавесці аб адзінарогу), адной застаўкай. Рукапіс мае пераплёт з дошак, абцягнутых вішнёвым аксамітам з бронзавым абкладам (XVІІ ст. ?) – плакеткай з гравіраванай выявай св.Дзмітрыя Салунскага пад архітэктурнай аркай, аздобленай суцэльным карункавым арнаментам; у вуглах – трохкутныя нарожнікі (усе дэталі маюць гнёзды з рубінамі і сапфірамі). На ніжнім вечку – пазлацаная плакетка, з гравіраваным Распяццем. Не выключана, што стваралася Евангелле па заказу вялікага князя Войшалка, заснавальніка Лаўрышаўскага манастыра [5].

Вядомы яшчэ адзін ранні рукапісны помнік ХІІІ–XIV ст. – Мсціжскае Евангелле. Напісана уставам у 2 слупкі на 187 пергаменных аркушах, мае адну застаўку, каля 350 ініцыялаў пераважна ў тэраталагічным стылі, у 4 колеры (чырвоны, зялёны, сіні, жоўты). Захоўваецца ў БАН Літвы [6].

Друцкае Евангелле XIV ст. – адзін з добра захаваных рукапісаў Полацкай зямлі. Напісана на пергамене царкоўнаславянскай мовай уставам на 376 старонках in folio. Тэкст у два слупкі. Змяшчае застаўкі, 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя кінаварай. Змест тэксту – кананічныя тэксты, сінодзік (кніга запісаў для памінання) друцкіх князёў, дароўную грамату Багародзіцкай царкве ў Друцку, а таксама тэксты, напісаныя ў XV – XVIII стст. З XV ст. рукапіс знаходзіўся ў царкве Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, а ў XVIII ст. – было перададзена свяшчэннаслужыцелям Рускай праваслаўнай царквы. Яго след быў адшуканы толькі ў 1965 г. акадэмікам М.М. Ціхаміравым, які выявіў яго ў бібліятэцы Сібірскага аддзялення РАН у Навасібірску [7]. У 2001 г. у Беларусі было ажыццёўлена факсімільнае выданне Друцкага Евангелля ў кнізе “Друцк летапісны. Друцкае Евангелле”.

Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр XIV ст. быў створаны па заказу манаха Алексы смаленскім майстрам Лукой для Пустынскага манастыра Успення Багародзіцы ў Мсціслаўлі ў 1395 г., а ў XVII ст. перавезена ў Крыжовы манастыр на востраве Кій Анежскай губы Белага мора. Змяшчае тры мініяцюры алегарычнага характару, якія прадвяшчаюць узнікненне ўжо новага да гатычнага стылю. Хаця багаты дэкор псалтыра – гэта ўсё ж тэраталагічны арнамент заставак, мініяцюр і маляўнічых мініяцюр [8].

Слуцкае Евангелле, дакладней, Чацвераевангелле XVI ст., якое ўяўляе з сябе вялікую кнігу на паперы фарматам in folio у аксамітавай аправе. У кнізе 263 аркушы, тэкст пададзены ў 2 слупках. Істотнымі пры вывучэння кніжнага помніка з’яўляюцца асноўныя кадыкалагічныя і палеаграфічныя пытанні: калі, дзе, кім напісана кніга, хто яе заказчык і першы ўладальнік. Непасрэдна ў Слуцкім Евангеллі даты напісання няма. На старых пераплётных аркушах перад тэкстам Прадмовы да Евангелляў паўустаўным почыркам канца XVI – пачатку XVIІ ст. буйнымі літарамі з даволі моцным націскам атрамантам цёмна-карычневага колеру выкананы наступны запіс: “Нечудисе благоразсудителное читателю сее светое Е(ван)гліе, Которое самъ Светое памяти Юріи Юріевичъ Олелка Княжа бл(а)гочестивое Слуцкое року Б(о)жого АФПВ [1582] самъ своею рукою власною переписавъ ...”. Прыведзенная ў тэксце дата “1582 г.” і лічыцца часам стварэння кодэксу. Аднак на погляд адной з даследчыц кніжнага помніка Людмілы Станкевіч [9], калі зыходзіць з ускосных фактаў пры вызначэнні часу стварэння помніка, больш лагічным будзе датаваць рукапіс згодна надпісу на Евангеллі, тэкст якога прыведзены архімандрытам Мікалаем пры апісанні маёмасці Слуцкага Трайчанскага мужскога манастыра ў 1864 г. (рукапіс знаходзіўся ў манастырскай рызніцы): “Евангеліе ... со следующею, литыми серебряными буквами, надписью: «Сіе святое Евангеліе рукою власною Юрій Юрьевичъ Олелько, княжа Слуцкое, во имя Пресвятыя Живоначальныя Тройцы, Отца і Сына і Св. Духа, вечными часы, до С/луцкого/ М/онастыря/ благочестиваго архімандріи Слуцкой, для вечнаго богомолія і спасенія души своея, во незабытную память прародителей своихъ К. С., родителей, самаго себя Анно 1581 выписалъ, року Р. Х. 1582 г. Іюня 4 дня надалъ»”. Цяпер на рукапісе гэтага надпісу няма. Ён быў выкананы літымі срэбранымі літарамі на срэбраным абкладзе, які меўся раней на кнізе. Каштоўны абклад рукапісу, а з ім і надпіс, па звестках, быў вывезены ў Мінскі Свята-Духаў манастыр. Не ўзгадваецца аб абкладзе і надпісу на ім ужо ў 1896 г., калі быў праведзены наступны вопіс маёмасці Слуцкага Трайчанскага мужчынскага манастыра.

Папера рукапісу розная па якасці. Згодна з атрыманымі вынікамі папера кодэксу датуецца 1514–1531 гг., ці, з улікам папраўкі на залежнасць для сярэднявечнай паперы (у сярэднім 5–6 гадоў для XVI–XVII стст. як для Еўропы, так і для Расіі) – першай – другой чвэрцю XVI ст.

Сучасны пераплёт рукапісу Слуцкага Евангелля мае арыгінальную і загадкавую асаблівасць – ён змяшаны. Пад знешнім пакрыццём з аксаміту знаходзіцца аправа са скуры цёмна-карычневага колеру. Яна праглядаецца ў месцах дэфекту верхняга тканіннага пераплёту – на спінцы і па вуглах вечкаў. Верагодна, пераплёт суцэльнаскураны – спінка са скуры таго самага адцення, што і вечкі. Вечкі гэтага другога, ніжняга пераплёта, адначасова з’яўляюцца і вечкамі верхняга пераплёта з аксаміта. Скураны пераплёт мае форзацныя аркушы з блакітнай рыхлаватай паперы грубай якасці з філігранню Герб горада Яраслаўля і белай датай “1798”. Такі пераплёт мог з’явіцца на рукапісе на мяжы ХVIIІ–ХІХ ст. Мае каляровыя застаўкі, ініцыялы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Слуцкае Евангелле разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай было страчана. У 2002 г. рукапіс з’явіўся ў Мінскім епархіяльным упраўленні. У 2005 г. па бласлаўленні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта рукапіс быў даследаваны de visu супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Нацыянальнай бібліятэккі Беларусі і была пачата падрыхтоўка мультымедыйнага выдання Слуцкага Евангелля з адпаведным навуковым каментаваннем. 28 лютага 2008 г. у НББ адбылася прэзентацыя CD-ROMа “Слуцкае Евангелле”.

