Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1_ТВОРЧАСЦЬ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА.doc
Скачиваний:
217
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
188.93 Кб
Скачать

Грані творчасці

Уладзімір Караткевіч прыйшоў у літаратуру ў другой палове 50-х гадоў на хвалі грамадскага абнаўлення пасля XX з’езда партыі (1956), у спрыяльны час. Адчуваючы ў сабе небывалыя творчыя сілы, ён у той час выношваў задуму напісаць творы самых розных жанраў, якія маглі б скласці сто тамоў. Сярод іх былі вершы, легенды, паэмы, апавяданні, аповесці, раман у вершах, гістарычныя раманы, п’есы, казкі ў стылі X. К. Андэрсена, фантастычныя творы, крытыка, публіцыстыка, пераклады, кінасцэнарыі і іншыя творы. Пісьменнік марыў таксама напісаць пятнаццаць раманаў серыі «Век», дзе хацеў паказаць жыццё беларускага народа ад 60-х гадоў XIX ст. да сучасных яму дзён. I многае, што задумаў у юнацкія гады, ён здзейсніў.

Уладзімір Караткевіч арыгінальна і непаўторна раскрыўся як паэт. Прыкметнымі з’явамі ў беларускай літаратуры сталі яго кнігі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (1986). Паэзіі У. Караткевіча ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, інтэлектуальнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне (вер­шы «Машэка», «Заяц варыць піва», «Матчы­на душа», «Паўлюк Багрым», «Дзіва на Нерлі», «Безгаловая Венера», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Таўры», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду.»).

Шырокае прызнанне ў Беларусі і далека за яе межамі прынесла У. Караткевічу яго проза. Лірычна-рамантычны талент пісьменніка дасканала раскрыўся ў апавяданнях «Як звяргаюцца ідалы», «У шалашы», «Блакіт і золата дня», «Карней — мышыная смерць», «Лятучы Галандзец», «Ідылія ў духу Вато», аповесцях «Цыганскі кароль» і «Сівая легенда», якія склалі першы яго зборнік прозы «Блакіт і зо­лата дня» (1961). Высокім мастацкім узроўнем і тэматычнай разнастайнасцю вызначаюцца і такія яго апавяданні, створаныя ў 60-я і на пачатку 70-х гадоў, як «Кніганошы», «Сіняя-сіняя», «Дрэва вечнасці», «Былі ў мяне мядзведзі», «Калядная рапсодыя».

У 60-я гады У. Караткевіч стварыў такія значныя празаічныя творы, як раманы «Нельга забыць» (1960—1962), «Каласы пад сярпом тваім» (1962—1964), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1965—1966), аповесці «Ладдзя Роспачы» (1964), «Чазенія» (1966).

У 70-я гады У. Караткевіч напісаў аповесць «Лісце каштанаў» (1972) і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979).

Прыход у беларускую літаратуру такога пісьменніка, як Караткевіч, быў заканамер-ны і абумоўлены працэсам развіцця самой літаратуры, а таксама ўзроўнем грамадскага і духоўнага жыцця той эпохі, якая нарадзіла мастака. Яшчэ на пачатку XX ст. Янка Купа­ла, Якуб Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, В. Ластоўскі востра адчулі, што літаратура не зможа паўнакроўна развівацца, калі не асвоіць мінуўшчыну свайго народа.

I ў далейшым родная гісторыя прыцягвала ўвагу Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Язэпа Дылы, Барыса Мікуліча і многіх іншых беларускіх пісьменнікаў, аднак не ўсё задуманае яны маглі здзейсніць.

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца па сутнасці заснавальнікам беларускай гістарычнай раманістыкі. Ён стварыў беларускую гістарычную прозу, абудзіў у грамадскасці пачуццё нацыянальнага гонару, цікавасць і любоў да гісторыі Беларусі.

У адным з інтэрв’ю пісьменнік сказаў: «У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады».

