
- •Уводзіны
- •Лекцыя 1. Узнікненне Магілёва і паходжанне назвы горада
- •1. Месцараспалажэнне Магілёва
- •2. Археалагічныя помнікі, першыя паселішчы і ўзнікненне Магілёва
- •3. Легенды і навуковыя меркаванні аб паходжанні назвы горада Магілёва
- •4. Помнікі Магілёўскага летапісання - Магілёўская хроніка і яе аўтары.
- •Лекцыя 2. Эканамічнае, грамадска-палітычнае і рэлігійнае жыццё Магілёва ў сярэдневеччы
- •1. Рост горада ў сярэдневеччы. Структура горада, яго выгляд
- •2. Развіццё рамяства, унутранага і знешняга гандлю
- •3. Магілёў часоў Магдэбургскага права
- •4. Рэлігійнае жыццё. Межканфесійныя адносіны
- •1. Архітэктурная спадчына. Магілёўская школа дойлідства
- •3. Магілёўская школа гравюры
- •4. Заняткі, жытло і адзенне магілёўцаў
- •5. Жыццёвыя звычаі гараджан
- •6. Святкаванні ў Магілёве
- •1. Асновы харчавання магілёўцаў
- •2. Кулінарныя традыцыі
- •3. Гатункі напояў
- •4. Магілёўскае піва
- •Лекцыя 5. Магілёў у віхуры ваенных падзей
- •1. Магілёў у час войнаў Расіі і Рэчы Паспалітай
- •2. Магілёўскае паўстанне 1661 года
- •3. Магілёў у час Паўночнай вайны. Вынікі знаходжання ў горадзе Пятра і, а. Меншыкава, Карла хіі
- •4. Айчынная вайна 1812 года ў гісторыі Магілёва
- •5. Вайсковыя адзінкі пад назвай “Магілёўскія”
- •Лекцыя 6. Магілёў у складзе Расійскай імперыі
- •1. Развіццё Магілёва напрыканцы 18 – першай палове 19 стст.
- •2. Па дарозе ў ссылку
- •3. Магілёўскі друк
- •4. Эканамічнае і грамадска-палітычнае жыццё горада ў другой палове 19 – пачатку 20 стст.
- •Лекцыя 7. Магілёў у час першай сусветнай вайны і рэвалюцый
- •1. Знаходжанне ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай арміі
- •2. Магілёў падчас рэвалюцый і акупацый
- •3. Падтрымка ідэі стварэння Беларускай народнай рэспублікі
- •4. Укаранаваныя асобы і Магілёў
- •1. Усталяванне савецкай улады ў Магілёве
- •2. Эканамічнае і культурнае жыццё горада ў 1920-я гады
- •3. Сродкі на індустрыялізацыю
- •4. У рытме пяцігодак
- •5. Сталінскія рэпрэсіі. Закрыццё храмаў
- •6. Спробы перайменавання Магілёва
- •7. Напярэдадні вайны. Праект пераносу сталіцы бсср у Магілёў
- •1. Пачатак вайны і гераічная абарона Магілёва
- •2. Акупацыя горада: палітыка генацыду і антыгітлераўскі супраціў
- •3. Эканамічнае і сацыяльна-культурнае жыццё ў Магілёве падчас гітлераўскай акупацыі
- •4. Вызваленне Магілёва. Страты горада ў вайне
- •Лекцыя 10. Магілёў на рубяжы тысячагоддзяў
- •Гісторыя Лупалава-Маскоўскага прадмесця – Кастрычніцкага раёну горада Магілёва.
- •1. Помнікі горадабудаўніцтва ў сучасным Магілёве
- •2. Гісторыя Лупалава – Маскоўскага прадмесця – Кастрычніцкага раёну горада Магілёва
- •3. Эканамічнае і культурнае жыццё сучаснага Магілёва
- •4. Дзейнасць грамадскіх арганізацый нацыянальных супольнасцей Беларусі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці
- •Літаратура
- •Гістарычная і культурная спадчына горада МагілЁва
- •212027, Магiлёў, пр-кт Шмiдта, 3.
