Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962.05 Кб
Скачать

Клінковая зброя

 

Клінховая зброя выступае ў пазначаны перыяд як адзін з самых тыповых відаў зброі блізкага бою і наступальнага ўзбраення наогул. Гэта, між іншым, што працэс надзвычайнага ўзбагачэння тыпаў форм, уласцівы сродкам нападзення не менш чым срдкам аховы, ці не ў найбольшай ступені закрануў менавіта клінкавую зброю, якая на працягу гэтага перыяду была прадстаўлена, хоць і не ў аднолькава роўнай меры, мячамі, кордамі i цесакамі, шаблямі, шпагамі, канчарамі, а таксама кінжаламі (пуйналамі). Пры агульным прынцыпе канструкцыі, які выражаецца ў падзеле на рукаяць, прызначаную для ўтрымання, i рабочую часку — клінок (прычым апошні, як правіла, з’яўляецца значна даўжэйшым за рукаяць), асобныя віды клінковай зброі адрозніваюцца некаторымі канструкцыйна-функцыянальнымі рысамі i ў сувязі з гэтым падлягаюць класіфікацыі па шэрагу прымет. У залежнасці ад будовы рукаяці, клінковая зброя падзяляецца на зброю з адкрытай, паўзакрытай i закрытай рукаяццю, у залежнасці ад даўжыні клінка — на доўгую i кароткую. Па функцыянальнай прымеце выдзяляюць колючую і сякучую (найчасцей колюча-сякучую) клінковую зброю, у сваю чаргу сякучая (колючая-сякучая) зброя ў залежнасці ад колькасці сякучых граняў (лёзаў) дзеліцца на аднабаковую (адналязовую) i двухбаковую (двухлязовую), а па форме клінка — на простую i закрыўленую. Спецыяльнай класіфікацыі падлягае i шэраг іншых прымет клінковай зброі (крыжавіна, рукаяць, сячэнне клінка i г.д.). Дакладна вызначыць насычанасць войска Вялікага Княства Літоўскага клінковай зброяй на працягу ўсяго вызначанага перыяду не ўяўляецца магчымым. Разам з тым крыніцы XVІ ст. сведчаць, што насуперак досыць распаўсюджанаму меркаванню яна не была абавязковым атрыбутам тагачасных ваяроў (гэта тычыцца, прынамсі, паспалітага рушэння), хоць i мусіла быць ім паводле нарматыўных актаў. Аб гэтым яскрава гавораць такія падставовыя дакументы, як вайсковыя попісы другой паловы XVI ст., дзе ў дачыненні да пэўнай часткі апалчэнцаў, у тым ліку тых, у каго ўзровень засцерагальнага ўзбраення яўна перавышаў статутны, не маецца адпаведнай анатацыі. І гэта пры тым, што ў выпадках, калі воіны мелі багаты асартымент наступальных сродкаў, кожны з ix указваецца канкрэтна. Падобную ж карціну падаюць i вопісы некаторых феадальных арсеналаў, дзе колькасць адзінак клінковай зброі можа не дасягаць колькасці не толькі іншых асноўных відаў наступальнага ўзбраення, але i камплектаў ахоўных сродкаў, у тым ліку нават пласцінавых даспехаў. Растлумачыць такую адносную непапулярнасць клінковай зброі, дакладней не ўсеагульную яе папулярнасць, даволі складана. Аднак трэба ўлічваць, што ў другой палове XІV — канцы XVI ст. яна практычна не складала самага значнага віду наступальнага ўзбраення, за выключеннем хіба што тых выпадкаў, калі іншымі наступальнымі сродкамі ваяр папросту не валодаў. Колькасць жа такіх ваяроў не магла быць вельмі значнай; большасць мелі, як сведчаць попісы, дрэўкавую зброю альбо зброю далёкага бою, i ў такім разе да мяча, корда ці шаблі справа падчас бітвы магла проста не дайсці. На сённяшні дзень апублікавана даволі значная колькасць адзінак клінковай зброі, звязаных з абшарамі Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, далека не ва ўсіх выпадках публікацыі прыводзяць усе параметры, прынятыя для апісання падобнага ўзбраення ў сучаснай навуцы, што абцяжарвае сістэматызацыю матэрыялу. Самую вялікую групу ў гэтым матэрыяле складаюць мячы.