Акрамя службовых існавалі і тлумачальныя або вучыцельныя Евангеллі і Апосталы, у якіх змяшчаліся тлумачэнні кананічных тэкстаў Феадосія Кірскага, Грыгорыя Дваяслова і інш. Найбольшая іх колькасць датуецца ў Беларусі XVI–XVII стст., напрыклад, Тлумачальны Апостал 1595 г. (захоўваецца ў БАН Літвы), Тлумачальнае Евангелле XVII ст. Тлумачальным мог быць і Псалтыр.

На пачатку XVI ст. у ВКЛ з’явіўся найбольш поўны збор біблійных тэкстаў – “Десяціглаў”. Зборнік быў перапісаны і складзены Мацвеем Іванавічам Дзесятым у 1502–1507 гг. Гэта была першая створаная на тэрыторыі Беларусі славянская Біблія на царкоўнаславянскай мове (беларускія асаблівасці выключна рэдкія). Да гэта быў на пач. XVI ст. на прасторы Усходняй Еўропы быў толькі адзін поўны спіс біблійных кніг, створаны ў Ноўгарадзе Вялікім у 1499 г. па блаславенні мясцовага архіепіскапа Генадзя (Генадзьеўская Біблія). Захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у С.Пецярбургу. Дзякуючы захаванаму апошняму аркушу “Аб напісаўшым кнігі сія” даведваемся аб месцы нараджэння М. Дзесятага – горад Тарапец (у 1501 г. адыйшоў ад ВКЛ да Масквы), аб паходжанні яго імя – дзесяты сын у сям’і (9 братоў сталі манахамі і 3 сястры манахінямі. Адзін з братоў – ігумен Прадцечанскага манастыра ў Полацку Яфімій, таму дапускаецца, што, магчыма маглі быць знаёмымі з Ф.Скарынам), праца была пачата ў Вільні пры падтрымцы пісара Вялікакняскай канцылярыі і каралеўскага сакратара ў 1486–1507 гг. Фёдара Янушавіча (у прыпісцы названы пісар белы, г.зн. жывы). Пасля смерці караля Аляксандра Ягелона ў 1506 г. М. Дзесяты перабіраецца ў Супрасльскі манастыр, каб закончыць кнігу; займаецца выхаваннем сыноў Івана Хадкевіча. У ХІХ ст. вывезены ў Жыровіцы, а ў 1911 г. – у Пецярбургскую акадэмію навук.

Біблія Мацея Дзесятага – гэта 545 аркушаў вялікага (30,7х19,5 см) фармату. Уключае Стары і Новы Запаветы ад чатырох евангелістаў (не ўвайшлі “Пяцікніжжа” і гістарычныя кнігі Бібліі). Каліграфія “Дзясяціглава” ўражвае далікатнасцю, аздоба кнігі багатая і разнастайная: загалоўкі вяззю, выкарыстанне чырвонага, карычневага, залатога, сіняга чарнілаў, звыш 250 вялікіх ініцыялаў, 20 каляровых віньетак з распісным арнаментам.

У 1514 г. дыякан мітрапаліта Іосіфа Солтана Фёдар завяршыў перапіску (і пераклад) Пяцікніжжа Маісеева і гістарычных кніг Бібліі і ў ВКЛ з’явіўся поўны збор стара і новазапаветных кніг (захоўваецца ў БАН Літвы) [10].

Кнігазнаўцамі занатавана таксама, што пасля з’яўлення першадрукаў Ф. Скарыны ў Празе і Вільніі і іх распаўсюджання, у залежнасці ад патрэб, гэтыя друкаваныя кнігі неаднаразова на працягу XVI – ХІХ стст. перапісвалася рознымі пісцамі як ў ВКЛ (у Супрасльскім манастыры), так і асабліва на тэрыторыі Маскоўскай Русі [11]. Так, Георгіем Галенчанкам выяўлены 11 спісаў рукапісаў Білейскага зводу; 9 – асобных біблейскіх кніг, у тым ліку ў зборніках; 11 – Новага Запавету (Апостала); 15 – акафістаў і канонаў з Малой падарожнай кніжкі.

Сярод іншых богаслужбовых кніг выдзяляюцца Памінальнікі або Сінодыкі. Іх распаўсюджанне звязана з царкоўным правілам памінаць памерлых і адносіцца да самастойных зводаў, якія ўзніклі ў XV ст. Адны з самых старажытных ацалелых беларускіх Памінальнікаў – Супрасльскі (1500 г.), у якім прадстаўлена шэраг праваслаўных родаў ВКЛ; у “Памінальніку, або Сінодыку Супрасльскай Лаўры” (1631) – пералік амаль усіх вядомейшых на той час літоўскіх і беларускіх княжацкіх родаў; Слуцкі Памінальнікк (1517 г.) акрамя магнацкіх родаў змяшчае роды мясцовай шляхты. У першай палове XVIII ст. базыльяне стварылі новы тып Сінодыка – зборнік жыццяпісаў “Памяннік, або Сінодык Жыровіцкі” (1763) утрымлівае радавод духавенства. У XVII – XVIII стст. Сінодыкі атрымалі шырокае распаўсюджанне і вяліся ў многіх манастырах і цэрквах у Слуцку, Драгічыне, Дзятлаве, Грозаве і інш.

Каталіцкае богаслужэнне (імша) правілася на лацінскай мове і яго попыт у адпаведных рукапісных кнігах задавальняўся, у першую чаргу, за кошт набытых ці заказаных кніг з Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Пераклад Бібліі на лацінскую мову, які мае назыву Вульгата (ад лац. народная, агульнадаступная), ажыццяўляўся як на аснове яўрэйскага тэксту – Стары Запавет, так грэчаскіх манускрыптаў – Новы Запавет. У VIII – пачатку ІХ ст. тэкст Вульгаты быў адрэдагаваны і выпраўлены, былі выкананы некалькі копій гэтай рэканструкцыі, якія ўяўлялі сабой цэльныя Бібліі. Толькі ў 1546 г. Трыдэнцкі Сабор РКЦ аб`явіў Вульгату аўтэнтычным тэкстам Бібліі. У літургічным ужытку галоўнай кнігай з’яўляецца Імшал (адпавядае Служэбніку і змяшчае чын месы каталіцкай літургіі), выкарыстоўваліся таксама лекцыянарныя зборнікі Святога Пісання – Брэвіярыі. Сярод іншых літургічных кніг – Рымскі Рытуал (адпаведнік Трэбніка), Антыфанарый (збор усіх спеваў). У складзе старазапаветных рукапісаў для каталіцкага богаслужэння таксама як і ў праваслаўных пераважаў Псалтыр, а сярод новазапаветных – вядучае месца належала Чацвераевангеллю.

