Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
456961_35A1E_kota_a_i_gistoryya_belarusi_i_susv....doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
1.62 Mб
Скачать

Асноўныя паняцці і азначэнні

Еўрапейская сярэдневяковая цывілізацыя.

Каралеўства, княства, ханства.

Сярэдневякоўе (сярэднія вякі).

Фальклор.

Феадалізм.

Хрысціянства (праваслаўе, каталіцызм).

Політэізм (“язычніцтва”).

Універсітэт.

Пытанні для самакантролю

  1. Назавіце асноўныя рысы сярэдневяковага грамадства.

  2. У чым прычыны раздзялення хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм? У чым іх адрозненне?

  3. Як і чаму ўтварылася старажытнаруская дзяржава – Кіеўская Русь?

  4. Які ўплыў аказала феадальная раздробленасць на грамадска-палітычны лад Полацкага і іншых княстваў на тэрыторыі Беларусі?

  5. Якое значэнне мела прыняцце хрысціянства для развіцця культуры Кіеўскай Русі і яе заходніх зямель – Беларусі?

Лiтаратура

Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў Беларускай гісторыі (862 – 1918). Вільня, 1999. С. 20 – 36.

Вернадский Г.В. Россия и Средние века: Пер. с англ. Тверь-М.,1997.

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: ад першапа- чатковага засялення да сярэдзіны XIII ст. (Рэдкал: М.Касцюк і інш.). Мн.: Экаперспектыва, 2000.

Гофф Ж.Л. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992.

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IХ – ХIII стст. Мн, 1998.

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды. Мн., 1990.

История Европы. Т. 2. Средневековая Европа. М., 1994.

Общеевропейский процесс и гуманитарная Европа. Роль университетов. М., 1995.

Оргиш В.П. Древняя Русь: образование Киевского государства и введение христианства. Мн., 1988.

Смирнова Е.Д., Сушкевич Л.П., Федосик В.А. Средневековый мир в терминах. Мн., 1999.

Тэма IV. Еўропа і вялікае княства літоўскае у XIII-XVI стст.

План:

  1. Еўропа ў XIII-XV стст. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці за-ходнееўрапейскіх дзяржаў.

  2. Ад старажытнарускай дзяржавы (Кіеўская Русь) да Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства (МВК).

  3. Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё ВКЛ.

Метадычныя парады

1. Еўропа ў XIII-XV стст. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці заходнееўрапейскіх дзяржаў. Прыступаючы да асвятлення першага пытання, патрэбна адзначыць, што перыяд XIII-XV стст. у жыцці Еўропы характарызуецца істотнымі зменамі ў расстаноўцы геапалітычных сіл. У гэты час, дакладней, у XIV-XVI стст., былі здзейснены вялікія геаграфічныя адкрыцці, якія расшырылі межы зносін людзей, адчынілі перад Заходняй Еўропай магчымасці “першапачатковага накаплення капітала”, чаго да гэтага не мела ні адна дзяржава. У Еўропе працягвалася развіццё феадальных адносін і пачыналася выспяванне капіталістычных, складвалася новая, пераважна свецкая культура, на аснове якой фарміраваўся гума-ністычны светапогляд.

Затым прааналізуем працэс “унутранага” развіцця еўрапейскіх краін. Якія ж асноўныя, вядучыя тэндэнцыі вызначалі развіццё заходніх дзяржаў у гэты перыяд? Сярод асноўных тэндэнцый назавём наступныя:

- узмацненне цэнтрабежных, аб’яднальных працэсаў у развіцці заходнееўрапейскіх дзяржаў;

- фарміраванне законадаўчых саслоўна-прадстаўнічых органаў улады;

- правядзенне місіянерска-каланізатарскай палітыкі.

У сувязі з узмацненнем аб’яднальных працэсаў пачалося фарміраванне цэнтралізаваных дзяржаў у форме цэнтралізаваных манархій (у Англіі, Францыі, на Пірэнеях), альбо ў форме поліцэнтрычнай дзяржавы (мадэль поліцэнтрычнай дзяржавы злажылася ў Германіі, Італіі).

Пачатак фарміравання саслоўна-прадстаўнічых альбо закона-даўчых органаў улады і іх узаемадзеянне з каралеўскай уладай прывялі к сістэме парламентарызма. Такая сістэма склалася, як вядома, у XVI-XVIII стст., але ж упершыню парламент (англ. parliament, ад фр. parier – размаўляць, выказвацца) быў утвораны ў Англіі яшчэ у XIII ст.

