
5. Прынцыпы беларускай графікі.
Прынцыпы графікі – перадумовы, на якіх пабудавана графічная сістэма. У аснове беларускай графікі два прынцыпы – складовы і гукавы.
Складовы, або сілабічны (ад грэч. syllabe – склад) прынцып графікі заключаецца ў тым, што фанемная адпаведнасць літары можа быць вызначана толькі з улікам яе пазіцыі – суседніх літар. Складовы прынцып графікі адносіцца да абазначэння цвёрдасці і мяккасці зычных і да абазначэння ёта (j).
Як ужо адзначалася ў беларускім алфавіце адсутнічаюць спецыяльныя літары для абазначэння цвёрдых і мяккіх фанем. Гэта ажыццяўляецца пры дапамозе галосных літар. Так, літары а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных абазначаюць адпаведныя галосныя і цвёрдасць папярэдніх зычных. Літары я, е, ю, ё, і абазначаюць у становішчы пасля зычных адпаведныя галосныя гукі і мяккасць папярэдніх зычных.
Фанема ёт (j) абазначаецца літарай й у канцы слова і сярэдзіне слова пасля галоснай: край, майскі. Літары я, ю, ё, е, і абазначаюць адначасова дзве фанемы – <j> і адпаведную галосную ў наступных пазіцыях: 1) у пачатку слова: <jа>ма; 2) у сярэдзіне і канцы слова пасля галосных: Укра<jі>на, тва<jа>; 3) пасля апострафа: пад’<jэ>зд; 4) пасля раздзяляльнага мяккага знака: саль<jу>; 5) пасля ў: мураў<jі>.
Гукавы прынцып беларускай графікі заключаецца ў тым, што адзін і той жа гук абазначаецца адной і той жа літарай. Ён прымяняецца ва ўжыванні адназначных літар д, т, ж, ч, ш, р, ў, якія не патрабуюць абазначэння іх наступнай галоснай літарай.
6. Графічны разбор
Графічны разбор – разнавіднасць моўнага разбору, у ходзе якога вызначаецца від літар і прынцып іх ужывання на пісьме. Графічны разбор – адзін з відаў практыкаванняў, які дазваляе выявіць асаблівасці беларускай графікі і паказаць яе цесную сувязь з фанетыкай (фаналогіяй) і арфаграфіяй.
Графічны разбор праводзіцца ў наступнай паслядоўнасці:
Праводзіцца графічны запіс слова: пералік літар, іх назвы, якія яны абазначаюць.
Падлічваецца колькасць літар і фанем, вызначаюцца асаблівасці суадносін паміж літарамі і фанемамі, у тым ліку разыходжанні паміж графічным абазначэннем фанемы і яе вымаўленнем.
Вызначаецца від галосных літар паводле функцыі – адназначныя і двухзначныя літары.
Вызначаецца прынцып ужывання літар – гукавы ці складовы.
7. Гісторыя фарміравання графічнай сістэмы беларускай мовы.
Гісторыя беларускай графікі праследжваецца з ХІІ-ХІV стст. Старажытная беларуская мова карысталася традыцыйным кірылічным алфавітам, які ўключаў 43 літары. Да ХVІ ст. кірылічнае пісьмо было толькі рукапісным. У ХVІ ст. (1517 г.) Ф. Скарынам было заснавана ўсходнеславянскае кнігадрукаванне. З гэтага часу пачынаюць выкарыстоўвацца рукапісныя і друкаваныя літары. На аснове кірыліцы Ф. Скарына стварыў шрыфт, у якім былі загалоўныя (вялікія) і радковыя (малыя) літары.
Разам з тым, у ХVІ ст. кнігі на беларускай мове пісаліся і арабскім пісьмом. Яны ствараліся татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў ХІІ- ХV стст. і паступова забыліся татарскай мовы, але выкарыстоўвалі арабскае пісьмо. Свяшчэнныя кнігі беларускіх татараў – “кітабы” – вельмі дакладна адлюстроўвалі фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці тагачаснай беларускай мовы.
Аднак найбольш распаўсюджаным на Беларусі было кірылічнае пісьмо, якім карысталіся да канца ХVІІ-пачатку ХVІІІ стст.
Пасля забароны (1696 г.) польскім сеймам выкарыстоўваць беларускую мову, у справаводстве афіцыйнай становіцца польская мова, у аснове графічнай сістэмы якой ляжыць лацінскае пісьмо. Такім чынам, побач з кірыліцай з канца ХVІІ ст. на Беларусі ўжываецца лацінская графіка ў польскім яе варыянце.
Дзве графічныя сістэмы – лацінка і кірыліца – выкарыстоўваліся да самага пачатку ХХ ст. Аднак традыцыйная кірыліца да гэтага часу моцна змянілася. Загадам Пятра І ў Расіі ў 1708 г. была праведзена рэформа кірылічнага пісьма, у выніку якой былі выкінуты некаторыя літары (юсы, амега, ксі, псі і інш.), спрошчаны знешні выгляд літар, якія па форме набліжаны да лацінкі. Рэфармаваная кірыліца атрымала назву грамадзянскай азбукі. Узоры літар грамадзянскага алфавіта прапанаваў Пятру І беларус Ілья Капіевіч – манах, асветнік, кнігавыдавец.
Грамадзянскі шрыфт, створаны І. Капіевічам, паступова прыстасоўваўся для перадачы адметнасцей беларускай мовы, яе фанетычнага складу. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. сталі ўжывацца літары дз, дж, спалучэнні шч (на месцы щ), ц (на месцы [т’]) ё, і, ў, раздзяляльны знак – апостраф (’). Былі выдаленыя з беларускага пісьма літары ѣ, и, щ, ъ.
Такім чынам, на пачатку ХХ ст. у практыцы кнігадрукавання склалася на аснове грамадзянскага шрыфту ўласная графічная сістэма, якая захавалася да нашых дзён.