
Назва „Белая Русь” у святле гісторыі вобразаў Алесь Белы
http://autary.iig.pl/bely/www/kartahrafija/chronika/aposznija/image-hist-simple.htm
У сучаснай культурнай і эканамічнай сітуацыі ў свеце істотна вырас інтарэс публікі да вобразаў увогуле і, у прыватнасці, да вобразаў краін і народаў. Гістарычная навука не можа стаяць у баку ад сучасных працэсаў, і таму ўжо некалькі дзесяцігоддзяў паступова акрэсліваюцца абрысы новай дысцыпліны, якую ў самым агульным выпадку можна назваць гісторыяй вобразаў, але якая можа мець і іншыя назвы ў залежнасці ад прыярытэту тых ці іншых аспектаў эвалюцыі вобразаў — напрыклад, этнаграфічнага, геаграфічнага і г.д. Гэты артыкул сцісла разглядае вызначэнні некалькіх досыць блізкіх адна да адной гуманітарных дысцыплін, і метадалогію, якую яны выкарыстоўваюць, а таксама акрэслівае ў гэтым святле кірункі далейшага даследавання гісторыі назвы „Белая Русь”. Чытача, які цікавіцца рэканструкцыяй гісторыі назвы нашай краіны, адрасуем да маёй манаграфіі „Хроніка „Белай Русі”. Ніжэй толькі будзе ўдакладнены выкарыстаны мной метад, у суадносінах з метадамі, якія выкарыстоўваюць новыя дысцыпліны, якія пачалі складвацца літаральна ў апошняе дзесяцігоддзе. Прадметы іх даследаванняў і наборы пастулатаў настолькі блізкія, што сёння досыць складана прадказаць, якая з іх будзе з часам „кананізаваная”. Ці стануць „імагалогія” і „метагеаграфія” настолькі ж устойлівымі тэрмінамі, як, напрыклад, „семантыка”, або саступяць месца нейкім іншым, больш трапным, з пункту гледжання публікі, тэрмінам? Кожнай навуковай школе, вядома, хацелася б замацаваць свой тэрмін, хаця іх значэнне досыць блізкае і розніца можа быць зразумелай толькі ў канкрэтным кантэксце.
Агульная і этнічная імагалогія
Вядомы рускі славяназнаўца Аляксандр Мыльнікаў выступаў прыхільнікам тэрміну імагалогія. На яго думку, агульная імагалогія як самастойная вобласць ведаў пра ўяўленні і вобразы ўзнікла прыкладна ў сярэдзіне XX ст., хаця яе элементы можна прасачыць ад глыбокай антычнасці. Выдзяленне імагалогіі ў асобную гуманітарную дысцыпліну ініцыявалі найперш прадстаўнікі псіхалогіі і літаратуразнаўства. Італьянскі псіхолаг Антоніа Менегеты, які ўпершыню ўвёў тэрмін імагогіка, спрабуючы „звязаць разам мовы сноў, прыроды і жыцця”, вызначаў яго як спосаб «прывядзення ў рух вобразаў несвядомага і вывядзення іх на свядомы ўзровень»[1].
А. Мыльнікава цікавіў найперш этнічны аспект імагалогіі. Паколькі ў цэлым імагалогія трактуецца як навука пра ўяўленні і вобразы, этнічную імагалогію ён вызначаў як дысцыпліну, якая „комплексна вывучае генэзіс і функцыянаванне энда- і экзаўяўленняў і вобразаў этнічных супольнасцяў на калектыўных, групавых і асабовым узроўнях”, а да яе прадмету адносіў наступную праблематыку[2]:
1. Стварэнне этнічнай/этнакультурнай карціны свету ў розныя гістарычныя эпохі. Непадабенства гэтай карціны ў розных народаў і ў розны час адлюстроўвае тую самую розніцу паміж этнасамі, якая і ўяўляе найбольшы інтарэс для этнічнай імагалогіі.
2. Вывученне фармавання і функцыянавання этнічных/этнакультурных стерэатыпаў — вобразаў асобных народаў і іх прадстаўнікоў.
3. Даследаванне фенамена гістарычнай памяці, якая праз уздзеянне этнічнага, прасторавага і дыяхранічнага фактараў забяспечвае пераемнасць этніченай / этнакультурнай традыцыі ад мінулага да сучаснага і будучыні.
Этнічная імагалогія, як падкрэслівае А.Мыльнікаў, мае справу не з першаснымі фактамі (этнасы і іх культура ў гістарычным развіцці), а з фактамі другаснымі, адлюстраванымі, (уяўленні этнасаў пра саміх сябе і сваю культуру, а таксама пра іншыя этнасы і іх культуру). „Вядзенню этнічнай імагалогіі падлягаюць суб’ектыўныя ўяўленні, хаця яны, увасабляючы эвалюцыю духа, у якасці форм грамадскай свядомасці не менш аб’ектыўныя, чым тое, што імі адлюстроўваецца”[3].
Паколькі прадметам вывучэння „гісторыі вобразаў” з’яўляюцца агульнапрынятыя і ўстойлівыя геаграфічныя і этнічныя вобразы, стэрэатыпы і назвы, якія іх абазначаюць, яна, безумоўна, вывучае вобразы калектыўнага несвядомага, якое, у адрозненне ад індывідуальнага, паддаецца фармалізацыі. Іншымі словамі, існуе крытычная маса індывідаў, якія прыкладна аднолькава ўспрымаюць і інтэрпрэтуюць тыя ці іншыя вобразы, сімвалы і імёны. Безумоўна, існуюць і індывідуальныя вобразна-знакавыя сістэмы (крайнімі праявамі якіх ёсць шызафрэнія, аўтызм, саліпсізм і г.д.), але іх вядомасць не можа перасягнуць межаў ўнутранага свету асобы і пакуль не ўяўляе інтарэсу для гісторыі вобразаў. Перадача ўстойлівай традыцыі на працягу доўгіх адцінкаў часу можа адбывацца толькі ў адносна шырокіх асяродках інтэлектуалаў, але ніяк не паміж адасобленымі індывідамі.