
- •Кіраваная самастойная работа
- •Гродна 2013 анатацыя
- •Тэматычны план
- •Абвяшчэнне незалежнасцi рэспублiкi беларусь. Палiтычныя працэсы ў сучаснай беларусi
- •Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і пошукі шляхоў выхаду з крызіснага становішча
- •Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь
- •Развіццё Адукацыі, навукі і Культуры Беларусі на сучасным этапе
- •Спiс крынiц
- •Гласарый
- •Трэнiнг
Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь
Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі галоўным накірункам у знешняй палітыцы сталі адносіны з Расіяй. Станаўленне беларуска-расійскіх адносін адбывалася ва ўмовах глыбокага сацыяльна-эканамічнага крызісу. Трэба было прайсці шлях ад міжрэспубліканскіх стасункаў у складзе СССР да міждзяржаўных. Для гэтага пераходнага перыяду, які прыпадаў на 1991–1994 гг., былі характэрны непаслядоўнасць, ваганні, цяжкі пошук новых падыходаў да адносінаў паміж дзяржавамі.
Ва ўмовах адсутнасці знешнепалітычнай канцэпцыі сярод кіраўніцтва рэспублікі не было аднолькавага падыходу да адносін з Расіяй. У 1992 г. курс быў узяты на ўзнаўленне эканамічных адносін з Расіяй. Беларускае кіраўніцтва спрабавала выкарыстоўваць у гэтай справе кансалідацыю этнічных беларусаў, якія жылі ў Расіі, наладжваць сяброўскія і нефармальныя адносіны з яе дзяржаўнай, фінансавай і прамысловай элітай. Дзякуючы такім намаганням у 1992–1993 гг. паміж Беларуссю і Расіяй было падпісана 42 пагадненні, з якіх 31 – па эканамічных пытаннях, 6 – адносілася да палітычнай сферы, 5 – да ваеннай.
У верасні 1993 г. быў падпісаны Дагавор аб аб'яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі. Планавалася, што ў дзяржавах будзе ўведзена адзіная грашовая адзінка (расійскі рубель), будуць устаноўлены ўзгодненыя памеры крэдытнай эмісіі і бюджэтнага дэфіцыту, а Нацыянальны банк Беларусі захавае ўсе свае функцыі, у тым ліку і права грашовай эмісіі.
6 студзеня 1995 г. у Мінску было падпісана Пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, а крыху пазней прэзідэнты дзвюх краін, А. Лукашэнка і Б. Ельцын, заключылі Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на дзесяць гадоў. 25 мая 1995 г. Б. Ельцын выдаў указ аб адмене мытнага кантролю на расійска-беларускай мяжы.
Узмацненне расійскага напрамку ў знешняй палітыцы Беларусі адбылося пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму. З 64,8% грамадзян Беларусі, якія прынялі ў ім удзел, 82,4% падтрымалі ідэю аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.
У лютым 1996 г. прэзідэнты падпісалі сумесную заяву і далі даручэнне ўрадам сваіх краін падрыхтаваць праект дагавора, які вызначаў бы прынцыпы, асноўныя напрамкі і формы далейшага іх збліжэння. Такі праект хутка падрыхтавалі і 2 красавіка 1996 г. у Крамлі быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці суверэнных рэспублік. У дакуменце адзначалася, што бакі ўзгадняюць палітыку, агульныя пазіцыі па асноўных міжнародных пытаннях, узаемадзейнічаюць у забеспячэнні бяспекі, ахове граніц і барацьбе са злачыннасцю. Захоўваючы атрыбуты свайго суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. Былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя, Грамадскі савет прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў пры Выканкаме Супольнасці. Планавалася, што да канца 1996 г. дзяржавы сфарміруюць агульную транспартную сістэму з адзінымі тарыфамі па перавозках грузаў і пасажыраў, аб'яднаюць энергасістэмы і будуць мець сумесныя навукова-тэхналагічную і інфармацыйную прасторы. На наступны год разлічвалі правесці сінхранізацыю этапаў, тэрмінаў і глыбіні эканамічных рэформаў, падрыхтаваць адзіную нарматыўна-прававую базу, правесці уніфікацыю грашова-крэдытных і бюджэтных сістэм, стварыць умовы для ўвядзення адзінай валюты.
