Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
32
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
342.02 Кб
Скачать

2. Беларусь пасля прыходу даўлады бальшавікоў. І Усебеларускі з’езд.

Нарастанне беларускага патрыятызму. Вялікая беларуская рада абмяжавалася выданнем 27 кастрычніка «Граматы беларускаму народу», дзе аценьвала бальшавіцкі пераварот як праяву анархіі і заклікала да аб’яднання вакол сваёй арганізацыі. Ленінская «Дэкларацыя правоў народаў Расіі», апублікаваная 2 лістапада, выклікала надзею на лепшае, але не надоўга. Хутка стала відочным, што наступае поўнае бязладдзе. Васкоўцы ў любы момант маглі ў масавым парадку пакінуць акопы і заняцца рабаваннем. Узнікла вострая неабходнасць бараніць беларускі народ, яго багацці ды і тэрытарыяльную цэласнасць краю, якому пагражалі бальшавіцкая анархія, кайзераўская армія ды і польскія вайсковыя аддзелы. Абставіны і афіцыйны дазвол галоўнакамандуючага генерала Мікалая Духоніна на ўтварэнне беларускіх вайсковых фарміраванняў у складзе расійскага войска падштурхоўвалі рассыпаныя па імперыі нацыянальныя сілы да кансалідацыі.

На этапе мірнага нацыянальна-вызваленчага руху. З’езды беларускіх вайскоўцаў прайшлі на Паўночным фронце ў Віцебску (15-20 лістапада), на Румынскім ў Адэсе (3-8 снежня), на Паўднёва-заходнім у Кіеве (17-22 снежня). Усе беларускія вайсковыя аб’яднанні падпарадкоўваліся Цэнтральнай Беларускай вайсковай радзе і настойліва дамагаліся ад бальшавіцкага Петраграда абвяшчэння беларускай дэмакратычнай рэспублікі з уваходам яе ў расійскую федэрацыю народаў, прызнання дзяржаўнай мовай беларускай мовы, прадстаўлення права на стварэнне асобнага беларускага войска, вяртання ў Беларусь усіх каштоўнасцей, вывезеных на працягу вайны, а таксама поўнай адбудовы гаспадаркі краю за кошт дзяржаў, што ўдзельнічалі ў вайне. І толькі ў Мінску выканкам ЦБВР на чале з генералам Кіпрыянам Кандратовічам усё марудзіў з пашырэннем беларускіх вайсковых аддзелаў ды чакаў распараджэнняў зверху. Найбольш актыўна беларускі рух разгортваўся сярод бежанцаў і вайскоўцаў на далёкіх ад Беларусі франтах -- відаць, таму, што больш паловы мужчынскага насельніцтва з беларускіх губерняў было мабілізавана і адпраўлена як мага далей ад родных хат. Толькі на чужыне пасапраўднаму абуджаліся патрыятычныя пачуцці. Беларусаў там высялялі з гарадскіх кватэр, праганялі з вёсак, не давалі хлебных пайкоў, першымі звальнялі з прамысловых прадпрыемстваў, як пра тое паведамлялі ўдзельнікі з’езда беларускіх бежанцаў у Маскве (1917). Усе цывільныя арганізацыі беларусаў гуртаваліся вакол Вялікай Беларускай рады. Менавіта яна і пачала рыхтаваць Усебеларускі з’езд. Значыць, ужо праз месяц пасля звяржэння Часовага ўрада ў Беларусі сфарміраваліся прадстаўнічыя палітычныя арганізацыі беларускага народа, якія былі гатовыя ўзяць уладу ў свае рукі, але дзейнічалі нерашуча. Ім супрацьстаяў блок расійскіх сіл на чале з бальшавікамі.

