Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962.05 Кб
Скачать

Зброя далёкага бою

 

Да зброі далёкага бою варта залічыць такую, якая служыць для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для сродкаў нападзення, што знаходзяцца непасрэдна ў руках ваяра. Для атрымання падобнага эфекту пераважная большасць відаў вузка-функцыянальнай зброі далёкага бою складаецца з паражальнага снарада i прыстасавання для яго выкідання; тым самым яна адрозніваеца ад некаторых тыпаў зброі, якая выкідалася рукой (на-прыклад, лёгкія коп’і-суліцы) i былі прыстасаваны ў роўнай меры як для рукапашнага, так i для далёкага бою. Як i іншыя віды ўзбраення, зброя далёкага бою зазнала ў другой палове XIV - XVI ст. значнае развіццё, аднак новаўвядзенні мелі тут яшчэ больш фундаментальны характар. Перш за ўсё гэта было звязана з пашырэннем зброі, у якой снарад выкідаўся не пры дапамозе механічнай энергіі, а праз выкарыстанне энергіі газаў, што атрымліваюцца пры спальванні пораху. 3 гэтага часу можна гаварыць аб суіснаванні кідальнай i агняпальнай зброі далёкага бою, прычым апошняя азнаменавала сабой сапраўдны пераварот у вайсковай справе. Разам з тым, калі агнёвая артылерыя дастаткова хутка выцесніла механічныя артылерыйскія прыстасаванні, то ў якасці індывідуальнай ці ручной зброі, якую насіла i абслугоўвала адна асоба, традыцыйныя даагнёвыя віды дамінавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім да канца разглядаемага перыяду.

Кидальная зброя

 

Пры даследаванні сродкаў паражэння праціўніка на адлегласці Найбольшую складанасць уяўляе аналіз кідальнай зброі. Гэта абумоўліваецца шэрагам прычын:

1) Прыярытэтнае бытаванне большасці відаў кідальнай зброі да канца XV ст., г. Зн. У перыяд, слаба прадстаўлены пісьмовымі крыніцамі;

2) большая сувязь развіцця агняпальнай зброі з заходнімі ўплывамі, а значыць, i шырэйшае выкарыстанне ў дачыненні да яе больш распрацаванай заходняй тэрміналогіі; 3) слабая прадстаўленасць кідальнай зброі XV - XVI ст. рэчавымі крыніцамі. Што да рэчавых крыніц, то досыць частымі знаходкамі пры раскопках гарадоў i замкаў Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца наканечнікі стрэл i арбалетных балтоў, якія належаць да элементаў узбраення, што найбольш часта сустракаюцца падчас археалагічных даследаванняў. Тым не менш спецыфіка стрэл i балтоў як снарадаў кідальнай зброі прымушае разглядаць ix у большай ступені, чым у выпадку з іншай зброяй, у якасці магчымых баявых сродкаў не ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, а ix праціўнікаў. Гэтая акалічнасць, а таксама складанасці ў выяўленні i сістэматызацыі стрэл i балтоў з усёй абазначанай тэрыторыі не дазваляюць заняцца ix асобным аналізам.

Лукі.