 

Мячы.

Пад мячом разумеюць доўгую клінковую сякучую зброю з адкрытай рукаяццю i крыжавінай, а таксама простым двухлязовым клінком даўжынёй больш за 60 см. Меч, як адзін з асноуных відаў клінковай зброі, ужываўся ў Вялікім Княстве Літоўскім на працягу ўсяго разглядаемага перыяду, прычым прынамсі да XVI ст. ён выступае ў якасці найбольш рэпрэзентатыўнай раз-навіднасці наступальнага ўзбраення. Літоўскія мячы, супрацьпастаўляючы ix татарскім шаблям на Куліковым полі, узгадвае «Задоншчына». Выключна мячы фігуруюць на пячатках літоўскіх князёў другой паловы XIV — XV ст., у тым ліку т. зв. «маестатных», дзе яны выступаюць як сімвал улады. На жаль, схематычнасць выяў дазваляе «апазнаць» канструкцыю падобнай зброі толькі ў агульных рысах. Усе мячы маюць клінападобныя альбо часцей плаўна звужанныя да вастрыя-штыха клінкі i ў большасці выпадкаў доўгую паўтараручную ці двухручную рукаяць з акруглым навершшам. Менавіта такія вялікія колюча-сякучыя мячы былі характэрнымі для цэнтральнаеўрапейскага рэгіёна ў адрозненне ад паўднёва-заходніх краін (Францыі, Італіі, Іспаніі i Англіі), дзе аддавалі перавагу «малому» мячу, прыстасаванаму пераважна для ўколаў. Перавага двухручных альбо паўтараручных колюча-сякучых мячоў, якія ў выпадку патрэбы можна было перахапіць дзвюма рукамі, над мячамі найперш колючымі (зноў жа часам двухручнымі) заўважаецца i пры аналізе рэчавага матэрыялу з зямель Вялікага Княства. Практычна ўсе аўтэнтычныя мячы, знойдзе-ныя тут, маюць еўрапейскі характар i дастаткова добра ўкладваюцца ў класіфікацыю, прапанаваную англійскім збраязнаўцам Р.Э. Оўкешотам i дапоўнечую польскім даследчыкам М. Глосэкам. Пераважна колючыя мячы прадстаўлены чатырма экземплярамі розных варыянтаў тыпаў XV i XVIII, найперш пашыраных адпаведна ў XIV — XV ст. i 1410 — 1510 гг. Меч тыпу XV знойдзены ў могільніку Куршай Цельшайскага раёна Літвы ў пахаванні XV ст. Меч мае клінок без долу, даўжынёй 76,3 см i шырынёй ля крыжавіны 5 см, моцна звужаны да вастрыя. Крыжавіна, даўжынёй 11,5 см, не зусім тыповая, хоць набліжаецца да тыпу 8. Рукаяць практычна не захавалася (мал. 4: 2). Двухручны колючы меч выяўлены ў Старых Дарогах былой Мінскай губерні. Агульная даўжыня мяча— 105 см, даўжыня рамбічнага ў сячэнні клінка з гранню — 81 см. Шырыня клінка складае 4 см ля крыжавіны i 1,7 см за 3 см ад вастрыя. Чаранок рукаяці, шырынёй 1,8 см ля крыжавіны, плаўна звужаецца да навершша (мал. 4: 3). Навершша дыскападобнае, тыпу G. Крыжавіна простая, са злёгку пашыранымі канцамі, тыпу 5 (?); даўжыня яе складае 21,3 см. Меч належыць да тыпу XVa, хоць адносна плаўнае звужэнне клінка да штыха надае яму пэўнае падабенства з тыпам XVII. Да тыпу XVa належыць выяўлены ў Цеханаўцы Бельскага павета меч, які захоўваецца зараз у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі (інв. № 8929). Агульная даўжыня яго, паводле інфармацыі супрацоўніка музея Ю. Кітуркі, складае 93,8 см (штых клінка абламаны), даўжыня рукаяці — каля 20,8 см. Клінок рамбічны ў сячэнні, шырынёй прыблізна каля 3 см ля крыжавіны i моцна звужаны ў накірунку вастрыя. Навершша мяча набліжаецца да тыпу R, аднак не зусім тыповае i ўяўляе сабой сшлюшчаны па вертыкалі шар, падзелены на пукатыя «долькі» (мал. 4: 1). Крыжавіна даўжынёй каля 22 см мае пашыраныя, выгнутыя да вастрыя канцы (тып 6 — 6а). 