Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Падручнік: гісторыя Беларусі ў кантэксце сустветнай гісторыі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

1.4.3.Фарміраванне беларускай народнасці. Паходжанне назвы «Белая Русь»

Паходжанне беларусаў. Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уплывам геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый. У цэлым сярод рыс, якія вызначаюць сутнасць любой народнасці, неабходна назваць наяўнасць адзінай тэрыторыі, адметнасці мовы, культуры, народных традыцый, а таксама веравызнанне, менталітэт, этнічную самасвядомасць і эндаэтнонім (саманазву).

Сярод асноўных канцэнцый этнагенезу беларусаў вылучаюцца: 1) «фінская» (I.Ласкоў лічыў, што продкамі беларусаў з’яўляюцца фіна-ўгорскія і славянскія плямёны); 2) «балцкая» (У. Сядоў і Г. Штыхаў даказвалі, што продкамі беларусаў былі балцкія і славянскія нлямёны), 3) «крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая» (Я. Карскі, М. Доўнар-Запольскі называлі менавіта гэтыя плямёны непасрэднымі продкамі беларусаў), 4) «старажытнаруская» (Б. Грэкаў, Я. Карнейчык, Б. Рыбакоў сцвярджалі, што беларусы з’яўляюцца састаўной часткай нібыта існуючай некалі старажытнарускай народнасці).

Разам з тым вядома, што сучасную тэрыторыю Беларусі ў 2-м тысячагоддзі да н. э. сапраўды засялялі плямёны фіна-ўграў, якіх у раннім жалезным веку змянілі балты. У час жа «Вялікага перасялення народаў» сюды з поўдня і захаду прыйшлі славянскія плямёны, якія на працягу V–VIII стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць першыя айчынныя раннефеадальныя этнапалітычныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае культурнае ўзаемадзеянне айчынных этнатэрытарыяльных супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесіянальнай інтэграцыяй у межах так званай Кіеўскай Русі. Якраз у гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым адсутнасць у рэгіёне моцнай цэнтральнай улады абумовіла развіццё і супрацьлеглых тэндэнцый, накіраваных на пэўнае адасабленне некаторых найлепш развітых тэрыторый. Менавіта па гэтай прычыне з сярэдзіны XIII ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

У асноўным этнагенез беларусаў адбываўся на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, Сярэдняга Падзвіння, Панямоння, Пабужжа і Прыпяцкага Палесся. Пры гэтым трэба ўлічваць, што працэс складвання беларускай народнасці ахопліваў землі, што пераўзыходзілі межы сучаснай Рэспублікі Беларусь. Так, дадаткова ён праходзіў на асобных тэрыторыях сучаснай Літвы (Вільня і яе наваколле), Латвіі (Даўгаўпілс), Польшчы (Беласток і Бяла Падляска) і Расіі (Смаленск, Невель, Бранск). Нельга таксама гаварыць і пра чыста славянскія карані беларусаў, бо этнакультурныя працэсы, якія тут адбываліся, датычыліся не толькі славян (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, севяране, драўляне, валыняне), але і балтаў (літва, яцвягі). Падобны сплаў культурна неаднародных этнасаў аказаў значнае ўздзеянне на фарміраванне беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ. Падпарадкаванне на працягу другой паловы XIII–XIV стст. звыш двух дзясяткаў ўсходнеславянскіх княстваў адзінай цэнтральнай уладзе спрыяла стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі Беларусі, актывізавала культурныя сувязі паміж рознымі яе тэрытарыяльнымі часткамі. Лёгкасць аб’яднання гэтых шматлікіх дзяржаўных утварэнняў у складзе ВКЛ, акрамя знешняй пагрозы і эканамічных фактараў, шмат у чым тлумачылася якраз наяўнасцю адзінай этнагенетычнай спадчыны, а таксама агульнасцямі гістарычнага лёсу, культуры, мовы і рэлігіі. Вельмі спрыяльным было і дэмаграфічнае становішча беларусаў у ВКЛ, дзе яны складалі асноўны этнічны масіў і пераважалі ў большасці буйных населеных пунктаў (Вільня, Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Коўна, Трокі).

Беларуская мова. Дамінуючае этнакультурнае палажэнне беларускага насельніцтва ў ВКЛ у значнай ступені было абумоўлена і хуткім пашырэннем іх мовы, якая з моманту ўтварэння гэтай краіны мела ў ёй статус дзяржаўнай. Упершыню адметныя рысы беларускай мовы былі зафіксаваны ў дакументальных крыніцах XIII ст. Пры гэтым фарміраванне асноўных уласцівых ёй фанетычных, граматычных і лексічных адметнасцей адбывалася ажно да XVI ст. Менавіта ў азначаны час развіліся такія яе асаблівасці, як цвёрдае «р» (крыўда), «дзеканне» і «цэканне» (дзеці, маці), фрыкатыўны гук «г» (галава), пачатковы прыстаўны гук «в» (вуліца), «аканне» (вада) і інш. Пашырэнню ж агульнага запасу ўжывальных слоў у значнай меры садзейнічалі запазычанні з іншых моў (паланізмы, лацінізмы, германізмы, царкоўнаславянізмы, літуанізмы, цюркізмы).