Месіянерская дзейнасць каталіцкага касцёла ў ВКЛ асабліва пашырылася з 20-х гадоў XIV ст. Першыя касцёлы былі пабудаваны ў Наваградку і Вільні, пасля 1385–1388 гг. – на астатняй тэрыторыі Беларусі. Прыкладам бытавання лацінскай Бібліі на тэрыторыі Беларусі ў XV – пачатку XVI ст. з’яўляецца пергаменны спіс Вульгаты са Шчорсаўскай бібліятэкі графа Храптовіча [12].

З XVI богаслужбовыя кнігі на на лацінскай і польскай мовах пачалі перапісвацца і ў беларускіх кляштарах. Гэта Евангеллі, Апосталы, Псалтыры з дадаткамі, некаторыя з якіх і сёння захоўваюцца ў НББ. Дзейнасць рымска-каталіцкай царквы спрыяла распаўсюджанню таксама заходне-еўрапейскай культуры, развіццю навуковых кадраў, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, культывавала традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інструментальнай музыкі. На тэрыторыі Беларусі ў перыяд ВКЛ дзейнічала 26 каталіцкіх манаскіх ордэнаў (19 мужчынскіх і 7 жаночых).

Іўдзейскае богаслужэнне. З XIV ст. на беларускіх землях пачынаецца вытворчасць яўрэйскіх рукапісаў. Галоўнай богаслужбовай кнігай іудзеяў была Тора, якая мела форму сувоя (пергаменны скрутак, накручаны на драўляны валік). Вытворчасць Тор-сувояў захоўвалася да XIX ст., і сёння даволі часта знаходзяць іх фрагменты. Перапісаныя “квадратным” каліграфічным почыркам Торы, як правіла, не маюць аздобы – арнаментаў або малюнкаў (мініяцюр). Захоўваліся яны накручанымі на драўляны (часта аздоблены разьбою) валік, які мог мець яшчэ і футурал. Асяродкамі вытворчасці кніг Торы былі, па мяркаванню даследчыкаў, Брэст, Мір і Валожын, – тут знаходзіліся духоўныя вучэльні – ешыботы. У вучэльнях выкарыстоўвалі таксама талмудныя кнігі. Талмуд – кніга для вывучэння кананічнага права. Частка талмуда – гэмора.

Мусульманскае богаслужэнне. Літоўскія татары, якія рассяліліся на тэрыторыі ВКЛ у XIV–XV стст., паступова засвоілі мясцовую мову і адпаведна карысталіся як беларускай, так і польскай мовамі, пісалі на іх свае кнігі, пачынаючы з XVI ст. Асноўнай графікай татарскіх рукапісаў XVI – ХІХ ст. была арабская. Сярод рукапісаў вылучаюцца Аль-Кітабы (рэлігійна-фальклорныя зборнікі), Тэджвіды (правілы чытання Карана), Тэфсіры (тлумачэнні Карана), Хамаілы (малітоўнікі-талісманы) і інш. На арабскай мове была толькі галоўная богаслужбовая ісламская кніга – Каран. Кнігі татары захоўвалі ў вялікай пашане, перадаючы з пакалення ў пакаленне як каштоўнейшыя рэліквіі, якія не павінны былі пакідыць сваіх гаспадароў, таму значная частка рукапісаў беларускіх татар бытавала менавіта ў прыватных зборах, а таксама ў мячэцях. На сёняшні час зарэгістраваны 41 рукапісны Каран з земляў ВКЛ. Старэйшым лічыцца Пскоўскі – 1682 г. 10 рукапісаў Карана захоўваецца і ў бібліятэках Беларусі. У рукапісах Карана сустракаюцца прадмовы і пасляслоўі на беларускай і польскай мовай арбскай графікай. Часта першыя аркушы упрыгожваліся маляўнічымі рамкамі з выявамі мячэцей ці малюнкамі. Асобныя часткі Карана – суфры – выкарыстоўваліся для навучання чытанню. Галоўнай функцыяй Аль-Кітабаў (кітаб з араб. – кніга) з’яўлялася пазнавальная, бо у іх змяшчаліся паданні пра прарока Мухамада, апісанні абрадаў, рытуалаў мусульман, маральна-павучальныя апавяданні і палемічныя творы. Гэта былі своеасаблівыя энцыклапедыі рэлігійных ведаў і даўніх традыцый. Сёння ў розных бібліятэчных зборах зарэгістраваны 28 Аль-Кітабаў, 2 з якіх захоўваюцца і ў НББ і ЦНБ НАН Беларусі. Самым старэйшым рукапісным Аль-Кітабам з’яўляецца асобнік, які захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага універсітэта – 1645 г. Тэджвіды – гэта звычайна частка Аль-кітабаў, як асобныя сустракаюцца рэдка. Сёння Тэджвіды, у якіх выкарыстоўваецца беларуска-польская мова, захоўваюцца толькі ў ЦНБ НАН Беларусі, датуюцца канцом XVIII – пачаткам ХІХ ст. Старэйшы з беларускіх ацалелых Тэфсіраў датуецца канцом XVI ст. і змяшчае падрадковы пераклад Карана на цюркскую мову (захоўваецца ў прыватным зборы). У ЦНБ НАН Беларусі знаходзіцца Тэфсір, напісаны ў Менску ў 1686 г. (часткова на цюрксакай і польскай мовах). Усяго, як сведчаць даследчыкі, сёння вядомы 13 Тэфсіраў, сярод якіх тлумачэнні на польскай і беларускай мовах арабскай графікай. Хамаілы характэрны менавіта для беларускіх татараў – гэта рукапісныя кнігі малога фармату, якія насілі пры сабе для штодзённых малітваў, у іх таксама маглі змяшчацца тлумачэнні рэлігійных абрадаў, парады па лячэнні хвароб, календары шчаслівых і нешчаслівых дзён, тлумачэнні сноў. Звычайна тэксты суправаджаліся тлумачэннямі на беларускай альбо польскай мовах. Практыка іх перапісвання захоўвалася нават амаль да канца ХХ ст. [13]. На тэрыторыі Беларусі ў бібліятэчных зборах вядомы 25 асобнікаў Хамаілаў, у тым ліку, у фондзе рэдкіх кніг бібліятэкі БДУКМ (1897 г.). Асаблівасцю ў графічным афармленні рукапісаў з’яўляецца размяшчэнне тлумачальных тэкстаў наўскось пад кожным гарызантальным радком цюркскага тэксту – Тэджвід, Тэфсір.

На Беларусі ў асяроддзі старавераў, якія сталі перасяляцца ў ВКЛ ў 1650- гг. з Памор’я і Ноўгарада, таксама выкарыстоўваліся і ствараліся аж да ХХ ст. рукапісныя кнігі (найбуйнейшы цэнтр знаходзіўся ў Ветцы).

