- •Уводзіны
- •Засцерагальнае ўзбраенне
- •Баявыя нагалоў'іІ
- •Шаломы.
- •Гаршковыя шлемы.
- •Капаліны.
- •Прылбіцы.
- •Салады.
- •Штурмгабы (штурмакі).
- •Шышакі.
- •Баявыя пакрыцці тулава
- •Пласцінкавы даспех.
- •Пласцінавы даспех.
- •Колкавы даспех.
- •Неметалічны даспех.
- •Клінковая зброя
- •Корды I цесакі.
- •Канчары I шпагi.
- •Кінжалы.
- •Дрэўкавая зброя
- •Колюча-сякучая дрэўкавая зброя.
- •Абуховая зброя
- •Сякеры I чаканы.
- •Кляўцы (надзакі).
- •Дубіны, булавы, перначы, кісцяні (баявыя цапы).
- •Зброя далёкага бою
- •Кидальная зброя
- •1) Прыярытэтнае бытаванне большасці відаў кідальнай зброі да канца XV ст., г. Зн. У перыяд, слаба прадстаўлены пісьмовымі крыніцамі;
- •Арбалеты.
- •Даагнёвая артылерыя.
- •Агняпальная зброя
- •Агнёвая артылерыя.
- •Ручная агняпальная зброя.
- •Раздзел 4. Рыштунак вершніка і верхавога каня
- •Рыштунак верхавога каня
- •Заключэнне
Кляўцы (надзакі).
Кляўцы фіксуюцца ў крыніцах Вялікага Княства Літоўскага з пачатку XVI ст. Тры «клевцы» узгадваюцца, праўда, сярод пушкарскай амуніцыі, «рэестрам паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. Падобную зброю можна заўважыць у руках цяжкіх кавалерыстаў на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай». Таксама, як i ў класічных чаканаў, абух кляўцоў быў найчасцей аформлены ў выглядзе малатка, але ролю сякеркі ў ix выконвала завостраная дзюба, загнутая ўніз. Форма кляўцоў, а таксама, верагодна, ix генетычная сувязь са звычайным малатком, абумовіла заходнюю назву такой зброі - «баявы молат» альбо «кавалерыйскі молат». Разам з тым той факт, што не абух, а дзюба, якая служыла для разбівання пласцін даспеха i была вельмі эфектыўным сродкам барацьбы з цяжкой кавалерыяй, з’яўлялася галоўным элементам кляўца, сведчыць пра блізкасць апошняга да такой прылады працы, як кірка. У сувязі з гэтым невыпадковым уяўляецца спектр назваў, якія выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве для акрэслення кляўцоў - уласна «клявец», «надзак (ад пол. «nadziak»), «кірка» i польскі адпаведнік гэтага слова «kilof». «Сокири, клевцы» былі зрабаваны ў 1558 г. у млынара Дзевяткоўскага. Паводле попісу роты Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага за 1567 г., «надзакі» мелі два камбатанты - таварыш Даніла Касцюшковіч i адзін з яго пахолкаў па імені Мікалай. У тым самым годзе Шчасны Навіцкі Ейсімонтавіч з Гродзенскага павета выставіў на попіс паспалітага рушэння «служебника на мерине с кордом а с киркою». Адзін «kilyof» узгадваецца пад 1582 г. у спісе амуніцыі нябожчыка Андрэя Бабраўніцкага ў жамойцкім маёнтку Жэймяны. Аналагічна акрэсліваюцца кляўцы ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Тут фіксуюцца чатыры экземпляры, прычым калі два з ix мелі, напэўна, звычайную канструкцыю, то адзін камбінаваўся з ручніцай, а яшчэ адзін - з сякеркай i набліжаўся, такім чынам, да зброі, што трактуецца сучаснымі збраязнаўцамі як чаканы. Археалагічна кляўцы прадстаўлены экземплярам, знойдзеным у Крычаве ў слаі XVI ст., хоць Г. Сагановіч датуе гэты клявец XVII ст. Клявец мае загнутую ўніз дзюбу квадратнага сячэння i патоўшчаны малаткападобны абух, завершаны ў выглядзе ўсечанай пірамідкі. Агульная даўжыня кляўца 17,5 см (мал. 17: 4).
Дубіны, булавы, перначы, кісцяні (баявыя цапы).
