Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 8.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
257.54 Кб
Скачать

Мастацкае афармленне рукапіснай кнігі Беларусі

Цэнтрамі масавай вытворчасці рукапіснай беларускай кнігі былі скрыпторыі:

  • мітрапаліцкія (у Вільні, Новагародку);

  • манастырскія (Віцебскі Маркаў манастыр, Мсціслаўскі Пустынскі. Супрсльскі Дабравешчанскі, Куцеінскі Богаяўленскі, Пінскі Лешчанскі, Жыровіцкі Успенскі);

  • прыватныя (паноў Солтанаў у Шышкінях каля Вільні, князёў Радзівілаў);

  • дзяржаўныя (“руская” канцылярыя ВКЛ) [42].

Трывалая традыцыя перапіскі кніг была пры многіх полацкіх, смаленскіх і віленскіх цэрквах. Перапісчыкамі былі асобы рознага сацыяльнага паходжання – княжацкага (Ю.Алелькавіч), шляхецкага, святары і дыяканы, гараджане-пісары (Марцін Львовіч з Гальшан). М. Нікалаевым улічаны каля 70 імён беларускіх перапісчыкаў рукапісных кніг, хаця гэта лічба павінна быць значна большай.

У перыяд ВКЛ павялічылася колькасць асяродкаў кніжнай вытворчасці – гэта акрамя названых Вільні, Наваградка, Лаўрышава і Супрасля – Гародня, Полацк, Нясвіж, Пінск, Жыровіцы, Віцебск, Орша, Куцеін, Слонім, Слуцк, Брэст, Менск, Друя, Шчучын, Мір, Валожын і інш.

Мастацкае афармленне рукапісаў залежала ад іх прызначэння. Шыкоўна ўпрыгожваліся богаслужбовыя кнігі. Вядомы таксама і багата аздобленыя кнігі свецкага зместу. Асноўнай формай рукапісаў быў кодэкс, сустракаўся скрутак (сувой). Што тычыцца пераплёту рукапісных кніг, то пераплёт існаваў ад пачатку кнігавытворчасці (ад Х ст.), калі кнігі былі толькі пергаменныя і пераплёт патрэбен быў, каб пазбегнуць дэфармацыі старонак. Верхняе і ніжняе вечка звычайна выконваліся з драўляных дошак, якія абцягваліся скурай (на якой магло быць цісненне) або палатном. Некаторыя, асабліва літургічныя кнігі, мелі абклады. Нязначная колькасць абкладаў рабілася з цэльных металічных пласцін. Большасць – з некалькіх асобных частак: срэдніка і 4-х накутнікаў на верхнім вечку, “пукляў” або “жукоў” на ніжнім вечку, акрамя гэтага былі 2 зашпількі. Металічныя часткі накладваліся на аксаміт ці скуру, палатно (Евангелле напрастольнае). Абклады для кніг рабілі кавалі па золаце і эмальеры. Арнаментыку выконваў залатапісец. Унутраныя ўпрыгожанні рукапісаў складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр, ілюстрацый. У афармленні беларускіх рукапісаў вылучаюць наступныя стылі:

  • Тэраталагічны або звярыны стыль. Характэрны XIII – XV стст. Прыкладамі служаць Аршанскае Евангелле; Мсціжскі і Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыры. Вылучаецца полацка-смаленская школа тэраталогіі XIV ст.

  • Аднак у афармленні Лаўрашаўскага Евангелля назіраецца адыход ад тэраталагічнага стылю, узнікае цікавасць да жывапісных сродкаў. Пачынаючы з XIV ст. назіраюцца ў афармленні кніг рысы гатычнага стылю. Уплыў готыкі рабіў беларускія рукапісы адрознымі ў афармленні ад кніг старажытнай Русі: у канструяванні кніжнага развароту, кампазіцыйнай структуры аркуша, які больш шчыльна напаўняецца тэкстам [43].

  • Балканскі або візантыйскі стыль, у аснове якога – пляцёнка, характэрны XV – XVI стст. Самым вядомым прыкладамі з’яўляюцца Тураўскае і Слуцкае Евангеллі.