Важнае месца ў рэпертуары беларускіх рукапісных чытальных кніг займалі патрыстыка і агіяграфія. Уплыў грэка-візантыйскай патрыстыкі яскрава праявіўся яшчэ ў “словах” Кірылы Тураўскага. У эпоху Адраджэння і барока яго творы таксама не страцілі сваёй актуальнасці і распаўсюджваліся ў рукапісных спісах – гэта былі ў асноўным словы і каноны. Да нашага часу захаваліся некалькі беларускіх рукапісаў XVI – XVII стст., якія змяшчаюць творы Кірылы Тураўскага (БАН Літвы, НБ у Варшаве) [14]. Шырокае распаўсюджанне ў Беларусі атрымалі “словы” Іаана Златавуста (каля 350–407), канстацінопальскага патрыярха, якія захаваліся ў складзе беларускіх рукапісаў XV – XVII стст. [15]; творы Іаана Дамаскіна (каля 673–780), царкоўнага дзеяча Сярэднявечча (“Крыніца ведаў” – адзін з твораў, які захоўваецца ў НББ, быў перакладзены Андрэем Курбскім) [16]; XV ст. датуюцца беларускія спісы твораў Ісака Сірына (1428 г.); “Павучанне Яфрэма Сірына” (1492 г.). Да нашых дзён захаваўся і шэраг слоў Рыгора Цамблака, якія ўключаліся ў склад беларускіх рукапісаў XV–XVII стст. (большасць з якіх захоўваецца ў БАН Літвы), напрыклад, у двух Святочніках (НББ) змешчана 5 слоў кіеўскага мітрапаліта [17]; некаторыя пропаведзі Лявонція Карповіча (1579–1619), як “Наука в неделю пред Рождеством Хрістовым”. Францішак Скарына ў сваіх тлумачэннях кніг Бібліі выкарыстоўваў шэраг твораў патрыстычнай літаратуры Васіля Вялікага, Грыгорыя Дваяслова, Ераніма, Феадосія, Феадарыта Кіпрскага, Іосіфа Канстанцінопальскага і іншых, некаторыя з якіх таксама захаваліся ў беларускіх рукапісах.

У XVI–XVII ст. патрыстыка атрымала найбольшае распаўсюджанне, з’явіліся пераклады лацінскай патрыстыкі – творы Аўгусціна Аўрэлія (354–430) “Пра горад Божы”, “Богападобная любоў”, зборнікі павучанняў.

Да агіяграфічных зборнікаў адносяцца Пролагі, Мінеі-чэцці, Таржэственнікі, Залатаструі і інш., у якіх тэкст размяшчаўся паводле каляндарнага прынцыпу. Найранейшы з ацалелых агіяграфічных рукапісаў ВКЛ – пергаменны кодэкс XIV ст., які змяшчае “Беседы Святаго Григоріа” (папы рымскага – аднаго з Айцоў Царквы). Кніга належала Супрасльскаму манастыру. Папулярнасцю карысталіся Пролагі – царкоўна-павучальныя зборнікі, у якія ўключаліся жыція святых, павучанні, павучальныя аповесці і апавяданні. Пролагі з’яўляліся напалову рэлігійнымі і напалову літаратурнымі творамі, у якіх у “белетрыстычнай” форме распавядалі пра жыццё і ўзаемаадносіны людзей. Са спісаў Пролагаў, што бытавалі на беларускіх землях, найранейшым з’яўляецца Пролаг 1406 г., створаны па заказу Солтана Солтанавіча (Салтанвіча), меў фармат in folio ў 516 аркушаў. Гэты Пролаг быў выкананы на паперы і змяшчаў гісторыю роду Солтанаў. Поўны цыкл Пролагу, які дайшоў да нас, быў перапісаны ў Лаўрышаве (каля Наваградка) ў 1512 г. цэлым калектывам пісцоў і атрымаў назву Навагарадскага Пролагу (захоўваецца ў БАН Літвы). У ім змешчага “Жыціе віленскіх пакутнікаў” – Антонія, Іаана і Яўстафія. У XVI–XVII стст. працягваецца перапіска “Жыція Ефрасінні Полацкай”, якое таксама ўключалася ў Пролагі (адзін з іх – беларускі Пролаг XVI ст. захоўваецца ў БАН Літвы). Перапісваліся на Беларусі і “Жыція Барыса і Глеба” (уключаліся ў склад рукапісных зборнікаў, некаторыя з якіх захоўваюцца ў БАН Літвы), “Хаджэнні ігумена Данііла” (адзін з беларускіх спісаў паходзіць з Полацкай Сафійскай бібліятэкі і зараз захоўваецца ў НБ у Варшаве). Універсальнай кнігай, якая змяшчала не толькі каляндарныя чытанні на ўвесь год, але жыція былі Мінеі. Адрозніваюцца Служэбныя Мінеі (для царкоўнага ўжытку) і Мінеі-чэцці, прызначаныя для хатняга і кялейнага чытання. Усяго да нашых дзён захавалася звыш 50 спіскаў Міней. Найбольш ранні спіс Мінеі-чэцці – Супрасльскі зборнік, які бытаваў на беларускіх землях яшчэ ў ХІ ст. і ўключаў 24 жыціі літоўскіх і беларускіх святых.

Нягледзячы на слабое развіццё агіяграфічнага жанру ў айчынным пісьменстве, жыційная літаратура карысталася значным попытам. З другой паловы XV ст. жыціі пачынаюць перакладацца на старабеларускую мову. Адным з найбольш ранніх з’яўляецца “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, якое было вельмі папулярным у Еўропе (у Беларусі распаўсюджвалася ад ХІ ст. на царкоўнаславянскай мове). У XV ст. быў зроблены новы пераклад з лацінскага тэксту “Залатой легенды” Якапа дэ Варагіна з прыцягненнем чэшскіх рукапісаў. Рукапіс захаваўся ў спісах XV–XVII стст.

Вялікае распаўсюджанне мелі польскамоўныя зборнікі жыцій, якія таксама пачалі друкавацца ў Беларусі. Напрыклад, у 1579 г. у Вільні былі надрукаваны “Жыція святых” П. Скаргі (1536–1612), вядомага прапаведніка, першага рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі. Акрамя таго, што кніга была яшчэ 15 раз перавыдадзена на польскай мове ў XVI – XVIII стст., яна распаўсюджвалася ў рукапісах. Захаваліся асобныя рукапісныя пераклады выбраных жыцій на беларускую мову, найбольш поўны з якіх зроблены ў другой палове XVII ст. у Магілёве ў праваслаўным асяроддзі.

Са шматлікіх павучальных зборнікаў асабліва папулярным быў Ізмарагд, асноўную частку якога складаюць “словы” і павучанні на тэмы хрысціянскай маралі. Аснова гэтага зборніка, як і Залатаструя – “словы” Іаана Златавуста. Найбольш поўны Ізмарагд быў перапісаны паўуставам у 1593 г. Іванам Праскурыным у Супрасльскім манастыры. Аб’ём Супрасльскага Ізмарагда склаў 690 аркушаў. На 243–246 аркушах быў змешчаны раздзел “О книгах ихъ же подобаетъ чести и внимати, ихъ же не внимати, ни чести”, які ўяўляў з сябе даволі поўную характарыстыку рэпертуару кніжнасці XVI ст. У Ізмарагдзе падавалася і прыродазнаўчая інфармацыя, інфармацыя пра сонца і месяц, зоркі і планеты і інш.