Пасля ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі 29 жніўня 1996 г., праводзіліся пасяджэнні Вышэйшага Савета і Выканаўчага камітэта, зацверджана Праграма першачарговых мерапрыемстваў па рэалізацыі Дагавора. У 1996 г. адбылася першая сесія Парламенцкага сходу, на якой было абрана кіраўніцтва, утворана 6 пастаянных камісій і зацверджана праграма на 1996–1997 гг. па стварэнню прававых асноў Супольнасці. Былі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні па дзейнасці вышэйшых органаў.
Аднак бакі не дабіліся істотных поспехаў у справе рэальнага збліжэння краін. Цяжкасці ў пашырэнні інтэграцыі былі абумоўлены як эканамічным і сацыяльна-палітычным становішчам дзяржаў, так і адсутнасцю эфектыўнага механізма рэалізацыі прымаемых рашэнняў. Дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі выступалі з праектамі, якія былі заснаваны на розных, а часам дыяметральна супрацьлеглых варыянтах інтэграцыі. Частка расійскіх палітыкаў пачала выказвацца аб неабходнасці абмежавання правоў Беларусі ў складзе супольнасці і нават пазбаўленні таго статуса, які быў у часы існавання БССР. Беларуска-расійскае збліжэнне было затарможана і ўнутрыпалітычным крызісам у Рэспубліцы Беларусь восенню 1996 г.
У студзені 1997 г. Б. Ельцын звярнуўся да А. Лукашэнкі з прапановай зрабіць канкрэтныя намаганні па рэальнай інтэграцыі і падрыхтаваць юрыдычны дакумент аб стварэнні адзінай дзяржавы. Пачаліся ўзаемныя кансультацыі па гэтаму пытанню. Важнае значэнне набыла сустрэча лідэраў у Крамлі 7 сакавіка 1997 г., на якой А. Лукашэнка пагадзіўся з тым, каб аднавіць Дагавор ад 2 красавіка 1996 г. і стварыць Саюз дзвюх дзяржаў. Абодва бакі палічылі мэтазгодным распрацаваць Статут, у якім вызначаліся б функцыі наднацыянальных органаў, і пашырыць правы Вышэйшага Савета. Паступіла таксама прапанова аб тым, каб Выканаўчы камітэт узначальвала аўтарытэтная асоба, якая б не займала іншых пасад, а Парламецкі сход – прымаў законы, якія праводзіліся б хутка ў жыццё.
2 красавіка 1997 г. у Маскве А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі з Расіяй. У дакуменце падкрэслівалася, што Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь пры яго заключэнні зыходзілі з духоўнай блізкасці і агульнасці гістарычных лёсаў сваіх народаў, абапіраліся на іх волю да далейшай еднасці, імкнуліся эфектыўна выкарыстоўваць маральны і інтэлектуальны патэнцыял у інтарэсах сацыяльнага і эканамічнага прагрэсу. У Дагаворы адзначалася, што кожная краіна – удзельніца Саюза – захоўвае дзяржаўны суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную недатыкальнасць, канстытуцыю, сцяг, герб і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. Галоўнымі мэтамі Саюза былі: умацаванне адносін братэрства, сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага, гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржаў – удзельніц Саюза на падставе аб'яднання іх матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстоўвання рыначных механізмаў функцыяніравання эканомікі; збліжэнне нацыянальных прававых сістэм, фарміраванне прававой сістэмы Саюза; забеспячэнне бяспекі і падтрыманне высокай абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю; спрыянне забеспячэнню агульнаеўрапейскай бяспекі і развіццю супрацоўніцтва ў Еўропе і ва ўсім свеце.