  • Новавізантыйскі або рэнесансавы стыль, у якім выкарыстоўваецца галінкавае абрамленне, закончаныя рамакі расліннага арнаменту ў мініяцюрах; характэрны XVI ст. Асобае месца ў мастацтве рукапіснай кнігі Беларусі займае “Дзесяціглаў” Мацвея Іванавіча Дзесятага, які ўключае 250 ініцыялаў, застаўкі, адну мініяцюру, выкананы ў рэнесансавым стылі. У тым самым стылі выкананы Шарашэўскае Евангелле, Друцкае Евангелле, Віленскі хранограф XVI ст.

  • Старадрукарскі або друкарскі стыль (XVII ст.). У адпаведнасці з ім у вытворчасці рукапісаў часцей адсутнічалі ўпрыгожанні (як у большасці друкаваных кніг); выкарыстоўваўся арнамент, які нагадваў гравіраваныя застаўкі друкаванай кнігі; а часам замест афармлення ініцыялаў і мініяцюр уклевалі друкаваныя ініцыялы і гравюры.. Прыкладам могць паслужыць Ірмалоі.

  • Маньерны або стыль прымітывізму, які імкнуўся да фалькларызацыі малюнку, колеру, кампазіцыі, найбольш праяўляўся ў малюнках заставак і ініцыялаў. Характэрны XVIII ст. Прыкладам могць таксама паслужыць Ірмалоі.

Часцей ў афармленні рукапісаў асноўная ўвага надавалася ініцыялам (буквіцам), якія выконваліся кінаварай або і рознымі колерамі; часта таксама сустракаюцца кінаварныя замалёўкі, выкананыя вяззю; радзей – арнаментаваныя застаўкі і мініяцюры. Найранейшым і багата аформленым рукапісам з’яўляецца “Аршанскае Евангелле”, ілюстрацыі якога сведчаць аб кантакце з візантыйскай мастацкай традыцыяй. Аднак уласцівая для візантыйскага мастацтва пэўная кананізацыя ў трактоўцы вобразаў евангелістаў у мініяцюрах “Аршанскага Евангелля” саступае месца больш выразнай індывідуалізацыі, мажорнасці і сакавітасці каларыту, экспрэсіі, што сведчыць аб узмацненні рэалізму і жанравасці ў беларускай мініяцюры [44]. У ХІІ – ХІІІ стст. у развіцці аздаблення рукапісаў адбываюцца пэўныя змены. Паступова ўзнікаюць мясцоыя школы, напрыклад, полацка-смаленскя. У аздобах візантыйскі геаметрычны стыль саступае месца тэраталагічнаму. У выяву архітэктурных дэталяў, касцюмаў, твараў евангелістаў усё больей настойліва пранікаюць мясцовыя рысы, закладваюцца асновы самабытнай мастацкай школы. Адной з найбольш значных помнікаў ілюмінаванай кнігі з’яўляецца спіс “Радзівілаўскага летапісу” XV ст., у якім змешчана 618 мініяцюр. Мяркуецца, што ў афармленні рукапісу прымалі ўдзел тры мастакі (вылучаецца як полацка-смаленская школа, так і ўплыў готыкі, фальклорных матываў). У XVII–XVIII стст. асабліва вылучаюцца сваім афармленнем Ірмалоі. Гэты від кніжнай прадукцыі амаль цалкам застаўся прэрагатываю кнігапісцаў. У мастацтве афармлення Ірмалояў склаўся свой уласны паэтычны стыль. Захоўваючы асаблівасці старажытнарускай кніжнай культуры, ён развіваўся ў новых гістарычных умовах XVI–XVIII стст. У дэкоры пераважаў друкарскі арнамент, сустракаюцца пляцёнкі балканскага тыпу, ёсць і фальклорны прымітывізм.

Адной з тэхналагічных навінак вытворчасці рукапіснай кнігі ў XV ст. стала пракладка з тканіны, размешчаная на развароце насупраць застаўкі або мініяцюры. Яна выконвала ахоўную і эстэтычную функцыі.