3 абодвух бакоў рукаяці да крыжавіны мацуецца дужка, якая ўтварае т. зв. бакавое ахоўнае колка (ням. Faustschutzbugel). Гэтая дэталь сведчыць пра досыць позняе датаванне мяча, верагодна не раней за XVI ст. Да пераважна колючых мячоў належыў, напэўна, узор, апісаны Э. Ленцам пры аналізе ўзбраення Імператарскага Эрмітажа. Ён быў знойдзены паблізу в. Вершвы былога Ковенскага павета. Зламаны клінок без долу меў шырыню ля крыжавіны 6 см. Канцы крыжавіны даўжынёй 22 см пашыраліся i загіналіся ў бок клінка (верагодна тып 6). Навершша мела конусападобную, т. зв. «келіхаватую» форму, крыху завостраную (тып Т?). Паводле комплексу ўказаных прымет, гэты меч найбольш набліжаецца да экземпляраў тыпу XVIII. Значна большай колькасцю экземпляраў прадстаўлены колюча-сякучыя мячы, якія не выходзяць за рамкі тыпу XVIa. Гэты тып, найбольш характэрны для канца XIV — пачатку XV ст., вызначаўся доўгім, звужанным да вастрыя клінком з долам у верхняй частцы, двухручнай рукаяццю i найчасцей дыскападобным навершшам. Тры падобныя мячы былі знойдзены на Валыні — у в. Малятын былога Ровенскага павета, у Рыдомлі i ў Луцку. Першы меч (мал. 6: 3) мае агульную даўжыню 125 см, прычым 99 см прыпадае на моцна звужаны да вастрыя клінок, амаль 2/3 даўжыні якога праразае дол, што больш характэрна для тыпу XVI. Шырыня клінка ля крыжавіны складае 5,6 см. Крыжавіна, чатырохкутная ў сячэнні, мае крыху выгнутыя да вастрыя канцы i належыць да тыпу 2; даўжыня яе — 18,2 см. Рукаяць шырынёй 2,7 см ля крыжавіны вянчаецца дыскападобным навершшам тыпу G — H1. Шырыня чаранка рукаяці ля навершша— 1,5 см. Да мяча з Малятына набліжаецца рыдомльскі меч, які мае звужаны да вастрыя клінок (канец абламаны) з доўгім долам (мал. 5: 3). Даўжыня рукаяці 24 см, крыжавіны тыпу 2 — каля 18 см. Навершша — тыпу 1, набліжанае, як i ў малятынскага мяча, да эліпсa. Даволі цікавым з’яўляецца экземпляр, знойдзены ў Луцку (мал. 6: 2), агульная даўжыня якога, паводле Фіцке, складае 136 (больш верагодна 116) см. Даўжыня клінка 93 см (у раёне штыха пашкоджаны), простай, акруглай у сячэнні крыжавіны тыпу 2 — 19,3 см. Навершша «келіхаватае», тыпу Т4, аднак скляпанасць чаранка ў месцы насадкі наводзіць на думку аб тым, што перша-пачаткова меч быў забяспечаны іншым навершшам. Два мячы тыпу XVIa знойдзены на Падоллі, якое ў канцы XIV — пачатку XV ст. уваходзіла ў сферу ўплыву Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з ix, знойдзены паблізу Камянца Падольскага, мае агульную даўжыню 130 см, з якіх на клінок прыпадае 104 см, а на рукаяць — 26 см. Клінок, шырокі ля крыжавіны (каля 6 см), вельмі моцна звужаецца да вастрыя i пераходзіць у выразны вузкі штых, што збліжае яго з клінкамі колючых мячоў (мал. 5: 1); дол займае менш за