Праект Статута Саюза Беларусі і Расіі 9 красавіка 1997 г. быў вынесены на грамадскае абмеркаванне і 23 мая падпісаны ў Маскве прэзідэнтамі А. Лукашэнкам і Б. Ельцыным. 10 чэрвеня 1997 г. Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі быў ратыфікаваны ў Мінску і ў Маскве.
Так быў зроблены яшчэ адзін крок наперад у развіцці двухбаковых адносін. Аднак і пасля заключэння Саюза не ўсе праблемы паміж Беларуссю і Расіяй былі вырашаны. Шматлікія пагадненні не рэалізоўваліся на практыцы.
25 снежня 1998 г. была падпісана Дэкларацыя аб аб'яднанні Беларусі з Расіяй у Саюзную дзяржаву, а праз год – 8 снежня 1999 г. – намер быў ажыццёўлены. 26 студзеня 2000 г. Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі быў ратыфікаваны. Старшынёй Вышэйшага дзяржаўнага Савета быў абраны А. Лукашэнка, Старшынёй Савета Міністраў стаў М. Касьянаў, Дзяржсакратаром – П. Барадзін.
Палітыка інтэграцыі з Расіяй, якую на працягу 90-х гг. беларускае кіраўніцтва імкнулася ажыццяўляць, была шматфункцыянальнай і, перш за ўсё, скіраванай на ўзнаўленне былых эканамічных сувязяў. Структура нацыянальнай эканомікі была такой, што ў 1991 г. каля 80% прамысловай прадукцыі Беларусі перапраўлялася за яе межы. Пры гэтым рэспубліка імпартавала з Расійскай Федэрацыі, краін СНД 70% выкарыстоўваемай сыравіны і энерганосьбітаў. Асаблівасць беларускай эканомікі заключалася ў тым, што яна ў свой час была сфарміравана саюзным цэнтрам у выглядзе буйной вытворчасці, і таму ў ёй цяжка праводзіць структурную перабудову, арыентаваць на новыя рынкі.
Пачынаючы праводзіць сваю незалежную знешнюю палітыку, Рэспубліка Беларусь пацвердзіла прыхільнасць да прынцыпаў Статута ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, далучылася да факультатыўнага пратакола Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у тых выпадках, калі парушаюцца правы асобы. Такая пазіцыя садзейнічала росту яе аўтарытэту на міжнароднай арэне і забяспечыла хуткае дыпламатычнае прызнанне. Па стану на 1994 г. яе прызналі 123 краіны свету, 97 з іх устанавілі дыпламатычныя адносіны.
Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам больш 60 міжнародных арганізацый, у 10 атрымала статус наглядальніка. У 1991–1995 гг. яна падпісала больш за 600 двухбаковых міждзяржаўных і міжурадавых пагадненняў па пытаннях знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. Рэспубліка стала паўнапраўнай удзельніцай Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Сярод дзяржаў СНД яна першай падпісала Парыжскую хартыю для новай Еўропы, увайшла ў Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця.
На момант распаду СССР Беларусь з'яўлялася адной з самых мілітарызаваных краін свету. Па колькасці цяжкіх узбраенняў яна апярэджвала многія краіны Еўропы, бо на яе тэрыторыі была размешчана 250-тысячная вайсковая групоўка. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што на тэрыторыі рэспублікі было размешчана 72 стратэгічныя ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, вялікая колькасць тактычнай ядзернай зброі.
Выконваючы ўзятыя на сябе абавязкі ў галінах бяспекі і раззбраення, Беларусь актыўна ўключылася ў перагаворны працэс. Імкнучыся стварыць міжнародна-прававую базу пераходу да статуса бяз'ядзернай і нейтральнай дзяржавы, яна стала ўдзельніцай дагавораў аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, падпісала Канвенцыю аб забароне хімічнага ўзбраення.
23 мая 1992 г. ЗША, Расія, Украіна, Беларусь і Казахстан падпісалі Лісабонскі пратакол да дагавора паміж СССР і ЗША аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-2). Згодна з Пратаколам, Украіна, Беларусь і Казахстан бралі на сябе абавязацельствы ліквідаваць або перадаць Расіі ўсе стратэгічныя ядзерныя боегалоўкі.
