Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Кніга Гісторыя Беларусі 2008 г..doc
Скачиваний:
103
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.65 Mб
Скачать

§2. Першымі ўстановамі, дзе рыхтавалі пісьменных людзей, былі школы, якія ўтваралі брацтвы. У сярэдзіне хvіі ст. Такія школы створаны ў Віцебску, Полацку (1633 г.), Оршы (1648 г.).

Выкладанне ў школах вялося галоўным чынам на царкоўна-славянскай і беларускай мовах. Навучанне было бясплатным, вучыліся ў школах пераважна дзеці мяшчан (рамеснікаў і гандляроў), а таксама “ўбогія сіраты”, дзеці праваслаўнай шляхты і духавенства. Выкладалі ў школах як духоўныя, так і свецкія адукаваныя людзі. Кіраўнік школы называўся рэктарам. Ён, як і настаўнікі, выбіраўся на агульных сходах брацтваў. Найбольш актыўна дзейнічалі школы ў ХVІ–ХVІІ стст. Існуюць такія школы і ў некаторых маёнтках буйных феадалаў. Дзеці даволі заможных гараджан бралі ўрокі ў вандроўных настаўнікаў. З канца ХІV ст. асобныя маладыя шляхцічы і мяшчане маюць магчымасць паступіць і навучацца ў Кракаўскім, Пражскім і інш. універсітэтах. У другой палове ХVІ ст. актывізуюць дзейнасць у галіне асветы езуіты. У 80-х гг. езуіцкія калегіі адчынены ў Полацку, Нясвіжы. Акрамя калегіяў, іх намаганнямі ў 1578 г. адкрываецца першая вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія.

У далейшым у другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. асвета беларускага народа ажыццяўляецца ў больш цяжкіх умовах. Справа ў тым, што школы пры праваслаўных брацтвах падвяргаюцца пастаянным ганенням, аж да пагромаў. Іх учынялі езуіты і базыліянскае духавенства. Ідзе значнае скарачэнне колькасці школ, з-за чаго падае іх агульнаадукацыйнае значэнне. Нязначнае агульнаадукацыйнае значэнне школы маюць яшчэ і ад таго, што ў іх пануе рэлігійны светапогляд, беларуская мова замяняецца польскай, асвета становіцца манаполіяй каталіцкай і уніяцкай цэркваў.

У канцы ХVІІ ст. школьная адукацыя сканцэнтравалася ў асноўным у руках розных ордэнаў. Найбольшую колькасць школ мелі езуіты, якія карысталіся шырокай палітычнай і матэрыяльнай падтрымкай каралеўскай адміністрацыі, магнатаў, вышэйшага каталіцкага духавенства. За кошт іх шчодрых фундушоў (падараванняў) езуіцкія школы ўзніклі ў Полацку, Оршы, Віцебску і другіх гарадах. Але доступ ў гэтыя школы мелі толькі хлопчыкі са шляхецкіх сем’яў і багатых, знатных сем’яў гараджан.

Большасць такіх школ былі 3-5-класнымі. Навучанне ў кожным класе працягвалася год. У іх выкладаўся традыцыйны схаластычны курс “сямі вольных мастацтваў” – граматыка (“трывіум”), рыторыка, дыялектыка, арыфметыка (квадрыум), геаметрыя, музыка і астраномія. Выкладанне вялося на лацінскай мове і было прасякнута багаслоўем. Праўда, у ХVІІ–ХVІІІ стст. у асобных школах было ўведзена вывучэнне замежных моў; у некаторых – каб прыцягнуць большую колькасць вучняў – курс рускай мовы. Відаць, езуіцкія вучылішчы не карысталіся папулярнасцю сярод шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі, заставаліся для іх чужымі з-за духоўнай і палітычнай арыентацыі.

Прыцягваецца да актыўнай педагагічнай дзейнасці і уніяцкая царква. Яшчэ ў 1615 г. папа Рымскі Павел V дазволіў адкрываць у Беларусі школы базыліянам. І яны ў канцы ХVІІ ст. з’явіліся ў Віцебску, Полацку, Талочыне, Чарэі, Ушачах.

Акрамя езуітаў і базыліянаў, на педагагічнай ніве ў Беларусі дзейнічалі і іншыя манаскія ордэны. У працы школ было шмат недахопаў: панаванне царкоўна-рэлігійнай накіраванасці, акрэсленасць свецкіх дысцыплін і іншыя.