2. Археалагічныя помнікі, першыя паселішчы і ўзнікненне Магілёва
Упершыню чалавек з’явіўся на тэрыторыі сучаснага Магілёва ў познім палеаліце, больш за 10 тысяч гадоў назад, і ў раннім мезаліце (10–8-е тысячагоддзі да н.э.), пра што гавораць прылады працы і зброя, якія выяўлены на стаянках Хвойна і Магілёўская. У той час пасля раставання апошняга ледніковага покрыва ў гарах Скандынавіі і наступлення значнага пацяплення з паўднёвых раёнаў на поўнач для асваення новых тэрыторый па далінах рэк пачалі прасоўвацца паляўнічыя. Яны былі носьбітамі грэнскай культуры, характэрная асаблівасць якой – наяўнасць асіметрычных наканечнікаў стрэл так званага «грэнскага тыпу».
Помнікам ранняга этапу грэнскай культуры (10–12 тысяч гадоў назад) з’яўляецца стаянка Хвойна, якая размешчана на левым беразе Дняпра, за 3,5 км на ўсход ад Магілёва, вышэй вусця р. Хвоенка. Стаянку выявіў у 1975 г. і абследаваў у 1985-89 гг. на плошчы 500 м2 В.Ф.Капыцін. Тут быў старажытны лагер паляўнічых, паўночная частка якога знішчана кар’ерам. Культурны пласт прадстаўлены гарызонтам цёмна-бурага пяску з попельнымі дамешкамі. На глыбіні 0,9–1,06 м выяўлены рэшткі расшчэпленага і апрацаванага крэменю, перакрытыя дзюннымі пясчанымі адкладамі, а таксама пласціны і адшчэпы для вырабу прылад працы, нуклеусы, скрабкі, разцы, праколкі. Магчыма, паселішча было размешчана тут у перыяд фарміравання глебавага покрыва, які працягваўся 200–300 гадоў і скончыўся ў сярэдзіне 9-га тысячагоддзя да н.э.
Стаянка Магілёўская эпохі ранняга мезаліту (10–8-е тысячагоддзі да н.э.) знаходзіцца на ўсходняй ускраіне горада, за 0,5 км на поўнач ад чыгуначнага маста цераз Дняпро. Выявіў у 1897 г. славуты магілёвец Е.Р.Раманаў, абследаваў у 1925 г. і 1927 г. К.М.Палікарповіч. У 1985 - 86 гг., у сувязі з узнікненнем небяспекі знішчэння помніка кар’ерам, экспедыцыя Магілёўскага педінстытута на чале з В.Ф.Капыціным правяла тут раскопкі. На стаянцы прасочаны культурны пласт магутнасцю 0,3–0,6 м, абследавана 180 м2 плошчы. Сярод знаходак наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, вастрыі, нажы, канцавыя скрабкі, бакавыя разцы, пласціны, нуклеусы.
У эпоху мезаліту змяніліся прыродныя ўмовы, сфарміраваліся сучасныя кліматычньы зоны і ландшафт. Ішоў пошук новых спосабаў дабывання ежы, вырабу прылад працы і палявання.
У неаліце (канец 5 – пачатак 4-га тысячагоддзя да н.э.) сталі больш дасканалымі прыёмы апрацоўкі каменю – пілаванне, шліфоўка, свідраванне. Для неаліту характэрна вынаходства глінянага посуду. Яго з’яўленне дало магчымасць гатаваць, захоўваць і назапашваць ежу. Увесь комплекс неалітычных помнікаў, што вылучаны на тэрыторыі Магілёва і ў наваколлях, адносіцца да верхнедняпроўскай культуры, археалагічнай культуры неалітычных плямён, якія ў 4–3-м тысячагоддзях да н.э. насялялі тэрыторыю паўднёва–усходняй Беларусі ў басейне Дняпра на паўночны ўсход ад вусцяў Бярэзіны і Іпуці. Верхнедняпроўцы займаліся пераважна паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Плямёны сяліліся ўздоўж карэнных берагоў рэк і азёр у наземных жытлах з агнішчамі ў сярэдзіне, выраблялі крамянёвыя прылады працы і зброю, скрабкі, скоблі, нажы, сякеры, ромбападобныя наканечнікі стрэл. Кераміка – вастрадонныя гаршкі, аздобленыя грабеньчатымі адбіткамі, ямкавымі, лапчастымі і накольчатымі ўзорамі.