Лук з’яўляецца адным з найстаражытнейшых тыпаў зброі, разлічанай на паражэнне праціўніка на значнай адлегласці. У аснове прынцыпу дзеяння лука ляжыць згінанне пругкага прута шляхам адцягвання прымацаванай да яго канцоў струны - цецівы, якая пры рэзкім выпростванні прута напінаецца i выкідае снарад. Выдзяляюць простая лукі, у якіх прут, ці лукавішча, выраблялася з аднаго кавалка дрэва пэўных парод, i складаныя, што характа-рызаваліся спецыфічнай формай лукавішча, сабранага з неаднародных матэрыялаў. У сярэднявеччы на тэрыторыі ўсходняй Еўропы прыярытэтнае значэнне меў складаны лук. Усебаковае асвятленне праблем, звязаных з яго ўжываннем на гэтых землях у VIII - XIV ст., маецца ў класічнай працы А.Ф. Мядзведзева, таму ёсць сэнс толькі ў агульным апісанні канструкцыі падобнай зброі. Старажытнарускія лукі належалі да групы лукаў, што бытавалі на шырокім еўразійсхім абшары i былі найбольш папулярныя ў качэўнікаў Усходу. Тыловая рыса ўсіх такіх лукаў — спецыфічная канструкцыя, якая вызначалася моцным загінаннем наперад канцоў лукавішча. Пры надзяванні цецівы гэтыя канцы спачатку выпростваліся, а затым адгіналіся назад. Такім чынам значна павялічвалася пругкасць лука без павелічэння яго даўжыні, што было асабліва карысным для конных стральцоў. Пры надзетай цеціве форма складанага лука нагадвала шырокую вялікую літару M з плаўнымі перагінамі. Аснова старажытнарускага лука склейвалася з дзвюх планак розных пародаў дрэва (ядлоўцу i бярозы, сасны i бярозы) пры дапамозе рыбінага клею. Асобна вырабляліся з моцнага дрэва (бярозы, чаромхі i інш.) канцы лука, якія таксама прыклейваліся да асновы. Уздоўж знешняга боку лука (спінкі) наклейваліся сухажыллі; гэта значна павышала магутнасць зброі. Канцы лука з бакоў абклейваліся касцянымі накладкамі з выценкамі для цецівы, якія таксама часткова находзілі на аснову. Пасярэдзіне асновы на рукаяць наклейваліся з бакоў, а часам i знутры, яшчэ адны накладкі, а месцы сучлянення частак лука (вузлы), якіх, як правіла, было чатыры — два ля рукаяці i два ля канцоў, — абкручваліся сухажыллямі паверх клею. Пасля гэтага ўвесь лук, за выключэннем канцоў, абклейваўся паскамі вываранай бяросты для аховы ад сырасці. Старажытнарускія лукі, падобна татарскім i арабскім, рэдка мелі даўжыню больш за 160, а з надзетай цецівой — больш за 130 см. Дальнасць стральбы з такой зброі звычайна складала, на думку А.Ф. Мядзведзева, 200 - 250 м. Тыповая даўжыня стрэл на Русі вагалася ў межах 75 - 90 см. Важным дадаткам да лука з’яўлялася налучча i калчан для стрэл. Сярод усіх тыпаў усходнееўрапейскіх калчанаў найбольшую ўвагу прыцягваюць цыліндрычныя калчаны з пашырэннем ля дна i вусця, што бытавалі яшчэ ў XIV ст. Яны вырабляліся з бяросты i мелі прымацаванае цвікамі да корпуса драўлянае дно круглых ці авальных абрысаў; зверху часам абцягваліся скурай. Даўжыня такіх калчанаў дасягала 60 - 70 см, i стрэлы ў ix насілі апярэннем уверх, прычым пашырэнне ля дна прызначалася для наканечнікаў. А.Ф. Мядзведзеў дапускае бытаванне ў XII - XIV ст. i пляскатых калчанаў на драўляным каркасе, абцягнутым скурай, якія таксама мелі пашырэнне ля дна. Умяшчальнасць старажытнарускіх калчанаў не перавышала, на думку А.Ф. Мядзведзева, 20 стрэл, у той час як калчаны качэўнікаў XIII — XIV ст., у тым ліку татараў, прызначаліся для 30 стрэл, прычым некаторыя з ix маглі мець па два калчаны. Знаходкі рыштунку лучнікаў XIV ст. (асабліва калчанаў) на абшарах, што ўваходзілі пад канец гэтага стагоддзя ў склад Вялікага Княства Літоўскага, сведчаць аб пераемнасці традыцый ва ўжыванні тут падобнай зброі. Разам з тым на пачатку разглядаемага перыяду баявое значэнне лука ў Вялікім Княстве не было такім дамінуючым, як у «далітоўскай» Русі, дзе складаны лук дамінаваў на палях бітваў. Паводле звестак М. Стрыйкоўскага, не лукі, а арбалеты ў руках ваяроў Альгерда адыгралі выдатную ролю ў перамозе над татарамі у бітве на Сініх Водах у 1362 г. Не было лучнікаў у атрадзе Ягайлы падчас здабывання ім Драгічына Надбужскага ў 1383 г.. хоць 2/3 ліцвінскіх сіл складалі тады стральцы. Наогул, вызначыць месца i вагу лучнікаў у войску Вялікага Княства Літоўскага да пачатку XVI ст. надзвычай складана. Былі імі, несумненна, татарскія каланісты, якія з канца XIV ст. трывала ўваходзілі ў склад узброеных сіл гэтай дзяржавы. Ужо ў 1386 г. Ягайла, едучы да Кракава, меў у сваім почце шмат татараў, а ў часы Вітаўта ніводная з больш-менш значных ваенных аперацый не абыходзілася