Саветызацыя. У лістападзе пасля канчатковай перамогі над Камітэтам выратавання рэвалюцыі расійскія бальшавікі стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) Заходняй вобласці (Віцебская, Магілёўская і неакупаваныя паветы Мінскай і Віленскай губерняў). Ён стаў вышэйшым надзвычайным органам улады ў Беларусі і на фронце. Адной з першых мер новай улады было ўвядзенне цэнзуры над усімі выданнямі. З 18 да 25 лістапада бальшавікі правялі ў Мінску адразу тры з’езды: абласны з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, абласны з’езд сялянскіх дэпутатаў і франтавы з’езд. Усе яны пераважна пад дыктоўку бальшавікоў выказаліся за неабходнасць для Беларусі савецкай улады і заснавалі адзіны Выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). «Сялянскія дэпутаты» выбіраліся пад непасрэдным наглядам вайскоўцаў-бальшавікоў. Ніводнага прадстаўніка беларускага руху ў Аблвыкамзаху не было. У склад вышэйшага органа ўлады, што стварылі бальшавікі, увайшлі людзі (Аляксандр Мяснікаў, Вільгельм Кнорын, Карл Ландар), якія пражылі ў Беларусі каля года ці крыху болей і не ведалі беларускай мовы. Гэтыя кіраўнікі, безумоўна, адлюстроўвалі інтарэсы фронту, але не Беларусі, якая для іх увогуле не існавала.

Што паказалі выбары ва Устаноўчы сход. За чужынцаў галасавалі не толькі вайскоўцы, але і цывільнае насельніцтва ў час лістападаўскіх выбараў ва Усерасійскі устаноўчы сход. Беларускія партыі і арганізацыі атрымалі мізэрны працэнт галасоў (0,3). Бальшавікі набіралі больш паловы, але толькі ў арміі і ў прыфрантавых губернях, для жыхароў якіх даражэй за ленінскі дэкрэт аб міры не было нічога. Да таго ж, у прыфрантавых губернях галасаваць можна было толькі так, як таго жадалі ўзброеныя салдаты, якім абрыдлі акопы. У больш аддаленай ад фронту Магілёўскай губерні бальшавікі атрымалі ўсяго 23% галасоў. Тут лідзіравалі эсэры, якія ўсё больш разыходзіліся з пануючай партыяй і схіляліся да супрацоўніцтва з мясцовымі нацыянальнымі сіламі. У рэшце рэшт лёс Беларусі мог вызначыць толькі ўвесь беларускі народ, тэрыторыя рассялення якога не абмяжоўвалася двумя прыфрантавымі губернямі. Што тычыцца камісараў Заходняй вобласці, дык шырокай падтрымкай беларускага насельніцтва яны не карысталіся. Не прызнавала іх і мінская дума. А таму не выпадкова, што некаторыя бальшавіцкія лідэры разглядалі Беларусь усяго як разменную манету ў перамовах з немцамі аб міры, якія пачаліся 19 лістапада.

Непазбежная ініцыятыва. Вялікая Беларуская рада ўрэшце прызнала ленінскі ўрад у Петраградзе, але адмовілася прызнаваць легітымнасць выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту на чале з Аляксандрам Мясніковым. І гэта не выпадкова. Бальшавіцкі орган не ставіў пытання аб аўтаноміі Беларусі, а таму абвінавачваўся мясцовымі патрыётамі ў тым, што прадстаўляе расійскае войска, а не беларускі народ. Каля сярэдзіны лістапада 1917 г. Вялікая Беларуская рада і Цэнтральная Беларуская вайсковая рада выдалі адозву «Ко всему народу Белорусскому», дзе заклікалі суайчыннікаў узяць у свае рукі кіраванне краем, а дзеля гэтага абвяшчалася скліканне ў снежні ў Мінску з’езда прадстаўнікоў усяго беларускага народа. Амаль адначасова такую ж ініцыятыву высунуў у Петраградзе і Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў на чале з Яўсеем Канчарам. Камітэт займаў прасавецкія пазіцыі і толькі прыкрываўся нацыянальнымі імкненнямі, а таму карыстаўся афіцыйнай падтрымкай.

Супрацьдзеянне абласнікоў. Бальшавіцкія камісары ў Беларусі рабілі ўсё, каб не дапусціць склікання з’езду, бо баяліся, што ён пазбавіць іх улады. Адносіны беларускіх і прарасійскіх арганізацый ў Мінску адразу ж набылі варожы характар. З абодвух бакоў збіраліся сілы. Прэзідыум Вайсковай рады ў складзе Сымона Рак-Міхайлоўскага, Кастуся Езавітава, Тамаша Грыба, Язэпа Мамонькі, Васіля Захаркі стваралі беларускія вайсковыя злучэнні. Узмацняўся 1-шы Беларускі мінскі полк. У Оршы быў створаны Беларускі конны полк. А бальшавіцкія ўлады З0 лістапада ўвялі ў Мінску ваеннае становішча, 2 снежня забаранілі фарміраванне беларускіх часцей, хоць на тое меўся дазвол савецкага галоўнакамандуючага Мікалая Крыленкі ад 23 лістапада.