6 ліпеня 1992 г. 9 дзяржаў СНД (Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Рэспубліка Таджыкістан, Рэспубліка Узбекістан, Украіна, Рэспубліка Малдова і Туркменістан) пацвердзілі, што падтрымліваюць удзел Расіі ў дагаворы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы як уладальніцы і заявілі, што гатовы далучыцца да гэтага дагавора ў якасці неядзерных дзяржаў. Такім чынам, юрыдычна было вырашана пытанне аб правапераемнасці, і Расійская Федэрацыя стала адзінай уладальніцай ядзернай зброі.
У адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі стратэгічныя ядзерныя сілы, якія былі размешчаны на тэрыторыі рэспублікі, пачалі выводзіць за яе межы. Беларусь абавязалася на працягу 7 гадоў поўнасцю пазбавіцца ад гэтых узбраенняў, па дамоўленасці з Расіяй скараціць тэрмін іх вываду. Тактычная ядзерная зброя была вывезена за межы рэспублікі ў 1992 г., а ў канцы лістапада 1996 г., напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц АБСЕ, апошнія міжкантынентальныя балістычныя ракеты СС-25 пакінулі яе тэрыторыю. Беларусь цалкам выканала міжнародныя абавязацельствы і стала дэ-факта краінай бяз`ядзернай зброі.
У якасці самастойнага суб'екта міжнароднага права рэспубліка далучылася таксама да дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, падпісала пагадненне па адкрытаму небу, канвенцыю аб забароне хімічнай зброі і прыступіла да іх выканання ў 1993 г. Згодна з пастановай Вярхоўнага Савета колькасць узброеных сіл не павінна была пераўзыходзіць 100 тыс. чалавек, што складала 1,01% ад усяго насельніцтва. У выніку праведзеных мерапрыемстваў па рэфармаванню арганізацыйна-штатных структур да 1995 г. удалося знізіць колькасць кадравага складу ўзброеных сіл да 85 тыс. чалавек, што атрымала высокую адзнаку міжнароднага супольніцтва.
Распад СССР і Варшаўскага дагавора цалкам змянілі стратэгічны баланс сіл. Старая сістэма бяспекі рухнула. Таму для Беларусі, як і іншых краін СНД, паўстала праблема пабудовы новай сістэмы бяспекі ў Еўропе і захавання свайго суверэнітэту. 15 мая 1992 г. у Ташкенце быў падпісаны Дагавор аб калектыўнай бяспецы, пад якім паставілі свае подпісы прадстаўнікі шасці краін СНД. Быў створаны Савет калектыўнай бяспекі ў складзе кіраўнікоў і ўведзена пасада Галоўнакамандуючага аб'яднанымі ўзброенымі сіламі СНД. У дапаўненне да гэтага дагавора 15 красавіка 1994 г. была прынята дэкларацыя аб захаванні суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непахіснасці граніц дзяржаў СНД.
Ствараючы сістэму сваёй бяспекі, Беларусь улічвала рэаліі, якія ўзніклі ў сярэдзіне 90-х гадоў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У зацверджанай у сакавіку 1994 г. Канстытуцыі былі вызначаны прынцыпы знешняй палітыкі. "Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы, – падкрэслівалася ў Асноўным законе, – зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў права". Развіваючы гэтыя палажэнні, Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў 27 сакавіка 1995 г. Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі краіны. У дакуменце адзначалася, што забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Беларусі павінна ажыццяўляцца на падставе выканання нормаў міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства. Сярод жыццёва важных інтарэсаў Беларусі ў палітычнай сферы былі адзначаны не толькі суверэнітэт і незалежнасць краіны, непарушнасць яе граніц і тэрытарыяльнай цэласнасці, але і захаванне міру і стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне.
