Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Зразікава. Бел.мова (праф.лексіка).doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
834.56 Кб
Скачать

2.6.2. Дыферэнцыяцыя лексікі паводле актыўнасці выкарыстання

Агульнавядома і натуральна, што змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах жыцця, уплываюць на мову, адлюстроўваючыся ў зменах на лексічным узроўні. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы. Другія – знікаюць, што вядзе да знікнення іх назваў. Трэція – узнікаюць, і, адпаведна, утвараюцца словы для іх наймення.

У залежнасці ад гэтага ў мове ў пэўны перыяд яе развіцця заўсёды можна вылучыць дзве групы слоў – так званы актыўны і пасіўны склад.

У актыўна склад (запас) лексікі любой мовы, у тым ліку і беларускай, уваходзяць агульнаўжывальныя, зразумелыя ўсім носьбітам мовы словы.

У пасіўны склад лексікі ўваходзяць словы, выкарыстанне якіх абмежавана (устарэлыя словы і неалагізмы). У залежнасці ад прычын, па якіх словы сталі ўстарэлымі, сярод устарэлых слоў вылучаюць гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – гэта словы, якія выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны склад лексікі з той прычыны, што зніклі рэаліі (прадметы, з’явы, паняцці), для абазначэння якіх яны існавалі. Гэта назвы старых мер вагі, даўжыні (аршын, локаць), назвы асоб паводле іх заняткаў (бурлак, дзесяцкі), грашовых адзінак (грыўня, грош, керанкі), назвы адзення (кафтан, кальчуга, камзол) і словы іншых прадметна-тэматычных груп.

Архаізмы – устарэлыя назвы з’яў, прадметаў, паняццяў. У працэсе развіцця мовы яны выйшлі з актыўнага ўжытку, саступіўшы месца сінанімічным адзінкам, паколькі з’ява, прадмет, якія яны абазначалі, не зніклі і працягваюць існаваць: манаполька – фірма, тлумач – перакладчык, атрамант – чарніла. У некаторых выпадках слова можа актыўна выкарыстоўвацца ў сучаснай мове, а ўстарэлымі з’яўляюцца толькі асобныя яго значэнні. Так, у слове двор устарэлае значэнне – ‘маёнтак’, а ў слове арсенал – ‘прадпрыемства, што вырабляе зброю і ваенную амуніцыю’.

Безумоўна, развіццё мовы непарыўна звязана з жыццём і развіццём грамадства. І таму хуткасць грамадска-палітычных і культурна-гістарычных працэсаў уплывае на хуткасць перамяшчэння слоў з актыўнага складу ў пасіўны і наадварот. Большасць устарэлых слоў выходзіла з мовы паступова, на працягу нават стагоддзяў.

Словы, якія ўзніклі ў мове ў пэўны гістарычны перыяд і не набылі яшчэ агульнавядомага і агульнаўжывальнага характару, называюцца неалагізмамі.

Можна вылучыць дзве групы неалагізмаў – лексічныя і семантычныя.

Лексічныя неалагізмы – адносна новыя словы, якія з’явіліся ў мове для абазначэння новых прадметаў, паняццяў. Звычайна носьбіты мовы адчуваюць, што пэўнае слова новае, яго навізна відаць па форме і змесце, напр.: экстрасенс, браўзер, правайдэр.

Семантычныя неалагізмы – вядомыя словы, у семантыцы якіх узнікаюць новыя значэнні. Для свайго часу неалагізмам быў, напрыклад, дзеяслоў галасаваць у значэнні ‘спыняць машыну падняццем рукі‘. Семантычныя неалагізмы – гэта словы, якія зведалі змены ў аб’ёме свайго лексічнага значэння.