Між тым змены ў эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст., і перш за ўсё ўцягванне памешчыцкай гаспадаркі ў таварна-грашовыя адносіны, патрабавалі рэарганізацыі школьнай справы. Таму ў 40-х гг. ХVІІІ ст. робіцца першая рэформа. Узяўся за гэту справу адзін з прагрэсіўных прадстаўнікоў польскай асветы С.Канарскі. Хоць школы піяраў арганізаваны былі яшчэ на ўзор езуіцкіх, але тут былі і прагрэсіўныя моманты: у школы прымаліся дзеці розных слаёў насельніцтва, уключаючы сялян. Навучанне было бясплатным (плацілі толькі за выкананне пэўных манастырскіх работ, работ па абслугоўванні школы). Курс навучання быў разлічаны на 6 гадоў. За гэты час вучні павінны былі засвоіць не толькі суму ведаў па гісторыі, рэлігіі і багаслоўі, лацінскую мову, а таксама абавязковую для будучых дзеячаў каталіцкай царквы красамоўнасць. У праграму былі ўключаны і новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшчы, усеагульная гісторыя, “палітыка, або азнаямленне вучняў з творамі па пытаннях палітычных” і “з мясцовымі законамі і правамі”, а таксама польская мова.

У 60-х гг. ХVІІІ ст. прыхільнікі гаспадарчых і палітычных рэформ пачалі патрабаваць больш глыбокіх пераўтварэнняў у галіне асветы. Кіруючыя класы вымушаны былі пайсці на іх. Агульная рэформа асветы ў Рэчы Паспалітай адбылася ў пачатку 70-х гг. ХVІІІ ст. Спачатку ўтвараецца Адукацыйная камісія. Яна выпрацавала Статут “для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай”. За 20 год сваёй дзейнасці Камісія адкрыла 20 школ. Гэтыя школы з’яўляліся сярэдняй ступенню навучання. Паспяховае заканчэнне іх давала права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову. Ніжэйшай ступенню новай сістэмы павінны былі стаць прыходскія вучылішчы. Яны адкрываліся ў мястэчках і вёсках.

У сярэдніх школах адно з важнейшых месцаў займалі прадметы фізіка-матэматычнага цыкла, якія давалі практычныя веды. У аб’ёме гэтых прадметаў выкладалася земляробства, батаніка, садоўніцтва, мінералогія, гігіена, а таксама і гуманітарныя навукі: польская і лацінская мова, геаграфія, гісторыя, заканадаўства. У прыходскіх вучылішчах рэкамендавалася вывучаць асновы геаметрыі, даваць вучням элементарныя веды па ветэрынарыі, камерцыі, знаёміць са спосабам афарбоўкі воўны.

Статут Адукацыйнай камісіі патрабаваў ад настаўнікаў такіх метадаў навучання, якія б садзейнічалі развіццю мыслення вучняў: “Наогул настаўнікі старацца павінны, каб вучні больш рабілі поспехаў разважаннямі, чым завучваннем прадметаў на памяць”. Статут патрабаваў нагляднасці ў навучанні, уліку узроставых асаблівасцей вучняў, сувязі тэорыі з практыкай, паўтарэння пройдзенага матэрыялу. Але трэба адзначыць, што ўстаноў адукацыі было мала. У пачатку 80-х гг. у той частцы Беларусі, якая засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, налічвалася крыху больш за 200 пачатковых школ, у іх навучалася прыкладна 2500 чалавек. Толькі 30 % з іх былі дзяцьмі сялян, астатнія належалі да памешчыцкага саслоўя і шляхты.

Такім чынам, уся духоўная культура беларускага народа часоў Рэчы Паспалітай – яскравы адбітак палітычнай і ідэалагічнай барацьбы, якая вялася за права мець сваю мову, мастацтва, адукацыю, традыцыі і звычаі, свой лад жыцця. Канец ХV – ХVІ ст. характарызуецца значнымі зрухамі амаль ва ўсіх галінах духоўнага жыцця. На гэты перыяд прыпадае росквіт рэнесанснай культуры, пранікненне свецкіх гуманістычных і асветніцкіх павеваў у культуру Беларусі, пашырэнне дзяржаўнай і нацыянальна-патрыятычнай свядомасці ў розных колах грамадства.

Пытанні і заданні: 1. Дайце канкрэтнае гістарычнае азначэнне Адраджэнню. Назавіце агульнае і адметнае ў развіцці сярэднявечнай Еўропы. Якія значныя зрухі ў матэрыяльнай і духоўнай культуры адбыліся ў час эпохі Адраджэння на Беларусі? 2. Ахарактарызуйце жыццёвы і творчы шлях Францыска Скарыны, М. Гусоўскага, Мялеція Сматрыцкага, Казіміра Ляшчынскага, Сімяона Полацкага. 3. Як выглядала культура Беларусі (выяўленчае мастацтва, тэатр) у ХVІ - ХVІІІ стст.? 4. Прааналізуйце ўмовы, у якіх адбывалася падрыхтоўка пісьменных людзей на Беларусі ў ХVІ - ХVІІІ.