У гэты ж час адбывалася складванне і беларускай літаратурнай мовы, якая з XIV ст. пачала выцясняць з афіцыйнага ўжытку царкоўнаславянскую мову. Найбольш раннія айчынныя пісьмовыя помнікі XIII–XIV стст. на народнай аснове прадстаўлены галоўным чынам летапісамі і гандлёвымі дагаворамі Полацка, Віцебска і Смаленска. Шырокую вядомасць таксама атрымалі Барысавы камяні і берасцяныя граматы з Віцебска і Мсціслава. Дзяржаўны статус беларускай мовы абумовіў яе шырокае ўжыванне ў афіцыйным справаводстве. Менавіта на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг., а таксама большасць дакументаў, змешчаных у Метрыцы ВКЛ. Значнае развіццё ў XVI – першай палове XVII ст. атрымала беларускамоўная літаратура свецкага і рэлігійнага характару. Аднак войны сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст. і шляхецкая анархія прывялі айчынную культуру ў поўны заняпад. Адной з праяў гэтага працэсу стала звужэнне ролі беларускай мовы ў розных галінах паўсядзённага жыцця беларусаў – у 1696 г. афіцыйна быў зацверджаны перавод справаводства ВКЛ на польскую мову.

Разам з тым гэта, зразумела, не азначала татальнай адмовы ад ужывання беларускай мовы, якая працягвала шырока выкарыстоўвацца ў асяроддзі дробнай шляхты, мяшчан і сялян. Ды і сярод магнатаў яна не была занадта вялікай рэдкасцю – вядома, што ў верасні 1785 г. кароль Станіслаў Аўгуст, прыехаўшы ў Нясвіж да князя К. С. Радзівіла Пане Каханку, адкрыў урачысты банкет вершаваным беларускамоўным тостам: «Пане гаспадару, кажы віна даці, каб тваёй хаце ліха не знаці». Новы ж этап складвання беларускай літаратурнай мовы пачаўся ў XIX ст.

Рэлігія. Не менш важную этнакансалідуючую функцыю ў час фарміравання беларускай народнасці адыгрываў і канфесійны фактар. Да сярэдзіны XVI ст. пераважная частка ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ была праваслаўнай, што, зразумела, спрыяла кансалідацыі беларускага этнасу («грэчаскай веры» прытрымліваліся таксама 23 княжацкія і 42 шляхецкія роды). Аднак, нягледзячы на гэта, усе спробы вялікіх князёў літоўскіх утварыць у дзяржаве аўтакефальную праваслаўную царкву праваліліся і вядучая роля засталася за Маскоўскім патрыярхатам. Вынікам гэтага стала паступовае атаясамленне праваслаўнай веры як «рускай». Адначасова з гэтым пасля Крэўскай уніі (1385 г.) у Беларусі значна ўзрос уплыў каталіцызму, які пашыраўся пераважна ў асяроддзі шляхты і магнатаў. Пры гэтым каталіцкая царква хаця і саступала праваслаўнай па колькасці храмаў і кляштараў, але дзякуючы падтрымцы правячай эліты значна апярэджвала яе па памерах зямельнай уласнасці і назапашаных багаццях.

Утварэнне Рэчы Паспалітай (1569) абвастрыла пагрозу паланізацыі Беларусі, у тым ліку і праз насаджэнне тут каталіцызму. Выйсце з існуючых абставін шмат хто ў ВКЛ бачыў у далучэнпі да рэфарматарскага руху. Так, на думку князя М. Радзівіла Чорнага, толькі кальвінізм быў у стане стаць новай нацыянальнай рэлігіяй, якая б здолела пераадолець міжканфесіянальную размежаванасць у грамадстве і абараніць ВКЛ ад паступовай паланізацыі. Падобнымі адносінамі да Рэфармацыі, дарэчы, беларуская знаць якасна адрознівалася ад заходнееўрапейскай, якая адкрыта прэтэндавала на царкоўныя землі (у XVI ст. у ВКЛ духоўным асобам належала толькі 5 % зямельнай уласнасці). Аднак трывалыя пазіцыі каталіцызму ў Польшчы і Літве спрыялі хуткаму пашырэнню Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай і пратэстанцкі рух ужо ў канцы XVI ст. страціў падтрымку вядучых магнацкіх родаў Беларусі.

