Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПАДРУЧНІК 7.rtf
Скачиваний:
22
Добавлен:
12.11.2019
Размер:
2.64 Mб
Скачать

Раздзел і. Беларускія землі ў сярэдзіне xiіі–xіv стст.

§1. Вытокі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага

Прычыны і асаблівасці ўтварэння новай дзяржавы. У сярэдзіне ХІІІ ст. ва Усходняй Еўропе ўтварылася новая дзяржава, знаходжанне ў якой стала важным этапам ў гісторыі беларускіх зямель. Якія ж былі прычыны яе ўтварэння? Перш за ўсё гэта суседства ў басейне р.Нёман усходнеславянскіх і балцкіх плямён. Кантакты паміж гэтымі плямёнамі існавалі здаўна, аднак у ХІІ–ХІІІ ст. яны сталі асабліва цеснымі. Славяне і балты знаходзіліся на розных узроўнях развіцця. Слявянскія землі былі больш развітымі. Тут існавалі багатыя гарады з развітым рамяством, сталыя традыцыі дзяржаўнай арганізацыі. Усяго гэтага не было ў балтаў – продкаў сучасных літоўцаў і латышоў. Аднак затое яны ўступілі ў ХІІ–ХІІІ стст. у стадыю распаду родавага ладу і фарміравання дзяржаўнасці. Гэта прывяло да росту ваяўнічасці балтаў, іх ваеннай актыўнасці. Паступова склаліся ўмовы для больш цеснага саюзу, у якім беларускія гарады жадалі скарыстаць у сваіх мэтах ваенную сілу балтаў, а балты – атрымаць доступ да эканамічных і палітычных выгод, што меліся ў беларускіх княствах. Ужо ў пачатку ХІІІ ст. палачане разам з лівамі, латгаламі і літоўцамі супрацьстаялі агрэсіі рыцараў Ордэна Мечаносцаў.

У сярэдзіне ХІІІ ст. над народамі Усходняй Еўропы навісла новая страшная пагроза. У выніку мангола-татарскага нашэсця большасць зямель Русі было захоплена. Была цалкам парушана сістэма палітычных адносін, існаваўшая раней. Для захавання незалежнасці беларускія землі былі вымушаны шукаць новых саюзнікаў. Балтам таксама пагражалі ворагі – рыцары-крыжакі, якія падпарадкавалі сабе плямëны латгалаў, куршаў і прусаў. У такіх умовах збліжэнне славянскага і балцкага насельніцтва дазваляла аб’яднацца для барацьбы як з мангола-татарамі, так і з крыжакамі.

Літоўскія плямёны ў Верхнім Панямонні. У пачатку сярэдневякоўя балты былі асноўным насельніцтвам у Панямонні. Паступова балцкія плямёны пачалі аб’ядноўвацца ў саюзы. У ХІІІ ст. на балцкіх землях, незахопленых крыжакамі, ужо выдзялялася дзве вялікія вобласці – Аўкштайція і Жамойць. Жамойты насялялі Ніжняе Панямонне каля Балтыйскага мора. Аўкштайты пражывалі ў Сярэднім і Верхнім Панямонні, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці. Адзін з раëнаў Аўкштайціі – Літва стаў цэнтрам аб’яднання балцкіх плямëн. Хутка пад Літвой сталі разумець усю Аўкштайцію і нават Жамойць. Неўзабаве ж Верхняе і Сярэдняе Панямонне стала ядром утварэння балцка-славянскай дзяржавы − Вялікага княства Літоўскага.

Славянская каланізацыя Верхняга Панямоння. Славяне сталі актыўна засяляць і асвойваць беларускія землі ў канцы V − XIII ст. Такі працэс у гістарычнай навуцы называецца каланізацыяй. Славянская каланізацыя беларускіх зямель адбывалася як мірным, так і ваенным шляхам, аднак у любым выпадку яна прыводзіла да збліжэння славян з мясцовым балцкім насельніцтвам. Там, дзе славяне з’явіліся раней, мясцовае насельніцтва славянізавалася – пераняла мову, культуру і традыцыі славян. Славянская каланізацыя Верхняга Панямоння праходзіла больш павольна. Тут яна ажыццяўлялася з розных кірункаў, аднак пераважна з поўдня і ўсходу – з зямель дрыгавічоў, валынян і крывічоў. У выніку Верхняе Панямонне ў ХІІ–ХІІІ стст. было зонай пражывання змяшанага славяна-балцкага насельніцтва.

