Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

Пытанні і заданні

1. Выкананню якіх функцый садзейнічае ДБФ бібліятэкі? Чым ён адрозніваецца ад сістэмы каталогаў і картатэк?

2. Якія падыходы і крытэрыі ляжаць у аснове фармі­равання ДБФ, як ён суадносіцца з профілем камплектавання асноўнага фонду бібліятэкі?

3. Раскрыйце асаблівасці камплектавання ДБФ бібліятэк розных тыпаў?

4. Прааналізуйце даведачна-бібліяграфічны фонд канкрэтнай бібліятэкі і вызначце яго адпаведнасць функцыям і задачам, якія стаяць перад бібліятэкай.

5. Які ўплыў на камплектаванне ДБФ аказвае выкарыстанне ў бібліятэках новых інфармацыйных тэхналогій?

6. Як Вы разумееце паняцце “размеркаваны даведачна-бібліяграфічны фонд” бібліятэкі, рэгіёна; чым выклікана яго існаванне; якія сродкі для яго больш эфектыўнага выкарыстання павінны стварацца?

5.2. Афіцыйныя дакументы і бд прававой інфармацыі ў дбф бібліятэкі

Афіцыйныя дакументы – гэта дакументы, якія прымаюцца органамі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады і маюць заканадаўчы, нарматыўны, дырэктыўны або інфарматыўны характар. СТБ 7.60 – 93 «Выданні. Асноўныя віды. Тэрміны і азначэнні» дае наступнае азначэнне афіцыйнага выдання. Гэта «выданне, якое змяшчае матэрыялы заканадаўчага, нарматыўна-прававога ці інфармацыйна-дырэктыўнага характару, апублікаваныя ад імя дзяржаўных органаў, устаноў, ведамстваў або грамадскіх арганізацый».

Асноўныя характарыстыкі афіцыйнага дакумента – яго нарматыўны характар, абавязковае прымяненне ў жыцці. Адсюль вынікае спецыфіка работы бібліятэкі з выданнямі такога тыпу: карыстальнік павінен атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю аб існуючых дакументах, бібліятэкар павінен гарантаваць карэктнасць і адэкватнасць інфармацыі. Усё гэта абумоўлівае асаблівыя адносіны бібліятэкі да афіцыйных выданняў і ўключэнне іх у актыўную частку ДБФ.

У ДБФ уключаюцца розныя віды выданняў афіцыйных дакументаў*.

Найбольш аператыўна афіцыйныя дакументы друкуюцца ў сродках масавай інфармацыі; выходзяць самастойнымі выданнямі; у выглядзе бягучых і рэтраспектыўных выданняў як універсальнага, так і тэматычнага зместу. Сярод бягучых універсальных выданняў, якія абавязкова набываюцца ў ДБФ бібліятэк розных тыпаў, – «Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь», што выдаецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі (НЦПІ) з 1999 г. замест такіх выданняў, як “Ведамасці Нацыянальнага сходу РБ» і «Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў урада РБ». Сёння перыядычнасць выхаду «Национального реестра правовых актов Республики Беларусь» узрасла да 17 нумароў у месяц, ён адлюстроўвае ў кожным раздзеле афіцыйныя дакументы, прынятыя рознымі суб’ектамі сістэмы заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, прававыя акты мясцовых (на ўзроўні абласных) Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распараджальных органаў, міжнародныя дагаворы РБ.

Сярод універсальных выданняў, якія набываюцца ў ДБФ бібліятэк, можна назваць “Бюллетень нормативно-правовой информации», які выдаецца з 1991 г. штотыднёва Мініс­тэрствам юстыцыі РБ і Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў. У бюлетэні, акрамя загадаў, пастаноў розных міністэрстваў, рашэнняў мясцовых органаў выканаўчай улады, друкуюцца каментарыі да заканадаўства, тэарэтычныя артыкулы.