Самым старажытным i найбольш прымітыўным відам абуховай зброі з’яўлялася дубіна. Найпрасцейшая дубіна ўяўляла сабой драўляную палку з патаўшчэннем на канцы. Павысіць эфектыўнасць дубіны можна было шляхам убівання ў гэтае патаўшчэнне жалезных шыпоў ці цвікоў. Часам шыпы ці крамянёвыя асколкі ўбіваліся ў жывое дрэва. Пасля ўрастання ix у ствол ён ссякаўся i апрацоўваўся да атрымання неабходнай формы. Узоры такіх дубін з аформленым у выглядзе рукаяці тонкім канцом i ўманціраванымі ў патоўшчаны канец шыпамі маюцца ў зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы ў Вільні (мал. 17: 2). Яны звязваюцца з літоўскімі землямі i датуюцца XIV ст. Неаднаразова фіксуюцца дубіны мініяцюрамі Радзівілаўскага летапісу. Яны паказаны тут у руках як пешых ваяроў, так i кавалерыстаў i маюць выгляд простай сукаватай палкі (іл. XXXII), палкі з гузападобнымі выступамі на канцы альбо посаха з загнутым патоўшчаным канцом. У пісьмовых крыніцах XVI ст. дубіны фігуруюць, пэўна, з назвай «посах» ці «кій». Попіс 1567 г. узгадвае падобную зброю як атрыбут бедных апалчэнцаў, што не мелі нават каня. Так, у харугве Навагрудскага павета называецца «Стась Неверович Моствилович з Своротвы, человек велми убоги, пеш с посохом». У харугве Дарагіцкага павета папісаліся Ян Завадзік i Юзэф Юрэвіч, у дачыненні да якіх маецца запіс «пеш с кием», а таксама Войцэх Рафаловіч, які таксама з’явіўся без каня, але апроч кія меў яшчэ i сякерку. На плебейскі характар кіёў у XVI ст. указвае i той факт, што яны не сустракаюцца ў рэестрах феадальных арсеналаў. Разам з тым кій у руках дужага i спрытнага чалавека быў надзвычай эфектыўнай зброяй, ад якой магло не ўратаваць нават пласцінавае засцерагальнае ўзбраенне. Сведчаннем таму служыць адзначаная ў забітага ў 1561 г. Дзмітра Янавіча Сапегі «у голове рана шкодлива, вдарен кием... и яко вдарено, аж прилбица пробита». Высокія баявыя якасці дубіны абумовілі імкненне яшчэ больш павысіць яе эфектыўнасць шляхам вырабу ўдарнай часткі, альбо навершша, са шчыльнейшага матэрыялу. Пра цесную генетычную сувязь такой зброі са звычайнымі дубінамі сведчыць i тое, што ў старажытнай Русі яны, на думку A.M. ірпічнікава, таксама называліся кіямі. Але ў XVI ст. яны ўжо выступаюць пад назван «булава». Пад уласна булавой трэба разумець зброю з акруглым ці шматгранным навершшам, выкананым з металу i забяспечаным адтулінай пасярэдзіне для насаджвання на драўляную ці радзей металічную рукаяць. У XVI ст. булавы ў адрозненне ад дубін даволі часта фіксуюцца ў спісах баявога рыштунку. «Булава великая, медяная, работы старосветское» мелася ў 1552 г. у Канёўскім замку. Па адной булаве фігуруе ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, а таксама ў спісах маёмасці нябожчыкаў Андрэя Бабраўніцкага i Марціна Вольскага за 1582 г. (адпаведна маёнткі Жэймяны ў Жамойцкай зямлі i Карсаковічы ў Менскім павеце). «Bulawa zeliazna prosta» i «bulawa zeliazna oprawna» натуюцца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Скласці ўяўленне аб формах булаў, ужываных у Вялікім Княстве Літоўскім у разглядаемы перыяд, даволі складана. Двойчы паказаны яны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, прычым булавы тут выразна адрозніваюцца ад больш шматлікіх дубін выразна выдзеленымі (у тым ліку i па колеры) навершшамі. Па форме навершшы набліжаюцца да шара i нагадваюць булавы тыпу V паводле класіфікацыі А.М. Кірпічнікава. Адна з булаў мае вертыкальнае долепадобнае чляненне, чым нагадвае хоць i роднасны булавам, але самастойны від абуховай зброі, а менавіта пярнач. А.М. Кірпічнікаў даводзіць верхнюю мяжу бытавання шарападобных булаў да XIII ст. Зыходзячы з гэтага, адлюстраванне такой зброі ў Радзівілаўскім летапісе можна было б растлумачыць капіяваннем мініяцюрыстам канца XV ст. больш ранняга арыгінала. Разам з тым булавы шарападобнай формы былі добра вядомыя, між іншым, як сімвал вышэйшых вайсковых чыноў Рэчы Паспалітай яшчэ ў XVI ст. i нават пазней. Не лішнім будзе адзначыць, што булавы на радзівілаўскіх мініяцюрах таксама паказаны ў руках князёў як знак дыпламатычнага прадстаўніцтва ці вайсковай улады. Не выключана, што для баявых патрэб маглі выкарыстоўвацца шарападобныя булавы, забяспечаныя шыпамі. Узоры такой зброі, датаваныя XIV - XVI ст., маюцца ў зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы, хоць сувязь ix з тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага невыразная. Што тычыцца іншых формаў булаў, то магчымасць ix бытавання ў Вялікім Княстве ў другой палове XIV - XVI ст. выглядае чыста гіпатэтычнай. Перш за ўсё маюцца на ўвазе навершшы ў выглядзе куба са зрэзанымі вугламі (тып II, паводле А.