Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Белы (Назва Белая Русь у святле г_сторы_ вобразаў).doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
113 Кб
Скачать
☆

Белая Русь у заходнееўрапейскай геаграфічнай наменклатуры хiii—xvі ст.

Для метадалогіі даследаванняў гісторыі назвы Белая Русь (а фактычна, эвалюцыі таго геаграфічнага вобразу, які абазначаўся гэтай назвай) вельмі важнай уяўляецца наступная заўвага Дзм. Замяціна: „Рэпрэзентацыя геаграфічных вобразаў абапіраецца на выкарыстанне тэкстаў разнастайнага паходжання — гэта могуць быць навуковыя і мастацкія тэксты, газетныя артыкулы і інфармацыйныя нататкі, прыватная перапіска, дзённікі, афіцыйныя дакументы, стэнаграмы перамоў, рэклама... У цэлым для большасці геаграфічных вобразаў характэны разнародны генэзіс (гетэрагеннасць паходжання)”12. Сапраўды, і гiстарычныя крынiцы для рэканструкцыі (і рэпрэзентацыі) вобразу Белай Русі XІІI—XVI ст. (сярод якiх абсалютна пераважаюць дакументы заходнееўрапейскага паходжання) надзвычай разнастайныя: хронiкi («Хронiка Канстанцкага сабора», «Венгерская хронiка» Мюгельна, «Хронiка Польшчы» Яна з Чарнкова, «Нюрнбергская хронiка» i г.д.); энцыклапедычныя i гiсторыка-геаграфiчныя трактаты (Дублiнскi рукапiс, «Трактат пра дзве Сарматыi» Мяхоўскага, «Касмаграфiя» Мюнстэра); геаграфiчныя карты (пачынаючы з Фра Маўра і Генpыха Маpтэла) і глобусы (Іагана Шонеpа, Каспара Вопеля і інш.); фрагменты дыпламатычнай карэспандэнцыi (у першую чаргу, нямецкіх і італьянскіх дзяржаў); помнiкi агiяграфii («Жыціе Св. Кунегунды»); паэтычныя творы (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха, М. Баярда, Я. Вiслiцкага) i нават працы па астраномii i астралогii (таблiца эфемерыд Бема, Холмскi астралагiчны зборнiк)[13]. Аднак, безумоўна, „падложкай” для ўсіх магчымых рэпрэзентацый служыць той картаграфічны вобраз Беларусі, які склаўся за апошнія 400 з нечым гадоў у выніку чыста „пазітывісцкага” картаграфавання з выкарыстанем метадалогіі дакладных навук.

Узнікненне тэрмiна Russia Alba і яго замацаванне ў сярэднявечнай геаграфiчнай наменклатуры, хутчэй за ўсё, звязанае з памылковымi ўяўленнямi схаластаў пра Албанiю — кантамiнацыю Албанii антычных i раннесярэднявечных аўтараў, Аланii продкаў сучасных асецiнаў i паўночнай «Албанii» вепсаў-вiцаў. Для вучонага ХІІІ ст. Барталамея Англiйскага Албанiя — «правiнцыя Малой Азii, названая паводле колеру народаў, бо нараджаюцца яны з белымi валасамi... Гэтая Албанiя мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меатыйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў. У гэтай зямлi жывуць велiзарныя сабакi, такiя лютыя душой i целам, што валяць на зямлю быкоў i забiваюць iльвоў i сланоў... А вочы ў гэтага народа афарбаваныя i зеленаватыя ў зрэнках, таму яны лепш бачаць уначы, як удзень»[14].

