Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962.05 Кб
Скачать

Неметалічны даспех.

Даныя аб ужыванні неметалічных даспехаў у Вялікім Княстве Літоўскім да XVI ст. вельмі абмежаваныя. У другой палове XIV - пачатку XV ст. у якасці дадатковай аховы тулава ў краінах Еўропы выступаў кароткі, моцна аблягаючы кафтан-ленднер (лентнер), прадстаўлены, між іншым, на шэрагу пячатак літоўскіх князёў. Верагодна блізкая па характары дэталь баявога касцюма фігуруе сярод узбраення, прадукаванага ў Польшчы ў канцы XIV ст. для прадстаўнікоў Вялікага Княства, пад тэрмінам «яка»  (іасса). Выраблялася яка са скуры альбо з некалькіх варстваў тканіны, перакладзеных ватай. Яка з чорнага аксаміту, падбітага палатном, бархатам i ядвабам, якая завяршалася ўнізе ядвабнымі фестонамі была выраблена ў 1394 г. для Вітаўта. Паміж слаямі тканіны i ваты былі зашыты жалезныя пласцінкі альбо кальчужнае палатно (textоrіum ferreum), што повышала баявыя якасці гэтага спецыфічнага даспеха i набліжала яго да брыгандыны. У тым самым годзе ячка была таксама ахвяравана разам з шаломам ліцвіну Свімунту. Значна больш інфармацыі аб ужыванні неметалічнага даспеха даносяць крыніцы XVI ст. Дастаткова тыповым відам падобнай аховы цела з’яўляўся ў гэты час т. зв. «цягіляй», які, па ўсёй верагоднасці, трапіў на землі Вялікага Княства Літоўскага i Маскоўскай дзяржавы. Маскоўскія цягіляі ўяўлялі сабой набітыя абчоскамі льну ці канапель альбо ватай прашытыя кафтаны ніжэй калена, з высокім стаячым каўняром i з кароткімі рукавамі.Усярэдзіну цягіляя маглі таксама зашывацца жалезныя пласцінкі. Блізкія кроем кафтаны, аднак вышэй калена i з дадатковымі разрэзамі з бакоў падола, прадстаўлены ў якасці асноўнай аховы тулава лёгкіх кавалерыстаў ліцвінскага боку на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай». Па тулаве «даспехі» прашыты частымі вертыкальнымі строчкамі, па рукавах, - доўгіх ці кароткіх, - гарызантальнымі (iл. XXІV). Тэрмін «цягіляй» фіксуецца на працягу ўсяго XVI ст. «Тегиляев камчатых 12» мелася ў 1516 г. у маёнтку пана Солтана Жыровічы. «Тягіляй камчатый» адсуджвала ў тым самым годзе ў Міхайлы, брата свайго мужа Фёдара, княгіня Апранка Глінская. Тры цягіляі фігуруюць у спісе рэчаў, якія служылі ў 1541 г. прадметам судовага разбіральніцтва паміж спраўцам Гарадзенскага староства Войцэхам Трэбскім i гарадзенскім яўрэем Гонкам Галашэвічам. «Tehiljay moskyewski nа czjirwonim yaxamicye bljaszkami nitowanj» знаходзіўся сярод узбраення, высланага ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Часам набіўныя неметалічныя даспехі ўзгадваюцца пад тэрмінамі, што выкарыстоўваліся i для пазначэння звычайнай вопраткі, дзякуючы чаму ix баявое прызначэнне можна «апазнаць» толькі зыходзячы з кантэксту дакумента. Прыкладам такіх убораў можа служыць «зипун белый полотна коленского з баволною», які меўся ў 1556 г. у зямяніна Гарадзенскага павета Багдана Чашайковіча ў маёнтку Горніцы. У попісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1567 г. падобная форма аховы цела выступае як «кафтан», прычым забяспечанасць кафтанамі ваяроў, асабліва ў павятовых харугвах, была даволі значнай. У Рэчыцкай харугве ix мелі 6 %, у Слонімскай - 8,1 %, у Пінскай - 8,6 %, у Віленскай - 8,3 %, у Браслаўскай - 18,9 %, а ў Ковенскай - 19 % апалчэнцаў. Кафтаны маглі выступаць