Пісьменнік дасканала ведаў і па-мастацку адлюстроўваў падзеі далёкай мінуўшчыны. Ён жыў гісторыяй, яна была яго стыхіяй і яго натхненнем. Уладзіміра Караткевіча цікавіла гісторыя шмат у чым як прытча, легенда, па­данне. Ён шырока абапіраўся на творчы вы­мысел, не капіраваў з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты, а ствараў мастацкі летапіс роднай зямлі. Для пісьменніка важ­на было ўзнавіць дух мінулых эпох, зразумець сэнс гісторыі. Ён 24 верасня 1980 года запісаў: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дран­ным і ў вялікім».

Для У. Караткевіча характэрна рамантычнае, фальклорна-міфалагічнае і адначасова канкрэтна-гістарычнае асэнсаванне мінуўшчыны, выяўленне яе ўплыву на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, творца ўздымаў пытанні, актуальныя для сучаснасці і будучыні.

Плённа працаваў У. Караткевіч і як дра­матург. У сваіх п’есах «Млын на Сініх Вірах» (1957), «Трошкі далей ад Месяца» (1960), «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1973), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці урагану» (1982) ён звярнуўся адпаведна да падзей Вялікай Айчыннай вайны, да рэчаіснасці канца 50-х гадоў XX ст., да постаці К. Каліноўскага і паўстання 1863— 1864 гг., да падзей Віцебскага паўстання 1623 г., да дзіцячых і юнацкіх гадоў Янкі Купалы, да падзей Крычаўскага паўстання 1743—1744 гадоў. Гэта творы героіка-рамантычнага пла­на. У іх сцвярджаецца веліч, няскоранасць і несмяротнасць беларускага народа.

Уладзімір Караткевіч стварыў мастацкі летапіс жыцця Беларусі на працягу XVI—XX стагоддзяў. Ён выказваў цікавасць да ключавых перыядаў беларускай гісторыі. У рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і аповесці «Ладдзя Роспачы» празаік звярнуўся да па­дзей і характараў XVI ст., у аповесці «Сівая легенда» і драме «Званы Віцебска» — да першай трэці XVII ст., у драме «Маці урагану» і аповесці «Цыганскі кароль» — да XVIII ст., у рамане «Каласы пад сярпом тваім», дра­ме «Кастусь Каліноўскі», аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» — да XIX стагоддзя. Пстарычны аспект прысутнічае ў творах пра сучаснасць: аповесцях «Чазенія», «Лісце каштанаў» і рамане «Нельга забыць».

Непаўторна раскрыўся талент У. Караткевіча ў публіцыстыцы, літаратурнай кры-тыцы і мастацкім перакладзе. Мастацкай энцыклапедыяй Беларусі з’яўляецца яго кніга «Зямля пад белымі крыламі» (1971, 1977). Пачуццём любові да Беларусі, гістарычным мысленнем напоўнены таксама яго нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і сем дзён», 1980), прысвечаныя Палессю, Вільні, Кіеву, Ф. Скарыну, Янку Купалу, М. Багдановічу і іншым.

Уладзімір Караткевіч пераклаў на беларус­кую мову паасобныя творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Мустая Карыма, Расула Гамзатава і іншых. Ён аддаваў перавагу пісьменнікам-рамантыкам, галоўным чынам духоўна блізкім аўтарам, творчасць якіх прасякнута грамадзянскім і патрыятычным пафасам. Асобныя з іх уключаны ў зборнік «Галасы маіх сяброў» (1993).

У творчай спадчыне У. Караткевіча захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Некаторыя з іх увайшлі ў кнігу «Свет вачыма Караткевіча» (2006).

Па яго творах пастаўлены мастацкія филь­мы, оперы, тэле- і радыёспектаклі. Ён аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і іншых.

Творы У. Караткевіча перакладзены на многія мовы народаў свету. Ён выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды, зрабіў вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры і мастацтва.