Раскрываючы прыроду, сутнасць і значэнне місіянерска-каланізатарскай палітыкі заходнееўрапейскіх дзяржаў, патрэбна адзначыць, што місіянерства як дзейнасць прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый па распаўсюджванню свайго веравучэння сярод іншаверцаў, найбольшае развіццё атрымала ў хрысціянстве. Імкненне свецкіх і царкоўных феадалаў да экспансіі знайшло сваё выражэнне ў т. зв. крыжовых паходах.

Першы крыжовы паход адбыўся яшчэ ў XI ст. (1096 г.) як адказ на нападзенне туркаў-сельджукаў супраць Візантыі. Тады Візантыя вымушана была звярнуцца за дапамогай да Папы Рымскага і еўрапейскіх уладароў. Крыжаносцы адправіліся да Канстанцінопаля, адтуль ў Сірыю, Палестыну і Паўночную Афрыку. У баях з туркамі-сельджукамі і арабамі яны ўзялі Іерусалім, які стаў цэнтрам дзяржавы крыжаносцаў – Іерусалімскага каралеўства (1099-1291 гг.). Ужо першы крыжовы паход быў скі-раваны не толькі супраць мусульман. Крыжакі ў Іерусаліме жорстка распраўляліся і з яўрэямі, якія былі выгнаны са сваёй радзімы. Гэты паход меў вынікам узмацненне ўлады Папы Рымскага: ён быў аб’яўлены вярхоўным уласнікам усіх царкоўных уладанняў; атрымаў тытул “Вікарыя Хрыста”, намесніка Бога на зямлі. У XII ст. адбыліся наступныя два крыжовыя паходы, у XIII ст. – яшчэ пяць крыжовых паходаў. У XIII ст. з’явілася тэорыя аб “непагрэшнасці” Папы, для барацьбы з вераадступнікамі створаны спецыяльны царкоўны суд – інквізіцыя, які выносіў рашэнні аб адлучэнні ад царквы, публічным спальванні на кастры – аўтодафе.

Патрэбна адзначыць, што “крыжовымі паходамі” гісторыкі часта імянуюць нямецкія паходы феадалаў у XII-XIII стст. супраць славян, а таксама народаў Прыбалтыкі. Сапраўды, крыжаносцы не абмяжоўваліся паходамі ў Святую зямлю. У XII ст. яны з санкцыі Папы Рымскага арганізавалі першы крыжовы паход супраць славян. Гэта адпавядала інтарэсам нямецкіх феадалаў, таму імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых I Барбароса абвясцііў лозунг “Drang nach Osten” (націск на ўсход). Пад гэтым лозунгам разгарнулася заваяванне зямель, што знаходзіліся на ўсход ад Эльбы. Сюды былі накіраваны рыцары Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна, заснаванага яшчэ ў час па­хода ў Палестыну. Рухаючыся на ўсход, яны дайшлі да сучаснай Эс­тоніі. У пачатку XIII ст. імі былі заснаваны Берлін, Кенінсберг, Рыга і іншыя гарады. На захопленых у прусаў, літоўцаў, палякаў землях у XIIIст. была створана дзяржава – Тэўтонскі ордэн.

Далейшае актыўнае прасоўванне на ўсход было стрымана ўзрастаўшым супраціўленнем мясцовага насельніцтва. Да таго ж нямецкая экспансія сутыкнулася з экспансіяй татара-манголаў. У выніку нямецкія рыцары-крыжаносцы былі вымушаны спыніць сваё наступленне на ўсход.

2. Ад старажытнарускай дзяржавы (Кіеўская Русь) да Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства (МВК). Спачатку патрэбна разабрацца ў прычынах і наступствах распада Русі. Адзіная, але нецэнтралізаваная Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) пачала распадацца яшчэ ў канцы XI ст., да сярэдзіны наступнага стагоддзя ўтварылася 15 самастойных княтваў, а да пачатку XIII ст. іх стала 50. І кожнае мела суверэннага князя, а таксама свайго епіскапа. Утварыліся новыя палітычныя цэнтры:

- сталіцай, аддзяліўшайся ад Кіева, Растова-Суздальскай зямлі стаў г. Уладзімір. Уладзімірскія князі Андрэй Багалюбскі, Уладзімір Вялікае Гняздо імкнуліся пашырыць уплыў сваей дзяржавы;

- буйным усходнеславянскім цэнтрам заставаўся г. Ноўгарад, які ўдасканальваў формы рэспубліканскай дэмакратыі;

- у паўднева-заходніх землях вылучыўся цэнтр галіцкага княства – г. Галіч;

- у заходняй Русі набіраў моц г. Новагародак (цяпер г. Навагрудак Гродзенскай вобласцi).