i ў якасці самастойнай аховы цела i ў камплекце з пласцінавымі даспехамі, панцырамі, альбо асобнымі панцырнымі элементамі, у прыватнасці зарукаўямі. Так, напрыклад, у харугве Ашмянскага павета шляхціц Матыс Чыж «ставіл коней 3 збройно пнц.1, зброя бляхов., пр.; вси каф., согай., рогати.». Слугу, на ўзбраенні якога знаходзіліся «кафтан, збройя, меч, рогатина», выслала на попіс шляхцянка Бельскага павета, удава Мікалаевая Шорцава, «кони два - один в панцеру, а другий в кафтане, зарукаве панцеровое, рогатина» выставіла на попіс Барбара Венцлававая i г. д. Спецыфічнай формай неметалічнага даспеха фіксаванага попісам 1567 г., з’яўлялася «скурка», альбо «скурка лося», якую ў Рэчыцкай, Мазырскай i Менскай харугвах мелі, напрыклад, па два чалавекі, у Слонімскай i Ковенскай - па тры, у Віленскай - чатыры. Нічога канкрэтнага аб выглядзе гэтага даспеха сказаць немагчыма, аднак можна меркаваць, што ён уяўляў сабой від скуранога кафтана, ці, хутчэй, калета, які, дарэчы, вырабляўся звычайна якраз з ласінай скуры i выкарыстоўваўся як у выглядзе паддаспешнай вопраткі, так i ў выглядзе самастойнай аховы цела.

 

Шчыты.

Важным элементам засцерагальнага ўзбраення ў азначаны перыяд з’яўляліся шчыты, хаця з пашырэннем пласцінавага даспеха сфера ix ужытку істотна звузілася. Шчыты не былі часткай даспеха, г. зн. баявога пакрыцця цела, аднак i тут на працягу другой паловы XIV - канца XVI ст. назіраецца надзвычайнае багацце тыпаў i формаў. Прыярытэтнымі для вывучэння гэтай часткі вайсковага рыштунку ў Вялікім Княстве Літоўскім здаюцца выяўленчыя i пісьмовыя крыніцы, якія дазваляюць у адносна поўнай меры выдзеліць асноўныя віды шчытоў, што бытавалі тут. У дачыненні да другой паловы XIV — першай паловы XV ст. інфармацыю аб формах штытоў, якія ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, можна займець выключна з даных сфрагістыкі, прычым на падставе вядомых пячатак літоўскіх князёў можна выдзеліць прынамсі тры ix віды. Першы від шчытоў мае набліжаную да трохкутніка форму з плаўна закругленымі бакавымі краямі. Такія шчыты прадстаўлены на пячатках Кейстута за 1353 г., Скіргайлы за 1387 i 1394 гг. (мал. 1: 3, 5) i Вітаўта за 1404 i 1418 гг. (мал. 1: 2,4). Усе яны невялікіх памераў i набліжаюцца да т. зв. «тарчаў» (ням. Tartsche), прызначаных для патрэб кавалерыі. Для карыстання такімі шчытамі падчас бою з ix унутранага боку змяшчалася досыць складаная сістэма раменных петляў — з кароткіх петляў для рукі і доўгага рэменя, пры дапамозе якога шчыт навешваўся на шыю альбо праз плечы. Падобны рэмень, дарэчы, можна заўважыць на пячатцы Скіргайлы за 1394 г. Верагодна ад трохкутных тарчаў выводзяцца тарчы з закругленым ніжнім краем, так што шчыт мае паўкруглыя абрысы. Паўкруглыя тарчы паказаны на пячатках Дмітрыя Карыбута за 1386 г. (мал. 1: 1), Вітаўта за 1425 г. (мал. 1: 9) і Жыгімонта Карыбута за 1433 г. Найбольшую цікавасць уяўляе вельмі аб’ёмна выкананая пячатка Дзмітрыя Карыбута, якая сведчыць аб плаўным выгінанні наперад верхняй i ніжняй тарчы, дзякуючы чаму яна набывае спецыфічную вертыкальную прафіліроўку. Апошні від шчытоў, прадстаўленых на пячатках літоўскіх князёў другой патовы XIV - першай паловы XV ст., - гэта т. зв. «павеза», якая характарызуецца падоўжанай формай, блізкай да крыху звужанага ўнізе прастакутніка са скругленымі