Пазіцыя бальшавіцкага ўрада. Але нечакана для абласнікоў Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей, які ўзначальваў Іосіф Сталін, дазволіў Беларускаму абласному камітэту правядзенне ўсебеларускага з’езда і выдаў для яго патрэб 50 тыс. рублёў. Бальшавіцкі ўрад прызнаваў безумоўнае і поўнае права самавызначэння беларускага народа, але ў той жа час паставіў умову, каб краёвая ўлада належала краёваму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у прыватнасці, Аблвыкамзаху. Перад Беларусім абласным камітэтам ставілася задача пераняць у Вялікай Беларускай рады кіраўніцтва беларускім рухам і на ўсебеларускім з’ездзе легітымізаваць захоп улады бальшавікамі ў Беларусі, хоць гэтая ўлада ўжо нікога не прадстаўляла. Салдаты, былыя выбаршчыкі Аблвыкамзаха, разбягаліся па хатах, дэзертыравалі. Пасля пачатку перамоў з немцамі (люты 1918) на Заходнім фронце пад ружжом засталося 70 тыс. салдат з некалі двухмільённага войска.

Падрыхтоўчы перыяд. Спачатку Беларускі абласны камітэт планаваў сабраць усебеларускі з’езд нават асобна, але перахапіць ініцыятыву ў Вялікай Беларускай рады не ўдалося. З нагоды з’езду на яе імя паступалі наказы беларусаў-вайскоўцаў з усіх куткоў Расіі. Яны падтрымлівалі бальшавіцкія дэкрэты аб зямлі, міры і праве народаў на нацыянальнае самавызначэнне, але не прызнавалі Аблвыкамзах і лічылі, што да вялікага беларускага ўстаноўчага сходу ўлада ў краі павінна належаць Вялікай Беларускай радзе або Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе. Апранутыя ў салдацкія шынялі сяляне прасілі ўстанавіць на Беларусі «уладу таго сярмяжніка, якога ўсе нацыянальнасці на працягу некалькіх вякоў асмейвалі і аплёўвалі». Былі прапановы вярнуць усіх мабілізаваных беларусаў на радзіму для фарміравання нацыянальных палкоў. Кіраўніцтву Беларускага абласнога камітэту нічога не заставалася, як далучыцца ў падрыхтоўцы з’езда да Вялікай Беларускай рады. 7 снежня бальшавіцкі лідэр у Беларусі Аляксандр Мяснікаў абвясціў нарэшце загад Мікалая Крыленкі ад 23 лістапада аб парадку фарміравання беларускіх палкоў. Толькі якраз ў той самы дзень Украінская рада пачала ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады, і дзейнасць беларускіх вайсковых злучэнняў зноў падпала пад забарону. Гэтая акалічнасць зусім пазбавіла Беларускі з’езд ваеннай падтрымкі.

Адкрыццё з’езду. Усебеларускі з’езд пачаўся 15 снежня. На ім сабралася 1872 прадстаўнікі беларускага народа. Ні адной нацыі за перыяд расійскай «смуты» не ўдалося арганізаваць такога прадстаўнічага форума. На з’езд прыехалі пасланнікі ад усёй этнаграфічнай Беларусі, ад усіх франтоў і тыла. Большасць дэпутатаў у палітычных адносінах належала да партыі эсэраў і да беспартыйных. Па сацыяльнаму складу з’езд з’яўляўся пераважна сялянскім. Бальшавікам не ўдавалася кантраляваць ход падзей. Дэлегатам надавала ўпэўненасць пісьмовае сведчанне ад народнага камісара па справах нацыянальнасцяў Іосіфа Сталіна, што пастанова з’езда будзе абавязковай для савецкай улады. А ў той жа час кіраўнік бальшавіцкай адміністрацыі на Беларусі Аляксандр Мяснікаў інструктаваў сваіх таварышаў, як пасварыць дэлегатаў і зрабіць з’езд безвыніковым.