Яшчэ адным напрамкам пошуку шляхоў вырашэння рэлігійнай праблемы на беларускіх землях была спроба прымірэння і аб’яднання супрацьпастаўленых хрысціянскіх канфесій, вынікам чаго з’явілася заключэнне ў 1596 г. Брэсцкай царкоўнай уніі. Уніяцкая царква фармальна падпарадкоўвалася Ватыкану, але захоўвала ўсе каноны праваслаўнага богаслужэння і выкарыстоўвала беларускую мову ў час службы ў храмах. Аднак і гэта не здолела станоўча паўплываць на міжканфесійныя адносіны ў Беларусі. Нягледзячы на тое што ў XVIII ст. ужо больш за палову беларусаў з’яўлялася ўніятамі, католікі па-ранейшаму прэтэндавалі на вядучыя пазіцыі ў грамадстве, бо да іх належала пераважная частка магнатаў і шляхты. Акрамя таго, унія не здолела цалкам выцесніць з беларускіх зямель і праваслаўную царкву, якая абапіралася на падтрымку з боку Расіі. Калі ж да ўсяго гэтага дадаць наяўнасць у ВКЛ буйных яўрэйскіх і мусульманскіх абшчын, то становіцца відавочнай уся стракатасць і супярэчлівасць рэлігійнага жыцця тагачаснай Беларусі.

Менталітэт і этнічная самасвядомасць. 3 часоў старажытнасці ў беларусаў, як і ў іншых народаў, выпрацоўваліся пэўныя адметнасці ў спосабе мыслення і складу розуму, што з’яўлялася праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці. 3 часоў першабытнасці ў беларускага народа засталося ўяўленне аб рэальнасці існавання злых і добрых духаў, вера ў цудадзейную сілу слоў. У далейшым тыповымі рысамі нацыянальнага менталітэту стала талерантнасць (верацярпімасць), высокі ўзровень рэлігійнасці, патрыятызм, працавітасць і спагадлівасць.

Вельмі няпростым і цяжкім быў працэс паступовага складвання ў беларусаў этнічнай самасвядомасці. Першай праблемай тут стала захаванне на працяглы перыяд у Беларусі так званых «зямляцтваў», якія аб’ядноўвалі жыхароў некалі незалежных княстваў (палачане, віцябляне, пінчукі). У XV–XVI стст. дзякуючы актывізацыі этнасацыяльных сувязяў пачала адбывацца іх кансалідацыя па агульнадзяржаўнаму прынцыпу. Сведчаннем гэтага стала распаўсюджванне агульнаграмадзянскай саманазвы «літвін», а таксама дакладнае адрозненне жыхароў тагачаснай Беларусі ад насельніцтва Літвы, Польшчы і Масковіі.

Другой праблемай, якая істотным чынам уплывала на развіццё этнічнай самасвядомасці, было асобнае палажэнне ў тагачасным грамадстве магнацка-шляхецкіх колаў. У значнай ступені гэтаму спрыяла распаўсюджванне з канца XVI ст. у Рэчы Паспалітай ідэі аб сармацкіх каранях мясцовай шляхты (сарматы – плямёны, якія насялялі Паўночнае Прычарнамор’е ў III ст. да н. э. – IV ст н. э.). Згодна тэорыі сарматызму склаліся дакладныя стэрэатыпы жыцця і паводзін прывілеяванага саслоўя, якія павінны былі якасным чынам адрозніваць іх ад простага люду, – кансерватызм, набожнасць, гасціннасць, шчодрасць, ахвярнасць у дачыненні да рэлігіі, мужнасць, паказная сентыментальнасць, нашэнне нацыянальнай вопраткі (кунтуш ці жупан, падпаясаны шырокім поясам) і зброі (шабля). Вынікам панавання падобнага сармацкага светапогляду стала існаванне, на думку шэрагу айчынных і польскіх даследчыкаў, асобнага «шляхецкага народа Рэчы Паспалітай», які дыстанцыраваўся ад іншых саслоўяў і, безумоўна, стрымліваў працэс фарміравання ў тым ліку і беларускага этнасу.

Паходжанне назвы «Белая Русь». Што ж датычыцца працэсу паступовага распаўсюджвання на дадзенай тэрыторыі этноніма «Беларусь», то праблема яго паходжання з’яўляецца прадметам шырокай навуковай дыскусіі яшчэ і зараз. Сярод найбольш пашыраных і папулярных тэорый можна назваць наступныя. Па-першае, вядомы расійскі гісторык XVIII ст. В. Тацішчаў меркаваў, што гэта назва паходзіць ад белага колеру льнянога адзення тутэйшых жыхароў, а таксама «цэнтральнага» размяшчэння азначанага рэгіёну ў славянскім свеце. Па-другое, айчынны этнограф Я. Карскі адзначаў верагоднасць уплыву на ўтварэнне тэрміна антрапалагічных асаблівасцей беларусаў – «бландзінаў з блакітнымі ці светла-шэрымі вачамі». Па-трэцяе, беларускі філолаг П. Крапівін звязваў паходжанне назвы з наяўнасцю ў рэгіёне вялікай колькасці рэк і азёр, а тэрмін «Белая Русь» з гэтай нагоды перакладаў як «Чыстая вада». Па-чацвёртае, гісторык М. Ільінскі лічыў, што горад Бельск на тэрыторыі сучаснай Польшчы мог даць адпаведную назву ўсёй падкантрольнай сабе тэрыторыі. Па-пятае, украінскі вучоны М.Драгаманаў сцвярджаў, што тэрмін «белы» азначаў незалежнасць ад мангола-татараў. Па-шостае, расійскі даследчык В. Іваноў адзначаў, што яшчэ да прыняцця хрысціянства ў Еўропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакамі свету (поўнач – чорны, поўдзень – чырвоны, захад – белы, усход – жоўты ці блакітны). Адсюль, на яго думку, цалкам лагічным было б змясціць Белую Русь па захад ад іншых старажытнарускіх княстваў. Па-сёмае, таксама існуе шэраг іншых меркаванняў аб тым, што Белая Русь з’явілася ў процівагу Чорнай (Навагрудак – Гродна – Ваўкавыск – Слонім) ці Чырвонай (украінская Галіччына і Валынь) Русі, што яна вызначала аўтаномны статус Полаччыны і Віцебшчыны ў складзе ВКЛ або падкрэслівала перавагу хрысціянскага пасельніцтва над навакольнымі язычніцкімі плямёнамі.