М. Кірпічнікава). Булавы гэтага тыпу шырока прадстаўлены ў матэрыяле дамангольскага часу з тэрыторыі ўкраіны. На верагоднасць ix выкарыстання ў больш позні час ускосна ўказвае тое, што ў Польшчы яны ўжываліся яшчэ ў XV ст., а ў Маскоўскай дзяржаве - да сярэдзіны XVII ст. Мадыфікацыяй булаў з’яўляюцца экземпляры з навершшамі, падзеленымі на некалькі вертыкальна размешчаных лопасцяў («пер’яў»), якія радыяльна разыходзяцца ад цэнтра. Як ужо адзначалася, булава блізкай формы фіксуецца на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу. Узоры з лопасцевымі навершшамі паказаны на гравюры «Бітва пад Оршай» з брашуры Андрэя Крыцкага 1515 г., у тым ліку ў руках даводцы ліцвінскага атрада (іл. XXXVII), а таксама на гравюры М. Цунта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г. Зброя падобнага кшталту была вядомая яшчэ ў «далітоўскай» Русі. A.M. Кірпічнікаў не аддзяляе яе ў прынцыпе ад булаў i вылучае ў тып VI. Аднак падаецца мэтазгодным выдзеліць экземпляры з лопасцевымі навершшамі ў асобную групу, паколькі ў пісьмовых крыніцах яны ўжо на пачатку XVI ст. не атаесамляліся з булавамі i акрэсліваліся самастойным тэрмінам «пярнач». «Пернач железный позолочиван другий пернач железный не позолочиван» узгадваюцца, напрыклад, у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. У польскай літаратуры большае распаўсюджанне атрымала вызначэнне «буздыган» (buzdygan), у той час як расійскія даследчыкі аддаюць перавагу назве «шастапёр», якая тым не менш не з’яўляецца дакладнай, бо колькасць лопасцяў у перначоў магла быць i большай. Прыкладам такіх перначоў можа служыць экземпляр, знойдзены ў Хабултаве былога Уладзімірскага павета (мал. 17: 1). Ён цалкам сталёвы, даўжынёй 67,5 см. Васьмігранная рукаяць мае абмежаванае шайбамі месца для ўтрымання рукой, даўжыня якога складае 12 см. Навершша даўжынёй 11,8 см, якое вянчаецца гузам, мае восем лопасцяў; тры з ix абламаныя. Лопасці забяспечаны выразнымі спічастымі выступамі, што надае перначу рысы гатычнага стылю. Блізкі па канструкцыі пярнач, таксама з васьмю лопасцямі, верагодна паўночнаітальянскі, фігуруе ў каталогу распродажу нясвіжскай збраёўні за 14.VI. 1927 г. (пазіцыя № 7). Спецыфічную канструкцыю меў такі від абуховай зброі, як кісцень, у якога ўдарная частка ў выглядзе гіркі не насаджвалася на рукаяць, а мацавалася да яе пры дапамозе рэмяня, вяроўкі ці ланцуга. Такія кісцяні ўваходзяць у больш шырокую группу баявых цапоў. У шэрагу выпадкаў рукаяць, пэўна, магла адсутнічаць i рэмень ці вяроўка проста намотваліся на руку. З’явіўшыся ва ўсходняй Еўропе ўжо ў раннім сярэднявеччы, кісцяні ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў XV i XVI ст., хоць звесткі аб ix выключна скупыя. Кісцень з рукаяццю фіксуецца на адной з мініяцюр Радзівілаўскага летапісу (іл. XXXVI). «Кестень» быў зрабаваны ў 1540 г. у гродзенскага асочніка Цімоха. Што да рэчавага матэрыялу, то кісцянёў, якія можка было б звязваць з землямі Вялікага Княства і датаваць другой паловай XIV - XVI ст., таксама вельмі мала. Досыць шырока, XIII - XIV ст., датуецца касцяная шарападобная гірка дыяметрам 4 см з вушкам, знойдзеная на Гродзенскім замку (мал. 17: 4). A.M. Кірпічнікаў залічыў яе да тыпу I. Прыцягваюць таксама ўвагу дзве бронзавыя гіркі з пяццю вялікімі i васьмю маленькімі шыпамі, што былі выпадкова знойдзены на Украіне, у Рамашках былой Кіеўскай губерні i ў былым Оўручскім павеце Валынскай губерні. А.М. Кірпічнікаў выдзеліў іx у тып V i выключна па аналогіях з булавамі тыпу IV датаваў прыблізна XII — XIII ст. Разам з тым на тэрыторыі Рacii, у Арэшку, быў выяўлены дзіцячы кісцень аналагічнай формы, які датуецца канцом XV - першай паловай XVI ст. Гэта ўносіць істотныя карэктывы ў храналогію бытавання кісцянёў тыпу V i робіць магчымасць ix выкарыстання ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV — XVI ст. цалкам верагоднай. У зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы маюцца кісцяні з гіркамі ў выглядзе шыпастага шара альбо выцягнутай пірамідкі, злучаных з рукаяццю пры дапамозе ланцуга. Кісцяні датаваны XIV - XV ст., аднак сувязь ix з землямі Вялікага Княства не высветлена.