Працэс раздраблення быў натуральным. Такі перыяд перажыла, як мы бачылі, і Заходняя Еўропа, пасля чаго пачалося фарміраванне цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў. А якія ж наступствы мела феадальная раздробленасць Старажытнарускай дзяржавы, распад Кіеўскай Русі?

З аднаго боку, утварыліся новыя палітычныя цэнтры, раслі гарады, больш інтэнсіўна фарміраваліся саслоўна-класавыя структуры, з'явілася ліхвярства, якое забяспечвала першапачатковае накапленне капітала. Але з другога боку, раздробленасць аслабіла агульную эканамічную магутнасць, міжусобіцы прыводзілі да галечы працоўнага насельніцтва, аслаблялі агульны ваенна-абарончы патэнцыял. Асабліва негатыўна сказваліся адмоўныя наступствы распада адзінай дзяржавы ў сувязі са змяненнямі ў сусветнай геапалітычнай сітуацыі: агрэсіяй крыжаносцаў супраць славян і мангола-татарскімі заваяваннямі.

У пачатку XIII ст. у межах былой Кіеўскай Русі з'явілася небяспека з боку мангола-татарскіх захопнікаў. Манголськія плямены, якія ў XII ст. займалі тэрыторыю сучаснай Манголіі і Бураціі, насілі розныя найменні: уласна манголы, айраты, кераіты, меркіты, найманы, татары. Усе яны былі аб’яднаны (1206г.) Цемучжынам, які стаў правіцелем гэтых плямен і атрымаў імя Чынгісхана (гэта значыць Вялікі хан).

У 1223 г. рускія князі былі разгромлены полчышчамі Чынгісхана ў бітве пры Калке, а ў 1236 г. хан Бату (у рускіх летапісах - Батый) пайшоў на Разанскае княства. Хутка палі Разань, Уладзімір, Суздаль, Кіеў і іншыя гарады. На шляху была Еўропа. У 1242г. мангола-татары выйшлі да Адрыятычнага мора. У 1243 г. у прычарнаморскіх і прыкаспійскіх стэпах утварылася Залатая Арда (альбо як называлі яе ханы - Вялікі Улус) – адна з самых вялікіх дзяржаў Сярэднявякоўя. У другой палове XIII ст. пад уладай чынгізідаў (патомкаў Чынгісхана) апынулася прастора ад Ціхага акіяна да Дуная. Вось у такіх знешнепалітычных умовах адбывалася ўтварэнне і ўмацаванне Маскоўскага вялікага княства і ператварэнне Масквы ў цэнтр збірання рускіх зямель.

Як жа адбываўся працэс развіцця заходніх зямель былой адзінай Старажытнарускай дзяржавы? У сярэдзіне XIII ст. этнічныя землі Беларусі, на якіх пасля распада Кіеўскай Русі ўзнікла каля 20 княстваў, сталі арганічнай часткай новага дзяржаўнага ўтварэння – ВКЛ.

Працэс утварэння гэтай дзяржавы (пад назвай спачатку “Літва”, “Княства Літоўскае”, а потым “Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае”) быў складаным, працяглым і супярэчлівым. Ён адбываўся пад уздзеяннем многіх унутраных і знешніх фактараў.

Існуюць розныя тэарэтычна-канцэптуальныя падыходы да праблемы ўтварэння ВКЛ:

- першы з іх – традыцыйны альбо “літоўскі” падыход. Згодна гэтай канцэпцыі, ВКЛ ёсць вынік заваявання літоўцамі заходнерускіх зямель і далучэння іх да літоўскай дзяржавы;

- другі падыход альбо новая (“беларуская”) канцэпцыя. Паводле гэтай канцэпцыі ВКЛ ёсць выключна беларуская дзяржава, асновай яе з'яўляецца беларускае Панямонне з цэнтрам у г. Новагародку, рашаючую ролю ў яе стварэнні адыгралі беларускія феадалы, пануючымі былі беларуская мова і культура;

