Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962 Кб
Скачать
☆

Засцерагальнае ўзбраенне

 

Засцерагальнае ўзбраенне з’яўлялася ў часы сярэднявечча адным з найбольш зменлівых i дынамічных складнікаў вайсковага рыштунку. Прызначанае для аховы ваяроў ад паражальных сродкаў праціўніка, яно ўдасканальвалася па меры эвалюцыі наступальнай зброі, прыстасоўвалася да геастратэгічных умоў, неабходнасці весці барацьбу з тым ці іншыш непрыяцелем, залежала ад тактыкі войска яго патэнцыяльнай колькасці, прынцыпаў камплектавання і заможнасці кожнага канкрэтнага ваяра. Не заставаліся вытворцы засцерагальнага ўзбраення абыякавымі i да капрызаў моды. У часы ранняга i сталага сярэднявечча развіццё ахоўнага ўзбраення на абшарах усёй Еўропы праходзіла ў цэлым у адзіным рэчышчы. 3 XIV ст., аднак, шляхі эвалюцыі даспеха на захадзе i ўсходзе Еўропы істотна разышліся. Калі ў краінах «лацінскага» Захаду працягваўся інтэнсіўны пошук найбольш надзейнай аховы тулава, вынікам чаго з’явілася вынаходніцтва т. зв. «цэльнакаванага» даспеха з буйных металічных частак, то на праваслаўным Усходзе гэты працэс закансерваваўся i нават больш — збочыў з агульнаеўрапейскага шляху дзякуючы моцнаму ўздзеянню мусульманскага свету, якое, з прычыны свайго геаграфічнага становішча ўсходнія землі Русі адчувалі досыць выразна. Знаходзячыся на перакрыжаванні i ў межах дасягання амаль што ў роўнай ступені як заходніх, так i ўсходніх традыцый у галіне вайсковай справы, Вялікае Княства Літоўскае выступае ў XIV — XVI ст. як своеасаблівы палігон, дзе ўзбраенне абсалютна розных па сваім характары школ суiснавала не толькі ў выглядзе асобных дэталяў альбо тэхнічных задум, але нават стылёва такіх самых узораў вайсковага рыштунку, якія выкарыстоўваліся ў класічных краях ix панавання. Засцерагальнае ўзбраенне ўвогуле можна падзялщь на тры асноўныя групы - баявыя нагалоўі, альбо шлемы; баявыя пакрыцці тулава, ці даспехі; шчыты. У прынцыпе падобны падзел выглядае даволі ўмоўным, паколькі i шлемы, i даспехі ўваходзілі ў склад баявых пакрыццяў цела, часта выступалі ў камплекце i нават прадукаваліся як адзінае цэлае. Тым не менш у рэальным жыцці назіралася ўжыванне тых ці іншых відаў даспехаў i шлемаў у самых розных спалучэннях i паасобку. У выніку існавала практыка асобнага азначэння баявых пакрыццяў тулава i галавы, прычым тэрміналогія, ужываная ў дачыненні да апошніх, выглядае больш багатай i канкрэтнай, што дазваляе пры стварэнні класіфікацыі баявых нагалоўяў шырэй выкарыстоўваць аўтэнтычныя тэрміны.

Баявыя нагалоў'іІ

 

У выніку імклівага поступу тэхнічнай думкі на захадзе Еўропы, а таксама дастаткова аператыўнага пранікнення ў Bялікae Княства Літоўскае еўрапейскіх навацый i ўзаемадзеяння ix з мясцовымі i ўсходнімі традыцыямі на абшарах гэтай дзяржавы ў часы позняга сярэднявечча i Рэнесанса назіраецца надзвычайнае багацце тыпаў i формаў шлемаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў значнай стракатасці тэрміналогіі, што да XVІ ст. канчаткова замацавалася ў старабеларускай (т. за. «рускай») мове, на той час афійыйнай у Вялікім Княстве Літоўскім. Паказальна, што абагульняльная назва баявых нагалоўяў, аналагічная характэрнаму для лацінамоўных дакументаў вызкачэнню «galea», фігуруе ў крыніцах таго часу вельмі рэдка. Выкарыстанне для гэтых мэтаў тэрміна «гелм» альбо «гельм» ад. ням. i пол. Helm, helm) сустракаецца толькі спарадычна, у асноўным у дачыненні да чыста абстрактных шлемаў (напрыклад, геральдычных), а ў асобных выпадках нават супрацьпастаўляецца канкрэтным тыпам аховы галавы, кожны з якіх, як правіла, фіксуецца пад уласнай на-звай. У аснове тэрміналагічнай тыпалогіі тагачасных шлемаў ляжалі ix канструкцыйныя i функцыянальныя асаблівасці. Вызначальным элементам любога шлема з’яўляўся звон, што ахоўваў найбольш небяспечную для паражэння частку галавы — чарапную каробку. Тыпалагічна эвалюцыя шлема адбывалася галоўным чынам шляхам удасканалення формы звона i дапаўнення яго дадатковымі засцерагальнымі элементамі. Паводле галоўнай функныянальнай прыметы — наяўнасці ці адсутнасці аховы твару — усе шлемы падзяляліся на закрытыя i адкрытыя. На фарміраванне канструкцыі баявых нагалоўяў уплываў агульны характар ўзбраення, як засцерагальнага, так i наступальнага, тактыка, асаблівасці «вайсковай манеры» i ўзбраення патэнцыяльнага праціўніка, а таксама павевы моды. Дакументы Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. фіксуюць пяць тыпаў шлемаў: шаломы, капаліны, прылбіцы, штурмгабы i шышакі. Разам з тым у рамках кожнага тыпу існавалі варыянты, якія ў большасці выпадкаў яе знаходзяць адлюстравання ў дакументах таго часу. Гэта ўяўляецца вельмі істотным, калі ўлічыць, што адзін i той жа шлем па канструкцыйных асаблівасцях мог набліжацца да аднаго тыпу, а па функцыянальных — да другога. На жаль, колькасць вядомых на сённяшні дзень аўтэнтычных баявых нагалоўяў другой паловы XIV — канца XVI ст., звязаных з землямi Вялікага Княства, даволі абмежаваная. Істотнай крыніцай для рэканструкцыі выгляду шлемаў з’яўляюцца даныя іканаграфіі, нумізматыкі i сфрагістыкі, аднак храналагічна яны ахопліваюць у асноўным канец XIV — пачатак XV i канец XV — пачатак XVI ст. У той жа час пераважная большасць пісьмовых крыніц датуецца XVІ ст. У сувязі з гэтым узнікаюць дзве сур’ёзныя праблемы — праблема тэрміналагічнай тыпалогіі некаторых формаў нагалоўяў другой половы XIV — XV ст., якая мусіць мець пэўную штучнасць, i праблема рэканструкцыі ўсіх магчымых варыянтаў шлемаў, зафіксаваных у дакументах XVI ст. Для ix вырашэння падаецца мэтазгодным зварот да замежных аналагаў; гэта тычыцца, прынамсі, тых краін, дзе для пазначэння пэўных тыпаў шлемаў ужываліся аналагічныя тэрміны i адкуль яны, разам з прадметамі, імі абазначанымі, маглі пранікнуць на землі Вялікага Княства Літоўскага.