У XV ст. з’явіліся і першыя пераклады павучальных твораў, якія былі шырока распаўсюджаны ў Еўропе – “Аповесць пра трох каралёў” манаха Йогана з Хільдэсхайма (XIV ст.) (адзін з трох спісаў XV–XVI стст. захоўваецца ў РНБ). Да другой паловы XV ст. адносіцца і пераклад “Пакутаў Хрыста”, які захоўваецца ў двух беларускіх зборніках XV–XVI стст. З чэшскай мовы ў канцы XV ст. было перакладзена “Казанне пра Сівілу-прарочыцу”. Прыкладна тым самым часам датуецца пераклад з чэшскай мовы “Таўдала” – “Кніга пра Таўдала рыцара” (рукапіс загінуў у час ІІ Сусветнай вайны ў бібліятэцы Красінскіх у Варшаве). У Каралеўскай бібліятэцы Стакгольма захоўваецца “Казанне пра Таксіёта воіна” (магчыма пераклад з сербскай ці балгарскай мовы), якое датуецца XVI ст.

Пачынаючы з XV ст. адзначаецца стварэнне і бытаванне у перакладзе на беларускую мову такіх папулярных зборнікаў, як “Вялікае люстра” (“Великое зерцало”) і “Рымскія дзеі” (“Римские деяния”), якія.былі распаўсюджаны ў асноўным на польскай і рускай мовах. Захаваўся толькі адзін рукапіс XVII ст. у перакладзе на беларускую мову. Пераклад на рускую мову з польскага тэксту ў 1677 г. таксама быў зроблены выхадцам з Беларусі. У адрозненне ад названага зборніка “Рымскія дзеі”, якія актыўна друкаваліся, яны захаваліся ажно ў 150 рукапісных спісах. Беларускі пераклад адносяць да 1688 г., які быў зроблены для друку яго ў Магілёве, але так і не быў у той час надрукаваны [18]. У другой палове XVI ст. з’явіліся дыдактычныя навэлы “Аповесць аб сямі мудрацах”, “Зорка прасветлая”.

У XVI ст. атрымаў пашырэнне кірылічны зборнік, названы Палея, у якім змяшчаліся веды пра навакольны свет, дасягненні ў галіне анатоміі, астраноміі, маглі быць ілюстрацыі (табліцы і малюнкі). Палеі называлі яшчэ энцыклапедыямі.

У асобную групу рукапісных кніг вылучаюцца разнастайныя перакладныя філасофска-містычныя і прыродазнаўчыя зборнікі: філасофскія, астралагічныя, прыродазнаўчыя і гадальныя. Адзін з найдаўнейшых і унікальных помнікаў даўняга беларускага пісьменства і культуры, перакладны зборнік “Тайна Тайнаў” (Secretum Sekretorum) XVI ст., які захоўваецца ў НББ, уяўляе з сябе пераклад твора, створанага яшчэ ў VIII – ІХ стст. на Блізкім Усходзе, аўтарства якога прыпісвалася Арыстоцею; у ХІІ – ХІІІ стст. – меў лацінскі адпаведнік, у XV ст. – быў надрукаваны ў Кёльне і адпаведна быў перакладзены на розныя еўрапейскія мовы. Аднак беларускі спіс перакладзены непасрэдна з яўрэйскага арыгінала. Менскі спіс манускрыпта змяшчае некалькі розных апавяданняў: “Прамову Петрыкея Збавіцеля”, “Арыстоцелеву браму”, Фізіягноміку, “Аб сямі зорках вялікіх”. Беларускі варыянт дапоўнены менавіта медычнымі і дыетычнымі парадамі [19]. Не меншай вядомасцю карыстаўся і “Шасцікрыл”, аўтарам якога лічыўся італьянскі яўрэй Імануэль-бен-Якуб, – кніга астранамічнага характару, змяшчала табліцу месяцаў, падзеленую на шэсць частак – крылаў. Спачатку выкарыстоўваўся для вызначэння даты святкавання Вялікадня, пазней – як кніга для варажбы. З арабска-яўрэйскіх крыніц у XVI ст. была перакладзена “Логіка” Майманіда Аль-Газалі. Праз Беларусь падобныя кнігі траплялі ў Расію, дзе ў хуткім часе былі забаронены царкоўнымі ўладамі як “отреченные”[20].

У другой палове XVII – XVIII стст. прыродазнаўчыя зборнікі пашыраюцца ў вялікай колькасці. Да гэтага прычынілася дзейнасць вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, адчыненых на Беларусі рознымі каталіцкімі ордэнамі, асабліва вызначыліся езуіты, францыскане і базыльяне. Прыкладам рукапіснай кнігі цалкам геаграфічнага зместу можа служыць “Описание Кричевского графства, или былаго староства” (in folio, 169 старонак, 8 табліц) 1786 г.

У XVI–XVII стст. распаўсюджваюцца як друкаваныя (асабліва), так і некаторыя рукапісныя палемічныя творы. Прыняцце Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. асабліва ўзмацніла хвалю палемічнай літаратуры. Так, пачалі стварацца нават беларускія праваслаўныя паэтычныя творы, якія сведчылі пра названыя падзеі: “Кіева-Міхайлаўскі” і “Загараўскі” зборнікі, асобны рукапіс твору “Скарга жабракоў да Бога” [21]. Вастрыня шматканфесійнай палемікі адлюстравалася, напрыклад, у рукапісных творах такіх вядомых рэлігійных дзеячаў, як Андрэй Мужылоўскі (каля 1580–1640), слуцкі пратапоп, – “Отпіс на ліст віленскіх уніятаў”; Язэп Руцкі (1574–1637), уніяцкі мітрапаліт, – “Правілы манаскага жыцця” (каля 1617); Мялецій Сматрыцкі (1577–1633) “Трэнас” (“Плач”) – спачатку быў надрукаваны ў 1610 г. у Віленскай брацкай друкарні на польскай мове, а пазней кніга неаднаразова перапісвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. У 1645 г. у Кіева-Пячорскім манастыры быў напісаны “Дыярыуш” Афанасія Філіповіча – адзін з першых узораў палемічнай аўтабіграфіі.

Неабходна адзначыць і адзінкавыя рукапісныя польскамоўныя палемічныя трактаты, якія былі выкліканы да жыцця агульнадзяржаўнай дыскусіяй вакол прынцыпаў вайскова-палітычнага пагаднення ВКЛ з Польшчай. Сярод найбольш значных твораў – аналітыка-публіцыстычны трактат Аўгусціна Ратундуса (каля 1520–1582) “Размова паляка з ліцвінам” (1564) [22]. Большасць усё ж была друкаванымі.