- трэці падыход (больш памяркоўны ў параўнанні з абодвумя папярэднімі) альбо “цэнтрысцкая” канцэпцыя. Згодна гэтай канцэпцыі ВКЛ узнікла на працягу цэлага гістарычнага перыяда (XIII ст. – 70-я гады XIV ст.), а не ў сярэдзіне XIII ст. У XIII ст. пры Міндоўгу і Войшалку склалася Новагародскае княства (альбо дзяржава Міндоўга ці Літоўская дзяржава). Да сярэдзіны XV ст. ВКЛ – гэта літоўска-беларуская дзяржава, у другой палове XV-XVI стст. ВКЛ існавала як беларуска-літоўская дзяржава;

- чацвёрты падыход выказаны сучаснымі беларускімі гісторыкамі ў вучэбным выданні “Гісторыя Беларусі” (у 2ч./ пад рэд. Я.К. Новіка і Г.С. Марцуля. Мн., 1998; 3-е выд. 2003). Сутнасць гэтага падыхода заключаецца ў тым, што ВКЛ было створана не толькі продкамі сучасных беларусаў і літоўцаў, таму яно не з'яўляецца ні беларуска-літоўскай, ні літоўска-беларускай дзяржавай.

ВКЛ – гэта поліэтнічная дзяржава чатырох асноўных народаў: беларускага, рускага, украінскага і літоўскага. Славяне займалі ў гэтай дзяржаве прыкладна 11/12 тэрыторыі і складалі каля 80% насельніцтва. Таму ВКЛ можна назваць руска-літоўскай дзяржавай, альбо літоўска-рускай (“Русь Литовская”), як аб гэтым сцвярджалася ў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіі. Менавіта заходнія землі былой Кіеўскай Русі, землі сучаснай Беларусі з’яўляліся асновай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай магутнасці ВКЛ. Умацаванне дзяржавы і пашырэнне яе тэрыторыі адбываліся ў адных выпадках пры дапамозе ваеннай сілы, у другіх – на аснове пагадненняў паміж рускімі і літоўскімі князямі, у трэціх – шляхам дынастычных шлюбаў. Ужо ў XIV ст. ВКЛ са сталіцай у г. Вільня ахоплівала тэрыторыю цяперашніх Беларусі і Літвы, большую частку Украіны і частку Расіі (Смаленскую, Тульскую і Арлоўскую вобласці). У XV ст. пры вялікім князе Вітаўце яно прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і ад межаў Польшчы і Венгрыі да Падмаскоўя.

Складанай і супярэчлівай была знешняя палітыка ВКЛ:

- у XIV-XV стст. ВКЛ вяло барацьбу з нямецкімі ордэнамі, татарскімі ханствамі і было занята адносінамі з Польшчай. Заключэнне ў 1385г. князем Ягайлам Крэўскай уніі азначала пераарыентацыю ВКЛ на захад і спробу з польскага боку ін-карпарыраваць княства ў карону;

- у XV-XVI стст. асноўным вектарам знешняй палітыкі ВКЛ сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай – Маскоўскім вялікім княствам (МВК), якое па меры свайго ўзвышэння станавілася цэнтрам збірання ўсіх рускіх зямель. Узнікшыя ў барацьбе за лідэрства ва ўсходнеславянскім свеце войны канца XV – першай паловы XVI стст. (1487-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522, 1534-1537гг.) паміж ВКЛ і МВК, пераход ад Вільні да Масквы Вяземскага, Бранскага, Ноўгарад-Северскага і іншых княстваў, Смаленскай зямлі, прызнанне за Маскоўскім гасударам тытула “вялікага князя ўсея Русі” – усё гэта сведчыла аб умацаванні пазіцый МВК і аслабленні ВКЛ. К сярэдзіне XVI ст. ВКЛ ужо не магло на роўных супрацьстаяць Рускай дзяржаве і вымушана было пайсці на больш цеснае дзяржаўнае аб’яднанне з Польшчай.

3. Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё ВКЛ. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ вызначалася працэсам станаўлення феадальных адносін і паступовага запрыгоньвання сялян. Асновай эканомікі з’яўлялася сельская гаспадарка, галоўным сродкам вытворчасці і багацця краіны была зямля. Буйнейшым зямельным уласнікам была дзяржава, значным зямельным фондам валодаў вялікі князь. Паступова ўсе больш угоддзяў трапляла ва ўласнасць шляхты. Землеўладальнікамі з’яўляліся таксама царкоўныя ўстановы і духоўныя іерархі.

У залежнасці ад уладальнікаў зямля дзялілася на наступныя катэгорыі:

  • дзяржаўную (гаспадарскую),

  • прыватнаўласніцкую (княжацкую) і баярскую,

  • царкоўную.