Складаным пытаннем з’яўляецца і вызначэнне тэрыторыі, якую называлі Белай Руссю. Адпаведна дадзеным В. Тацішчава, ў летапісах XII ст. такім чынам называлі Растова-Суздальскае княства. Згодна яму ў 1157 г. князь Андрэй Багалюбскі быў запрошаны валадарыць «на отчым стале ва ўсёй Белай Русі, у Растове і Суздале». У сваю чаргу сам князь праз некалькі гадоў хваліўся тым, што «ўсю Белую Русь гарадамі і вёскамі вялікімі насяліў і шматлюднай стварыў». Разам з тым вядомы расійскі гісторык М. Карамзін абвяргаў гэта сцвярджэнне і заяўляў, што азначаны тэрмін пачаў выкарыстоўвацца толькі ў XV ст. у Маскоўскім княстве з мэтай падкрэслівання яго старажытнасці і важнасці (у 1462 г. Іван III у сваім тытуле называў Масковію Белай Руссю). Трэба прызнаць, што апошняя версія мае пад сабой пэўныя падставы, бо на сярэднявечных картах Масковія часам называлася Белай Руссю (карта М. Кузанскага, 1460 г.). Да таго ж гэтым тэрмінам карысталіся і некаторыя з падарожнікаў (Алеарый у пачатку XVII ст.). Пры гэтым большасць вучоных прызнае, што назва «Белая Русь» у Расіі так і не набыла дакладнай тэрытарыяльнай лакалізацыі і паступова трансфармавалася ў Вялікую Русь ці Вялікаросію.

Калі ж разглядаць тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь, то даследчыкі разыходзяцца ў меркаваннях наконт часу замацавання за ёй назвы «Белая Русь». Першае падобнае ўпамінанне адносіцца да XIII ст. – невядомы місіянер-прапаведнік з Англіі ў гэты час знаходзіўся сярод яцвягаў і згодна з яго нататкамі паміж Туравам і Псковам знаходзілася Аlbа Ruscіа, у якой прапаведаваў яго калега Вайслан. Больш дакладныя звесткі пра Белую Русь былі змешчаны ў Іпацьеўскім летапісе, дзе давалася апісанне жаніцьбы польскага караля Казіміра з дачкой вялікага князя Гедыміна Ганнай (1305 г.). Тут гаварылася аб тым, што палонныя палякі на Літве і Белай Русі каштавалі 10 літоўскіх грошаў, але з нагоды вяселля шмат іх адпусцілі да хаты «замест дара брачнага».

Дастаткова шырокае распаўсюджванне ў сярэднявечнай Еўропе атрымала тэорыя аб тым, што Белая Русь знаходзіцца паміж Літвой і Масковіяй. Менавіта тут яе змяшчаў нямецкі паэт П. Сухенвірт, апісваючы паходы нямецкіх рыцараў у ВКЛ (1360 г.). Польскі летапісец Я.Чарнкоўскі (XIV ст.) называў Полацк «крэпасцю Белай Русі». У «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» італьянца А. Гваньіні (1578 г.) Белая Русь была змешчана «каля Кіева, Мазыра, Мсціслава, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай». У далейшым да яе пачалі далучаць і больш заходнія тэрыторыі – у кнізе С. Старавольскага «Польшча, ці апісанне становішча Каралеўства Польскага» (1632 г.) да Белай Русі ўжо адносілася шэсць ваяводстваў (Новагародскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Менскае, Полацкае і Смаленскае).

У сярэдзіне XVII ст. назву «Беларусь» у дачыненні да ўсходніх ваяводстваў ВКЛ прызналі і ў Маскве – цар Аляксей Міхайлавіч пасля паспяховых баявых дзеянняў у 1655 г. афіцыйна дадаў да свайго тытула назву «Вялікі князь Літоўскі, Белыя Расіі і Падольскі». Пры гэтым трэба адзначыць, што беларусамі ў ВКЛ часам называла сябе праваслаўная частка насельніцтва («шляхціц веры беларускай»). Гэты факт знайшоў і афіцыйнае прызнанне – з 1675 г. Магілёўская праваслаўная епархія (адзіная ў межах ВКЛ) у афіцыйных дакументах неаднаразова называлася «Беларускай».