палову даўжыні клінка. Крыжавіна, даўжынёй каля 21 см, мае пашыраныя, злёгку выгнутыя да вастрыя канцы (тып 5 — 6(?)); навершша дыскападобнае, тыпу 1 ці К. Надзвычай блізкую форму клінка мае меч (мал. 5: 2), знойдзены ў в. Вадзічкі Хмяльніцкай вобласці, з той толькі розніцай, што дол займае тут больш як 2/3 яго даўжыні, якая складае 95 см (шырыня ля крыжавіны 5 см); даўжыня ўсяго мяча каля 123 см. Крыжавіна простая, чатырохкутная, тыпу 1, прыблізна 27 см даўжынёй. Навершша нетыповае, набліжанае да тыпу G3, але дыскападобнае. Меч даўжынёй 112 см выяўлены ў Кіеве. Клінок мае даўжыню 86 см, шырыню ля крыжавіны 6 см i за 3 см ад вастрыя — 1,5 см. Крыжавіна амаль простая, тыпу 1, даўжынёй 25 см. Навершша блізкае да шматкутніка, тыпу Т1 (мал. 5: 4). Даволі моцна пашкоджаны карозіяй меч тыпу XVIa, без крыжавіны i навершша, знойдзены ў слаях XІІІ - XIV ст. Крычаўскага замка. Яго агульная даўжыня 96,5 см, даўжыня клінка 74 см, а шырыня клінка ля рукаяці 5 см. Меч, верагодна такога ж самага тыпу, быў выяўлены таксама ў ваколіцах Гродна (зараз захоўваецца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве). Навершша мяча належыць да тыпу G, крыжавіна — да тыпу 5 — 6. Чатырма экземплярамі прадстаўлены мячы, прызначаныя найперш для сякучых удараў. Найбольшую ўвагу з ix прыцягвае двухручны меч Мікалая Радзівіла Рудога, выраблены ў Вільні ў 1572 г., які захоўваецца зараз у Музеі нямецкай гісторыі ў Берліне. Агульная даўжыня мяча складае 156,5 см. масіўнага клінка — 108 см. Клінок шырынёй 6,4 см ля крыжавіны слаба звужаецца да вастрыя і прыблізна на трэць сваёй даўжыні мае трайны дол, які далей пераходзіць у адносна слаба выражанае рабро. Доўгая «біканічная» рукаяць, патоўшчаная пасярэдзіне, завяршаецца «келіхаватым» навершшам тыпу Т5 (?). Крыжавіна простая, вузкая, даўжынёй 39,5 см. Належыць меч да тыпу XX (іл. XXII). Дзвюма знаходкамі прадстаўлены мячы тыпу XXI, альбо т. зв. ве-нецыянскія, характэрныя для XV i пачатку XVI ст. Яны таксама вызначаюцца доўгімі, мала звужаннымі да вастрыя клінкамі са слаба выражаным штыхам і падвойным ці патройным (часам адзінарным) долам. Такім мячам уласцівыя навершшы ў выглядзе квадрата са зрэзаннымі кутамі (тып Z) і крыжавіны тыпу 12 — з канцамі, загнутымі ў гарызантальнай плоскасці ў выглядзе літары S. Адзін з мячоў тыпу XXI знойдзены ў Себежы (мал. 6: 5). Ён мае слаба звужаны да вастрыя клінок з трыма доламі, даўжынёй каля 92 см i шырынёй ля крыжавіны каля 5 см. Рукаяць двухручная, масіўная, каля 34 см даўжынёй, якая вянчаецца навершшам тыпу Z. Агульная даўжыня мяча каля 126 см. Крыжавіна S-падобная, тыпу 12, з пашыранымі канцамі, даўжынёй каля 20 см. Другі меч падобнага тыпу выяўлены каля Луцка (мал. 6: 4). Яго агульная даўжыня складае 116 см, у тым ліку клінка — 93,8 см. Забяспечаны адзіным долам клінок амаль не звужаецца да вастрыя i завяршаецца вельмі слаба выражаным акруглым штыхом; шырыня клінка ля крыжавіны — 4,5 см. Крыжавіна належыць да тыпу 12, навершша — да тыпу Z. Формы ўсіх вышэйзгаданых мячоў у