З другой паловы XVII – першай трэці XVIII ст. да нас дайшлі лічаныя беларускія помнікі царкоўна-рэлігійнай прозы. У сувязі з ўмацаваннем пазіцый каталіцызму была амаль спынена рэлігійная палеміка. Панавалі польская і лацінская мовы. Аднак у гэты час узнікаюць беларускія рукапісныя творы парадыйнага зместу – “Прамова Мялешкі” (пародыя на сеймавую прамову), “Ліст Абуховіча”; “Казанне руске” (напісана каля 1697 г. у ваколіцах Клецка), “Грамата, пісаная да святога Пятра”. Да другой чвэрці XVIII ст. адносяцца “Прамова русіна” і “Прамова русіна аб нараджэнні Хрыста”.

У рэпертуары свецкіх (нецаркоўных кніг) з канца XV і да XVIII ст. важнае месца займалі летапісы і хронікі. На сёняшні час вядома звыш 50 спісаў летапісаў і хронік беларускага паходжання вызначанага перыяду, большасць з якіх захоўваецца ў Маскве і С.-Пецярбургу. Яны былі надрукаваны ў “Поўным зборы рускіх летапісаў” (Т. 17. 1907; Т. 32. 1975; Т. 35. 1980). Большую частку беларускіх летапісаў складаюць менавіта зборнікі і зводы.

Як вядома, летапісаннем займаліся ў Полацку (ХІІ ст.), Пінску (канец ХІІІ), Слуцку (XV ст.) і іншых гарадах Беларусі. Цэнтрам летапісання (дзяржаўнага і мітрапалітава) ў ВКЛ у XV ст. становіцца Смаленск. Аднак палітычная нестабільнасць у дзяржаве адбілася і на тагачасным летапісанні. Ва ўрыўках у складзе рускіх і беларускіх летапісных зводаў і кампіляцый дайшоў да нас адзін з ранніх рукапісаў – Смаленскі летапіс XIV – пач. XV стст. Трэба адзначыць, што ў XV–XVI стст., пад уплывам новых гістарычных умоў характар летапісання Беларусі істотна мяняецца, адзначаецца заняпад мясцовага летапісання, узнікаюць агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы, якія складаліся на беларускай мове пераважна беларускімі летапісцамі. Беларуска-літоўскія летапісы страчваюць агульнарускі характар, у летапісы ўключацца легенды і паданні, літаратурны вымысел. Так, Летапіс вялікіх князёў літоўскіх, які быў завершаны каля 1430 г., стаў першай арыгінальнай спробай кароткай гісторыі Літвы і Беларусі на старабеларускай мове. Складаўся Летапіс у тры этапы рознымі аўтарамі. У аснове яго структуры не пагадовыя артыкулы, а асобны сюжэт. У 1446 г. з’явіўся і першы агульнадзяржаўны летапісны звод – Беларуска-літоўскі летапіс. Аднак цалкам ён не захаваўся. Другая рэдакцыя зводу, якая, як мяркуецца, узнікла ў канцы XV ст. і змяшчаецца ў Супрасльскім летапісе 1519 г., сведчыць аб тым, што аўтар першага беларуска-літоўскага зводу лічыў усё ж гісторыю ВКЛ і Рускага неад’емнай часткай гісторыі ўсходніх славян, а ВКЛ – непасрэднай пераемніцай кіеўскай спадчыны. Супрасльскі летапіс быў перапісаны ва ўсходняй Беларусі (у Смаленску) пісцом Рыгорам для князя С. Адзінцэвіча [23]. Зберагаецца ён у С.-Пецярбургу. У канцы XV ст. у Смаленску былі перапісаны Летапіс Аўраамкі – звод 1495 г., які мае наўгародскае паходжанне і падае ў пагадовай форме гісторыю Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада Вялікага і ВКЛ. Магчыма, у Смаленску ўзнік і Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі.

У XVI ст. распрацоўваецца ўжо новая канцэпцыя гісторыі ВКЛ, якая больш цесна звязваецца з еўрапейскай гісторыяй. У 1520-я гг. створана Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага – другі беларуска-літоўскі летапісны звод, у якой змяшчалася легенда аб паходжанні літоўскіх князёў і шляхты ад рымскай знаці. Захаваўся ў шматлікіх спісах і рэдакцыях (Красінскага, Патрыяршы, Румянцаўскі, Пазнанскі і інш.), што сведчыць аб яго вялікай папулярнасці ў XVI – XVII стст. У 2-й чвэрці XVI ст. з’явіўся трэці самы поўны звод агульнадзяржаўных летапісаў і хронік – Хроніка Быхаўца, асновай якой паслужыла Хроніка ВКЛ і Жамойцкага. Адзіны вядомы спіс Хронікі канца XVII – пачатку XVIII ст., перапісаны лацінкай з больш даўняга кірылічнага тэксту, быў знойдзены ў бібліятэцы пана А. Быхаўца з-пад Ваўкавыска [24]. Мяркуецца, што адна частка Хронікі была складзена ў Слуцку пры двары мясцовых князёў, а другая частка стваралася ў асяроддзі блізкім да літоўскіх Гаштольдаў [25]. Рукапіс згублены ў 2-й палове ХІХ ст. Вядомы па публікацыі Т. Нарбута ў 1846 г. у Поўным зборы рускіх летапісаў [26]. Як адзначаюць даследчыкі, у Зроніцы адчуваюцца своеасаблівыя антыпольскія тэндэнцыі [27].

У выніку страты ВКЛ у 2-й палове XVI ст. дзяржаўнай незалежнасці настаў заняпад у дзяржаўным летапісанні, аднак узнікаюць мясцовыя гарадскія летапісы і хронікі. Спрыяла гэтаму і Магдэбургскае права. Найбольш выдатныя помнікі мясцовага летапісання канца XVI – XVIII стст. – Баркулабаўскі летапіс (канец XVI – пачатак XVII стст.), а таксама польскамоўныя хронікі: Магілёўская хроніка або Хроніка [Трафіма] Сурты і [Юрыя] Трубніцкага (пачата ў другой палове XVII cт. і завершана ў 1747 г.) і самы пазнейшы летапіс ХІХ ст. – Віцебскі або Хроніка Віцебска Панцырнага і Аверкі.

У XVI–XVII ст. у ВКЛ узнікаюць і такія новыя жанры мясцовага летапісання, як дыярыушы (штодзённы запіс) і хранографы: “Дыярыуш Люблінскага сойма 1569 г.”, беларускамоўны “Дзённік літоўскіх паслоў” (1556), складзены, магчыма віцебскім ваяводам Стафанам Збаражскім; Дыярыуш кардынала Ежы (Юрыя ІІІ), які вядомы сёння толькі ў фрагменце ад 1575 г. Узнікненне такіх дыярыушаў было абумоўлена фармаваннем рэнесансавага гістарычнага мыслення і пашырэннем сувязяў з заходнееўрапейскімі дварамі, дзе штодзённая рэгістрацыя здзейсненых каралём спраў была абавязковым атрыбутам жыцця манарха і складовай часткай палацавага рытуалу [28]. Спачатку такія дыярыушы ствараліся пры дварах Ягелонаў у Кракаве і Вільні, а пасля звычай перанялі буйнейшыя магнаты ВКЛ. Захаваліся дыярыушы, складзеныя ў канцылярыях Крыштофа ІІ, Януша, Яна Мікалая Аляксандра, Караля Станіслава ІІ і іншых Радзівілаў. З дзейнасцю магнацкіх і каралеўскіх канцыялрый былі звязаны Ф. Еўлашоўскі, Г. Пельгрымоўскі, Ц.-П. Бжастоўскі і інш.