Бронзавы век на тэрыторыі Магілёўшчыны пачаўся ў 2-м тысячагоддзі да н.э. Аддаленасць ад старажытных цэнтраў металургіі абумовіла панаванне там амаль на працягу ўсей эпохі каменных прылад працы, пры апрацоўцы якіх выкарыстоўвалася свідраванне, пілаванне. Да таго часу адносяцца знаходкі на тэрыторыі горада каменных баявых сякер, дасканала адшліфаваных, з адтулінай для драўлянага дзяржання.
Адзін з помнікаў сярэднедняпроўскай культуры ў наваколлях Магілёва – грунтавы могільнік, які выявіў на ўсходняй ускраіне в. Вейна ў 1930 г. В.Р.Тарасенка. Пахаванні – трупапалажэнне на глыбіні 2,5 м. Каля аднаго знойдзена каменная свідраваная сякера, побач з другім – канцавы скрабок з рэтушаванымі краямі.
У канцы 8 – пачатку 7 стагоддзя да н.э. на тэрыторыі Магілёўшчыны пачаўся жалезны век. Жалеза дабывалі з бурых жалезнякоў (балотных, лугавых, азёрных) сырадутным спосабам у печах - домніцах. Вытворчасць прылад працы з жалеза значна павялічвала прадукцыйнасць земляробства, удасканальваліся дрэваапрацоўка, будаўнічая справа, выраб зброі. У раннім жалезным веку на мысах высокіх і стромкіх берагоў рэк з’явіліся ўмацаваныя паселішчы – гарадзішчы.
Гарадзішчы ранняга жалезнага веку вядомы ў наваколлях Магілёва – за 1 км ад в. Палыкавічы, за 1 км ад в. Буйнічы, а таксама на тэрыторыі горада (Пелагееўскае гарадзішча ва ўрочышчы Змяёўка на правым беразе р. Дубровенка на праспекце Міру). Яны ўтвораны насельніцтвам мілаградскай культуры (7–3 ст. да н.э., назва ад гарадзішча каля в. Мілаград Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласці), для якой уласціва кераміка з яйцападобным тулавам, з прамым адагнутым вонкі венчыкам або паўсферычныя пасудзіны без акрэсленага венчыка, упрыгожаныя ямкавымі або пазногцевымі ўцісканнямі на венчыку ці шыйцы, радзей у верхняй частцы тулава. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, дапаможнымі – паляўніцтва і рыбалоўства. Тып жылля пераважна паўзямлянкі, пазней – наземныя або злёгку заглыбленыя ў зямлю жытлы, прамавугольныя ў плане, слупавой канструкцыі. Пахавальныя абрады – трупапалажэнне на курганных і трупаспаленне на бескурганных могільніках. Пры абследаванні Пелагееўскага гарадзішча выяўлены рэшткі жытла слупавой канструкцыі, два бронзавыя бранзалеты з патоўшчанымі канцамі і геаметрычным арнаментам, якія адносяцца да часоў мілаградскай культуры. Адносна этнічнай прыналежнасці мілаградскіх плямён існуе думка, што яны былі неўрамі. Пра іх пісаў Герадот, а краіну іх называў Неўрыдай.
Паводле Баркулабаўскага летапісу і сведчанняў Е.Р.Раманава, на месцы сучаснага парку імя Горкага існавала гарадзішча «Магіла», якое было парушана пры будаўніцтве замка ў 1526 г. Тут у агаленнях берагавога абрыву р. Дубравенка Е.Р.Раманаў выявіў фрагменты штрыхаванай керамікі з дамешкамі тоўчанага кварцу ў цесце, падобныя на знойдзеныя на Пелагееўскім гарадзішчы. Побач з гарадзішчам «Магіла» знаходзілася селішча 5–7 ст. Археалагіны матэрыял 10-12 стагоддзяў на гэтым месцы знойдзены І.Іоне, І.А.Марзалюком. Знаходкі апошняга і дазваляюць павялічыць век існавання Магілёва на 200 годоў.
У раннім жалезным веку побач з гарадзішчамі існавалі селішчы – неўмацаваныя пасяленні. Адно з іх размешчана на ўзгорках першай надпоймавай тэрасы правага берага Дняпра, на ўсходняй ускраіне горада, плошчай 60 х 210 м.