Бягучыя выданні друкуюць таксама галіновыя міністэр­ствы, ведамствы, у якіх адлюстроўваюцца пастановы, загады, рашэнні і іншыя дакументы пэўнага зместу (напрыклад, “Зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі РБ”, “Зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства культуры РБ” і інш.), якія набываюцца ў ДБФ бібліятэк у адпаведнасці з профілем іх работы і патрэбнасцямі спажыўцоў.

Публічныя бібліятэкі пры фарміраванні свайго ДБФ уключаюць у яго як апублікаваныя ў мясцовым друку афіцыйныя дакументы, так і неапублікаваныя афіцыйныя матэрыялы мясцовых органаў улады. Гэта інфармацыя адлюстроўвае той пласт жыцця грамадства, дзе вырашаецца 90% усіх праблем, з якімі сутыкаецца насельніцтва кожнага рэгіёна. Але механізм паступлення такой інфармацыі ў бібліятэкі патрабуе ўдасканалення з мэтай забеспячэння паўнаты і своечасовасці папаўнення фондаў ПБ як публічных цэнтраў прававой інфармацыі ў краіне.

Дакументы замежных органаў заканадаўчай і выканаўчай улады збіраюцца некалькімі бібліятэкамі краіны з рознай ступенню паўнаты. Больш поўна яны камплектуюцца ў фонды Прэзідэнцкай бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; апошняя выконвае функцыі дэпазітарыя для дакументаў міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН і Савета Еўропы.

Паралельна з друкаваным патокам нарматыўных прававых актаў бібліятэкі набываюць паўнатэкставыя БД, якія адлюстроўваюць афіцыйныя дакументы. Асабліва каштоўныя яны тым, што даюць шырокія магчымасці для вядзення шматаспектнага пошуку інфармацыі. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі прапануе бібліятэкам у якасці прадукту электронную копію эталоннага банка даных прававой інфармацыі – БД “ЭТАЛОН”, якая складаецца з трох частак: БД “Эталон – Беларусь” (заканадаўства Рэспублікі Беларусь), адлюстроўвае прававыя акты, прымаемыя рознымі суб’ектамі ўлады рэспубліканскага ўзроўню; БД “Эталон – рэгіён” (рашэнні органаў мясцовага кіравання і самакіравання); БД “Эталон – міжнародныя дагаворы”. Базы даных пастаўляюцца на кампакт-дысках са штотыднёвай, штомесячнай або штоквартальнай актуалізацыяй і адлюстроўваюць увесь масіў прававой інфармацыі, фарміруемы рознымі суб’ектамі ўлады, у тым ліку і розных узроўняў. Праграмныя сродкі выкарыстання БД забяспечваюць хуткі пошук прававых актаў па любым з іх рэквізітаў (нумары, даце і органе прыняцця, відзе акта і інш.); па рубрыках Адзінага прававога класіфікатара РБ; ключавых словах; па заданым слове (частцы слова) з назвы акта; па любым слове або частцы слова з тэкстаў дакументаў у межах усёй БД (кантэкстны пошук); па любым спалучэнні вышэйпералічаных пошукавых рэквізітаў.

Згодна з Пагадненнем паміж Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі і Міністэрствам культуры аб стварэнні публічных цэнтраў прававой інфармацыі ў РБ кожны цэнтр прававой інфармацыі забяспечваецца эталонным банкам даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) РБ і іншымі афіцыйнымі выданнямі НЦПІ. Але актуальнай для гэтых цэнтраў застаецца праблема папаўнення ЭБДПІ. Часцей за ўсё эталонны банк даных у бібліятэках абнаўляецца раз у квартал. Публічныя бібліятэкі краіны па тэхнічных умовах яшчэ не могуць выкарыстоўваць інтэрнет для актуалізацыі ЭБДПІ і выканання складаных запытаў прававой тэматыкі, што дало б магчымасць даваць штодзённа інфармацыю аб усіх прынятых у краіне прававых актах.