прынцыпе з’яўляюцца абсалютна тыповымі для азначанага перыяду. Разам з тым паралельна з імі бытавалі ўзоры, даволі неўласцівыя гэтаму часу, аб чым сведчыць меч, знойдзены ў могільніку Круміняй Варэнскага раёна Літвы (мал. 6: 1). Пры агульнай даўжыні 110 см меч мае амаль не звужаны да слаба выражанага штыха клінок даўжынёй 90 см i шырынёй 4,5 см, без дола. Рукаяць, падобна клінку, практычна не звужаецца да навершша тыпу H1. Крыжавіна простая, тыпу 1, даўжынёй 21 см. Найбольш дакладна меч адпавядае тыпу ХІІІа. Звычайна мячы гэтага тыпу ўжываліся не пазней чым у сярэдзіне XIV ст., аднак згаданы экземпляр датуецца XV — пачаткам XVI ст. Знаходжанне такога архаічнага мяча ў пахаванні XV — пачатку XVI ст. у нейкай меры тлумачыць адносна невялікую ўдзельную вагу ў рэчавым матэрыяле ўзораў позніх формаў, характэрных для XVI ст. Між тым на працягу ўсяго XVI ст. меч у Вялікім Княстве Літоўскім не пакідаў поля бою i нават вызначаўся ў якасці нарматыўнай зброі апалчэнцаў юрыдычнымі актамі. Можна дапусціць, паколькі выяўленчыя і пісьмовыя крыніцы практычна не праліваюць святло на праблему тыпалагічнай прыналежнасці ўжываных у XVI ст. мячоў, што некаторыя ваяры маглі карыстацца даўнейшымі, атрыманнымі ў спадчыну экземплярамі, тым больш што прынамсі ў другой палове гэтага стагоддзя падобная зброя ўжо не з’яўлялася найбольш прэстыжнай i сустракалася найчасцей у руках не самага заможнага рыцарства. Так, са 169 адзінак клінковай зброі, што меліся на ўзбраенні гусараў наёмнай роты Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага ў 1567 г., налічвалася ўсяго 12 мячоў, прычым мяча не меў ні адзін з таварышаў роты. Прыблізна такая ж карціна назіралася i ў шэрагу харугваў паспалітага рушэння, дзе ў 1567 г. у Віленскай харугве на 67 указаных адзінак клінковай зброі прыпадала 25 мячоў, у Браслаўскай харугве на 34 адзінкі — 1 меч, у Ковенскай харугве на 16 адзінак — 8 мячоў, у Слонімскай харугве на 37 адзінак — 9 мячоў, у Менскай харугве на 93 адзінкі — 17 мячоў i г. д. Вельмі вялікі працэнт мячоў назіраўся ў падляшскіх харугвах, аднак гэтыя харугвы вызначаліся адносна нізкім узроўнем узбраення ў цэлым. Шмат мячоў знаходзілася таксама на ўзбраенні пешых драбаў, у якіх іншыя віды клінковай зброі былі хутчэй выключэннем, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што па сваёй прэстыжнасці на полі бою меч у другой палове XVI ст. апусціўся фактычна да ўзроўню амаль што плебейскай зброі. Падобная сітуацыя прыводзіла да таго, што нават тыя асобы, якія не ў стане былі набыць сябе новыя, больш папулярныя клінкі, часам імкнуліся пазбавіцца ад мячоў, проста аддаючы ix на пераробку. Так, у майстэрні нейкага Міклаша, каваля «из Степани», знаходзілася ў 1569 г. шмат клінкоў старых мячоў, атрыманных ім ад шляхты, што жадала перакаваць ix на шаблі. Цалкам верагодна, што кавальскі молат не менш за іншыя фактары спрычыніўся да слабай прадстаўленасці ў рэчавым матэрыяле мячоў позніх тыпаў. Уяўляецца, што падзенне папулярнасці мяча ў Вялікім Княстве Літоўскім на працягу XVI ст. было выклікана найперш тым, што сфера ваеннай напружанасці ў гэты час пераносіцца з захаду на ўсход дзяржавы, дзе даводзілася мець справу з лёгкаўзброеным праціўнікам, супраць якога цяжкі меч, прыстасаваны для рэдкіх сакрушальных удараў ці ўколаў, быў мала эфектыўны. Тым не менш навыкі вырабу мячоў захоўваліся яшчэ ў самым канцы XVI ст., аб чым сведчыць статут, выдадзены 2.