Сяляне, якія жылі на гэтых землях, дзяліліся адпаведна на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных. А ў адпаведнасці са сваім маёмасна-падаходным становішчам і ў залежнасці ад ступені асабістай свабоды, сяляне дзяліліся на наступныя катэгорыі: чэлядзь паднявольная, цяглыя, людзі служэбныя (служкі), ”пахожыя” і “непахожыя” сяляне.

Першапачаткова феадальная гаспадарка насіла натуральны характар. У XIV-XV стст. асноўнымі павіннасцямі сялян былі грашовы чынш і, галоўным чынам, натуральная (прадуктовая) даніна. У XV ст. пачаўся пераход на адработачную рэнту (паншчыну ці баршчыну). Разам з ростам прывілеяў шляхты ішло ўзмацненне асабістай залежнасці сялян. Прывілей 1447г. юрыдычна аформіў запрыгоньванне большай часткі сялян. Ён зацвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 гадоў, становяцца “непахожымі”.

Аграрная рэформа 1557г. Жыгімонта II Аўгуста, якая увайшла ў гісторыю пад назвай “валочная памера”, забяспечыла масавае запрыгоньванне сялян. Згодна рэформы, уся зямля (спачатку ў вялікакняжацкіх уладаннях, а потым і ў астатніх феадалаў) падзялялася на роўныя надзелы – валокі (21,3 га). Лепшыя землі забіраліся пад фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну (баршчыну). Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Сяляне гублялі права пераходу да іншага гаспадара і станавіліся цалкам прыгоннымі. Вось у чым сутнасць фальварачна-паншчыннай сістэмы, канчаткова замацаваўшай на беларускіх землях прыгоннае права.

У той жа час у сацыяльна-эканамічным развіцці ўзрастае роля гарадоў як цэнтраў рамяства і гандлю. Гарады і паселішчы га-радскога тыпу – мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях.

З ростам гарадоў іх насельніцтва імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці і атрымаць свабоду. Таму з канца XIV ст. літоўскія князі сталі дараваць гарадам права на самакіраванне, названае магдэбургскім (па ўзору права, якім валодаў г. Магдэбург). Насельніцтва гэтых гарадоў вызвалялася ад паншчыны і адработачных павіннасцей на карысць феадала. Яны замяняліся адзіным грашовым падаткам. Ствараўся выбарны орган кіравання горадам – магістрат, які складаўся з рады і лавы (суда). Месцам знаходжання магістрата былі спецыяльна пабудаваныя будынкі – ратушы. Першымі з беларускіх гарадоў дабіліся самакіравання Бярэсце (Брэст, 1390г.), Слуцк (1441г.), Горадзень (1496г.), Полацк (1498г.), Мінск (1499г.). Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі.

Што тычыцца духоўна-культурнага развіцця Беларусі ў складзе ВКЛ, то патрэбна перш за ўсё ўразумець, што ў другой палове XIII – першай палове XVI стст. паскорыўся працэс этнічнай кансалідацыі і стварэння перадумоў для ўзнікнення беларускай народнасці. Пачы-наўся гэты працэс яшчэ ў перыяд існавання саюзаў усходне-славянскіх плямёнаў і стварэння на тэрыторыі Беларусі Полацкага і іншых княстваў. Але тады насельніцтва розных тэрыторый захоўвала шэраг асаблівасцей у мове, абрадах, культуры, гаспадарчым укладзе. Існаванне ВКЛ стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці.

Якія ж фактары садзейнічалі гэтаму працэсу?

Па-першае, утварэнню беларускай народнасці садзейнічалі палітычныя фактары. Узнікшая пагроза з боку крыжакоў і мангола-татараў і далейшае сацыяльна-эканамічнае развіцце абумовілі ўваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ. А ў межах ВКЛ была ліквідавана сістэма мясцовых княжастваў, арганізавана адзінае дзяржаўнае кіраўніцтва, уведзена адзінае законадаўства, узмоцнены палітычныя сувязі паміж яе рознымі тэрыторыямі. Беларуская народнасць стваралася ў межах тэрыторыі, дзе пражывалі патомкі дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў і часткова севяран, драўлян і валынян. Побач з імі ў склад беларускай народнасці ўвайшлі іншамоўныя элементы (літоўцы, яцвягі, татары і інш.) У выніку на вялікай прасторы між Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе, Дняпром і Сожам на ўсходзе да XIV ст. сфарміравалася этнічная тэрыторыя беларускай народнасці.