Узнікненне ўсходнеславянскіх гарадоў у Верхнім Панямонні. Славянская каланізацыя суправаджалася заснаваннем гарадоў. Летапісы паведамляюць пра існаванне ў Панямонні не менш за шэсць старажытных гарадоў. Гарады служылі апорнымі пунктамі славян, месцам збора даніны, размяшчэння гарнізонаў. Паступова тут развівалася рамесніцкая вытворчасць, наладжваліся гаспадарчыя сувязі з акругай, што спрыяла гаспадарчаму і культурнаму збліжэнню славянскага і балцкага насельніцтва. Развіццё рамяства садзейнічыла ўтварэнню у гарадах гандлёва-рамесніцкіх пасадаў. Яны размяшчаліся каля ўмацаваных цэнтраў гарадоў – дзядзінцаў, дзе знаходзіўся князь з дружынай і іншая феадальная знаць.

Самымі старажытнымі гарадамі Панямоння з’яўляюцца Наваградак (Навагрудак), Ваўкавыск, Гродна. Яны ўзніклі ў канцы X−XI ст. Крыху пазней быў заснаваны Слонім. Невялікімі гарадамі былі Турыйск (Шчучынскі раён), Здзітаў (Бярозаўскі раён).

Удзельныя княствы. Доўгі час гарады Верхняга Панямоння знаходзіліся пад уладай кіеўскіх, а потым галіцка-валынскіх князёў. У ХІІ–ХІІІ стст. яны выступаюць як цэнтры ўдзельных княстваў, дзе правілі асобныя князі. Адным са значных княстваў Панямоння было Гродзенскае княства. Яно ўзгадваецца з ХІІ ст., калі тут князем быў Усевалад.

Цэнтрам аднаго з вельмі значных у той час княстваў у Панямонні з’яўляўся Навагрудак. Не выключана, што Навагрудскае княства, як і Гродзенскае, ужо існавала ўжо ў ХІІ ст. У ХІІІ ст. яно вылучаецца на пярэдні план і робіцца найбольш уплывовым у рэгіёне.

У сярэдзіне XIII ст. цэнтрам удзельнага княства быў таксама Ваўкавыск. Ваўкавыскае княства было невялікае па памерах, але яго ўладальнікі з’яўляліся багатымі феадаламі, аб чым сведчаць знаходкі ў горадзе багатых рэчаў, якімі карысталіся тагачасныя жыхары Ваўкавыска.

Такім чынам, у Верхнім Панямонні ў XII − першай палове XIII ст. існавалі Гродзенскае, Навагрудскае, Ваўкавыскае княствы. Яны з’яўляліся развітымі асяродкамі дзяржаўнасці, якія папярэднічалі фарміраванню Вялікага княства Літоўскага і адыгралі пэўную ролю ў станаўленні новай балта-славянскай дзяржавы.

Гістарычная крыніца. Хроніка Літоўская і Жамойцкая аб залежнасці Літвы ад Русі. “Еднак же той народ литовский през час долгий от початку своего панованя незначный был. Русь мела над ними зверхность и трибут от них отбирала, a меновите: все пануючии княжата киевские земле Руской монархии отбиралы от них в дань веники и лыка на веровки, a то для недостатку и неплодности земле, котрая еще не была выправна, и абы толко монарха руский свою зверхность над ними оказовал».

Гэта цікава. Пры раскопках у Наваградку на дзядзінцы і ў багатых дамах вакольнага горада знойдзена шмат прадметаў узбраення, рыштунку воіна і баявога каня. Сярод іх бронзавыя перакрыжаванні мяча і шабля, бронзавыя наканечнікі ножнаў мячоў, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, наканечнікі стрэл лукаў і арбалетаў, акоўкі калчаноў і кісцяні. Выяўлены такія рэдкія для гарадскіх слаёў знаходкі, як кальчугі і пласцінкавыя даспехі. Наваградскія матэрыялы лішні раз дазваляюць меркаваць, што з развіццём феадальнага войска кольчатыя і пласцінкавыя даспехі становяцца сродкам засцярогі не толькі прафесійных воінаў, але і багатых гараджан.