ХІ1. 1591 г. мінскаму цэху злотнікаў, кавалёў, катляроў, меднікаў, слесараў, майстроў па гадзінніках, мечнікаў i нажоўнікаў, паводле якога для атрымання звання майстра мечнікам неабходна было вырабіць на працягу 12 тыдняў узорны меч. Гэты дакумент цікавы тым, што дазваляе высветліць канструкцыю мяча з улікам тых матэрыялаў, якія кепска захоўваюцца ў зямлі, а таксама паслядоўнасць яго вырабу. Першапачаткова выкоўваўся клінок, шырокі ля чаранка («anglia») i звужаны да штыха. Ад чаранка i да палавіны клінок мусіў мець «faliecz» (напэўна, долы), а далей — рабро («grzbiecziste jako u Sasa»). Меч вастрыўся ў прысутнасці двух майстроў, пасля чаго адбывалася «мечаванне» (загартоўка, паліраванне i варанне); у выніку як сам клінок, так i «angiel» мусілі блішчэць як люстэрка. Пасля гэтага насаджвалася крыжавіна («iedliec»), насечаная латунню, а на яе канцах насякаліся шчыты з выявамі гарадскога i каралеўскага гербаў. Навершша («glowica») рабілася пляскатым i круглым «w cyrkiel»; на ім таксама насякаліся шчыты з гербамі. На  чаранок надзявалася паліраваная латуневая трубка з «акенцам», праз якое можна было бачыць якасць вырабу чаранка. Паверх трубкі змяшчалася драўляная рукаяць, таксама «з акенцам», зробленым такім чынам, што былі відаць i «angiel», i трубка. Рукаяць у сваю чаргу апляталася дротам, завязаным спецыяльнымі «рыцарскімі вузламі» так, каб не рухаліся ні трубка, ні рукаяць. Меч павінен быў мець таксама «ташку» са скуры, на якой зноў жа выразаліся гербы караля i горада. Абсалютна ўпэўнена сказаць, да якога тыпу належаў гэты ўзорны меч, даволі цяжка, аднак з яго апісання i з улікам часу складання статута вынікае, што ён мог адпавядаць тыпу XVIIІ а альбо, што больш верагодна, тыпу XX. Можна меркаваць, што блізкую канструкцыю i паслядоўнасць вырабу мелі мячы i ў другой палове XIV — XV ст., з той толькі розніцай, што трубка на чаранку прысутнічала не заўсёды (яе няма ні на адным са знойдзеных мячоў), а драўляныя абкладкі рукаяці маглі абмотвацца не толькі дротам, але i скурай. Насаджванне навершша складала, напэўна, апошнюю фазу зборкі мяча, пасля чаго заклёпваўся канец чаранка. Скураныя ташкі ў выглядзе язычка, змешчанага паміж крыжавінай i рукаяццю і загнутага ў бок клінка, з’явіліся на мячах у канцы XIV ст. Падобны элемент павінен быў прадухіляць траплянне ў похву вільгаці, якая магла б выклікаць карозію клінка. Ташку мае, між іншым, меч, верагодна, тыпу XVIa, з простай крыжавінай i дыскападобным навершшам, паказаны на «маестатнай» пячатцы Жыгімонта Кейстутавіча за 1434 г. За выключэннем часу непасрэднага выкарыстання, мячы знаходзіліся ў похвах. Похваў