
Навуковы стыль
Сфера выкарыстання: гуманітарныя, прыродазнаўчыя, дакладныя і інш. навукі, галіны тэхнікі і вытворчасці. Функцыя: паведамленне, перадача дакладнай і аб’ектыўнай інфармацыі.
Падстылі: уласна-навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны.
Жанры: манаграфіі, навуковы артыкул, дысертацыя, рэферат, тэзіс, навуковы даклад, лекцыя і г. д.
Форма рэалізацыі: пісьмовая, вусная.
Асноўныя рысы: адцягненасць, абагульненасць, лагічнасць, сэнсавая дакладнасць, інфармацыйная насычанасць, аб'ектыўнасць выкладу, бязвобразнасць.
Лексічныя асаблівасці :
Аснову складаюць стылістычна нейтральныя агульналітаратурныя словы.
Шырокае выкарыстанне тэрмінаў і наменклатуры, што абумоўлена імкненнем дасягнуць гранічнай яснасці, дакладнасці навуковага выкладу /прыкладна 10-15% ад агульнага аб’ёма тэксту, шматлікія тэрміны маюць інтэрнацыянальны характар (утвораны ад лац. і старажытнагрэчскіх каранёў), многія пішуцца на мове арыгінала/.
Ужыванне спецыяльных слоў, якія падкрэсліваюць абагулена-адцягнены характар маўлення (заўсёды, пастаянна, часта, любы, звычайна і інш.).
Ужыванне запазычаных слоў, абстрактнай лексікі.
Марфалагічныя асаблівасці:
Шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем: адлюстраванне, вылучэнне, вынясенне, аднаўленне, скажэнне і інш.
Частае "нанізванне" роднага склону назоўнікаў: У матэматыцы шырока выкарыстоўваюцца працэсы абстрагавання розных ступеняў, а метады атрымання вынікаў заснаваны выключна на базе лагічных меркаванняў (БелЭн).
Спецыфіка тэкстаў дакладных навук у выкарыстанні назоўнікаў, утвораных ад уласных імён (барэль, ампер, ом, сіменс і інш.).
Рэчыўныя назоўнікі могуць ужывацца ў множным ліку: металы, солі, гліны, бензіны і г. д.
Прыметнікі ўваходзяць у асноўным у склад тэрміналагічных словазлучэнняў і тым самым удакладняюць змест паняццяў: вытворчая аперацыя, падатковая інспекцыя, вытворчы план.
Для мовы дакладных навук характэрны субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку: нахіленая, крывая, ломаная і пад.
Актыўна выкарыстоўваюцца злучнікі і прыназоўнікі, у ролі якіх могуць выступаць паўназначныя словы (у адпаведнасці, пры дапамозе, у адносінах, у меру і пад.).
Пашырана выкарыстанне неазначальнай формы дзеяслова ў спалучэнні з мадальнымі і інш. словамі, якая мае значэнне неабходнасці і выступае як сродак выражэння прадпісання, рэкамендацыі, указанняў тыпу трэба адрозніваць, трэба мець на ўвазе, варта звярнуць увагу, трэба ўзяць за аснову і пад.
Сінтаксічныя асаблівасці:
Пабуджальныя сказы служаць не загадам ці просьбай, а запрашэннем да сумесных дзеянняў (разважанняў).
Сярод простых сказаў распаўсюджаны няпэўна-асабовыя , пэўна-асабовыя, безасабовыя. Намінатыўныя сказы ўжываюцца звычайна ў загалоўках, фармулёўках пунктаў плана.
Простыя сказы часта ўскладнены аднароднымі членамі сказа, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, адасобленымі азначэннямі і акалічнасцямі.
Пераважаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы.
Для аб'яднання частак тэксту, у прыватнасці абзацаў, выкарыстоўваюцца прыслоўі, прыслоўныя выразы і іншыя часціны мовы тыпу так, такім чынам, больш таго, затым, па-першае, па-другое, з аднаго боку, з другога боку і інш.