вугламі, у якіх цэнтр падзяляўся вертыкальным жолабам, што надаваў шчыту трохчасткавы характар. Павезы можна заўважыць на пячатках Кейстута за 1379 г., Вітаўта за 1379 i 1413 гг., а таксама Лінгвена Сымона за 1385 г. Як i трохкутны, i паўкруглы шчыт, павеза была добра вядомая ў тагачаснай Еўропе, прычым у шэрагу цэнтральнаеўрапейскіх краін яна выступае як «літоуская». Нават больш, найноўшыя дасягненні заходніх, асабліва польскіх, збраязнаўцаў сведчаць, што гэты тып шчыта быў сканструяваны менавіта ў балтыйскім рэгіёне, хоць расійскі даследчык А.М. Кірпічнікаў прытрымліваецца думкі, што самі балтыйскія народы запазычылі яго на Русі. Надзвычай каштоўнай i бадай што адзінай крыніцай, прыдатнай для рэканструкцыі формаў шчытоў другой паловы XV ст„ з’яўляюцца мініяцюры Радзівілаўскага летапісу. Нягледзячы на тое, што значная частка мініяцор стваралася на аснове ранейшых арыгіналаў, большасці тыпаў шчытоў, адлюстраваных у летапісе, фіксуецца i ў іншых крыніцах XV - пачатку XVI ст., у тым ліку замежных, што прымушае думаць пра адлюстраванне мініяцюрыстамі калі не ва ўсіх, то ў большасці выпадкаў менавіта тагачасных відаў гэтага важкага элемента засцерагальнага ўзбраення. Найчасцей мініяцюры Радзівілаўскага летапісу фіксуюць груглыя шчыты: яны сустракаюцца тут ажно 118 разоў (іл. XXVII, ХХХІ). Памеры такіх шчытоў    невялікія, прафіліроўка - лейкападобная. Хутчэй за ўсё, што такім чынам схематычна перадаецца форма адносна пляскатага шчыта, цэнтральная частка якога плаўна выцягваецца наперад у выглядзе вастрыя; падобныя шчыты паказаны таксама ў руках маскоўскіх i лёгкіх літоўскіх вершнікаў на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV d). Другім па колькасці фіксацый на старонках летапісу відам шчытоў з’яўляецца міндалепадобны шчыт, які сустракаецца 42 разы. 24 разы прадстаўлены тут таксама міндалепадобныя шчыты, але з вертыкальнай прафіліроўкай, як у паўкруглай тарчы з пячаткі Дмітрыя Карыбута за 1386 г. i з вертыкальнай гранню (іл. XXV), што надае аддалёнае падабенства з павезамі (A.M. Кірпічнікаў называе іх «сэрцападобнымі»). Блізкія па форме шчыты фіксуюцца i іншымі выяўленчымі крыніцамі XV ст., напрыклад мініяцюрамі «Вялікіх французскіх Хронік» другой паловы гэтага стагоддзя. 15 разоў прадстаўлены на мініяцюрах Радзівіпаўскага летапісу паўкруглыя ці чатырохкутныя тарчы (толькі дзве з ix маюць іншую форму, набліжаную да перакуленай трапецыі са зрэзанымі прылягаючымі да основы вугламі i да моцна раздзьмутага трохкутніка), найбольш характэрныя для Заходняй Еўропы XV ст. У адзінаццаці выпадках у правым верхнім куце тарчаў маецца выценка, на якую падчас атакі апіралася кап’ё (іл. XXXII). Манера паказу большасці тарчаў сведчыць аб ix спецыфічнай прафіліроўцы, прынамсі ў дзевяці шчытоў верхні i ніжні краі плаўна адгінаюцца вонкі, прычым найменей шэсць з ix маюць таксама вертыкальнае рабро i звязаную з гэтым двухсхілавасць, як у «сэрцападобных» шчытоў. Не да канца зразумелая форма дзвюх тарчаў, якія на ніжнім краі маюць тры нібы «лопасці», што ў шчытоў з вертыкальным рабром абазначаюць паказаныя з тарца закругленыя бакавыя схілы. Таму не выключана, што ў выпадку з «трохлопасцевымі» шчытамі можна гаварыць аб ажно двух паралельных вертыкальных рэбрах, што павінна было б надаваць такім тарчам хвалепадобную гарызантальную