Гвалтоўны разгон з’езду бальшавікамі. У ноч з 17 на 18 снежня дэлегаты прыступілі да пытання аб абвяшчэнні беларускай рэспублікі. Убачыўшы, што перацягнуць на свой бок з’езд не ўдаецца, Савет народных камісараў Заходняй вобласці на чале з Карлам Ландарам прыняў рашэнне разагнаць яго. Каля гадзіны ночы 18 снежня падагрэтыя гарэлкай вайскоўцы акружылі памяшканне, дзе праходзіў з’езд, а праз паўгадзіны ўварваліся ў залу пасяджэння і пусцілі ў ход прыклады. Дэлегаты ўзвялі барыкады і, пакуль камісары пераадольвалі іх ды «загадвалі з’езду маўчаць», паспелі прыняць рэзалюцыю аб увядзенні ў межах беларускай зямлі рэспубліканскага ладу, а таксама вылучыць са свайго асяроддзя орган краёвай улады -- Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў для кіравання краем да склікання Беларускага устаноўчага сходу. Калі прэзідыум з’езду на чале з Іванам Серадой быў арыштаваны, яго месца занялі новыя дэлегаты на чале з Міхаілам Гольманам. Пад прыцэлам бранявікоў яны паспелі прыняць рэзалюцыю пратэсту супраць дзеянняў кіраўніцтва Заходняй вобласці і непрызнання яго ўлады. Дэлегаты Усебеларускага з’езду не парывалі з бальшавіцкай Расіяй (задавальняліся аўтаноміяй і нават асцерагаліся адарвання краю ад Расіі), не адвяргалі савецкай ўлады. Яны толькі жадалі ўвесці яе ў Беларусі без дыктату франтавых камісараў.

Пераможцы і пераможаныя. У ноч з 19 на 20 снежня быў зроблены напад на былы дом губернатара, дзе месціліся кіраўніцтва Вялікай Беларускай рады, Беларускай вайсковай рады і БСГ. І зноў баявікі знаходзіліся ў нецвярозым стане. Удзень 20-га прадстаўнікі беларускіх арганізацый вымушаны былі перасяліцца на вул.Паліцэйскую (№2), а Мяснікаў Аляксандр і Карл Ландар наладзілі ў Мінску парад перамогі. З нагоды разгону з’езда ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Оршы, Полацку, Ігумене прайшлі мітынгі пратэсту. Адносіны мінчан да бальшавікоў сталі яшчэ больш недаверлівымі і нават варожымі. У апошнія дні снежня ў Мінску прайшлі забастоўкі, але адкрытае выступленне супраць мяснікоўцаў, як да таго заклікаў з’езд, не адбылося.

Палітычная нявопытнасць патрыётаў. Беларускія дзеячы, у адрозненне ад бальшавікоў, не мелі ні вопыту палітычнай барацьбы, ні моцнай партыі. Ва ўмовах Расіі асноўнымі праваднікамі нацыянальных ідэй дзесяцігоддзямі выступалі грамадскія навукова-асветныя гурткі без выразнай структуры. Беларускія патрыёты хацелі звязаць лёс свайго краю з Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікай, якой не існавала. Яны настойліва прапаноўвалі сваю мадэль федэратыўнай дзяржаўнасці, калі ўжо Расія стала савецкай (не дэмакратычнай), а Украіна -- народнай рэспублікай. Да адбудавання краю заклікаліся толькі беларусы і сяляне. Нацыянальныя лідэры доўга не адважваліся ўзяць уладу, спадзеючыся, што яна прыдзе да іх ад бальшавікоў -- і ў рэшце рэшт атрымалі ад камісараў палітычны ўрок. Тым не менш, дэлегаты з’езду фактычна дэкларавалі ідэю беларускай народнай рэспублікі.