Дыярыушы аказалі значны ўплыў на развіццё сямейных хронік, якія працягвалі былыя летапісныя традыцыі. Так у Пазнанскім зборніку канца XVI ст. дайшла да нас Хроніка шляхціцаў Уніхоўскіх (1594–1672 гг.) на беларускай і польскай мовах; Дырыуш наваградскага падсудка Фёдара Еўлашоўскага (1603–1604 гг.). Спрыялі яны і заснаванню будучай мемуарыстыкі – гэта “Дыярыушы маскоўскага паходу” Яна Пятра Сапегі (1569–1611); “Дыярыушы Марыны Мнішак”; “Дыярыуш дарогі на Камісію ў Вільню 1656 года” Цыпрыяна Паўла Бжастоўскага; “Прыватны дыярыуш” віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага і інш. [29].

У 40-гг. XVII ст. з’яўляюцца бягучыя сямейныя нататкі – раптулы, якія нагадваюць падручныя запісныя кніжкі “для памяці”, а з другой паловы стагоддзя – фамільныя дыярыушы: польскамоўныя – Маскевічаў, Шырмаў, Абуховічаў; лацінамоўныя – Альбрэхта Станіслава Радзівіла [30]. Складаліся таксама падарожныя дзённікі, апісанні вандровак у іншыя краіны, некаторыя з якіх ужо друкаваліся [31].

Папулярнасцю на Беларусі ў XVI–XVII стст. карысталіся польскія хронікі Марціна Бельскага і Мацея Стрыйкоўскага, якія распаўсюджваліся не толькі ў друкаваным арыгінале, але перакладаліся і перапісваліся на беларускую і рускую мовы. Так, у 60-я гг. XVI ст. была перакладзена “Хроніка ўсяго свету” Марціна Бельскага, у XVII ст. – “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі” Мацея Стрыйкоўскага. Да XVII ст. адносіцца ўзнікненне вялікай хранаграфічнай кампіляцыі, так званай “Вялікай хронікі”, якая лічыцца беларуска-ўкраінскім хранографам.

У рэпертуары рукапіснай кнігі ёсць і кнігі дзелавога і практычнага прызначэння: юрыдычныя і гаспадарча-справаводныя. Сярод дзелавога пісьменства вызначаецца комплекс дакументаў пад агульнай назвай Метрыка ВКЛ – збор найважнейшых матэрыялаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя, яго ўрада, сеймаў і падлягалі безтэрміноваму захаванню, а таксама ўваходзілі дакументы, справаздачы, рэестры, гаспадарскія інвентары. Большасць дакументаў пісаліся на старабеларускай мове. У канцы XVI ст. Леў Сапега распачаў ўпарадкоўваць галоўны архіў ВКЛ і паводле яго загаду былі сістэматызаваны і перапісаны заўжываныя каштоўнейшыя дакументы. Першым зборам асноўных законаў быў Судзебнік (Статут) 1468 г. Казіміра Ягелончыка, напісаны па-беларуску, з якога пачалася прававая літаратура ВКЛ і на аснове якога склаліся вядомыя Статуты ВКЛ. Вядомы наступныя спісы Статутаў ВКЛ (арыгінал складаўся на беларускай мове): 1529 г. (захаваліся 4 спісы на старабеларускай мове – Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лацінскай мове – Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; 1 спіс на польскай мове – Альшэўскі); 1566 г. (выяўлена 58 спісаў Статута, з іх 13 на старабеларускай мове, 40 на польскай і 5 на лацінскай мовах). Вядомы таксама і “Дыярыушы Трыбунала ВКЛ” (1581), якія, як і спісы Статутаў ствараліся аж да XVIII ст. Мелі распаўсюджанне і картулярыі – зборнікі дакументаў з гісторыі вялікага князя Гедзіміна, прызначаныя для сямейнага чытання.

Сярод рукапісаў утылітарнага зместу найбольшую колькасць складаюць кнігі прыбыткаў і выдаткаў, інвентарныя вопісы маёмасці (XV–XVIII стст.), якія вяліся на працягу шматлікіх гадоў і адлюстроўвалі розныя бакі жыцця землеўласнікаў-паноў або манастыроў. Да рукапісных кніг утылітарнага, практычнага прызначэння адносіцца, напрыклад, “Вопіс Слуцкага Троіцкага манастыра архімандрыта Іосіфа, нарачонага епіскапа Смаленскага, пры здачы яго маёмасці” 1494 г. Вядомы таксама Вопіс Супрасльскага манастыра, складзены ігуменам Сергіем Кімбарам 1557 г. (вопіс адлюстроўвае склад фонда манастырскай бібліятэкі, у якім налічвалася 209 кніг, у тым ліку на грэчаскай і лацінскай мовах). Статут ордэна базыльян XVII ст., Кніга вопісу маёмасці Жыровіцкага манастыра (да 1633 г. вялася па-беларуску, кірылічнай графіка). Гэтыя кнігі называюць яшчэ “кнігамі-архівамі”.

Пераклады мастацкай літаратуры. Пераважная большасць перакладных кніжных помнікаў трапляла ў Беларусь ужо не ў першапачатковых версіях, а праз пасрэдніцтва іншых перакладаў: польскіх, чэшскіх, сербскіх, балгарскіх, яўрэйскіх [32]. Найбольш тыповай формай бытавання як “паўсвецкай” (у эпоху Сярэднявечча), так і свецкай літаратуры былі зборнікі: гістарычнай і літаратурна-мастацкай тэматыкі. У ліку першых перакладных твораў свецкай тэматыкі з часоў Сярэднявечча і да канца XVII ст. у ВКЛ былі такія сусветна вядомыя антычныя творы гістарычнай тэматыкі пра Аляксандра Македонскага і Траянскую вайну – “Троя” (у XV ст.) – помнік беларускай літаратуры, захаваны ў двух спісах (знаходзіцца ў РНБ і РДБ), “Александрыя”, вядомая ў шасці спісах (РНБ, РДБ, БАН Літвы); “Мудраслоўі” антычнага паэта і філосафа Менандра (адзін спіс – у НББ, другі – у дадатку да “Дзесяціглаваг”). Ацалелыя пяць беларускіх спісаў і адзін урывак “Александрыі” – анталогіі пра вялікага палкаводца, належаць як да лацінскай, так і да сербскай рэдакцый рамана. Два спісы XVII ст. зроблены з лацінскай рэдакцыі твора, асноўнай крыніцай для якіх паслужыў польскі старадрук 1550 г. Адзін з паўнешых спісаў сербскай рэдакцыі захоўваецца ў Курніцкім архіве-музеі ў Польшчы [33].