Фантастычныя атрыбуты Албанiі (людзі, якія нараджаюцца сівымі, велізарныя сабакі і г.д.) прасочваюцца ў еўрапейскай традыцыі, пачынаючы з 9-й кнігі «Этымалогiй» вучонага-энцыклапедыста VII ст. Ісiдора Севiльскага. «Этымалогіі» аказалі ці не найбольшы ўплыў на фармаванне сістэмы геаграфічных уяўленняў сярэднявечча — «хрысціянскай тапаграфіі». Заснаваная не столькі на досведзе, колькі на літаральна-наіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, гэтая дагматычная карціна свету карэнным чынам адрознівалася ад сучаснай. І сучаснае тлумачэнне любых геаграфічных тэрмінаў Сярэднявечча магчымае толькі ў кантэксце гэтай сістэмы ўяўленняў. Менавіта ў Ісідора, калi не непасрэдна, дык праз твор французскага пiсьменнiка XII ст. Ганорыя Аўгустадунскага «Пра вобраз света» пазычалі звесткі пра Албанію сярэднявечныя схаласты. Прыведзенае вышэй апiсанне Албанii было агульным месцам, пераходзячы ад аднаго аўтара да iншага. Паказальна, што менавiта такiм чынам, як i ў Ісiдора, Ганорыя i iх паслядоўнiкаў, — ад колеру валасоў i скуры — выводзiлi i назву Белая Русь у першых навачасных спробах яе тлумачэння. Пачаткова Russia Alba магла азначаць «частку Русi, якая калiсьцi была Албанiяй», цi «краiну, якую калiсьцi насялялi албаны»[15].

Навуковым, у т.л. i геаграфiчным поглядам схаластаў былi ўласцiвыя кампiлятыўнасць, эклектычнасць, несамастойнасць. Нават пры аспрэчванні ўласным досведам аўтарытэту папярэднiкаў, дадзеныя апошнiх працягвалi суiснаваць з новымi. Псеўдагеаграфiчныя назвы, створаныя фантазiяй, а iншым разам — i неахайнасцю або несумленнасцю падарожнiкаў цi шкаляроў, звычайна не адкiдалiся за непатрэбнасцю. Іх iмкнулiся дапасаваць да малавядомых тэрыторый, калi для таго быў хоць нейкi прэтэкст, цi выкарыстоўвалi пры «хрышчэннi» толькi што адкрытых земляў. Свядомасць сярэднявечнага чалавека з лёгкасцю фабрыкавала як бясконцыя «святыя» рэлiквii, так i рознага кшталту монстраў, прывідаў, міфічных жывёл і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны. Як заўважыў Ж. Ле Гоф, «людзi сярэднявечча ўваходзiлi ў кантакт з фiзiчнай рэальнасцю праз пасрэднiцтва мiстычных i псеўданавуковых абстракцый»[16]. Менавiта такiмi абстракцыямi былi амаль любыя геаграфiчныя назвы вядомага сярэднявечнаму еўрапейцу свету, Orbis Latinus — асаблiва калi гутарка ішла пра далёкiя i малавядомыя краiны. Але гэтыя, у азначэнні Дзм. Замяціна, геаграфічныя вобразы ўсё ж адыгрывалі пэўную пазітыўную псіхалагічную ролю, запаўняючы жахлівую пустэчу невядомых прастораў.

Гэтая з’ява, зрэшты, выходзiць далёка за рамкi сярэднiх вякоў. Ужо ў Найноўшы час многiя назвы, вядомыя з антычнай традыцыi цi створаныя ў сярэднявеччы, якiм не знайшлося месца на Зямлi, ужылi для абазначэння аб’ектаў на iншых планетах. Так, антычныя географы яшчэ iянiйскага перыяду (VI—IV ст. да н.э.) змяшчалi вытокi многiх еўрапейскiх рэк, якiя ўпадаюць у Чорнае мора, у так званых Рыфейскiх гарах. Іх рэальным прататыпам мог быць Каўказ; але зыходзячы з таго, што на многіх картах XVI ст. Рыфей служыў водападзелам Дняпра з Дзвiной i Нёманам, яго трэба было б атаясамiць з Беларускай градой (назваць якую горнай сiстэмай было б вялiкай нацяжкай). Калi iснаванне Рыфейскiх гор, у розных касмаграфiях i на старых картах часта згадваных побач з Белай Руссю, не пацвердзiлася, iх назву спачатку спрабавалi дапасаваць да Урала (што захавалася да нашага часу ў назве буйнога падраздзела агульнай стратыграфічнай шкалы — Рыфей); ужо ў XX ст. iм нарэшце знайшлi «прытулак» на Месяцы. Сапраўдная Каўказская Албанiя канчаткова заняла сваё «лагічнае» месца на карце толькi ў XVIII ст. Тэрмiн Белая Русь у сярэднявечных схаластаў, а потым і ў вучоных-гуманістаў доўгi час быў такой жа псеўдагеаграфiчнай назвай, як Туле цi Рыфей[17].