Паколькі ўзнікненне новых слоў абумоўлена патрэбамі ў іх, то неалагізмы даволі хутка могуць пераходзіць з пасіўнага складу ў актыўны. Распаўсюджанню і папулярызацыі неалагізмаў вельмі садзейнічаюць сродкі масавай інфарміцыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць аказіяналізмы – лексічныя наватворы, прыдуманыя пісьменнікамі, паэтамі, публіцыстамі, літаратарамі, крытыкамі з мэтай павышэння вобразнасці і мастацкай выразнасці выказвання. Напрыклад, веціцца ‘навісаць’: Вецер подзьмухным казаннем / цвердзіў веццямі: / – Ад дня да дня / ёсць дзесьці цішыня, / што веціцца пакутным нараканнем (М.Кавыль); журавініцца: ‘узрушацца, моцна хвалявацца’ З іх адна ёсць [дзяўчына] такая / станам гібкая – колас, / журавініцца сэрца, яе чуючы голас (М.Танк); чарнамор’е ‘паветраная плынь, якая павольна рухаецца, плыве, нібы марская гладзь’: Сонца – ветразь, а вецер – матрос, / на шляху чарнамор’я нябёс (М.Лужанін). Аказіяналізмы яшчэ называюцца “індывідуальна-аўтарскімі неалагізмамі”, “індывідуальнымі словамі”, “індывідуальна-стылістычнымі неалагізмамі”, “паэтычнымі неалагізмамі”. Кожная з гэтых назваў па-свойму раскрывае змест паняцця.

2.6.3. Стылістычнае размежаванне лексікі абумоўлены тым, што мова ўяўляе сабой сукупнасць некалькіх стыляў, якія розняцца моўнымі сродкамі і прыёмамі іх выкарыстання, што абумоўлена мэтай, сітуацыяй, у якой адбываюцца моўныя зносіны. Мэты паведамлення, якія ставіць перад сабой моўца, прымушаюць яго выбіраць з агульнанароднай мовы такую лексіку, якая з’яўляецца найбольш дзейснай, трапнай, выразнай, прыдатнай для дасягнення мэты паведамлення. Падставай для размежавання нейтральных і стылістычна афарбаваных слоў з’яўляецца наяўнасць у складзе лексічнага значэння апошніх канатацыі. Канатацыя – дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне і надаюць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку выказванню (урачыстасць, фамільярнасць і інш.).

Кожны стыль маўлення характарызуецца пэўнай сістэмай уласцівых яму лексічных сродкаў. Межы паміж стылямі не з’яўляюцца нерухомымі: словы размоўна-бытавой лексікі могуць уваходзіць у афіцыйны стыль, у публіцыстычны стыль могуць трапляць элементы мастацкага маўлення і г.д. Лексічная своеасаблівасць розных стыляў мовы праяўляецца абсалютна дакладна і з’яўляецца выразнай і відавочнай. Вельмі многія словы замацаваны за пэўным стылем. Усё гэта і дазваляе размяжоўваць лексіку са стылістычнага пункту погляду і вылучаць у ёй тры пласты:

  1. міжстылёвая (нейтральная),

  2. размоўная (гутарковая),

  3. кніжная.

Аснову лексічнай сістэмы беларускай мовы складаюць стылістычна нейтральныя словы. На фоне гэтых слоў вылучаюцца стылістычна афарбаваныя, сярод якіх асабліва выразна супрацьпастаўлены адны другім кніжныя і гутарковыя. Кніжныя словы і выразы не падыходзяць да непасрэднай гутаркі (напр., на пасадзе, зялёныя насаджэнні, візуальны кантакт), а размоўныя не стасуюцца з пісьмова-кніжнымі формамі моўнага выказвання (балбатаць, плесціся).

Праважная большасць слоў любой мовы ўтварае міжстылёвую, або нейтральную лексіку гэтай мовы. У яе ўваходзяць словы розных часцін мовы, акрамя выклічнікаў, якія не ўключаюцца ў міжстылёвую лексіку, бо яны прадстаўлены функцыянальна і экспрэсійна афарбаванымі словамі. Стылістычна нейтральныя словы абазначаюць прадметы побыту, навакольнага асяроддзя, з’явы прыроды, а таксама якасці, уласцівасці прымет гэтых прадметаў. Міжстылёвая лексіка з’яўляецца асновай для вуснай і пісьмовай мовы, яна выкарыстоўваецца пераважна ў прамым намінацыйным значэнні, складае аснову ўсіх стыляў, але ў кожным з іх мае заканамерныя асаблівасці ўжывання. Стылістычна нейтральныя словы выконваюць ролю апорных у сінанімічных радах. Нейтральным словам уласціва зразумеласць, натуральнасць, дакладнасць, прастата, гэтым і тлумачыцца, што самыя яскравыя, глыбокія і пранікнёныя думкі і вобразы пісьменнікі ствараюць, шырока выкарыстоўваючы звычайныя словы.

