Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Занятак 1.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
21.11.2018
Размер:
172.03 Кб
Скачать

1. Трансфармацыя этнічных супольнасцяў на тэрыторыі Беларусі да XVIII ст.

  1. Гістарычныя формы этнасу. Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі.

  2. Рассяленне славян і славянізацыя балтаў.

  3. Эканамічныя і палітычныя фактары фарміравання беларускага этнасу ў XIV-XVIII стст.

  4. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларусаў.

Пытанне № 1 і 2. Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца этнічная тэрыторыя, мова, культура, побыт, псіхалагічны склад, самасвядомасць і інш. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі – этнагенез (паходжанне этнасаў), этнонім (назва этнасу) і інш. Навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення (этнагеаграфіі) і культурна-гістарычнага ўзаемадзеяння, называецца этнаграфіяй (этналогіяй, народазнаўствам).

Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямён. Яго храналагічныя рамкі: 3 – 2 тыс. гг. да н.э. – да нашага часу. Прыкладна 3 – 2 тыс. гг. да н.э. адбыўся дэмаграфічны выбух, пачалося “вялікае перасяленне народаў”. На прасторах Еўропы – ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе, ад Прычарнамор’я на поўдні да Скандынавіі на поўначы – рассяліліся плямёны індаеўрапейскай моўнай групы. Узнікае пытанне: “Дзе знаходзілася прарадзіма індаеўрапейцаў, калі, у выніку якіх прычын пачалася іх міграцыя на прасторы Еўропы і Азіі?”. Інснуе некалькі канцэпцый прарадзімы індаеўрапейцаў. Адна з іх – канцэпцыя еўрапейскай лакалізацыі. Згодна з ёю, прарадзімай індаеўрапейцаў з’яўлялася тэрыторыя Паўночнай Германіі і Паўднёвай Скандынавіі. Гэта канцэпцыя сфарміравана нямецкімі вучонымі пад уздзеяннем іх пангерманскіх настрояў. У больш позні час яна атрымала расісцкую афарбоўку і была ўзята на ўзбраенне кіраўнікамі фашысцкай Германіі. Адзінымі сапраўднымі патомкамі індаеўрапейцаў, без аніякіх прымесяў, “чыстымі” арыйцамі (арыямі называла сябе ў старажытнасці адна з усходніх індаеўрапейскіх груповак, якая жыла на тэрыторыі сучаснай Індыі) былі аб’яўлены германскія народы. Аднак вучонымі-археолагамі даказана, што ў Еўропе насельніцтва мігрыравала з поўдня на поўнач, а не наадварот, як бяздоказна сцвярджаюць вучоныя. пангерманскага накірунку. Акрамя таго, у Паўночнай Еўропе жывёлагадоўля распаўсюдзілася пазней, чым, напрыклад, на Балканах.

Пагэтаму ўзнікла ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. так званая балканская канцэпцыя прарадзімы індаеўрапейцаў. Яна ў многім давала адказы на тыя пытанні, на якія не адказвала канцэпцыя паўночнаеўрапейскай лакалізацыі індаеўрапейцаў (шляхі міграцыі насельніцтва і распаўсюджвання жывёлагадоўлі ў Еўропе). Але Балканы не з’яўляліся прарадзімай індаеўрапейцаў, а былі толькі адным з накірункаў іх міграцыі на прасторах Еўропы. Але аб гэтым будзе напісана ніжэй. У якасці прарадзімы індаеўрапейцаў некаторымі даследчыкамі разглядаюцца таксама паўднёвыя стэпы Усходняй Еўропы і значныя раёны Сібіры. Але гэта супярэчыць прынятым у навуцы ўяўленням аб тым, што пачатковая вобласць прарадзімы этнасаў не павінна быць вялікай.