без удзелу татарскай конніцы. Ужо тады татарскія лукі, як можна меркаваць, мелі ў Літве значны аўтарытэт i адначасова разглядаліся як мясцовая экзотыка, здатная зацікавіць прадстаўнікоў Захаду. Верагодна таму падобны лук увайшоў у склад рэчаў, прэзентаваных у 1421 г. Вітаўтам паслу англійскага караля i бургундскага герцага Жыльберу дэ Лануа. Цікава, што апошні ў сваю чаргу перадаў у тым жа годзе Ягайлу ад Генрыха V два славутыя англійскія лукі. Значна больш акрэслена выглядае выкарыстанне лука ў XVI ст. Доўгі час ён працягваў з’яўляцца неад’емным атрыбутам літоўскіх татараў. Аднак у гэты час сфера ўжывання лука далёка не абмяжоўвалася толькі асобамі татарскай нацыянальнасці. Сігізмунд Герберштэйн, апісваючы рэаліі Вялікага Княства Літоўскага першай паловы XVI ст., адзначаў, што мясцовыя ваяры ўзбройваліся лукамі, як татары, а таксама коп’ямі i шчытамі, як венгры. На практыцы можна было раз-пораз напаткаць выпадкі ўжывання лука са шчытом i нават з дрэвам, што з’яўлялася сімбіёзам «венгерскай» i «татарскай» мадэляў узбраення, як тое мела месца, напрыклад, у почце Андрэя Збаражскага, які служыў у 1528 г. у польскай наёмнай роце Яна Мялецкага, аднак да другой паловы XVI ст. «татарская» мадэль ужо трывала замацавалася за асобнай катэгорыяй ваяроў, узброеных «па-казацку». Зразумела, што аснову баявога рыштунку ў ix складаў лук, прычым лук складаны. Менавіта такія лукі фігуруюць у выяўленчых крыніцах канца XV - XVІ ст., якія ілюструюць мясцовыя рэаліі. Неаднаразова прадстаўлены складаныя лукі на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу. Выключна  такімі лукамі ўзброены лёгкія конныя стральцы ліцвінскага боку на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV с). Лукі паказаны тут у розных палажэннях - у налуччы пры левым боку ваяроў, цецівой уніз i вусцем налучча наперад, у працэсе выцягвання лука з налучча левай рукой на поўным скаку і, нарэшце, у працэсе стральбы. Звяртае на сябе ўвагу форма налучча - кароткага, на палову лука, пляскатага, вырабленага па форме самой зброі. Сустракаюцца выявы складаных лукаў i на гравюры М. Цунта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г., але найбольш цікавымі з’яўляюцца тут выявы прывешаных з правага бока калчанаў, якія нагадваюць цыліндрычныя калчаны XIV ст. (іл. XXXVIII). Апісанні канструкцыі ўжываных у Вялікім Княстве Літоўскім лукаў для дакументаў XVI ст. не характэрныя. У пераважнай большасці выпадкаў можна сустрэць толькі тэрмін «сагайдак», які абазначаў поўны камплект, што ўключаў лук з налуччам i калчан са стрэламі. Прыцягвае ўвагу «sahaydak tatarsky strzalamy», пра які ў іншым месцы адзначана, што ён быў з двума лукамі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Пра звычку мангольскіх воінаў мець два ці нават тры лукі пісаў яшчэ Плана Карпіні, хоць i невядома, наколькі яна была пашырана сярод татарскіх каланістаў Літвы, якія ў другой палове XVI ст. ужо настолькі адышлі ад даўнейшага нацыянальнага характару ўзбраення, што маглі не мець лукаў наогул. 3 найбольшай доляй верагоднасці можна гаварыць аб замежным паходжанні згаданага сагайдака, Раз-пораз крыніцы фіксуюць выкарыстанне лукаў, імпартаваных з Турцыі. Так, у 1516 г. у нейкага Яна Зялкоўскага быў зрабаваны «сагайдак з луком турскии». Два турэцкія лукі фігуруюць у спісе рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Кошты лукаў i сагайдакаў вагаліся ў залежнасці ад ix якасці i наяўнасці аздаблення. У 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета быў зрабаваны шыкоўны «сагайдак, серебром оправленый, позолотистый, на аксамите чирвоном золотом гафтованый, — который дей коштует тридцат коп Литовских». У той жа час «сагайдак з луком, з стрелами, с тетивьем мещиновым», страчаны ўраднікам таго ж двара Рыгорам Багушэўскім, каштаваў усяго «полтрети копы грошей». «Сагайдак новый з луком и з стрелами, за который дей дано коп пять и грошей 20» быў украдзены ў 1559 г. у гараднічага i ключніка Слонімскага замка Юрыя Андрэевіча, аднак акрамя таго ён страціў i «лук новый роботы имстиславское, у лучника взял, за который копу грошей дано». Шэсць сагайдакаў для ваяводы Віцебскага вырабіў у 1580 г. на працягу 15 тыдняў магілёвец Івашка Несцяровіч, за што павінен быў атрымаць паўтары капы грошаў (па 6 гр. на тыдзень). Аднак гэта была, напэўна, мінімальная i нетыповая аплата, паколькі той жа ваявода Віцебскі толькі ў якасці задатку выдаў асобам, што нанялі Несцяровіча, пяць коп грошаў.