Такім чынам, міжстылёвая лексіка – самы багаты лексічны пласт. Яна вызначаецца як шырокай тэматычнай разнастайнасцю, так і семантычным багаццем, зменлівай сінтаксічнай валентнасцю.

Ад міжстылёвай лексікі размоўная адрозніваецца сваёй спецыфічнай экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкай (фамільярнасці, іроніі, знявагі, лаянкавасці, жарту, пяшчоты і г.д.). Размоўныя словы, называючы што-небудзь, абавязкова даюць ацэнку названай з’яве, прадмету, дзеянню.

Правесці дакладную мяжу паміж агульнаўжывальнай і размоўнай лексікай складана. Звычайна размоўна-бытавая лексіка ўжываецца ў нязмушанай гутарцы. Ужыванне яе ў пісьмовай мове абмежавана стылямі мастацкай літаратуры і публіцыстычным; выкарыстанне ў іншых стылях назіраецца вельмі рэдка. Прычым кожнае такое ўжыванне размоўнай лексікі ў кніжнай мове надае кантэксту размоўны характар, а размоўна-бытавыя словы ўспрымаюцца ў ім як чужыя, назвыклыя элементы.

Да кніжнай лексікі належаць словы, якія ўжываюцца ў навуковай літаратуры, афіцыйных і заканадаўчых дакументах, справавых паперах, публіцыстыцы, мастацкай літаратуры і неўласцівыя натуральнай гаворцы, паўсядзённаму бытавому маўленню. Кніжная лексіка развіваецца пад уздзеяннем вучоных, пісьменнікаў, палітычных дзеячаў. Яна можа ўжывацца і ў вусным маўленні, але пры гэтым не страчвае стылістычнай афарбоўкі кніжнасці.

У пласт кніжнай лексікі ўваходзяць у першую чаргу ўсе навуковыя, грамадска-палітычныя і тэхнічныя тэрміны. Сюды ж адносіцца большасць слоў абстрактнай лексікі, якая выражае розныя агульныя паняцці. Цалкам да кніжнай лексікі належаць устарэлыя словы і стылістычныя неалагізмы.

У кніжную лексіку ўваходзяць таксама экзатызмы, варварызмы і паэтычная лексіка.

Экзатызмы – словы іншамоўнага паходжання, якія характарызуюць побыт і спецыфічныя нацыянальныя рысы пэўнага народа, напр.: панна, лаваш, чалма, чадра, хурма і інш. Усе словы, якія належаць экзатычнай лексіцы, з’яўляюцца запазычаннямі, у пэўнай ступені ўжо засвоенымі беларускай мовай: яны выступаюць як словы пэўнага лексіка-граматычнага класа, змяшчаюць у сваім складзе толькі асобныя іншамоўныя рысы, выражаныя сродкамі беларускага алфавіта.

Гэтымі рысамі экзатычная лексіка адрозніваецца ад варварызмаў. Варварызмы – іншамоўныя словы, якія захоўваюць усе ўласцівыя ім у мове-крыніцы рысы, нярэдка перадаюцца пры дапамозе алфавіта мовы-крыніцы (Ён крыкнуў “Goodbye!” і пабег). У адрозненне ад экзатызмаў, варварызмы могуць называць паняцці, з’явы, для якіх у беларускай мове існуюць спрадвечнабеларускія словы, параўн.: стрыт і вуліца, швэрарбайтар і чорнарабочы і інш.

Асобнай групай кніжнай лексікі, якая ўжываецца ў вершаваных творах, але сустракаецца і ў мастацкай прозе, з’яўляецца так званая паэтычная лексіка, якая вызначаецца своеасаблівым стылістычным характарам усхваляванасці і лірызму, напр.: ліра, агняцветны, зараначка, муза, веснавей). Паэтычныя словы надаюць паведамленню мяккасць, задушэўнасць. Многія словы паэтычнай лексікі асэнсоўваюцца як архаізмы.