Адміністрацыйна-геаграфічнае абазначэнне тэрмін «Беларусь» упершыню атрымаў у 1796 г., калі ў Расійскай імперыі была арганізавана асобная Беларуская губерня (існавала да 1802 г.). Яна ўключала 16 паветаў, атрыманых Расіяй яшчэ па першаму падзелу Рэчы Паспалітай (губернскі горад Віцебск). У 1829–1850 гг. таксама мелася Беларуская навучальная акруга, якая кантралявала адукацыйную справу ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернях і Беластоцкай вобласці. Аднак з 1840-х гг. выкарыстанне назвы «Беларусь» паступова стала замяняцца ў афіцыйным справаводстве на «Паўночна-Заходні край», што, на думку Пецярбурга, павінна было стрымаць мясцовы нацыянальны рух і паскорыць працэс русіфікацыі рэгіёну. Нягледзячы на гэта, цалкам выцесніць з ужытку тэрмін «Беларусь» было ўжо немагчыма. Разам з тым яшчэ і ў другой палове XIX ст. паралельна працягвалі шырока ўжывацца эндаэтнонімы «Літва» і «літвін» (часцей у дачыненні да Заходняй Беларусі), канчатковая адмова ад выкарыстання якіх адбылася толькі ў час беларускага нацыянальнага адраджэння ў 1920-я гг.

Такім чынам, працэс фарміравання беларускай народнасці заняў вельмі працяглы перыяд. Спусташэнне краіны ў XVII — пачатку XVIII ст., паланізацыя і русіфікацыя грамадства аказалі негатыўнае ўздзеянне на эвалюцыю айчыннай культуры і значна замарудзілі працэс пераўтварэння беларускай народнасці ў беларускую нацыю.

Аналіз даволі складанага і супярэчлівага грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця Еўропы ў цэлым, а таксама Беларусі ў прыватнасці паказаў, што гэты перыяд быў адметны істотнымі зменамі, якія закранулі практычна ўсе сферы жыцця. Усё больш адчувальным станавіўся дух прадпрымальніцтва, менш казачнымі здаваліся апавяданні пра далёкія заморскія вандраванні, жыццё людзей у гарадах стала больш зручным, а развіццё свецкага мастацтва насыціла яго рознакаляровымі фарбамі. Беларускія землі не вельмі выпадалі з гэтага агульнага кантэксту. Рэнесанс, Рэфармацыя і Контррэфармацыя сталі тымі «мастамі», праз якія айчыннае грамадства трывала злучылася з лепш развітымі заходнімі дзяржавамі і стала неадрыўнай часткай агульнаеўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай прасторы.

Лекцыя 5. Беларусь ад Люблінскай уніі (1569 г.) да падзелаў Рэчы Паспалітай

1. Эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (другая палова XVI–XVII ст.)

2.1.1. Эканамічныя і палітычныя перамены ў Еўропе ў XVI–XVII стст. Пачатак Новага часу

Ад Сярэдніх вякоў да Новага часу. Паняцце «Новы час» з’явілася ў эпоху Адраджэння і звязвалася з развіццём асобы, навукі і культуры. Гуманісты лічылі, што чалавецтва ўступіла ў асобны – Новы – перыяд свайго развіцця. 3 канца XVII ст. у заходнееўрапейскіх універсітэтах традыцыйным стала дзяленне сусветнай гісторыі на старажытную гісторыю, Сярэднія вякі і Новы час. Гэтай перыядызацыяй гістарычная навука карыстаецца і сёння. У XX ст. з’явілася паняцце «найноўшая», або «сучасная гісторыя».

Новы час бярэ свой пачатак на рубяжы XV–XVI стст. 3 ім звязаны такія падзеі, як адкрыццё Амерыкі, Рэфармацыя, Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя. Новая гісторыя завяршаецца ў пачатку XX ст. Рубяжом паміж новай і найноўшай (сучаснай) гісторыяй прынята лічыць Першую сусветную вайну 1914–1918 гг. У сваю чаргу Новы час падзяляецца па два перыяды: да Вялікай французскай рэвалюцыі (1789 г.) і пасля яе.

У пачатку Новага часу адбываецца зараджэнне сучаснай навукі. Значныя поспехі былі дасягнуты ў галіне прыродазнаўства, у геаграфіі і астраноміі. Далёкія марскія экспедыцыі пашыралі прасторавыя ўяўленні людзей, прымушалі вывучаць напрамкі ветру, плыні, клімат. Была засвоена тэхніка вызначэння геаграфічнай даўгаты і шыраты, складзена дакладная карта Еўропы.