Траянская аповесць” (або “Троя”) трапіла на тэрыторыю Беларусі праз пераклад Хронікі Іаана Малалы, які быў малавядомы (у Віленскім хранографе XVI ст. захаваўся адзіны спіс, у аснове якога – хранаграфічная кампіляцыя 1262 г.). Пашырэнне атрымала версія аповесці, якая ўзыходзіць да балгарскага перакладу Хронікі Канстанціна Манасіі 1369 г. (вядомы два беларускія спісы гэтай аповесці) [34]. “Гісторыя разбурэння Троі” (або “Траянская гісторыя”) была адным з першых твораў гістарычнай тэматыкі, якія з ХІІ ст., эпохі зараджэння заходнееўрапейскага рамана, з’явіліся ў сярэднявечных літаратурах і спарадзілі шэраг буйных наследаванняў. Адзін з чэшскіх перакладаў другой паловы XV ст. стаў крыніцай незакончанага беларускага перакладу “Траянскай гісторыі” (канец XVI ст.), спіс якой захоўваецца ў складзе хранографа XVI–XVII стст. (НБ Украіны) [35].

Гісторыя пра Атылу, караля Угорскага” (або “Атыла”) была перакладзена на беларускую мову ў 80-я гг. XVI ст. у шляхецкім асяродку з кракаўскага друкаванага выдання 1574 г. (польскі пераклад быў зроблены Цыпрыянам Базылікам). Спіс твора захоўваецца ў складзе Пазнанскага зборніка XVI ст. у бібліятэцы Рачынскіх у Познані.

У XVI–XVII стст. перакладаліся ў Беларусі і гістарычныя творы расійскага паходжання. Прыкладам з’яўляецца “Аповесць пра разгром Мамая”, створаная ў XIV ст. яна распаўсюджвалася на працягу трох стагоддзяў. Захаваўся беларускі варыянт аповесці ў рукапісе XVII ст.

У другой палове XVI ст. на беларускую мову былі перакладзены і карысталіся шырокай папулярнасцю рыцарскія раманы і аповесці, якія ўзнікаюць менавіта ў шляхецкім асяроддзі Наваградчыны – “Аповесць пра Скандэрбега, князя Албанскага”, “Аповесць пра Баву”, “Аповесць пра Трышчана”. Так, адзін з беларускіх спісаў пра Скандэрбега (70-х гг. XVI ст.) быў выкананы па замове Жыгімонта Аўгуста літоўскім шляхціцам Амброзіем Бражэўскім і захаваўся ў складзе беларускамоўнага спіса Хронікі М. Бельскага. У 1596 г. была надрукавана ў перакладзе на польскую мову Ц. Базылікам у Берасці. “Аповесць пра Трышчана” (або “Трышчан”) – узор рыцарскага рамана ў яго класічным разуменні. Мяркуецца, што беларускі пераклад рамана быў ажыццёўлены паводле венецыянскай рэдакцыі. Ёсць твор і ў НББ, а таксама ў рукапісным так званым Пазнанскім зборніку (узнік каля 1580 г.), які захоўваецца ў бібліятэцы Рачынскіх у Познані. У гэтым самым зборніку змешчаны яшчэ адзін твор – “Аповесць пра Баву” (або “Бава”), які трапіў на Беларусь у XVI ст. праз балканскае пасрэдніцтва. Вядома больш за 70 расійскіх і ўкраінскіх спісаў і апрацовак гэтага твора, частка якіх прама ўзыходзіць да беларускага перакладу (з Пазнанскага зборніку) [36].

Захавалася каля 30 беларускіх і ўкраінскіх інтэрмедый XVI – XVIII стст., якія пісаліся і ставіліся ў Кіева Магілянскай акадэміі, базыліянскім тэатры ў Жыровіцах [37], Смаленскай духоўнай семінарыі [38], якія змешчаны ў такіх рукапісных зборніках, як “Аршанскі кодэкс”, “Ковенскі зборнік”. “Аршанскі кодэкс” – рукапісны зборнік, створаны ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (да 1693 г.). Уключае 4 польскія барочныя драмы з беларускімі інтэрмедыямі, якія ставіліся ў школьных тэатрах у Полацку, Оршы, Наваградку і Віцебску. Захоўваецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве [39]. Беларускія інтэрмедыі былі ўключаны ў рукапісны “Ковенскі зборнік” 1731 г., створаны ў Ковенскім езуіцкім калегіуме (рукапіс быў страчаны ў 1944 г. у Варшаве).

У XVIII ст. ствараюцца і аўтарскія зборнікі мастацкай літаратурыФранцішкі Уршулі Радзівіл “Манускрыпт розных вершаў мною скампанаваных і загадам Ям-ці мужа майго каханага маёй уласнай рукой перапісаных [...] у Нясвіжы 29 сакавіка 1732 года” (змешчаны празаічныя творы на французскай мове). Вершаваныя і драматычныя творы У. Радзівіл з’явіліся ў друку ў 1753 (Нясвіж) і 1754 (Жоўква) гг. ужо пасля яе смерці. У канцы XVIII ст. быў створаны рукапісны зборнік твораў Каятана Марашэўскага – заснавальніка беларускай камедыі (зберагаецца ў БАН Літвы), у які ўвайшлі беларуска-польская “Камедыя” і польская трагедыя “Свабода ў няволі” (былі пастаўлены ў 1787 г. у школьным тэатры Забельскага дамініканскага калегіума, у якім К. Марашэўскі з’яўляўся прафесарам рыторыкі і паэтыкі) [40].

Лацінская мова найбольшае выкарыстанне знайшла ў школьных драмах, якія пачалі распаўсюджвацца дзякуючы езуітам з канцы XVI ст. (у Віленскім, Полацкім, Аршанскім езуіцкім калегіумах). Сярод аўтараў рукапісаў “сцэнарыяў” Каспар Пянткоўскі (1554–1612), Гжэгаш Кнапій (1564–1639). Усяго вядома каля ста школьных драм (14 з іх на польскай мове), да якіх друкаваліся і пісаліся тэатральныя праграмы. Інтэрмедыі пісаліся і самімі студэнтамі на лацінскай і польскай мовах, выкастоўвалася ў іх і беларуская мова.

Польскамоўныя творы і пераклады ў ВКЛ у адрозненне ад беларускамоўных распаўсюджваліся ў асноўным у друкаваным выглядзе. Сярод рукапісаў мастацкіх твораў – тры творы Гальяша Пельгрымоўскага (?–1604), які быў звязаны з дваром Радзівілаў, – празаічны “Дыярыуш пасольства Льва Сапегі”, кароткі вершаваны дыялог “Гутарка аднаго паляка з маскалём на Маскоўскім замку ў годзе 1601” і вершаваны дыярыуш “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”. Напісаны на польскай мове з выкарыстаннем беларускай [41].

Развіццю шматмоўнай, свецкай літаратуры ў ВКЛ спрыяла па-сутнасці адсутнасць у адносінах да яе жорсткай дзяржаўна-палітычнай і рэлігійна-духоўнай цэнзуры (асабліва пасля прыняцця Статута 1588 г.).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]