Папера з’явілася ў Беларусі ў XIV ст. Аднак асноўным матэрыялам да XVI ст. заставаўся пергамен. Як адзначае М. Нікалаеў, пергамен беларускіх рукапісаў гэтага перыяду быў добра выраблены, але ён не такі глянцава-белы і паўпразрысты, як гэта характэрна для еўрапейскага пергамену. Як правіла пергаменныя аркушы былі даволі вялікага памеру – 26х29,5 см. Паралельна з пергаменам для гаспадарчых запісаў выкарыстоўвалася бяроста. Прывазная галандская і нямецкая папера была вельмі дарагой. У XVI – XVIII стст. на Беларусі пачынаюць засноўвацца і дзейнічаць уласныя паперні (папяровыя млыны). Усяго налічвалася больш за 40 паперняў у Слуцку, Любані, Нясвіжы, Уздзе, Гальшанах, Ружанах, Смаргоні, Заслаўі, уладальнікамі якіх былі Мамонічы, Хадкевічы, Сапегі, Кавячынскія, Тышкевічы, Радзівілы, Тызенгаўз і іншыя. Кожнае прадпрыемства мела свае ўласныя вадзяныя знакі (панцюзо і вержэр) – філіграні. У канцы XVIII ст. паперу сталі падфарбоўваць у блакітны колер.

Фармат. Да XVIII ст. памер кнігі вызначаўся бібліяграфічным фарматам, які залежаў ад таго, колькі раз быў складзены аркуш паперы: 1 раз – ½ – in folio 2(для рукапісаў XV–XVI стст. 20-21см х 30-31см); 2 – ¼ – quarto 4(13-15 см х 19-20 см);

4 – 1/8 – octavo 8. Як найбольш распаўсюджаны вызначаецца фарматам 2 і 4. Звычайна да XV ст. рукапісы складаюцца з васьміаркушавых сшыткаў; у XVI ст. сустракаюцца дзесяціаркушавыя і нават 12-ціаркушавыя сшыткі. Нумарацыя сшыткаў пазначалася славянскімі літарамі (лічбамі), якія называюцца кустодамі (у друкаваных кнігах – сігнатура) ставіліся ў канцы сшытка або толькі на пачатку. У ранніх рукапісах першае слова тэксту кожнай наступнай старонкі выносілі на ніжняе поле папярэдняй. Пазней сталі прымяняць літарную нумарацыю аркушаў – фаліяцыю (у старадрукаваных кнігах нумарацыя старонак – пагінацыя), а з 1710 г. пачынаецца ўжыванне і арабскіх лічбаў.

Асноўны почырк кнігапісцаў XIV–XVIII стст. – паўустаў, устаў, сустракаюцца некаторыя кнігі перапісаныя скорапісам, які ўзнік на мяжы XIV–XV ст. У XV ст. фарміруецца беларускі скорапіс, а ў дэкаратыўным кірылічным пісьме – вязь (кінаварай). Тэкст размяшчаецца на старонцы ў адзін або два слупкі. Разам з распаўсюджаннем пісьменнасці на землях усходніх славян з’явілася крыптаграфія – тайнапіс (для шыфроўкі палітычных або маёмасных дакументаў, ананімнасці аўтара, для забавы). Напрыклад, перапісчык Марцін з Гальшан ужыў сістэму адваротнага запісу тэксту ў Пролагу 1530 г., напісаўшы “ъшорг ан ъшург мад умат ътетчорп еiс отк”. Ужываліся лацінская, грэчаская азбукі, прыдуманы алфавіт (у Мсціслаўскім Псалтыры 1395 г. – перапісчык Лука). Тайнапіс называлі “паўсловіцай”, выкарыстоўваючы недапісаныя кірылічныя літары. Папулярнай была і літарэя, у якой прымянялася замена літар (прыклад у рамане “Чорны замак Альшанскі” У. Караткевіча), а таксама лікавая сістэма (лічбавае значэнне кірылічных літар) і інш. Акравершам карыстаўся ў XVI ст. Ф. Скарына [45].

Такім чынам, рукапісная кніга ў часы ВКЛ, прадоўжыўшы традыцыі, закладзеныя ў раннім Сярэднявеччы, атрымала значнае развіццё: жанравае, тэматычнае, моўнае. Засвойваючы лепшыя традыцыі сусветнай кніжнай культуры, яна фармавала свой уласны воблік, памнажаючы і дзелячы сваю спадчыну з рознымі народамі: палякамі, літоўцамі, рускімі, татарамі, яўрэямі. У ёй адлюстраваліся ўсе асноўныя этапы развіцця грамадства і дзяржавы эпохі позняга Сярэднявечча, Адраджэння і барока ў Беларусі. У складаных і супярэчлівых умовах грамадска-палітычнай і царкоўна-рэлігійнай барацьбы, нягледзячы на вялікія страты, яна здолела следаваць сваёй асноўнай задачы зберажэння і трансляцыі нацыянальнай культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]