прафіліроўку. Павезы на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу паказаны 14 разоў, трохкутныя шчыты - 6 разоў, прычым кожны раз, калі яны змешчаны ў профіль, відаць ix двухсхілавая форма (іл. XXVI, ХХХІ, XXXIII). Надзвычай вялікую цікавасць выклікае выява (На жаль, адзінкавая) вялікапамернага, амаль у рост чапавека, шчыта блізкай да прастакутнай формы з закругленым верхнім краем, на правым баку якога маецца глыбокая выценка для кап’я альбо, калі прыняць пад увагу ўзровень размяшчэння выценкі, для назірання за праціўнікам. Ніжні край шчыта забяспечаны выступам, напэўна для ўтыкання ў зямлю (іл. XXXI). Па сваёй канструкцыі шчыт набліжаецца да вялікіх пяхотных павез, альбо «тарасаў», распаўсюджаных у Еўропе ў XV ст. Асаблівасць яго складае адсутнасць вертыкальнага жолаба, аднак існаванне пяхотных павез без выражанага падобнага элемента пацвярджаецца заходнімі матэрыяламі. 3 баявой практыкай Вялікага Княства Літоўскага магла нейкім чынам быць звязана пяхотная павеза канца XV ст., што фігуруе ў каталогу распродажу збраёўні Нясвіжскага замка за 14 чэрвеня 1927 г. (пазіцыя № 17). Яна ўпрыгожвалася намаляваным чорным арлом з распасцёртымі крыламі, на грудзях якога змяшчаўся геральдычны шчыт з гербам, аднак адназначна звязваць яго з гербам менавіта Радзівілаў няма, На жаль, сур’ёзных падстаў. 3 пачатку XVI ст. інфармацыю аб шчытах, ужываных у Вялікім Княстве Літоўскім, прыносяць таксама пісьмовыя крыніцы, якія для гэтага часу з’яўляюцца абсалютна дамінуючымі, хоць i не самымі прыдатнымі для рэканструкцыі формаў шчытоў. Найбольш выйгрышным у гэтым сэнсе ўяўляецца тэрмін «павеза», які па-ранейшаму абазначаў шчыт з вертыкальным жолабам. «Аўтарытэт» павезы ў XVI ст. быў досыць значным, што абумовіла вызначэнне менавіта гэтага тыпу шчыта ў якасці нарматыўнага для апалчэнцаў Вялікага Княства статутамі 1529 i 1566 гг. Тым не менш у дакументах, якія ілюструюць рэальны стан узбраення гэтага перыяду, павезы, асабліва кавалерыйскія «павезкі», фігуруюць не так часта, як можна было б чакаць. «Щитов великих драбских (напэўна, пяхотных павезаў. — Ю. Б.) 4 а малых павезок 4» узгадваюцца сярод дзесяці шчытоў, пералічаных у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. Пяхотныя павезы развітых формаў, з вертыкальным жолабам, які ўгары завяршаецца раструбападобным выступам, паказаны ў руках наёмных драбаў на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV b). Фігуруюць павезы побач з узорамі, названымі абагульняльным тэрмінам «щит», у попісах харугваў Васілішскай i Медніцкай валасцей за 1563 (?) г. У якасці нетыповых шчытоў павезы фіксуюцца таксама гравюрай Цунта, якая ілюструе сустрэчу маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г. (іл. XXXVIII b). Найбольш часта ў крыніцах XVI ст. фігуруюць шчыты, азначаныя тэрмінам «тарча», прычым, як правіла, у якасці элемента гусарскага рыштунку. Менавіта як гусарскі атрыбут тарчы ў камплекце з кап’ём («дрэвам»), а таксама найчасцей з панцырам i прылбіцай, сустракаюцца ў рэестрах літоўска-беларуска-украінскіх атрадаў у складзе польскіх наёмных рот першай паловы XVI ст. Меліся тарчы ў почтах князя Андрэя Збаражскага i Мікалая Завішы, якія ў 1528 г. служылі адпаведна ў ротах Яна Мялецкага i Пятра Марціноўскага, атрадах Херубіна Вайновіча (1531 г., рота Лаўра Цёлка), Андрэя Валынца (1532 г., рота Яна Мялецкага), князя Мікалая Збаражскага (1536 г., рота Пракопа Сяняўскага), Аляксандра Палубенскага (1542 г.. рота Яна Мадалянскага), Андрэя Нарбута (1548 г., рота Мацея Влодэка), Станіслава Нарбута (1549 г., рота Аляксандра Сяняўскага) i г.