Найбольш навукова абгрунтаванай з’яўляецца канцэпцыя пярэднеазіяцкай прарадзімы індаеўрапейцаў. У адпаведнасці з ёй праіндаеўрапейцы да міграцыі жылі ў Пярэдняй Азіі, там, дзе цяпер знаходзяцца Іран, Ірак, Афганістан. Даныя археалогіі, этнаграфіі, тапанімікі і іншых навук сведчаць аб тым, што праіндаеўрапейцы жылі на поўдні сярод гор. Яны ведалі горныя леднікі, хуткія горныя рэчкі і горную расліннасць. Іх суседзямі былі семіцкія плямёны і картвельскія народы (продкі грузін). Сярод вядомых ім звяроў былі леў і слон. У 4 – 3 тысячагоддзі да н.э. пачалася міграцыя праіндаеўрапейцаў са сваёй прарадзімы. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, павелічэннем працягласці жыцця, шчыльнасці і колькасці насельніцтва, перанаселенасцю праіндаеўрапейскімі плямёнамі іх прарадзімы і неабходнасцю асваення новых тэрыторый. Міграцыя індаеўрапейцаў адбывалася на працягу тысячагоддзяў.

Рухаючыся на захад, праіндаеўрапейцы прайшлі Малую Азію, выйшлі да Эгейскага мора, засялілі Балканы, якія з’явіліся адным з накірункаў іх міграцыі. Частка праіндаеўрапейцаў абагнула Чорнае мора, прайшла праз тэрыторыю сучасных Балгарыі, Румыніі і Малдавіі, пасялілася на Правабярэжнай Украіне. Пазней праіндаеўрапейцы праніклі на Каўказ. Частка праіндаеўрапейцаў рухалася на ўсход на тэрыторыю сучасных Кітая і Індыі. Асобная іх група павярнула на поўнач, у Сярэднюю Азію, прайшла паміж Каспійскім і Аральскім морамі, апынулася ў прыволжскіх стэпах і працягвала рух на захад, у Паўночнае Прычарнамор’е. Гэты магутны міграцыйны паток стаў крыніцай рассялення праіндаеўрапейцаў у Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі.

Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся на больш высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця (прынеслі з сабой земляробства і жывёлагадоўлю, кола і калёсны транспарт, пахаванне ў курганах, патрыярхат і інш.), перамагалі яго і асімілявалі. Выключэннем было насельніцтва Індыі і Кітая, якое асімілявала індаеўрапейцаў, за выключэннем невялікай групы арыяў на тэрыторыі Індыі.

З Паўднёва-Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я індаеўрапейцы працягвалі міграцыю ў двух накірунках: першы – на захад і паўночны захад, у Заходнюю Еўропу, другі – на поўнач, у Сярэднюю і Паўночную Еўропу. На вялікай тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага насельніцтва індаеўрапейцамі сфарміраваўся новы этнас – балты (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы і інш.). Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна супадае з эпохай металу (3 – 2 тыс. гадоў да н.э. – ІV – V стст. н.э.). Балты жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу сюды славян.

З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, але змянілася і эпоха. Каменны век уступіў месца бронзаваму веку (3 – 2 тыс. гг. да н.э. – 1 тыс. гг. да н.э.). Старажытная эканоміка, заснаваная на паляванні, збіральніцтве і рыбнай лоўлі, паступова замянялася земляробствам і жывёлагадоўляй. Індаеўрапейцы пакланяліся агню і сонцу, прычым агонь атаясамліваўся з ачышчальнай сілай, з ім асацыіраваўся чырвоны колер. Асноўным тыпам пасяленняў былі ўмацаваныя гарадзішчы, якіх на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 1 тыс. Агульная колькасць насельніцтва ў бронзавым веку магла быць ад 50 да 75 тыс. чалавек.

Бронзавы век уступіў месца жалезнаму веку (1 тыс. гг. да н.э. – ІV – V стст. н.э.). Мясцовыя плямёны асвоілі жалезаапрацоўку, вырабы з жалеза былі дастаткова разнастайнымі: сякеры, нажы, сярпы, зброя, упрыгажэнні і г. д.