Выкарыстоўваюцца ў рабоце бібліятэк і першая паўнатэкс­тавая БД прававой інфармацыі “ЮСИАС”, генерыруемая рэспубліканскім камерцыйным інфармацыйна-прававым агенцтвам “Рэгістр”; «ГорИнформ», якая змяшчае тэксты нарматыўных дакументаў, прынятых Мінскім выканаўчым камітэтам, што рыхтуе фірма ЮрСпектр і інш.

З замежных БД прававой інфармацыі набываюцца біблія­тэкамі банк даных прававой інфармацыі Эталон–Расія (заканадаўства Расійскай Федэрацыі), які адлюстроўвае поўныя тэксты 73 000 прававых актаў РФ са штомесячнай актуалізацыяй і выступае як сумесны праект НЦПІ РБ і Навуковага цэнтра прававой інфармацыі пры Міністэрстве юстыцыі РФ; інфармацыйныя прадукты расійскіх фірмаў «Консультант Плюс» (АО «Консультант Плюс»), «Гарант» (НПП «Гарант-Сэрвіс»), «Кодекс» (інфармацыйна-прававы кансорцыум «Кодэкс» РФ), «ЮСИС» (фірма «Інтралекс»), дзяржаўная БД афіцыйнай прававой інфармацыі «Система» (генерыруецца НТЦ «Сістэма» пры ФАУСІ), CD-ROM – версіі прававых БД «Юридический вестник» і «Юридический справочник для всех», вытворцам якіх з’яўляецца прадпрыемства “Цэнтр камп’ютэрных распрацовак”.

У беларускіх бібліятэк ёсць магчымасць атрымліваць неабходную інфармацыю афіцыйнага характару і праз тэлекамунікацыйныя сродкі сувязі. З 1998 г. адкрыты вузел НЦПІ ў інтэрнеце (зараз гэта магутны партал прававой інфармацыі краіны), што дае магчымасць атрымаць доступ да тэкстаў нарматыўных актаў РБ. НЦПІ штодзённа дае інфармацыю аб усіх прымаемых у РБ прававых актах. БД прававой інфармацыі замежных краін таксама прадстаўлены ў глабальнай камп’ютэрнай сетцы, акрамя БД вядучых расійскіх фірмаў і арганізацый, можна выкарыстоўваць і замежныя БД “West-law”, “Lexis-Nexis” і інш.

Такім чынам, сённяшняму карыстальніку інфармацыі бібліятэка дае выбар – друкаванае выданне або паўна­тэкставая БД з шырокім шматаспектным дыяпазонам пошуку. Паводле вынікаў расійскіх даследаванняў выбар карыстальнікамі друкаваных крыніц суадносіцца з БД, як 3:2. Паводле беларускіх афіцыйных крыніц прыводзяцца наступныя даныя: у цэлым па краіне агульная колькасць запытаў па прававой інфармацыі, выкананых з дапамогай ЭБДПІ, складае 60,6%, што сведчыць аб інфармацыйнай ёмістасці ЭБДПІ і перавазе, якая аддаецца электронным рэсурсам з боку бібліятэк і іх карыстальнікаў. Тым не менш значны аб'ём (39,4%) запытаў выконваецца на аcнове інфармацыі, змешчанай на папяровых носьбітах. Часта выкарыстоўваюцца адначасова абодва віды носьбітаў. Звычайна да электроннай прававой базы звяртаюцца на першым этапе пошуку для ўдакладнення бібліяграфічных звестак аб асобным нарматыўным акце, а ўдакладніўшы месца апублікавання акта, чытачы выкарыстоўваюць папяровы варыянт для дэталёвага вывучэння тэксту.

Захоўваюцца выданні, а таксама неапублікаваныя афіцый­ныя дакументы ў ДБФ бібліяграфічнага аддзела, у структуры якога і функцыянуюць публічныя цэнтры прававой інфар­мацыі.