Пераход дэлегатаў з’езда на нелегальнае становішча. Выбраная на Усебеларускім з’ездзе Рада гэтага з’езду (Усебеларускі савет) у складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам перайшла на нелегальнае становішча. Яна стала юрыдычнай пераемніцай усёй паўнаты ўлады, якая раней належала разагнанаму з’езду. Ужо 18 снежня ўцалелыя дэлегаты патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пацвердзілі за Радай усебеларускага з’езду ролю выканаўчага органа разагнанага з’езду. Было вырашана таксама Цэнтральную Беларускую вайсковую раду падпарадкаваць Радзе ўсебеларускага з’езду, а іншыя палітычныя аб’яднанні з функцыямі кіравання распусціць. Са складу Рады быў вылучаны больш сціслы працоўны орган -- Выканаўчы камітэт Рады ўсебеларускага з’езду ў складзе 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Камітэт атрымаў даручэнне заняцца беларусізацыяй саветаў на месцах, а як толькі стане магчымым, узяць уладу ў свае рукі.

Бальшавіцкі рэжым. Пакуль жа гаспадарамі ў краі выступалі мясцовыя бальшавікі-мяснікоўцы. Напачатку студзеня яны разагналі практычна ўсе гарадскія думы, управы і земствы. У Мінску 2 студзеня выбухнуў галодны бунт, і бальшавікі задушылі яго з дапамогай зброі. Камісары перыядычна наляталі на рынкі і канфіскоўвалі ў гандляроў мыла, соль, тытунь, запалкі, муку. Працягваліся рэквізіцыі па вёсках. Беларускае падполле было бездапаможным. На баку бальшавікоў знаходзілася армія, а сяляне падтрымлівалі нацыянальны рух слаба.

Змаганне за беларускае войска. Патрабавалася вайсковая падтрымка. Але дэкрэт Мікалая Крыленкі аб нацыянальных палках у Беларусі не выконваўся. Затое на Румынскім фронце яго галоўнакамандуючы генерал Шчарбакоў ствараў для беларусізацыі вайсковых злучэнняў самыя спрыяльныя ўмовы. Ужо 28 снежня ў адказ на разгон Усебеларускага з’езду франтавыя нацыянальныя дзеячы дабіліся ўтварэння Беларускай вайсковай камісіі для арганізацыі беларускіх вайсковых часцей. Беларускімі вайсковымі справамі на Украіне займаўся камісар Беларускай вайсковай рады Павел Аляксюк. У канцы лютага статысячнае беларускае войска рыхтавалася да адпраўкі на Бацькаўшчыну. Яно мела артылерыю і браневікі. Беларускія вайсковыя аддзелы арганізаваліся ў Адэсе, Пскове, Віцебску, Смаленску.

Дзейнасць беларускага падполля ў Мінску. Падпольная дзейнасць канцэнтравалася вакол Беларускай вайсковай рады, якая дабілася сваёй легалізацыі пад назвай Беларускі савет салдацкіх дэпутатаў. Маленькімі групамі ў горад прыбывалі беларускія вайскоўцы і ўліваліся ў 289-ы пяхотны полк. Расейцы звальняліся на адпачынак і дэмабілізаваліся. У кожнай роце засноўваўся беларускі камітэт. Такая ж беларусізацыя праводзілася і ў мінскай каравульнай камандзе. Справай кіраваў паручнік Канстанцін Езавітаў, які стаў на чале выканкама ЦБВР. Адначасова вялася нацыянальная агітацыя па навакольных вёсках. Збіралася зброя. Актыўным агітатарам за беларускую справу выступаў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Беларуская вайсковая рада набывала аўтарытэт. Здаралася, што ў яе памяшканні праходзілі і сходы Украінскай вайсковай рады Заходняга фронту.

Першыя праявы польскіх прэтэнзій на Беларусь. 12 студзеня 1918 г. Першы польскі корпус на чале з Юзафам Доўбар-Мусніцкім адмовіўся падпарадкоўвацца ленінскаму ўраду і неўзабаве захапіў Рагачоў, Жлобін, Бабруйск, шэраг чыгуначных станцый. Савет народных камісараў Заходняй вобласці нічога не зрабіў, каб не дапусціць гэтага выступлення. Палякам маглі аказаць супраціўленне беларускія часці, але яны былі разагнаны мясцовымі камісарамі. Польскія аддзелы абаранялі жыццё і маёмасць абшарнікаў і іншых грамадзян каталіцкай веры, бо чырвонаармейцы рабавалі маёнткі, забівалі нават параненых польскіх жаўнераў і медыцынскіх працаўнікоў. Разам з тым Польскі корпус душыў сялянскія выступленні. У Мінску працавала Польская вайсковая арганізацыя (ПВА), а таксама знаходзіўся нелегальны Вярхоўны польскі камітэт, які кіраваў усёй вайсковай справай у Расіі, у тым ліку дзейнасцю Юзафа Доўбар-Мусніцкага і Мінскай ПВА. Польскія вайсковыя арганізацыі падпольна дзейнічалі ў Вільні і ў паветах Заходняй Беларусі. На беларускіх землях побач з расійскім узмацняўся яшчэ адзін чужы полюс улады -- польскі. І ён меў падтрымку з боку мясцовых землеўласнікаў. Адраджэнне беларускай дзяржаўнасці нічога добрага для іх не абяцала. Беларускія сацыялісты ўжо заявілі аб свім намеры раздзяліць памешчыцкія землі паміж сялянамі.

