
Вобразы, месцы і ars memorativa
Наколькі можна меркаваць, прыхільнікі як метагеаграфіі, так і імагалогіі або незнаёмыя, або не здолелі скарыстацца з высноў брытанскай даследчыцы Фрэнсіс Йейтс, адной з буйных прадстаўніц школы „гісторыі ідэй”. Між тым, яна яшчэ 40 гадоў таму звярнула ўвагу на сувязь антычнай і сярэднявечнай мнематэхнікі („майстэрскай памяці”) з уяўленнем аб прасторы. Класічнае вызначэнне „майстэрскай памяці” базіруецца на суаднясенні вобразоў (images) і месцаў (loci). Вынаходніцтва гэтага „майстэрства”, або „мастацтва” (ars memorativa), прыпісваецца старажатнагрэцкаму паэту VI—V ст. да н.э. Сіманіду Кеоскаму, які прыйшоў да высновы, што тым, хто жадае развіць памяць, трэба „адабраць месцы і сфармаваць уяўныя вобразы тых рэчаў, якія яны хочуць запомніць, і затым размясціць гэтыя вобразы на месцах, так што парадак месцаў будзе захоўваць парадак рэчаў, а вобразы рэчаў будуць абазначаць самі рэчы, і мы будзем выкарыстоўваць гэтыя месцы і вобразы, адпаведна, як васковыя таблічкі для пісьма і напісаныя на ніх літары”[6]. Прыклад выкарыстання „майстэрскай памяці” — гэта музей, прасторавая арганізацыя якога прадуманая такім чынам, каб забяспечыць найлепшае запамінанне вобразаў выстаўленых у ім экспанатаў. Паўтор у думках маршруту экскурсіі мусіць выклікаць у памяці звязлае апавяданне ў вобразах. Іншы прыклад — літаратурны жанр, якія дае найбольш рэзанансныя і трывалыя творы, такія, як „Адысея”, „Боская камедыя”, „Дон Кіхот”, „Падарожжы Гулівера”, „Піквікскі клуб”, „Мёртвыя душы” або нават „[12] крэслаў” ці „Лаліта”: ці выпадкова ўсё гэта „раманы-падарожжы”? Нават калі дзеянне такіх эпічных твораў, як „Пан Тадэвуш” або „Новая зямля”, не мае „вандроўніцкай дынамікі”, яно ўсё роўна мае сваю „метагеаграфію”, больш статычную, бадай, „хатнюю”. Фактычна Ф.Йейтс сцвярджае, што сапраўды эфектыўная арганізацыя памяці магчымая толькі пры суаднясенні вобразаў, складзеных у сістэму, з аб’ектамі той ці іншай замкнёнай прасторы, рэальнай ці ўяўнай. Зрэшты, і „рэальнасць”, і „уяўнасць” — гэта толькі крайнасці: як правіла, прастора нават самага рэалістычнага літаратурнага твору дапускае пэўныя скажэнні дзеля лепшай мастацкай пераканаўчасці (можна сказаць, лепшай запамінальнасці), а аб’екты выдуманай прасторы многіх твораў (напрыклад, ваколіцы Сапліцова ў „Пане Тадэвушы” або Вільня дзядзькі Антося з „Новай Зямлі”) маюць рэальныя „фізіка-геаграфічныя” прататыпы.
Як паказвае Ф.Йейтс, аrs memorativa, вельмі папулярнае ў антычнасці і Сярэднявеччы, выйшла з ужытку з надыходам Новага Часу. Невыпадкова гэты заняпад супадае з часам найвышэйшага росквіту картаграфіі як мастацтва. Картаграфія XVI—XVIІ cтст., як ніякай іншай эпохі, была найбольш блізкая да мастацтва, прычым масавага. Ніколі больш — ані да, ані пасля таго — карты не спалучалі ў такой ступені высокага мастацкага афармлення і насычанасці вобразамі, з адносна шырокай даступнасцю і масавым інтарэсам, прэстыжнасцю. На кароткі час картаграфія здолела авалодаць масавай увагай, як у свае часы тэатр, кіно або Інтэрнэт — невыпадкова першы вялікі геаграфічны атлас, створаны Абрахамам Артэліям у 1571 г., называўся „Відовішча (або Тэатр) Зямнога Свету” — Theatrum Orbis Terrarum. Аднак падобна, што развіццё картаграфічных тэхналогій — матэматычных праекцый, геадэзічных інструментаў, спосабаў друку і г.д. — скасавала архаічныя, індывідуальныя, „саматужныя” спосабы запамінання і асэнсавання зямной прасторы. Гэтаксама пісьмовая фіксацыя паэзіі скальдаў сімвалізавала канец эпохі вуснай творчасці ў скандынаваў, а шырокае распаўсюджанне вылічальнай тэхнікі на працягу жыцця цяперашняга пакалення прывяло да заняпаду здольнасцяў хутка лічыць у галаве. Гісторык картаграфіі Н.Барысоўская заўважае: „Карты робяцца ўсё больш дакладнымі, метады здымак усё больш дасканалымі — адбываецца спецыялізацыя галінаў навукі, якая ўсё больш аддаляецца ад мастацтва. Непазбежнае наступства паглыблення і дыферэнцыяцыі пазнання свету — страта адчування яго еднасці”[7]. Вельмі паказальна, што сваё сучаснае месца на „ментальнай” карце еўрапейскай цывілізацыі назва Белая Русь набыла менавіта ў 1570—1580-х гг. — у той самы час, калі еўрапейскія географы адмовіліся ад пталемееўскай карціны свету, а памяць, паводле Ф.Йейтс, канчаткова перастала ўспрымацца як „мастацтва”, зрабіўшыся „тэхнікай.