Калi б вядомы слоўнiк лацiнскiх геаграфiчных назваў сярэднявечча Orbis Latinus[18] складалi не ў XIX, а ў XV—XVI стст., безумоўна, разам з Thule i Riphaei, Albania i Russia туды трапiла б i Russia Alba. Гэтая вучоная назва ў дачыненнi да Ноўгарада гучала не менш узнёсла, чым Caledonia да Шатландыі, Hibernia — да Ірландыi, Lusitania — да Партугаліi, Helvetia — да Швейцарыi i г.д. Як правіла, краіны называлі імёнамі народаў, якія насялялі іх у рымскую эпоху ці ўвогуле ў такой старажытнасці, якую маглі прасачыць схаласты па сваіх крыніцах. Часта такія традыцыйныя вучоныя назвы набывалi вядомасць больш шырокую, чым аўтэнтычныя. Belgica i Britannia ўрэшце зрабiлiся афiцыйнымi для адпаведных краiн, а Bohemia доўгi час выкарыстоўвалася ў гэтай якасцi.

Тыя паэтычныя творы на нямецкай (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха) і італьянскай (М. Баярда) мове XIV—XV ст., у якіх згадваецца Белая Русь, падаюць яе не як дакладна акрэсленую вобласць зямной прасторы, але рачэй як нейкую сімвалічную краіну на Ўсходзе, поўную падступных паганцаў, фантастычных пачвараў і іншых небяспек, куды шляхетныя рыцары выпраўляліся дзеля славы, дзеля гераічных учынкаў у гонар прыгожых дам і пашырэння сапраўднай веры. Магчыма, сляды такога вобраза Белай Русі бачныя і ў паэме Я. Вiслiцкага пач. XVІ ст. „Пруская вайна”. Такі аспект вобразу цесна звязаны са шматвекавым успрыняццем Белай Русі як апошняй мяжы, „франтыру” заходняга свету, што было выклікана ў тым ліку шматлікімі спробамі рэалiзаваць унiю каталiцкай i праваслаўнай цэркваў. Доўгі час на Захадзе чарговы рост цікавасці да далёкай і малавядомай Русі назіраўся ў асноўным тады, калі ўзнікалі спадзяванні (заўжды марныя) на яе хуткі пераход у каталіцтва. Справа уніі падавалася зусім блізкай да поспеху ў сярэдзіне ХIII ст. (міфічная «Суздальская унія»), затым на Канстанцкiм саборы ў пачатку XV ст., а наступныя спробы прыпадаюць на Ферара-Фларэнтыйскi сабор (1438—1445 г.) і шлюб Івана III з Зояй Палеалог (1472 г.). З усімі гэтымі падзеямі так ці інакш звязаныя цэлыя пласты «альбарусікі»[19].