У галіне астраноміі рэвалюцыйную ролю адыграў вялікі польскі вучоны М. Капернік (1473–1543 гг.). Яго кніга «Аб вярчэнні нябесных сфер» абгрунтоўвала геліяцэнтрычную ідэю, у адпаведнасці з якой Зямля не з’яўляецца цэнтрам свету, а круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца побач з іншымі планетамі. Погляды Каперніка прапагандаваў вялікі італьянскі вучоны Дж. Бруна (1548–1600 гг.). Ён таксама сцвярджаў аб існаванні ў бяскрайнім сусвеце мноства сістэм, падобных да сонечнай.

У XVII ст. у Еўропе быў зроблены шэраг новых навуковых адкрыццяў, якія прывялі да ўтварэння новай прыродазнаўчай карціны свету, канчаткова змянілі сярэднявечныя погляды. Узніклі новыя метады і прынцыпы навуковага пазнання. Так, нямецкі вучоны Iаган Кеплер (1571–1630 гг.) абгрунтаваў і развіў геліяцэнтрычную тэорыю Каперніка, адкрыў тры законы руху планет. Італьянец Галілеа Галілей (1564–1642 гг.) эксперыментальна пацвердзіў ідэі Каперніка. Ён сканструяваў тэлескоп для назірання за нябеснымі целамі, які павялічваў памеры назіраемых аб’ектаў у 32 разы. Англійскі вучоны Iсак Ньютан (1643–1727 гг.) адкрыў закон сусветнага прыцяжэння, які не толькі завяршыў геліяцэнтрычнае ўяўленне аб сонечнай сістэме, але і даў абгрунтаванне многім працэсам, якія адбываліся ў сусвеце, стаў асновай адзінай фізічнай карціны свету.

Зараджэнне капіталістычных адносін. Істотныя зрухі адбываліся і ў галіне эканомікі. У прамысловай вытворчасці амаль паўсюдна былі ўдасканалены прылады працы і тэхналагічныя працэсы. Найбольш значным быў прагрэс у здабываючай і апрацоўваючай галінах. З’явілася даволі складанае для свайго часу абсталяванне для шахт, у металургічнай прамысловасці замест невялікіх горнаў пачалі будаваць больш высокія, якія сталі правобразам будучых доменных печаў. У металаапрацоўцы былі ўдасканалены молаты, у тэкстыльнай прамысловасці замест прымітыўнага вертыкальнага станка з’яўляецца гарызантальны ткацкі станок. Са з’яўленнем свабоднага капіталу ўзнікаюць майстэрні або прадпрыемствы, якія атрымалі назву мануфактуры (ад лац. manus – рука, faktura – вырабляць). Характэрнымі прыкметамі мануфактуры сталі падзяленне працы і выкарыстанне наёмных рабочых.

Істотныя зрухі адбыліся і ў развіцці сродкаў перамяшчэння, асабліва ў марскім транспарце. З’яўленне ў пачатку XVII ст. агнястрэльнай зброі прывяло да сапраўднай рэвалюцыі ў ваеннай справе. 3 пачаткам кнігадрукавання з’явілася новая галіна – друкарская справа; пачалі вырабляць акуляры і гадзіннікі. Далейшае развіццё тэхнікі і тэхналогіі, хоць і не такое хуткае, адбывалася і ў сельскай гаспадарцы.

На аснове прагрэсу ў матэрыяльнай вытворчасці назіраліся змены ў гаспадарчых адносінах. Калі раней зпачная частка насельніцтва вяла натуральную гаспадарку, то зараз павялічылася роля таварна-грашовых адносін. Адначасова пашырыўся ўнутраны рынак, дзе галоўнай дзеючай асобай становіцца купец. Ускладнілася грашовае абарачэнне, з’явіліся новыя віды гандлёвых здзелак і пагадненняў, біржа ператварылася ў месца аперацый з таварамі і каштоўнымі паперамі, развіваліся крэдыт і банкаўская справа. Усё гэта садзейнічала з’яўленню свабоднага капіталу – адной з рашаючых умоў зараджэння ў феадальным грамадстве капіталістычнага ўкладу. Фарміруюцца класы буржуазіі і наёмных рабочых.

У выніку глыбокіх зрухаў у эканамічнай і сацыяльнай структуры грамадства змянілася форма феадальнай дзяржавы – саслоўная манархія ў большасці еўрапейскіх краін саступіла месца абсалютызму. Кароль не толькі сканцэнтраваў у сваіх руках вышэйшую дзяржаўную ўладу, але і падпарадкаваў царкву. Феадальная знаць і дваранства ўбачылі пагрозу сваім эканамічным і палітычным прывілеям і павялі барацьбу супраць узмацнення каралеўскай улады. У гэтых умовах манархія пачала шукаць апору ў апазіцыйнай феадалам палітычнай сіле – буржуазіі. Буржуазія давала абсалютнай манархіі фінансавыя сродкі, а ўзамен атрымлівала выгады ад пратэкцыянісцкай і меркантыльнай палітыкі абсалютызму. Такі саюз цалкам задавальняў буржуазію, таму што дазваляў ёй умацаваць свае пазіцыі.