Новы, славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: ІV – V стст. н.э. – да нашага часу. Калі і адкуль з’явіліся славяне на беларускай зямлі? Дзе іх прарадзіма? Як адбываліся працэсы славянскай міграцыі?

Ёсць некалькі канцэпцый прарадзімы славян. Адны даследчыкі сцвярджалі аб лакалізацыі славян у Прыпяцка-Сярэднедняпроўскім рэгіёне (дзе сёння Беларусь і Украіна), другія вучоныя змяшчалі іх прарадзіму ў Вісла-Одэрскім міжрэччы (дзе сёння Польшча), трэція – на шырокіх прасторах ад Одэра да Дняпра (дзе сёння Беларусь, Польшча і Украіна). Вучоныя пангерманскага накірунку з’яўляюцца аўтарамі так званай канцэпцыі “усходняй лакалізацыі славян”, згодна з якой славяне прыйшлі на нашу тэрыторыю з Азіі і паўднёвых стэпаў Усходняй Еўропы, а таму яны – азіяты, дзікія людзі.

Найбольш навукова абгрунтаванай і распаўсюджанай з’яўляецца канцэпцыя цэнтральнаеўрапейскай лакалізацыі славян, паводле якой прарадзімай славян трэба лічыць тэрыторыю паміж Эльбай, Віслай і Нёманам, дзе сёння знаходзяцца Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, самыя заходнія раёны Беларусі. У выніку асіміляцыі мясцовага насельніцтва прышлымі індаеўрапейцамі ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. на гэтай тэрыторыі ўтварылася яшчэ адна галіна індаеўрапейскай мазаікі народаў – славянская (усяго ж налічваецца больш за 40 індаеўрапейскіх народаў).

Да першых стагоддзяў нашай эры славяне ўяўлялі сабой адзінае цэлае. Гісторыкі і пісьменнікі VІ ст. ведалі славянскі свет ужо падзеленым на тры часткі – венедаў, склавін і антаў. Готскі гісторык Іордан пісаў: “Яны (венеды)… паходзяць ад аднаго племені, маюць цяпер тры імёны, г. зн. венеды, анты і склавіны”. “І некалі нават імя ў славян і антаў было адно і тое ж”, – падкрэсліваў візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі. Першапачаткова склавіны жылі на захад ад Днястра і ў Прыкарпацці (заходнія славяне), анты – паміж Днястром і Дняпром, а таксама на поўнач ад Азоўскага мора (усходнія славяне), венеды, па Іардану, знаходзіліся на паўночны ўсход ад Карпат, у вярхоўі Віслы (паўднёвыя славяне).

У ІV – VІІ стст. адбылося другое “вялікае перасяленне народаў”. Аднак яго храналагічныя рамкі можна было б пашырыць у абодва бакі. Маштабныя перамяшчэнні плямён (пераважна з усходу) пачаліся яшчэ да н.э. Гэта – рух скіфаў і сарматаў з-за Дона (з тэрыторыі сучасных Казахстана і Сярэдняй Азіі) у Паўночнае Прычарнамор’е, заняцце імі вялікіх прастораў ад Алтая да Дуная. Перамяшчэнні працягваліся пазней. Гэта – міграцыя ў ІІ – пачатку ІІІ ст. готаў, аднаго з усходнегерманскіх плямён, з тэрыторыі сучаснай Польшчы (на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) праз балоты сучаснай Беларусі на поўдзень сучаснай Украіны (ад Балтыкі да Чорнага мора). Гэта – перамяшчэнне гунаў з тэрыторыі Манголіі праз сучасны Казахстан і Сярэднюю Азію і выхад да ІІ ст. н.э. да Волгі, паражэнне, нанесенае імі аланам і готам, далейшы рух у Еўропу, заснаванне на тэрыторыі сучаснай Венгрыі Гунскай дзяржавы ў ІV – V стст., яе паражэнне ў час паходу супраць Рымскай імперыі, вяртанне гунаў у прычарнаморскія стэпы. Гэта – перамяшчэнні германскіх плямён на поўдзень і захад, а ўслед за імі славян ад Эльбы на захадзе і па Усходне-Еўрапейскай раўніне на ўсходзе.