Падрыхтоўка беларускіх дзеячаў да ўзяцця ўлады. З студзеня 1918 г. выканкам Рады ўсебеларускага з’езду па яго прапанове папоўніўся прадстаўнікамі ад яўрэяў і іншых нацыянальных груп. Бесперапынна працавала Цэнтральная Беларуская вайсковая рада. Ёй дапамагалі, рызыкуючы жыццём, прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый і ўрадавых устаноў. Чакаўся прыход беларускіх падраздзяленняў з Адэсы, Кіева, Віцебска. Мінскае інтэнданцтва патаемна ад Аблвыканзаха і пры ўдзеле Васіля Захаркі назапашвала абмундзіраванне. І калі амаль ўсё было падрыхтавана, каб адхіліць бальшавікоў ад улады, беларускае кіраўніцтва зноў напаткала няўдача. У ноч з 26 на 27 студзеня бальшавікі зрабілі чарговы налёт на штаб-кватэру Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. Было арыштавана шэсць кіраўнікоў, у тым ліку Канстанцін Езавітаў, Язэп Мамонька, Васіль Захарка. Дзейнасць Рады была забаронена. Адразу ж пасля разгрому Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Кіеве, Адэсе і Ясах пачаліся перамовы з украінскім і румынскім урадамі аб хутчэйшым пераходзе беларускіх палкоў праз украінска-савецкі фронт, каб у далейшым прабівацца на Мінск. Недзе 14 лютага ў Віцебску адбылася сутычка Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронта з бальшавіцкімі ўладамі. Беларусы-вайскоўцы ўзялі верх над чырвонагвардзейцамі і выгналі іх разам з бальшавікамі з горада. Усе мясцовыя арганізацыі і прафсаюзы падтрымалі Раду. Яна ўзяла ўладу ў свае рукі і рыхтавалася дапамагчы Мінску. А беларускі конны полк у Оршы ўжо пачаў туды прабівацца. Але 17 лютага бальшавіцкі польскі дывізіён напаў на Беларускую вайсковую раду Паўночнага фронта, арыштаваў яе сяброў, абяззброіў Беларускую каравульную каманду і перадаў арыштаваных і ўладу ў Віцебску бальшавіцкаму савету. Беларускім сілам увесь час прыходзілася капітуліраваць перад бальшавікамі.

Уцёкі бальшавікоў. Пасля таго, як савецкая дэлегацыя сарвала Брэсцкія перамовы, 18 лютага 1918 г. немцы распачалі наступленне па ўсяму Усходняму фронту. У Мінску прыйшлі ў рух беларускія сілы, гатовыя выступіць супраць камісараў, і тыя 19 лютага ледзь паспелі ўскочыць у чыгуначныя вагоны. Наўздагонку ім несліся насмешкі, ляцела каменне. Усяго няпрошаных «правадыроў», што ўцякалі ў Смаленск, набралася трошкі больш сотні. Верных ахоўнікаў камісараў засталося каля двухсот. Уцекачы прыхапілі з сабой усю грашовую наяўнасць. Беларускія лідэры спрабавалі адняць грошы. Камісары ўпарта супраціўляліся, пагражалі страляць з гармат па гораду, забілі некалькі чыгуначнікаў -- пакуль працаўнікі чыгункі нарэшце не прычапілі да вагонаў лакаматыў. А наступленне немцаў працягвалася. Савецкая Расія так і не змагла абараніць Беларусь ад нямецкай акупацыі.

Соседние файлы в папке Конспект лекций по истории Беларуси