Абсалютная манархія адыграла ў еўрапейскіх краінах станоўчую ролю ў развіцці нацыянальнай прамысловасці і гандлю, а таксама ў завяршэнні палітычнай цэнтралізацыі. Аднак гістарычна прагрэсіўнае ўздзеянне феадальна-абсалютысцкая манархія аказвала нядоўга. Калі буржуазія ператварылася ў магутную эканамічную сілу і пачала прэтэндаваць на палітычную ўладу, абсалютызм перайшоў да палітыкі падаўлення і рабавання буржуазіі. У сваю чаргу буржуазія, якая адлюстроўвала інтарэсы прагрэсіўнай часткі грамадства, павяла адкрытую барацьбу супраць абсалютызму і сіл феадальнай рэакцыі. Гэты непрымірымы канфлікт знайшоў сваё вырашэнне ў буржуазных рэвалюцыях.

Рэвалюцыі Новага часу. Першая еўрапейская буржуазная рэвалюцыя адбылася ў Нідэрлапдах у 1566–1579 гг. Яе асноўнымі прычынамі былі: 1) ранняе развіццё капіталізму; 2) прыгнёт іспанскай кароны, бо Нідэрланды былі калоніяй Іспаніі. У першай палове XVI ст. склаліся глыбокія супярэчнасці паміж буржуазным развіццём Нідэрландаў і палітычным рэжымам феадальнай Іспаніі. Гэта надало буржуазнай рэвалюцыі нацыянальна-вызваленчае адценне.

Паўстанне пачалося ў 1566 г. і з перапынкамі працягвалася да 1579 г. У студзені 1579 г. была заключана Утрэхцкая унія, якая паклала пачатак існаваннню сямі Злучаных правінцый Нідэрландаў. Так узнікла першая буржуазная рэспубліка, ядром якой стала Галандыя. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя насіла лакальны характар і адыграла вялікую ролю ў развіцці капіталізму непасрэдна ў Галандыі.

Намнога большае значэнне для Еўропы мела Англійская буржуазная рэвалюцыя 1640–1660 гг. Тут яшчэ ў пачатку XVII ст. абвастрыліся палітычныя, сацыяльныя і рэлігійныя супярэчнасці, што і з’явілася асноўнай прычынай рэвалюцыі. У выніку першай (1642–1646 гг.) і другой (1648 г.) грамадзянскіх войнаў значна змянілася палітычная сістэма краіны. У Англіі была абвешчана канстытуцыйная манархія. У адпаведнасці з выбарчай рэформай (1654 г.) большасць месц у парламенце атрымалі дваране, буйная і сярэдняя буржуазія. Закон 1689 г. зацвердзіў уладу парламента, які з гэтага часу стаў вышэйшым заканадаўчым органам у краіне.

Англійская буржуазная рэвалюцыя з’явілася першай рэвалюцыяй «еўрапейскага маштабу», якая нанесла сакрушальны ўдар па феадалізму. Англійская буржуазія атрымала доступ да ўлады і свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці. Былі адкрыта аб’яўлены буржуазныя парадкі, якія ў далейшым прыйшлі па змену феадальным і ў іншых краінах Заходняй Еўропы.

Утварэнне каланіяльнай сістэмы. 3 развіццём капіталізму цесна звязаны пачатак каланіяльных захопаў. Таварна-грашовыя адносіны, якія ў гэты час хутка распаўсюджваліся, зрабілі золата галоўным крытэрыем багацця. Нязначныя запасы каштоўных металаў у Еўропе падштурхоўвалі еўрапейцаў да пошуку новых зямель, багатых золатам.

Паняцце «каланізацыя» і «каланіялізм» маюць два значэнні. У шырокім сэнсе слова «каланізацыя» абазначае стварэнне на чужой тэрыторыі пасяленняў жыхароў якой-небудзь іншай краіны. У вузкім сэнсе яно абазначае захоп чужой тэрыторыі з мэтай эксплуатацыі мясцовага насельніцтва. Першымі з еўрапейскіх краін на шлях каланіяльных захопаў сталі Іспанія і Партугалія. Найбольшую зацікаўленасць у іх выклікалі багатыя краіны Усходу. Аднак шырокае пранікненне еўрапейцаў на Усход стала магчымым толькі пасля экспедыцыі Васка да Гамы, які адкрыў марскі шлях у Індыю ў абход Афрыкі. Да канца XVI ст. у сувязях з Усходам дамінавалі партугальцы. У XVII ст. пранікненне на Усход пачалі галандцы, французы і англічане.

Найбольшага поспеху каланізатары дасягнулі ў тых рэгіёнах, дзе не існавала моцных дзяржаў. Там жа, дзе склаліся магутныя цэнтралізаваныя краіны, еўрапейцам доўгі час не ўдавалася ўстанавіць сваё панаванне. Спачатку яны змаглі стварыць свае апорныя пункты ў шэрагу краін – Японіі, Кітаі, Бірме, аднак да канца XVIII ст. адтуль былі выгнаны.

