Вобразы і прастора: Метагеаграфія.
Імагалогія ў інтэрпрэтацыі А.Мыльнікава не мае жорсткай прывязкі да прасторы. Увогуле гэты тэрмін выкарыстоўваюць часцей для вызначэння „філасофіі” мас-медыя, чым у значэнні, прапанаваным пецярбургскім антраполагам. Яшчэ адзін „модны” тэрмін, які выражае імкненне сучасных даследчыкаў пераадолець цесныя рамкі традыцыйных гуманітарных дысцыплін — метагеаграфія. (Паводле замыслу стваральнікаў тэрміна — „звышгеаграфія”). Па меры таго, як зямная тэрыторыя робіцца ўсё больш вывучанай як фізічная прастора (што асабліва красамоўна адлюстроўваецца праз выкарыстанне геаграфічных інфармацыйных сістэм і GPS-навігацыі), інтарэсы крытычна думаючых географаў зрушваюцца ў вобласць пазнання „сэнсаў” і „вобразаў”, якімі напоўненая прастора ва ўяўленнях людзей розных эпох і культур. У пэўным сэнсе, сучасны зварот да метагеаграфіі — гэта вяртанне да Сярэднявечча, адмаўленне аптымістычнага, антрапацэнтрычнага светапогляду Новага Часу, накіраванага на бясконцае пашырэнне і засваенне свету.
Паводле вызначэння Марціна Льюіса і Карэн Уігэн, якія, здаецца, і ўвялі тэрмін „метагеаграфія” ў 1997 г. у кнізе „Міф пра кантыненты: крытыка метагеаграфіі”, пад ім разумеецца „сукупнасць прасторавых структур, пры дапамозе якіх людзі арганізуюць свае веды пра свет: пераважна несвядомыя ментальныя ўзоры, якія перадвызначаюць пазнанне гісторыі, сацыялогіі, антрапалогіі, эканомікі, палітычных навук, і нават натуральнай гісторыі”[4]. Пад „светам” разумеецца не столькі традыцыйна зразумелы „фізічны” свет, колькі свет ментальны, культурны.
На рускай мове ідэі метагеаграфіі ўпершыню сфармуляваныя літаральна летась, у кнізе Дзмітрыя Замяціна „Метагеаграфія: Прастора вобразаў і вобразы прасторы” (2004). Паводле яе, метагеаграфія — гэта, так бы мовіць, культурная геаграфія. Яе прадмет — не прастора як фізічны аб’ект, а тое, як гэты аб’ект у сваіх разнастайных праявах бачыцца і асэнсоўваецца чалавекам. Вобразы, якія ўзнікаюць пры гэтым (як і любыя вобразы) — суб’ектыўныя і зменлівыя, але часам на дзіва устойлівыя. Гутарка ў кнізе Замяціна ідзе пра структураванне не прасторы „як такой", а яе ментальных, у т.л моўных вобразаў. Ключавое паняцце канцэпцыі Замяціна — „геаграфічны вобраз”. Такія вобразы „узаемадзейнічаюць і ствараюць уласную метагеаграфічную прастору”. Пры такім падыходзе картаграфаванне быццам апераджае рэальную прастору, „дыктуе” ёй свае ўмовы, а картаграфічныя вобразы стала канструююць, удакладняюць, перафарміроўваюць рэальную прастору. Гэта выдатна пацвярджаецца гісторыяй Белай Русі — Беларусі, якая дае яскравы прыклад таго, як дзеля створанай каля 750 гадоў таму штучнай назвы, і паслядоўнасці геаграфічных вобразаў, з ёю звязаных, канструюецца цэлая краіна.
Развіваючыся і ўзаемадзейнічаючы ў канкрэтнай культуры, геаграфічныя вобразы, паводле Замяціна, ствараюць „геакультуру”, у якой гістарычна складваецца, „назапашваецца” традыцыя асэнсавання гэтых вобразаў: „Пэўная культура „калекцыянуе” пэўныя геаграфічныя вобразы, набываючы пры гэтым тыя ці іншыя вобразна-геаграфічныя канфігурацыі"[5]. У рамках новай навуковай дысцыпліны Замяцін прапануе стратэгіі рэпрэзентацыі і інтэрпрэтацыі географічных вобразаў у гуманітарных навуках, уводзячы паняцце культурна-геаграфічных вобразаў, г.зн. устойлівых прасторавых уяўленняў пра культурныя аб’екты. Культурна-геаграфічныя вобразы разглядаюцца адначасова як частка, элемент і фактар культуры.