Заняпад аrs memorativa, які на некалькі стагоддзяў схаваў ад відавочнага ўспрыняцця сувязь паміж images і loci, наўрад ці мог істотна змяніць прыроду самой памяці. Магчыма, памяць, паводле вызначэння Ф. Йейтс, „найбольш фундаментальная і цяжкаўлоўная чалавечая здольнасць”, цесна і арганічна звязаная са здольнасцю ўяўляць прастору, і любая сістэма вобразаў, калі яе хочуць захаваць хаця б адносна стабільнай, перадаць іншым людзям ды наступным пакаленням, непазбежна прымае выгляд, структурна падобны да геаграфічнай карты, плана, схемы і г.д.
Хаця амаль любы геаграфічны вобраз (як і назва, якая яго абазначае) сваім узнікненнем вельмі часта абавязаныя кур’ёзам, памылкам ці недакладным інтэрпрэтацыям фактаў, гэты „пачатковы абсурд” усё ж не зусім пазбаўлены сэнсу. Без гэтых міфалагічных, недакладных, абсурдных вобразаў, якія рана ці позна падлягаюць знішчальнай крытыцы наступных пакаленняў і „здаюцца ў архіў”, абстрактнае мысленне было б немагчымым увогуле. Гэта выдатна ўсведамлялася буйнымі вучонымі Антычнасці і Сярэднявечча. Яшчэ Арыстоцель у трактаце „Пра памяць” адзначаў: «Немагчыма мысліць без уяўнага вобразу (aneu phantasmatos)». Праз 16 стагоддзяў яго паўтараў Тамаш Аквінскі: «Чалавек не ў стане зразумець нічога без дапамогі вобразаў (phantasmata); вобраз ёсць падабенства цялеснай рэчы; інтэлект суадносіцца з усеагульным, якое здабываецца з адзінкавых рэчаў» — гэтае выказванне трэба прызнаць універсальным, справядлівым для ўсіх культур і эпох. Кур’ёзныя памылкі якраз і былі вырашальнымі ў гісторыі ўзнікнення і эвалюцыі назвы Белая Русь, але гэта не выключэнне з правілаў (назвы такіх краінаў, як Канада або Папуа, абавязаныя сваім узнікненнем анекдатычным выпадкам), а менавіта заканамернасць. Як адзначае Замяцін, „стварэнне геаграфічных вобразаў звязанае з працэсамі фармалізацыі і адначасова сціскання, канцэнтрацыі пэўных геаграфічных уяўленняў, ператварэння іх у „згустак”[8]. Безумоўна, пры ўтварэнні вобраза непазбежна адбываецца гіпербалізацыя, метафарызацыя, міфалагізацыя прасторы.
Культурны вобраз любога прасторавага аб’екту в прынцыпе не можа абысціся без долі (часам вельмі істотнай) міфалагізацыі: рэальнае і прыдуманае суіснуюць тут у непарыўнай еднасці. Значэнне суб’ектыўнага фактару настолькі вялікае, што, паводле Замяціна, „прастора, па сутнасці, як і яе вобразы, ствараюцца культурай і/або цывілізаціяй, якая іх усведамляе, жыве імі і ў іх"[9]. І самабытныя спосабы рэпрэзентацыі вобразаў географічнай прасторы — не проста неад’емная частка кожнай культуры, але адна з яе вызначальных прыкмет. Ізноў працытуем Н.Барысоўскую: „Мэта любой карты — адэкватнае і дакладнае адлюстраванне зямной паверхні. Аднак крытэрый дакладнасці не абсалютны, а вызначаецца адпаведнасцю той ці іншай сістэме паняццяў і ўяўленняў. Тэалагічнае тлумачэнне светабудовы было адзіным дапушчальным для сярэднявечнага чалавека, і таму дакладнымі лічыліся тыя карты, якія адпавядалі такому погляду на свет”[10].
Пэўны „шокавы” эфект — неабходная ўмова дзейснага вобразу, які выдзяляе яго сярод рэчаў звыклых, банальных, і аблягчае запамінанне. Ф.Йейтс у сувязі з гэтым цытуе класічны трактат І ст. да н.э. Ad Herennium: „Мы павінны размяшчаць на месцaх такія вобразы, якія могуць найдаўжэй утрымлівацца ў памяці... напрыклад, вобразы, запэцканыя кроўю, брудам або чырвонай фарбай, каб іх выгляд ствараў найбольш нязвыклае ўражанне, або суправаджаючы вобразы нейкім камічным эфектам, бо гэта таксама палегчыць нам іх прыпамінанне”[11]. Рэкамендацыя, якую могуць і сёння, праз 2100 гадоў, даць аўтарытэтныя спецыялісты па апрацоўцы масавай псіхалогіі. Цалкам магчыма, што вучоныя Антычнасці і Сярэднявечча часта свядома „згушчалі фарбы” ў вобразах далёкіх і малавядомых краін і народаў не таму, што самі верылі ў іх фантастычныя атрыбуты, а менавіта каб аблегчыць шырокай публіцы запамінанне самога факту іх існавання — прыём, які часта вёў у пастку, калі носьбіты рэальных ведаў „выміралі”, і наступным пакаленням сумленных даследчыкаў даводзілася успрымаць усур’ёз вобразы, створаныя ў „дыдактычных” або „прапагандысцкіх” мэтах.