У 2-й палавіне 1-га тысячагоддзя н.э. ў Верхнім Падняпроўі пачалося рассяленне славян, фарміраваліся саюзы плямён. Магілёўскае Падняпроўе было межавой зонай, дзе па-суседску жылі крывічы (паўночныя раёны), дрыгавічы (правабярэжжа Дняпра) і радзімічы (Пасожжа).
Мяжа паміж крывічамі і дрыгавічамі (паводле В.В.Сядова) праходзіла прыкладна па лініі Заслаўе–Барысаў–Шклоў і апускалася па Дняпры да Рагачова. Найбольш старажытныя помнікі крывічоў – падоўжаныя курганы, якія адначасова былі калектыўнымі магільнымі скляпамі. У 10 ст. ў крывічоў пашыраны пахавальны абрад трупапалажэння ў курганах паўсферычнай формы. Асновы курганоў звычайна абкружаны невялікімі канавамі, у якіх гарэлі пахавальныя агні.
У наваколлі Магілёва вядомы курганныя могільнікі крывічоў 11 ст. каля вёсак Княжыцы і Ямніца. Паводле звестак Е.Р.Раманава, вялікі курганны могільнік крывічоў да 1880-х гадоў захоўваўся паміж Дняпром і Дубравенкай і быў знішчаны ў час работ па нівеліраванні гарадскіх валоў. Там знойдзены шкляныя пазалочаныя пацеркі 11 ст. Наогул пры правядзенні археалагічных даследаванняў на тэрыторыі горада і наваколля знойдзены рэчы крывічоў і радзімічаў.
Адносна ўзнікнення назвы Магілёва і даты яго заснавання існуе некалькі процілеглых версій. Паводле адной з іх, Магілёўскі замак быў пабудаваны пры ўпадзенні Дубровенкі ў Дняпро. Час яго заснавання адносіцца да 1267 г. У польскай хроніцы Магілёў значыцца пад 1320 г.
Па другой версіі, у «Хроніцы беларускага горада Магілёва» паведамляецца, што ўпершыню замак у Магілёве быў пабудаваны рускім князем Львом Данілавічам у 1267 г. Іншыя даследчыкі лічаць, што замак у Магілёве мог быць пабудаваны ўнукам Льва Данілавіча – Львом Юр’евічам каля 1319 г , бо ёсць звесткі, што ен у той час ваяваў з літоўцамі ў наваколлі Магілёва.
Наступная версія тлумачыць, што «...годам яго заснавання прынята лічыць паведамленне летапісца Сурты аб закладцы Магілёўскага замка ў 1267 г. Ён быў пабудаваны пры ўпадзенні Дубравенкі ў Дняпро, дзе ў той час існаваў рыбацкі пасёлак».
Яшчэ адна версія грунтуецца на тым, што першае ўпамінанне аб Магілёве ёсць у хроніцы Трубніцкага. Паводле падання каля 1267г. быў закладзены Магілёўскі замак. Прыблізна гэту дату заснавання замка – «за некалькі соцень гадоў перад 1526 г.» – адзначае хроніка Т.Р.Сурты і Ю.Трубніцкага. Паколькі маюцца сведчанні пра «будаўніцтва ў 1267 г. Магілёўскага замка, ёсць усе падставы лічыць, што Магілёў як пасяленне існаваў раней гэтай даты».
Нягледзячы на вядомыя адрозненні і супярэчнасці, усе версіі адносяць узнікненне горада да 1267 г., таму не здзіўляе прыняцце гэтай даты за канчатковую, з якой звязваліся ўсе святы і юбілеі. Яна трывала ўвайшла ў даведачную, навуковую і навукова-папулярную літаратуру. Спробы некаторых даследчыкаў звярнуць увагу на малую верагоднасць даных, што мелі дачыненне да 1267 г., на жаль, не атрымалі далейшага развіцця ў савецкі час і першыя гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. І толькі ў апошнія 2-3 гады пераважная колькасць мясцовых навукоўцаў і краязнаўцаў канчаткова засведчыла, што дата 1267 год з’явілася ў 19 стагоддзі і ніякімі ранейшымі пісьмовымі крыніцамі не пацверджана. Археалагічныя даследаванні пераканаўча адносяць час узнікнення Магілёва ў 11 стагоддзе. Таму найбольш дасведчаныя навукоўцы гавораць аб тысячагадовай гісторыі Магілёва.