Галоўнымі прычынамі міграцыі славян са сваёй прарадзімы былі наступныя: 1) дэмаграфічная перанаселенасць і вялікая шчыльнасць насельніцтва прывялі славян у рух для пошукаў новых зямель; 2) пагалоўнае ўзбраенне мужчын, іх рэгулярныя грабежніцкія паходы, якія з’яўляліся адным з найбольш лёгкіх, эфектыўных і распаўсюджаных спосабаў узбагачэння: Рымская імперыя – багатая і казачная краіна для грабяжоў; 3) прывабнасць новых зямель для земляробства, якое ў славян дасягнула дастаткова высокага ўзроўню; 4) ціск на славян з боку іншых народаў (германцаў, кельтаў, авараў і інш.).

Са сваёй прарадзімы частка славян пачала масавы рух на поўдзень і ў VІІ – VІІІ стст. засяліла Балканы, землі сучаснай Югаславіі, Балгарыі, часткова Грэцыі. Некаторыя групы славян дайшлі да Малой Азіі, Іспаніі, Сіцыліі, Паўночнай Афрыкі. У працэсе асіміляцыі смуглатварага фракійскага насельніцтва ўтварылася галіна славян, якіх называюць паўднёвымі славянамі (былыя венеды). Сёння гэта – балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы і інш.

Другая частка славян са сваёй прарадзімы рухалася на ўсход, дайшла да Дняпра і ў VІ – VІІ стст. на тэрыторыі сучаснай украінскай Валыні і Паўднёвай Беларусі (на поўдзень ад Прыпяці) сфарміравалася новая галіна славян – усходнія славяне (былыя анты). У VІ – VІІІ стст. усходнія славяне праніклі на паўднёварускія стэпы, каланізавалі міжрэчча Волгі і Акі, выйшлі да Дона, Ладажскага возера, Невы і Нарвы. Яны асімілявалі мясцовае балцкае, фіна-угорскае і цюркскае насельніцтва. Усходнія славяне сёння – гэта беларусы, рускія і ўкраінцы.

Што датычыць заходніх славян (сёння гэта – палякі, чэхі, славакі і сербы-лужычане), то яны засталіся на сваёй прарадзіме, нікуды не мігрыравалі і ні з кім не змешваліся. Гэта – былыя склавіны. У VІ – VІІ стст. славяне пачынаюць пранікаць у балцкі арэал. У VІІІ – ІХ стст. пачынаецца масавае рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Спачатку славяне рассяліліся на правым беразе Дняпра і на Бярэзіне, затым праніклі ў Падзвінне і Падняпроўе, а ў Х ст. рассяліліся ў Верхнім Панямонні. Большая частка балцкага насельніцтва была асімілявана, другая – знішчана ці выціснута на паўночны захад, у Прыбалтыку, дзе прыняла ўдзел у фарміраванні этнічных латышоў і літоўцаў. Трэцяя частка балцкага насельніцтва працягвала жыць на сваіх былых месцах, іх асіміляцыя славянамі працягвалася да ХІІ – ХІІІ стст. і нават пазней.

У выніку славяна-балцкага ўзаемадзеяння ўзніклі новыя этнічныя супольнасці, якія ўпамінаюцца ў сярэдневяковых крыніцах. Да ліку такіх супольнасцей на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіліся крывічы, дрыгавічы, радзімічы. У іх асяроддзі не было сацыяльнай роўнасці, з’явілася палітычнае кіраванне і свае князі. Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ўяўлялі сабой не плямёны ці саюзы плямён, як сцвярджалася ў літаратуры раней, а протанароднасці (народнасці, якія пачыналі фарміравацца). Іх дзяржаўныя ўтварэнні называюць протадзяржавамі (дзяржавы, якія пачыналі стварацца).