Яшчэ адзін аспект традыцыйнага заходнееўрапейскага вобразу Белай Русі — экзатычная, істотна адрозная прырода. Вядома, рэальная флора, фаўна або ландшафт Беларусі мала адрозніваюцца ад звыклых еўрапейцам (хаця менавіта Беларусь адыграла важную ролю ў захаванні пэўных біялагічных відаў, якім у Еўропе пагражала поўнае знікненне, як, напрыклад, зубра і бабра). Аднак з пункту гледжання гісторыі вобразаў, галоўная задача якіх — не інфармаваць, а ўразіць аўдыторыю, гэта неістотна. Агульным месцам у еўрапейскай навуцы на працягу доўгага часу было меркаванне пра багацце і разнастайнасць флоры ў Белай Русі, дзе, паводле С.Мюнстэра „нашмат больш травянiстых раслiн, чым на Доне (цi Танаiсе), там таксама шмат трыснёгу (Reu Ponticum), якi расце i ў Лiтве, i ў пяць разоў больш розных траў i карэнняў, якiя нiдзе больш не сустрэнеш”[20]. Польскi пiсьменнiк i гiсторык лiтаратуры XVІІ ст. Шымон Старавольскi, тлумачачы сэнс i паходжанне назвы Белая Русь, даводзiў: «Русь, сумежная i падуладная Вялiкаму княству Лiтоўскаму, называецца папросту Белай часткова таму, што жыхаpы белы колеp маюць i белае адзенне ў стаpажытныя часы ўжывалi... часткова таму, што доўга пад белым снегам [знаходзiцца зямля]. Але i пpыpода там увогуле белая — ваўкi, мядзведзi i зайцы белыя...»[21]. Але нават і сёння ў Польшчы жыхароў Беластока часта пытаюць ці то жартам, ці то амаль усур’ёз, ці водзяцца ў горадзе белыя мядзведзі[22].

Вобразныя атрыбуты Белай Русі, якія прасочваюцца ў заходнееўрапейскай навуковай і літаратурнай традыцыі ХIII—XVІІ ст., істотна адрозніваюцца ад тых вобразаў Беларусі, якія склаліся ў апошнія 100—150 гадоў і якія мы звыкла ўспрымаем як „спрадвечныя”, нязменныя. Але нечаканыя, нават фантастычныя, рысы Белай Русі не толькі істотна ўзбагачаюць нашу культуру, але і могуць служыць зыходным матэрыялам для канструкцыі новага вобразу краіны, больш цесна інтэграванага ў еўрапейскую і сусветную культуру. Гэтыя гуманітарныя распрацоўкі, апроч акадэмічнага, маюць і чыста практычны інтарэс: паляпшэнне знаёмасці вобразу нашай краіны, без чаго цяжка разлічваць на выгоднае месца ў сучаснай глабальнай эканоміцы.

1 Мыльников А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI — начала XVIІІ в. СПб., 1999. С. 11.

2 Тамсама. С. 13—14.

3 Тамсама. С. 14.

4 Lewis M.W., Wigen K.E. The Myth of Continents: A Critique of Metageography. Berkeley, 1997. Р. 82

5 Замятин Д.Н. Метагеография: Пространство образов и образы пространства. М., 2004. С. 110.

6 Йейтс Ф. Искусство памяти. СПб., 1997. С. 13.

7 Борисовская Н. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. М., 1992. С. 20.

8 Замятин Д.Н. Метагеография. С. 14—15

9 Тамсама. С. 20.

10 Борисовская Н. Старинные гравированные карты и планы. С. 8.

11 Йейтс Ф. Искусство памяти. С. 22.

12 Замятин Д.Н. Метагеография. С. 16.

13 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 14.

14 Бартоломей Английский. О свойствах вещей (De proprietatibus rerum) // Матузова В. И. Английские средневековые источники IX—XIII вв. М., 1979. C. 72, 80; Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 25.

15 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 29, 185.

16 Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992. С. 130.

17 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 39—40.

18 Graesse J. G. Th. Orbis Latinus oder Verzeichniss der lateinischen Benennungen. Dresden, 1861.

19 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 57.

20 Тамсама С. 132, 179.

21 Тамсама. С. 176.

22 Łatyszonek O. From White Russia to Belarus ? P. 13