другой паловы XIV — XV ст. да нашых дзён не захавалася, таму аб ix канструкцыі можна меркаваць толькі на падставе замежных аналагаў. Аснова похвы складалася з двух кавалкаў дрэва — т. зв. «трэсак», абцягнутых скурай ці тканінай. Канструкцыя ўзмацнялася металічнымі акоўкамі («абоймамі»), а канец похвы забяспечваўся часта металічным «чаравікам», у той час як яе вусце — металічнай «шыйкай». Прынцыпова блізкую похву мусілі вырабіць мінскія мечнікі паводле статута 1591 г., прычым, як вынікае з апісання працэсу яе вырабу, «трэскі» («trzaski») вырабляліся напэўна шляхам вы-дзёўбвання («выбірання») сярэдзіны цэльнага кавалка дрэва без склейвання («bez kleiu»). Скураное пакрыццё «трэсак» альбо, згодна з тэрміналогіяй статута, уласна «poszwa» павінна была «ze trzech szwоw uszyta, zeby dwie nad ostrym byli, a trzeci po srzodku». «Меч вялікі» i 2 «мечыкі», усе ў «раменных», г. зн. скураных, похвах узгадваюцца сярод рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Похва разам з мячом прывешвалася да спецыяльнага паса, вырабленага са скуры ці моцнай тканіны. У сярэднявеччы гэтай дэталі касцюма надавалі значную ролю, што выявілася ў бытаванні т. зв. рыцарскіх пасаў, якія служылі сімвалам рыцарскай годнасці. Такія пасы ўпрыгожваліся плакеткамі са шляхетных металаў; да сярэдзіны XV ст. ужываліся таксама пасы, складзеныя выключна са злучаных паміж сабой металічных звёнаў, найчасцей прастакутнай формы. Упрыгожаныя пасы маглі ўяўляць сабой досыць значную каштоўнасць. Так, напрыклад, сума, выдаткаваная ў 1393 г. з польскага каралеўскага скарбу на выкуп залачонага паса («cinguli deaurati»), закладзенага нейкім літвінам Шудзімутам для пакрыцця выдаткаў свайго побыту ў Кракаве, раўнялася 6 грыўнам. За такія грошы можна было набыць поўную экіпіроўку коннага стральца (каня з усім рыштункам, шлем, кальчугу, ахову канечнасцяў, шчыт, корд i лук). Рэальны ж кошт гэтага паса павінен быў быць, напэўна, яшчэ вышэйшы. Разам з тым бяднейшае рыцарства абмяжоўвалася, па ўсёй верагоднасці, больш сціплымі экземплярамі у выглядзе звычайнага рэменя, упрыгожанага пласцінкамі з нешляхетных металаў. Прыкладам такіх пасаў можа служыць узор, выяўлены А.В. Квяткоўскай падчас раскопак могільніка Барок у в. Вензаўшчына Шчучынскага раёна, у пахаванні XIV ст. (мал. 9: 1). У другой палове XIV — пачатку XV ст. пасы звычайна насіліся нізка на бёдрах, аднак багатыя рыцарскія экземпляры маглі змяшчацца на таліі; у такіх выпадках меч прывешваўся да другога паса, спецыяльна для гэтага прызначанага. Падобная манера нашэння рыцарскага паса, які, напэўна, меў выключна рэпрэзентатыўную функцыю, прадстаўлена, між іншым, на пячатцы Дзмітрыя Карыбута за 1386 г. (мал. 1: 1). Аздобленыя пасы для мяча выкарыстоўваліся да канца разглядаемага перыяду. Аксамітны, упрыгожаны «цэткамі шмальцаванымі» пас фіксуецца, напрыклад, у спісе рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Разам з тым з падзеннем прэстыжнасці мяча павінна было змяншацца i значэнне падобных пасаў як сімвала рыцарскага саслоўя.