З самага пачатку атрымання незалежнасці Беларусь імкнулася ўстанавіць нармальныя ўзаемаадносіны з усімі краінамі свету і, у першую чаргу, з суседзямі. Пашырыліся гандлёвыя адносіны з краінамі далёкага замежжа. Таварная наменклатура экспарту рэспублікі ўключала амаль 1000 найменняў, у 1993 г. пастаўкі ажыццяўляліся ў 96 краін свету. Асноўнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі Беларусі з'яўляліся еўрапейскія краіны. Самыя актыўныя гандлёвыя сувязі падтрымліваліся з Аўстрыяй, Польшчай, Германіяй, ЗША, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Турцыяй. У 1994 г. па аб'ёму таваразвароту сярод краін далёкага замежжа на першае месца выйшла Германія. У гэтым самым годзе было зарэгістравана 1438 сумесных і 499 замежных прадпрыемстваў з 66 краін свету. Агульная сума замежных крэдытаў складала 1049,5 млн. долараў ЗША. З шэрагам развітых краін была заключана дамоўленасць аб абароне інвестыцый і ўхіленні двайнога падаткаабкладання.
Беларусь стала праводзіць курс на ўмацаванне эканамічнага ўзаемадзеяння краін СНД, фарміраванне ўсходнееўрапейскага рынку, развіццё ўсебаковых сувязяў з Расіяй. Дзякуючы такім намаганням толькі на ліквідацыю вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэспубліка атрымала ад Расіі сродкаў у 10 разоў больш, чым ад усіх краін Заходняй Еўропы, ЗША і міжнародных арганізацый. Стварэнне спачатку эканамічнага, а ў 1995 г. – Мытнага саюзу з Расіяй, адмена пошлін станоўча паўплывалі на гандаль.
У эканамічнай сферы ўзмацнілася тэндэнцыя па стварэнню міжнародных фінансава-прамысловых груп. Адной з першых у 1996 г. была заснавана ФПГ «Граніт», якая аб`яднала прадпрыемствы па вытворчасці прадукцыі ў сферы супрацьпаветранай абароны. У яе ўвайшло 28 прадпрыемстваў, сярод якіх былі і беларускія – НПА «Агат», «Окта», Барысаўскі рамонтны завод. Пачалі рэалізоўвацца праекты па заснаванню такіх ФПГ, як «Славянская папера», «Корманарыхтоўчая тэхніка», «Авіяфін», «БелРусАўта». У канцы 90-х гадоў Савет Міністраў Беларусі разгледеў і падтрымаў 10 праектаў ФПГ з удзелам беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў.
Эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй развівалася не толькі на міждзяржаўным, але і на міжрэгіянальным узроўнях. Добрыя адносіны склаліся ў рэспубліцы з Калінінградскай вобласцю. У 1996 г. аб`ём таваразвароту складаў 8 млн. долараў ЗША. Беларусь выкарыстоўвала Калінінградскі порт для экспартна-імпартных аперацый. У 1997 г. была пастаўлена задача па стварэнню на яго базе нацыянальнага марскога флоту і сумеснай рыбалавецкай кампаніі. Супрацоўнічаючы з Яраслаўскай вобласцю, Беларусь дабілася рэалізацыі выгаднага пагаднення аб павелічэнні паставак камплектуючых для вытворчасці грузавых аўтамабіляў і далейшай іх рэалізацыі на расійскім рынку. Рэгіянальнае супрацоўніцтва актыўна вялося з Мурманскам, Санкт-Пецярбургам, Ліпецкам, Цюменню і іншымі рэгіёнамі. У 1998 г. было падпісана 55 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з суб`ектамі Расійскай Федэрацыі. У выніку павялічваўся таваразварот, які дасягнуў у 1999 г. 11 124,4 млн. долараў ЗША, скарацілася адмоўнае сальда. На долю Расіі ў знешнім гандлі прыпадала 59,4%, што сведчыла аб пашырэнні эканамічных сувязяў.
Такім чынам, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь абумовіла пачатак прынцыпова новага этапа ў яе знешнепалітычнай і міжнароднай дзейнасці.