д. У прынцыпе ідэнтыфікацыя падобных шчытоў звязана з сур’ёзнымі цяжкасцямі, паколькі словам «тарча» у польскай мове, якая ў XVI ст. надзвычай моцна ўплывала на мілітарную тэрміналогію Вялікага Княства Літоўскага, называюцца любыя шчыты незалежна ад ix формы i функцыянальнага прызначэння, у тым ліку пяхотныя. Аднак можна меркаваць, што прынамсі ў шэрагу выпадкаў тут мелася на ўвазе характэрная гусарская тарча, якая сфарміравалася ў Венгрыі на базе звычайнай гатычнай тарчы, але вызначалася арыгінальнай формай, прыстасаванай для патрэб лёгкай кавалерыі. Гусарская венгерская тарча выраблялася з абцягнутага скурай дрэва i мела паўцыркульную гарызантальную прафіліроўку, а таксама скругленыя ці блізкія да чатырохкутніка абрысы, прычым верхні край такіх тарчаў, зрэзаны коса, утвараў у левай частцы спічасты выступ, што надавала ім падабенства з птушыным крылом. У правай частцы гусарскіх тарчаў, таксама як i ў ix гатычных правобразаў, магла мецца выценка для кап’я. Дакладны час з’яўлення гусарскіх венгерскіх тарчаў у Вялікім Княстве Літоўскім невядомы. На гравюры з брашуры А. Крыцкага, прысвечанай аршанскай перамозе, у руках гусараў фігуруюць яшчэ прастакутныя шчыты, хоць i з паўцыркульнай гарызантальнай прафіліроўкай, але без выразна скошанага верхняга краю (іл. XXXVII). Аднак ужо на карціне «Бітва пад Оршай» менавіта венгерскія тарчы складаюць большасць шчытоў гусарскай конніцы (іл. XXIV). Шырока прадстаўлены яны i на гравюры М. Цунта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г. (іл. XXXVIII b). Вельмі часта ўзгадваюцца тарчы i ў пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI ст., у тым ліку ў попісе 1567 г., дзе яны выступаюць як абсалютна дамінуючы тып шчытоў. Выключна тарчамі былі прадстаўлены шчыты ў 1565 г. у маёнтку Зоф’і Віктарынавай Івацэвічах (17 штук), у 1566 г. у маёнтку Андрэя Цеханоўскага Серабрышчы (24 штукі), у 1577 г. у Верхавіцкім двары, што належаў Апалоніі Капцовай (59 штук). У жамойцкім маёнтку Жэймянах у 1582 г. з 10 шчытоў 9 былі тарчамі i г. д. Шэраг дакументаў указвае на багатае аздабленне тарчаў. Так, сярод шчытоў вышэйзгаданага Верхавіцкага двара Апалоніі Капцовай значылася 57 тарчаў «з позолотою», з якіх 50 - «на чирвоном полю», а таксама 2 тарчы «серебром оправленных, позолотистых, на чирвоном полю»; кошты ix вагаліся ад 1 да 30 коп літоўскіх грошаў. Акрамя таго, у маёнтку мелася «кит перья до тарчей четырнадцать, каждая дей кита куплена по две копы Литовских». Меўся на ўвазе аксесуар, звязаны з распаўсюджанай сярод гусараў модай аздабляць на манер турэцкай элітнай кавалерыі «дэлі» («шалёных») тарчы султанамі з пер’яў ці нават цэлымі арлінымі крыламі. Не выключана, што такія тарчы ўзгадваюцца ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, як «tarczy husarskich z orlami 20», хаця пад «арламі» тут маглі разумецца i намаляваныя геральдычныя арлы Радзівілаў. Аздобленыя тарчы фігуруюць таксама ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.; там жа фіксуюцца «кіты пер’я чаплінага», аднак прызначаліся