Па-другое, ва ўтварэнні беларускай народнасці важную ролю адыгралі сацыяльна-эканамічныя фактары. Далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю, узрастанне ролi гарадоў, як цэнтраў рэгіянальная і транзітнага гандлю, усталяванне адзінай грашовай сістэмы (літоўскі паўгрош чаканкі віленскага манетнага двара) – усё гэта вяло да ўзмацнення эканамічных сувязей, стварэння адзінага ўнутранага рынку.

У XIV – XVI стст. завяршылася фарміраванне асноўных сацыяльных саслоўяў беларускай народнасці: розныя катэгорыі феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоўе; працаўнікі вёскі – у прыгоннае сялянства, жыхары гарадоў і мястэчак – у саслоўе мяшчан. Сяляне і рамеснікі склалі асноўнае ядро беларускай народнасці.

Па-трэцяе, важную этнакансалідуючыю ролю адыгрываў канфесійны фактар. Большасць беларускага насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя (з 1596г. – уніяцтва), што садзейнічала развіццю моўных, культурных традыцый, фарміраванню этнічнай супольнасці. Паступова склаўся менталітэт беларускага народа, для якога характэрны нацыянальная і рэлігійная талерантнасць, гасціннасць, дабрыня, працавітасць.

Развіццё этнічнай самасвядомасці прывяло да таго, што за беларускімі землямі замацавалася саманазва “Літва” і “Русь”. Паступова землі, размешчаныя ў басейнах Заходняй Дзвіны і Дняпра атрымалі назву “Белая Русь”. З канца XVI – пачатку XVII стст. насельніцтва гэтых зямель вызначала сябе “беларусцамі”. Назва і саманазва “Беларусь” для азначэння ўсіх беларускіх зямель і народа атрымала шырокае распаўсюджванне пазней (у другой палове XIX ст.).

Такім чынам, сукупнасць дзейнасці ўсіх этнаўтваральных фактараў садзейнічала фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як тэрытарыяльнае адзінства, адносная агульнасць мовы, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, самасвядомасць, менталітэт і этнонім (назва і саманазва).

Матэрыяльная і духоўная культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. развівалася на аснове:

па-першае, традыцый старажытнарускай і візантыйскай культур;

па-другое, пад уздзеяннем мясцовых прыродна-геаграфічных умоў;

а таксама сацыяльна-эканамічнага і грамадскага-палітычнага ладу ВКЛ.

У гэты перыяд фарміравалася старабеларуская мова і закладваўся падмурак уласнабеларускай мовы і літаратуры. З усіх жанраў беларускай літаратуры найбольш бурна развіваліся летапісы, як гістарычна-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах (“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”).

У канцы XV – пачатку XVI ст. склаліся перадумовы Адраджэння, альбо Рэнесансу на Беларусі. Найбольш слынным прадстаўніком рэнесанснай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францішак Скарына (1490-1551гг.). Намаганнямі Ф.Скарыны і іншых дзеячаў беларускага Адраджэння ствараліся выдатныя літаратурныя творы, развівалася філасофская, прававая і палітычная думка, асветніцтва. Шырокае распаўсюджванне атрымала архітэктура і выяўленчае мастацтва, абароннае і культавае будаўніцтва.

Такім чынам, беларуская культура актыўна ўключалася ў еўрапейскі культурна-гістарычны працэс. Выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі абумовіла яе ролю культурнага пасрэдніка паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам.

Асноўныя паняцці і азначэнні

Беларуская народнасць.

Белая Русь.

Магдэбургскае права.

Рэнесанс.

Рэнта.

Фальварачна-паншчынная сістэма.

Чынш.

Шляхта.

Этнас, этнічная супольнасць, этнонім.

Пытанні для самакантролю

  1. Назавіце асноўныя тэндэнцыі ў развіцці заходнееўрапейскіх дзяржаў XIII-XV стст.

  2. У чым выражалася місіянерска-каланізатарская палітыка заходнееўрапейскіх дзяржаў?

  3. Якія наступствы мела феадальная раздробленасць Русі?

  4. Якія прычыны абумовілі ўтварэнне ВКЛ?

  5. Як складваліся адносіны ВКЛ з Польшчай і Маскоўскім вялікім княствам?

  6. Ахарактарызуйце сутнасць фальварачна-паншчыннай сістэмы.

  7. У чым заключаліся асаблівасці развіцця беларускай культуры ў XIII-XV стст.?