Першапачаткова эксплуатацыя калоній вялася шляхам рабавання, які асабліва эфектыўна выкарыстоўвалі партугальцы і іспанцы. Галандцы, французы і англічане, замацаваўшыся на Усходзе, сталі на шлях развіцця гандлю. 3 усходніх краін яны вывозілі тавары, якія карысталіся попытам у Еўропе. Паступова гандаль ператварыўся ў галоўны від адносін паміж Захадам і Усходам; рабаванні адышлі на другое месца. Таму невыпадкова перыяд XVI–XVII стст. атрымаў назву перыяду гандлёвай экспансіі еўрапейцаў на Усход.

Неабходна адзначыць, што еўрапейскае пранікненне ў гэты час мала хвалявала правіцеляў усходніх краін. Усход па сваёй эканамічнай і ваеннай магутнасці пераўзыходзіў Захад. Акрамя таго, мясцовыя валадары былі зацікаўлены ў гандлі з Захадам, які прыносіў ім значныя даходы. Напрыклад, султаны Асманскай імперыі нават заахвочвалі гандлёвыя кантакты з еўрапейцамі і ўводзілі для еўрапейскіх купцоў значныя льготы.

Усходніх правіцеляў хвалявала не столькі магчымасць вайны з еўрапейцамі, колькі іх культурны ўплыў, у якім бачылася пагроза існуючым парадкам. Па-першае, хрысціянства, якое распаўсюджвалася на Усходзе, магло быць выкарыстана апазіцыяй. Па-другое, еўрапейцы прыносілі з сабою новыя каштоўнасці і маральныя нормы: індывідуалізм, свабоду асобы, імкненне да актыўнай дзейнасці і г.д. Менавіта таму правіцелі Японіі, Кітая, Карэі ў XVI–XVII стст. сталі па шлях самаізаляцыі ад знешняга свету. Аднак гэта самаізаляцыя не была абсалютнай. Абмежаваны гандаль з еўрапейцамі захоўваўся, аднак быў пастаўлены пад жорсткі дзяржаўны кантроль.

У цэлым пранікненне еўрапейцаў па Усход аб’ектыўна мела прагрэсіўнае значэнне, таму што вяло да пераадольвання ізаляванасці двух цэнтраў сусветнай цывілізацыі. У той жа час гэты працэс набыў від каланіяльных захопаў, рабавання падпарадкаваных народаў. У XVI–XVII стст. гэтыя негатыўныя вынікі каланізацыі толькі пачыналі праяўляцца. Усход у гэты час быў дастаткова моцным, каб даць у выпадку неабходнасці адпор каланізатарам. Тым не менш еўрапейцы пастаянна пашыралі зону свайго ўплыву ва ўсходніх краіпах. Далейшае развіццё каланіялізму залежала ад таго, як адкажа Усход на еўрапейскае пранікненне.

У 1492 г. з Іспаніі адправілася экспедыцыя пад кіраўпіцтвам Х. Калумба, якая мела за мэту адкрыць марскі шлях у Індыю. Праз 70 дзён экспедыцыя дасягнула ўзбярэжжа Амерыкі. 3 пачатку XVI ст. пачынаецца заваяванне Іспаніяй Паўднёва-Амерыканскага кантынента, якое фактычна завяршылася да сярэдзіны стагоддзя. Выключэннем стала толькі Бразілія, якую захапіла Партугалія.

Каланізацыя Амерыкі ўяўляла сабою варварскае знішчэнне індзейскіх плямёнаў, іх культуры і прыродных рэсурсаў кантынента. Індзейскае насельніцтва значна скарацілася, таму ў хуткім часе ў Амерыку сталі завозіць з Афрыкі неграў – рабоў для работы па плантацыях.

3 канца XVI ст. пачынаецца пранікненне ў Новы Свет англічан, якія пачалі захопліваць марскія шляхі і калоніі іспанцаў. Яны заснавалі ў Паўночнай Амерыцы шэраг калоній, дзе на плантацыях таксама працавалі вывезеныя з Афрыкі рабы. У пачатку XVII ст. у барацьбу за калоніі ўступіла Галандыя. На ўзбярэжжы Паўночнай Амерыкі галандцам удалося заснаваць шэраг сваіх пасяленняў. Аднак у выніку трох англа-галандскіх войнаў XVII ст. яны перайшлі да Англіі.

Каланіяльная палітыка была цесна звязана з развіццём капіталізму ў Еўропе. Розны ўзровень развіцця краін Еўропы і народаў Амерыкі прадвызначыў адставанне і залежныя формы іх інтэграцыі ў сусветны капіталістычны рынак.

Такім чынам, у XVI–XVII стст. у краінах Заходняй Еўропы адбываліся важнейшыя падзеі, якія вызначылі асноўныя кірункі развіцця сусветнай цывілізацыі. Зараджаўся капіталізм, адбываліся буржуазныя рэвалюцыі, пачыналася ўтварэнне каланіяльнай сістэмы. У сферу міжнародных адносін уцягваліся краіны Усходу.