яны для шчытоў ці не, невядома. Значна радзей за тарчы сустракаюцца ў дакументах шчыты, акрэсленыя як «катрыксал» ці «катрыгал» i «пуклер». «Clipeus unus Turchicus alias cotrigal» занатаваны ў інвентары рэчаў вялікага князя Аляксандра, складзеным у 1506 г. у Лідзе. «Котрыксал булатный золотом навожен а другий котрыксал чорным оксамитом крыт а пукли позолочиваны» фігуруюць у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. «Котрыгал черленый старый» знаходзіўся ў 1536 г. у збраёўні замка Магільна. Паводле попісу 1567 г., «коней 6 збройно пнцр., шишаки, котрыксалы, древа, кончеры, аркабузы» выставіў з арандаванага маёнтка Маляцічы Слонімскага павета Васіль Чапліч. Скласці дакладнае ўяўленне аб форме i канструкцыі катрыгалаў даволі цяжка. На думку адных даследчыкаў, яны мелі чатырохкутную форму, тады як другія схіляюцца да таго, што на ўзор турэцкіх шчытоў катрыгалы вызначаліся акруглымі абрысамі. 3 улікам інфармацыі аб катрыгалах з дакументаў Вялікага Княства Літоўскага, хоць i скупой, больш слушным падаецца апошняе меркаванне. У другой палове XVI ст. круглыя шчыты фігуруюць таксама пад тэрмінам «пуклер». Узгадваецца «puklerz» сярод рэчаў, што засталіся пасля смерці Андрэя Бабраўніцкага ў 1582 г. у жамойцкім маёнтку Жэймяны. Пуклер, пакрыты чорным аксамітам, верагодна з чырвоным малюнкам, які ўпрыгожваўся таксама жалезнымі пазалочанымі промнямі, месяцам i зоркамі, быў высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Апроч таго, рэестр высланых рэчаў фіксуе паліраваны пуклер i пуклеры жалезныя «hecowane pozlociste z forbotami». Вялікая колькасць пуклераў занатавана ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Тут значыцца «puklierzow bialych s trecliami zoltemi y czerwonemi osmnasce, dziewiethnasty Puklierz czo Giermek za Je° M’cia iezdzial», а таксама «puklierz heczowany pozloczisty czerwonym athlassem podsyty s powloka skorzana». Круглыя шчыты захоўваліся ў Нясвіжскім замку Радзівілаў ажно да пачатку XX ст. Адзін з такіх рэнесансавых шчытоў-«рондашаў», выраблены, верагодна, у Германіі ў другой палове XVI ст., сталёвы i з шыпам у цэнтры, фігуруе ў каталогу распродажу нясвіжскага арсенала за 14 чэрвеня 1927 г. (пазіцыя № 15).

Зброя блізкага бою

 

Зброя блізкага бою належала на працягу другой паловы XIV — канца XVI ст. да найбольш палулярных сродкаў паражэння i складала аснову індывідуальнага вайсковага рыштунку. Ёю валодала пераважная большасць ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку тыя, што спецыялізаваліся на вядзенні бою на значнай адлегласці i забяспечваліся адпаведным узбраеннем. Спецыфічнай асаблівасцю зброі гэтай групы з’яўляецца прыстасаванасць для механічнага ўздзеяння на аб’ект паражэння ў момант знаходжання ў руках асобы, што наносіць удар. Па сваёй канструкцыі, а таксама ў значнай ступені  па спосабах валодання i характары паражальнага эфекту зброя блізкага бою падзяляецца на клінковую, дрэўкавую і буховую. Назіраліся пэўныя асаблівасці і ў функцыянальным прызначэнні канкрэтных экземпляраў. Некаторыя ўзоры маглі мець універсальны характар i быць прыстасаванымі для вайсковых патрэбаў прыладамі працы, іншыя прадукаваліся выключна як зброя. У сувязі з гэтым на першае месца сярод катэгорый чыста мілітарнага прызначэння варта вылучыць дрэўкавую i асабліва клінковую зброю.