Лекцыя 10.
Механізм дыхання
План:
Сутнасць і значэнне дыхання.
Акісленне субстрату.
Дыхальны ланцуг і акісляльнае фасфарыляванне.
Роля дыхання ў абмене рэчываў.
1. Сутнасць і значэнне дыхання.
Акумуляваная ў пажыўных арганічных рэчывах энергія можа выкарыстоўвацца на працэсы жыццядзейнасці ў адных арганізмаў пры дыханні, ў іншых – пры браджэнні. Арганізмы, якія ажыцяўляюць працэс дыхання, жывуць у аэробным асяроддзі і называюцца аэробнымі. Тыя арганізмы, якія атрымліваюць энергію ад браджэня, існуюць у бескіслародным асяроддзі і называюцца анаэробнымі (многія бактэрыі).
Дыханне – гэта працэс акіслення клеткамі расліны з выкарыстаннем кіслароду паветра пажыўных арганічных рэчываў, з мэтай атрымання энергіі і прамежкавых прадуктаў – метабалітаў, неабходных для жыццядзейнасці.
Агульнае ўраўненне дыхання:
С
6Н12О6+6О2
6СО2+6Н2О+Е
Дыханне – працэс адваротны фотасінтэзу. Сувязь працэсу ўтварэння арганічных рэчываў (фотасінтэзу) і іх выкарыстання для атрымання энергіі (дыхання) ілюструецца наступнай схемай:
У якасці субстрату дыхання ў раслін выкарыстоўваюцца: вугляводы, алеі, бялкі.
Вугляводы (поліцукрыды і алігацукрыды) з’яўляюцца складанымі рэчывамі, таму яны папярэдне расшчапляюцца да больш простых – монацукрыдаў. Алей гідралізуецца на гліцэрол і тлустыя кіслоты. Бялкі выкарыстоўваюцца ў расліне ў значна меншай ступені, чым іншыя субстраты. Яны таксама падвяргаюцца гідролізу да амінакіслот, якія потым дэзамінуюцца.
Значны ўклад у пазнанне механізма дыхання зрабілі рускі і нямецкі біяхімікі У.І.Паладзін і Г. Віланд, якія ў 1912 годзе адначасова апублікавалі вынікі сваіх даследаванняў. Паводле У.І.Паладзіна можна выдзеліць дзве стадыі дыхання:
Акісленне субстрату:
С6Н12О6 + 6Н2О + 12R = 6СО2 + 12RН2
Акісленне адноўленых кафактараў R у дыхательным ланцугу і акісляльнае фасфарыляванне:
12RН2 + 6О2 = 12R +12Н2О
Акісленне вугляводаў ідзе двума шляхамі: першы – праз гліколіз і цыкл Крэбса, другі – праз пентозафасфатны цыкл. Алеі і бялкі акісляюцца іншымі шляхамі, звязанымі з цыклам Крэбса.
Паказчыкі дыхання:
Інтэнсіўнасць дыхання: Ід = колькасць мгСО2/за гдз на адзінку масы расліны;
ДК(дыхальны каафіцыент) = моль СО2/ моль О2 ;
Пры акісленні вугляводаў ДК=1. Калі ж акісляюцца больш адноўленныя прадукты (алеі і бялкі), якія ўтрымліваюць шмат вадароду і мала кіслароду, то ДК менш 1. Пры акісленні арганічных кіслот ДК больш 1.
На ДК уплывае таксама забяспечанасць расліны кіслародам. Калі кіслароду не хапае (напрыклад, клеткам каранёў), то ў клетках адбываецца браджэнне і ДК больш 1. ДК характарызуе, які дыхальны субстрат выкарыстоўваецца і ў якіх умовах знаходзіцца расліна.
ККД дыхання (ηд) – паказвае, якая доля энергіі субстрату выкарыстоўваецца раслінай (%).
η= 100Е(карысная) /Е(субстрату);
Фізіялагічная роля дыхання:
Дыханне неабходна для атрымання энергіі.
Дыханне прадуцыруе хімічна актыўныя рэчывы-метабаліты, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу складаных арганічных рэчываў клеткі. Метабаліты – гэта прамежкавыя прадукты акіслення субстратаў дыхання. Дзякуючы гэтаму дыханне з’яўляецца цэнтральным звяном абмену рэчываў у клетцы.
Пры дыханні акісляюцца шкодныя для клеткі рэчывы.
Утвараецца метабалічная вада, якая можа выкарыстоўвацца клеткай пры водным дэфіцыце.
